Index > Library > Novels > 1984 > Byelorussian > Частка другая

Джордж Оруэл: «1984»

Частка другая

1

Да абеду яшчэ заставаўся час, і Ўінстан пакінуў кабінет і пайшоў у прыбіральню.

З другога канца доўгага, ярка асветленага калідора яму насустрач рухалася самотная постаць. Гэта была чорнавалосая дзяўчына. Прайшло чатыры дкі з таго вечара, калі ён напаткаў яе каля антыкварнай крамы. Калі яна падышла, ён убачыў, што правая рука ў яе на перавязі, якой здалёк не было відно, бо яна аднаго колеру з камбінезонам. Напэўна, яна зашчаміла руку, калі круціла адзін з вялікіх калейдаскопаў, у якіх рабілі накіды раманаў. Тыповае здарэнне ў аддзеле мастацкай літаратуры.

Паміж імі заставалася нейкіх чатыры метры, як раптам дзяўчына спатыкнулася і ўпала ніцма. Яна закрычала ад болю. Напэўна, яна ўпала якраз на пашкоджаную руку. Ўінстан рэзка спыніўся. Дзяўчына ўжо стаяла на каленях. Яе твар зрабіўся малочна-белы, і ад гэтага вусны пунсавелі яшчэ ярчэй, чым звычайна. Яна глядзела на Ўінстана ўмольным позіркам, у якім адчувалася болей страху, чым болю.

Ўінстана ахапіла дзіўнае пачуццё. Перад ім быў вораг, які шукаў нагоды забіць яго; перад ім была таксама чалавечая істота, якая пакутавала ад болю, бо, можа, нешта сабе зламала. Ён міжвольна кінуўся ёй дапамагаць. Калі ён убачыў, як яна ўпала на забінтаваную руку, яму здалося, што ён адчувае боль у сваім целе.

— Вы не пабіліся? — спытаўся ён.

— Нічога страшнага. Вось толькі рука. Зараз пройдзе.

Здавалася, што яе сэрца зараз выскачыць з грудзей. Ва ўсялякім разе, яна была вельмі бледная.

— Вы нічога сабе не зламалі?

— Не, усё ў парадку. Толькі хвілінку пабалела, і ўсё. Яна працягнула яму здаровую руку, і ён дапамог ёй устаць. Твар яе паружавеў, ёй зрабілася відавочна лягчэй.

— Нічога, — паўтарыла яна. — Толькі трошкі ўдарыла руку. Дзякуй, таварыш!

І яна хуценька пайшла далей, быццам і сапраўды нічога не здарылася. Увесь выпадак заняў не болей за паўхвіліны. Не выстаўляць сваіх пачуццяў напаказ стала ўжо інстынктыўнай звычкай, тым болей што яны ўвесь гэты час знаходзіліся перад самым тэлеглядам. І ўсё ж Ўінстану было вельмі цяжка прыхаваць сваё раптоўнае здзіўленне, бо за дзве ці тры секунды, пакуль ён дапамагаў дзяўчыне ўстаць, яна паспела незаўважна ўсунуць яму нешта ў руку. Безумоўна, яна зрабіла гэта наўмысна. Гэта было нешта маленькае і пляскатае. Праходзячы праз дзверы ў прыбіральню, ён схаваў прадмет у кішэню і цяпер абмацваў яго кончыкамі пальцаў. Гэта быў кавалак паперы, складзены квадрацікам.

Стоячы перад пісуарам, ён здолеў разгарнуць цыдулку ў кішэні. Вядома, там нейкае паведамленне. На нейкі момант яго ахапіла жаданне зайсці ў кабіну і там яго прачытаць. Але ён добра ведаў, што гэта было б страшэннае глупства. Тут хутчэй, чым дзе ў іншым месцы, можна было быць пэўным, што ўвесь час за табою сочаць тэлегляды.

Ён вярнуўся ў сваю нішу, сеў, нядбайна кінуў паперку на стол да кучы з іншымі, надзеў акуляры і прысунуў да сябе мовапіс. «Пяць хвілін, — сказаў ён сабе, — як найменей пяць хвілін!» Сэрца ў грудзях стукала, як молат. На шчасце, ён выконваў цяпер звычайную нудлівую працу — выпраўленне доўгага спісу лічбаў, — што не патрабавала асаблівае засяроджанасці.

Што б ні было напісана ў цыдулцы, яно мела нейкае палітычнае значэнне. Наколькі ён мог прадбачыць, існавала дзве магчымасці. Першая і найбольш верагодная: дзяўчына агент Паліцыі Думак, чаго ён і баяўся. Ён не ведаў, чаму Паліцыя Думак перадае свае пасланні менавіта такім спосабам, але, можа, на гэта меліся нейкія падставы. Тэкст цыдулкі мог быць пагрозай, выклікам, загадам аб самагубстве, а магчыма, і нейкай пасткай. Але была яшчэ адна, амаль неверагодная магчымасць, думка пра якую не давала спакою Ўінстану, хоць ён і стараўся выгнаць яе з галавы. А што, калі гэтае пасланне было не ад Паліцыі Думак, а ад нейкай падпольнай арганізацыі? Можа, тое самае Братэрства ўсё ж існуе! Можа, дзяўчына да яго належыць! Без сумнення, думка была абсурдная, але яна адразу прыйшла яму ў галаву, у той самы момант, як ён адчуў у руцэ паперку. Толькі праз некалькі хвілін яму ў галаву прыйшло іншае, больш верагоднае тлумачэнне. Нават цяпер, хоць розум і падказваў яму, што гэтае пасланне напэўна азначае для яго смерць, ён усё ж не хацеў у гэта верыць і чапляўся за неразумную надзею. Сэрца шалёна білася, і ён упарта змагаўся з трымценнем у голасе, мармычучы лічбы ў мовапіс.

Ён скруціў стос апрацаваных папер трубкай і ўсунуў іх у пнеўматычную пошту. Прайшло ўжо восем хвілін. Ён паправіў акуляры на носе, уздыхнуў і падсунуў да сябе наступны пачак паперы, на якім зверху ляжала цыдулка. Ён разгладзіў яе. На ёй вялікімі нязграбнымі літарамі было напісана:

Я цябе кахаю.

Некалькі секунд ён быў такі агаломшаны, што не здолеў адразу кінуць небяспечную паперку ў дзіру памяці. Калі ён урэшце гэта зрабіў, ён — хоць і ведаў вельмі добра, як небяспечна было выявіць залішнюю цікаўнасць, — не мог пераадолець спакусы яшчэ раз перачытаць напісанае, каб упэўніцца, што гэтыя словы сапраўды стаялі там.

Астатні да абеду час яму працавалася вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй, чым засяродзіць увагу на бясконцай нуднай працы, было схаваць ад тэлегляда сваё хваляванне. Яму здавалася, што ў жываце ў яго гарыць агонь. Абед у задушлівай, тлумнай, шумнай сталоўцы быў сапраўдным катаваннем. Ён спадзяваўся пабыць адзін пад час перапынку на абед, але, на няшчасце, побач з ім на крэсла пляснуўся бязглузды Парсанс, і рэзкі пах поту амаль перабіў металічны смурод поліўкі. Ён няспынна балбатаў пра падрыхтоўку да Тыдня Нянавісці і асабліва захапляўся двухметровай галавой Вялікага Брата з пап'е-машэ, якая была падрыхтавана для ўрачыстасцяў шпіёнскім атрадам яго дачкі. Ўінстана раздражняла, што ў такой гамане галасоў ён ледзь чуў, што кажа Парсанс, і таму быў увесь час вымушаны прасіць, каб той паўтараў тую ці іншую са сваіх нікому не патрэбных заўваг. Толькі адзін раз ён здолеў кінуць паспешлівы позірк на дзяўчыну, што сядзела ў другім канцы залы за адным столікам з дзвюма сяброўкамі.

Здаецца, яна яго не бачыла, а ён не рызыкнуў яшчэ раз глянуць у тым кірунку.

Па абедзе зрабілася трохі лягчэй. Якраз надарылася даволі складаная праца, на якую патрабавалася некалькі гадзін, пры гэтым усё астатняе трэба было адкласці ўбок. Ён павінен быў сфальшаваць справаздачы аб прамысловай прадукцыі за два гады такім чынам, каб выклікаць недавер да аднаго важнага сябры Ўнутранай Партыі, які цяпер страціў ласку. Гэта была праца, да якой Ўінстан быў асабліва здатны. І на нейкія дзве гадзіны ён здолеў цалкам выключыць дзяўчыну са сваіх думак. Тады яму зноў прыгадаўся яе твар, і разам з гэтым з'явілася шалёнае, амаль нясцерпнае жаданне пабыць аднаму. Пакуль ён не застанецца адзін, было немагчыма як след падумаць пра гэты новы паварот падзей. Сёння ў яго быў абавязковы вечар у Доме Культуры. Ён праглынуў у сталоўцы нясмачную вячэру і адтуль пайшоў адразу ў Дом Культуры. Там ён узяў удзел ва ўрачыста-бязглуздым сходзе «дыскусійнага клуба», згуляў дзве партыі ў настольны тэніс, кульнуў некалькі шклянак джыну і адседзеў паўгадзінную лекцыю на тэму «Ангсоц і шахматы». У душы ён паміраў ад нудоты, але ўпершыню за нейкі час ён не адчуваў жадання ўцячы з вечара ў Доме Культуры. Словы «Я цябе кахаю» зноў абудзілі ў ім прагу да жыцця, і яму здалося бессэнсоўным дзеля дробязяў падстаўляць сваё жыццё небяспецы. Толькі ў дваццаць тры нуль-нуль, калі ён быў ужо дома і ляжаў у ложку — у цемры, дзе можна нават не баяцца тэлегляда, калі ляжаць ціха, — ён мог нарэшце спакойна паразважаць.

Заставалася вырашыць тэхнічнае пытанне: як звязацца з дзяўчынай і дамовіцца з ёй наконт спаткання? Ён ужо болей не думаў пра тое, што яна хацела паставіць яму пастку. Ён ведаў, што гэта не так, бо яна відавочна хвалявалася, калі перадавала яму сваё пасланне. Напэўна, яна да смерці спалохалася, і гэта зусім зразумела. Ні на хвіліну яму таксама не прыйшло ў галаву адхіліць яе спробу збліжэння. Усяго пяць дзён таму ён у думках разбіваў ёй галаву каменем, але гэта ўжо было не істотна. Ён думаў пра яе пяшчотнае маладое цела, як ён бачыў яе ў сне. Раней яму здавалася, што яна такая самая, як і ўсе іншыя: галава забітая хлуснёй і нянавісцю, а цела — суцэльны кавалак лёду. Гарачка ахапіла яго, калі ён уявіў, што можа страціць яе, што ў яго могуць адабраць гэтае маладое белае цела! Больш за ўсё ён баяўся, што, калі ён зараз жа не паспрабуе завязаць з ёй кантакт, яна можа перадумаць. Але тэхнічныя цяжкасці, звязаныя з сустрэчай, былі надзвычайныя. Гэта было як у шахматах, калі хочаш зрабіць ход пасля таго, як табе ўжо паставілі мат. Куды ні павярніся — адусюль сачылі тэлегляды. Ужо за першыя пяць хвілін пасля таго, як ён прачытаў цыдулку, ён перабраў у думках усе магчымыя спосабы звязацца з ёю. Цяпер, калі ён меў час паразважаць, ён яшчэ раз правяраў іх адзін за адным, быццам раскладаў перад сабой інструменты.

Вядома ж, сустрэча накшталт такой, што адбылася раніцай, болей не магла паўтарыцца. Калі б яна працавала ў аддзеле дакументацыі, дык гэта было б адносна лёгка; але ён меў вельмі цьмянае ўяўленне, у якой частцы вялізнага будынка быў аддзел мастацкай літаратуры, ды ў яго і не было ніякай нагоды туды пайсці. Калі б ён ведаў, дзе яна жыве і а каторай гадзіне выходзіць з працы, тады б ён мог паспрабаваць сустрэць яе па дарозе дадому. Але спроба правесці яе дамоў была небяспечнай, бо прыйшлося б чакаць перад Міністэрствам, а гэта, напэўна, прыцягнула б увагу. Пра ліст па пошце таксама не магло быць гаворкі. Усім было добра вядома, што лісты перад дастаўкай распячатваюцца. Дый цяпер мала хто пісаў лісты. Для паведамленняў, якія час ад часу прыходзілаея рабіць, існавалі адмысловыя паштоўкі з наборам сказаў, з якіх непатрэбныя выкрэсліваліся. Ва ўсялякім разе, ён не ведаў нават імя дзяўчыны, не кажучы ўжо пра адрас. Урэшце, ён прыйшоў да высновы, што самым бяспечным месцам была сталоўка. Калі б яму пашчасціла сесці з ёй адной за столікам дзесьці ў сярэдзіне залы, не надта блізка да тэлеглядаў і сярод шуму галасоў — дык хапіла б і паўхвіліны, каб абмяняцца з ёй параю слоў.

Увесь наступны тыдзень жыццё здавалася яму кашмарным сном. На другі дзень яна з'явілася ў сталоўцы толькі тады, калі яму трэба было выходзіць, бо ўжо прагучала сірэна. Напэўна, яе перавялі ў пазнейшую змену. Яны мінулі адно аднаго, нават не азірнуўшыся. Яшчэ праз дзень яна была ў сталоўцы ў звычайны час, але разам з яшчэ трыма дзяўчынамі і якраз пад самым тэлеглядам. Пасля былі тры жахлівыя дні, калі яна ўвогуле не з'явілася. Яго розум і цела, здавалася, сталі звышадчувальнымі, ён зрабіўся нібы празрысты, і кожны рух, кожны гук, кожны дотык, кожнае слова, што яму прыходзілася вымавіць або пачуць, прыносілі яму смяротныя пакуты. Нават у сне ён не мог цалкам пазбыцца яе вобраза. Гэтымі днямі ён не браўся за дзённік. Калі ён і адчуваў якую палёгку, дык толькі ў працы, калі часам забываў пра свой смутак на цэлыя дзесяць хвілін. Ён не меў аніякага ўяўлення пра тое, што магло стацца з дзяўчынай. Нідзе нельга было пра яе даведацца. Яе маглі выпарыць, яна магла скончыць жыццё самагубствам, яе маглі выслаць у другі канец Акіяніі. Але найгоршым і самым верагодным было тое, што яна магла перадумаць і вырашыць болей з ім не сустракацца.

На другі дзень яна з'явілася зноў. Рука была ўжо без перавязі, толькі стужка пластыру налеплена вакол запясця. Убачыўшы яе, ён адчуў такую палёгку, што не мог стрымацца, каб колькі секунд не паглядзець проста на яе, затрымаўшы позірк. Яшчэ праз дзень яму амаль удалося з ёю пагаварыць. Калі ён прыйшоў у сталоўку, яна сядзела адна за столікам даволі далёка ад сцяны. Было яшчэ рана, і зала была няпоўная. Чарга паволі рухалася наперад, Ўінстан быў ужо каля стала раздачы, але тады чарга на дзве хвіліны спынілася, бо нехта наперадзе пачаў скардзіцца, што не атрымаў свой кавалачак сахарыну. Дзяўчына ўсё яшчэ сядзела адна, калі Ўінстан схапіў свой паднос і пачаў прабівацца да яе століка. Ён ішоў да яе нібы выпадкова, шукаючы вачыма месца недзе ў яе за спінай. Да яе заставалася метры тры. Яшчэ дзве секунды — і ўсё будзе ў парадку. Раптам нехта паклікаў ззаду: «Сміт!» Ён зрабіў выгляд, што не пачуў. «Сміт!» — паўтарыў голас гучней. Нічога не зробіш. Трэба было азірнуцца. Бялявы, дурнаваты на выгляд маладзён, якога звалі Ўілшэр і якога ён амаль не ведаў, радасна запрашаў яго заняць вольнае месца за яго столікам. Было неразумна адмаўляцца. Сустрэўшы знаёмага, ён не мог проста прайсці міма і падсесці за столік да выпадковай дзяўчыны. Гэта б адразу кінулася ў вочы. Прыязна ўсміхнуўшыся, ён сеў. Дурнаваты бялявы твар аж свяціўся, і Ўінстан у думках уяўляў сабе, як ён рубае гэты твар матыкай. Праз некалькі хвілін столік дзяўчыны быў ужо заняты.

Але яна павінна была заўважыць, як ён да яе ішоў, і напэўна зразумела яго намер. На другі дзень ён пастараўся прыйсці раней. Вядома ж, яна сядзела за столікам недалёка ад учорашняга і зноў была адна. Проста перад ім у чарзе стаяў нізенькі, вёрткі, падобны да жука чалавечак з пляскатым тварам і недаверлівымі вочкамі. Калі Ўінстан з падносам у руках адышоў ад стойкі, ён убачыў, што чалавечак прабіваецца да століка, дзе сядзіць дзяўчына. Яго надзеі зноў бурыліся. Было, праўда, яшчэ адно вольнае месца за столікам, што стаяў трохі далей, але чалавечак, відаць, не збіраўся адмовіцца ад бліжэйшага і свабаднейшага століка. Стаіўшы дыханне, Ўінстан ішоў за ім. Ён мог пагаварыць з дзяўчынай толькі сам-насам, інакш усё гэта не мела сэнсу. У гэты момант пачуўся жахлівы грукат. Чалавечак бразнуўся на падлогу, паднос вылецеў у яго з рук, па падлозе расцякліся два ручаі: супу і кавы. Ён устаў, кінуўшы злосны позірк на Ўінстана, пэўна, падазраючы, што той падставіў яму нагу. Але на гэтым усё і скончылася. Праз пяць секунд Ўінстан ужо сядзеў за столікам побач з дзяўчынай. Яго сэрца было гатовае вырвацца з грудзей.

Ён не глядзеў на яе. Адклаўшы ўбок паднос, ён адразу пачаў есці. Аднак было вельмі важна як мага хутчэй загаварыць, пакуль ніхто не падсядзе за столік, але яго ахапіў неадольны страх. Прайшоў тыдзень, як яна ўпершыню звярнулася да яго. Можа, яна паспела за гэты час перадумаць? Так, напэўна, яна перадумала! Было немагчыма, каб усё гэта добра скончылася, у сапраўдным жыцці так не бывае. Можа, ён бы і ўвогуле не вымавіў ні слова, калі б не ўбачыў у гэты момант Эмплфорта, паэта з валасатымі вушамі. Той хадзіў з падносам у руках і бездапаможна разглядаў залу, шукаючы месца. Эмплфорт ставіўся да Ўінстана з нейкай няяснай прыязнасцю і, напэўна, сеў бы за яго столік, калі б яго ўбачыў. Заставалася не больш як хвіліна часу. І Ўінстан і дзяўчына працягвалі старанна есці рэдкую поліўку — фасолевы суп. Ўінстан пачаў размову ціхім шэптам. Ніхто з дваіх не паднімаў вачэй, яны працягвалі чэрпаць лыжкамі вадзяністае рэчыва і абменьваліся ў міжчасе кароткімі, самымі патрэбнымі словамі.

— Калі ў цябе канчаецца праца?

— Васемнаццаць трыццаць.

— Дзе мы можам сустрэцца?

— Плошча Перамогі, каля помніка.

— Там няма дзе схавацца ад тэлеглядаў.

— Нічога, калі ёсць натоўп.

— Ці будзе ў нас які-небудзь знак?

— Не. Не падыходзь, пакуль вакол мяне не набярэцца людзей. І не глядзі на мяне. Толькі стой дзесьці побач.

— Калі?

— Дзевятнаццаць нуль-нуль.

— Згода.

Эмплфорт так і не ўгледзеў Ўінстана і сеў за іншы столік. Аднак Ўінстан і дзяўчына болей не размаўлялі і пазбягалі глядзець адно на аднаго, наколькі гэта было магчыма двум, што сядзяць насупраць за адным столікам. Яна хутка скончыла есці і ўстала з-за стала, а Ўінстан застаўся, каб выпаліць цыгарэту.

Ўінстан прыйшоў на Плошчу Перамогі трошкі раней прызначанага часу. Ён хадзіў вакол падножжа вялізнай калоны, на версе якой статуя Вялікага Брата ўзіралася ў паўдзённае неба, дзе ў Бітве на Ўзлётна-пасадачную паласу No.1 ён перамог эўразійскія самалёты (колькі гадоў таму самалёты былі ўсходазійскія). На вуліцы насупраць стаяў конны помнік — гэта, як меркавалася, была статуя Олівера Кромвела. Прайшло ўжо пяць хвілін, а дзяўчыны ўсё яшчэ не было. Ўінстана зноў ахапіў невыказны страх. Яна не прыйдзе, яна перадумала! Ён павольна прайшоўся да паўночнага боку плошчы і адчуў нейкую шчымлівую радасць, пазнаўшы царкву Святога Марціна, званы якое калісьці адбівалі: «Ты тры фартынгі даць мне павінен». І тады ён убачыў дзяўчыну. Яна стаяла каля помніка і чытала ці ўдавала, што чытае, плакат, закручаны спіраллю вакол калоны. Ён не мог падысці да яе, пакуль не збярэцца болей людзей, бо вакол помніка былі ўсталяваныя тэлегляды. Але ў гэты момант аднекуль злева пачуўся гоман галасоў і цяжкі грукат аўтамабіляў. Раптам здалося, што ўсе пабеглі цераз плошчу. Дзяўчына хутка абышла львоў ля падножжа помніка і пабегла за натоўпам. Ўінстан рушыў за ўсімі. З паасобных выкрыкаў ён зразумеў, што зараз па тым баку плошчы праедзе канвой з эўразійскімі палоннымі.

Шчыльны людскі натоўп ужо запоўніў паўднёвы бок плошчы. Ўінстан, які звычайна імкнуўся заўсёды вырвацца са штурханіны, цяпер піхаўся і ўціскаўся глыбей у натоўп. Хутка ён ужо стаяў амаль побач з дзяўчынай, але дарогу яму заступіў вялізны прол і амаль гэткая ж вялізная кабеціна, напэўна, яго жонка. Разам яны былі як непраходны мур. Ўінстан адсунуўся трошкі ўбок і, разагнаўшыся, рэзкім штуршком здолеў праціснуць плячо паміж імі. На нейкі момант яму здалося, што іх мускулістыя сцёгны зараз расціснуць яму вантробы, але нарэшце, змакрэўшы, ён прабіўся наперад. Цяпер ён стаяў поплеч з дзяўчынай, абое глядзелі проста перад сабой.

Доўгая чарада грузавікоў павольна кацілася ўздоўж вуліцы. На кожнай машыне стаялі ахоўнікі з суровымі драўлянымі тварамі і з аўтаматамі напагатове. Унутры туліліся маленькія жаўтатварыя людзі ў падранай шэра-зялёнай уніформе. Іх тужлівыя мангольскія твары пазіралі цалкам безуважна праз бакавыя барты грузавікоў. Часам чуўся металічны скрыгат — ва ўсіх палонных на нагах былі кайданы. Адна за адной праязджалі міма поўныя машыны тужлівых твараў. Ўінстан ведаў, што яны там, але бачыў іх толькі ўрыўкамі. Дзяўчына сваім плячом і правай рукою прытулілася да яго. Яе шчака была так блізка, што ён амаль адчуваў яе цеплыню. Таксама, як і тады ў сталоўцы, яна адразу ўзяла ініцыятыву ў свае рукі. Яна пачала гаварыць, амаль не варушачы вуснамі, ціхім шэптам, які патанаў у гамане натоўпу і грукаце машын.

— Ты добра мяне чуеш?

— Ага.

— Ці ты можаш вызваліцца ў нядзелю па абедзе?

— Магу.

— Тады слухай уважліва. Ты павінен усё дакладна запомніць. Паедзеш да станцыі Пэдынгтан...

З неверагоднай, амаль вайсковай дакладнасцю яна растлумачыла яму дарогу, якой ён павінен быў пайсці. Паўгадзіны чыгункай, пасля, выйшаўшы са станцыі, налева, два кіламетры па дарозе да драўлянай брамы без верху; сцежка цераз поле; парослая травой сцежка; сцяжынка праз хмызняк; высахлае, зарослае мохам дрэва. Здавалася, што яна трымае ў галаве карту мясцовасці.

— Ты можаш усё запомніць? — прашаптала яна ўрэшце.

— Змагу.

— Пойдзеш налева, пасля направа, тады зноў налева. І брама без верхняй бэлькі.

— Так. А каторай гадзіне?

— Каля пятнаццаці. Можа, табе прыйдзецца пачакаць. Я прыйду другой дарогай. Ты ўпэўнены, што ўсё запомніў?

— Ага.

— Тады адыходзь зараз ад мяне як мага хутчэй.

Пра гэта яму можна было і не казаць. Але якраз цяпер яны не маглі выбрацца з натоўпу. Машыны ўсё яшчэ праязджалі міма, а людзі ўсё яшчэ разявіўшы раты глядзелі на іх. Спачатку яшчэ чуліся крыкі абурэння і агіды, і крычалі выключна сябры Партыі, але хутка яны сціхлі. Пераважным пачуццём была простая цікаўнасць. Чужынцы, ці з Эўразіі, ці з Усходазіі, былі нечым накшталт дзівосных звяроў. Іх ніколі нельга было ўбачыць іначай, як палоннымі, і нават тады толькі мімаходзь. Невядома было таксама, што з імі рабілі пасля, за выключэннем тых нямногіх, хто быў павешаны як ваенны злачынца. Астатнія проста знікалі, хутчэй за ўсё ў лагерах прымусовай працы. Круглыя мангольскія твары змяніліся цяпер на брудныя, барадатыя, змучаныя твары, больш эўрапейскія на выгляд. З-пад парослых шчэццю шчок на Ўінстана глядзелі вочы, часам з дзіўнай праніклівасцю, а пасля зноў знікалі. Калона канчалася. У апошнім грузавіку ён убачыў старога чалавека, твар якога быў суцэльным зараснікам сівых валасоў. Ён стаяў проста, склаўшы рукі, быццам прызвычаены да кайданоў. Настаў самы час расстацца з дзяўчынай. Аднак у апошні момант, калі натоўп яшчэ даволі шчыльна іх сціскаў, яе рука намацала ягоную і ўпотай паціснула яе.

Хоць мінула не болей за дзесяць секунд, здавалася, што іх рукі трымаюць адна адну вельмі доўга. Ён паспеў адчуць кожную рысачку яе рукі. Ён абмацаў яе даўгія пальцы, прыгожыя пазногці, працоўныя далоні з радком мазалёў, мяккасць запясця. Цяпер ён пазнаў бы яе рукі з выгляду. У той самы момант ён падумаў, што не ведае, якога колеру ў яе вочы. Напэўна карыя, хоць часам у чарнявых бываюць і блакітныя вочы. Але павярнуць галаву і паглядзець ёй у вочы было б неверагодным глупствам. Сціснуўшы рукі, нябачныя ў шчыльным натоўпе, яны няўхільна глядзелі перад сабой, і замест вачэй дзяўчыны на Ўінстана сумна пазіралі з-пад сівых касмылёў вочы старога палоннага.

2

Ўінстан прабіраўся па дарожцы праз лапікі святла і ценю, і кожнага разу, як хмызняк разыходзіўся, ён апынаўся ў моры залатога святла. Злева, пад дрэвамі зямля была ўсеяна пралескамі. Лёгкі ветрык цалаваў твар. Было другога траўня. Аднекуль з лясных нетраў да яго даносілася мяккае вуркатанне вехіроў.

Было яшчэ трошкі зарана. Падарожжа прайшло без перашкод. Дзяўчына была, відаць, добра абазнаная, і яму было не так страшна, як павінна было б быць. Пэўна, можна было спадзявацца, што яна ведае надзейнае месца. Хоць увогуле, нельга было лічыць, што за горадам было бяспечней, чым у Лондане.

Тэлеглядаў тут, вядома ж, не было. Але заўсёды заставалася небяспека прыхаваных мікрафонаў, праз якія голас можа быць запісаны і пазнаны. Апроч гэтага, было нялёгка вандраваць аднаму, каб не прыцягнуць да сябе ўвагі. На адлегласці да ста кіламетраў віза ў пашпарце была непатрэбная, але часам патрулі шнырылі па вакзалах, правяралі паперы ў стрэчных сябраў Партыі і задавалі непрыемныя пытанні. Аднак гэтым разам патруля не было, і, выйшаўшы са станцыі, ён упэўніўся па дарозе, асцярожна паазіраўшыся, ці за ім хто не сочыць. Цягнік быў забіты проламі, якіх разлагодзіла цёплая пагода. Вагон з драўлянымі сядзеннямі, у якім ён ехаў, быў напоўнены адной вялізнай сям'ёй — ад бяззубай прабабкі да месячнага немаўляці. Яны выправіліся пагасцяваць да вясковых сваякоў і, як яны не хаваючыся растлумачылі Ўінстану, паспрабаваць дастаць трошкі масла на чорным рынку.

Дарожка зрабілася шарэйшая, і праз пару хвілін ён выйшаў на сцяжыну, пра якую дзяўчына яму гаварыла — звычайную звярыную сцежку, што патанала ў хмызняку. У яго не было гадзінніка, але яшчэ не магло быць пятнаццаці гадзін. Пад нагамі было так шмат пралесак, што немагчыма было прайсці, не наступіўшы. Ён нахіліўся і пачаў збіраць букет, і дзеля таго, каб прабавіць час, і таму, што яму прыйшла ў галаву ідэя — ці не было б добра, калі яны сустрэнуцца, падараваць дзяўчыне букет кветак. Ён ужо назбіраў вялікі букет і ўдыхаў дзіўны, трошкі прывялы пах, як раптам ззаду пачуўся нейкі гук. Ён застыў на месцы. Без сумнення, гэта затрашчала сухая галінка пад нечай нагой. Ён зноў пачаў збіраць пралескі. Найлепшае, што ён мог зрабіць. Або гэта была дзяўчына, або нехта за ім сачыў. Азірнуцца значыла прызнаць сваю віну. Ён сарваў кветку, другую. Нечая рука лёгка легла яму на плячо.

Ён падняў вочы. Гэта была дзяўчына. Яна пахітала галавою, відаць, папярэджваючы, каб ён маўчаў, пасля развяла рукою кустоўе і пайшла наперадзе вузкай сцежкай, што вяла ў лес. Напэўна, яна ўжо раней была тут, бо абыходзіла ўсе балацявінкі, быццам ведала іх на памяць. Ўінстан, сціскаючы ў руцэ букет, ішоў следам. Спачатку ён адчуў палёгку, але разглядаючы зграбнае і крамянае цела дзяўчыны, што ішла перад ім, пунсовы пояс, зацягнуты якраз настолькі, каб падкрэсліць круглізну клубоў, ён адчуў, як уласная непаўнацэннасць цісне на яго нязносным цяжарам. Нават у гэты момант яму здавалася, што яна можа адмовіцца ад яго, калі азірнецца і прыгледзіцца ўважлівей. Ласкавае паветра і зелень лістоты яшчэ болей дадавалі роспачы. Ужо ідучы са станцыі, ён адчуў, якім брудным і нягеглым ён выглядае пад травеньскім сонцам. Ён адчуў сябе пакаёвым стварэннем з гарадскім пылам у порах скуры. Ён падумаў, што дагэтуль яна, напэўна, яшчэ ні разу не бачыла яго на вуліцы, пад сонечным святлом. Яны прыйшлі да паваленага дрэва, пра якое яна казала. Дзяўчына пераступіла яго і рассунула хмызняк, праз які, здавалася, не было праходу. Ўінстан пайшоў за ёй і ўбачыў, што яны выйшлі на лясную палянку — невялічкі, парослы травою ўзгорак, шчыльна закрыты з усіх бакоў маладымі гонкімі дрэвамі. Дзяўчына спынілася і азірнулася.

— Вось мы і прыйшлі, — сказала яна.

Яна стаяла проста перад ім, усяго за некалькі крокаў. Ён усё яшчэ не наважваўся падысці бліжэй.

— Я не хацела нічога казаць, пакуль мы ішлі па сцежцы, — гаварыла яна, — бо там мог быць схаваны мікрафон. Не думаю, каб ён і сапраўды там быў, але, можа, і ёсць. Можна заўсёды чакаць, што хтосьці з гэтых свінняў пазнае твой голас. Але тут нам нічога не пагражае.

Ён усё яшчэ баяўся падысці. Ён недарэчна паўтарыў:

— Нам тут нічога не пагражае?

— Ага. Бачыш, якія дрэвы?

Гэта былі ясені. Старыя дрэвы спілавалі, і на іх месцы вырас цэлы лес маладых, не таўсцейшых за руку.

— Тут няма дзе схаваць мікрафон. Дый я тут ужо была.

Яны проста так сабе размаўлялі. Цяпер ён ужо наважыўся падысці да яе бліжэй. Яна стаяла перад ім, зграбная, з трохі іранічнай усмешкай на вуснах, быццам пыталася, чаму ён так доўга цягне. Пралескі ўжо рассыпаліся па зямлі. Яны ўпалі быццам самі па сабе. Ён узяў яе за руку.

— Ці паверыш ты, — пачаў ён, — я дагэтуль не ведаў, якога колеру ў цябе вочы.

Ён разгледзеў — яны былі карыя ці, хутчэй, светла-карыя, але вейкі былі чорныя.

— Цяпер, убачыўшы, які я ёсць, ці здолееш ты на мяне глядзець без агіды?

— А чаго ўжо там.

— Мне трыццаць дзевяць гадоў. У мяне ёсць жонка, з якой я не магу развесціся. У мяне варыкозная язва на назе. У мяне пяць устаўных зубоў.

— Ну і напляваць, — адказала дзяўчына.

Цяжка было сказаць, хто з іх узяў ініцыятыву, але праз хвіліну яна была ўжо ў ягоных абдымках. Спачатку ён проста не мог гэтаму паверыць. Ён адчуваў яе маладое цела, мяккасць яе чорных валасоў на сваім твары, і — так! — яна павярнулася да яго, і ён цалаваў яе ў вялікія чырвоныя вусны. Яна абхапіла яго за шыю і казала: любы, мілы, каханы. Ён паклаў яе на зямлю. Яна зусім не супраціўлялася, і ён мог рабіць з ёю ўсё, што хацеў. Але, кажучы праўду, ён не адчуваў нічога больш, як толькі дотык яе цела. Ён не адчуваў нічога, апроч нявер'я і гордасці. Ён быў шчаслівы з таго, што адбывалася, але не адчуваў ніякага фізічнага жадання. Ці было пакуль зарана, ці яго напалохалі яе маладосць і прыгажосць, ці, можа, проста ён ужо прызвычаіўся жыць без жанчыны — прычыны ён не ведаў. Дзяўчына паднялася і дастала з яго валасоў пралеску. Яна села побач з ім і абняла яго.

— Не хвалюйся, любы. Мы не спяшаемся. Увесь вечар наперадзе. А тут цудоўная схованка, праўда? Я знайшла яе аднойчы, калі заблудзілася ў адным паходзе. Калі б нехта сюды ішоў, яго можна было б пачуць за сто метраў...

— Як цябе завуць? — спытаўся Ўінстан.

— Джулія. Тваё імя я ведаю. Ўінстан. Ўінстан Сміт.

— Адкуль ты яго ведаеш?

— Здаецца, мой любы, я спрытнейшая на здагадкі, чым ты. Скажы, што ты пра мяне думаў да таго дня, як я перадала табе запіску?

Ён зусім не збіраўся хлусіць. Сказаць з самога пачатку найгоршае — у гэтым была нават нейкая ахвяра на алтар кахання.

— Я не мог на цябе глядзець, — адказаў ён. — Мне хацелася згвалціць цябе і пасля забіць. Усяго два тыдні таму я сур'ёзна збіраўся разбіць табе галаву каменем. Калі хочаш ведаць праўду, я ўяўляў сабе, што ты маеш дачыненне да Паліцыі Думак.

Дзяўчына шчыра засмяялася. Відаць, яна прымала гэтае прызнанне як даніну свайму дасканаламу майстэрству прыкідвацца.

— Паліцыя Думак? Ты напраўду так думаў?

— Ну, можа, і не зусім. Але мяркуючы з тваёй знешнасці, дый проста таму, што ты маладая, свежая і здаровая, разумееш, я думаў, што, можа, ты...

— Ты думаў, што я сумленны сябра Партыі, чысты ў словах і справах. Сцягі, дэманстрацыі, лозунгі, гульні, калектыўныя паходы — уся гэтая лухта. І ты думаў, што, калі б у мяне была хоць найменшая магчымасць, я б выдала цябе як думзлачынцу і цябе забілі б?

— Ну, нешта падобнае да таго. Большасць маладых дзяўчат якраз такія і ёсць, ты ж ведаеш.

— Уся прычына вось у гэтым, — сказала яна, сарваўшы з сябе чырвоны пояс Антысексуальнага Саюза Моладзі і кінуўшы яго ў вецце.

Пасля, як быццам нешта прыгадаўшы, яна пашукала рукой у кішэні камбінезона і дастала адтуль маленькую плітку шакаладу. Яна пераламала яе напалам і дала адзін кавалак Ўінстану. Яшчэ перш чым узяць плітку, ён здагадаўся па паху, што гэта быў не звычайны шакалад. Гэты быў цёмны і бліскучы, загорнуты ў срэбную паперу. Звычайна ж шакалад быў крохкім рэчывам брудна-бурага колеру і меў смак, калі яго можна было апісаць, дыму ад гарэння адкідаў. Але некалі даўно Ўінстану даводзілася каштаваць шакалад, падобны да таго, што дала яму Джулія. Першая хваля паху абудзіла ў ім успамін, невыразны, але неадчэпны і хвалюючы.

— Адкуль ты гэта ўзяла? — спытаўся ён.

— Чорны рынак, — няўважна адказала яна. — Калі паглядзець збоку, дык я і ёсць менавіта такая дзяўчына. Я вельмі спрытная ў гульнях. У Шпіёнах я была важатай атрада. Тры вечары на тыдзень я працую дадаткова на Антысексуальны Саюз Моладзі. Цэлымі гадзінамі я расклейваю іхняе паскудства па ўсім Лондане. На дэманстрацыях я заўсёды нясу сцягі. Я заўсёды ў добрым гуморы і ніколі не ўцякаю ад цяжкай працы. Заўсёды крычы разам з натоўпам — вось як. Гэта адзіная магчымасць жыць спакойна.

Першы кавалачак шакаладу растаў на Ўінстанавым языку. Смак быў чароўны. А той самы ўспамін усё яшчэ лунаў недзе на ўзмежку свядомасці, пачуццё было вельмі моцнае, але яго немагчыма было дакладна акрэсліць, як нешта, што бачыш краем вока. Ён адагнаў яго, зразумеўшы толькі, што ўспамін датычыўся ўчынку, які ён хацеў бы не рабіць, але не мог.

— Ты вельмі маладая, — сказаў ён. — Ты гадоў на дзесяць-пятнаццаць маладзейшая за мяне. Што можа вабіць цябе ў такім чалавеку, як я?

— Нешта ёсць у тваім твары. Я падумала, ці не паспрабаваць. Я добра ўмею высочваць людзей, якія думаюць не так, як усе. Як толькі я цябе ўбачыла, я зразумела, што ты супраць іх.

«Іх», відаць, азначала Партыю, а дакладней. Унутраную Партыю, пра якую яна гаварыла, не хаваючы з'едлівай нянавісці, і ад гэтага Ўінстану рабілася трохі няёмка, хоць ён і ведаў, што калі дзе і ёсць такое месца, у якім яны маглі пачуваць сябе ў бяспецы, дык толькі тое, дзе яны цяпер былі. Адна рэч у ёй здзіўляла яго — грубасць яе мовы. Сябры Партыі, як правіла, не лаяліся, дый сам Ўінстан лаяўся рэдка, ва ўсялякім разе не ўголас. А Джулія, здавалася, не магла гаварыць пра Партыю, і асабліва пра Ўнутраную Партыю, не ўжываючы слоў, якія пішуць крэйдай на сценах бедных брудных вулак. Але ён не меў нічога супраць гэтага. Проста ў гэтым выяўляўся яе бунт супраць Партыі і яе метадаў. У нейкім сэнсе гэта было натуральна, як чмыханне каня, які чуе нясвежае сена. Яны пакінулі палянку і зноў брылі цяпер праз плямы святла і ценю, абдымаючы адно аднаго за талію, калі шырыня сцежкі дазваляла ім ісці побач. Ён заўважыў, наколькі яе талія зрабілася гнутчэйшай, калі яна скінула пояс. Іх галасы гучалі не мацней за шэпт. Па-за палянай, папярэдзіла Джулія, лепш ісці цішэй. Яны дайшлі да ўзлеску. Яна спыніла яго.

— Не выходзь далей. Нехта можа сачыць. Мы ў бяспецы, пакуль нас хавае лістота.

Яны стаялі ў цяні зарасніку ляшчыны. На тварах яны адчувалі цёплы дотык сонечных промняў, што прабіваліся скрозь густую лістоту. Ўінстан паглядзеў на поле, што распасцерлася за лесам, і раптам застыў, уражаны. Ён пазнаў поле. Ён яго ўжо бачыў. Гэта быў колішні выган, сям-там паточаны кратамі, пасярод яго ў траве гублялася сцяжынка. Насупраць, у здзічэлым жываплоце галінкі вязаў ледзь заўважна гайдаліся пад лёгкім ветрыкам, лісце калыхалася густымі хвалямі, нібы валасы жанчыны. Недзе зусім блізка, хоць і не было відаць, павінна была цячы ручаінка з зялёнымі плёсамі, дзе мітусяцца маленькія рыбкі.

— Ці няма тут недзе побач ручаінкі? — спытаўся ён шэптам.

— І праўда. Ёсць ручаінка. Якраз на краі суседняга поля. У ёй ёсць рыба. Вялікія, тоўстыя рыбіны. Можна нават убачыць, як яны плаваюць і варушаць хвастамі ў плёсах пад вербамі.

— Амаль як у Залатой Краіне, — сказаў ён сам сабе.

— У Залатой Краіне?

— Не, не, я проста так. Краявід, які я часам сню.

— Глядзі, — шапнула Джулія.

Проста перад імі, метраў за пяць, на галінку сеў дрозд. Напэўна, ён іх не бачыў. Ён быў на сонцы, яны — у засені. Ён выпрастаў крылы, акуратна склаў іх, нахіліў галоўку, быццам кланяючыся сонцу, і — звонкім патокам пацяклі чароўныя мелодыі. У перадвячорнай цішы моц яго голасу проста здзіўляла. Ўінстан і Джулія ў захапленні прытуліліся адно да аднаго. Музыка гучала, яшчэ і яшчэ, хвіліну за хвілінай, з цудоўнымі варыяцыямі, якія ўжо болей не паўтараліся, быццам птушка хацела паказаць усё сваё ўмельства. Часам дрозд на хвілінку перапыняўся, раскрываў і складаў крылы, надзімаў рабенькае валлё і зноў рассыпаўся спевамі. Ўінстан глядзеў на яго з павагай. Дзеля каго, дзеля чаго спявала гэтая птушка? Ніводнага таварыша, ніводнага суперніка побач не было. Што ж вымушала яго сядзець тут, на краі самотнага лесу, і разліваць чароўную музыку ў суцэльную пустоту? Ўінстан падумаў, ці не схаваны тут недзе побач мікрафон. Ён і Джулія гаварылі толькі шэптам. Яны не запішуць іх размову, але яны маглі запісаць драздовыя спевы. Можа, недзе на другім канцы проваду маленькі жукападобны чалавечак напружана слухаў, слухаў вось гэта. Але цудоўная музыка паступова выцясняла ў яго з галавы трывожныя развагі. На яго быццам ліліся струменьчыкі нейкае вадкасці, яны мяшаліся з промнямі сонечнага святла, што сеялася праз лістоту. Думкі зніклі, засталіся толькі пачуцці. Пад сваёй далоняй ён адчуваў мяккую і цёплую талію дзяўчыны. Ён павярнуў яе да сябе і прытуліў да грудзей. Цела Джуліі быццам раставала ў ягоным целе. Яно было пяшчотнае і паслухмянае. Іх вусны злучыліся ў пацалунку. Гэта былі ўжо не тыя сцятыя пацалункі, якімі яны абмяняліся раней. Адарваўшы вусны, абое глыбока ўздыхнулі. Птушка спалохалася і паляцела, лопаючы крыламі.

Ўінстан шапнуў на вуха Джуліі:

— Цяпер.

— Толькі не тут, — адказала яна, таксама шэптам. — Хадзем у схованку. Гэтак будзе надзейней.

Яны хуценька прабраліся на палянку, абламаўшы з трэскам некалькі сухіх галінак. Калі яны апынуліся на ўзгорачку, абкружаным маладымі дрэўцамі, яна павярнулася і паглядзела на яго. Абое дыхалі перарывіста, але ў куточках вуснаў Джуліі зноў прытаілася ўсмешка. Нейкі момант яна глядзела на яго, пасля намацала замок свайго камбінезона. І, так, усё было амаль як у ягоным сне. Амаль такім самым хуткім рухам, як ён сабе ўяўляў, яна сцягнула з сябе адзенне і адкінула яго ўбок — тым самым велічным рухам, які, здавалася, абвяргаў цэлую цывілізацыю. Яе белая скура зіхацела на сонцы, але нейкі момант ён не глядзеў на яе цела. Ён не мог адвесці позірку ад яе рабаціністага твару з задзірлівай усмешкай. Ён укленчыў перад ёй і ўзяў яе за рукі.

— Ты ўжо рабіла гэта?

— Вядома. Сто разоў... Ну, разоў дваццаць дакладна.

— З сябрамі Партыі?

— Ага. Заўсёды з сябрамі Партыі.

— З сябрамі Ўнутранай Партыі?

— З гэтымі свіннямі не. Але сярод іх ёсць безліч такіх, хто хацеў бы, каб меў хоць якую магчымасць. Не такія яны ўжо і святыя, як прыкідваюцца.

Ўінстанава сэрца падскочыла. Яна рабіла гэта разоў дваццаць. Хай бы зрабіла гэта сотні, тысячы разоў. Усё, што хоць неяк паказвала на карупцыю ладу, заўсёды поўніла яго шалёнай надзеяй. Хто ведае, можа, Партыя знутры ўжо ўся прагніла? Можа, яе культ ахвярнасці і энергіі быў усяго толькі камедыяй, за якой хавалася беззаконне і несправядлівасць? Калі б ён мог усіх іх заразіць праказай або сіфілісам, з якой ахвотай ён зрабіў бы гэта! Усё, што можа раз'есці, аслабіць, падарваць. Ён пацягнуў яе да зямлі, і яны сталі на калені адно перад адным.

— Слухай. Чым болей ты мела мужчын, тым болей я цябе кахаю. Разумееш?

— Разумею. Выдатна.

— Я ненавіджу цнатлівасць. Я ненавіджу дабрыню. Я не выношу нідзе ніякай дабрачыннасці. Я хачу, каб усе былі ўшчэнт сапсаваныя заганамі.

— Ну дык я табе падыду, каханы. Я ўшчэнт сапсаваная.

— Ці ты любіш гэта рабіць? Я кажу не пра мяне, а пра сам акт.

— Вельмі люблю.

Менавіта гэта ён больш за ўсё жадаў пачуць. Не проста каханне, скіраванае на адну асобу, але жывёльны інстынкт, простае сляпое пахацімства — вось сіла, якая разарве Партыю на шматкі. Ён паклаў яе на траву, сярод рассыпаных пралесак. Гэтым разам ніякіх цяжкасцяў не было. Дыханне, што ўздымала і апускала іх грудзі, супакоілася і аднавіла свой нармальны рытм. Яны разлучыліся ў нейкай салодкай знямозе. Сонца, здавалася, пякло яшчэ мацней. Абое хацелі спаць. Ён пашукаў кінуты побач камбінезон і накрыў яе. Амаль адразу яны заснулі і праспалі каля паўгадзіны.

Ўінстан прачнуўся першы. Ён сеў і стаў глядзець на рабаціністы твар. Яна яшчэ спакойна спала, падклаўшы далонь сабе пад галаву. Калі б не вусны, дык і не сказаў бы, што яна прыгожая. Калі глядзець зблізу, вакол вачэй можна было ўбачыць адну-дзве зморшчынкі. Кароткія чорныя валасы былі незвычайна густыя і мяккія. Ён падумаў, што так і не ведае ні яе прозвішча, ні яе адрасу.

Маладое моцнае цела, агорнутае сном, абудзіла ў ім апекавальную шкадобу. Але пачуццё той безразважлівай пяшчоты, якое ён адчуў пад кустом ляшчыны, калі спяваў дрозд, яшчэ не вярнулася. Ён адхінуў камбінезон і пачаў разглядаць яе белы і мяккі бок. Даўнейшымі часамі, падумаў ён, мужчына глядзеў на дзявочае цела, адчуваў жаданне, і на гэтым справа канчалася. Але сёння было немагчыма адчуваць чыстае каханне ці чыстую пажадлівасць. Ніводнае пачуццё не было чыстае, бо да яго дамешваліся страх і нянавісць. Іх абдымкі былі бітвай, іх зліццё было перамогай. Гэта быў удар, нанесены Партыі. Гэта быў палітычны акт.

3

— Калі-небудзь мы можам яшчэ раз сюды прыйсці, — сказала Джулія. — Увогуле, тую самую схованку можна выкарыстаць двойчы не баючыся. Але, вядома ж, не раней чым праз месяц-два.

Прачнуўшыся, яна нібы перамянілася. Яна зноў зрабілася жвавая і заклапочаная, адзелася, падперазалася чырвоным поясам і ўзялася падрабязна выпрацоўваць план вяртання. Здавалася натуральным, што за гэта ўзялася яна. У яе быў практычны розум, чаго бракавала Ўінстану, да таго ж, здавалася, яна дасканала ведала лонданскія ваколіцы дзякуючы незлічоным калектыўным паходам. Яна паказала яму зусім іншую дарогу, якая вяла ўжо да іншай чыгуначнай станцыі.

— Ніколі нельга вяртацца дарогай, па якой ты прыйшоў, — сказала яна, быццам абвяшчаючы нейкі важны закон.

Яна мусіла ісці першая, а Ўінстан — счакаць паўгадзіны, перш чым выправіцца за ёй.

Яна прызначыла яму месца, дзе яны маглі праз чатыры дні сустрэцца пасля працы. Гэта была вулка ў бедным квартале, там быў рынак, звычайна гаманлівы і поўны людзей. Яна будзе хадзіць сярод прылаўкаў і ўдаваць, што шукае матузкі да чаравікоў або цыравальныя ніткі. Калі ёй здасца, што ўсё спакойна, яна, убачыўшы яго, высмаркаецца. Калі не — ён павінен прайсці міма, не пазнаўшы яе. Але калі пашчасціць, сярод натоўпу яны змогуць без рызыкі пагаварыць чвэрць гадзіны і дамовіцца аб наступным спатканні.

— А цяпер мне трэба ісці, — сказала яна, як толькі ён засвоіў усе інструкцыі. — У дзевятнаццаць трыццаць мне трэба вярнуцца. Я мушу прысвяціць дзве гадзіны Антысексуальнаму Саюзу Моладзі — разнесці нейкія ўлёткі ці нешта такое. Ну, ці не свінства? Прычашы мяне, калі ласка. У мяне няма былінак у валасах? Праўда? Тады да пабачэння, каханы, да пабачэння.

Яна кінулася яму ў абдымкі і амаль гвалтам пацалавала. Праз хвіліну яна рассунула маладыя дрэўцы і амаль бясшумна знікла ў лесе. І нават цяпер ён так і не ведаў ні яе прозвішча, ні яе адрасу. Але не мела вялікага значэння, бо нельга было нават уявіць, каб яны некалі маглі сустрэцца ў памяшканні ці нейкім чынам знесціся пісьмова.

Лёс наканаваў так, што ім болей не давялося спаткацца на той лясной палянцы. За ўвесь травень ім толькі аднаго разу ўдалося па-сапраўднаму сустрэцца. Гэта адбылося ў іншым таемным мёсцы, якое ведала Джулія, на званіцы зруйнаванай царквы ў амаль пустэльнай мясцовасці, дзе трыццаць гадоў таму ўпала атамная бомба. Гэта была добрая схованка, але дарога да яе была надта небяспечная. Апроч гэтага, яны сустракаліся толькі на вуліцы, кожнага вечара ў іншым месцы, і ніколі болей чым на паўгадзіны за раз. На вуліцы звычайна можна было сяк-так паразмаўляць. Пакуль натоўп нёс іх па тратуары, яны, ніколі не паварочваючыся тварам у твар і ніколі не гледзячы адно на аднаго, працягвалі дзіўную перарывістую размову, якая ўзнікала і затухала, як прамень маяка, яна раптам абрывалася маўчаннем, калі наперадзе паяўлялася ўніформа сябры Партыі або тэлегляд, пасля, праз некалькі хвілін, распачыналася зноў, з сярэдзіны сказа, пасля раптам спынялася, калі яны расставаліся ў прызначаным месцы, і працягвалася наступнага дня без папярэдняга ўступу. Джулія, здавалася, была звыклая да гэткае размовы, яна называла гэта «гаварыць порцыямі». І яшчэ яна з надзвычайным умельствам гаварыла, не варушачы вуснамі. І толькі адзін раз за гэты месяц штодзённых спатканняў ім удалося пацалавацца. Яны спускаліся зацішным завулкам (Джулія размаўляла толькі на вялікіх вуліцах), калі пачуўся аглушальны грукат. Зямля задрыжала, неба пацямнела, і Ўінстан, збіты і напалоханы, апынуўся на зямлі. Недзе зусім побач упала ракетная бомба. Раптам ён заўважыў твар Джуліі побач са сваім, знежывела бледны, белы, як крэйда. Нават вусны былі белыя. Яна памерла! Ён прытуліў яе да сябе і, схамянуўшыся, заўважыў, што цалуе жывы і цёплы твар. Толькі вусны адчулі нейкі парашок. Іх твары былі ўкрыты тоўстым слоем тынку.

Былі вечары, калі яны, прыйшоўшы на спатканне, мусілі разысціся, не падаўшы знаку, бо з-за рага паказваўся патруль або над імі вісеў верталёт. Нават калі гэта было не так небяспечна, ім было вельмі цяжка знайсці час, каб сустрэцца. Ўінстанаў працоўны тыдзень складаў шэсцьдзесят гадзін, тыдзень Джуліі быў яшчэ даўжэйшы, дні адпачынку мяняліся залежна ад напружанасці працы і не заўсёды супадалі. Ва ўсялякім разе ў Джуліі рэдка надараліся цалкам свабодныя вечары. Яна траціла процьму часу на слуханне лекцый, на ўдзел у дэманстрацыях, на распаўсюджванне літаратуры Антысексуальнага Саюза Моладзі, на падрыхтоўку транспарантаў да Тыдня Нянавісці, на збіранне складак у рамках кампаніі ашчаднасці і на іншыя мерапрыемствы падобнага тыпу. Гэта апраўдвала сябе, казала яна. Гэта быў камуфляж. Выконваючы дробныя правілы, можна парушаць буйныя. Яна нават прыцягнула Ўінстана да ўдзелу ў адным з такіх мерапрыемстваў. Ён падключыўся да працы ў вытворчасці боепрыпасаў, якую па чарзе рабілі ахвотнікі з ліку заўзятых партыйцаў. І цяпер адзін раз на тыдзень, вечарамі, Ўінстан гарбеў па чатыры гадзіны, дранцвеючы ад нудоты, над нейкімі кавалачкамі металу, што былі, магчыма, часткамі ракетнае бомбы. Працаваць даводзілася ў цьмянай майстэрні, дзе дзьмула з усіх дзірак, а грукат малаткоў сумна перагукваўся з музыкай тэлегляда.

Сустрэўшыся ў званіцы, яны запоўнілі ўсе прагалы сваіх папярэдніх урывістых размоў. Быў спякотны сонечны дзень, у маленькім квадратным пакойчыку над званамі стаяла цяжкае гарачае паветра, у якім панаваў пах галубінага памёту. Яны гаварылі некалькі гадзін, седзячы на пыльнай падлозе, засланай галлём. Час ад часу адзін з іх уставаў і глядзеў праз акно, ці не ідзе хто.

Джуліі было дваццаць шэсць гадоў. Яна жыла ў інтэрнаце з трыццаццю іншымі дзяўчатамі. («Заўсёды смярдзіць жанчынамі! Як я ненавіджу жанчын!» — прызналася яна між іншым.) Як ён і меркаваў, яна працавала ў аддзяленні мастацкай літаратуры на раманапісных варштатах. Яна любіла сваю працу, якая палягала з большага ў наглядзе за магутным, але чуйным электрычным маторам. Яна не была надта разумная, любіла працаваць рукамі і вольна адчувала сябе з машынамі. Яна магла дэталёва апісаць працэс складання рамана, пачынаючы ад асноўных дырэктываў, выдаваных планавым камітэтам, і аж да апошніх штрыхоў, што дадавала перапісная група. Але гатовая кніга яе не цікавіла. Яна не надта любіла чытаць. Кнігі былі ўсяго толькі прадуктам, які трэба было вырабляць, як джэм або матузкі да чаравікаў.

Яна нічога не памятала пра час да пачатку шасцідзесятых. Адзіным чалавекам, з тых, каго яна ведала, які часта гаварыў пра дарэвалюцыйны час, быў дзед, які знік, калі ёй было восем гадоў. У школе яна была капітанам хакейнай каманды і выйгравала два гады запар гімнастычныя спаборніцтвы. Яна была важатай атрада Шпіёнаў і намесніцай сакратара ў Юнацкім Саюзе, перш чым уступіць у Антысексуальны Саюз Моладзі. Яна заўсёды мела бездакорную рэпутацыю. Яе выбралі нават (што было бясспрэчным знакам добрае рэпутацыі) на працу ў Парнасеку, падсекцыі ў аддзяленні мастацкай літаратуры, дзе выраблялася танная парнаграфія для пролаў. Людзі, што там працавалі, называлі гэты аддзел «Гнойная кантора», заўважыла яна. Яна працавала там адзін год, удзельнічала ў выпуску брашурак у запячатаных пакетах з назвамі накшталт: «Неверагодныя гісторыі» ці «Ноч у школе для дзяўчат». Гэтыя брашуркі патаемна куплялі маладыя пролы, думаючы, што купляюць нешта нелегальнае.

— Што гэта былі за кнігі? — пацікавіўся Ўінстан.

— Ат, страшэнна тупыя і нудныя. Уяві сабе, усяго шэсць тыпавых сюжэтаў, у якіх час ад часу мяняюцца паасобныя дэталі. Але я працавала толькі на калейдаскопах і ніколі не прымала ўдзелу ў перапісванні. Я не маю літаратурных здольнасцяў, каханы, нават на такое.

Ўінстан вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што апроч кіраўнікоў аддзяленняў усе працаўнікі Парнасеку былі дзяўчаты. Лічылася, што палавы інстынкт у мужчын утаймаваць цяжэй, чым у жанчын, мужчын значна лягчэй магло сапсаваць тое, з чым яны мелі справу.

— Яны неахвотна бяруць туды нават замужніх жанчын, — дадала яна. — Яны ўсё яшчэ думаюць, што дзяўчаты такія нявінныя! Ва ўсялякім разе адна з іх, што сядзіць тут, зусім не такая.

Першы раз яна ўступіла ў палавую сувязь у шаснаццаць гадоў з шасцідзесяцігадовым сябрам Партыі, які пазней скончыў самагубствам, каб пазбегнуць арышту.

— Мне пашанцавала, бо інакш ён выдаў бы мяне, — дадала яна.

Пасля былі іншыя. Жыццё, у яе ўспрыманні, было вельмі простае. Ты хочаш жыць весела. «Яны», гэта значыць Партыя, не даюць табе жыць весела, і ты абыходзіш законы, як толькі можаш. Ёй здавалася натуральным, што «яны» хочуць пазбавіць людзей асалодаў жыцця, а людзі спрабуюць супрацьстаяць гэтаму. Яна ненавідзела Партыю і выказвала сваю нянавісць самымі бруднымі словамі. Аднак яе крытыка не закранала агульных прынцыпаў. Партыйнае вучэнне цікавіла яе настолькі, наколькі непасрэдна закранала яе жыццё. Ён заўважыў, што яна ніколі не ўжывала навамоўных слоў, апроч тых, што ўвайшлі ў штодзённую мову. Яна ніколі не чула пра Братэрства і адмаўлялася верыць у яго існаванне. Усялякае арганізаванае змаганне супраць Партыі здавалася ёй глупствам, бо загадзя было асуджанае на паражэнне. Адзіна разумным, на яе думку, было парушаць законы і, нягледзячы на гэта, заставацца жывым. Ўінстан задумаўся, колькі магло быць такіх, як яна, сярод маладога пакалення, якое вырасла ў атмасферы рэвалюцыйнай рамантыкі, якое болей нічога не ведала і ўспрымала Партыю як нешта непарушнае, як неба. Яны не паўставалі супраць яе панавання, а проста ўцякалі ад яе, як заяц ад сабакі.

Яны не абмяркоўвалі магчымасці пажаніцца. Гэта было зусім нерэальна. Ніякі ў свеце камітэт не зацвердзіў бы гэты шлюб, нават калі б Ўінстан здолеў вызваліцца ад Кэтрын, сваёй жонкі. Нават у марах не было надзеі.

— Якая яна была, твая жонка? — спыталася Джулія.

— Яна была... Ці ты ведаеш навамоўнае слова дабрадум, гэта значыць добранадзейны, той, хто думае правільна, хто няздатны на благія думкі?

— Не. Слова я не ведаю, але я ведаю даволі шмат такіх людзей.

Ён пачаў апавядаць ёй гісторыю свайго сужонства, але, на яго здзіўленне, яна ўжо ведала асноўныя моманты. Яна апісала яму, быццам сама бачыла ці адчувала, як дранцвела цела Кэтрын, калі ён да яе дакранаўся, і як яна адпіхвала яго з усяе моцы, нават калі яго абдымала. Ён не адчуваў ніякай няёмкасці, гаворачы з Джуліяй пра такое. Ва ўсялякім разе Кэтрын даўно ўжо перастала быць пакутлівым успамінам. Яна стала проста непрыемным успамінам.

— Я б вытрымаў, калі б не адна рэч, — сказаў ён.

Ён расказаў Джуліі пра маленькую халодную цырымонію, да якой Кэтрын змушала яго адзін вечар на тыдзень.

— Яна ненавідзела гэта, але нішто не магло прымусіць яе ад гэтага адмовіцца. Звычайна яна называла гэта... ты ніколі не ўгадаеш як.

— Наш абавязак перад Партыяй, — дагаварыла за Ўінстана Джулія.

— Адкуль ты ведаеш?

— Я таксама вучылася ў школе, каханы. Для тых, каму споўнілася шаснаццаць, раз на месяц былі гутаркі пра палавое жыццё. Пасля тое самае было ў Юнацкім Саюзе. Гадамі камячыць тое самае. Здаецца, у большасці выпадкаў гэта дае вынікі. Але хто яго ведае. Людзі такія крывадушныя!

Яна пачала развіваць гэтую тэму. У Джуліі ўсё зводзілася да яе інтымнага жыцця. Як толькі гаворка набліжалася да гэтай тэмы, яна рабілася дасціпная і красамоўная. У адрозненне ад Ўінстана, яна зразумела прыхаваны сэнс партыйнага пурытанізму. Палавы інстынкт трэба было па магчымасці знішчыць не толькі таму, што ён ствараў асобны, непадкантрольны Партыі сусвет. Яшчэ важнейшым было тое, што палавы аскетызм вёў да істэрыі, што было вельмі пажадана, бо яе можна было ператварыць у ваяўнічы запал і адданасць партыйным правадырам. Джулія растлумачыла сваю думку наступным чынам:

— Калі займаешся каханнем, растрачваеш сваю энергію. А пасля адчуваеш сябе шчаслівым і плюеш на ўсё астатняе. Яны не могуць дапусціць, каб так было. Яны хочуць, каб у табе заўсёды кіпела энергія. Усе гэтыя маршы, дэманстрацыі, лозунгі, сцягі — усё гэта проста пракіслы палавы інстынкт. Калі ты шчаслівы ў душы, ці будзеш ты захапляцца Вялікім Братам, трохгадовымі планамі, Двуххвілінкай Нянавісці і ўсёй іншай іхняй лухтой?

Усё гэта вельмі слушна, падумаў ён. Была непасрэдная сувязь паміж цнатлівасцю і палітычнай добранадзейнасцю. Бо як яшчэ можна падтрымліваць у сябраў Партыі на патрэбным узроўні страх, нянавісць і фанатычную веру, так патрэбныя Партыі, калі не апанаваўшы нейкі магутны інстынкт і не выкарыстаўшы яго як рухавую сілу? Палавая цяга была небяспечная для Партыі, і Партыя павярнула яе на сваю карысць. У тую самую гульню яна гуляла і з бацькоўскім інстынктам. Скасаваць сям'ю было нерэальна, і людзей заахвочвалі любіць сваіх дзяцей амаль як раней. З другога боку, дзяцей сістэматычна скіроўвалі супраць бацькоў. Іх вучылі сачыць за бацькамі і паведамляць аб іх злачынствах. Сям'я сталася, па сутнасці, працягам Паліцыі Думак. Гэта быў прыём, дзякуючы якому ўсе людзі, удзень і ўначы, жылі сярод шпіёнаў, якія іх вельмі блізка ведалі.

І раптам ён зноў падумаў пра Кэтрын. Яна без сумнення выдала б яго Паліцыі Думак, калі б не была занадта дурная, каб заўважыць нядобранадзейнасць яго поглядаў. Але пра Кэтрын яму нагадала не гэта, а задушлівая спёка, ад якой на лобе выступіў пот. Ён пачаў расказваць Джуліі, што адбылося, ці ледзь не адбылося, адзінаццаць гадоў таму, спякотным летнім днём.

Гэта было праз тры ці чатыры месяцы пасля вяселля. Яны заблудзіліся пад час калектыўнага паходу недзе ў Кенцы. Яны адсталі ад іншых і затрымаліся ўсяго на некалькі хвілін, але пасля павярнулі на другую дарогу і нечакана апынуліся на краі старога вапнавага кар'ера. Яны стаялі на вышыні ад дзесяці да дваццаці метраў, унізе былі скалы. Навокал не было нікога, у каго можна было б спытацца дарогі. Кэтрын, як толькі зразумела, што яны заблудзіліся, адчула сябе вельмі няўтульна. Быць далёка, нават на кароткі час, ад гаманлівага паходнага натоўпу было ў яе вачах благім учынкам. Яна адразу захацела вярнуцца і паспрабаваць шукаць у другім баку. Але ў гэты момант Ўінстан заўважыў некалькі кусцікаў чальчаку, што раслі якраз пад імі, у выступе скалы. Кветкі былі двух колераў, цагляна-чырвонага і барвовага, хоць раслі з аднаго кораня. Ён ніколі не бачыў нічога падобнага і паклікаў Кэтрын паглядзець на кветкі.

— Глядзі, Кэтрын! Паглядзі на гэтыя кветкі. Вунь той кусток унізе, каля падножжа скалы. Бачыш, яны розных колераў.

Яна ўжо была павярнулася, каб пайсці, але ўсё ж з раздражненнем падышла. Яна нават схілілася над урвішчам, каб убачыць мясціну, якую ён паказваў. Ён стаяў ззаду і трымаў яе за талію. Раптам ён адчуў, якія яны самотныя. Нідзе не было ніводнае чалавечае істоты, ніводны лісток не варушыўся, ніводная птушка не абудзілася. У такім месцы можна было амаль не баяцца, што недзе схаваны мікрафон, а нават калі б ён і быў, ён запісаў бы толькі лёгкі шоргат. Была самая спякотная, самая сонная гадзіна. Сонца паліла, пот цёк па Ўінстанавым лобе. І тады яму прыйшла ў галаву думка...

— Што ж ты яе не штурхануў? — спыталася Джулія. — Я абавязкова яе скінула б.

— Так, каханая, ты б скінула. І я таксама, калі б я быў тады такі, як цяпер. А можа... нават не ведаю.

— Ты шкадуеш, што не зрабіў гэтага?

— Так, увогуле шкадую.

Яны сядзелі побач на пыльнай падлозе. Ён прытуліў яе да сябе. Галава Джуліі ляжала ў яго на плячы, і прыемны водар яе валасоў перабіваў пах галубінага памёту. «Яна маладая, — падумаў ён, — яна яшчэ нечага чакае ад жыцця. Яна не разумее, што, калі скінеш са скалы таго, хто табе не даспадобы, гэта яшчэ нічога не вырашыць».

— Па праўдзе кажучы, гэта нічога б не змяніла, — сказаў ён.

— Дык чаму ж ты шкадуеш?

— Таму што я прыхільнік пазітыўных рашэнняў, вось і ўсё. У гульні, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькі паражэнні, менш балючыя за іншыя паражэнні, і болей нічога.

Ён адчуў, як плячо Джуліі варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калі ён казаў штосьці падобнае. Яна не згаджалася з тым, што існуе нейкі прыродны закон, згодна з якім паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней ці пазней Паліцыя Думак схопіць яе і заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былі патрэбныя толькі ўдача, хітрасць і адвага. Яна не разумела, што шчасця не існуе ўвогуле, што адзіная перамога чакае ў будучыні, ужо пасля смерці, і што з таго моманту, як ты абвясціў вайну Партыі, лепш адразу лічыць сябе мёртвым.

— Мы мёртвыя, — сказаў ён.

— Мы яшчэ не мёртвыя, — празаічна адказала Джулія.

— Не, не фізічна, вядома. Можна дапусціць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерці. А ты маладая, ты, напэўна, баішся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькі здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзі застаюцца людзьмі, паміж жыццём і смерцю розніцы няма.

— Усё гэта лухта! З кім ты хочаш спаць? Са мною ці са шкілетам? Ці ты не задаволены, што жывы? Ці табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хіба гэта табе не падабаецца? Яна павярнулася і прытулілася. Ён адчуў праз камбінезон яе спелыя, пругкія грудзі. Здавалася, ад цела Джуліі яму перадаліся яе маладосць і сіла.

— Гэта мне падабаецца, — адказаў ён.

— Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовіцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсці на палянку ў лесе. Ужо мінула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнік... Глядзі, я табе намалюю.

І, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго і, выцягнуўшы з галубінага гнязда галінку, пачала маляваць карту.

4

Ўінстан акінуў позіркам убогі пакойчык на другім паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялікі ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на ім ляжала падушка без навалачкі. На каміннай палічцы цікаў старасвецкі гадзіннік з дванаццацігадзінным цыферблатам. У куце на складным століку лагодна свяцілася ў прыцемку шкляное прэс-пап'е, якое ён купіў, калі апошні раз быў тут.

На каміннай кратцы стаялі керагаз, рондаль і два кубачкі, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Ўінстан запаліў керагаз і пачаў гатаваць ваду. Ён прынёс з сабою пакецік кавы «Перамога» і некалькі кавалачкаў сахарыну. Стрэлкі гадзінніка паказвалі сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсці ў дзевятнаццаць трыццаць.

Вар'яцтва, вар'яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. З усіх злачынстваў, якія мог зрабіць сябра Партыі, гэтае было найцяжэй схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамільгнула ў яго ў галаве, як нейкае відмо: шкляное прэс-пап'е, адлюстраванае на гладкай паверхні стала. Як ён і прадбачыў, пан Чэрынгтан без ніякіх ваганняў здаў яму пакой. Ён быў відавочна задаволены, што мог зарабіць некалькі даляраў. Пры гэтым ён не надта здзівіўся і не выказаў навязлівага разумення, калі даведаўся, што пакой быў патрэбны Ўінстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позірк яго зрабіўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымі словамі, з такім далікатным выглядам, што, здавалася, ён зрабіўся часткова нябачны. Вельмі важна мець магчымасць адасобіцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. І калі такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцівасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ён нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры і перастаўшы існаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другі вядзе праз задні двор у бакавы завулак.

Пад акном нехта спяваў. Ўінстан, схаваны за муслінавай фіранкай, выглянуў на вуліцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнізе, у залітым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымі чырвонымі рукамі, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзіла, кульгаючы, ад вялікай балеі да вяроўкі з бялізнай. Пачварная і магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнікі, у якіх Ўінстан пазнаў дзіцячыя пялюшкі. Як толькі яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:

То была безнадзейная мара,
Што сплыла, як вясною вада.
Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх
Назаўжды ў маім сэрцы нуда.

Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнімі тыднямі. Гэта была адна з шматлікіх, падобных адна да адной песенек, якія падсекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы іх складалі без ніякага ўдзелу чалавека прылады, што называліся версіфікатарамі. Але жанчына спявала так мілагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Ўінстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзеці і як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасці тэлегляда здаваўся надзіва ціхім.

«Вар'яцтва! вар'яцтва! вар'яцтва!» — зноў думалася яму. Было немагчыма ўявіць сабе, што яны маглі б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькі тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, які б належаў толькі ім, у памяшканні, даступны, зусім побач, была занадта вялікая для абаіх. Пасля сустрэчы на званіцы нейкі час яны не маглі сустрэцца зноў. Напярэдадні Тыдня Нянавісці працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных і складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у выніку чаго ўсіх перагружалі працай. Урэшце ім абаім удалося выкраіць сабе ў адзін дзень вольны вечар. Яны дамовіліся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвілінку спаткаліся на вуліцы. Як звычайна, Ўінстан амаль не глядзеў на Джулію, пакуль іх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позірку хапіла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.

— Нічога не зробіш, — шапнула яна, як толькі адчула, што можна гаварыць не баючыся. — Я маю на ўвазе заўтра.

— Што?

— Заўтра ўвечары я не змагу прыйсці.

— Чаму?

— А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней.

На нейкі момант яго ахапіла шалёная злосць. За гэты месяц, што яны сустракаліся, яго пачуццё да яе змянілася. Спачатку ў ім было мала сапраўднага жадання. Іх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянілася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры, здавалася, напоўнілі яго самога і паветра вакол яго. Яна стала фізічнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калі яна сказала, што не зможа прыйсці, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыціснуў іх адно да аднаго і іх рукі выпадкова сустрэліся. Яна хуценька паціснула кончыкі яго пальцаў, каб абудзіць у ім не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Ўінстану прыйшла думка, што, калі жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараванні — звычайная рэч. Глыбокая пяшчота, якую ён яшчэ ніколі да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былі жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглі гуляць па вуліцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, і гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркі. А больш за ўсё хацеў, каб у іх было месца, дзе яны маглі б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але ідэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калі ён сказаў пра гэта Джуліі, яна згадзілася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалі, што гэта вар'яцтва. Яны нібы самахоць наблізіліся да магілы. І пакуль ён сядзеў на краі ложка і чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэнні Міністэрства Любові. Было дзіўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з'яўляўся, то знікаў са свядомасці. Ён быў тут, у найбліжэйшай будучыні, ён непазбежна папярэднічаў смерці, як дзевяноста дзевяць папярэднічае сотні. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькі адкласці; аднак жа час ад часу людзі свядома, наўмысна скарачалі час, што ім заставаўся да жахлівага наканавання.

Са сходаў пачуліся хуткія крокі. Джулія ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у міністэрстве. Ён кінуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.

— Хвілінку, — сказала яна. — Я толькі пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву «Перамога»? Я так і думала. Можаш выкінуць яе. Яна нам не спатрэбіцца. Глядзі.

Яна ўпала на калені, адкрыла торбу і выкінула адтуль ключы і шрубакрут, што ляжалі зверху. Пад імі было некалькі чыстых папяровых пакецікаў. Першы пакецік, які яна падала Ўінстану, выклікаў дзіўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У ім было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.

— Што гэта? Цукар? — спытаўся ён.

— Сапраўдны цукар. Не сахарын — цукар. А вось бохан хлеба, сапраўднага белага хлеба, а не гэтага паскудства, а вось — слоік з варэннем. А вось малако. Але глядзі! Гэта сапраўдная раскоша. Я мусіла нават абгарнуць тканінай, бо...

Але ёй не трэба было казаць, нашто яна абгарнула. Пах ужо разліўся ў пакоі — багаты і густы пах, падобны да пахаў ранняга маленства, які часам сустракаўся нават і цяпер. Часам ён чуўся ў нейкім праходзе, пакуль з грукатам не зачыняліся дзверы; ён загадкава лунаў у натоўпе людзей, паяўляўся і губляўся зноў.

— Гэта кава, — прашаптаў ён, — сапраўдная кава.

— Гэта кава для сябраў Унутранай Партыі. Тут цэлы кілаграм, — сказала яна.

— Як ты ўсё гэта дастала?

— Гэта ўсё прадукты для Ўнутранай Партыі. У гэтых свінняў ёсць усё, абсалютна ўсё. Але, вядома, афіцыянты, слугі, людзі крадуць патроху і... Глядзі, тут яшчэ ёсць пакецік з гарбатай.

Ўінстан прысеў побач з ёй. Ён абарваў ражочак пакета і раскрыў яго.

— Гэта сапраўдная гарбата. Не парэчкавае лісце.

— Нядаўна завезлі вялікую партыю гарбаты. Яны заваявалі Індыю ці нейкую іншую краіну, — сказала яна няпэўна. — Але паслухай, любы мой. Адвярніся, калі ласка, на тры хвіліны. Сядзь на той край ложка. Не надта блізка да акна. І не паварочвайся, пакуль я не скажу.

Ўінстан няўважна глядзеў праз муслінавую фіранку. Унізе, у двары, жанчына з чырвонымі рукамі ўсё яшчэ сноўдалася паміж балеяй і вяроўкай. Яна дастала з рота дзве драўляныя зашчапкі і натхнёна заспявала:

Кажуць, з часам загояцца раны
І не ўспомніш пра боль, пра ману.
Але слёзы і смех тых забытых уцех
Закрануць майго сэрца струну.

Здавалася, яна ведала на памяць усе словы гэтай ідыёцкай песні. Яе голас, мілагучны і шчасліва-сумны, гучаў у цёплым летнім паветры. Здавалася, што яна і сапраўды шчаслівая, толькі б гэты чэрвеньскі дзень цягнуўся бясконца, а балея з бялізнай была бяздонная; яна мела б за шчасце заставацца тут тысячу гадоў, развешваць пялюшкі і спяваць розную лухту. Ўінстана ўразіў дзіўны факт: ён ніколі не чуў, каб сябра Партыі спяваў адзін і сам сабе. Гэта здалося б трошкі нядобранадзейным, гэта быў бы небяспечны выбрык, як размова з самім сабой. Можа, толькі людзям, якім пагражае галодная смерць, няма чаго баяцца, і яны спяваюць.

— А цяпер можаш павярнуцца, — сказала Джулія.

Ён павярнуўся і нейкую хвіліну не мог яе пазнаць. Ён чакаў убачыць яе голую, але яна была не голая. Перамена, што адбылася ў ёй, была значна дзіўнейшая. Яна нафарбавала твар.

Напэўна, яна зайшла ў нейкую крамку ў пролаўскіх кварталах і купіла поўны касметычны набор. Вусны ў яе былі цёмна-чырвоныя, шчокі нарумяненыя, нос напудраны. Нават пад вачыма было нешта, што дадавала ім бляску. Зроблена гэта было не надта ўмела, але Ўінстанавы веды ў гэтай галіне каштавалі няшмат. Ніколі раней ён не бачыў і не мог сабе ўявіць партыйную жанчыну з нафарбаваным тварам. Перамена ў яе абліччы была неверагодная. Усяго некалькі штрыхоў там, дзе трэба, і яна зрабілася не толькі прыгажэйшая, але і больш жаноцкая. Кароткія валасы і хлапечы камбінезон толькі ўзмацнялі ўражанне. Калі ён абняў яе, у нос яму ўдарыў пах штучных фіялак. Ён прыгадаў прыцемкі кухні ў сутарэнні і пусты рот жанчыны. Парфума была такая самая, але цяпер, здавалася, гэта было неістотна.

— І парфума таксама! — сказаў ён.

— Так, каханы, і парфума. А ведаеш, што я зраблю другім разам? Я дастану сапраўдную жаночую сукенку і надзену яе замест гэтых ідыёцкіх штаноў. У мяне будуць шаўковыя панчохі і туфлікі на высокіх абцасах. У гэтым пакоі я буду жанчынай, а не таварышам па Партыі.

Яны раздзеліся і залезлі ў вялізны ложак з чырвонага дрэва. Упершыню Ўінстан раздзяваўся перад ёй. Дагэтуль ён саромеўся свайго бледнага і худога цела, разбухлых жыл на нагах і бясколернай плямы над костачкай. Бялізны не было, але коўдра, на якую яны леглі, была працертая і гладкая. Памеры і мяккасць ложка ўразілі іх абаіх.

— Гэты ложак, напэўна, поўны клапоў? — сказала Джулія.

Такіх ложкаў на дваіх болей нідзе нельга было ўбачыць, хіба што толькі ў пролаў. У дзяцінстве Ўінстану даводзілася спаць у такім ложку. Джулія, наколькі яна памятала, ніколі на такім ложку не ляжала.

Яны на хвілінку заснулі. Калі Ўінстан прачнуўся, стрэлкі на гадзінніку ўжо перасунуліся на лічбу «дзевяць». Ён не варушыўся, бо Джулія спала, паклаўшы галаву яму на плячо. Большая частка касметыкі была цяпер на Ўінстанавым твары і на падушцы, але лёгкае ружовае адценне яшчэ трымалася, падкрэсліваючы прыгажосць яе твару. Жоўты прамень закатнага сонца ўпаў на ложак і асвятліў камін, дзе ў рондалі кіпела вада. Унізе, у двары, жанчына ўжо не спявала, але адтуль даляталі прыглушаныя крыкі дзяцей. Ўінстан задумаўся, ці ў скасаванай мінуўшчыне лічылася нармальным, калі свежым летнім вечарам мужчына і жанчына ляжалі вось у такім ложку раздзетыя і займаліся каханнем, калі хацелі, гаварылі, пра што хацелі, не адчуваючы патрэбы ўставаць, проста ляжалі і слухалі спакойныя гукі з вуліцы. Напэўна, не было такіх часоў, калі б гэта лічылася натуральным... Джулія прачнулася, працерла вочы, прыўзнялася і абаперлася на локаць, каб паглядзець на керагаз.

— Палова вады выкіпела, — сказала яна. — Зараз я ўстану і зраблю кавы. У нас яшчэ ёсць гадзіна. Калі ў цябе тушаць святло?

— У дваццаць тры трыццаць.

— У маім інтэрнаце ў дваццаць тры. Але табе трэба вярнуцца раней, бо... Гэй! Пайшла прэч, паганая жывёліна!

Яна перавярнулася ў ложку, схапіла з падлогі туфлік і з размаху шпурнула яго ў кут, рэзкім юнацкім узмахам рукі, зусім гэтак, як аднойчы ўранку яна кінула слоўнік у Гольдштэйна пад час Двуххвілінкі Нянавісці.

— Што гэта было? — здзіўлена запытаўся ён.

— Пацук. Ён высунуў свой паскудны нос з-за шалёўкі. Там дзірка. Але я добра яго напалохала.

— Пацукі, — прашаптаў Ўінстан. — У гэтым пакоі!

— Ды яны тут паўсюль, — безуважна сказала Джулія і легла зноў. — У нас у інтэрнаце яны ёсць нават на кухні. У Лондане ёсць раёны, дзе яны кішма кішаць. Ты ведаеш, што яны нападаюць на дзяцей? Але, на дзяцей. На некаторых вуліцах жанчыны баяцца пакінуць дзіця адно на дзве хвіліны. Вялікія бурыя пацукі. А самае жахлівае, што гэтыя паганыя стварэнні заўсёды...

— Не кажы далей! — закрычаў Ўінстан, шырока расплюшчыўшы вочы.

— Каханы! Ты ўвесь збялеў! Што з табою? Ці не ад пацукоў табе так блага?

— З усіх жахаў на свеце... пацук!

Яна прытуліла яго да сябе, абняла, нібы хочучы супакоіць яго цеплынёй свайго цела. Ён расплюшчыў вочы не адразу. Некалькі хвілін яму здавалася, што ён зноў перажывае тое страшнае мроенне, што час ад часу наведвала яго праз усё жыццё. Карціна была амаль заўсёды тая самая. Ён стаяў перад сцяною цемры, а па той бок сцяны было штосьці невыноснае, штосьці такое жахлівае, што і падысці было страшна. У сваім сне ён заўсёды ў глыбіні душы адчуваў самападман, бо, праўду кажучы, ён ведаў, што было за гэтай сцяною. І ён мог бы апошнім жыццёвым намаганнем, нібы вырваўшы кавалак мозгу, адкрыць тое святлу. Але заўсёды ён прачынаўся, так і не ўбачыўшы, што там было. Але яно нейкім чынам было звязана з тым, што хацела сказаць Джулія, калі ён яе перапыніў.

— Прабач, — сказаў ён. — Усё добра. Я не люблю пацукоў, вось і ўсё.

— Не хвалюйся, любы, гэтыя агідныя стварэнні сюды не пралезуць. Калі мы будзем адыходзіць, я заткну дзірку шматком радна, а калі прыйдзем другі раз, я прынясу трошкі алебастру і шчыльна закладу дзірку.

Хвіліна сляпога страху ўжо напалову забылася. Трошкі збянтэжаны, Ўінстан сеў, абапершыся на більца ложка. Джулія ўстала, надзела камбінезон і зварыла кавы. Пах, што ішоў з рондаля, быў такі моцны і спакуслівы, што яны зачынілі акно, баючыся, каб хто з вуліцы не пачуў і не зацікавіўся. Але яшчэ смачнейшым за каву быў аксамітна-мяккі смак цукру, пра які Ўінстан пасля столькіх гадоў сахарыну амаль зусім забыўся. Засунуўшы адну руку ў кішэню, трымаючы ў другой лусту хлеба, намазаную варэннем, Джулія задуменна хадзіла па пакоі. Яна безуважна агледзела кнігі, адзначыла, як найлепей адрамантаваць раскладны стол, села ў стары фатэль — ці зручна ў ім сядзець, паглядзела з зычлівай спагадай на дзівацкі гадзіннік з дванаццаццю лічбамі. Яна прынесла з сабою ў ложак шкляное прэс-пап'е, каб паглядзець на яго пад лепшым святлом. Ўінстан узяў яго ў яе з рук, як заўсёды, зачараваны мяккасцю і вадкай празрыстасцю шкла.

— Як ты думаеш, што гэта? — спыталася Джулія.

— Я не думаю, каб гэта магло нечым быць, я маю на ўвазе, не думаю, каб гэтым хтосьці некалі карыстаўся. Якраз гэта мне ў ім і падабаецца. Гэта маленькі кавалачак Гісторыі, які забыліся сфальшаваць. Гэта пасланне з мінулага стагоддзя, трэба толькі ўмець яго прачытаць.

— А гэтая карціна, — яна кіўнула галавой на гравюру, што вісела перад ёй на сцяне. — Ёй таксама сто гадоў?

— Нават болей. Можа, і дзвесце. Цяпер абсалютна немагчыма вызначыць век чаго б там ні было.

Яна падышла да карціны.

— Вось тут гэтая агідная жывёліна высунула нос, — сказала яна, пастукаўшы па шалёўцы пад самай карцінай. Яна паглядзела на гравюру. — Што гэта за мясціна? Я ўжо недзе гэта бачыла.

— Гэта царква, ці, прынамсі, некалі гэта было царквой. Яна звалася царквой Святога Клемента.

Яму прыгадаўся ўрывак вершыка, якому навучыў яго пан Чэрынгтан, і ён дадаў летуценна: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана...» На ягоны подзіў, яна адказала вершыкам:

Ты тры фартынгі даць мне павінен — б'юць званы ў Святога Марціна.
Ці заплоціш ты мне ў нядзелю — загудзелі званы ў Старым Бэйлі.

Далей я не памятаю. Але памятаю, што гэта канчаецца так: «Вось і свечка, — каб спаткі давесці, Вось сякера — галованьку знесці.»

Гэта было як дзве часткі паролю. Але быў яшчэ адзін радок пасля «званоў Старога Бэйлі». Можа, удасца здабыць яго з памяці пана Чэрынгтана, добра яе раскатурхаўшы.

— Адкуль ты гэта ведаеш? — спытаўся ён.

— Ад дзеда. Ён звычайна паўтараў мне гэты вершык, як я была малая. Яго выпарылі, калі мне было восем гадоў. Ва ўсякім разе, ён знік. Але што ж такое лімон? — дадала яна знянацку. — Я бачыла апельсіны. Гэта круглыя жоўтыя плады з тоўстай скуркай.

— Я памятаю лімоны, — сказаў Ўінстан. — Яшчэ ў пяцідзесятыя гады яны не былі рэдкасцю. Яны былі такія кіслыя, што толькі панюхаеш, і ўжо зубы баляць.

— За гэтай карцінай, напэўна, шмат клапоў, — сказала Джулія. — Калі-небудзь я яе здыму і добра ўсё прыбяру. Здаецца, нам ужо пара ісці. Мне трэба прыбрацца і змыць з твару пудру. Як шкада! Пасля я адмыю твой твар ад памады.

Ўінстан паляжаў яшчэ некалькі хвілін. У пакоі гусцелі прыцемкі. Ён павярнуўся да святла і ляжаў, не зводзячы вачэй з прэс-пап'е. Невычэрпна цікавы быў не кавалак каралу, а нутро самога шкла. У гэтым прадмеце была такая глыбіня! І разам з тым ён быў празрысты, амаль як паветра. Здавалася, што паверхня шкла была нябесным скляпеннем, пад якім хаваўся цэлы маленькі сусвет. Яму здавалася, што ён можа ўвайсці ў гэты сусвет. Ён уяўляў сабе, што ён і папраўдзе там, у шкле, разам з гэтым ложкам з чырвонага дрэва, з раскладным столікам, з гадзіннікам, са старасвецкаю гравюрай і з самім прэс-пап'е. Прэс-пап'е было пакоем, дзе ён знаходзіўся, а карал быў жыццём Джуліі і ягоным уласным, і жыцці іхныя злучаліся ў вечнасці ў сэрцы крышталю.

5

Сайм знік. Аднойчы раніцай ён не прыйшоў на працу. Сёй-той растлумачыў яго адсутнасць легкадумна, без асаблівай трывогі. Назаўтра ніхто ўжо пра яго не памятаў. На трэці дзень Ўінстан зайшоў у вестыбюль аддзела дакументацыі, каб паглядзець стэнд з аб'явамі. У адной аб'яве быў спіс сябраў Шахматнага камітэта, куды ўваходзіў Сайм. Спіс быў амаль такі самы, як і раней, нічога не было выкраслена. Але ён быў на адно прозвішча карацейшы. Гэтага было дастаткова. Сайм болей не існаваў. Ён не існаваў ніколі.

Стаяла нясцерпная спёка. У міністэрскіх лабірынтах, у пакоях без вокнаў, з кандыцыянаваным паветрам, захоўвалася нармальная тэмпература. Але на вуліцы тратуары апякалі ногі, а ў метро ў час пік стаяў невыносны смурод. Падрыхтоўка да Тыдня Нянавісці ішла поўным ходам, і работнікі ўсіх міністэрстваў працавалі звыш нормы. Дэманстрацыі, сходы, ваенныя парады, лекцыі, выставы васковых фігур, кінафільмы, тэлепраграмы — усё гэта трэба было арганізаваць. Трэба было паставіць трыбуны, устанавіць партрэты, прыдумаць лозунгі, напісаць песні, пусціць чуткі, сфальшаваць фатаграфіі. Секцыю Джуліі ў аддзеле мастацкай літаратуры знялі з вытворчасці раманаў, і цяпер яны выпускалі серыю вострапамфлетных брашур. Ўінстан, апрача сваёй звычайнай працы, кожнага дня гадзінамі сядзеў над старымі падшыўкамі «Таймз», перарабляючы і прыхарошваючы матэрыялы, што меліся цытавацца ў прамовах. Позна ўвечары, калі пролы шумлівымі натоўпамі бадзяліся па вуліцах, горад меў нейкі дзіўны, хваравіты выгляд. Ракетныя бомбы падалі часцей, чым звычайна. Часам аднекуль здалёк чуліся жахлівыя выбухі, прычыну якіх ніхто не мог растлумачыць і пра якія хадзілі неверагодныя чуткі.

Ужо была напісана новая песня, што павінна была стаць галоўнай мелодыяй Тыдня Нянавісці (яна называлася «Песня Нянавісці»), і яна бясконца грымела з тэлеглядаў. Гэта быў рытмічны дзікі брэх, які нельга было назваць музыкай, ён нагадваў хутчэй барабанны грукат. Калі гэтую песню раўлі сотні глотак пад рытмічны тупат ног, рабілася страшна. Пролам яна вельмі спадабалася, і сярод ночы на вуліцах яна спаборнічала з усё яшчэ папулярнай «То была безнадзейная мара». Парсансавы дзеці дудукалі яе цэлы дзень і ноч на грабенчыку і шматку туалетнай паперы. Вечарамі Ўінстан быў заняты болей, чым звычайна. Сабраныя Парсансам брыгады добраахвотнікаў рыхтавалі вуліцу да Тыдня Нянавісці. Яны шылі сцягі, малявалі плакаты, ставілі дзержакі для сцягоў на дахах, рызыкуючы жыццём, нацягвалі праз вуліцу дрот і вешалі на ім транспаранты. Парсанс хваліўся, што адзін толькі дамовы блок «Перамога» вывесіць чатырыста метраў транспарантаў. Ён быў у сваёй стыхіі і адчуваў сябе бясконца шчаслівым. Гарачыня і фізічная праца далі яму нагоду хадзіць вечарамі ў шортах і кашулі з кароткімі рукавамі. Ён паспяваў паўсюль — штурхаў, цягнуў, пілаваў, заганяў цвікі, імправізаваў, падбадзёрваў усіх сяброўскімі воклічамі і выдзяляў усімі складкамі цела невычэрпныя запасы смярдзючага поту.

На сценах паўсюль у Лондане нечакана з'явіўся новы плакат. На ім не было ніякіх надпісаў, была толькі пачварная постаць эўразійскага салдата трох-чатырох метраў вышынёй, з безуважным мангольскім тварам, вялізнымі ботамі. Ён ступаў шырокім крокам з нацэленым наперад аўтаматам. Адкуль ні глядзець на плакат, здавалася, што аўтамат нацэлены проста ў цябе. Гэтыя плакаты былі наклееныя на ўсіх свабодных месцах, на кожнай сцяне, іх было нават болей, чым партрэтаў Вялікага Брата. Пролы, звычайна абыякавыя да вайны, былі ўзрушаныя, іх ахапіла чарговая хваля шалёнага патрыятызму. Нібы ладзячыся пад агульны настрой, ракетныя бомбы забівалі людзей болей, чым звычайна. Адна з іх упала ў запоўнены да краёў кінатэатр у Стэпні і пахавала пад руінамі сотні ахвяр. Усе навакольныя жыхары выйшлі на пахаванне. Яны наладзілі доўгае шэсце, якое цягнулася гадзінамі і было, па сутнасці, дэманстрацыяй абурэння. Другая бомба ўпала на вялікую пустку, дзе звычайна гулялі дзеці. Дзесяткі дзяцей былі забітыя і разарваныя на шматкі. Былі і іншыя праявы гневу. Было спалена чучала Гольдштэйна. Сотні плакатаў з эўразійскім салдатам былі сарваныя і кінутыя ў агонь, а тым часам у агульным замяшанні было абрабавана нямала крамаў. Пасля разышлася чутка, што шпіёны скіроўваюць бомбы праз радыё, і натоўп падпаліў дом адной старой пары, якую западозрылі ў тым, што яны іншаземнага паходжання. Яны задыхнуліся ў агні.

У пакойчыку над крамай пана Чэрынгтана Джулія і Ўінстан, калі ім выпадала туды прыйсці, клаліся побач на ложку без коўдры, голыя, пад расчыненым акном, каб уратавацца ад спёкі. Пацук болей не прыходзіў, але клапоў такім гарачым часам напладзілася процьма. Ды, як здавалася, гэта не мела значэння. Брудны або чысты, пакой гэты быў раем. Прыйшоўшы, Ўінстан і Джулія звычайна насыпалі паўсюль купленага на чорным рынку перцу, раздзяваліся, кахаліся, заліваючыся потам, і засыналі. Прачнуўшыся, яны заўважалі, што клапы вярнуліся і рыхтаваліся на контратакі.

За ўвесь чэрвень яны сустрэліся чатыры, пяць, шэсць, сем разоў. Ўінстан страціў звычку піць джын абы-калі. Здавалася, ён быў яму болей непатрэбны. Ён памажнеў, язва на назе загаілася, засталася толькі рудая плямка. Ранішні кашаль болей не мучыў яго. Жыццё перастала быць невыносным, яму ўжо болей не хацелася строіць грымасы тэлегляду і крычаць дзікім голасам брыдкія словы. Цяпер, калі ў іх быў патаемны і надзейны прытулак, амаль што дом, іх нават ужо не засмучала, што яны сустракаліся зрэдку і кожны раз толькі на некалькі гадзін. Важна, што гэты пакойчык над антыкварнай крамай увогуле існаваў. Ведаць, што ён там, некрануты, было амаль тое самае, што і быць там. Пакойчык быў сусветам, прыстаннем мінуўшчыны, дзе можна сустрэць даўно вымерлых жывёлін. Пан Чэрынгтан, думаў Ўінстан, таксама вымерлая жывёліна. Перш чым падняцца ў пакойчык, ён звычайна затрымліваўся на колькі хвілін, каб з ім пагаварыць. Здавалася, што стары выходзіць з крамы вельмі рэдка ці нават увогуле не выходзіць, а з другога боку, як выглядала, да яго ніхто не заходзіў. Ён вёў прывіднае існаванне паміж маленькай цьмянай крамай і яшчэ меншай кухняй, дзе гатаваў сабе ежу. У гэтай кухні сярод іншага можна было ўбачыць неверагодна стары грамафон з вялізнай трубою. Пан Чэрынгтан, здавалася, быў вельмі рады пагаварыць. Калі ён хадзіў сярод сваіх нікому не патрэбных рэчаў, з доўгім носам, тоўстымі акулярамі, угнутымі плячыма, у аксамітнай куртцы, ён заўсёды нагадваў хутчэй калекцыянера, чым гандляра. З нейкім вялым захапленнем ён дакранаўся да тое ці іншае рэчы — фарфоравай затычкі, маляванага вечка зламанай табакеркі, таннага медальёна з пасмачкай валасоў даўно памерлага дзіцяці. Ён ніколі не прапаноўваў Ўінстану купіць і задавальняўся тым, што выклікаў у яго захапленне. Гаварыць з ім было як слухаць старую музычную скрынку. Ён выцягнуў з глыбіняў памяці іншыя ўрыўкі забытых вершыкаў. У адным з іх гаварылася пра дваццаць чатыры дразды, у другім — пра карову з адламаным рогам. У яшчэ адным было пра смерць беднага пеўня Робіна. «Мне здалося, што гэта можа вас зацікавіць», — казаў ён, вінавата ўсміхаючыся, пасля кожнага новага ўрыўка. Але ён памятаў толькі некалькі радкоў з кожнага верша.

Ўінстан і Джулія ведалі — так ці інакш яны заўсёды гэта ўсведамлялі — тое, што цяпер адбываецца, не можа працягвацца доўга. Былі хвіліны, калі думка пра непазбежную смерць была гэткая ж рэальная, як і ложак, на якім яны ляжалі, і тады яны абдымаліся з нейкай адчайдушнай пяшчотай, як засуджаныя на смерць, якія за пяць хвілін перад тым, як праб'е іх апошняя гадзіна, спрабуюць ухапіць апошнія глыткі шчасця. Але былі моманты, калі яны адчувалі сябе ў бяспецы, ім здавалася нават, што ўсё гэта можа цягнуцца доўга. Пакуль яны былі ў пакоі, абаім здавалася, што ім нічога не пагражае. Шлях туды быў цяжкі і небяспечны, але сам пакой быў недатыкальнай святыняй. Гэта было падобна на тое, як Ўінстан, узіраючыся ў глыбіні прэс-пап'е, уяўляў сабе, што ён можа пранікнуць у той шкляны сусвет і, апынуўшыся там, спыніць ток часу. Часта яны марылі пра ўцёкі. Ім будзе шанцаваць вечна, і да канца наканаванага ім жыцця яны будуць кахаць адно аднаго, як і дагэтуль. Або Кэтрын памрэ, і праз хітрыя манеўры ім удасца ажаніцца. Або яны разам скончаць самагубствам. Або яны знікнуць, непазнавальна зменяць аблічча, навучацца гаварыць з пролаўскім акцэнтам, знойдуць працу на нейкім заводзе і пражывуць усё жыццё незаўважна ў нейкім далёкім завулку. Але ўсё гэта, як яны абое ведалі, было пустым глупствам. У сапраўднасці ніякага паратунку не было. Яны нават не збіраліся ажыццяўляць адзіна рэальны план — самагубства. Трымацца дзень у дзень, тыдзень за тыднем, каб працягнуць цяпершчыну, у якой не было будучыні — гэта быў непераможны інстынкт, як, скажам, лёгкія чалавека працягваюць дыхаць, пакуль ёсць чым дыхаць.

Часам яны гаварылі таксама пра адкрытае паўстанне супраць Партыі, але не мелі ніякага ўяўлення аб тым, з чаго пачаць. Нават калі легендарнае Братэрства і існавала, выйсці на яго было надзвычай цяжка. Ўінстан расказаў ёй пра дзіўную сувязь, што існавала, ці здавалася, што існавала, паміж ім і О'Браэнам, пра тое, што часам яму хацелася проста пайсці да О'Браэна, абвясціць яму, што ён, Ўінстан, — вораг Партыі, і папрасіць у яго дапамогі. Як ні дзіўна, немагчымая дзёрзкасць гэткага ўчынку не ўразіла Джулію. Яна прызвычаілася меркаваць аб людзях па іх тварах, і ёй здавалася натуральным, што Ўінстан паверыў О'Браэну, толькі ўбачыўшы яго позірк. Да таго ж яна лічыла само сабой зразумелым, што ўсе ці амаль усе ў душы ненавідзяць Партыю і паўсталі б супраць яе законаў, калі б ведалі, што ім нічога не будзе пагражаць. Але яна адмаўлялася верыць, што існавала або магла існаваць шырока арганізаваная апазіцыя. Байкі пра Гольдштэйна і яго падпольную армію, казала яна, былі чыстай лухтой, якую Партыя прыдумала для сваіх мэтаў, і ўсе толькі прыкідваюцца, што гэтаму вераць. Незлічоную колькасць разоў на партыйных сходах, спантанных дэманстрацыях яна, крычучы на ўсё горла, патрабавала пакараць людзей, чыіх імёнаў яна дагэтуль ніколі не чула і ва ўяўныя злачынствы якіх ні на кроплю не верыла. Пад час паказальных працэсаў яна займала сваё месца ў атрадах Юнацкага Саюза, якія з раніцы да вечара стаялі перад будынкам суда і час ад часу крычалі: «Смерць здраднікам!» Пад час Двуххвілінак Нянавісці яна заўсёды гучней за іншых выкрыквала абразы Гольдштэйну. Нягледзячы на гэта, яна мела самае цьмянае ўяўленне пра тое, хто такі ўвогуле Гольдштэйн і з якімі ідэямі ён выступае. Яна вырасла пасля Рэвалюцыі і была занадта маладая, каб памятаць ідэалагічныя бітвы пяцідзесятых і шасцідзесятых гадоў. Гэткая рэч, як незалежны палітычны рух, была недасяжная яе ўяўленню: Партыя раз і назаўсёды была непераможная. Яна будзе існаваць заўсёды, і заўсёды будзе заставацца такою, як дагэтуль. Паўстаць супраць яе можна было толькі праз патаемную непакорлівасць або ў крайнім выпадку праз асобныя гвалтоўныя акты — забіць некага або пусціць што-кольвек у паветра.

У некаторых адносінах яна была значна разумнейшая за Ўінстана і значна менш падатная на партыйную прапаганду. Калі ён неяк выпадкова, гаворачы пра нешта іншае, прыгадаў вайну з Эўразіяй, яна вельмі здзівіла яго, сказаўшы, што, на яе думку, ніякай вайны ўвогуле няма. Ракетныя бомбы, якія штодня падаюць на Лондан, запускае, мабыць, сам урад Акіяніі, «проста каб трымаць людзей у страху». Гэтая думка ніколі не прыходзіла яму ў галаву. І яшчэ яму зрабілася ледзь не зайздросна, калі яна прызналася, што пад час Двуххвілінак Нянавісці яна больш за ўсё зважае на тое, каб не засмяяцца. Але яна ставіла пад сумненне вучэнне Партыі толькі тады, калі яно нейкім чынам датычыла яе ўласнага жыцця. Часта яна была гатовая прыняць афіцыйны міф проста таму, што розніца паміж праўдай і хлуснёй уяўлялася ёй неістотнай. Яна верыла, напрыклад, што, як яе вучылі ў школе, Партыя вынайшла самалёты. (Ўінстан памятаў, што, калі ён вучыўся ў школе, у канцы пяцідзесятых, Партыя прыпісвала сабе толькі вынаходку верталёта; праз дзесятак гадоў, калі ў школе вучылася Джулія, Партыя ўжо дадала сюды і самалёты; яшчэ праз пакаленне яна прыпіша сабе і паравую машыну.) Калі ён сказаў ёй, што самалёты існавалі яшчэ да яго нараджэння і задоўга да Рэвалюцыі, яна не надала гэтаму вялікай увагі. Дый, зрэшты, якая розніца, хто там вынайшаў самалёты? Ён быў уражаны яшчэ больш, калі з нейкай нязначнай заўвагі зразумеў, што яна не памятае, як чатыры гады таму Акіянія ваявала з Усходазіяй і была ў замірэнні з Эўразіяй. І хоць яна лічыла ўсю гэтую вайну фікцыяй, аднак, відаць, увогуле не заўважала, што імя ворага змянілася.

— А я думала, што мы заўсёды ваявалі з Эўразіяй, — сказала яна безуважна.

Гэта трошкі спалохала Ўінстана. Самалёты былі вынайдзены задоўга да яе нараджэння, але змена праціўніка ў вайне адбылася ўсяго чатыры гады таму, калі Джулія даўно ўжо была дарослая. Ён спрачаўся з ёй пра гэта, можа, чвэрць гадзіны. Урэшце яму ўдалося прымусіць яе заглыбіцца ў памяць і няясна прыгадаць, што некалі ворагам была не Эўразія, а Ўсходазія. Але і гэтая выснова не мела для яе асаблівае важнасці.

— Ці не ўсё роўна? — нецярпліва адказала яна. — Заўсёды паскудныя войны, адна за адной, і ўсё роўна ведаеш: так ці так усе навіны з фронту — хлусня.

Часам ён расказваў ёй пра аддзел дакументацыі і пра ганебныя фальшаванні, што там чыняцца. Здавалася, гэтыя справы зусім яе не палохалі. Яна не адчувала бездані пад нагамі пры думцы, што хлусня стаецца праўдай. Ён расказаў ёй гісторыю Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда і пра тую надзвычай важную газетную выцінку, якую ён аднойчы трымаў у руках. Яе гэта не надта ўразіла. Спачатку яна нават не зразумела, у чым сутнасць гэтай гісторыі.

— Гэта былі твае сябры? — спыталася яна.

— Не, я ніколі іх не ведаў. Гэта былі сябры Ўнутранай Партыі. Да таго ж, значна старэйшыя за мяне. Яны былі са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькі ведаў іх з твару.

— Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забіваюць, праўда?

Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.

— Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка не проста пра тое, што некага прыкончылі. Ці разумееш ты, што мінулае, аж да ўчарашняга дня, было знішчана, сцерта з памяці! Калі яно дзе і застаецца, дык толькі ў нешматлікіх нежывых рэчах, да якіх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нічога не ведаем пра Рэвалюцыю і пра тое, што было да яе. Усе дакументы былі знішчаныя або сфальшаваныя, усе кнігі перапісаныя, усе карціны перамаляваныя нанава, усе помнікі, вуліцы, будынкі перайменаваныя, усе даты змененыя. І працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвіліну. Гісторыя спынілася. Не існуе нічога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мінулае сфальшавана, але я ніколі б не здолеў гэтага давесці, нават калі я і сам удзельнічаў у фальшаванні. Як толькі справа зроблена, ніякіх доказаў не застаецца. Адзіны доказ існуе ў маёй галаве, і ў мяне няма ніякай пэўнасці, што яшчэ хоць адна чалавечая істота памятае тое, што і я. Толькі той адзіны раз у жыцці я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.

— І што гэта дало?

— Нічога, бо праз пару хвілін я выкінуў тую паперку. Але, калі б гэта адбылося сёння, я б яе захаваў.

— А я — не, — адказала Джулія. — Я гатовая рызыкаваць, але дзеля чагосьці вартага, не дзеля нейкага газетнага шматка. Што б ты з ім рабіў, нават калі б і захаваў?

— Можа б, і нічога, але гэта быў доказ. Магчыма, сям-там ён пасеяў бы сумненні, калі б я наважыўся яго некаму паказаць. Не думаю, каб мы маглі нешта змяніць за сваё жыццё. Але можна ўявіць, што вузельчыкі супраціву маглі б сям-там завязацца, купкі людзей злучаліся б, і іх было б усё болей і болей, і яны маглі б нават пакінуць па сабе нейкія запісы, каб наступнае пакаленне магло прадоўжыць справу там, дзе спыніліся мы.

— Наступнае пакаленне мяне не цікавіць, любы. Што мяне цікавіць, дык гэта — мы.

— Ты бунтаўніца толькі ніжэй поясу, — адказаў Ўінстан.

Яго жарт здаўся ёй страшна дасціпным, і яна абняла яго ў захапленні.

Яе зусім не цікавіла вучэнне Партыі ў дэталях і падрабязнасцях. Кожны раз, як ён пачынаў гаварыць пра прынцыпы Ангсоцу, пра двухдумства, пра зменлівасць мінулага, пра адмаўленне аб'ектыўнай рэальнасці і ўжываў пры гэтым навамоўныя словы, яна нудзілася, і бянтэжылася, і казала, што ніколі не зважала на гэтыя рэчы. І так вядома, што ўсё гэта лухта, дык нашто сабе галаву забіваць? Яна ведала, калі пляскаць у далоні, калі крычаць ад абурэння, і гэтага было дастаткова. Калі ён упарта працягваў гэткія размовы, яна звычайна засынала. Яна была з тых людзей, што могуць засынаць у любы час і ў любым становішчы. Гаворачы з ёй, ён зразумеў, як лёгка ўдаваць добранадзейнасць, не маючы нават найменшага ўяўлення, што гэта значыць. У пэўным сэнсе, партыйны светапогляд найбольш паспяхова прышчапляўся тым, хто няздольны яго зразумець. Такія людзі маглі прыняць нават самае відавочнае перакрыўленне рэальнасці, бо яны ніколі не маглі ахапіць розумам велізарнасць таго, што ад іх патрабавалі, і недастаткова цікавіліся грамадскімі праблемамі, каб заўважыць, што адбываецца навокал. Недахоп разумення дазваляў ім захаваць здаровы розум. Яны папросту праглыналі ўсё, і праглынутае ніколі не прыносіла ім ніякай шкоды, бо не пакідала ў іх ніякіх рэштак, гэтаксама як зярняты, праглынутыя птушкай, выходзяць з птушынага арганізма неператраўленыя.

6

Нарэшце гэта адбылося. Доўгачаканая вестка прыйшла. Ўінстану здавалася, што ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыццё.

Ён ішоў доўгім міністэрскім калідорам і амаль на тым самым месцы, дзе Джулія ўсунула яму ў руку цыдульку, пачуў, што нехта мажнейшы за яго ступае ззаду. Невядомая пакуль што асоба кашлянула, відавочна, падаючы знак, каб загаварыць. Ўінстан раптоўна спыніўся і азірнуўся. Гэта быў О'Браэн.

Нарэшце яны былі сам-насам, і Ўінстану здавалася, што адзіным яго жаданнем цяпер было ўцячы. Сэрца шалёна калацілася. Ён не здолее вымавіць ні слова. О'Браэн, аднак, прайшоў спакойна, на момант па-сяброўску ўзяў Ўінстана за руку, так, што яны пайшлі побач. Ён загаварыў з паважнай і адмысловай высакароднасцю, якая адрознівала яго ад большасці сябраў Унутранай Партыі.

— Я чакаў нагоды з вамі пагаварыць, — сказаў ён. — Неяк днямі я прачытаў ваш навамоўны артыкул у «Таймз». Вы, відаць, цікавіцеся навамоўем як спецыяліст?

Да Ўінстана пачаў вяртацца разважлівы спакой.

— Спецыяліст? О не. Я ўсяго толькі аматар, — адказаў ён. — Гэта не мая галіна. Я ніколі не меў дачынення да сучаснага моўнага будаўніцтва.

— Але вы пішаце вельмі зграбна, — сказаў О'Браэн. — І не адзін я так думаю. Нядаўна я гаварыў з адным вашым сябрам, ён, пэўна, эксперт у гэтай справе. Не магу цяпер прыгадаць яго імя.

Ўінстанава сэрца зноў шалёна забілася. Гэта не магло быць нічым іншым, як згадкай пра Сайма. Але Сайм быў не толькі мёртвы, ён быў выпараны, ён быў нечалавек. Любая відавочная спасылка на яго была смяротна небяспечная. Заўвага О'Браэна, напэўна, мусіла быць зразуметая як сігнал, як шыфр. Учыніўшы гэткае думзлачынства, яны сталі супольнікамі. Яны павольна ішлі далей па калідоры, пакуль О'Браэн не спыніўся. Забаўным, даверліва-прыязным рухам ён паправіў на носе акуляры і сказаў:

— Што я хацеў вам сказаць — у вашым артыкуле вы ўжылі састарэлыя словы. Але састарэлі яны зусім нядаўна. Ці бачылі вы 10-е выданне Слоўніка навамоўя?

— Не, — адказаў Ўінстан. — Я не думаў, што яно ўжо выйшла. Мы ў аддзяленні дакументацыі яшчэ карыстаемся дзевятым.

— Дзесятае выданне, я думаю, з'явіцца толькі праз пару месяцаў. Але некалькі асобнікаў ужо пушчаны ва ўжытак. Я сам маю адзін. Можа, вам будзе цікава паглядзець?

— Вельмі цікава, — адказаў Ўінстан, адразу зразумеўшы, куды хіліць гутарку О'Браэн.

— Некаторыя навінкі там проста геніяльныя. Скарачэнне колькасці дзеясловаў — думаю, вам гэта найбольш спадабаецца. Як жа мне перадаць вам слоўнік? Можа, паслаць каго, каб вам занеслі? Але я баюся, што я, як звычайна, проста забудуся. Ці, можа, зойдзеце да мяне, як будзе час? Пачакайце, я дам вам адрас.

Яны стаялі перад тэлеглядам. Няўважна абмацаўшы кішэні, О'Браэн выцягнуў адтуль маленькі нататнік у скураной вокладцы і залаты чарнакрэс. Пад самым тэлеглядам, так, што любы наглядчык на другім канцы мог прачытаць, што ён піша, ён накрэмзаў адрас, вырваў старонку і падаў яе Ўінстану.

— Вечарамі я звычайна бываю дома, — сказаў ён. — Калі не будзе мяне, слоўнік перадасць вам мой слуга.

Ён пайшоў, пакінуўшы Ўінстана з паперкай у руцэ. Гэтым разам цыдулку не трэба было хаваць. Тым не меней ён уважліва прачытаў і запомніў напісанае і праз некалькі гадзін кінуў цыдулку разам з кучай іншых паперак у дзіру памяці.

Яны гаварылі не болей за дзве хвіліны. Сустрэча гэтая магла значыць толькі адно: яна была задумана, каб паведаміць Ўінстану адрас О'Браэна. Гэта было неабходна, бо даведацца пра нечы адрас можна было, толькі спытаўшыся ў самога адрасата. Ніякіх даведнікаў не існавала. «Калі захочаце мяне ўбачыць, знойдзеце мяне там», — вось што сказаў яму О'Браэн. А можа, нейкае сакрэтнае пасланне будзе схаванае ў самім слоўніку. Але, ва ўсялякім разе, было зразумела адно. Змоўніцкая арганізацыя, пра якую ён марыў, існавала, і ён выйшаў з ёю на сувязь.

Ён ведаў, што раней ці пазней яму прыйдзецца падпарадкоўвацца загадам О'Браэна. Можа, заўтра, а можа, яшчэ не так хутка — ён не ведаў. Ва ўсялякім разе, тое, што цяпер адбывалася, было працягам працэсу, які пачаўся шмат гадоў таму. Першым крокам была патаемная, міжвольная думка. Другім крокам быў дзённік. Ён перайшоў ад думак да слоў, а цяпер пераходзіў ад слоў да спраў. Апошнім крокам будзе нешта, што адбудзецца ў Міністэрстве Любові. І ён загадзя пагадзіўся з гэтым. Канец можна было прадбачыць ужо напачатку. Але было ў гэтым нешта жахлівае, ці, дакладней кажучы, гэта было нібы прадчуванне смерці, гэта было як быць трошкі меней жывым. Нават калі ён гаварыў з О'Браэнам, яго працінаў ледзяны холад, калі да яго свядомасці даходзіў сэнс слоў. Яму здавалася, што ён сыходзіць у глыбокую магілу, і яму не было лягчэй ад таго, што ён ведаў заўсёды: магіла тут, яна яго чакае.

7

Ўінстан прачнуўся з мокрымі ад слёз вачыма. Заспаная Джулія прытулілася да яго і прамармытала штось накшталт «Што з табой?».

— Я прысніў... — пачаў ён і замаўчаў. Было вельмі складана выказаць гэта словамі. Быў сон, і былі звязаныя з гэтым сном успаміны, якія ў гэтыя першыя хвіліны абуджэння не ішлі яму з галавы.

Ён зноў лёг, заплюшчыў вочы і зноў акунуўся ў мроі. Гэта быў прасторны і светлы сон, у якім усё ягонае жыццё паўстала перад ім, як краявід летнім вечарам пасля дажджу. Усё адбывалася ўнутры шклянога прэс-пап'е, але паверхня шкла была нябесным скляпеннем, і пад скляпеннем гэтым усё было прасякнута ясным мяккім святлом, так што можна было бачыць бязмежныя далячыні. У гэтым сне быў таксама рух рукой — у пэўным сэнсе ён і адыгрываў галоўную ролю, — рух ягонае маці, паўтораны праз трыццаць гадоў жыдоўскай жанчынай у кінакроніцы, рух, якім яна спрабавала схаваць ад куль малога хлопчыка, пакуль верталёты не разнеслі іх на шматкі.

— Ты ведаеш, я дагэтуль думаў, што забіў сваю маці, — сказаў Ўінстан.

— Чаму ты яе забіў? — перапытала Джулія праз сон.

— Ну як забіў, не фізічна.

У сне перад ім паўстаў вобраз маці, якою ён бачыў яе апошні раз, і ў першыя хвіліны пасля абуджэння яму прыгадаліся дробныя ўрыўкі падзеяў, звязаных з тым вобразам. Гэта быў успамін, які ён гадамі свядома выцясняў са сваёй памяці. Ён не памятаў дакладна, калі гэта адбылося, але яму было не менш як дзесяць гадоў, можа, нават і дванаццаць, калі гэта здарылася.

Яго бацька знік незадоўга да таго. Калі дакладна — ён ужо не мог прыгадаць. Ён лепей памятаў замяшанне і трывогу, якімі былі пазначаны тыя часы. Перыядычная паніка пад час авіяналётаў, пошукі сховішча ў станцыях метро, паўсюль крушні камення з бруку, нечытэльныя пракламацыі, развешаныя на ўсіх скрыжаваннях, атрады моладзі ў аднолькавых кашулях, бясконцыя чэргі каля булачных, перарывісты грукат кулямётаў удалечыні і асабліва — заўсёдны недахоп ежы. Ён памятаў, як доўгімі вечарамі яны з іншымі хлопчыкамі корпаліся ў сметніках і кучах адкідаў, знаходзілі жылкі капусных лістоў, бульбяныя лупіны, а часам нават засохлыя хлебныя скарынкі, якія яны старанна адціралі ад попелу. Яны таксама чакалі, як па вуліцы будуць праязджаць грузавікі з кормам для жывёлы. Часам іх трэсла на выбоінах, і на дарогу высыпалася макуха.

Калі знік бацька, маці не выказала ні здзіўлення, ні смутку, але ў ёй адбылася раптоўная перамена. Здавалася, яна страціла ўсю сваю сілу. Нават Ўінстану было зразумела, што яна чакала падзеі, якая павінна была неўзабаве адбыцца. Яна рабіла ўсё, што трэба, гатавала, мыла, цыравала, засцілала ложак, мяла падлогу, выцірала пыл, заўсёды вельмі павольна, без лішніх рухаў, як манекен, які ажыў сам па сабе. Яе мажнае, ладнае цела, здавалася, само сабой знерухомела. Цэлымі гадзінамі яна сядзела на ложку, амаль без руху, і карміла малодшую Ўінстанаву сястрычку — маленькую, хворую і ціхмяную дзяўчынку двух ці трох гадоў, падобную худзенькім тварам да малпачкі. Зрэдку яна абдымала Ўінстана і моўчкі туліла яго да сябе. Ён разумеў, нягледзячы на свой узрост і эгаізм, што рух гэты быў нейкім чынам звязаны з невядомай падзеяй, што павінна была адбыцца.

Ён прыгадаў пакойчык, у якім яны жылі, цьмяны пакойчык з цяжкім духам, палову якога, здавалася, займаў ложак, накрыты белай падшыванай коўдрай. У каміннай кратцы была газавая фаерка, там была яшчэ палічка, дзе ляжалі прадукты, а звонку, у калідоры, была бурая фаянсавая ўмывальня, адна на некалькі пакояў. Ён успамінаў застылую постаць маці, калі яна схілялася над фаеркай і мяшала нешта ў рондалі. Асабліва добра ён памятаў свой заўсёдны голад і брыдкія злосныя сваркі за сталом. Ён безупыну папракаў маці і пытаўся ў яе, чаму ў іх так мала ежы. Ён крычаў і сварыўся на яе. (Ён памятаў нават розныя адценні свайго голасу, што ўжо пачынаў заўчасна ламацца і часам неяк асабліва выбухаў.) Ці яшчэ ён крывадушна падлізваўся, каб атрымаць болей. Маці і рада была б даць яму болей. Яна пагаджалася, што ён, «хлопец», мусіць мець большую порцыю. Але колькі б яна яму ні клала, ён заўсёды патрабаваў болей. Кожны раз яна маліла яго не быць эгаістам, памятаць, што яго сястрычка хворая і таксама хоча есці. Усё было марна. Ён злосна крычаў, калі яна канчала яму накладаць, спрабаваў вырваць у яе з рук рондаль і лыжку, хапаў кавалкі з сястрыччынай талеркі. Ён ведаў, што пакідае галоднымі маці і сястру, але нічога не мог зрабіць. Ён нават адчуваў, што мае права так рабіць. Голад, ад якога крычала ўсё ягонае нутро, здавалася, апраўдваў яго. Паміж ядзеннем, калі маці не вартавала, ён увесь час краў убогія запасы ежы ў буфеце.

Аднойчы давалі шакаладную пайку. Шакаладу не было ўжо некалькі тыдняў ці нават месяцаў. Ўінстан выразна памятаў той каштоўны кавалачак шакаладу. Гэта была плітка на дзве унцыі (тады яшчэ лічылі на унцыі), якую трэба было падзяліць на траіх. Было зразумела, што падзяліць трэба на тры роўныя часткі. Чужым, незнаёмым голасам, быццам гаварыў нехта іншы, Ўінстан запатрабаваў сабе ўсю плітку. «Не будзь скнарай», — сказала яму маці. Пачалася доўгая спрэчка з папрокамі, крыкамі, стогнам, плачам, упіканнямі, торгам. Яго малая сястрычка, што ўчапілася аберуч за маці, як малпянятка, сядзела і вялікімі сумнымі вачыма глядзела на яго з-за матчынага пляча. Урэшце маці адламала тры чвэрткі пліткі і дала Ўінстану. Чвэрць засталася сястрычцы. Дзяўчынка ўзяла свой кавалак і пачала няўцямна на яго глядзець. Яна мо і не ведала, што гэта такое. Ўінстан глядзеў на яе хвіліну, пасля нечакана скокнуў, вырваў шакалад у яе з рук і пабег да дзвярэй.

«Ўінстан! Ўінстан! — клікала маці. — Вярніся, аддай сястрычцы шакалад!»

Ён спыніўся, але не вярнуўся. Маці трывожна глядзела на яго. І цяпер ён думаў пра тую падзею — ён не ведаў якую, — што неўзабаве павінна была адбыцца. Сястра, зразумеўшы, што ў яе нешта адабралі, ціхенька заплакала. Маці абхапіла яе рукамі і прыціснула тварыкам да грудзей. Нешта ў гэтым руху казала яму, што сястра хутка памрэ. Ён павярнуўся і выбег на сходы з шакаладам, што раставаў у яго ў руцэ.

Ён ніколі больш не бачыў сваёй маці. Калі ён праглынуў шакалад, яму зрабілася трошкі сорамна, і ён некалькі гадзін бадзяўся па вуліцы, пакуль голад не прыгнаў яго дадому. Калі ён вярнуўся, маці ўжо знікла. У тыя часы такія знікненні сталі ўжо звычайнай падзеяй. У пакоі ўсё засталося, як было, зніклі толькі маці і сястра. Яны не ўзялі з сабой ніякай вопраткі, нават матчынага паліта. Да сённяшняга дня ён так і не быў упэўнены, памерла яго маці або не. Цалкам магчыма, што яе проста выслалі ў лагер прымусовай працы. Што да сястрычкі, дык яе маглі аддаць, як і самога Ўінстана, у калонію для бяздомных дзяцей (іх называлі Перавыхаваўчымі цэнтрамі), якія паадчыняліся ў выніку грамадзянскай вайны. Можа, яе паслалі разам з маці ў лагер ці проста пакінулі паміраць абы-дзе.

Сон яшчэ выразна стаяў у вачах Ўінстана, асабліва той ахоўны, утульны рух маці, у якім, як здавалася, палягаў увесь сэнс гэтага сну. І яму прыпомніўся другі сон, які прымроіўся яму два месяцы раней. Дакладна гэтаксама, як яна сядзела з сястрычкай, што ўчапілася за яе, на ўбогім ложку з белай падшыванай коўдрай, у тым сне маці сядзела на караблі, што ішоў на дно, глыбока ўнізе. З кожнай хвілінай ён апускаўся ўсё глыбей, а яна, не зводзячы вачэй, глядзела ўгору на Ўінстана скрозь ваду, што ўсё болей і болей цямнела.

Ён расказаў Джуліі гісторыю знікнення маці. Не расплюшчваючы вачэй, яна павярнулася, каб легчы ўтульней.

— Напэўна, ты быў тады малым паскуднікам, — прамармытала яна праз сон. — Усе дзеці паскуднікі.

— Так, але галоўнае ў гэтай гісторыі...

З яе роўнага дыхання ён зразумеў, што яна зноў засынае. Яму хацелася яшчэ пагаварыць пра маці. Наколькі ён мог памятаць, яна не была незвычайная жанчына, а тым болей інтэлігентная. Аднак было ў ёй нешта шляхетнае, нешта чыстае, проста таму, што яна заўсёды заставалася верная сваім прыватным жыццёвым правілам. Яе пачуцці належалі ёй адной, і ніхто не мог іх змяніць. Ёй ніколі ў галаву не прыйшло б палічыць нейкае дзеянне бессэнсоўным толькі таму, што яно не мае ніякай практычнай мэты. Калі ты любіш некага, дык любіш, і калі няма болей чаго яму аддаць, аддаеш сваю любоў. Калі знік апошні кавалак шакаладу, маці абняла сваё дзіця. Гэта быў марны, непатрэбны рух, які нічога не мяняў, ад яго не стала болей шакаладу, ён не мог засланіць ад смерці ні дзіця, ні яе саму. І, аднак, яна лічыла гэты рух натуральным. Жанчына-ўцякачка на караблі таксама закрыла свайго хлопчыка рукамі, хоць гэта ратавала ад куль не болей, чым аркуш паперы. Партыя ўчыніла страшэннае злачынства, пераканаўшы людзей, што натуральныя памкненні і пачуцці не маюць ніякай карысці, і адначасова пазбавіўшы іх усялякай улады над матэрыяльным светам. Калі чалавек трапляў у кіпцюры Партыі, не было ўжо ніякай розніцы, адчувае ён нешта або не, робіць нешта або ўхіляецца рабіць. Што б там ні было, чалавек знікаў, а з ім знікалі і яго справы, і ні пра справы гэтыя, ні пра яго самога ніхто больш ніколі не чуў. Яго проста выкрэслівалі з гісторыі. Двума пакаленнямі раней гэта не здавалася людзям надта ўжо важным, бо тады яны не спрабавалі змяніць гісторыю. Імі кіравала вернасць сваім правілам, якіх яны ніколі не ставілі пад сумненне. Важнымі лічыліся толькі чалавечыя адносіны: зусім бескарысныя ўчынкі, пацалункі, слёзы, словы суцяшэння, сказаныя чалавеку, што памірае, маглі быць каштоўнымі самі па сабе. Раптам ён зразумеў, што гэтыя якасці захавалі пролы. Яны не былі верныя Партыі, краіне або ідэі, яны былі верныя адзін аднаму. Першы раз у жыцці ён падумаў аб пролах без пагарды, падумаў не толькі як аб інертнай цёмнай сіле, якая аднойчы абудзіцца і адновіць свет. Пролы засталіся чалавечнымі. Яны не счарсцвелі душой. Яны захавалі простыя пачуцці, якім яму даводзілася вучыцца нанава са свядомым намаганнем. Пры гэтай думцы ён згадаў, без відавочнай сувязі, пра тое, як некалькі тыдняў таму, убачыўшы на бруку адарваную руку, ён скінуў яе нагой у канаву, нібы капусную храпку.

— Пролы — гэта людзі, — гучна прамовіў ён. — А мы — не людзі.

— Чаму? — спыталася Джулія, прачнуўшыся зноў.

Ён падумаў хвілінку.

— Ці прыходзіла табе калі ў галаву, — сказаў ён, — што найлепш нам было б проста пайсці адсюль, пакуль не позна, і ніколі болей не сустракацца?

— Так, мой любы. Я не раз пра гэта думала. І ўсё ж я ніколі гэтага не зраблю.

— Дагэтуль нам шанцавала, — сказаў ён, — але доўга гэтак цягнуцца не можа. Ты маладая, выглядаеш нармальнай і бязвіннай. Калі ты будзеш трымацца далей ад такіх, як я, дык пражывеш яшчэ гадоў пяцьдзесят.

— Не. Я пра ўсё гэта думала. Я буду рабіць тое, што і ты. І не глядзі так змрочна на свет. Я так проста паміраць не збіраюся.

— Магчыма, мы будзем разам яшчэ паўгода, можа, год, але ўрэшце мы, напэўна, расстанемся. Ці ты сабе ўяўляеш, якія мы будзем самотныя? Калі мы трапім ім ў рукі, мы нічога, абсалютна нічога не зможам зрабіць адно аднаму. Калі я прызнаюся, яны цябе расстраляюць, і калі я не прызнаюся, яны ўсё роўна цябе расстраляюць. Што б я ні сказаў, што б я ні зрабіў, нават калі б я адмовіўся гаварыць, — я не здолею адкласці тваю смерць хоць на пяць хвілін. Ніводзін з нас не будзе ведаць, жывы другі ці ўжо мёртвы. Мы будзем абсалютна бяссільныя. Адзінае, што будзе важна, гэта не здрадзіць адно аднаму, хоць, урэшце, гэта нічога не зменіць.

— Што да прызнанняў, — сказала яна, — дык мы прызнаемся так ці так. Усе прызнаюцца. Нічога не зробіш. Там катуюць.

— Я маю на ўвазе не прызнанне. Прызнацца — не значыць здрадзіць. Важна не тое, што ты скажаш ці зробіш. Важна тое, што ты будзеш адчуваць. Калі яны прымусяць мяне перастаць цябе кахаць — вось тады будзе сапраўдная здрада.

Яна задумалася.

— Яны не здолеюць гэтага зрабіць, — сказала яна ўрэшце. — Гэта адзінае, што ім не пад сілу. Яны могуць прымусіць нас сказаць усё, што захочуць, але яны не могуць змусіць нас у гэта паверыць. Яны не могуць залезці нам у душу.

— І праўда, — сказаў ён, трохі акрыяўшы духам. — Праўда, яны не могуць залезці ў душу. Калі адчуваеш, што варта заставацца чалавекам, значыць, ты перамог.

Ён падумаў пра тэлегляд з заўсёды настаўленым вухам. Яны могуць сачыць удзень і ўначы, але, калі не губляеш развагі, можна іх абдурыць. Нягледзячы на ўсю іх хітрасць, яны так і не знайшлі сакрэту, які б дазволіў ім даведацца, пра што людзі думаюць. Інакш бывае, напэўна, калі трапіш ім у рукі. Ніхто не ведае, што адбываецца ў Міністэрстве Любові, але можна было здагадацца: катаванні, наркотыкі, адчувальныя прыборы, што вымяраюць нервовыя рэакцыі, паступовае знясільванне волі бяссоннем, адзінотай і няспыннымі допытамі. У любым выпадку, фактаў ад іх не схаваеш. Яны высвятляліся пад час следстваў, кат выцягваў любыя прызнанні. Але калі важна не застацца жывым, а застацца чалавекам, дык ці не ўсё роўна, дазнаюцца яны пра што ці не. Яны не маглі змяніць пачуццяў. Нават самому іх было не змяніць, нават і захацеўшы. Яны маглі да апошняй дробязі дазнацца пра тое, што ты сказаў, зрабіў або падумаў. Але самыя глубіні душы, схаваныя нават ад самога чалавека, былі ім недасяжныя.

8

Нарэшце яны зрабілі гэта!

Яны стаялі ў доўгім мякка асветленым пакоі. Гук у тэлеглядзе быў прыглушаны да ціхага шэпту. Раскошны сіні дыван быў пяшчотны, як аксаміт. У другім канцы пакоя за сталом пад лямпай з зялёным каптуром сядзеў О'Браэн. Абапал яго на стале ляжалі стосы паперы. Ён нават не падняў вачэй, калі слуга ўвёў Джулію і Ўінстана.

Сэрца Ўінстана калацілася так моцна, што ён баяўся, ці здолее гаварыць. Яны зрабілі гэта — была яго адзіная думка. Было неабачлівым глупствам увогуле прыйсці сюды, і ўжо сапраўдным вар'яцтвам — з'явіцца ўдваіх; хоць яны і прыйшлі рознымі дарогамі і сустрэліся толькі каля самых дзвярэй О'Браэна. Нават каб проста хадзіць у гэтых мясцінах, патрабавалася адчайная адвага. Толькі ў рэдкіх выпадках можна было пабачыць, як жывуць сябры Ўнутранай Партыі, ці хоць трапіць у квартал, дзе яны жывуць. Уся атмасфера вялізнага дамовага блока, пышнасць і раскоша ўсяго, што было навокал, нязвычныя пахі добрай ежы і добрага тытуню, бясшумныя і неверагодна хуткія ліфты, што паднімаліся і апускаліся без штуршкоў, слугі ў белых марынарках, што сноўдалі сюды-туды — усё гэта наводзіла на страх. Хоць Ўінстан і меў важкую прычыну сюды прыйсці, усё ж на кожным кроку яго мучыў страх, што з-за рага з'явіцца патрульны ў чорнай уніформе, запатрабуе ў яго дакументы і загадае выйсці. Аднак слуга О'Браэна сустрэў іх абаіх без пярэчанняў. Гэта быў нізенькі чарнявы чалавечак, падобны да кітайца, апрануты ў белую марынарку, з ромбападобным безуважным тварам.

Калідор, па якім ён іх вёў, быў засланы пышным дываном, на сценах былі крэмавыя шпалеры і белая шалёўка, усё блішчала ад чысціні. І гэта таксама дадавала страху. Ўінстан не памятаў, ці бачыў ён калі ў жыцці калідор са сценамі, не запэцканымі плямамі ад дотыкаў чалавечых цел.

О'Браэн трымаў у руках кавалачак паперы і, здавалася, уважліва яго вывучаў. Яго важкі твар, нахілены так, што былі відны абрысы носа, здаваўся адначасова страшным і інтэлігентным. Секунд дваццаць ён сядзеў нерухома. Пасля падсунуў да сябе мовапіс і прадыктаваў распараджэнне на гібрыдным міністэрскім жаргоне:

— «Пункт адзін коска пяць коска сем цалкам прыняты кропка прапанова пункт шэсць звышплюссмешны блізка думзлачын скасаваць кропка спыніць будаўніцтва перадмець плюс поўны разлік тэхніка кропка канец распарад».

Ён паспешна падняўся з крэсла і выйшаў ім насустрач па дыване, што мякка заглушаў яго крокі. Нешта афіцыйнае, здавалася, адляцела ад яго разам з навамоўнымі словамі, але твар у яго быў змрачнейшы, чым звычайна, быццам ён быў незадаволены, што яго патурбавалі. Да страху, якім быў ахоплены Ўінстан, цяпер дадалося і нейкае звычайнае замяшанне. Яму здалося цалкам магчымым, што ён зрабіў недарэчную памылку. Бо і сапраўды, які ён меў рэальны доказ, што О'Браэн — нейкі палітычны змоўшчык? Адзін толькі абмен позіркамі і нязначная двухсэнсоўная заўвага. Ну і яшчэ яго ўласныя патаемныя меркаванні, заснаваныя на даўнім сне. Ён не мог нават спаслацца на тое, што прыйшоў толькі каб узяць слоўнік, бо тады немагчыма было б растлумачыць прысутнасць Джуліі. Калі О'Браэн праходзіў міма тэлегляда, яму ў галаву прыйшла нейкая ідэя. Ён спыніўся, павярнуўся і націснуў кнопку на сцяне. Штосьці рэзка пстрыкнула. Голас змоўк.

Джулія крыкнула ад здзіўлення. Нягледзячы на свой страх, Ўінстан быў так уражаны, што не змаўчаў.

— Вы можаце яго выключыць! — сказаў ён.

— Так, — адказаў О'Браэн. — Мы можам яго выключыць. Мы маем такую прывілею.

Цяпер ён стаяў перад імі. Яго магутная постаць узвышалася над імі, выраз твару ўсё яшчэ быў непранікальны. Ён чакаў, нават з нейкай непрыязнасцю, пакуль Ўінстан пачне гаварыць. Але што яму было сказаць? Нават і цяпер цалкам можна было дапусціць, што О'Браэн проста вельмі заняты чалавек, які раздражнёна пытаўся, нашто яго патурбавалі. Усе маўчалі. Пасля таго як быў выключаны тэлегляд, у пакоі запанавала мёртвая ціша. Пакутліва цягнуліся секунды. Ўінстан працягваў напружана глядзець у вочы О'Браэну. Раптам змрочны твар памякчэў, на ім прамільгнуў лёгкі цень усмешкі. Сваім характэрным рухам О'Браэн падправіў на носе акуляры.

— Ну што, сказаць мне ці вы самі скажаце? — запытаўся ён.

— Скажу я, — паспешліва прамовіў Ўінстан. — Гэтая штука сапраўды выключаная?

— Так, усё выключана. Мы адны.

— Мы прыйшлі, каб...

Ён спыніўся, упершыню адчуўшы цьмянасць і невыразнасць сваіх памкненняў. Ён папраўдзе і не ведаў, якое дапамогі чакае ад О'Браэна, і таму яму было цяжка сказаць, чаму ён прыйшоў. Ён працягваў, адчуваючы, што словы яго гучаць напышліва і непераканаўча.

— Мы думаем, што існуе нейкая таямнічая падпольная арганізацыя, якая дзейнічае супраць Партыі, і што вы да яе належыце. Мы хочам далучыцца да гэтай арганізацыі і працаваць на яе. Мы — ворагі Партыі. Мы не верым у прынцыпы Ангсоцу. Мы — думзлачынцы. І яшчэ мы чужаложнікі. Я кажу гэта вам, бо мы хочам аддацца на вашу літасць. Калі вы хочаце, каб мы абвінавацілі сябе іншым чынам, дык мы гатовыя.

Ўінстан спыніўся і паглядзеў цераз плячо, адчуўшы, што дзверы расчыніліся. І праўда, у пакой не пастукаўшы ўвайшоў жаўтатвары слуга. Ўінстан убачыў, што ён нясе паднос з графінам і чаркамі на ім.

— Марцін — адзін з нашых, — сказаў безуважна О'Браэн. — Сюды чаркі, Марцін. Пастаў іх на круглы столік. Крэслаў хапае? Тады мы можам сесці і гаварыць. Прынясі сабе крэсла, Марцін. Мы будзем гаварыць пра справы. Можаш хвілін на дзесяць перастаць быць слугой.

Чалавечак сеў, уладкаваўся ямчэй у крэсле, але ўсё ж неяк па-прыслужніцку, як упрывілеяваны лёкай. Ўінстан разглядаў яго краем вока. Ён зразумеў, што ўсё жыццё гэтага чалавека было тэатрам і ён баяўся хоць на імгненне выйсці са сваёй ролі.

О'Браэн узяў графін за рыльца і наліў у чаркі цёмна-чырвонай вадкасці. Гэты яго рух абудзіў у Ўінстане цьмяны ўспамін аб нечым, што ён бачыў даўным-даўно на нейкім муры ці рэкламным шчыце: вялізная бутэлька з неонавых трубак, якая нібыта паднімалася і нахілялася і вылівала змесціва ў шклянку. Калі глядзець зверху, вадкасць здавалася амаль чорнай, але ў графіне яна свяцілася, як рубін. Пахла яна кісла-салодка. Ён убачыў, як Джулія ўзяла сваю чарку і са шчырай цікаўнасцю панюхала.

— Гэта завецца віном, — сказаў О'Браэн з лёгкай усмешкай. — Вы павінны ведаць пра яго з кніжак. На жаль, знешняй Партыі яго дастаецца няшмат. — Яго твар зноў зрабіўся паважны, і ён падняў чарку. — Я думаю, цяпер самая пара за нешта выпіць. За нашага Правадыра — Эмануіла Гольдштэйна!

Ўінстан нецярпліва схапіў чарку. Пра віно ён чытаў і даўно пра яго марыў. Як і прэс-пап'е, і напалову прыгаданыя панам Чэрынгтанам вершыкі, віно належала да зніклай рамантычнай мінуўшчыны, да даўніны, як ён патаемна яе называў. Чамусьці ён заўсёды думаў, што віно вельмі салодкае, як парэчкавае варэнне, і адразу п'яніць. Цяпер жа, глынуўшы, ён зусім расчараваўся. Пасля ўсіх тых гадоў, калі ён піў толькі джын, ён ужо быў няздатны адчуць смак віна. Ён апусціў на стол пустую чарку.

— Дык, значыць, чалавек, які завецца Гольдштэйн, сапраўды існуе? — спытаўся ён.

— Так. Ён існуе, і ён жывы. Дзе — не ведаю.

— А падполле? Арганізацыя? Яна сапраўдная? Ці гэта проста выдумка Паліцыі Думак?

— Не. Яна сапраўдная. Мы называем яе Братэрства. Вы ніколі не даведаецеся пра Братэрства нічога, апроч таго, што яно існуе і што вы да яго належыце. Я яшчэ буду пра гэта гаварыць, — ён зірнуў на гадзіннік. — Нават для сябраў Унутранай Партыі непажадана выключаць тэлегляд болей чым на паўгадзіны. Вам не варта было прыходзіць удваіх, ва ўсякім разе адсюль вы пойдзеце паасобку. Вы, таварыш, — сказаў ён, кіўнуўшы Джуліі, — пойдзеце першая. У нас застаецца каля дваццаці хвілін. Вы разумееце, што спачатку я мушу задаць вам некалькі пытанняў. Увогуле: што вы гатовыя зрабіць?

— Усё, на што мы толькі здольныя, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн трошкі павярнуўся ў крэсле, цяпер ён сядзеў тварам да Ўінстана. Ён амаль зусім не зважаў на Джулію, лічачы само сабой зразумелым, што Ўінстан будзе гаварыць за абаіх. На імгненне ён апусціў павекі. Пасля пачаў ставіць пытанні ціха, безуважна, быццам гэта для яго найзвычайнейшая справа, як нейкі катэхізіс, на большасць пытанняў якога ён ужо ведаў адказы.

— Ці гатовыя вы ахвяраваць жыццём?

— Так.

— Ці гатовыя вы забіваць?

— Так.

— Учыняць акты сабатажу, якія могуць пацягнуць за сабою смерць тысяч бязвінных?

— Так.

— Здрадзіць сваёй краіне на карысць замежных дзяржаў?

— Так.

— Ці гатовыя вы абдурваць, падрабляць дакументы, шантажаваць, баламуціць розум дзецям, распаўсюджваць наркотыкі, заахвочваць прастытуцыю, разносіць венерычныя хваробы, карацей кажучы, рабіць усё, што дэмаралізуе і аслабляе ўладу Партыі?

— Так.

— Калі б спатрэбілася, напрыклад, заліць твар дзіцяці сернай кіслатой, ці былі б вы гатовыя гэта зрабіць?

— Так.

— Ці гатовыя вы страціць вашую асабовасць і прабыць да канца жыцця афіцыянтам або докерам?

— Так.

— Ці гатовыя вы скончыць самагубствам, калі б мы загадалі вам гэта зрабіць?

— Так.

— Ці гатовыя вы абое разлучыцца і ніколі больш не бачыцца?

— Не! — крыкнула Джулія.

Ўінстану здалося, што, пакуль ён адказваў, мінула шмат часу. На нейкі момант яму здалося, што яму заняло мову. Язык варушыўся бязгучна, мераючыся вымавіць то адно слова, то другое. Ён так і не ведаў, што адкажа, пакуль не пачуў свой адказ:

— Не!

— Добра, што вы мне пра гэта паведамілі, — сказаў О'Браэн. — Нам неабходна ведаць усё.

Ён павярнуўся да Джуліі і дадаў трошкі выразней:

— Вы разумееце, што нават калі ён застанецца жывы, ён будзе зусім іншай асобай? Мабыць, нам прыйдзецца змяніць яго знешнасць. Яго твар, яго рухі, форма рук, колер валасоў, нават голас будуць іншыя. Можа, і вы станеце зусім іншай асобай. Нашы хірургі ўмеюць рабіць людзей абсалютна непазнавальнымі. Часам гэта патрэбна. Часам нам прыходзіцца адняць руку ці нагу.

Ўінстан яшчэ раз крадком зірнуў на мангольскі твар Марціна. На ім не было відаць ніякіх слядоў аперацыі. Джулія трошкі збялела, і на яе твары выразней азначыліся рабацінкі, аднак яна адважна глядзела ў вочы О'Браэну. Яна нешта шапнула, і гэта прагучала як згода.

— Добра. Значыць, дамовіліся.

На стале ляжала срэбная скрынка с цыгарэтамі. О'Браэн безуважна падсунуў скрынку да іх. Ён сам узяў адну цыгарэту, устаў і пачаў павольна хадзіць па пакоі, быццам ходзячы яму лепей думалася. Цыгарэты былі выдатныя, вельмі тоўстыя і добра набітыя, у нязвыкла шаўкавістай паперы. О'Браэн зноў паглядзеў на гадзіннік.

Вам было б лепей зноў вярнуцца на кухню, Марцін, — сказаў ён. — Праз чвэрць гадзіны я ўключу тэлегляд. Але перш чым пайсці, запомніце добра твары гэтых таварышаў. Вы іх яшчэ ўбачыце. А я ўжо напэўна не.

Чалавечак слізгануў позіркам па іх тварах, зусім гэтаксама як і тады, калі аны ўвайшлі ў дом. У яго паводзінах не было ані следу прыязнасці. Ён адбіваў у сваёй памяці іх знешнасць, не выяўляючы да іх, здаецца, ніякае цікаўнасці. Ўінстан падумаў, што штучны твар, мабыць, не можа мяняць свайго выразу. Не сказаўшы ні слова і не развітаўшыся, Марцін пайшоў, бязгучна зачыніўшы за сабою дзверы. О'Браэн хадзіў сюды-туды па пакоі, засунуўшы адну руку ў кішэню свайго чорнага камбінезона, трымаючы ў другой цыгарэту.

— Вы разумееце, — сказаў ён, — што вы будзеце змагацца ў цемры. Вы заўсёды будзеце ў цемры. Вы будзеце атрымліваць загады і выконваць іх, не ведаючы нашто. Пазней я перадам вам кнігу, адкуль вы даведаецеся пра сапраўдную сутнасць грамадства, у якім мы жывём, і пра тое, як мы яго разбурым. Калі вы прачытаеце гэтую кнігу, вы станеце сапраўднымі сябрамі Братэрства. Але апроч галоўных мэтаў, за якія мы змагаемся, і непасрэдных задач бягучага моманту, вы ніколі нічога не будзеце ведаць. Я кажу вам, што Братэрства існуе, але я не магу вам сказаць, налічвае яно сотню сябраў ці дзесяць мільёнаў. З таго, што вы асабіста будзеце ведаць, вы ніколі не зможаце сказаць, ці налічвае яно хоць бы тузін сябраў. Вы будзеце кантактаваць з трыма ці чатырма асобамі, якія час ад часу будуць мяняцца — у меру таго, як яны будуць знікаць. Я — першы, з кім вы скантактаваліся, і таму сувязь паміж намі захаваецца. Загады вы будзеце атрымліваць ад мяне. Калі мы палічым патрэбным з вамі звязацца, мы паведамім вам праз Марціна. Калі вас урэшце схопяць, вы прызнаецеся. Гэта непазбежна. Але апроч уласных учынкаў вам мала пра што будзе прызнавацца. Вы зможаце выдаць толькі жменьку людзей без асаблівай важнасці. Можа, вы нават мяне не выдасце. Да таго часу мяне ўжо, можа, і не будзе або я стану іншай асобай з іншым тварам.

Ён працягваў хадзіць па мяккім дыване. Нягледзячы на яго мажнасць, рухі ў яго былі надзіва зграбныя. Гэта выяўлялася нават у тым, як ён засоўваў руку ў кішэню або трымаў цыгарэту. У ім адчувалася не толькі сіла, але і ўпэўненасць у сабе, і разуменне, і трохі іроніі. Але які б суровы ён ні быў, у ім не было нічога ад фанатычнай заўзятасці. Калі ён гаварыў пра забойствы, самагубства, венерычныя хваробы, ампутацыю членаў і пластычныя аперацыі, у ягоным голасе чулася лёгкая з'едлівасць. «Гэта непазбежна, — гучала ў ягоным голасе. — Мы мусім гэта рабіць не вагаючыся. Але калі жыццё зноў будзе людскае, нам не прыйдзецца болей гэтага рабіць». Ўінстана агарнула хваля захаплення, амаль што пабожлівай пакорнасці перад О'Браэнам. На нейкі момант ён забыўся нават пра таямнічую постаць Гольдштэйна. Гледзячы на магутныя плечы О'Браэна і яго грубы твар, цяжкі, але такі інтэлігентны, немагчыма было ўявіць сабе, што нехта можа яго адолець. Не было такой хітрасці, што была б яму не пад сілу, не было такой небяспекі, якую б ён не прадбачыў. Здавалася, што нават Джулія ўражаная. Цыгарэта выпала ў яе з рота, яна ўважліва слухала. О'Браэн працягваў:

— Вы напэўна чулі розныя пагалоскі пра існаванне Братэрства. Напэўна, вы склалі нейкае сваё ўяўленне пра яго. Вы, мабыць, уяўляеце сабе магутны падпольны свет змоўшчыкаў, што патаемна збіраюцца ў скляпах, што крэмзаюць надпісы на сценах і пазнаюць адзін аднаго з пароля або з адмысловага знаку рукой. Нічога гэткага няма. Сябры Братэрства не маюць ніякай магчымасці пазнаць адзін аднаго, і кожны асобны сябра ведае асабіста толькі некалькіх іншых. Нават калі б сам Гольдштэйн трапіў у рукі Паліцыі Думак, ён не мог бы даць ёй поўнага спісу сябраў або такую інфармацыю, што дазволіла б гэты спіс скласці. Такога спісу не існуе. Братэрства не можа быць знішчана, бо яно не ёсць арганізацыя ў звычайным разуменні. Нічога не злучае яго сябраў, апроч незнішчальнай ідэі. У вас ніколі не будзе ніякай іншай падтрымкі, апроч гэтай ідэі. Вы ніколі не зможаце разлічваць ні на сяброў, ні на нечую дапамогу. Калі вас схопяць, вам ніхто не дапаможа. Мы ніколі не дапамагаем нашым сябрам. Калі нам любой цаною неабходна змусіць некага маўчаць, дык найбольшае, што мы можам, — гэта патаемна перадаць яму ў камеру лязо. Вы мусіце прызвычаіцца жыць без надзеі і без бачных вынікаў змагання. Нейкі час вы будзеце працаваць на нас, пасля вас схопяць, вы прызнаецеся і тады памраце. Вось адзіныя вынікі, што вы здолееце ўбачыць. Няма ніякай магчымасці, каб за наша жыццё адбыліся нейкія заўважныя змены. Мы мёртвыя. Адзінае наша сапраўднае жыццё — у будучыні. І мы паўдзельнічаем у ім як жменька пылу ці груда спарахнелых костак. Але як далёка ад нас гэтая будучыня — ніхто не ведае. Можа, праз тысячу гадоў. Цяпер жа мы можам толькі павольна, крок за крокам, пашыраць абсягі здаровага розуму. Мы не можам дзейнічаць супольна. Мы можам толькі перадаваць нашы веды ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення. Пакуль існуе Паліцыя Думак, у нас няма іншага шляху. Ён спыніўся і трэці раз глянуў на гадзіннік.

— Вам ужо трэба ісці, таварыш, — сказаў ён Джуліі. — Пачакайце, яшчэ засталося цэлага паўграфіна.

Ён наліў віно ў чаркі і, падняўшы сваю за ножку, папытаўся ўсё з той жа іроніяй у голасе:

— За што мы гэтым разам вып'ем? За крушэнне Паліцыі Думак? За смерць Вялікага Брата? За чалавецтва? За будучыню?

— За мінуўшчыну, — адказаў Ўінстан.

— Мінуўшчына важнейшая, — паважна згадзіўся О'Браэн.

Яны выпілі, і праз хвіліну Джулія паднялася, каб ісці. О'Браэн дастаў з шафкі маленькі пачак, падаў Джуліі белую таблетку і загадаў пакласці яе на язык. Трэба сцерагчыся, сказаў ён, каб не пахла віном, бо ліфцёры могуць быць занадта пільныя. Як толькі дзверы за Джуліяй зачыніліся, О'Браэн, здавалася, забыўся пра яе існаванне. Ён яшчэ трохі пахадзіў па пакоі, пасля спыніўся.

— Трэба пагаварыць яшчэ пра некаторыя дэталі, — сказаў ён. — Я думаю, у вас ёсць нейкае сховішча?

Ўінстан расказаў пра пакойчык над крамай пана Чэрынгтана.

— Пакуль што гэтага дастаткова. Пазней мы знойдзем вам што-небудзь іншае. Вельмі важна часта мяняць сваё сховішча. А пакуль што я перадам вам адзін асобнік кнігі, — нават О'Браэн, заўважыў Ўінстан, вымаўляў гэтае слова так, нібы яно напісана курсівам. — Я маю на ўвазе Кнігу Гольдштэйна. Можа, прыйдзецца пачакаць пару дзён, перш чым я яе здабуду. Асобнікаў няшмат, як вы, можа, здагадваецеся. Паліцыя Думак палюе на іх і знішчае амаль гэтаксама хутка, як мы паспяваем іх выдаваць. Але гэта мала што ёй дае. Кніга гэтая незнішчальная. Калі б быў знішчаны нават апошні асобнік, мы б аднавілі яе з памяці амаль даслоўна. Ці носіце вы з сабой на працу партфель?

— Звычайна нашу.

— Які ён?

— Чорны, вельмі стары. З двума раменьчыкамі.

— Чорны, два раменьчыкі, вельмі стары. Добра. Недзе днямі, не магу сказаць дакладна даты, у адной з вашых звычайных ранішніх інструкцый будзе памылка друку, і вы запросіце паўтору. На другі дзень вы прыйдзеце на працу без партфеля. У нейкую хвіліну на вуліцы нейкі чалавек дакранецца да вашай рукі і скажа: «Здаецца, вы згубілі партфель». У партфелі, што ён вам дасць, будзе ляжаць Гольдштэйнава кніга. Вернеце кнігу праз два тыдні.

Нейкі час яны маўчалі.

— Застаецца яшчэ дзве хвіліны, перш чым вы мусіце пайсці, — сказаў О'Браэн. — Мы яшчэ ўбачымся, калі толькі ўбачымся...

Ўінстан паглядзеў на яго.

— Там, дзе няма цемры... — няўпэўнена вымавіў ён.

О'Браэн кіўнуў без ніякага здзіўлення.

— Там, дзе не будзе болей цемры, — паўтарыў ён, быццам зразумеўшы намёк. — Можа, вы яшчэ што хочаце сказаць, перш чым пойдзеце? Перадаць вестку? Пра нешта запытацца?

Ўінстан задумаўся. Здавалася, у яго не было болей пытанняў. Не хацелася яму гаварыць і агульныя напышлівыя фразы. Замест таго што непасрэдна звязана з О'Браэнам ці Братэрствам, у яго ў думках паўстала няясная карціна, дзе быў убогі пакойчык, у якім правяла апошнія дні яго маці, і іх сховішча над крамай пана Чэрынгтана, і шкляное прэс-пап'е, і старая гравюра ў рамцы з ружовага дрэва. І ён спытаўся наўдачу:

— Ці не даводзілася вам чуць калі-небудзь стары вершык — ён пачынаўся так: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана»?

О'Браэн зноў кіўнуў. З паважнай узнёсласцю ён дапоўніў страфу:

Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана.
Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы ў Святога Марціна.
Ці заплоціш ты мне ў нядзелю — загудзелі званы ў Старым Бэйлі.
Заплачу, калі буду багаты, — звон у Шордычы звоніць заўзята.

— Вы ведаеце апошні радок! — уразіўся Ўінстан.

— Так, я ведаю апошні радок. А цяпер, я думаю, вам трэба ісці. Пачакайце. Дазвольце мне даць і вам адну таблетку.

Ўінстан падняўся, О'Браэн падаў яму руку і сціснуў Ўінстанаву так, што аж косці хруснулі. Каля дзвярэй Ўінстан азірнуўся, але О'Браэн, здавалася, ужо выкрасліў яго са сваёй памяці. Ён чакаў, трымаючы руку на кнопцы ўключэння тэлегляда. За ім, у канцы пакоя, Ўінстан бачыў стол, лямпу з зялёным каптуром, мовапіс, запоўненыя паперкамі драцяныя кошыкі. Справа зроблена. Праз трыццаць секунд, падумаў ён, О'Браэн зноў возьмецца за перапыненую важную партыйную працу.

9

Ўінстан стаў квашанінай ад стомы. Менавіта квашанінай — гэтае слова неяк само прыйшло яму ў галаву. Здавалася, што цела было не толькі мяккае і расплывістае, як квашаніна, але і гэткае ж празрыстае. У яго было такое пачуццё, што, падняўшы руку, ён можа глядзець праз яе на святло. Уся яго кроў была высмактаная зняможлівай працай, засталася толькі кволая будовіна з нерваў, касцей і скуры. Усе пачуцці незвычайна абвастрыліся. Гарнітур муляў яму плечы, брук збіваў яму ступні, нават сціснуць і расціснуць пальцы на руцэ было так цяжка, што ад напругі хрусцелі суставы.

За апошнія пяць дзён ён адпрацаваў больш за дзевяноста гадзін. Як і ўсе іншыя службоўцы Міністэрства. Цяпер усё было скончана, і да заўтрашняй раніцы яму літаральна нічога не трэба было рабіць, ніякай працы для Партыі. Ён мог правесці шэсць гадзін у сваім сховішчы і дзевяць ва ўласным ложку. Пагодлівым надвячоркам ён павольна ішоў бруднай вуліцай у бок крамы пана Чэрынгтана, пільнуючы позіркам навокал, каб не напаткаць патруль, хоць і быў пэўны, што гэтым надвячоркам яму не пагражае ніякая небяспека, што яго ніхто не патурбуе. Цяжкі партфель з кожным крокам біў яго па калене, і ад гэтага дотыку па скуры на назе прабягалі дрыжыкі. У яго партфелі ўжо шосты дзень ляжала Кніга, якую ён яшчэ, аднак, ні разу не разгарнуў і нават не паглядзеў.

На шосты дзень Тыдня Нянавісці пасля дэманстрацый, прамоў, радасных воклічаў, песняў, сцягоў, плакатаў, фільмаў, васковых фігур, барабаннага бою і трубнага гулу, тупату парадаў, грукату танкаў, рокату самалётаў, гарматных грымотаў — пасля шасці дзён усяго гэтага, тады, калі вялікі аргазм набліжаўся да найвышэйшага пункту і агульная нянавісць да Эўразіі распалілася да такога шаленства, што калі б у рукі натоўпу трапілі дзве тысячы эўразійскіх ваенных злачынцаў, якіх меркавалася публічна павесіць у апошні дзень мерапрыемстваў, гэты натоўп, пэўна, разарваў бы іх на шматкі — якраз у гэты момант было абвешчана, што Акіянія ваюе зусім не з Эўразіяй. Акіянія ваюе з Усходазіяй. Эўразія — саюзнік Акіяніі.

Вядома ж, пра тое, што адбылася змена, абвешчана не было. Проста ўсе паўсюль адначасова нечакана даведаліся, што вораг не Эўразія, а Ўсходазія. Ўінстан якраз удзельнічаў у дэманстрацыі на адной з плошчаў у цэнтры Лондана, калі гэта адбылося. Гэта было ўначы. Белыя твары і чырвоныя сцягі асвятляліся прывідным святлом пражэктараў. На плошчы таўклося некалькі тысяч чалавек, і сярод іх каля тысячы школьнікаў у шпіёнскай форме. З трыбуны, абабітай чырвонай тканінай, гаварыў да натоўпу прамоўца з Унутранай Партыі, худзенькі чалавечак з неверагодна доўгімі рукамі і вялікім голым чэрапам, прыкрытым парай рэдкіх пасмачак. Маленькая карлавая постаць, скурчаная ад нянавісці, адной рукой сціскала мікрафон, а другой, кашчавай і пагрозлівай, рассякала паветра над галавой. Голас прамоўцы металічна грымеў з дынамікаў, бясконца выкрываючы зверствы, масавыя забойствы, дэпартацыі, рабункі, гвалт, катаванні палонных, бамбардаванне цывільнага насельніцтва, хлуслівую прапаганду, несправядлівую агрэсію, парушэнне дагавораў. Слухаючы яго, было амаль немагчыма не паверыць, а пасля не раз'юшыцца. Лютасць натоўпу расла з кожнай хвілінай, і голас прамоўцы патанаў у дзікім рыку, што мімаволі вырываўся з тысячаў глотак. Найбольш разлютавана крычалі школьнікі. Прамова цягнулася ўжо хвілін дваццаць, калі на трыбуну паспешліва падняўся кур'ер і ўсунуў у руку прамоўцу нейкую паперу. Той разгарнуў яе і прачытаў, не спыняючы прамовы. Ні ў ягоным голасе, ні ў рухах, ні ў змесце прамовы нічога не змянілася, але імёны раптам загучалі іначай. Нічога яшчэ не было сказана, а па натоўпе прайшла ўжо хваля разумення. Акіянія ваюе з Усходазіяй! Праз момант пачалася страшная мітусня. Сцягі і плакаты, што аздаблялі плошчу, былі фальшывыя! На добрай палове з іх былі не тыя твары. Гэта быў сабатаж! Тут папрацавалі агенты Гольдштэйна! Пачалася тлумная інтэрмедыя, пад час якой са сцен сарвалі плакаты, а сцягі раздзерлі на шматкі і растапталі. Асабліва вызначаліся запалам Шпіёны — яны залазілі на дахі і абразалі лозунгі, што віселі на вяроўках поперак вуліцы. Але праз дзве-тры хвіліны ўсё скончылася. Прамоўца, усё яшчэ душачы рукою мікрафон, угнуўшы плечы, рассякаючы вольнай рукою паветра, няспынна гаварыў далей прамову. Праз хвіліну з натоўпу зноў пачуўся дзікі раз'юшаны рык. Дэманстрацыя Нянавісці працягвалася далей, як і да таго, памяняўся толькі яе аб'ект.

Калі Ўінстан пасля пра гэта згадваў, яго ўразіла тое, што прамоўца перайшоў ад адной палітычнай лініі да другой якраз пасярэдзіне фразы, не толькі не спатыкнуўшыся, але нават не змяніўшы сінтаксічнай канструкцыі. Аднак у гэты момант Ўінстана займалі іншыя справы. Бо якраз пад час хвіліннага замяшання, калі здзіралі са сцен плакаты, нейкі чалавек, твару якога ён не ўбачыў, паляпаў яму па плячы і сказаў: «Прабачце, здаецца, вы згубілі партфель». Ён безуважна ўзяў партфель, не сказаўшы ні слова. Ён ведаў, што трэба будзе чакаць некалькі дзён, перш чым ён зможа яго адчыніць. Адразу пасля дэманстрацыі ён пайшоў у міністэрства, хоць было каля дваццаці трох гадзін. Пайшлі і ўсе іншыя службоўцы міністэрства. З тэлеглядаў гучалі загады, што запрашалі іх заняць свае месцы, але яны былі, бадай што, непатрэбныя.

Акіянія ваявала з Усходазіяй. Значыць, Акіянія заўсёды дагэтуль ваявала з Усходазіяй. Такім чынам, значная частка палітычнай літаратуры апошніх пяці гадоў цяпер поўнасцю састарэлая. Розныя справаздачы і запісы, газеты, кнігі, брашуры, фільмы, дыскі, фатаграфіі — усё трэба было выправіць з маланкавай хуткасцю. І хоць не было ніякіх спецыяльных указанняў, усе ведалі, што кіраўніцтва аддзялення жадае, каб праз тыдзень нідзе не засталося ніякай згадкі пра вайну з Эўразіяй ці пра саюз з Усходазіяй. Праца была нязносна цяжкая, тым болей што неабходныя дзеянні нельга было назваць сваімі імёнамі. У аддзяленні дакументацыі кожны працаваў васемнаццаць гадзін за суткі, з двума трохгадзіннымі перапынкамі для кароткага сну. Са скляпоў прынеслі матрасы і расклалі па ўсіх калідорах. Елі бутэрброды, пілі каву «Перамога», якую развозілі на вазочках работнікі сталоўкі. Кожны раз, калі Ўінстан спыняў працу для перапынку на сон, ён стараўся ўсё дарабіць, каб нічога не пакідаць на стале. Але калі ён нявыспаны, прадзіраючы вочы, цягнуўся назад у сваю кабіну, ён знаходзіў там новую навалу скручаных трубкай паперак, якія сумётам закрывалі стол, да паловы завальвалі мовапіс і пачыналі ўжо падаць на падлогу. І таму кожны раз ён мусіў пачынаць з таго, што зграбаў паперы ў кучу і вызваляў трошкі месца. Але найгорш было тое, што праца яго не была цалкам механічная. Часта дастаткова было толькі замяніць адно імя другім, але кожная дэталёвая справаздача патрабавала ўвагі і вынаходлівасці. Вельмі істотна было нават ведаць геаграфію, каб пераносіць вайну з адной часткі свету ў другую.

На трэці дзень у яго ўжо нясцерпна балелі вочы, і ён мусіў штохвіліны праціраць шкельцы акуляраў. Ён нібы змагаўся з нейкай невыносна цяжкай фізічнай задачай, ад якой можна было і адмовіцца, але якую ён усё ж з раздражнёнай упартасцю імкнуўся выканаць. Наколькі ён мог памятаць, яго зусім не бянтэжыла, што кожнае слова, надыктаванае ім на мовапіс, кожная рыска яго чарнакрэса — чыстая хлусня. Ён, як і любы іншы ў аддзеле, дбаў адно пра тое, каб фальшаванні былі дасканалыя. Раніцай шостага дня навала папяровых скруткаў сунялася. За цэлыя паўгадзіны з трубкі пнеўматычнай пошты нічога не з'яўлялася. Пасля выпаў адзін скрутак, а тады зноў нічога. Паўсюль амаль адначасова праца спынілася. Увесь аддзел глыбока і патаемна ўздыхнуў. Была дароблена вялізная праца, пра сутнасць якое, аднак, нельга было згадваць. Цяпер ніхто ўжо не мог дакументальна давесці, што некалі адбывалася вайна з Эўразіяй. У дванаццаць нуль-нуль нечакана абвясцілі, што ўсе супрацоўнікі міністэрства вольныя ад працы да заўтрашняе раніцы. Ўінстан усё яшчэ насіў з сабою партфель з кнігай. Ён ставіў яго паміж ног, калі працаваў, і накрываў целам, калі спаў. Ён вярнуўся да сябе, пагаліўся і ледзь не заснуў у ваннай, хоць вада была ледзь цёплая.

З нейкім пажадлівым хрустам у суставах ён падняўся па сходах у пакойчык над крамай пана Чэрынгтана. Ён быў стомлены, але спаць ужо не хацелася. Ён расчыніў акно, запаліў маленькі брудны керагаз і паставіў вады на каву. Хутка павінна была прыйсці Джулія, а пакуль што перад ім была Кніга. Ён сеў у стары праседжаны фатэль і расшпіліў раменьчыкі партфеля. Гэта быў цяжкі чорны том, пераплецены саматужна, без імя аўтара і тытула на вокладцы. Друк таксама выглядаў трохі няроўным. Старонкі з краёў абтрапаліся і гарталіся лёгка, быццам кніга прайшла ўжо праз мноства рук. На першай старонцы стаяў такі надпіс:

Ўінстан прачытаў далей:

Раздзел першы

Няведанне — гэта сіла

На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці з канца неаліту, у свеце існавала тры катэгорыі людзей: Вышэйшыя, Сярэднія і Ніжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на розныя драбнейшыя групы, насілі незлічоную колькасць розных найменняў, іх лічбавыя прапорцыі, а таксама ўзаемныя дачыненні мяняліся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак фундаментальная будова чалавечага грамадства не мянялася ніколі. Нават пасля вялізных зрухаў і нібыта незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гіраскоп заўсёды імкнецца да раўнавагі, у які бок яго б ні схілялі.

Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою...

 

Ўінстан прыпыніў чытанне, каб адчуць усю асалоду таго, што можна вось так утульна і бяспечна сядзець і чытаць. Ён быў адзін: ні тэлегляда, ні вуха пры дзвярах, ні баязлівага памкнення азірнуцца цераз плячо ці прыкрыць рукою старонку кнігі. Пяшчотнае летняе паветра лашчыла яму твар. Аднекуль здалёк прыглушана чуліся дзіцячыя галасы. У самім пакоі — ані шолаху, толькі, нібы нейкі шашаль, цікаў гадзіннік. Ўінстан залез глыбей у фатэль і паклаў ногі на камінную кратку. То была шчаснасць, то была вечнасць. І раптам, як часам робіш, калі ведаеш, што ўсё роўна прачытаеш і перачытаеш усю кнігу да апошняга слова, ён разгарнуў яе на іншай старонцы, і яму трапіўся Раздзел трэці. Ён чытаў далей:

Раздзел трэці

Вайна — гэта мір

Падзел свету на тры вялікія звышдзяржавы быў падзеяй, якую можна было прадбачыць і якая фактычна была прадказаная да сярэдзіны дваццатага стагоддзя. З далучэннем Эўропы да Расеі і Брытанскай імперыі да Злучаных Штатаў дзве з трох сучасных вялікіх дзяржаў — Эўразія і Акіянія — па сутнасці, склаліся. Трэцяя — Усходазія — вызначылася як выразная адзінка толькі пасля бязладных баёў наступнага дзесяцігоддзя. Граніцы паміж трыма звышдзяржавамі ў некаторых месцах адвольныя, у іншых яны мяняюцца залежна ад ваенных поспехаў, але ў цэлым яны адпавядаюць геаграфічным абрысам. Эўразія ахоплівае ўсю паўночную частку эўрапейскага і азіяцкага кантынентаў, ад Партугаліі да Берынгавага праліва. Акіянія ўключае ў сябе абедзве Амерыкі, выспы Атлантыкі разам з Брытанскімі выспамі, Аўстралазію і Паўднёвую Афрыку. Усходазія, меншая за дзве папярэднія, з менш выразнай заходняй граніцай, уключае Кітай з паўднёвымі прылегласцямі, Японскія выспы і вялікую, але зменлівую частку Манчжурыі, Манголіі і Тыбету.

Згрупаваныя паміж сабою тым або іншым чынам, гэтыя тры звышдзяржавы на працягу дваццаці пяці гадоў бесперапынна знаходзяцца ў стане вайны. Аднак вайна болей не з'яўляецца адчайнай барацьбой, скіраванай на знішчэнне супраціўніка, як гэта было ў першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя. Гэта ўзброеная барацьба з абмежаванымі мэтамі паміж супраціўнікамі, якія не могуць знішчыць адзін аднаго, у якіх няма для вайны ніякіх матэрыяльных прычын і якіх не падзяляюць ніякія істотныя ідэалагічныя супярэчнасці. Гэта, аднак, не значыць, што метады вядзення вайны або агульнае стаўленне да яе сталіся менш крывавыя і больш рыцарскія. Наадварот, ваенная істэрыя лютуе няспынна і паўсюдна ва ўсіх краінах, а гвалт, рабункі, забойства дзяцей, заняволенне цэлых народаў, катаванне палонных, якое даходзіць да таго, што іх вараць і хаваюць жыўцом — усё гэта лічыцца нармальным. Гэтыя злачынствы, учыненыя сваімі салдатамі, а не ворагам, лічацца значнымі заслугамі. Але з матэрыяльнага боку ў вайне занята вельмі мала людзей, пераважна гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, і яна прыносіць параўнаўча мала ахвяр. Барацьба, калі яна ёсць, ідзе недзе на няпэўных граніцах, аб праляганні якіх звычайны чалавек можа толькі здагадвацца, або вакол Плывучых Крэпасцяў, якія ахоўваюць стратэгічныя пункты на марскіх шляхах. У цэнтрах цывілізацыі вайна выяўляецца найперш праз няспынную нястачу прадуктаў спажывання і перыядычнае скіданне ракетных бомбаў, кожная з якіх можа забіць некалькі дзесяткаў чалавек. Змяніўся, па сутнасці, сам характар вайны. Дакладней кажучы, змяніўся іерархічны парадак прычын, якія выклікаюць вайну. Матывы, што ўжо існавалі, хоць і ў меншай меры, пад час вялікіх войнаў пачатку дваццатага стагоддзя, сталіся цяпер асноўнымі і адкрыта прызнанымі.

Каб зразумець сутнасць цяперашняй вайны — бо нягледзячы на частыя перагрупаванні супраціўнікаў гэта заўсёды тая самая вайна, — трэба найперш уявіць сабе, што яна не можа мець вырашальнага характару. Ніводная з трох звышдзяржаў не можа быць канчаткова зваяваная, нават дзвюма астатнімі разам. Занадта роўна падзелены сілы, занадта магутныя іх натуральныя сродкі абароны. Эўразія надзейна абаронена сваімі тэрытарыяльнамі абшарамі, Акіянія — вялікасцю Атлантычнага і Ціхага акіянаў, Усходазія — пладавітасцю і працавітасцю сваіх жыхароў. Па-другое, з матэрыяльнага пункту гледжання болей няма за што ваяваць. З усталяваннем самадастатковых эканамічных сістэм, пры якіх вытворчасць і спажыванне цесна счэплены між сабою, барацьба за рынкі збыту, адна з асноўных прычын колішніх войнаў, сталася непатрэбная. Разам з тым змаганне за сыравіну перастала быць пытаннем жыцця і смерці. Ва ўсялякім разе, кожная з трох звышдзяржаў дастаткова вялікая, каб здабыць у сваіх межах амаль усе патрэбныя матэрыялы. Калі толькі вайна і мае нейкія непасрэдныя эканамічныя мэты, дык гэта вайна за рэсурсы працоўнае сілы. Паміж граніцамі трох звышдзяржаў ляжыць тэрыторыя, якою ніводная з іх не валодае пастаянна. Гэта чатырохкутнік з вяршынямі ў Танжэры, Бразавілі, Дарвіне і Ганконгу, у якім жыве прыблізна пятая частка насельніцтва Зямлі. Якраз за валоданне гэтымі густанаселенымі раёнамі, а таксама за паўночны полюс, і ідзе няспынная барацьба паміж трыма звышдзяржавамі. Практычна, ніводная з іх ніколі не валодае ўсёй гэтай спрэчнай тэрыторыяй. Асобныя часткі яе пераходзяць з рук у рукі, і жаданне завалодаць тым або іншым рэгіёнам праз раптоўную здраду свайму саюзніку і прыводзіць да бясконцых перагрупаванняў.

Усе спрэчныя тэрыторыі маюць каштоўныя мінеральныя багацці, і некаторыя з іх вырабляюць важныя раслінныя прадукты, напрыклад, каўчук, сінтэз якога ў краінах з халаднейшым кліматам абыходзіцца параўнаўча дорага. Але перадусім яны змяшчаюць у сабе невычэрпныя запасы таннай працоўнай сілы. Дзяржава, якая пануе над Экватарыяльнай Афрыкай, або краінамі Сярэдняга Ўсходу, або Паўднёвай Індыяй, або Інданэзіяй, мае праз гэта ў сваім распараджэнні сотні мільёнаў кулі, якія за сваю знясільную працу атрымліваюць вельмі мала. Насельнікі гэтых краін, больш ці менш адкрыта даведзеныя да стану рабоў, пераходзяць увесь час ад аднаго заваёўніка да другога. Іх выкарыстоўваюць гэтаксама, як вугаль або нафту, у барацьбе за павелічэнне вытворчасці зброі, за пашырэнне заваяваных тэрыторый, за павышэнне колькасці працоўнае сілы, каб тая вырабляла больш зброі, спрыяла заваяванню тэрыторый і гэтак да бясконцасці. Трэба адзначыць, што барацьба ніколі не пераходзіць межаў спрэчных тэрыторый. Граніцы Эўразіі перасоўваюцца то ў адзін бок, то ў другі паміж ракою Конга і паўночным берагам Міжземнага мора. Выспы Індыйскага і Ціхага акіянаў увесь час заваёўваюцца Акіяніяй або Ўсходазіяй. У Манголіі лінія, што аддзяляе Эўразію ад Усходазіі, ніколі не бывае стабільная. Усе тры дзяржавы аспрэчваюць разлеглыя тэрыторыі вакол Полюса, якія фактычна не населеныя і не даследаваныя. Але раўнавага сіл заўсёды прыблізна тая самая, а тэрыторыя, што складае аснову кожнай звышдзяржавы, застаецца заўсёды нязменная. Да таго ж праца зняволеных народаў, што жывуць вакол Экватара, сусветнай эканоміцы, па праўдзе кажучы, непатрэбная. Яна нічога не дадае да сусветнага багацця, бо ўсё вырабленае выкарыстоўваецца на ваенныя патрэбы. Вайна заўсёды вядзецца дзеля таго, каб лепей узброіцца да наступнай вайны. Сваёй працай заняволеныя масы спрыяюць павышэнню інтэнсіўнасці перманентнай вайны. Але калі б іх і не існавала, структура сусветнага грамадства і прынцыпы, паводле якіх яно падтрымлівае сваё існаванне, наўрад ці былі б істотна адрознымі.

Галоўная мэта сучаснае вайны (згодна з прынцыпамі двухдумства, кіраўнічыя галовы Ўнутранай Партыі адначасова прызнавалі і не прызнавалі гэтую мэту) палягае ў тым, каб поўнасцю спажываць прадукты прамысловай вытворчасці, не павышаючы пры гэтым агульнага ўзроўню жыцця. Пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя праблема выкарыстання лішкаў прадуктаў спажывання існавала ў прыхаваным выглядзе ў індустрыяльным грамадстве. Цяпер жа, калі вялікая колькасць людзей не забяспечана дастатковым харчаваннем, праблема гэтая, відавочна, не стаіць так востра, дый, відаць, не стане, нават калі не прыбягаць да штучных сродкаў знішчэння. Сённяшні свет — больш убогі, галодны і заняпалы, чым свет, які існаваў да 1914 года, а калі параўнаць яго з той фантастычнай будучыняй, аб якой марылі людзі ў тыя часы, дык адрозненне будзе яшчэ страшнейшае. На пачатку дваццатага стагоддзя карціна будучага грамадства, неверагодна багатага, раскошнага, упарадкаванага і высокапрадукцыйнага — бліскучага здаровага свету са шкла, сталі і снежна-белага бетону — жыла ў свядомасці амаль кожнага адукаванага чалавека. Навука і тэхніка развіваліся так хутка, што дух займала, і было натуральна меркаваць, што гэтае развіццё будзе працягвацца і далей. Аднак гэтага не адбылося, часткова праз збядненне, спрычыненае доўгай чарадою войнаў і рэвалюцый, часткова з-за таго, што навукова-тэхнічны прагрэс залежаў ад эмпірычнага ладу мыслення, а лад гэты не мог захавацца ва ўмовах сцісла рэгламентаванага грамадства. Агулам беручы, сённяшні свет больш прымітыўны, чым пяцьдзесят гадоў таму. Некаторыя адсталыя рэгіёны дасягнулі прагрэсу, былі ўдасканалены некаторыя прыборы, звязаныя з вайною або паліцэйскім наглядам, але навуковыя даследаванні і адкрыцці паступова спыніліся. Да таго ж страты, спрычыненыя атамнай вайною 50-х гадоў, ніколі не былі цалкам кампенсаваныя. І ўсё ж небяспека, што хавалася ў машынах, усё яшчэ існавала. Калі з'явілася першая машына, усім здольным да развагі людзям сталася відавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, і ў чалавечай няроўнасці, знікла. Калі б машыны свядома выкарыстоўвалі з гэтаю мэтай, дык голад, знясільную працу, бруд, непісьменнасць і хваробы можна было б выкараніць на працягу некалькіх пакаленняў. І сапраўды, нават калі яны яшчэ не выкарыстоўваліся з гэтаю мэтай, машыны — вырабляючы столькі прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць — ўзнялі ўзровень жыцця людзей за нейкія пяцьдзесят гадоў у канцы ХІХ і на пачатку ХХ стагоддзя.

Але было таксама відавочным, што павелічэнне агульнага багацця пагражала далейшаму існаванню іерархізаванага грамадства, а ў нейкім сэнсе ўжо нават значыла і знішчэнне гэтага грамадства. У свеце, дзе працоўны дзень будзе кароткі, дзе ў кожнага будзе дастаткова ежы, кожны будзе жыць у доме з ваннай і халадзільнікам, будзе мець аўтамабіль ці нават самалёт, найбольш відавочная і найбольш істотная форма няроўнасці знікне. Стаўшы ўсеагульным, багацце перастане быць падставай для няроўнасці. Можна было, без сумнення, уявіць сабе грамадства, у якім багацце ў значэнні прыватнай уласнасці і раскошы будзе падзелена пароўну, тым часам як улада застанецца ў руках малой упрывілеяванай касты. Але ў сапраўднасці такое грамадства не магло б доўга заставацца стабільным. І сапраўды, калі б усе аднолькава жылі ў раскошы і бяспецы, дык вялікая маса людзей, звычайна здзічэлых ад беднасці, магла б атрымаць адукацыю і навучыцца думаць самастойна, і тады б яна раней ці пазней заўважыла, што ўпрывілеяваная меншасць не мае ніякае рацыі існавання, і зрынула б яе. Карацей кажучы, іерархізаванае грамадства магло грунтавацца толькі на беднасці і невуцтве.

Зварот да аграрнае мінуўшчыны, як пра гэта марылі некаторыя мысляры на пачатку дваццатага стагоддзя, не быў бы практычным выйсцем. Ён пярэчыў тэндэнцыі да механізацыі, якая зрабілася ва ўсім свеце амаль інстынктыўнай. Да таго ж індустрыяльна адсталая краіна была б бездапаможная ў ваенных адносінах і хутка падпала б пад панаванне, ускоснае або непасрэднае, сваіх больш індустрыяльна развітых супраціўнікаў.

Трымаць масы ў галечы, скарачаючы вытворчасць — і гэта было б не найлепшае выйсце. Гэты сродак быў ужыты ў шырокім маштабе ў фінальнай фазе капіталізму, прыблізна паміж 1920 і 1940 гадамі. У эканоміцы шмат якіх краін панаваў застой, палі не ўрабляліся, абсталяванне не абнаўлялася і вялікія масы насельніцтва былі пазбаўленыя працы. Дзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі не давалі ім памерці з голаду. Але і гэткае вырашэнне цягнула за сабою ваенную слабасць. Усе нягоды і беды былі відавочна неапраўданыя, што непазбежна спараджала апазіцыю. Праблема была ў тым, каб круціць колы прамысловасці, не павышаючы рэальнага багацця свету. Тавары павінны былі вырабляцца, але не размяркоўвацца. На практыцы адзіным сродкам дасягнення гэтае мэты была няспынная, перманентная вайна.

Галоўнае дзеянне ў вайне — гэта знішчэнне, не абавязкова людзей, але прадуктаў чалавечае працы. Вайна — гэта сродак знішчыць, распыліць у стратасферы, патапіць на дне мора матэрыяльныя багацці, якія ў іншым выпадку маглі б быць выкарыстаныя на тое, каб зрабіць масы занадта заможнымі, а значыць, урэшце, занадта разумнымі. Нават калі зброя і не знішчаецца ў вайне, яе вытворчасць ужо сама па сабе з'яўляецца лёгкім сродкам такога выкарыстання працоўнае сілы, каб не выраблялася нічога, што можна было б спажыць. Напрыклад, працоўнае сілы, выкарыстанае на пабудову адной Плывучай Крэпасці, хапіла б на тое, каб вырабіць некалькі сотняў грузавых суднаў. Пасля, не прынёсшы нікому ніякай матэрыяльнай карысці, яна спісвалася на пераплаўку. І тады, з яшчэ большымі працоўнымі выдаткамі, будавалася новая Плывучая Крэпасць. У прынцыпе ўсе ваенныя дзеянні скіроўваліся на тое, каб знішчыць дадатковы прадукт, які мог застацца пасля таго, як самыя пільныя патрэбы насельніцтва былі задаволеныя. На практыцы пільныя жыццёвыя патрэбы насельніцтва заўсёды недаацэньваюцца. У выніку адбываецца так, што хранічна не стае нават паловы таго, што неабходна для жыцця. Але гэта разглядаецца як дадатны факт. Шляхам свядомае палітыкі ўсё насельніцтва, у тым ліку і ўпрывілеяваныя яго групы, трымаецца на мяжы галечы. Усеагульная нястача сапраўды павышае важнасць дробных прывілеяў і тым самым павялічвае розніцу паміж адной групай і другой. Паводле стандартаў пачатку дваццатага стагоддзя, нават сябры Ўнутранай Партыі цяпер працуюць цяжка і жывуць, абмяжоўваючы сябе ва ўсім. Тым не меней тая кропля камфорту, што яны маюць, іх вялікія і добра мэбляваныя кватэры, іх адзенне з лепшае тканіны, добрая якасць іх ежы, пітва, тытуню, іх двое ці трое слугаў, іх прыватныя аўтамабілі і верталёты даюць ім магчымасць узвысіцца над светам сябраў Знешняе Партыі. А сябры Знешняе Партыі маюць падобныя перавагі ў параўнанні са знядоленымі масамі, якія мы называем «проламі». Сацыяльная атмасфера нагадвае абложаны горад, дзе валоданне кавалкам каніны пазначае розніцу паміж багаццем і беднасцю. Разам з тым усведамленне таго, што ідзе вайна, а значыць, адусюль пагражае небяспека, робіць натуральнай і непазбежнай умовай для выжывання перадачу ўлады ў рукі невялікае касты.

Вайна, як мы далей пабачым, не толькі прыносіць неабходныя разбурэнні, але і робіць гэтыя разбурэнні псіхалагічна прымальнымі. У прынцыпе было б вельмі проста затраціць збыткоўную працу на пабудову святыняў і пірамід, на раскопванне і закопванне ямаў ці нават на вытворчасць вялізнае колькасці тавараў, якія пасля б спальваліся. Але гэта прыдалося б для стварэння эканамічных, а не псіхалагічных падстаў іерархічнага грамадства. Тут маецца на ўвазе не мараль масаў, думка якіх не мае ніякага значэння, пакуль яны будуць моцна прыкутыя да сваёй працы, а мараль самой Партыі. Нават ад самага простага сябры Партыі патрабуецца, каб ён быў у пэўных вузкіх межах здольны, старанны і нават разумны. Разам з тым неабходна, каб ён быў даверлівым фанатыкам, галоўнымі пачуццямі якога былі б страх, нянавісць, ліслівасць і злараднасць. Інакш кажучы, ён мусіць мець лад думак, характэрны для стану вайны. Зусім няважна, была сапраўды абвешчана вайна або не, няважна, ідзе яна паспяхова або не, бо ніякая канчатковая перамога немагчымая. Важна толькі, каб існавала ваеннае становішча. Спецыялізацыя разумовае скіраванасці, якой патрабуе Партыя ад сваіх сябраў і якая найлягчэй дасягаецца ў атмасферы вайны, цяпер сталася амаль усеагульнаю, але чым вышэйшы ранг, тым адметнейшая гэтая спецыялізацыя. Якраз ва Ўнутранай Партыі ваенная істэрыя і нянавісць да ворага выяўляюцца найбольш яскрава. Пры выкананні сваёй кіраўнічай ролі сябру Ўнутранае Партыі часам неабходна ведаць, што той або іншы пункт ваенных навінаў сфальшаваны, часам яму выпадае даведацца, што ўся вайна — фальшыўка і яе або ўвогуле няма, або прычыны яе абвешчання зусім не тыя, што паведамляліся раней. Але гэтае веданне нейтралізуецца прыёмамі двухдумства. Тым часам ніводзін сябра Ўнутранае Партыі ні хвіліны не вагаецца ў сваім містычным перакананні, што вайна ідзе, што яна мусіць скончыцца перамогаю Акіяніі і што Акіянія стане неаспрэчнай уладаркаю ўсяго свету.

Усе сябры Ўнутранае Партыі вераць у непазбежнасць гэтае заваёвы, як у рэлігійны догмат. Яна адбудзецца або праз паступовы захоп новых тэрыторый, што дазволіць пабудаваць магутную неадольную супердзяржаву, або праз вынаходку новае зброі, супраць якой не знойдзецца абарончых сродкаў. Пошук новых відаў зброі працягваецца няспынна. Гэта адна з апошніх ацалелых галін разумовае дзейнасці, дзе дух вынаходніцтва і даследніцтва мае нейкі ўжытак. Сёння ў Акіяніі навука, у старым сэнсе гэтага слова, амаль перастала існаваць. У навамоўі нават няма слова для паняцця «навука». Эмпірычны метад мыслення, на якім грунтаваліся ўсе навуковыя дасягненні мінуўшчыны, пярэчыць найгалоўнейшым прынцыпам Ангсоцу. І нават тэхнічны прагрэс адбываецца толькі там, дзе ён можа нейкім чынам паспрыяць абмежаванню чалавечае свабоды. Ва ўсіх відах рамёстваў свет стаіць на месцы або адступае назад. Палі ўрабляюцца конным плугам, а кніжкі друкуюцца на машынцы. Але ў жыццёва важных галінах — гэта значыць у ваеннай справе і ў паліцэйскім наглядзе — эмпірычны падыход заахвочваецца або, прынамсі, церпіцца. Партыя ставіць перад сабою дзве мэты — заваяваць усю зямную паверхню і знішчыць раз і назаўсёды ўсялякую незалежную думку. З гэтага аынікаюць дзве задачы, якія Партыя мусіць вырашыць: як выявіць, супраць волі чалавека, пра што ён думае, і як за некалькі секундаў знішчыць без папярэджання сотні мільёнаў чалавек. Вось галоўныя мэты Партыі, у меру таго як працягваюцца навуковыя даследаванні. Сённяшні навуковец — гэта або гібрыд псіхолага з інквізітарам, які з незвычайнай стараннасцю вывучае значэнні выразу твару, рухаў, інтанацый голасу і даследуе вынікі ўздзеяння на чалавека наркотыкаў, тэрапеўтычнага шоку, гіпнозу, фізічных катаванняў з мэтаю дамагчыся паказанняў; або гэта фізік, хімік ці біёлаг, зацікаўлены толькі тымі галінамі сваёй спецыяльнасці, якія маюць дачыненне да адабрання жыцця. У вялізных лабараторыях Міністэрства Міру і ў даследчых цэнтрах, схаваных у бразільскіх лясах, ці ў аўстралійскай пустыні, ці на выспах, што губляюцца ў Антарктыцы, нястомна працуюць групы экспертаў. Адны займаюцца распрацоўкаю планаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння будучых войнаў, другія вынаходзяць усё большыя ракетныя бомбы, усё магутнейшыя выбуховыя рэчывы, усё больш непрабівальную браню; іншыя вышукваюць новыя, больш смяротныя газы або растваральныя атруты, якія можна было б вырабіць у колькасці, дастатковай, каб знішчыць расліннасць цэлых кантынентаў, або віды вірусаў, адпорных на любыя вакцыны; іншыя працуюць над стварэннем механізму, які б мог перасоўвацца пад зямлёю, як падводная лодка пад вадой, або над пабудоваю самалёта, гэтак жа незалежнага ад сваёй базы, як пярусны карабель; іншыя ж даследуюць нават самыя далёкія магчымасці, як, напрыклад, канцэнтраванне сонечных промняў лінзамі, падвешанымі за тысячы кіламетраў над зямлёю, або выкліканне штучных землятрусаў ці прыліваў і адліваў праз уздзеянне на тэмпературу ў цэнтры зямлі.

Але ніводзін з гэтых праектаў ніколі не набліжаецца да ажыццяўлення, і ніводная з трох звышдзяржаваў не можа істотна апярэдзіць астатнія. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу — зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынансці ў выніку цяперашніх даследаванняў. І хоць Партыя, як звычайна, запісвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з'явіліся яшчэ ў 40-я гады і былі першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотні бомбаў было тады скінута на прамысловыя цэнтры, асабліва ў Эўрапейскай частцы Расеі, Заходняй Эўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыі мелі на мэце пераканаць кіраўнічыя колы ўсіх краінаў, што яшчэ некалькі бомбаў паставілі б крэс існаванню чалавецтва, а разам з тым і іх уладзе. У выніку, хоць і не было ніякіх спецыяльных пагадненняў ці нават прапановаў, болей бомбы не ўжываліся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы і назапашваць іх, чакаючы вырашальнага моманту, які, як думаюць усе яны, надарыцца рана ці позна. Тым часам ваенная тэорыя на працягу трыццаці або сарака гадоў не развівалася. Верталёты ўжываюцца больш, чым раней, бамбавікі ў большасці заменены на самарушныя снарады, а рухомыя і нетрывалыя крэйсеры саступілі месца амаль непатопным Плывучым Крэпасцям. Апроч гэтага, ніякіх удасканаленняў не адбылося. Танкі, падводныя лодкі, тарпеды, кулямёты і нават вінтоўкі і ручныя гранаты ўсё яшчэ ўжываюцца. І нягледзячы на бясконцыя паведамленні прэсы і тэлеглядаў аб жорсткіх баях, зацятыя бітвы мінулых войнаў, пад час якіх за пару тыдняў гінулі сотні тысяч ці нават мільёны людзей, ніколі ўжо не паўтараліся.

Ніводная з трох звышдзяржаў не рызыкуе рабіць такіх крокаў, якія маглі б прывесці да сур'ёзных стратаў. Калі і праводзяцца шырокамаштабныя аперацыі, дык часцей за ўсё гэта нечаканыя напады на саюзніка. Усе тры дзяржавы прытрымліваюцца ці ўдаюць, што прытрымліваюцца, аднолькавае стратэгіі. План палягае ў тым, каб, спалучаючы баявыя аперацыі, маршы і добра запланаваныя здрады, замкнуць кола сваіх баз вакол адной ці другой дзяржавы-суперніцы, а пасля заключыць з ёю пакт аб дружбе і захоўваць з ёю мір даволі доўга, каб падмануць пільнасць. За гэты час ракеты з атамнымі зарадамі размесцяцца ва ўсіх стратэгічных пунктах. Калі ўсе іх адначасова запусцяць, разбуральны эфект будзе такі моцны, што адпор будзе немагчымы. Тады настане час заключыць пакт аб дружбе з другой сусветнай дзяржаваю для падрыхтоўкі другога нападу. Не трэба, бадай, і казаць, што план гэты — нездзяйсняльная мара. Да таго ж баі вядуцца выключна на спрэчных тэрыторыях вакол экватара і полюса. Ніякія ўварванні на тэрыторыю супраціўніка не прадпрымаюцца. Гэтым тлумачыцца факт, што на некаторых адцінках межы паміж звышдзяржавамі праведзены адвольна. Эўразія, напрыклад, магла б з лёгкасцю заваяваць Брытанскія выспы, якія геаграфічна ўваходзяць у Эўропу. З другога боку, Акіянія магла б пасунуць мяжу да Рэйна або нават да Віслы. Але гэта было б парушэннем шанаванага ўсімі няпісанага прынцыпу культурнае недатыкальнасці. Калі б Акіянія захапіла тэрыторыі, некалі вядомыя пад назвамі Францыя і Германія, ёй давялося б або знішчыць усё насельніцтва, што было б звязана з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі, або асіміляваць каля ста мільёнаў жыхароў, якія ўзроўнем прамысловага развіцця набліжаюцца да Акіяніі. Праблема гэтая стаіць перад усімі трыма звышдзяржавамі. Для захавання іх структуры абсалютна неабходна выключыць любыя кантакты з іншаземцамі, дапускаючы іх хіба толькі, у абмежаванай ступені, з ваеннапалоннымі і каляровымі рабамі. Нават да афіцыйнага саюзніка прынята ставіцца са змрочным падазрэннем. Калі не ўлічваць ваеннапалонных, звычайны грамадзянін Акіяніі ніколі не бачыць грамадзян Эўразіі або Ўсходазіі, і яму забаронена ведаць замежныя мовы. Калі б яму былі дазволеныя кантакты з іншаземцамі, ён заўважыў бы, што гэта такія самыя людзі, як і ён, і што большая частка таго, што пра іх гавораць — няпраўда. Герметычныя муры свету, у якім ён жыве, разбурыліся б, і страх, нянавісць, упэўненасць у сваёй рацыі, ад якіх залежыць яго мараль, маглі б знікнуць. У выніку гэтага ўсе бакі пагадзіліся, што тым часам, як Персія, Егіпет, Ява ці Цэйлон пераходзяць з рук у рукі, галоўныя межы могуць парушацца толькі бомбамі.

За ўсім гэтым хаваецца факт, ніколі не выказаны ўголас, але зразумелы ўсім, які абумоўлівае паводзіны кожнага, — умовы жыцця ва ўсіх трох звышдзяржавах прыблізна аднолькавыя. У Акіяніі пануючая філасофія называецца Ангсоц, у Эўразіі — неабальшавізм, ва Ўсходазіі яна азначаецца кітайскім словам, якое звычайна перакладаецца як Культ смерці, але дакладней было б перадаць яго як «забыццё самога сябе». Грамадзяніну Акіяніі не дазваляецца ведаць што б там ні было пра два іншыя філасофскія вучэнні, але яго вучаць ненавідзець іх і лічыць іх дзікунскай абразаю маралі і здаровага сэнсу. Папраўдзе, усе тры філасофіі мала адрозніваюцца адна ад адной, а грамадскія сістэмы, на іх пабудаваныя, не адрозніваюцца ўвогуле. Паўсюль — тая самая пірамідальная структура, той самы культ кіраўніка-паўбога, тая самая эканамічная сістэма, што існуе праз пастаянную вайну і дзеля яе. З гэтага вынікае, што ўсе тры звышдзяржавы не толькі не могуць заваяваць адна адну, але і не мелі б з гэтае заваёвы ніякае карысці. Наадварот, варагуючы паміж сабою, яны падтрымліваюць адна адну, як тры пшанічныя снапы. Звычайна кіраўнічыя групоўкі трох дзяржаў усведамляюць і адначасова не ўсведамляюць тое, што яны робяць. Яны прысвячаюць свае жыцці заваёве свету, але разам з тым яны ведаюць, што неабходна, каб вайна працягвалася без канца і без перамогі. Тым часам адсутнасць небяспекі заваявання робіць магчымым адмаўленне рэальнасці — адмысловую рысу Ангсоцу і дзвюх астатніх філасофскіх сістэм. Тут неабходна паўтарыць сказанае вышэй — з-за таго, што вайна стала перманентнаю, істотна змяніўся сам яе характар.

Ранейшымі часамі вайна, амаль паводле самой дэфініцыі, была нечым, што рана ці позна канчалася, звычайна бясспрэчнаю перамогай або паражэннем. Ранейшымі часамі вайна была таксама адным з асноўных сродкаў, праз які чалавечае грамадства трымалася ў кантакце з матэрыяльнай рэчаіснасцю. Усе кіраўнікі ва ўсе часы спрабавалі навязаць сваім падначаленым фальшывы светапогляд, але не маглі сабе дазволіць заахвочваць ілюзіі, якія маглі б знізіць баяздольнасць. Калі паражэнне значыла страту незалежнасці ці нейкі іншы непажаданы вынік, трэба было сур'ёзна супрацьставіцца паражэнню. Тут ужо нельга было абысці матэрыяльныя факты. Двойчы два можа значыць пяць у філасофіі, рэлігіі, этыцы або палітыцы, але калі справа ідзе пра гармату або самалёт, двойчы два мусіць раўняцца чатыром. Недзеяздольныя нацыі рана ці позна асуджаны на заваяванне, і барацьба за дзеяздольнасць заўсёды была ворагам усіх ілюзій. Да таго ж, каб быць дзеяздольным, трэба ўмець вучыцца з мінуўшчыны, гэта значыць дакладна ўяўляць сабе тое, што адбывалася раней. У газетах і гістарычных кнігах усё заўсёды прыхарошвалася і падганялася, але фальшаванні накшталт цяперашніх былі немагчымыя. Вайна была гарантам здаровага розуму, а што датычыла кіраўнічых колаў, дык нават самым надзейным гарантам. Пакуль войны можна было выйграваць або прайграваць, ніводзін кіраўнічы клас не мог быць абсалютна безадказны.

Але калі вайна робіцца працяглай, яна перастае быць небяспечнай. Калі вайна перманентная, нічога накшталт ваеннай неабходнасці болей не існуе. Тэхнічны прагрэс можа спыніцца, а самыя відавочныя факты могуць адмаўляцца або ігнаравацца. Як мы ўжо бачылі, даследаванні, якія можна было б назваць навуковымі, усё яшчэ вядуцца ў ваенных мэтах, але па сутнасці ўсё гэта пустыя фантазіі, і тое, што яны не даюць ніякіх вынікаў, нікога не хвалюе. Дзеяздольнасць, нават ваенная, болей нікому не патрэбная. У Акіяніі болей не засталося нічога дзеяздольнага, апроч Паліцыі Думак. З таго часу, як усе тры звышдзяржавы сталіся неадольнымі, кожная з іх існуе як асобны сусвет, унутры якога могуць спакойна адбывацца любыя дэфармацыі думкі. Уплыў рэальнасці выяўляецца толькі ў вымогах штодзённага жыцця — неабходна есці і піць, мець жытло і адзенне, старацца не глытаць атруты і не выходзіць праз акно з апошняга паверха і гэтак далей. Паміж жыццём і смерцю, паміж асалодаю і пакутай яшчэ ёсць адрозненне, але не надта вялікае. Ізаляваны ад знешняга свету і ад мінуўшчыны, грамадзянін Акіяніі падобны да чалавека ў міжзорнай прасторы, які не мае ніякіх пунктаў адліку і не ведае, дзе верх, дзе ніз. Кіраўнікі такой дзяржавы маюць абсалютную ўладу, якой не мелі ні фараоны, ні імператары. Яны мусяць дбаць пра тое, каб не надта шмат іх падуладных памірала з голаду, бо гэта можа быць нязручным, яны мусяць падтрымліваць гэткі самы нізкі ваенна-тэхнічны ўзровень, што і іх супернікі, але як толькі гэты мінімум дасягнуты, яны могуць дэфармаваць рэчаіснасць і надаваць ёй любую форму.

Такім чынам, вайна, калі падыходзіць да яе з меркамі, стасаванымі да мінулых войнаў, — гэта проста падман. Яна нагадвае баі паміж прадстаўнікамі некаторых відаў жвачнай жывёлы, у якіх рогі растуць пад такім вуглом, што яны не могуць пашкодзіць адно аднаму. Але нават будучы нерэальнай, яна ўсё ж мае пэўнае значэнне. Яна знішчае лішкі прадуктаў спажывання і дапамагае захаваць адмысловую духоўную атмасферу, неабходную для існавання іерархічнага грамадства. Такім чынам, як бачым, вайна ёсць справа чыста ўнутрыпалітычная. Раней кіраўнічыя групы ўсіх краін, хоць і яны маглі прызнаць наяўнасць некаторых супольных інтарэсаў і, такім чынам, абмежаваць знішчальныя вынікі вайны, сапраўды ваявалі адна супраць адных, і той, хто перамагаў, заўсёды рабаваў пераможанага. Цяпер яны ўжо не ваююць адны супраць адных. Кожная кіраўнічая група ваюе супраць сваіх падуладных, а мэта вайны — не заваяваць або перашкодзіць заваяванню тэрыторыі, а захаваць некранутай структуру грамадства. Само слова «вайна» перастала адпавядаць свайму зместу. Відаць, дакладней было б сказаць, што, зрабіўшыся перманентнай, вайна перастала існаваць. Тое асаблівае прыгнечанне чалавечых істот, якое было характэрнае ўсім войнам ад неаліту да пачатку дваццатага стагоддзя, замянілася на нешта зусім іншае. Вынік быў бы той самы, калі б усе тры звышдзяржавы замест таго, каб біцца адна з адной, пагадзіліся і жылі ў вечным міры, застаючыся кожная недатыкальнай у сваіх межах. Сапраўды, і ў гэтым выпадку кожная з іх заставалася б замкнёным сусветам, навекі вызваленым ад аблудных уплываў знешняе пагрозы. Сапраўдны перманентны мір быў бы тым самым, што і перманентная вайна. І хоць большасць сябраў Партыі разумее гэта толькі ў павярхоўным сэнсе, у гэтым і хаваецца глыбокае значэнне партыйнага лозунга: ВАЙНА — ГЭТА МІР.

 

Ўінстан на хвілінку перапыніў чытанне. Недзе далёка выбухнула ракетная бомба. Шчаслівае адчуванне таго, што ён сядзіць сам-насам з забароненай кнігай у пакоі, дзе няма тэлегляда, яшчэ не прайшло. Самотнасць і бяспека былі фізічнымі пачуццямі, якія мяшаліся са стомаю яго цела, з утульнасцю фатэля, з пяшчотным дотыкам ветрыку, які далятаў з акна і лашчыў яму твар. Кніга яго захапляла ці, дакладней кажучы, абнадзейвала. З другога боку, яна не паведамляла нічога новага, але ад гэтага яна была яшчэ больш прывабная. У ёй гаварылася тое, што б сказаў і Ўінстан, калі б здолеў упарадкаваць свае раскіданыя думкі. Кніга была плёнам розуму, падобнага да ягонага, але магутнейшага, больш сістэматычнага, менш апанаванага страхам. «Найлепшыя кнігі, — сказаў ён сам сабе, — гэта тыя, якія гавораць табе пра тое, што ты ўжо сам ведаеш». Ён вярнуўся да раздзела першага, калі пачуў крокі Джуліі па сходах. Ён устаў з фатэля, каб сустрэць яе. Яна паставіла сваю торбу на падлогу і кінулася ў абдымкі Ўінстану. Яны не бачыліся больш за тыдзень.

— У мяне Кніга, — сказаў ён, калі яны скончылі абдымацца.

— О, праўда? Добра, — сказала яна без лішняе цікаўнасці і амаль адразу схілілася над керагазам, каб зварыць кавы.

Яны вярнуліся да гэтай тэмы толькі праз паўгадзіны пасля таго, як леглі ў ложак. Вечар ужо дыхаў прахалодаю, і ім давялося прыкрыцца коўдрай. Знізу даляталі знаёмыя гукі песні і стукату чаравікаў па бруку. Жанчына з чырвонымі, як цэгла, рукамі, якую Ўінстан бачыў, як быў тут першы раз, была, здавалася, неадлучнаю часткай двара. Яна, пэўна, так і хадзіла праз цэлыя дні паміж балеяй і вяроўкай і, калі рот у яе не быў заняты зашчэпкамі, спявала свае чуллівыя песні. Джулія прылегла на бок і ўжо была гатовая заснуць. Ўінстан выцягнуў руку, каб узяць кнігу з падлогі, і сеў, прыхіліўшыся да більца ложка.

— Нам трэба гэта прачытаць, — сказаў ён, — і табе таксама. Усім сябрам Братэрства трэба гэта прачытаць.

— Чытай, — сказала яна, не расплюшчыўшы вачэй. — Чытай уголас. Так будзе найлепей. Так ты будзеш адразу мне тлумачыць.

Стрэлка гадзінніка была на шасцёрцы, што значыла васемнаццаць гадзін. У іх заставалася яшчэ тры-чатыры гадзіны. Ўінстан паклаў кнігу на калені і пачаў чытаць:

Раздзел першы

Няведанне — гэта сіла

На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці, з канца неаліту, у свеце існавала тры катэгорыі людзей: Вышэйшыя, Сярэднія і Ніжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на розныя драбнейшыя групы, насілі незлічоную колькасць розных найменняў, іх лічбавыя прапорцыі, а таксама ўзаемныя дачыненні мяняліся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак асноўная будова чалавечага грамадства не мянялася ніколі. Нават пасля вялізных зрухаў і ўяўна незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гіраскоп заўсёды імкнецца да раўнавагі, у які бок яго б ні схілялі.

 

— Джулія, ты не спіш? — спытаўся Ўінстан.

— Не, каханы. Я слухаю. Чытай далей. Гэта проста цудоўна.

І ён чытаў далей:

 

Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою. Мэта Вышэйшых — застацца там, дзе яны ёсць, Сярэдніх — памяняцца месцамі з Вышэйшымі. Мэта Ніжэйшых, калі яна ў іх увогуле ёсць — бо неадменнай уласцівасцю Ніжэйшых ёсць тое, што яны занадта прыгнечаныя працай, каб усведамляць трывала, не ўрыўкамі, нешта апроч іх штодзённага жыцця — мэта гэтае групы — зліквідаваць усе адрозненні і стварыць грамадства, у якім усе людзі былі б роўныя. І гэтак, праз усю Гісторыю, змаганне, асноўныя рысы якога застаюцца тыя самыя, паўтараецца бясконца. Часам, на працягу доўгіх перыядаў, здаецца, што Вышэйшыя трывала трымаюць уладу. Але рана ці позна заўсёды надыходзіць момант, калі яны страчваюць або веру ў сябе, або здольнасць да эфектыўнага кіравання, або і тое і тое разам. І тады іх скідаюць Сярэднія, якія схіляюць на свой бок Ніжэйшых, запэўніваючы іх, што яны змагаюцца за свабоду і справядлівасць. Дасягнуўшы сваёй мэты, Сярэднія зноў заганяюць Ніжэйшых у былое рабства і самі робяцца Вышэйшымі. Новая сярэдняя група вылучаецца тады з адной з ацалелых груп або з абедзвюх, і барацьба пачынаецца зноў. З трох груп толькі Ніжэйшым ніколі, нават часова, не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты. Было б перабольшаннем сказаць, што за ўсю гісторыю не было дасягнута ніякага матэрыяльнага прагрэсу. Нават сёння, у перыяд заняпаду, сярэдні чалавек мае лепшыя жыццёвыя ўмовы, чым колькі стагоддзяў таму. Але ніякі рост багацця, ніякае палагодненне нораваў, ніякія рэформы або рэвалюцыі ні на міліметр не наблізілі роўнасці людзей. З пункту погляду Ніжэйшых гістарычныя перамены ніколі не значылі болей, чым проста змену імя іх гаспадароў.

Пад канец ХІХ стагоддзя шматлікія наглядальнікі заўважылі пастаяннае паўтарэнне гэтае мадэлі грамадства. Тады з'явіліся школы мысляроў, якія разглядалі гісторыю як цыклічны працэс і маніліся давесці, што няроўнасць — нязменны закон чалавечага жыцця. Гэтае вучэнне, вядома ж, і раней заўсёды мела сваіх прыхільнікаў, але ў тым, як яно падавалася, адбылася істотная змена. У мінулым неабходнасць іерархічнае формы грамадства баранілася вучэннем, уласцівым вышэйшаму класу. Вучэнне гэтае прапагандавалася каралямі і арыстакратамі, святарамі, законнікамі і іншымі, што паразітавалі на іх, і змякчалася яно абяцаннямі адплаты ва ўяўным свеце, па той бок магілы. Сярэднія, змагаючыся за ўладу, заўсёды ўжывалі словы накшталт «свабода», «справядлівасць», «братэрства». Аднак на паняцце «братэрства людзей» пачалі нападаць людзі, якія яшчэ не займалі кіраўнічых пастоў, але неўзабаве спадзяваліся іх заняць. Раней Сярэднія рабілі рэвалюцыі пад сцягам роўнасці, а пасля ўсталёўвалі новую тыранію, як толькі старая была знішчана. Новыя Сярэднія абвяшчалі цяпер сваю тыранію загадзя. Сацыялізм — тэорыя, якая з'явілася на пачатку ХІХ стагоддзя і ўяўляла сабою апошняе звяно ланцуга думкі, што брала пачатак у антычных паўстаннях рабоў, — быў яшчэ глыбока прасякнуты ўтапічнымі ідэямі мінулых стагоддзяў. Але ва ўсіх варыянтах сацыялізму, якія з'явіліся прыблізна пасля 1900 года, мэта ўсталявання свабоды і роўнасці стала ўсё больш і больш адкрыта адкідацца. Новыя рухі, што ўзніклі ў сярэдзіне стагоддзя — Ангсоц у Акіяніі, Неабальшавізм у Эўразіі, Культ смерці, як яго звычайна называюць, ва Ўсходазіі — свядома паставілі сабе за мэту ўвечніць несвабоду і няроўнасць. Гэтыя новыя рухі, вядома ж, бралі пачатак са старэйшых вучэнняў, імкнуліся захаваць іх назвы і ўславіць на словах іх ідэалогію. Але мэтаю ва ўсіх іх было стрымаць прагрэс і ў пэўны момант назаўсёды спыніць гісторыю. Маятнік мусіць зрабіць яшчэ адно ваганне і замерці. Як звычайна, Вышэйшыя павінны быць скінутыя Сярэднімі, якія тады зрабіліся б Вышэйшымі. Але гэтым разам, паводле свядомае стратэгіі, новыя Вышэйшыя былі б здольныя вечна ўтрымліваць свае пазіцыі.

Новыя вучэнні ўзніклі дзякуючы назапашаным гістарычным ведам, а таксама дзякуючы глыбейшаму разуменню гісторыі, якога амаль не было да дзевятнаццатага стагоддзя. Цыклічны рух гісторыі цяпер быў заўважны, ці, прынамсі, так магло здавацца. Але калі ён быў заўважны, значыць, яго можна было змяніць. Аднак галоўная глыбокая прычыны ўзнікнення гэтых вучэнняў палягала ў тым, што з пачатку дваццатага стагоддзя роўнасць людзей зрабілася тэхнічна дасягальнай. Праўда, людзі ўсё яшчэ былі няроўныя паводле прыродных здольнасцяў, і для размеркавання функцый між людзьмі ўсё яшчэ павінен быў існаваць выбар, які аддаваў бы перавагу адным за кошт другіх. Але не існавала ўжо ніякай рэальнай неабходнасці для размежавання паводле класаў або розніцы маёмаснага стану. Ранейшымі часамі класавыя адрозненні былі не толькі непазбежныя, але і пажаданыя. Няроўнасць была платаю за цывілізацыю. Становішча, аднак, змянілася з развіццём машыннае вытворчасці. Нават калі яшчэ і заставалася неабходнасць таго, каб людзі выконвалі розную працу, дык было ўжо зусім неабвязкова, каб яны жылі на розным сацыяльным або эканамічным узроўні. Вось чаму з пункту погляду новых груп, якія рыхтаваліся да захопу ўлады, чалавечая роўнасць была ўжо не ідэалам, да якога трэба імкнуцца, а небяспекаю, якой трэба было пазбегнуць. Раней, калі справядлівае і мірнае грамадства было сапраўды немагчымае, было вельмі лёгка ў яго верыць. Ідэя аб зямным раі, дзе людзі будуць разам у братняй згодзе, без законаў і без знясільнае працы, тысячагоддзямі вабіла чалавечую фантазію. Гэтае ўяўленне зрабіла пэўны ўплыў нават на тыя групы людзей, якія мелі рэальную карысць ад кожнай гістарычнай перамены. Спадкаемцы французскай, ангельскай і амерыканскай рэвалюцый часткова і самі верылі сваім словам аб правах чалавека, свабодзе слова, роўнасці перад законам, словы гэтыя ўплывалі ў пэўнай ступені нават на іх паводзіны. Але ўжо ў чацвёртым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ўсе асноўныя плыні палітычнае думкі былі аўтарытарныя. Рай зямны быў развянчаны якраз тады, як ён стаўся дасягальным. Любая новая палітычная тэорыя, як бы яна ні называлася, вяртала назад да іерархізаванага і строга рэгламентаванага грамадства. А ў 30-я гады, з агульным пагаршэннем палітычнае атмасферы, метады, ад якіх даўно ўжо, часам сотні гадоў назад, адмовіліся — зняволенне без суду, выкарыстанне ваеннапалонных у якасці рабоў, публічныя пакаранні, катаванні дзеля здабычы паказанняў, узяцце заложнікаў і дэпартацыя цэлых народаў, — не толькі зноў сталіся звычайнымі, але не выклікалі пратэсту і нават бараніліся людзьмі, што лічылі сябе адукаванымі і прагрэсіўнымі.

Толькі пасля дзесяці гадоў сусветных і грамадзянскіх войнаў, рэвалюцый і контррэвалюцый ва ўсіх частках свету Ангсоц і яго канкурэнты склаліся ў дакладна акрэсленыя палітычныя тэорыі. Але ім папярэднічалі розныя сістэмы, звычайна званыя таталітарнымі, якія з'явіліся раней у гэтым стагоддзі, і галоўныя абрысы свету, які павінен быў нарадзіцца з пануючага бязладдзя, былі ўжо даўно відавочныя. Што за тып чалавека мусіў уладарыць у гэтым свеце — таксама было відавочна. Новая арыстакратыя складалася пераважна з бюракратаў, навукоўцаў, тэхнікаў, прафсаюзных дзеячаў, прапагандыстаў, сацыёлагаў, выкладчыкаў, журналістаў і прафесійных палітыкаў. Гэтыя людзі, якія паходзілі з аплочваных прадстаўнікоў сярэдняга класа і вышэйшых пластоў рабочых, былі сфармаваныя і аб'яднаныя бясплодным светам манапалізаванай прамысловасці і цэнтралізаванага кіраўніцтва. У параўнанні з адпаведнымі сіламі мінулых часоў яны былі менш хцівыя, менш прывабленыя раскошаю, затое болей прагныя чыстай улады і, што характэрна, больш свядомыя ў сваіх дзеяннях і больш рашучыя ў знішчэнні апазіцыі. Гэтае апошняе адрозненне было самае істотнае. У параўнанні з сённяшнімі, усе тыраніі мінуўшчыны былі млявыя і недзеяздольныя. Кіраўнічыя колы заўсёды былі ў пэўнай ступені заражаныя ліберальнымі ідэямі, былі радыя паўсюль папускаць лейцы, паважна ўспрымалі толькі відавочныя факты і не цікавіліся, пра што думаюць іх падуладныя. Нават сярэднявечная каталіцкая царква здавалася талерантнаю ў параўнанні з сучаснымі стандартамі. Прычына часткова палягае ў тым, што ў мінулым ніводзін урад не мог трымаць сваіх грамадзянаў пад сталым наглядам. Аднак ужо вынаходка кнігадрукавання дазволіла лягчэй маніпуляваць грамадскай думкай. Кіно і радыё дапамаглі тут яшчэ болей. З развіццём тэлевізіі і з тэхнічным прагрэсам, які дазволіў стварыць апарат, што працуе і на перадачу і на прыём, прыватнаму жыццю людзей настаў канец. Кожнага грамадзяніна ці, прынамсі, кожнага вартага таго, каб за ім сачылі, можна было трымаць дваццаць чатыры гадзіны ў суткі пад вачамі паліцыі, у трэскаце афіцыйнае прапаганды, тым часам як усе іншыя каналы камунікацыі перакрытыя. Упершыню ўзнікла магчымасць навязаць падуладным не толькі поўную паслухмянасць дзяржаўнай волі, але і поўную аднастайнасць думак.

Пасля рэвалюцыйнага перыяду пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў грамадства зноў, як і раней, перагрупавалася на Вышэйшых, Сярэдніх і Ніжэйшых. Але новыя Вышэйшыя, у адрозненне ад папярэднікаў, дзейнічалі ўжо не інстынктыўна. Яны ведалі, што трэба рабіць, каб захаваць свае пазіцыі. Ужо даўно было заўважана, што адзіная надзейная падстава алігархіі — калектывізм. Багацце і прывілеі абараняць лягчэй, калі валодаеш імі супольна з іншымі. Гэтак званая «ліквідацыя прыватнае ўласнасці», што адбывалася ў сярэдзіне стагоддзя, значыла на справе канцэнтрацыю ўласнасці ў значна меншай, чым дагэтуль, колькасці рук, ды яшчэ з тым адрозненнем, што новыя ўласнікі не былі ўжо масаю індывідаў, а ўтваралі групу. Ніводзін асобна ўзяты сябра Партыі не валодае нічым, апроч нязначных асабістых рэчаў. Супольна Партыя валодае ўсім у Акіяніі, бо яна кантралюе ўсё і распараджаецца прадукцыяй, як толькі хоча. У першыя паслярэвалюцыйныя гады яна здолела заняць пануючае становішча, амаль не сустрэўшы супраціву, бо ўвесь працэс адбываўся як акт калектывізацыі. Заўсёды лічылася, што пасля экспрапрыяцыі капіталістаў настане сацыялізм, і капіталістаў без лішніх пытанняў экспрапрыявалі. У іх забралі ўсё — фабрыкі, шахты, зямлю, дамы, транспарт — а як усё гэта перастала быць прыватнай уласнасцю, дык яно мусіла стацца ўласнасцю грамадскай. Ангсоц, які нарадзіўся на глебе ранейшага сацыялістычнага руху і пераняў яго фразеалогію, сапраўды выканаў галоўны пункт сацыялістычнае праграмы, з тым загадзя прадбачаным і жаданым вынікам, што эканамічная няроўнасць сталася вечнаю.

Але праблемы ўсталявання вечнага іерархічнага грамадства на гэтым не канчаюцца. Кіраўнічыя колы могуць страціць уладу ў чатырох выпадках. Яны могуць або быць пераможаныя звонку, або кіраваць так блага, што паўстануць масы, або дазволіць сфармавацца моцнай і незадаволенай сярэдняй групе, або страціць давер да саміх сябе і жаданне кіраваць. Гэтыя прычыны не дзейнічаюць паасобку і звычайна выступаюць у нейкай ступені ўсе чатыры разам. Кіраўнічы клас, які здолеў бы супрацьстаяць усім гэтым небяспекам, заставаўся б пры ўладзе вечна. Урэшце, вырашальным фактарам з'яўляецца духовы стан самога кіраўнічага класа.

З паловы гэтага стагоддзя першая небяспека, па сутнасці, знікла. Кожная з трох двяржаваў, што цяпер падзяляюць свет, сапраўды непераможная і магла б перастаць быць такою толькі праз паступовыя дэмаграфічныя змены, якіх урад з шырокаю ўладай можа лёгка пазбегнуць. Другая небяспека таксама застаецца толькі тэарэтычнаю. Масы ніколі не паўстаюць самі па сабе, і яны ніколі не паўстануць толькі з-за таго, што іх прыгнятаюць. Пакуль ім няма з чым параўнаць сваё становішча, яны ніколі не ўсведамяць, што іх прыгнятаюць. Частыя эканамічныя крызісы мінулага былі зусім непатрэбныя, не дапускаюцца яны і цяпер, але іншыя гэткія ж важныя перабоі могуць адбывацца і адбываюцца, не даючы палітычных вынікаў, бо няма ніякае магчымасці адкрыта выказаць незадаволенасць. Што да праблемы перавытворчасці, якая прыхавана існуе ў нашым грамадстве з часоў узнікнення машыннае тэхнікі, Дык яна вырашаецца шляхам вядзення перманентнае вайны (гл. Раздзел ІІІ), якая служыць таксама для дасягнення ў грамадстве неабходнага маральнага духу. Такім чынам, з пункту погляду нашых цяперашніх кіраўнікоў застаюцца наступныя рэальныя пагрозы: вылучэнне новае групы здольных людзей, якія займаюць пасады ніжэйшыя за іх здольнасці, людзей, прагных улады; развіццё лібералізму і скептыцызму ў іх уласных шэрагах. Такім чынам, праблема мае, так бы мовіць, адукацыйны характар. Яна палягае ў тым, каб няспынна фармаваць свядомасць і кіраўнічае групы, і больш шматлікае выканаўчае групы, што ідзе непасрэдна за першаю. Што да свядомасці масаў, дык яна патрабуе ўплыву толькі ў негатыўным сэнсе.

Грунтуючыся на гэтых дадзеных, можна ўявіць сабе, калі яна яшчэ не вядомая, агульную структуру акіянійскага грамадства. На вяршыні піраміды стаіць Вялікі Брат. Вялікі Брат бясхібны і ўсемагутны. Кожны поспех, кожнае дасягненне, кожная перамога, кожнае навуковае адкрыццё, усе веды, уся мудрасць, усё шчасце, уся цнота непасрэдна прыпісваюцца яго кіраўнічай і натхняльнай ролі. Ніхто ніколі не бачыў Вялікага Брата. Ён — твар на плакатах, голас у тэлеглядзе. Мы можам быць пэўныя, што ён ніколі не памрэ, а наконт даты яго нараджэння ўжо і цяпер існуе вялікая няпэўнасць. Вялікі Брат — маска, пад якою Партыя вырашыла выступаць перад светам. Яго функцыя — быць зборным аб'ектам любові, страху і павагі — пачуццяў, якія лягчэй прысвяціць аднаму чалавеку, чым цэлай арганізацыі. За Вялікім Братам ідзе Ўнутраная Партыя, якая налічвае шэсць мільёнаў чалавек, або трохі меней за два адсоткі насельніцтва Акіяніі. За Ўнутранай Партыяй ідзе Знешняя Партыя. Калі Ўнутраная Партыя разглядаецца як мозг дзяржавы, дык Знешнюю Партыю было б справядліва параўнаць з рукамі дзяржавы. Далей ідуць безаблічныя глухія масы, звычайна называныя «проламі», якія складаюць каля васьмідзесяці пяці адсоткаў насельніцтва. Паводле нашай папярэдняй тэрміналогіі, пролы — гэта Ніжэйшыя. Што да рабскага насельніцтва экватарыяльных раёнаў, якое ўвесь час пераходзіць ад аднаго заваёўніка да другога, дык яно не складае сталай групы ў агульнай структуры.

У прынцыпе, прыналежнасць да гэтых трох груп не перадаецца ў спадчыну. Дзіця сябры Ўнутранай Партыі з тэарэтычнага пункту погляду не нараджаецца сябрам Унутранае Партыі. Прыём у адну або другую галіну Партыі праводзіцца праз экзамен ва ўзросце шаснаццаці гадоў. Не існуе таксама ніякай расавай дыскрымінацыі, ні істотных пераваг адной правінцыі над другой. На найвышэйшых партыйных пасадах можна сустрэць жыдоў, мурынаў, паўднёваамерыканцаў чыста індзейскае крыві, а мясцовыя кіраўнікі заўсёды выбіраюцца сярод жыхароў дадзенае тэрыторыі. Нідзе ў Акіяніі людзі не адчуваюць сябе каланіяльным насельніцтвам, кіраваным з далёкае сталіцы. У Акіяніі няма сталіцы, а яе намінальны кіраўнік — чалавек, чыё месца жыхарства нікому не вядомае. За выключэннем таго, што ангельская мова з'яўляецца галоўнай размоўнай, а навамоўе — афіцыйнай моваю Акіяніі, у краіне няма ніякае цэнтралізацыі. Яе кіраўнікі злучаны між сабою не кроўнымі сувязямі, а прыналежнасцю да агульнага вучэння. Нашае грамадства і напраўду распластавана, і вельмі строга распластавана, паводле парадку, які на першы погляд нагадвае спадчынныя лініі. Цяпер значна радзей назіраюцца пераходы з адной групы ў другую, чым у эпоху капіталізму або нават у даіндустрыяльны перыяд. Паміж дзвюма галінамі Партыі адбываецца пэўны абмен, але толькі тады, калі трэба выключыць з Унутранай Партыі слабых або абясшкодзіць занадта амбітных сябраў Знешняй Партыі, узняўшы іх угору. Пролам практычна не даюць дасягнуць узроўню, які б дазволіў ім уступіць у Партыю. Найбольш здольныя з іх, якія маглі б сфармаваць асяродкі незадавальнення, проста высочваюцца Паліцыяй Думак і ліквідуюцца. Але гэты стан рэчаў неабавязкова мусіць быць нязменны, ён не ўяўляе сабою прынцыповага пытання. Партыя не з'яўляецца класам у старым сэнсе слова. Яна не імкнецца перадаць уладу сваім дзецям толькі таму, што гэта яе Дзеці; і калі б не існавала іншае магчымасці ўтрымліваць пры ўладзе найбольш здольных людзей, яна з лёгкасцю была б гатовая рэкрутаваць зусім новае пакаленне з шэрагаў пралетарыяту. У крытычныя часы той факт, што Партыя не з'яўляецца спадчынным саслоўем, вельмі спрыяў нейтралізаванню апазіцыі. Сацыяліст старога гарту, спрактыкаваны ў змаганні супраць «класавых прывілеяў», меркаваў, што тое, што не перадаецца ў спадчыну, не можа быць вечным. Ён не разумеў, што пераемнасць алігархіі неабавязкова павінна быць фізічнаю, ён не задумваўся над тым, што спадчынныя арыстакратыі ніколі не жылі доўга, тым часам як арганізацыі, даступныя ўсім людзям, як, прыкладам, каталіцкая царква, існавалі часам сотні і нават тысячы гадоў. Сутнасць алігархічнага панавання не ў спадкаванні ад бацькі сыну, а ў захаванні пэўнага светапогляду і пэўнага ладу жыцця, навязанага мёртвымі жывым людзям. Кіраўнічыя колы датуль застаюцца кіраўнічымі коламі, пакуль яны могуць прызначаць сабе наступнікаў. Партыі важна захаваць не сваю кроў, а самую сябе. Зусім няважна, хто трымае ўладу, істотна, каб іерархічная структура заставалася заўсёды тая самая.

Усе погляды, звычкі, густы, пачуцці і лад думак, уласцівыя нашым часам, у сапраўднасці прызначаюцца на тое, каб захаваць містычнасць Партыі і не даць зразумець сапраўдную сутнасць сучаснага грамадства. Практычнае паўстанне ці хоць бы падрыхтоўчыя захады да яго сёння немагчымыя. Пролаў няма чаго баяцца. Пакінутыя самі сабе, яны і далей будуць з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе працаваць, працягваць род і паміраць не толькі без ніякага памкнення паўстаць, але і не маючы нават магчымасці зразумець, што свет мог бы быць інакшы, чым ён ёсць цяпер. Яны сталі б небяспечнымі толькі тады, калі б тэхнічны прагрэс запатрабаваў для іх вышэйшае адукацыі. Але як ваенная і эканамічная канкурэнцыя не маюць болей ніякага значэння, дык узровень народнае адукацыі падае. Лічыцца неістотным ведаць, аб чым масы думаюць і аб чым не думаюць. Ім можна спакойна дазволіць інтэлектуальную свабоду, бо інтэлекту ў іх няма. Але найменшае адхіленне ў поглядах сябры Партыі, нават у самым дробным пытанні, лічыцца недапушчальным.

Ад нараджэння да смерці сябра Партыі жыве пад пільным вокам Паліцыі Думак. Нават калі ён адзін, ён ніколі не можа быць пэўны, што ён сапраўды адзін. Дзе б ён ні быў, удзень ці ўначы, на працы ці на адпачынку, у ванне ці ў ложку, за ім могуць назіраць без папярэджання, так, што ён і не будзе пра гэта ведаць. Нічога з таго, што ён робіць, не можа заставацца незаўважаным. З кім ён сябруе, як бавіць час, як ставіцца да жонкі і дзяцей, які ў яго твар, калі ён адзін, што ён мармыча праз сон, нават яго характэрныя рухі — усё назіраецца з назольнай дакладнасцю. Не толькі кожная сапраўдная правіна, але любы, нават самы нязначны выбрык, любая змена звычкі, любае нервовае дзівацтва, якое можа быць сімптомам унутранае барацьбы, без ніякага сумнення заўважаюцца наглядчыкамі. У сябры Партыі няма ніякае свабоды выбару. З другога боку, ягоныя ўчынкі не рэгулююцца законамі ці нейкім ясна сфармуляваным кодэксам паводзін. У Акіяніі законаў няма. Думкі і дзеянні, якія, калі будуць заўважаныя, вядуць да непазбежнае смерці, фармальна не забароненыя, і вечныя чысткі, арышты, катаванні, зняволенні і выпарэнні прызначаюцца не ў якасці кары за нейкія сапраўды ўчыненыя злачынствы. Яны ўжываюцца, каб знішчыць людзей, якія маглі б учыніць злачынствы калі-небудзь у будучыні. Ад сябры Партыі патрабуюць не толькі правільных поглядаў, але і правільных інстынктаў. Шматлікія перакананні і погляды, што патрабуюцца ад яго, нідзе дакладна не вызначаныя і не маглі б быць дакладна вызначаныя без таго, каб не выкрыліся ўнутраныя супярэчнасці Ангсоцу. Калі сябра Партыі ад натуры добранадзейны (на навамоўі — дабрадум), ён у любых абставінах не задумваючыся вызначыць, якое меркаванне правільнае або якое пачуццё пажадана выявіць на твары. Аднак у любым выпадку праведзенае ў дзяцінстве стараннае разумовае вышкаленне, якое грунтуецца на трох паняццях, называных на навамоўі стопзлачын, чорнабел і двухдумства, уплывае на яго так, што ён не хоча і не можа разважаць глыбока аб чым там ні было б.

Мяркуецца, што сябра партыі не можа мець ніякіх прыватных пачуццяў і што яго энтузіязм ніколі не згасае. Ён павінен жыць у няспынным шале нянавісці да знешніх ворагаў і ўнутраных здраднікаў, захапляцца перамогамі, пакорліва схіляцца перад сілаю і мудрасцю Партыі. Пачуццё незадаволенасці, што ўзнікае ад убогага, абмежаванага жыцця, свядома накіроўваецца вонкі і рассейваецца з дапамогаю мерапрыемстваў накшталт Двуххвілінкі Нянавісці. Думкі, якія маглі б прывесці да сфармавання скептычных або бунтаўнічых поглядаў, забіваюцца загадзя шляхам унутранае дысцыпліны, прышчэпленай з малых гадоў. Першая, найпрасцейшая ступень дысцыпліны, якой можна навучыць нават малых дзяцей, завецца на навамоўі стопзлачын. Стопзлачын — гэта здольнасць рэзка, нібы інстынктыўна, спыніцца на парозе небяспечнае думкі. Ён уключае ў сябе ўменне не адчуваць аналогій, не заўважаць лагічных памылак, не разумець нават найпрасцейшых аргументаў, калі яны пярэчаць Ангсоцу. Сюды ўваходзіць таксама здольнасць адчуваць нуду або агіду да любога ладу мыслення, які можа звесці на аблудны кірунак. Карацей кажучы, стопзлачын азначае ахоўную дурасць. Але адной дурасці мала. Наадварот, добранадзейнасць, у пэўным сэнсе, патрабуе ад усіх гэткага ж поўнага кантролю над сваімі думкамі, як у акрабата над целам. Акіянійскае грамадства трымаецца ўрэшце на веры, што Вялікі Брат усемагутны, а Партыя — бясхібная. Але з той прычыны, што ў сапраўднасці Вялікі Брат не ўсемагутны, а Партыя не бясхібная, існуе неабходнасць настойлівай, штохвіліннай гнуткасці ў падаванні фактаў. Ключавым паняццем тут з'яўляецца чорнабел. Гэтае слова, як і шмат іншых навамоўных слоў, мае два ўзаемна супярэчныя значэнні. Ужытае ў дачыненні да ворага, яно азначае звычку бессаромна сцвярджаць насуперак відавочным фактам, што чорнае — гэта белае. Ужытае ў дачыненні да сябры Партыі, яно азначае сумленную гатовасць назваць чорнае белым, калі гэтага запатрабуе партыйная дысцыпліна. Але яно азначае таксама здольнасць верыць, што чорнае — гэта белае, і нават ведаць, што чорнае — гэта белае, і забыцца, што некалі было інакш. Гэта патрабуе няспыннага зменьвання мінуўшчыны, магчымага дзякуючы сістэме мыслення, якая ахапляе ўсе іншыя і называецца ў навамоўі двухдумствам.

Зменьванне мінуўшчыны неабходнае з дзвюх прычын, адна з якіх з'яўляецца другараднаю і, так бы мовіць, прэвентыўнаю. Гэтая прычына палягае ў тым, что сябра Партыі, гэтак жа, як і пралетарый, церпіць цяперашнія жыццёвыя ўмовы часткова таму, што яму няма з чым іх параўнаць. Ён мусіць быць адрэзаны ад мінуўшчыны гэтак жа, як ён адрэзаны ад замежных краін, бо неабходна, каб ён верыў, што жыве лепш, чым яго продкі, і каб ён думаў, што сярэдні ўзровень матэрыяльных дабротаў няспынна павышаецца. Аднак значна важнейшаю прычынай для зменьвання мінуўшчыны ёсць неабходнасць забяспечыць бясхібнасць Партыі. Усе прамовы, лічбы, справаздачы мусяць прыводзіцца ў адпаведнасць з надзённымі партыйнымі патрабаваннямі не толькі на тое, каб давесці дакладнасць усіх прадказанняў Партыі ва ўсіх выпадках. Справа ў тым, што Партыя не можа дапусціць змены ў дактрыне або ў палітычнай лініі. Перамяніць сваё рашэнне ці нават сваю палітыку значыла б прызнацца ў сваёй слабасці. Калі, напрыклад, Эўразія ці Ўсходазія (няважна, каторая з іх) на сённяшні дзень з'яўляецца ворагам, трэба, каб гэтая краіна была ворагам і ва ўсе ранейшыя часы, і калі факты сведчаць пра іншае, дык гэтыя факты трэба падправіць. Такім чынам, гісторыя няспынна перапісваецца. Гэтае штодзённае фальшаванне мінуўшчыны, выконванае Міністэрствам Праўды, гэтак жа неабходнае для моцы рэжыму, як і рэпрэсіўна-шпіёнская дзейнасць Міністэрства Любові.

Зменлівасць мінуўшчыны — асноўны прынцып Ангсоцу. Мінулыя падзеі, як лічыцца, не існуюць аб'ектыўна, а захоўваюцца толькі ў пісьмовых дакументах і ў чалавечай памяці. Мінуўшчына выглядае так, як падаюць яе дакументы і ўспаміны. Калі ж Партыя поўнасцю кантралюе ўсе дакументы, а таксама думкі сваіх сябраў, дык з гэтага вынікае, што мінуўшчына выглядае так, як хоча Партыя. З гэтага таксама вынікае, што хоць мінуўшчына і зменлівая, яна ніколі не была змененая ў нейкім канкрэтным выпадку. Бо калі яна пераствораная ў форме, патрабаванай у дадзены момант, дык гэтая новая версія і ёсць мінуўшчына, і ніякае іншае мінуўшчыны няма і не магло быць. Гэта застаецца слушным нават тады, калі, як гэта часта здараецца, тую самую падзею неабходна змяніць да непазнавальнасці некалькі разоў на працягу аднаго года. Ва ўсе часы Партыя валодае абсалютнаю ісцінай, а абсалютнае, зразумела, ніколі не можа быць інакшае, чым цяпер. Мы яшчэ ўбачым, што кантроль над мінуўшчынай залежыць перш за ўсё ад працы над памяццю. Пераканацца, што ўсе пісьмовыя запісы адпавядаюць палітычным устаноўкам бягучага моманту, зусім няцяжка, гэта чыста механічны акт. Але неабходна таксама памятаць, што мінулыя падзеі адбываліся менавіта так, як сцвярджаецца цяпер. Калі ж пры гэтым даводзіцца падпраўляць сваю памяць або фальшаваць пісьмовыя запісы, дык неабходна адразу ж пра гэта забыцца, як толькі справа зроблена. Гэтаму можна навучыцца, як і кожнаму іншаму разумоваму прыёму. І гэтаму навучаецца большасць сябраў Партыі, усе, каго можна лічыць разумным і добранадзейным. На старамоўі гэта звалася зусім шчыра: «Кантроль рэчаіснасці».

На навамоўі гэта завецца двухдумства, хоць паняцце двухдумства значна шырэйшае.

Двухдумства азначае здольнасць трымаць у свядомасці два супярэчныя меркаванні адначасова і пагаджацца з абодвума. Партыйны інтэлектуал ведае, у якім кірунку трэба трансфармаваць сваю памяць; такім чынам, ён ведае, што маніпулюе рэчаіснасцю; але, ужываючы двухдумства, ён пераконвае сябе, што рэчаіснасць застаецца непарушаная. Гэты працэс мусіць быць свядомы, бо інакш ён не будзе выкананы з дастатковай дакладнасцю, але ён мусіць быць таксама і несвядомы, бо інакш ён выклікае пачуццё несапраўднасці, а значыць, і віны. Двухдумства спачывае ў самім сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыі палягае ў тым, каб свядома чыніць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасці. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталіся неадпаведнымі бягучаму моманту, а калі зноў будзе неабходна, вярнуць іх з забыцця якраз настолькі, наколькі трэба, адмаўляць існаванне аб'ектыўнае рэчаіснасці, але ўвесь час лічыцца з гэтай адмоўленай рэчаіснасцю — усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова «двухдумства», трэба праявіць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаіснасць, і каб сцерці са свядомасці гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства — і так да бясконцасці, прычым мана заўсёды будзе на адзін крок апераджаць праўду. Партыя здолела — і, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная — спыняць хаду гісторыі.

Усе былыя алігархіі страцілі ўладу або праз тое, што яны закасцянелі, або праз тое, што змякчэлі і адрузлі. Яны або сталіся напышлівымі і фанабэрнымі, няздольнымі прыстасавацца да зменлівых абставін, і былі зрынутыя; або, стаўшы ліберальнымі і баязлівымі, саступалі там, дзе мусілі ўжыць сілу, і таксама былі зрынутыя. Гэта значыць яны загінулі або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыі было тое, што яна выпрацавала сістэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць існаваць адначасова. І толькі на гэтай інтэлектуальнай падставе панаванне Партыі магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе і хоча працягнуць сваё панаванне, мусіць умець дэфармаваць пачуццё рэчаіснасці. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхібнасць з уменнем вучыцца на сваіх памылках.

Наўрад ці трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства і ведае, што гэта — шырокая сістэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсіх здольныя ўспрымаць свет, якім ён ёсць. Увогуле: чым болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш інтэлігентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму — факт, што ваенная істэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвіцы. Найбольш набліжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна — гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па іх зямлі, як прыліў і адліў. Які з бакоў перамагае — ім абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькі, што яны будуць рабіць тую самую працу, што і раней, на новых гаспадароў, якія будуць ставіцца да іх гэтаксама, як і старыя. Трошкі меней заняволеныя рабочыя, якіх мы называем «проламі», усведамляюць сутнасць вайны толькі часткова. Калі неабходна, у іх можна распаліць шал страху і нянавісці, але калі іх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што ідзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыі, і асабліва Ўнутранай Партыі. Найбольш непахісна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае адмысловае злучэнне процілегласцяў — ведаў з невуцтвам, цынізму з фанатызмам — адна з галоўных характэрных рысаў акіянійскага грамадства. Афіцыйная ідэалогія перапоўнена супярэчнасцямі, хоць у гэтым няма ніякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкідае і зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якіх першапачаткова грунтаваўся сацыялістычны рух, сцвярджаючы, што робіць гэта ў імя сацыялізму. Яна заклікае да нечуванай у былыя стагоддзі пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваіх сябраў ва ўніформу, што калісьці насілі рабочыя, і якраз таму выбраную. Яна сістэматычна разбурае сямейныя сувязі, але называе свайго лідэра імем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сяменнае лучнасці. Нават назвы чатырох Міністэрстваў, якія намі кіруюць, выдаюць бессаромнае і адкрытае перакручванне фактаў. Міністэрства Міру займаецца вайною, Міністэрства Праўды — хлуснёй, Міністэрства Любові — катаваннямі, а Міністэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасці гэтыя невыпадковыя, яны выкліканы не звычайнай крывадушнасцю — гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькі прымірыўшы супярэчнасці, можна захаваць уладу навечна. Ніяк іначай стары лад гісторыі не можа быць разбіты. Калі неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей — калі Вышэйшыя, як мы іх назвалі, збіраюцца захаваць свае пазіцыі навечна, — дык тады пераважным ладам мыслення мусіць стацца кантраляванае вар'яцтва.

Але застаецца адно пытанне, якое мы дагэтуль амаль не закраналі: чаму неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей? Дапусцім, што сам механізм дзеяння грамадства быў дакладна апісаны. Дык чым жа выклікана гэтая гіганцкая, дасканала спланаваная спроба спыніць плынь гісторыі ў пэўны момант?

Тут мы падыходзім да цэнтральнага сакрэту. Як мы ўжо бачылі, таемнасць Партыі, і перадусім Унутранай Партыі, грунтуецца на двухдумстве. Але яшчэ глыбей ляжыць першапачатковая прычына, ніколі не стаўлены пад сумненне інстынкт, які прывёў спачатку да захопу ўлады, а пасля спарадзіў двухдумства, Паліцыю Думак, перманентную вайну і ўсе іншыя неабходныя прыналежнасці. На самай справе прычына гэтая палягае ў...

 

Ўінстан заўважыў, што ў пакоі зрабілася ціха — гэтак, як заўважаеш нейкі новы гук. Яму здалося, што ўжо нейкі час Джулія маўчыць. Яна ляжала на баку, раздзетая вышэй пояса, паклаўшы шчаку на далонь, цёмная пасмачка валасоў упала ёй на вочы. Яе грудзі павольна і мерна падымаліся і апускаліся.

— Джулія.

Маўчанне.

— Джулія, ты спіш?

Маўчанне. Яна спала. Ён загарнуў кнігу, асцярожна паклаў яе на падлогу, лёг сам і накрыў сябе і Джулію коўдрай.

Ён усё яшчэ не ведаў галоўнага сакрэту. Ён разумеў як, але не разумеў чаму. І ў раздзеле І, і ў раздзеле ІІІ ён не прачытаў нічога, чаго б ён ужо не ведаў, ён проста ўпарадкаваў свае веды. Але прачытаўшы, ён яшчэ болей упэўніўся, што не быў вар'ятам. Тое, што ты ў меншасці, нават калі меншасць гэтая складаецца толькі з аднаго чалавека, яшчэ не значыць, што ты вар'ят. Існуе праўда і няпраўда, і калі ты трымаешся праўды, нават насуперак усяму свету, значыць, ты не вар'ят. Косы прамень вячэрняга сонца зазірнуў у пакой і ўпаў на падушку. Ўінстан заплюшчыў вочы. Сонца ў яго на твары і дотык гладкага цела дзяўчыны напоўнілі яго здаровым і супакойлівым пачуццём надзейнасці. Ён быў у бяспецы, усё было добра. Ён прашаптаў: «Здаровы розум не паддаецца вымярэнню», адчуваючы, што ў гэтай заўвазе хаваецца глыбокая мудрасць, і спакойна заснуў.

10

Калі ён прачнуўся, яму здалося, што спаў ён вельмі доўга, але, зірнуўшы на старамодны гадзіннік, ён убачыў, што было яшчэ толькі дваццаць трыццаць. Ён яшчэ трошкі падрамаў, пакуль з двара не пачуўся знаёмы грудны голас:

То была безнадзейная мара,
Што сплыла, як вясною вада.
Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх
Назаўжды ў маім сэрцы нуда.

Гэтая бязглуздая песня, відаць, усё яшчэ была папулярная. Яна гучала адусюль і перажыла нават «Песню Нянавісці». Спевы абудзілі Джулію, яна з асалодай пацягнулася і ўстала з ложка.

— Я хачу есці, — сказала яна. — Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, і вада астыла, — яна падняла керагаз і патрэсла. — Газа скончылася.

— Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.

— Дзіўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, — дадала яна. — Здаецца, пахаладнела.

Ўінстан таксама ўстаў і адзеўся. Нястомны голас працягваў:

Кажуць, з часам загояцца раны
І не ўспомніш пра боль, пра ману.
Але слёзы і смех тых далёкіх уцех
Закрануць майго сэрца струну.

Зашпіліўшы папругу свайго камбінезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамі і болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нібы яго толькі што памылі, і яму здалося, што неба таксама толькі што памылі, — такі свежы і бледны быў блакіт паміж комінамі. Жанчына нястомна хадзіла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамі і вызваляючы яго, спяваючы і замаўкаючы, чапляючы і чапляючы на вяроўку пялюшкі, адну за адной. Ён падумаў: ці яна зарабляе праннем на жыццё, ці проста рабыня дваццаці або трыццаці ўнукаў. Джулія падышла і стала побач. Яны стаялі разам і з нейкім захапленнем пазіралі на мажную постаць унізе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукі да вяроўкі і выставіўшы магутны кабылін азадак, і ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён ніколі не задумваўся над тым, што цела пяцідзесяцігадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлікімі цяжарнасцямі, зацвярдзелае і агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба граніту, цела, грубая чырвоная скура былі ў параўнанні з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнанні з кветкаю. Чаму ж плод мусіць цаніцца ніжэй за кветку?

— Яна прыгожая, — прашаптаў ён.

— У клубах не менш за метр, — сказала Джулія.

— У яе свая прыгажосць, — адказаў Ўінстан.

Ён стаяў, абдымаючы Джулію за яе гнуткую талію, і адчуваў яе нагу ад клуба да калена. З іх целаў ніколі не народзіцца дзіця. Гэта было адзінае, чаго яны ніколі не змаглі б зрабіць. Толькі праз словы з аднаго розуму ў другі маглі яны перадаць свой сакрэт. У жанчыны з двара не было розуму, у яе былі толькі дужыя рукі, цёплае сэрца і плоднае ўлонне. Ён падумаў, колькі ж дзяцей яна магла нарадзіць за сваё жыццё. Магчыма, пятнаццаць. Некалі яна перажыла кароткую пару цвіцення, мо які год красавала, як шыпшына, а пасля раптоўна разбухла, як угноены плод, счырванела, агрубла, і пасля пачалося бясконцае мыццё, прасаванне, прыборка, шыццё, гатаванне, падмятанне, выціранне, цыраванне, мыццё, прасаванне, спачатку на дзяцей, пасля на ўнукаў — і гэтак трыццаць гадоў без прыстанку. І пасля ўсяго гэтага яна яшчэ і спявала. Таемная павага, якую ён адчуваў да яе, нейкім чынам мяшалася з выглядам бледнага бясхмарнага неба, што неабсяжна распасціралася за комінамі бліжніх дамоў. Было дзіўна ўявіць сабе, што неба было аднолькавае для ўсіх — і тут, і ў Эўразіі, і ва Ўсходазіі. І людзі пад гэтым небам былі таксама вельмі падобныя — паўсюль, ва ўсім свеце, сотні тысяч мільёнаў людзей былі зусім такія самыя, яны не ведалі нічога адны пра адных, падзеленыя мурамі нянавісці і хлусні, і ўсё ж зусім такія самыя — людзі, якія ніколі не вучыліся думаць, якія назапашвалі ў сэрцах, жыватах і мышцах сілу, якая аднойчы пераверне свет. Калі і ёсць надзея, дык сярод пролаў! Не дачытаўшы да канца кнігу, ён ужо ведаў, што гэткае будзе апошняе слова Гольдштэйна. Будучыня належала пролам. Але ці мог ён быць пэўны, што, калі надыдзе іх час, свет, што яны пабудуюць, не будзе яму, Ўінстану Сміту, гэткі ж чужы, як і свет Партыі? Мог, бо гэта быў бы, прынамсі, свет здаровага розуму. Раней ці пазней гэта мусіць адбыцца, сіла саступіць месца свядомасці. Пролы бессмяротныя, у гэтым можна было не сумнявацца, пабачыўшы гэтую самавітую постаць у двары. Урэшце яны абудзяцца. А пакуль гэтак станецца, хоць, можа, давялося б чакаць тысячу гадоў, яны будуць жыць насуперак усім нягодам, як птушкі, перадаючы ад цела да цела сваю жывучасць, якой не стае Партыі і якую Партыя не можа знішчыць.

— Памятаеш, — сказаў ён, — як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?

— Ён спяваў не нам, — адказала Джулія. — Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.

Птушкі спявалі, пролы спявалі, толькі Партыя не спявала. Ва ўсім свеце, у Лондане і Ню-Ёрку, у Афрыцы і Бразіліі, і ў таямнічых забароненых краях за мяжою, на вуліцах Парыжа і Берліна, у вёсках бясконцых раўнін Расеі, на базарах Кітая і Японіі — паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай і нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзінаў да смерці, і спявала. З гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы — мёртвыя, і будучыня належыць ім. Але вы маглі мець сваю долю ў той будучыні, калі б захавалі розум, як яны захавалі цела, і перадалі б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два — чатыры.

— Мы мёртвыя, — сказаў ён.

— Мы мёртвыя, — пакорліва згадзілася Джулія.

— Вы мёртвыя, — прамовіў сталёвы голас.

Яны адскочылі ў бакі. У Ўінстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джуліі вакол зрэнак. Твар у яе зрабіўся белы, як малако. Плямкі румяны ўсё яшчэ рэзка выдзяляліся на шчоках, нібы адстаўшы ад скуры.

— Вы мёртвыя, — паўтарыў сталёвы голас.

— Ён быў за карцінай, — прашаптала Джулія.

— Ён быў за карцінай, — сказаў голас. — Заставайцеся на сваіх месцах. Ніводнага руху без загаду.

Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглі зрабіць нічога і толькі стаялі і ўзіраліся адно аднаму ў вочы. Уцячы, выбрацца з дому, пакуль не позна, — такая ідэя нават не прыйшла ім у галаву. Нельга было і падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьці пстрыкнула, нібы адсунулася засаўка, пачуўся звон бітага шкла. Карціна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд.

— Цяпер яны могуць нас бачыць, — сказала Джулія.

— Цяпер мы можам вас бачыць, — сказаў голас. — Выйдзіце на сярэдзіну пакоя. Станьце спінай адно да аднаго. Рукі за галаву. Не дакранайцеся адно да аднаго.

Яны не дакраналіся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джуліі. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сціснуць зубы, каб яны не ляскалі, але каленямі ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знізу, знутры і звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклі па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгі гулкі грукат, быццам балею кінулі праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю.

— Дом абкружаны, — сказаў Ўінстан.

— Дом абкружаны, — сказаў голас.

Ён пачуў, як Джулія з ляскатам сціснула зубы.

— Думаю, мы ўсё ж можам развітацца, — сказала яна.

— Вы можаце развітацца, — сказаў голас.

А за ім другі голас, зусім іншы, тонкі, культурны, які Ўінстан ужо недзе чуў, уставіў:

— Дарэчы, пакуль мы не адышлі ад тэмы.

Нешта гупнула на ложак за спінай у Ўінстана. Канец лесвіцы ўткнуўся ў акно і выбіў яго разам з рамай. Нехта залазіў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўніўся дужымі людзьмі ў чорнай уніформе, у падбітых жалезам ботах і з кіямі ў руках.

Ўінстан болей не дрыжаў. Нават вочы яго глядзелі нерухома. Цяпер было важна адно: стаяць спакойна, стаяць спакойна і не даваць ім зачэпкі збіць яго! Чалавек з гладкай баксёрскаю сківіцай, дзе рот быў адно вузкаю шчылінай, спыніўся насупраць яго, задумліва пагойдваючы кіем, які ён трымаў двума пальцамі. Іх позіркі сустрэліся. Пачуццё галізны, безабароннасці, калі рукі за галавою, а твар і цела адкрыты для ўдараў, было амаль нясцерпнае. Чалавек высунуў кончык белага языка, аблізнуў тое месца, дзе мусілі быць вусны, і пайшоў далей. Зноў пачуўся грукат. Нехта ўзяў са стала шкляное прэс-пап'е і разбіў яго на друзачкі аб камінную пліту.

Кавалачак каралу, маленькая ружовая галачка, як цукровая ружачка з торта, пакаціўся па дыване. Якім жа маленькім, падумаў Ўінстан, ён заўсёды быў! Ззаду пачулася задышлівае дыханне і глухі ўдар, і нехта балюча выцяў яго па хворай назе так, што ён ледзь не ўпаў на падлогу. Адзін ударыў кулаком Джуліі ў жывот, і яна сагнулася, як складны метр. Яна качалася па падлозе, хапаючы ротам паветра. Ўінстан баяўся павярнуць галаву нават на міліметр, але часам яе смяротна-бледны задышлівы твар трапляў у поле яго зроку. Нават гэтак застрашаны, ён быццам адчуваў боль у сваім целе, жахлівы боль, які, аднак, быў не такі невыносны, як смяротная задышка. Ён ведаў гэтае пачуццё: страшны, пакутлівы боль, які не сунімаецца ні на хвіліну, цярпець які няма змогі, бо найперш трэба здолець аддыхацца. Тады двое паднялі яе за калені і за плечы і вынеслі, як мех, з пакоя. На нейкі момант Ўінстан убачыў яе твар, бледны і скрыўлены пакутлівымі курчамі, перавернуты дагары, з заплюшчанымі вачамі, з плямкамі румяны на шчоках. Ён бачыў яе апошні раз.

Ён стаяў нерухома, як мёртвы. Яго яшчэ не білі. Думкі, што ўзнікалі самі па сабе, але здаваліся зусім нецікавымі, пачалі праносіцца ў галаве. Ці схапілі яны пана Чэрынгтана, падумаў ён. Што яны зрабілі з жанчынаю ў двары? Ён адчуў, што яму нясцерпна хочацца справіць малую патрэбу, і здзівіўся, бо зрабіў гэта дзве-тры гадзіны таму. Ён заўважыў, што гадзіннік на каміннай палічцы паказваў дзевяць, гэта значыць дваццаць адну гадзіну. Але на двары было занадта светла. Хіба жнівеньскім вечарам у дваццаць адну гадзіну ўжо не цямнее? Ён падумаў, што, можа, яны з Джуліяй пераблыталі час — праспалі поўны абарот гадзінніка і думалі, што яшчэ дваццаць трыццаць, калі ў сапраўднасці было ўжо нуль восем трыццаць наступнае раніцы. Але ён не скончыў гэтае думкі. Яна была яму нецікавая.

У калідоры пачуліся яшчэ нечыя, цішэйшыя крокі. У пакой увайшоў пан Чэрынгтан. Людзі ў чорнай уніформе раптам пачалі паводзіць сябе больш стрымана. Штосьці ў знешнасці пана Чэрынгтана змянілася. Яму на вочы трапіліся асколкі шклянога прэс-пап'е.

— Прыбярыце гэта, — абрывіста сказаў ён.

Нехта з прысутных выканаў загад. Прастамоўнае лонданскае вымаўленне некуды знікла — Ўінстан раптам пазнаў голас, які ён пачуў незадоўга перад тым з тэлегляда. Пан Чэрынгтан усё яшчэ быў у сваім старым аксамітным фрэнчы, але валасы ў яго, раней амаль белыя, цяпер зрабіліся чорнымі. Не было на ім і акуляраў. Ён кінуў на Ўінстана адзін востры позірк, нібы апазнаючы яго асобу, і болей не звяртаў на яго ўвагі. Яго яшчэ можна было пазнаць, але гэта быў ужо зусім іншы чалавек. Ён пазграбнеў і здаваўся вышэйшым. У твары адбыліся вельмі дробныя змены, але ён стаў зусім іншы. Чорныя бровы парадзелі, зморшчыны зніклі, усе лініі твару неяк перамяніліся, нават нос здаваўся цяпер карацейшым. Гэта быў насцярожаны халодны твар чалавека гадоў трыццаці пяці. Ўінстан падумаў, што ўпершыню ў жыцці ён дакладна ведаў: перад ім стаіць супрацоўнік Паліцыі Думак.


«1984»: [Главная стр.] [Частка 1.] [Частка 2.] [Частка 3.] [Дадатак]

Библиотека [Анг] [Рус] > Романы [Анг] [Рус] ~ [Выключить CSS] [Транслит]

[orwell.ru] [Домой] [Биография] [Библиотека] [Жизнь] [О сайте & (c)] [Ссылки] [Мапа сайта] [Поиск] [Отзывы]

© 1999-2024 О. Даг – ¡Стр. созд.: 2001-03-24 & Посл. мод.: 2019-12-29!

Купить различные коляски для кукол на сайте детских товаров "Бегемотик".