Index > Library > Novels > 1984 > Byelorussian > Частка першая

ДЖОРДЖ ОРУЭЛ

«1984»

Частка першая

1

Быў халодны і пагодлівы красавіцкі дзень, гадзіннікі білі трынаццаць гадзін. Ўінстан Сміт, утуліўшы галаву ў плечы, спрабаваў схавацца ад злога ветру. Ён праслізнуў праз шкляныя дзверы ў дамовы блок «Перамога», але стаўбур пылу і пяску ўсё ж паспеў увіхурыцца за ім у прачыненыя дзверы.

У калідоры пахла варанай капустай і старымі дываночкамі. У канцы калідора да сцяны быў прыпнуты недарэчна вялікі каляровы плакат. Увесь гэты плакат займаў вялізны — больш за метр ушыркі — твар чалавека гадоў сарака пяці, з чорнымі густымі вусамі і грубавата-прыгожымі рысамі. Ўінстан накіраваўся да сходаў. Выклікаць ліфт не было сэнсу — нават у найлепшыя часы ён працаваў рэдка. Дый да таго ж цяпер удзень электрычнасць выключалася — ішла кампанія эканоміі ў сувязі з падрыхтоўкай да Тыдня Нянавісці. Кватэра была на восьмым паверсе. Ўінстану было трыццаць дзевяць гадоў, над костачкай на правай назе ў яго была варыкозная язва, і таму паднімаўся ён павольна і колькі разоў прыпыняўся, каб адпачыць. І на кожным паверсе з плаката, прычэпленага да сцяны насупраць ліфта, у яго пільна ўзіраўся той самы вялізны твар. Ён нібы пасвіў позіркам кожнага, хто ішоў па сходах. Пад партрэтам стаяў надпіс: «ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ».

Зайшоўшы ў кватэру, Ўінстан пачуў саладжавы голас, што пералічваў шэрагі лічбаў — нешта звязанае з вытворчасцю чыгуну. Голас ішоў з выцягнутага металічнага экрана, падобнага да бляклага люстэрка, умураванага ў правую сцяну. Ўінстан пакруціў ручку, і голас прыціх, але словы ўсё яшчэ былі добра чутныя. Гук у апараце (або, як казалі, у тэлеглядзе) можна было прыглушыць, але цалкам выключыць было немагчыма. Ўінстан падышоў да акна. Ён быў невысокі і кволы, і ягоную хударлявасць яшчэ болей падкрэсліваў сіні камбінезон — партыйная ўніформа. Ён меў бялявыя валасы, трошкі чырвоны ад прыроды твар, скуру, агрублую ад жорсткага мыла, тупых лёзаў і зімовых халадоў, якія толькі што мінуліся.

Знадворку, нават за шыбай зачыненага акна, свет здаваўся халодным. Злы вецер вірамі ўздымаў у паветра пыл і шматкі паперы. І хоць у густа-блакітным небе свяціла яркае сонца, усё навокал здавалася бясколерным, апроч расклееных паўсюль плакатаў. Чарнавусы твар пазіраў з кожнай віднай мясціны. Адзін плакат вісеў на сцяне насупраць. ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, паўтараў надпіс, і цёмныя вочы з плаката пранікліва глядзелі на Ўінстана. На вуліцы ўнізе вецер шкуматаў яшчэ адзін плакат з абарваным ражком, на ім то адкрывалася, то зноў закрывалася адзінае слова: АНГСОЦ. Удалечыні паказаўся верталёт. Ён уціснуўся ў шчыліну завулка, павісеў хвілінку ў паветры, нібы сіняя мясная муха, пасля рвануўся ў неба і знік. Гэта быў паліцэйскі патруль, які зазіраў у вокны. Але патруль быў не страшны. Адзіна страшная была Паліцыя Думак.

Голас з тэлегляда ўсё нешта балбатаў пра чыгун і пра перавыкананне Дзевятага Трохгадовага Плана. Тэлегляд працаваў адначасна на перадачу і на прыём. Ён улоўліваў усе гукі, што ішлі ад Ўінстана, акрамя, хіба што, ціхага шэпту. Больш таго, пакуль Ўінстан быў у полі зроку экрана, ён мог быць убачаны гэтаксама добра, як і пачуты. Вядома ж, было немагчыма даведацца, ці ў гэты момант за табою сочаць. Як часта і паводле якога графіку Паліцыя Думак уключалася ў чыйсці індывідуальны канал — можна было толькі здагадвацца. Магчыма нават, яна сачыла за ўсімі бесперапынна. Але, у кожным разе, яна магла ўключацца ў ваш канал, калі толькі хацела. Аднак трэба было неяк жыць, і неяк жылі, і звычка рабілася інстынктам, калі ты ведаў, што кожнае тваё слова будзе пачутае, кожны твой рух, калі толькі не ў цемры, будзе заўважаны.

Ўінстан стаяў спінай да тэлегляда. Хоць ён і ведаў, што спіна таксама можа здрадзіць, так усё ж было спакайней. За нейкі кіламетр белай грамадзінай над змрочным краявідам уздымалася Міністэрства Праўды, дзе ён працаваў. Вось Лондан, падумаў ён з няяснай агідай, Лондан, галоўны горад Узлётна-пасадачнай паласы No.1, трэцяй паводле колькасці насельніцтва правінцыі Акіяніі. Ён паспрабаваў выціснуць з памяці хоць якія ўспаміны дзяцінства, каб параўнаць, ці заўсёды Лондан быў такі самы, як цяпер. Ці заўсёды існавалі гэтыя доўгія праспекты разваленых дамоў дзевятнаццатага стагоддзя, падпертыя бэлькамі сцены, кардон у вокнах замест шыбаў, крытыя пакарабачанай бляхай, струхлелыя і пахіленыя ў розныя бакі садовыя агароджы? Ці заўсёды існавалі бамбардаваныя пазіцыі, дзе ў паветры стаіць пыл ад тынку, а на завалах друзу буяе скрыпень? Ці існавалі тыя пляцы, дзе бомбы вызвалілі трошкі прасторы і дзе павырастала безліч брудных драўляных буданоў, падобных да курнікаў? Але нічога не прыгадвалася: у Ўінстана не засталося ад дзяцінства нічога, акрамя некаторых бязладных, яркіх карцін.

Міністэрства Праўды — Мінпраў на навамоўі(1) — уражвала сваёй адметнасцю сярод навакольных будынкаў.

Гэта была велізарная піраміда са сляпуча-белага бетону. Яна грувасцілася на трыста метраў у вышыню. Нават з акна сваёй кватэры Ўінстан мог прачытаць на фасадзе надпіс — тры галоўныя партыйныя лозунгі:

ВАЙНА ЁСЦЬ МІР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СІЛА

У будынку Міністэрства Праўды, паводле чутак, было больш за тры тысячы пакояў у надземных паверхах і адпаведныя адгалінаванні ў падзем'і. У розных канцах Лондана было яшчэ тры будынкі такіх самых памераў і выгляду. Яны настолькі панавалі над усёю навакольнаю архітэктурай, што з даху дамовага блока «Перамога» можна было ўбачыць усе чатыры будынкі адначасна. У іх мясціліся чатыры Міністэрствы, што дзялілі паміж сабою ўсю ўрадавую ўладу. Міністэрства Праўды займалася інфармацыяй, забавамі, адукацыяй і мастацтвам. Міністэрства Міру займалася вайной. Міністэрства Любові сачыла за выкананнем законаў і захаваннем парадку. Міністэрства Дастатку адказвала за эканоміку. На навамоўі яны называліся: Мінпраў, Мінмір, Мінлюб і Міндаст.

Найстрашнейшае з іх было Міністэрства Любові. У будынку не было ніводнага акна. Ўінстан ніколі туды не заходзіў і нават ніколі не падыходзіў да яго бліжэй за паўкіламетра. Гэта было месца, праход куды быў закрыты, калі толькі не з афіцыйнаю справай. Каб туды трапіць, трэба было прайсці праз заблытаныя лабірынты калючага дроту, сталёвыя дзверы, прамінуць замаскаваныя кулямётныя гнёзды. Па вуліцах, што вялі да Міністэрства, хадзілі вартавыя ў чорных мундзірах з нялюдскімі тварамі, з кіямі ў руках.

Ўінстан рэзка павярнуўся. Ён удаў на твары спакойны аптымізм — так было надзейней, калі стаіш тварам да тэлегляда, — і прайшоў праз увесь пакой у невялічкую кухню. Пайшоўшы так рана з Міністэрства, ён ахвяраваў сваім абедам у сталоўцы, хоць ведаў, што на кухні не знойдзе нічога, апроч акрайчыка чорнага хлеба, пакінутага на заўтрашняе сняданне. Ён узяў з паліцы бутэльку з празрыстай вадкасцю. На белай налепцы стаяў надпіс: ДЖЫН ПЕРАМОГА. Ад вадкасці патыхала алеістым смуродам, агідным, як пах кітайскай рысавай гарэлкі. Ўінстан наліў амаль поўны кубак, набраўся духу, як перад ударам, і пракаўтнуў джын, нібы нейкі лек.

Умомант твар яго пачырванеў, у вачах заблішчалі слёзы. Пітво было моцнае, як азотная кіслата, і, як глынеш, здавалася, што нехта выцяў цябе па патыліцы гумовым кіем. Праз хвіліну, аднак, пякотка ў страўніку сунялася, і свет зрабіўся весялейшы. Ён выцягнуў цыгарэту са скамечанага пачка з надпісам ЦЫГАРЭТЫ ПЕРАМОГА, але, праз неасцярожнасць, узяў яе старчма, і тытунь высыпаўся на падлогу. З наступнай цыгарэтай яму пашэнціла болей. Ён вярнуўся ў пакой і сеў за маленькі столік злева ад тэлегляда. Сеўшы, дастаў з шуфляды асадку з пяром, чарніла, чысты тоўсты том ін-кварта з мармуроваю вокладкай і чырвонаю спінкай.

Тэлегляд у пакоі быў чамусьці ўсталяваны ў нязвыклым месцы. Замест таго каб быць, як гэта здавалася б нармальным, у дальняй сцяне, адкуль ён ахапляў бы зрокам і слыхам увесь пакой, ён мясціўся ў даўжэйшай сцяне, насупраць акна. Збоку, там, дзе цяпер сядзеў Ўінстан, была неглыбокая ніша, якая, відаць, планавалася пад кніжныя паліцы. Усунуўшыся як мага далей у гэтую нішу, Ўінстан мог заставацца па-за дасягальнасцю тэлегляда. Яго можна было пачуць, але пакуль ён так сядзеў, ён быў нябачны. Гэтыя асаблівасці пакоя таксама нейкім чынам прычыніліся да нараджэння ідэі, якую ён збіраўся зараз ажыццявіць.

Але ідэя гэтая была выклікана яшчэ й існаваннем альбома, які ён дастаў з шуфляды. Гэта была надзвычай прыгожая кніга. Гладкая, ільсняная папера, трохі пажоўклая ад часу, была незвычайнае якасці, такое не выраблялі ўжо гадоў сорак. Ўінстан, аднак, меркаваў, што кніга гэтая значна старэйшая. Аднаго дня, праходзячы старым брудным кварталам (ён ужо не памятаў, дзе дакладна гэта было), ён убачыў гэтую кнігу ў вітрыне занядбанай антыкварнай крамы, і яго ахапіла неадольнае жаданне яе займець. Сябрам Партыі не дазвалялася заходзіць у простыя крамы (гэта называлася «купляць на вольным рынку»), але правіла гэтае строга не выконвалася, бо былі рэчы, як, напрыклад, матузкі да чаравікаў, лёзы, якія немагчыма было здабыць інакш. Ўінстан кінуў паспешлівы позірк у адзін і другі бок вуліцы, пасля хуценька ўвайшоў у краму і купіў гэты тоўсты альбом за два з паловай даляры. Тады ён яшчэ не ведаў, што будзе з ім рабіць. Нібы некага саромеючыся, ён схаваў яго ў партфель і прынёс дадому. Альбом, нават чысты, быў ужо сам па сабе рэччу, небяспечнай для захавання.

Пачаць дзённік — вось што ён збіраўся цяпер зрабіць. Гэта не было незаконна (нічога не было незаконна, бо ніякіх законаў ужо не існавала), але калі б пра гэта нехта даведаўся, Ўінстана, без сумнення, чакала б смерць або, прынамсі, дваццаць пяць гадоў лагера прымусовай працы. Ён уставіў сталёвае пяро ў асадку і намачыў яго языком. Пяро было старасвецкаю прыладай, ім ужо рэдка карысталіся, нават каб паставіць подпіс. Патаемна, з вялікімі цяжкасцямі ён набыў адно пяро, бо адчуваў, што гэтая цудоўная гладкая папера заслугоўвае на тое, каб на ёй пісала сапраўднае пяро, а не крэмзаў нейкі чарнакрэс. Праўда, ён ужо даўно адвык пісаць рукой; за выключэннем зусім кароткіх нататак, ён звычайна дыктаваў усё на мовапіс, але ж цяпер, вядома, пра гэта не магло быць і гаворкі. Ён абмакнуў пяро ў чарніла і на хвілінку задумаўся. Па спіне прабеглі дрыжыкі. Першая рыска на паперы была адважным учынкам. Ён вывеў маленькімі нязграбнымі літарамі:

4 красавіка 1984

Ён адхіліўся на більца крэсла. Пачуццё поўнай бяздарнасці агарнула яго. Па-першае, ён зусім не быў пэўны, што цяпер сапраўды быў 1984 год. Але мусіла быць нешта блізкае да гэтага, бо ён з пэўнасцю ведаў, што яму самому трыццаць дзевяць гадоў, а нарадзіўся ён у 1944 або 1945 годзе. І ўсё ж цяпер было немагчыма вызначыць дату з дакладнасцю да аднаго ці двух гадоў.

Дзеля каго ён піша гэты дзённік, раптам узнікла ў галаве пытанне. Дзеля будучыні, дзеля нашчадкаў. Яго думкі круціліся яшчэ нейкую хвіліну вакол гэтае няпэўнае даты на першай старонцы і раптам наткнуліся на навамоўнае слова двухдумства. І ён упершыню адчуў усю значнасць свайго намеру. Як можна зносіцца з будучыняй? Паводле яе сутнасці, гэта немагчыма. Калі б будучыня была падобная да сучаснасці, дык тады б яна не стала яго слухаць; калі ж будучыня — нешта зусім іншае, дык тады яго цяперашняе замяшанне не мае ніякага сэнсу.

Нейкі час ён сядзеў, ачмурэла ўтаропіўшы вочы ў паперу. Тэлегляд трансляваў грымлівую вайсковую музыку. Дзіўна, але Ўінстану здавалася, што ён не толькі страціў здольнасць выказвацца, але забыўся нават на тое, пра што збіраўся сказаць. Тыднямі рыхтаваўся ён да гэтага, і ніколі яму не прыходзіла ў галаву, што ў гэты момант аднае толькі адвагі будзе недастаткова. Само пісанне раней не здавалася цяжкім. Яму заставалася толькі запісаць на паперы бясконцы ўнутраны маналог, што гадамі гучаў у яго ў галаве. Але цяпер змоўк і той маналог. Да таго ж Ўінстан адчуў нясцерпны сверб у назе, але не наважыўся дакрануцца, каб не засвярбела яшчэ болей. Міналі секунды. Ён адчуваў адно некранутую бель аркуша, што ляжаў перад ім, сверб у назе, грымлівую музыку і лёгкую млявасць ад выпітага джыну.

Раптам ён спахапіўся і пачаў паспешліва пісаць, нават не ўсведамляючы дакладна, што ён піша. Яго дробны дзіцячы почырк радок за радком пакрываў аркуш. Хутка ён перастаў зважаць на пачатковыя вялікія літары, а пасля і на знакі прыпынку:

4 красавіка 1984. Учора вечар у кіно. Адны ваенныя фільмы. Адзін вельмі добры пра карабель з уцекачамі, бамбаваны недзе ў Міжземным моры. Усім вельмі спадабаліся кадры пра тоўстага мужчыну, за якім ляціць верталёт, спачатку ён валтузіцца ў вадзе. як бегемот, пасля яго відаць праз аптычны прыцэл верталёта, тады ён раптам увесь у дзірках, і мора робіцца ружовае, і ён тоне так хутка, быццам вада набралася праз дзіркі. Гледачы раўлі ад смеху, калі ён ішоў на дно. Пасля паказвалі ратавальны карабель поўны дзяцей і над ім верталёт, жанчына сярэдняга веку, напэўна жыдоўка, сядзіць з хлопчыкам гадоў трох на носе карабля. Хлопчык крычыць ад страху і хавае галаву на грудзях у жанчыны, а жанчына закрыла яго рукамі і суцяшае яго хоць яна і сама калоціцца ад страху хавала як магла быццам верыла што яе рукі могуць закрыць ад куль. тады верталёт скінуў бомбу 20 кг страшны выбух і ўвесь карабель разлятаецца як кучка запалак. тады былі яшчэ выдатныя кадры з дзіцячай рукой што ляцела ўгору ўгору ўгору ўсё вышэй і вышэй у паветра напэўна верталет з камерай у кабіне ляцеў за ёй і было шмат воплескаў з партыйных ложаў але адна жанчына ўнізе дзе сядзяць пролы ўзняла гвалт і пачала крычаць што гэткае нельга паказваць дзецям гэткае дзеці не павінны бачыць пакуль паліцыя не выкінула яе вонкі я не думаю што з ёй нешта асаблівае здарылася ніхто не зважае на тое што кажуць пролы тыповая пролаўская рэакцыя яны ніколі...

Ўінстан спыніўся, бо ў яго здранцвелі пальцы. Ён не ведаў, што прымушала яго выліваць з сябе гэты бязладны паток слоў. Але дзіўным было тое, што, пакуль ён гэта рабіў, у яго ў галаве прасвятліўся зусім іншы ўспамін, ды так выразна, што ён амаль быў здольны яго запісаць. Цяпер ён зразумеў, што якраз тое другое здарэнне было прычынай яго раптоўнага вяртання дадому і намеру пачаць пісаць дзённік сёння.

Гэта адбылося таго самага дня раніцай у Міністэрстве, калі ўвогуле можна сказаць «адбылося» пра нешта няяснае, няўлоўнае, неакрэсленае.

Было амаль адзінаццаць нуль-нуль, і ў аддзел дакументацыі, дзе працаваў Ўінстан, вынеслі крэслы з кабінетаў і паставілі іх пасярод залы насупраць вялікага тэлегляда, бо павінна была пачацца Двуххвілінка Нянавісці. Ўінстан якраз сядаў на сваё месца ў адным з сярэдніх радоў, калі ў залу нечакана ўвайшлі дзве асобы. Ён ведаў іх з твару, але ніколі не абмяняўся з імі ані словам. Адна з іх была дзяўчына, якую ён часта сустракаў у калідорах. Ён не ведаў яе імя, ведаў толькі, што працавала яна ў аддзеле мастацкай літаратуры. Ён бачыў некалькі разоў, як яна несла гаечныя ключы, рукі яе былі ў машыннай змазцы — напэўна, яна выконвала нейкія тэхнічныя функцыі пры адным з раманапісальных варштатаў. Гэта была нахабная з выгляду дзяўчына гадоў дваццаці сямі, з густымі чорнымі валасамі, рабаціністым тварам і хуткімі пругкімі рухамі. Часам вузкі чырвоны пас — адметны знак Антысексуальнага Саюза Моладзі — быў абвязаны вакол таліі паверх камбінезона дастаткова туга, каб падкрэсліць акругласць яе клубоў. Ўінстан не мог яе цярпець з таго моманту, як першы раз яе ўбачыў. І ён ведаў чаму. З-за духу спортпляцоўкі, халодных купальняў, калектыўных вандровак і агульнай чысціні перакананняў, якім ад яе падыхала. Жанчыны, асабліва маладыя, — гэта заўсёды слепа адданыя прыхільнікі Партыі, бяздумныя паўтаральнікі лозунгаў, добраахвотныя шпіёны, вывіжоўшчыкі нядобранадзейнасці. Але гэтая дзяўчына здавалася яму яшчэ больш небяспечнай за іншых. Аднойчы яны размінуліся ў калідоры, і яна працяла яго позіркам, нібы свердлам, і на імгненне ён адчуў пякельны жах. Ён нават падумаў, што яна магла быць агентам Паліцыі Думак, што, аднак, было непраўдападобна. Аднак, калі яна была недзе паблізу, ён адчуваў нейкую дзіўную трывогу, у якой адначасна мяшаліся страх і варожасць.

Другой асобай быў мужчына, які зваўся О'Браэн, сябра Ўнутранай Партыі, які займаў такую важную і таямнічую пасаду, што Ўінстан меў пра яе толькі самае прыблізнае ўяўленне. Супрацоўнікі, што стаялі каля крэслаў, суціхлі, убачыўшы, як да іх набліжаецца нехта ў чорным камбінезоне сябры Ўнутранай Партыі. О'Браэн быў высокі, грубаваты з выгляду мужчына з тоўстай шыяй і простым, поўным гумару тварам. Нягледзячы на несамавітую знешнасць, у яго паставе была нейкая далікатнасць. Ён умеў неяк асабліва падпраўляць акуляры на носе, і гэты ягоны рух неяк дзіўна абяззбройваў, выклікаў прыхільнасць. Гэты рух нагадваў — калі ўвогуле нехта яшчэ мог думаць такімі катэгорыямі — арыстакрата васемнаццатага стагоддзя, які прапануе свайму размоўцу табакерку. За дванаццаць гадоў Ўінстан бачыў О'Браэна разоў дванаццаць. Ён адчуваў да яго шчырую прыхільнасць, і не толькі таму, што яго вабіла неадпаведнасць арыстакратычных манер О'Браэна ягонай знешнасці баксёра-чэмпіёна. Прыхільнасць гэтая грунтавалася на затоенай у глыбіні душы веры — ці, можа, толькі спадзяванні, — што палітычная добранадзейнасць О'Браэна не была бязмежная. Нешта ў ягоным твары неадольна наводзіла на гэтую думку. І ўсё ж гэтае «нешта» было хутчэй адзнакай інтэлігентнасці, а не недахопу добранадзейнасці. Ва ўсялякім разе, ён быў падобны да чалавека, з якім можна было б загаварыць, калі б надарылася схавацца ад тэлегляда і застацца з ім сам-насам. Ўінстан ніколі не спрабаваў спраўдзіць свае здагадкі на практыцы, дый гэта было немагчыма. У гэтую хвіліну О'Браэн паглядзеў на ручны гадзіннік, убачыў, што было ўжо амаль адзінаццаць нуль-нуль, і, напэўна, вырашыў застацца ў аддзеле дакументацыі, пакуль не скончыцца Двуххвілінка Нянавісці. Ён сеў у тым самым радзе, што і Ўінстан, за два крэслы ад яго. Паміж імі сядзела маленькая жанчына з валасамі пясочнага колеру, што працавала ў суседнім з Ўінстанам кабінеце. Дзяўчына з чорнымі валасамі села якраз за спінай.

У наступную хвіліну з тэлегляда, што стаяў у канцы залы, пачуўся гідкі скрыгатлівы голас, быццам пачаў працаваць вялізны нязмазаны механізм. Ад гэтых гукаў выварочвала нутро і валасы ўставалі дыбарам. Двуххвілінка Нянавісці пачалася.

На экране, як звычайна, з'явіўся твар Ворага Народа Эмануіла Гольдштэйна. Сям-там сярод гледачоў пачуўся свіст. Маленькая жанчына побач завішчала ад страху і агіды. Гольдштэйн быў рэнегат і адступнік, які калісьці, вельмі даўно (як даўно — ніхто ўжо дакладна не памятаў), быў адным з кіраўнікоў Партыі і стаяў ледзь не на адным узроўні з Вялікім Братам, але пасля ўцягнуўся ў контррэвалюцыйную дзейнасць, быў засуджаны на смерць і знік пры таямнічых абставінах. Змест Двуххвілінак Нянавісці мяняўся з дня на дзень, але не было ніводнай, дзе б Гольдштэйн не выступаў у галоўнай ролі. Ён быў галоўны здраднік і галоўны спаганшчык чысціні Партыі. Усе наступныя антыпартыйныя злачынствы, усе здрады, акты сабатажу, іншадумствы, адхіленні ад партыйнай лініі мелі пачаткам яго фальшывае вучэнне. Ён яшчэ недзе жыў і строіў свае падкопы — можа, недзе за акіянам, пад аховай сваіх шчодрых замежных гаспадароў, ці, можа нават, калі верыць чуткам, недзе ў добрым сховішчы ў самой Акіяніі.

Ўінстану заняло дух. Заўсёды, калі ён бачыў Гольдштэйнаў твар, яго апаноўвалі супярэчлівыя пачуцці. Гэта быў худы жыдоўскі твар з густою капой кучаравых сівых валасоў і казлінай бародкай — разумны і чамусьці трохі агідны твар. Доўгі тонкі нос, на канцы якога віселі акуляры, дадаваў твару старэчасці. Твар быў падобны да авечае морды, нешта авечае было і ў голасе. Гольдштэйн выступаў са сваімі звычайнымі злоснымі нападамі на вучэнне Партыі, такімі недарэчнымі і бязглуздымі, што іх марнасць зразумела б нават дзіця. І, аднак, яны былі дастаткова праўдападобныя, каб абудзіць трывогу, што яны могуць звесці з добрага шляху трохі меней перакананых людзей. Ён знеслаўляў Вялікага Брата, асуджаў дыктатуру Партыі, патрабаваў неадкладнага заключэння міру з Эўразіяй, выступаў за свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў, свабоду думак, істэрычна крычаў, што Рэвалюцыі здрадзілі — прамова была паспешлівая, шматслоўная, нібы пародыя на звычайны стыль партыйных прамоўцаў, у ёй былі нават некаторыя словы з навамоўя і нават болей навамоўных слоў, чым звычайна ўжывае любы сябра Партыі. І ўвесь гэты час, каб ні ў кога не ўзнікла ні каліва сумнення ў тым, што ў сапраўднасці хавалася за агіднымі выслоўямі Гольдштэйна, за яго спінай на экране тэлегляда праходзілі маршам бясконцыя калоны эўразійскага войска, бясконцыя шэрагі дужых з выгляду людзей з безвыразнымі азіяцкімі тварамі. Яны набліжаліся да гледачоў, расплываліся ў экране, саступаючы месца іншым. Аднастайны рытмічны грукат салдацкіх ботаў ствараў гукавы фон, праз які прабівалася авечае маркатанне Гольдштэйна.

Не прайшло і паўхвіліны праграмы Нянавісці, як з глотак паловы людзей, сабраных у зале, вырваўся неўтаймаваны крык гневу. Самазадаволенага авечага твару на экране і пагрозлівай магутнасці эўразійскага войска было нават болей чым дастаткова: адзін толькі выгляд Гольдштэйна, адна думка пра яго міжволі спараджалі страх і лютасць. Ён быў больш трывалы аб'ект нянавісці, чым Эўразія або Ўсходазія, бо калі Акіянія ваявала з адной дзяржавай, дык звычайна з другой яна заставалася ў стане міру. Дзіўным было, аднак, тое, што, нягледзячы на ўсеагульную нянавісць і пагарду, нягледзячы на тое, што кожнага дня тысячу разоў з трыбун, з тэлегляда, у газетах, у кнігах ідэі Гольдштэйна пракліналіся, абвяргаліся, высмейваліся, паказваліся перад грамадствам як нявартая бязглуздзіца, — нягледзячы на ўсё гэта, здавалася, што ўплыў Гольдштэйна ніколі не меншаў. Усё новыя і новыя ахвяры чакалі, каб паддацца ягонай спакусе. Не праходзіла ніводнага дня, каб Паліцыя Думак не выкрывала шпіёнаў і сабатажнікаў, што дзейнічалі паводле ягоных загадаў. Ён быў галоўным кіраўніком вялікай прывіднай арміі, шырокай сеткі падземнікаў-змоўнікаў, што мелі за мэту скінуць урад. Казалі, што гэтая арганізацыя завецца Братэрства. Хадзілі таксама пагалоскі аб нейкай жахлівай кнізе, дзе былі сабраныя ўсе аблудныя тэорыі, аўтарам якіх быў Гольдштэйн. Кніга гэтая сям-там патаемна хадзіла па руках і не мела назову. Калі пра яе ішла гаворка, дык казалі проста кніга. Але пра ўсё гэта можна было даведацца толькі з няпэўных чутак. Звычайныя сябры Партыі стараліся, калі гэта было магчыма, не згадваць у размовах ні Братэрства, ні кнігі.

На другой хвіліне Нянавісць перайшла ў шаленства. Людзі падскоквалі з месцаў і дзіка крычалі, каб заглушыць дурманлівае бэканне, што гучала з экрана. Маленькая жанчына побач пачырванела і хапала ротам паветра, як выкінутая на бераг рыбіна. Нават цяжкі твар О'Браэна змяніў колер. Ён сядзеў проста, нібы кій праглынуўшы, і яго важкае агруддзе надзімалася і дрыжала, быццам ён змагаўся з навальнай хваляй. Чарнявая дзяўчына, што сядзела за Ўінстанам, крычала: «Свіння! Свіння! Свіння!» Раптам яна схапіла цяжкі Слоўнік навамоўя і шпурнула яго ў экран. Ён трапіў Гольдштэйну ў нос і адскочыў. Голас няўмольна гучаў далей. У момант прасвятлення Ўінстан заўважыў, што ён крычыць разам з усімі і раз'юшана малоціць па більцы крэсла. Самае жахлівае ва ўсім гэтым было не тое, што трэба было саўдзельнічаць, а, наадварот, тое, што не саўдзельнічаць было немагчыма. Праз паўхвіліны ўжо не трэба было прыкідвацца. Жахлівае ачмурэнне ад страху і прагі помсты, жаданне забіваць, катаваць, трушчыць молатам галовы працяло, нібы электрычны ток, усіх гледачоў, ператварыўшы іх мімаволі ў раз'юшаных вар'ятаў. Але шаленства, якое ахапіла гледачоў, было пачуццём абстрактным, няпэўным, яго можна было перавесці з аднаго аб'екта на другі, як прамень пражэктара. Так, на нейкі момант Ўінстан адчуў, што яго нянавісць накіравана зусім не на Гольдштэйна, а на Вялікага Брата, Партыю і Паліцыю Думак. Гэткімі хвілінамі ён імкнуўся сэрцам да самотнага ерэтыка, аддаванага здзеку і глуму на экране, адзінага ахоўніка праўды і здаровага розуму ў свеце хлусні. Аднак праз хвіліну Ўінстан усёй душою быў ужо з людзьмі, што сядзелі навокал, і ўсё, што казалася пра Гольдштэйна, здавалася яму слушным. І тады патаемная агіда да Вялікага Брата саступала месца гарачай любові. Вялікі Брат, непераможны і бясстрашны абаронца Радзімы, узвышаўся неадольнай скалою перад азіяцкімі ордамі. Гольдштэйн, нягледзячы на адлучанасць, на бяссільнасць і на сумненне наконт факта яго існавання, быў падобны да злавеснага чараўніка, што здольны ўладай свайго голасу разбурыць асновы цывілізацыі.

Часамі можна было напружаннем волі скіраваць сваю нянавісць на той або іншы аб'ект. З намаганнем, роўным таму, з якім у жахлівым сне адрываеш галаву ад падушкі, Ўінстану раптам удалося перанесці нянавісць з твару, што быў на экране, на чорнавалосую дзяўчыну, якая сядзела ў яго за спінай. Перад яго вачыма паўсталі жывыя і яскравыя вобразы. Ён збівае яе наўмор гумовым кіем. Ён прывязвае яе голую да слупа і дзіравіць яе стрэламі, як святога Себастыяна. Ён гвалціць яе і ў момант аблягчэння пераразае ёй горла. І ён зразумеў лепш, чым некалі раней, чаму менавіта ён яе ненавідзеў. Ён ненавідзеў яе, бо яна была маладая, прыгожая і бясполая, бо хацеў з ёй пераспаць, але не мог і не змог бы ніколі, бо вакол яе тонкай гнуткай таліі, якую так і хацелася абняць, быў абвязаны агідны чырвоны пас — ваяўнічы сімвал цнатлівасці.

Нянавісць дасягнула найвышэйшай ступені. Голас Гольдштэйна змяніўся сапраўдным авечым бэкатам, і на нейкі момант сам Гольдштэйн ператварыўся ў авечку. Пасля авечка незаўважна змянілася на постаць эўразійскага салдата, дужага і страшнага, з аўтаматам у руках, ён ступіў наперад і, здалося, выйшаў з экрана, так, што колькі чалавек у першым радзе адкінулася назад. Але ў наступнае імгненне зала азвалася глыбокім уздыхам палёгкі, бо варожы твар на экране растаў, а замест яго з'явілася чорнавалосае і чарнавусае аблічча Вялікага Брата, поўнае сілы і загадкавага спакою і такое вялікае, што заняло амаль увесь экран. Ніхто не чуў, што казаў Вялікі Брат. Гэта былі нейкія простыя словы для ўзняцця духу, якія звычайна кажа камандзір пад час цяжкага бою. Іх нельга было разабраць, але ўжо тое, што яны прамаўляліся, супакойвала і вяртала веру ў свае сілы. Тады твар Вялікага Брата знік, і замест яго на экране з'явіліся напісаныя вялікімі літарамі тры партыйныя лозунгі:

ВАЙНА ЁСЦЬ МІР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СІЛА

Але здавалася, што твар Вялікага Брата яшчэ заставаўся некалькі секунд на экране, быццам выява адбілася ўваччу так моцна, што знікла не адразу. Маленькая жанчына з пясочнымі валасамі кінулася да тэлегляда. Дрыготкімі вуснамі яна прашаптала нешта накшталт «О Збавіцель!» і выцягнула рукі да экрана. Пасля яна закрыла твар рукамі. Было падобна, што яна малілася.

І тады ўсе прысутныя зацягнулі глыбокі, павольны і рытмічны спеў: «Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!..» — яшчэ і яшчэ, вельмі павольна, з доўгай паўзай паміж «Вэ» і «Бэ». Гэта быў цяжкі і гучны шэпт, невымоўна дзікі, за ім чуўся шоргат босых ног і пошчак тамтамаў. Спеў цягнуўся, можа, паўхвіліны. Гэтая мелодыя чулася часта, калі вырываліся на волю неўтрыманыя пачуцці. У нейкім родзе гэта было нечым накшталт гімна мудрасці і велічы Вялікага Брата, але яшчэ хутчэй гэта быў акт самагіпнозу, самазгоднае затлумленне свядомасці начэпным рытмам. У Ўінстана ад спеву пахаладзела ў жываце. Пад час Двуххвілінкі Нянавісці ён не мог паўстрымацца ад удзелу ў агульным шаленстве, але гэты нялюдскі спеў «Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!..» заўсёды поўніў яго дзікім страхам. Вядома ж, ён спяваў разам з усімі. Інакш было немагчыма. Прыхоўваць пачуцці, апаноўваць свае рухі, паводзіць сябе так, як іншыя, — усё гэта рабілася інстынктыўна. Але на працягу нейкай пары імгненняў яго вочы маглі яго выдаць. Якраз у гэты момант адбылося штосьці вельмі важнае — калі яно ўвогуле адбылося.

Яго позірк на момант сустрэўся з позіркам О'Браэна. О'Браэн устаў. Ён прыўзняў акуляры і характэрным рухам падправіў іх на носе. Але на нейкае імгненне іх вочы сустрэліся, і ў гэты адцінак часу Ўінстан адчуў — амаль з абсалютнаю пэўнасцю, — што О'Браэн думаў гэтаксама, як і ён. Адбылася перадача думак. Быццам іх душы расчыніліся і думкі пераляцелі ад аднаго да другога праз вочы. «Я з вамі, — здавалася, казаў О'Браэн. — Я дакладна ведаю вашыя адчуванні. Я ведаю вашу пагарду, вашу нянавісць, вашу агіду. Але не бойцеся, я з вамі!» Прамень разумення раптам згас, і твар О'Браэна зноў зрабіўся гэткі ж непранікальны, як і ўсе іншыя.

Больш нічога не было, і Ўінстан пачаў ужо сумнявацца, ці было што ўвогуле. Такія выпадкі ніколі не мелі ніякіх вынікаў. Адзіным вынікам была жывая вера, надзея, што ў Партыі, апроч яго, ёсць яшчэ ворагі. Можа, і праўда, што недзе існуе шырокі канспіратыўны рух! Можа, і праўда, што існуе Братэрства! Нягледзячы на шматлікія арышты, прызнанні і пакаранні, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з'яўляецца ўсяго толькі міфам. Часам ён верыў у гэта, часам — не. Не было ніякіх доказаў, толькі слабыя пробліскі, якія маглі значыць усё або нічога: падслуханыя ўрыўкі размоў, неразборлівыя крамзолі на сценах у прыбіральнях або нават лёгкі рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, які мог быць паролем. Усё гэта былі толькі здагадкі. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ён вярнуўся ў свой кабінет, не зірнуў болей на О'Браэна. Думка працягнуць іх імгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калі б ён ведаў, як гэта зрабіць. За адну-дзве секунды яны абмяняліся двухсэнсоўным позіркам, і на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзіноце, у якой усе мусілі жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.

Ўінстан устаў і выпрастаўся. Яму адрыгнулася — джын паднімаўся са страўніка.

Яго ўвага зноў засяродзілася на паперы. Ён убачыў, што пакуль ён лунаў у летуценнях, яго рука аўтаматычна пісала. Гэта быў ужо не той нязграбны сціснуты почырк. Пяро пажадліва слізгала па гладкай паперы, выпіскаючы вялікія выразныя літары:

ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА
ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА

І гэтак была спісана палова старонкі.

Ён не здолеў перамагчы прыступ панікі. Сэнсу ў гэтым не было, бо напісаць гэтыя словы было не больш небяспечна, чым пачаць весці дзённік, але на нейкі момант яго ахапіла жаданне вырваць спісаныя старонкі і ўвогуле кінуць гэтую задуму.

Але ён не зрабіў гэтага, бо ведаў, што ў гэтым не было сэнсу. Напісаў бы ён або не «ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА» — было не істотна. Працягваў бы ён або не пісаць свой дзённік — было не істотна. Ва ўсялякім разе, ад Паліцыі Думак яму не ўцячы. Ён учыніў — і ўчыніў бы, нават калі б ніколі не ўзяў у рукі пяра і паперы, — найстрашнейшае злачынства, якое змяшчала ў сабе ўсе іншыя. Злачынства думкі, або, як казалі, — думзлачынства. Думзлачынства немагчыма было хаваць вечна. Нейкі час, можа, нават некалькі гадоў яшчэ можна было неяк выкручвацца, але раней ці пазней наступала расплата.

Арыштоўвалі заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячук, ліхтары асляпляюць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасці выпадкаў не адбывалася ніякіх судоў, не складалася ніякіх пратаколаў. Людзі проста знікалі, і заўсёды ўначы. Імя выкрэслівалі са спісаў, усе сляды чалавека знішчалі, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалі, і яно забывалася. Чалавека сціралі з памяці, ператваралі ў нішто, рабілі параю, яго выпарвалі — так гучала звычайна ўжыванае слова.

На хвіліну яго ахапіла нібы істэрыка, і ён зноў пачаў пісаць крывымі нязграбнымі літарамі:

яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патыліцу напляваць далоў вялікага брата яны заўсёды страляюць у патыліцу мне напляваць далоў вялікага брата...

Трохі збянтэжаны, ён выпрастаўся і адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы!

Няўжо так хутка! Ён сядзеў ціха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаіць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не, пагрукалі яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзіць. Сэрца біла, як барабан, але Ўінстанаў твар, напэўна, ад доўгай звычкі, заставаўся абыякавы. Ён падняўся і пайшоў, цяжка ступаючы, да дзвярэй.

____

1) Навамоўе — афіцыйная мова Акіяніі. Пра яго структуру і этымалогію гл. Дадатак. (Заўв. аўт.) [обратно]

2

Ўінстан ужо ўзяўся за ручку, каб расчыніць дзверы, калі раптам убачыў, што пакінуў разгорнуты дзённік на стале. ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА — было там напісана на палову старонкі такімі вялікімі літарамі, што можна было прачытаць нават ад дзвярэй. Гэта была недаравальная памылка. Ўінстан, аднак, адзначыў, што, нават так спалохаўшыся, ён не наважыўся закрыць дзённік, пакуль не высахла чарніла, каб не забрудзіць чыстую паперу.

Стаіўшы дыханне, ён адчыніў дзверы. І адразу па целе прайшла цёплая хваля палёгкі. За дзвярыма стаяла бледная, памятая з выгляду жанчына з рэдкімі раскудлачанымі валасамі і зморшчаным тварам.

— Ой, таварыш, — пачала яна хваравіта-пісклявым голасам, — мне падалося, што я чула, як вы прыйшлі. Ці не зойдзеце вы на хвілінку паглядзець, што з нашай ракавінай на кухні? Яна забрудзілася і...

Гэта была пані Парсанс, жонка суседа па паверсе. (Зварот «пані» не надта ўхваляўся Партыяй, патрабавалася, каб усе звярталіся адзін да аднаго «таварыш», але ў дачыненні да некаторых жанчын слова «пані» неяк само прасілася на язык.) Ёй было гадоў трыццаць, хоць выглядала яна значна старэйшай. Здавалася, што ў зморшчынах яе твару збіраўся пыл. Ўінстан прайшоў з ёй праз калідор. Такая саматужная рамонтная праца была ледзь не штодзённым заняткам. Дамовы блок «Перамога» быў старым, пабудаваным у 30-я гады комплексам будынкаў, што з часам самі па сабе паволі руйнаваліся. Гадамі ад сцен і столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопаліся пад час добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькі пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругі, калі яго ўвогуле не выключалі дзеля ашчаднасці. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабіць самому, мелі займацца нейкія далёкія таямнічыя ўстановы, якія, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзілі часам па два гады.

— Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, — няясна прамармытала пані Парсанс.

Кватэра Парсансаў была большая за Ўінстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькі што наведаў нейкі вялікі драпежны звер. Спартовыя прылады — хакейныя клюшкі, баксёрскія пальчаткі, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны — усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымі школьнымі падручнікамі. На сценах побач з партрэтам Вялікага Брата ў поўны рост віселі чырвоныя сцяжкі Саюза Моладзі і гэтак званых Юных Шпіёнаў. Тут, як і ва ўсім доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкі пах поту, які — гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, — належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другім пакоі нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелі з экрана тэлегляда.

— Гэта дзеці... — сказала пані Парсанс, баязліва зірнуўшы на дзверы. — Яны сёння не выходзілі з дому. І вядома ж...

Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзіне. Кухонная ракавіна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што іншае. Ўінстан стаў на калені і агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гідзіўся ручной працы, і яму было непрыемна нахіляцца, бо амаль заўсёды ў гэткіх выпадках ён заходзіўся кашлем. Пані Парсанс бездапаможна глядзела на яго.

— Вядома ж, калі б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзіў, — сказала яна. — Ён любіць такую працу. Ён жа такі здольны, мой Том, у яго залатыя рукі...

Парсанс, як і Ўінстан, працаваў у Міністэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькі, але вельмі жвавы чалавечак, неверагодна дурны і поўны ідыёцкага энтузіязму, — адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлін, якія ніколі не ставяць лішніх пытанняў і ад якіх — нават болей, чым ад Паліцыі Думак — залежала трываласць Партыі. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькі нядаўна і з вялікай неахвотай развітаўся з Саюзам Моладзі, а перад тым, як стаць сябрам Саюза Моладзі, ён схітрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрміну затрымацца ў шэрагах Юных Шпіёнаў. У Міністэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамітэта і ўсіх іншых камітэтаў, што займаліся арганізацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасці і ўсіх іншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любіў пахваліцца, што апошнія чатыры гады ён кожны вечар праводзіў у Доме Культуры. Незнішчальны пах поту спадарожнічаў яму паўсюль, бы неадступны сведка яго напружанага грамадскага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоі нават тады, калі Парсанс выходзіў.

— Ці ёсць у вас гаечны ключ? — спытаўся Ўінстан, патузаўшы гайку на пераходным калене.

— Гаечны ключ, — сказала пані Парсанс, імгненна губляючы адвагу. — Не ведаю. Можа, дзеці..

Пачуўся тупат ног і дудзенне на грабенчыку — у пакой уварваліся дзеці. Пані Парсанс прынесла гаечны ключ. Ўінстан спусціў ваду і, стрымліваючы агіду, дастаў з трубы камяк валасоў, якія забілі праход. Ён вымыў начыста рукі халоднаю вадой і вярнуўся ў другі пакой.

— Рукі ўгору! — закрычаў дзікі голас.

Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяці выскачыў з-за стала і навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставіла на Ўінстана кавалак дрэва. Абое былі ў кароткіх блакітных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымі хусткамі на шыі — гэта была ўніформа Шпіёнаў. Ўінстан падняў рукі над галавой з нейкім непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня.

— Ты здраднік! — закрычаў хлопчык. — Ты думзлачынец! Ты эўразійскі шпіён! Я заб'ю цябе, я выпару цябе, я сашлю цябе на саляныя капальні!

Абое пачалі скакаць вакол Ўінстана і крычаць: «Здраднік! Думзлачынец!», пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Ўінстану зрабілася страшна — гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамі. Вочы хлопчыка блішчэлі нейкай разважлівай жорсткасцю, відавочным жаданнем ударыць Ўінстана, і ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат, падумаў Ўінстан.

Пані Парсанс з неспакоем пазірала то на Ўінстана, то на дзяцей. У вялікім пакоі пад ярчэйшым святлом Ўінстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл.

— Ад іх такі вэрхал, — сказала яна, — яны вельмі злуюцца, што іх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму і дурэюць. Я вельмі занятая, каб пайсці з імі, а Том сёння позна вяртаецца з працы.

— Чаму нам нельга пайсці паглядзець, як вешаюць? — зароў хлопчык сваім магутным голасам.

— Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! — залапатала малая, што ўсё яшчэ скакала навокал.

Ўінстан згадаў, што гэтым вечарам у парку павінны былі павесіць некалькі эўразійскіх палонных, абвешчаных ваеннымі злачынцамі. Такія публічныя пакаранні адбываліся прыблізна раз на месяц і былі папулярным відовішчам. Дзеці заўсёды прасіліся, каб іх бралі з сабою паглядзець. Ён развітаўся з пані Парсанс і пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусціцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулі распалены дрот. Азірнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як пані Парсанс запіхвае ў дзверы сына, які хавае рагатку.

— Гольдштэйн! — крыкнуў хлопчык яму ўслед, і дзверы зачыніліся. Больш за ўсё Ўінстана ўразіў бездапаможны спалоханы твар жанчыны.

Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў міма тэлегляда і зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сціхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апісанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасці, якая толькі што стала на якар паміж Ісландыяй і Фарэрскімі выспамі.

З гэтымі дзецьмі ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Ўінстан. Пройдзе яшчэ год або два, і яны ўдзень і ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасці. Цяпер амаль усе дзеці былі такія. Найгорш было тое, што пад уплывам такіх арганізацый, як Шпіёны, яны непазбежна вырасталі неўтаймоўнымі дзікунамі. І, аднак, гэта ніякім чынам не спараджала ў іх імкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыпліны. Наадварот, яны горача любілі Партыю і ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песні, дэманстрацыі, сцягі, вандроўкі, ваенныя практыкаванні з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялікага Брата — усё гэта было для іх займальнай гульнёй. Усё іхнае дзікунства накіроўвалася вонкі, супраць ворагаў Радзімы, супраць чужынцаў, здраднікаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзі, якім за трыццаць, баяліся ўласных дзяцей. І на гэта былі сур'ёзныя падставы, бо не праходзіла і тыдня, каб у «Таймз» не друкавалі паведамлення, што які-небудзь чуйны маленькі даносчык — звычайна іх называлі «дзеці-героі» — падслухаў нейкія падазроныя выказванні і выдаў сваіх бацькоў Паліцыі Думак.

Боль у шыі суняўся. Ўінстан нерашуча ўзяў пяро і падумаў, што б яму яшчэ запісаць у дзённік. Раптам яму зноў прыгадаўся О'Браэн.

Неяк аднойчы — колькі ж прамінула часу? гадоў сем таму — ён прысніў, што ідзе праз цёмны пакой. І нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калі Ўінстан праходзіў міма: «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры». Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк між іншым — гэта было сцверджанне, не загад. Ўінстан прайшоў, не спыніўшыся. Дзіўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання. І, напэўна, толькі пазней яны пачалі паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калі ён упершыню ўбачыў О'Браэна — да гэтага сну ці пасля, гэтаксама ён не памятаў, калі ён упершыню атаясаміў голас у сне з голасам О'Браэна. Ва ўсялякім разе, цяпер гэта быў для яго голас О'Браэна. З цемры да яго гаварыў О'Браэн.

Ўінстан ніколі не мог дакладна вызначыць — нават пасля двухсэнсоўнага позірку гэтай раніцай — быў О'Браэн сябрам ці ворагам. Але, здавалася, гэта не мела ніякага значэння. Паміж імі існавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхільнасць або супольніцтва. «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры», — сказаў ён. Ўінстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкім чынам некалі спраўдзяцца.

Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты і прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлівы голас працягваў:

— Увага! Увага! Толькі што мы атрымалі надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту. Нашыя войскі ў Паўднёвай Індыі дасягнулі бліскучай перамогі. Звесткі дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькі што паведамілі, значна наблізіла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне...

Гэта не вяшчуе нічога добрага, падумаў Ўінстан. І сапраўды, пасля крывавага апісання поўнага знішчэння адной з эўразійскіх армій, пасля абвяшчэння велізарнай лічбы забітых і палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццаці да дваццаці грамаў.

Ўінстану яшчэ раз адрыгнулася. Уздзеянне джыну прайшло, ад яго засталося толькі пачуццё млявасці. З тэлегляда загрымелі гукі гімна: «За цябе, мая Акіянія..» — у гонар перамогі, а можа, каб прымусіць забыцца пра шакалад. Мелася на ўвазе, што ўсе гледачы мусяць устаць па стойцы «смірна». Але Ўінстана ўсё роўна ніхто не бачыў.

Гімн змяніла лёгкая музыка. Ўінстан падышоў да акна і стаў спінай да тэлегляда. На вуліцы ўсё яшчэ было светла і холадна. Недзе ўдалечыні грымнула глухое рэха ад выбуху ракетнай бомбы. Цяпер іх падала на Лондан дваццаць — трыццаць штук за тыдзень.

Унізе на вуліцы вецер шкуматаў падраны плакат, і слова АНГСОЦ на ім то з'яўлялася, то зноў знікала. Ангсоц. Свяшчэнныя прынцыпы Ангсоцу: навамоўе, двухдумства і зменлівасць гісторыі. Ўінстану здавалася, што ён блукае ў густых лясах на марскім дне, заблудзіўшы ў нейкім пачварным свеце, дзе ён і сам быў пачварай. Ён быў адзін. Мінуўшчына была мёртвая, а ўявіць будучыню было немагчыма. Ці мог ён быць пэўны, што хоць адзін жывы чалавек стаяў на яго баку? І як ён мог ведаць, ці панаванне Партыі не будзе цягнуцца вечна? Нібы адказ, яму прыгадаліся тры лозунгі на белым фасадзе Міністэрства Праўды:

ВАЙНА ЁСЦЬ МІР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СІЛА

Ён выцягнуў з кішэні 25-цэнтавую манету. На ёй таксама выразнымі маленькімі літарамі былі выбіты тыя самыя лозунгі, на другім баку манеты была выява Вялікага Брата. Нават з манеты за табою сачылі вочы. З грошай, паштовых марак, вокладак кніг, сцягоў, плакатаў, цыгарэтных пачкаў — вочы сачылі адусюль. Адусюль глядзелі вочы, адусюль гучаў голас. Удзень і ўначы, на працы і за абедам, дома і на вуліцы, у ванне і ў ложку — нідзе ад іх нельга было схавацца. Табе не належала нічога, акрамя пары кубічных сантыметраў мозгу, схаванага пад тваім чэрапам.

Сонца перайшло на другі бок, і незлічоныя вокны Міністэрства Праўды, на якія ўжо не падалі яго промні, пахмурліва чарнеліся, нібы байніцы крэпасці. Ўінстан адчуваў роспач і бездапаможнасць перад гэтай вялізнай пірамідай, што пагрозліва высілася над іншымі дамамі. Яна была непахісная, тысячы ракетных бомбаў не здолелі б яе разбурыць. Ўінстан зноў спытаўся ў сябе, дзеля каго ён піша свой дзённік. Дзеля будучыні, дзеля мінуўшчыны — дзеля той эпохі, якая, можа, існуе толькі ў марах. Яго чакала не толькі смерць, але і поўнае знішчэнне, выкараненне памяці аб ім. Дзённік ператворыцца ў попел, а сам ён — у струменьчык дыму. Толькі Паліцыя Думак прачытае напісанае ім, перш чым яно знікне са свету і з памяці. Як можна было звяртацца да будучыні, калі ад цябе магло не застацца ні следу, ні шматочка паперы з парай накрамзоленых на ёй безыменных слоў?

У тэлеглядзе прабіла чатырнаццатая гадзіна. Праз дзесяць хвілін яму трэба было выходзіць. У чатырнаццаць трыццаць ён мусіў быць на працы.

Са здзіўленнем ён адчуў, што бой гадзінніка зноў надаў яму адвагі. На гэтай зямлі ён быў самотным прывідам, што абвяшчае праўду, якую ніхто не пачуе. Але пакуль ён будзе яе абвяшчаць, нітка існавання не перарвецца. Спадчына перадаецца чалавецтву не тады, калі дамагаешся, каб цябе слухалі, а калі здолееш застацца жывы. Ён зноў вярнуўся да стала, абмакнуў пяро і напісаў:

Будучыні або мінуўшчыне, у якой запануе свабода думкі, у якой людзі будуць розніцца адзін ад аднаго і не будуць жыць самотна — таму часу, у якім будзе існаваць праўда, у якім з існага нельга будзе зрабіць няіснае, — з эпохі аднастайнасці і адчужанасці, эпохі Вялікага Брата, эпохі двухдумства — прывітанне!

«Я ўжо мёртвы», — падумаў ён. Яму здалося, што толькі цяпер, калі ён адчуў здольнасць выкладаць свае думкі, ён зрабіў вырашальны крок. Вынік кожнага дзеяння прысутнічае ўжо і ў самім дзеянні. Ён напісаў:

Думзлачынства не цягне за сабою смерць: думзлачынства само ўжо ЁСЦЬ смерць.

Аднак цяпер, калі ён прызнаў сябе за мёртвага, зрабілася вельмі важным як мага даўжэй заставацца ў жывых. Два пальцы правай рукі запэцкаліся ў чарніла. Якраз такая дробязь магла яго загубіць. Які-небудзь праніклівы фанатык у Міністэрстве (хутчэй нават жанчына — тая маленькая з пясочнымі валасамі або чарнявая з аддзела мастацкай літаратуры) мог бы зацікавіцца, чаму ён нешта пісаў пад час перапынку на абед, чаму ён ужыў для гэтага старасвецкае пяро і што ён пісаў — а пасля даў бы знак адпаведным органам. Ён пайшоў у ванны пакой і старанна адмыў плямы цёмна-рудым пясочным мылам, якое драла рукі, як наждачная папера, і таму цяпер як найлепей прыдалося.

Ён засунуў дзённік у шуфляду стала. Хаваць яго не было сэнсу, але ён мог, прынамсі, прыняць захады, каб даведацца, ці хто пад час яго адсутнасці не знайшоў яго дзённік. Закладзены між старонак волас занадта б кідаўся ў вочы. Ён падчапіў кончыкам пальца ледзь бачны белы драбочак пылу і паклаў яго на рог вокладкі — ён адразу ўпадзе, калі хто возьме альбом.

3

Ўінстан сніў маці.

Яму было гадоў дзесяць-адзінаццаць, калі яго маці знікла. Гэта была высокая, самавітая, даволі спакойная жанчына з павольнымі рухамі і цудоўнымі светлымі валасамі. Бацька прыгадваўся яму невыразна: чарнявы і худы, заўсёды ў густоўным чорным гарнітуры (асабліва добра Ўінстану запомніліся вельмі тонкія падэшвы бацькавых чаравікаў) і ў акулярах. Праўдападобна, абое сталіся ахвярамі адной з першых хваляў вялікіх чыстак 50-х гадоў.

У сне маці сядзела недзе далёка ўнізе і трымала на руках яго маленькую сястрычку. Ён помніў сястру толькі кволым, хваравітым, заўсёды маўклівым дзіцём з вялікімі ўважлівымі вачыма. Абедзве глядзелі з долу на яго. Яны былі глыбока ўнізе — на дне шахты або ў вельмі глыбокай магіле, і лапік зямлі, на якім яны сядзелі, апускаўся ўсё глыбей і глыбей. Яны былі ў каюце карабля, што ішоў на дно, і глядзелі ўгору на яго скрозь ваду, што ўсё болей і болей цямнела. У каюце яшчэ было паветра, яны яшчэ маглі бачыць яго, а ён іх, але ўвесь час яны апускаліся ўсё глыбей і глыбей у зялёныя воды, што праз нейкі момант павінны былі пахаваць іх назаўсёды. Вакол яго было святло і паветра, а яны паміралі, яны былі ўнізе, таму што ён застаўся наверсе. І ён і яны гэта ведалі, ён мог прачытаць гэтае веданне ў іх тварах. Але ні ў іх тварах, ні ў іх сэрцах не было папроку, толькі ўсведамленне таго, што яны павінны памерці, каб ён застаўся жыць, і што гэткі быў непазбежны лад рэчаў.

Ён не мог згадаць, што адбылося ў сапраўднасці, але ў сваім сне ён ведаў, што маці і сястра ахвяравалі сваім жыццём дзеля яго. Гэта быў адзін з тых сноў, якія, хоць і захоўваюць уласцівыя снам атрыбуты, з'яўляюцца працягам свядомых разумовых працэсаў і ў якіх выяўляюцца факты і думкі, што і пасля абуджэння здаюцца арыгінальнымі і каштоўнымі. Раптам Ўінстан зразумеў, што смерць маці амаль трыццаць гадоў таму несла з сабою трагізм і смутак — пачуцці, якія сёння ўжо не існавалі. Смутак, думаў ён, — гэта нешта з тых даўніх часоў, калі яшчэ існавалі чуллівасць, каханне і сяброўства і калі сямейныя дапамагалі адзін аднаму, не маючы на гэта асаблівае прычыны. Успаміны пра маці былі балючыя, бо яна памерла праз любоў да яго, калі сам ён яшчэ быў занадта малы і эгаістычны, каб адказаць на гэтую любоў. І яшчэ таму, што яна нейкім чынам — ён ужо не ведаў як — ахвяравала сабой дзеля непахіснае вернасці. Цяпер штосьці падобнае было немагчымае. Цяпер існавалі страх, нянавісць і боль, але не было годных пачуццяў, не было глыбокага і сапраўднага смутку. Здавалася, ён бачыў гэты смутак у вачах у маці і сястры, калі яны глядзелі на яго скрозь зялёную ваду, ужо далёка ўнізе, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей.

Раптам ён апынуўся на пругкім дзірване, быў летні вечар. Косыя промні сонца залацілі зямлю. Краявід гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, ці не бачыў ён яго ў рэальным жыцці. Ён зваў яго Залатой Краінай. Гэта быў стары трусіны выган, сям-там паточаны кратавіннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзічэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдаліся пад цёплым ветрыкам галінкі вязу, і лісце калыхалася густымі хвалямі, нібы валасы жанчыны. Недзе зусім блізка павольна цякла нябачная ручаінка, у якой пад ніцымі вербамі мітусіліся маленькія рыбкі.

Чорнавалосая дзяўчына ішла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне і рашуча адкінула яго ўбок. Цела яе было белае і гладкае, аднак яно не абуджала ў ім ніякага жадання, ён нават не надта ўважліва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якім яна адкінула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць і бестурботнасць здольныя знішчыць цэлую цывілізацыю, цэлую сістэму ідэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукі могуць знікнуць назаўсёды і Вялікі Брат, і Партыя, і Паліцыя Думак. Гэты ўзмах рукі таксама быў са старых часоў. Ўінстан прачнуўся са словам «Шэкспір» на вуснах.

З тэлегляда чуўся пранізлівы свіст, бесперапынны аднастайны сігнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць — час пад'ёму службоўцаў. Ўінстан саскочыў з ложка — голы, бо сябра Знешняй Партыі атрымліваў на год толькі тры тысячы талонаў на адзенне, а піжама каштавала шэсцьсот — і схапіў з крэсла зашмальцаваную майку і трусы. Праз тры хвіліны пачыналася Ранішняя гімнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, які амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся. Кашаль спустошыў лёгкія, і ён мусіў ляжаць пластом на спіне і прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлі жылы і засвярбела язва на назе.

— Група ад трыццаці да сарака! — пранізліва вішчаў жаночы голас. — Група ад трыццаці да сарака! Калі ласка, заняць месцы! Ад трыццаці да сарака!

Ўінстан стаў па стойцы «смірна» перад тэлеглядам, у якім ужо паказалася жанчына-трэнерка, яшчэ не старая, худая і жылістая, у трыко і спартовых чаравіках.

— Рукі сагнуць і разагнуць! — камандавала яна. — Разам са мной. Раз, два, тры, чатыры! Раз, два, тры, чатыры! Ну, таварышы, жывей, жывей! Раз, два, тры, чатыры!..

Пакутлівы прыступ кашлю не выцесніў да канца Ўінстанавы ўражанні ад сну, а рытмічныя рухі гімнастыкі нават яшчэ болей іх асвяжылі. Пакуль ён машынальна кідаў рукі ўперад і ўзад і рабіў пры гэтым задаволены твар — як лічылася патрэбным пад час Ранішняй гімнастыкі, — ён напружана спрабаваў аднавіць у памяці цьмяныя часы свайго маленства. Гэта было надзвычай цяжка. Усё, што адбылося да канца 50-х гадоў, сцерлася з памяці. Без нейкіх знешніх пунктаў адліку, за якія можна было б учапіцца, нават уласная біяграфія траціла выразныя абрысы. Прыгадваліся больш ці менш вялікія падзеі, якія, цалкам верагодна, зусім не адбываліся, прыгадваліся падрабязнасці нейкіх здарэнняў, аднак іх атмасферу ўжо немагчыма было аднавіць, а пасля цягнуліся беззмястоўныя адцінкі часу, ад якіх увогуле нічога ў памяці не засталося. Тады ўсё было інакшае. Нават назвы краін і іхнія абрысы на картах. Узлётна-пасадачная паласа No.1, напрыклад, не насіла тады гэтага назову, а звалася Ангельшчынай або Вялікабрытаніяй. Аднак Лондан, ён быў упэўнены, заўсёды называўся Лонданам.

Ўінстан не мог з пэўнасцю прыгадаць час, калі б яго краіна не ваявала, але, з другога боку, у часы ягонага дзяцінства мусіў быць даволі працяглы мірны перыяд, бо адным з першых яго ўспамінаў быў паветраны напад, які, як здавалася, быў для ўсіх нечаканасцю. Можа, гэта было якраз тады, калі ўпала атамная бомба на Колчэстэр. Ён ужо не памятаў самога паветранага нападу, але прыгадваў, як моцна сціскала бацькава рука ягоную, калі яны палахліва беглі ўніз, усё глыбей і глыбей, глыбока пад зямлю, спускаючыся па спіральных сходах, што рэхам адгукаліся пад нагамі, і ўрэшце яго ногі так стаміліся, што ён пачаў енчыць, і яны прысталі, каб трошкі адпачыць. Маці, як заўсёды павольная і задуменная, бегла даволі далёка ззаду. Яна несла сястрычку або, можа, толькі скрутак коўдраў — ён не памятаў, ці была ўжо тады сястрычка. Урэшце яны дабраліся да перапоўненага людзьмі памяшкання, у якім ён пазнаў станцыю падземкі.

На выкладзенай пліткаю падлозе паўсюль скурчыўшыся сядзелі людзі, іншыя сядзелі, цесна скупіўшыся, на лавах каля сцен. Ўінстан, маці і бацька знайшлі месца на падлозе, побач з імі на лаве сядзелі, шчыльна прытуліўшыся адно да аднаго, стары і старая. Стары быў апрануты ў добры цёмны гарнітур, з-пад чорнага брыля тырчалі сівыя валасы. Ягоны твар быў пунсовы, блакітныя вочы поўныя слёз. Ад яго моцна пахла джынам, здавалася, што яго скура выдзяляла джын замест поту, і можна было падумаць, што нават слёзы, што каціліся з яго вачэй, былі чыстым джынам. Але нягледзячы на ап'янеласць, ён пакутаваў ад нейкага гора, сапраўднага і нясцерпнага. Сваім дзіцячым розумам Ўінстан адчуваў, што толькі што здарылася нешта жахлівае, нешта недаравальнае, назаўжды непапраўнае. Яму нават здавалася, быццам ён ведае, што здарылася. Загінуў нехта, каго гэты стары вельмі любіў, можа, яго маленькая ўнучка. Штохвіліны стары ўзрушана казаў:

— Не трэба было ім верыць. Я ж заўсёды казаў, ці ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы ім верылі. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднікам.

Але якім нягоднікам не трэба было верыць, пра гэта Ўінстан цяпер ужо не мог прыгадаць.

І якраз з таго часу вайна літаральна зрабілася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калі ён быў малы, у самім Лондане некалькі месяцаў ішлі зацятыя вулічныя баі, пра некаторыя з іх ён яшчэ вельмі добра памятаў. Але дакладна прасачыць цяг гістарычных падзей і сказаць, хто тады з кім ваяваў, зрабілася цалкам немагчыма, бо ніякія пісьмовыя дакументы, ніякая вусная традыцыя ніколі не згадвалі іншага стану рэчаў, чым той, што існаваў цяпер. Так, напрыклад, у гэты момант, у 1984 годзе (калі цяпер і праўда быў 1984 год), Акіянія была ў стане вайны з Эўразіяй і ў альянсе з Усходазіяй. Ні ў адным публічным або прыватным паведамленні ніколі не дапускалася, каб гэтыя тры дзяржавы былі калі-небудзь у нейкіх іншых адносінах адна да аднае. У сапраўднасці ж, і Ўінстан добра гэта ведаў, усяго толькі чатыры гады таму Акіянія ваявала з Усходазіяй і мела Эўразію за саюзніка. Але гэта быў толькі пробліск гістарычнага ведання, які быў магчымы толькі таму, што яго памяць не была як след кантраляваная. Афіцыйна ж ніякіх змен у камбінацыі партнёраў і ворагаў ніколі не адбывалася. Акіянія вяла вайну з Эўразіяй — значыць, Акіянія ваявала з Эўразіяй заўсёды і ва ўсе часы. Цяперашні вораг заўсёды быў увасабленнем зла, і з гэтага вынікала, што ўсялякае пагадненне з ім у мінулым або ў будучым было немагчымае.

Страшнейшым за ўсё было тое — дзесяцітысячны раз адзначаў сабе Ўінстан, балюча напружваючы плечы (яны рабілі цяпер нахілы тулавам — практыкаванне, што ўмацоўвае мышцы спіны), — страшнейшым за ўсё было тое, што ўсё гэта магло быць праўдай. Калі ўжо Партыя магла гэтак умешвацца ў мінулае і сцвярджаць пра тую або іншую падзею, што яна ніколі не адбывалася, — ці не было гэта страшнейшым за катаванні і смерць?

Партыя казала, што Акіянія ніколі не была саюзнікам Эўразіі. Ён, Ўінстан Сміт, ведаў, што Акіянія не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразіяй. Але дзе існавала гэтае веданне? Толькі ў яго свядомасці, якая ў хуткім часе непазбежна расцярушыцца на пыл. І калі ўсе іншыя верылі ў ману, якую навязвала Партыя, калі ўсе пісьмовыя запісы падзей гучалі аднолькава, тады мана ўваходзіла ў гісторыю і рабілася праўдай. «Хто кантралюе мінуўшчыну — той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер — той кантралюе мінуўшчыну», — гучаў партыйны лозунг. І ўсё ж мінуўшчына, якой бы зменлівай ад прыроды яна ні была, ніколі не мянялася. Сённяшняя ісціна была ісцінай спрадвеку і назаўсёды. Гэта было вельмі проста. Патрэбная была толькі няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася «кантроль рэчаіснасці», або на навамоўі — «двухдумства».

— Вольна! — гыркнула трэнерка ўжо трохі прыязней.

Ўінстан апусціў рукі і павольна набраў у лёгкія паветра. Яго думкі блукалі ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць і не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзівасці, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымліваць два ўзаемавыключальныя меркаванні, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, і верыць у абодва; абвяргаць логіку логікай; адкідаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая і што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыі; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калі будзе трэба, зноў успомніць пра гэта, аднавіць забытае ў памяці, а пасля зноў старанна забыцца; і перадусім — выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём. У гэтым была найвялікшая хітрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю і рабіць выгляд, што не заўважыў толькі што праведзенага табою сеансу гіпнозу. Нават каб зразумець слова «двухдумства», трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала «смірна». — А зараз ну-тка паглядзім, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! — вымавіла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. — У поясе са-гнуцца! Раз — два! Раз — два!..

Ўінстан ненавідзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка і часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакінулі ўсе хоць колькі прыемныя думкі. Мінуўшчына, падумаў ён, не толькі мянялася, яна проста знішчалася. Бо як можна было пацвердзіць нават самыя відавочныя факты, калі пра іх не было ніякай інфармацыі, акрамя сваіх успамінаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якім годзе ён упершыню пачуў пра Вялікага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гісторыі, Вялікі Брат выступаў як правадыр і вартавы Рэвалюцыі ад самых яе вытокаў. Яго подзвігі паступова адсоўваліся назад у часе, пакуль не дасягнулі міфічнага свету саракавых і трыццатых гадоў, калі капіталісты ў сваіх дзівосных цыліндрычных капелюшах яшчэ ездзілі па вуліцах Лондана ў сваіх бліскучых аўтамабілях або экіпажах з бакавымі вокнамі. Ніхто не ведаў, колькі ў гэтай легендзе было праўды, а колькі прыдуманага. Ўінстан не мог нават прыгадаць, калі ўпершыню з'явілася на свет сама Партыя. Яму здавалася, што да 1960 года ён ніколі не чуў слова «Ангсоц», але, магчыма, яно ўжывалася і раней у сваёй старамоўнай форме — «Ангельскі Сацыялізм». Усё расплывалася ў тумане. Але часам можна было заўважыць відавочную хлусню. Напрыклад, было няпраўдай — хоць гэта і сцвярджалася ў падручніках гісторыі Партыі, — што Партыя вынайшла самалёты. Ён помніў, што бачыў самалёты яшчэ ў далёкім маленстве. Але давесці гэта было немагчыма. Не было ніякіх доказаў. Толькі аднойчы ў сваім жыцці ён трымаў у сваіх руках відавочны дакументальны доказ фальсіфікацыі гісторыі. Гэта было тады, калі...

— Сміт! — закрычаў ядавіты голас з тэлегляда. — 6079, Сміт У.! Так, вы! Ніжэй нахіляцца. Вы можаце рабіць значна лепей, чым робіце цяпер. Вы не стараецеся. Ніжэй, калі ласка! Так ужо лепей, таварыш Сміт. Вольна! Паглядзіце ўсе на мяне!

Па ўсім целе Ўінстана раптоўна выступіў цёплы пот. Твар яго заставаўся безуважны. Ніколі не выдаваць свайго незадавальнення! Ніколі не абурацца! Варта толькі здрыгануцца воку — і ён прапаў. Ён стаяў і ўважліва глядзеў, як трэнерка падняла рукі над галавой і — не сказаць, каб грацыёзна, але з дзіўнай дакладнасцю і спрытам — нізка нахіліла тулава, дастаўшы пры гэтым рукамі пальцы на нагах.

— Вось так, таварышы. Вось так я хачу каб рабілі і вы. Паглядзіце ўважліва яшчэ раз. Мне трыццаць дзевяць гадоў, у мяне чацвёра дзяцей. А зараз глядзіце! — яна нахілілася яшчэ раз. — Бачыце, мае калені не сагнуліся. І вы таксама здолееце, калі захочаце, — дадала яна, выпростваючыся. — Кожны чалавек да сарака пяці гадоў абавязкова павінен даставаць да пальцаў ног. Не ўсім нам выпала шчасце змагацца на фронце, — працягвала яна, — але мы, прынамсі, павінны заўсёды быць у добрай форме. Падумайце пра нашых хлопцаў на Малабарскім фронце! І пра матросаў на Плывучых Крэпасцях! Падумайце толькі пра тое, колькі ім даводзіцца зносіць. А цяпер паспрабуйце яшчэ раз. Вось так ужо лепей, таварыш, так ужо значна лепей, — дадала яна, падбадзёрваючы, калі Ўінстан рэзкім рухам упершыню за многія гады здолеў, не згінаючы каленяў, дастаць пальцы ног.

4

Ўінстан глыбока ўздыхнуў, не зважаючы цяпер, на пачатку працоўнага дня, нават на блізкасць тэлегляда, падсунуў да сябе мовапіс, здзьмухнуў пыл з мікрафона і надзеў акуляры. Пасля ён разгарнуў і сашчапіў разам чатыры маленькія скруткі паперы, што вылецелі з трубкі пнеўматычнай пошты справа ад яго стала.

У сценах кабінета былі зроблены тры адтуліны. Справа ад мовапіса была маленькая трубка пнеўматычнай пошты для пісьмовых паведамленняў, злева — трошкі большая для газет; у бакавой сцяне, якраз пад рукой у Ўінстана, была вялікая выцягнутая шчыліна, закрытая драцянымі кратамі. Гэтая шчыліна замяняла сметнік, гэткія самыя шчыліны былі раскіданыя тысячамі ці нават дзесяткамі тысяч па ўсім будынку, не толькі ў кожным кабінеце, але праз кароткія прамежкі нават у кожным калідоры. Зваліся яны чамусьці дзірамі памяці. Калі нейкі дакумент падлягаў знішчэнню або недзе валяўся непатрэбны шматок паперы, любы службовец Міністэрства аўтаматычным рухам адкідаў краткі найбліжэйшай дзіры памяці і кідаў туды паперу, а далей павеў цёплага паветра нёс яе да вялізных печаў, што былі схаваныя ў патаемных глыбінях будынка.

Ўінстан разгарнуў і прачытаў чатыры цыдулкі. У кожнай было кароткае паведамленне-інструкцыя з аднаго ці двух радкоў на скарочаным жаргоне, які ўжываўся ў Міністэрстве ва ўнутраных мэтах і меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напісана:

таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправіць

таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд

таймз 14.2.84 міндаст шакалад памылцыт выправіць

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

Ўінстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае і адказнае заданне, і ён вырашыў адкласці яго на пасля. Тры астатнія былі звычайнымі, хоць другое і патрабавала нуднага перагляду шматлікіх лічбаў.

Ўінстан набраў на тэлеглядзе «Старыя нумары», замовіў «Таймз» за адпаведныя дні, і праз пару імгненняў яны ўжо выпалі з трубкі пнеўматычнай пошты. Паведамленні, што ён атрымаў, датычылі газетных артыкулаў і рэпартажаў, якія з той або іншай прычыны было патрэбна выправіць ці, паводле афіцыйнай тэрміналогіі, удакладніць. Так, напрыклад, з «Таймз» за 17 сакавіка вынікала, што напярэдадні Вялікі Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-індыйскім фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразійскі наступ. У сапраўднасці, аднак, Эўразійскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Індыі, а ў Афрыцы панаваў спакой. Таму трэба было напісаць новы варыянт прамовы Вялікага Брата, які б прадказваў тое, што адбылося на самай справе. У другім выпадку «Таймз» за 19 снежня змясціла афіцыйныя прагнозы вытворчасці розных тавараў шырокага ўжытку на чацвёрты квартал 1983 года, які адначасна быў шостым кварталам Дзевятай Трохгодкі. Сённяшні выпуск змяшчаў справаздачу пра фактычны ўзровень прадукцыі, з якой вынікала, што шмат у якіх галінах прагнозы не спраўдзіліся. Ўінстанава задача палягала цяпер у тым, каб выправіць старыя лічбы і прывесці іх у адпаведнасць з новымі. Што да трэцяй паперкі, дык тут была простая памылка, якую можна выправіць за пару хвілін. Яшчэ ў лютым Міністэрства Дастатку выступіла з абяцаннем (у афіцыйнай мове — «катэгарычнай гарантыяй»), што ў 1984 годзе не будзе ніякіх скарачэнняў нормы на шакалад. У сапраўднасці, як ужо ведаў Ўінстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаладу змяншалася з трыццаці да дваццаці грамаў. Заставалася толькі замест ранейшага абяцання падставіць папярэджанне, што, магчыма, будзе неабходна скараціць норму на працягу красавіка.

Апрацаваўшы тры гэтыя паведамленні, Ўінстан прышпіліў свае надыктаваныя на мовапіс папраўкі да адпаведных нумароў «Таймз» і паклаў іх у цыліндр пнеўматычнай пошты. Пасля ён амаль зусім машынальна скамячыў усе свае нататкі і ўкінуў іх у дзіру памяці, аддаючы іх пажыральнаму полымю.

Што адбывалася ў нябачным лабірынце, куды збягаліся ўсе трубкі пнеўматычнай пошты, ён ведаў толькі ў агульных рысах. Калі ўсе папраўкі, неабходныя для аднаго нумару «Таймз», збіраліся і крытычна параўноўваліся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знішчаліся, а іх месца на архіўных паліцах займалі новыя, выпраўленыя выданні. Гэты няспынны працэс пераробкі ахопліваў не толькі газеты, але і кнігі, часопісы, брашуры, плакаты, улёткі, фільмы, магнітазапісы, мультфільмы, фотаздымкі — усе віды літаратуры ці дакументацыі, якія маглі мець хоць якое палітычнае ці ідэалагічнае значэнне. Мінулае асучаснівалася штодзённа, нават штохвілінна. Гэткім чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакідалася ніякіх пісьмова зафіксаваных паведамленняў і выказванняў, якія б супярэчылі інтарэсам бягучага моманту. Уся гісторыя была палімпсестам, з якога саскрэбвалі старыя пісьмёны і пісалі новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявіць фальшаванне. Самая вялікая секцыя аддзела дакументацыі, значна большая за тую, дзе працаваў Ўінстан, складалася з людзей, задачай якіх было вышукваць і збіраць усе асобнікі кніг, газет і іншых дакументаў, што сталі несапраўднымі і падлягалі знішчэнню. Такім чынам, адзін нумар «Таймз» з прычыны змены палітычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялікага Брата быў ужо, магчыма, тузін разоў перапісаны, аднак усё яшчэ стаяў у архіве пад першапачатковай датай, і нідзе не існавала супярэчнага яму асобніка. Кнігі таксама канфіскоўвалі, хутка перапісвалі і выдавалі зноў без найменшай спасылкі на змены ў тэксце. Нават у пісьмовых інструкцыях, якія Ўінстан атрымліваў і, выканаўшы, заўсёды адразу знішчаў, не ўпаміналася ні слова пра тое, што трэба было зрабіць фальшаванне: гаворка заўсёды ішла пра недагляд, памылкі ці неправераныя цытаты, якія дзеля дакладнасці трэба было прывесці да ладу.

І сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лічбы Міністэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзіцу замянялі на другую. Матэрыял, які трэба было перарабіць, у большасці выпадкаў не меў нічога агульнага з рэчаіснасцю. Лічбы ў першапачатковым варыянце былі гэткім жа прадуктам фантазіі, як і выпраўленні. Часцей за ўсё іх проста выдумлялі. Напрыклад, Міністэрства Дастатку ў сваіх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мільёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мільёны. Перапісваючы прагнозы, Ўінстан, аднак, зменшыў лічбу да 57 мільёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мільёны былі не бліжэй да рэчаіснасці, чым 57 або 145 мільёнаў. Вельмі верагодна, што ўвогуле не было выпушчана ніводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што ніхто не ведаў, колькі ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нікога не цікавіла. Вядома было толькі, што на паперы за квартал выпушчана астранамічная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельніцтва Акіяніі хадзіла босая. І гэтак было з кожным дакументальна зафіксаваным фактам, незалежна ад яго важнасці. Усё расплывалася ў нейкім свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталі няпэўнымі.

Ўінстан кінуў позірк праз залу. У гэткай самай нішы-кабінеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькі педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мікрафонам мовапіса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусіла застацца таямніцай паміж ім і тэлеглядам. Ён падняў вочы, і яго акуляры варожа бліснулі.

Ўінстан мала ведаў Тылатсана і не меў ніякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзі ў аддзеле дакументацыі не любілі гаварыць пра сваю працу. У вялікай зале без вокнаў з двума радамі нішаў, з заўсёдным шамаценнем паперы і ціхім гоманам галасоў, што дыктавалі на мовапісы, было з дзесятак людзей, якіх Ўінстан не ведаў нават па імёнах, хоць і бачыў іх штодня, калі яны паспешліва снавалі сюды-туды па калідоры або махалі рукамі пад час Двуххвілінкі Нянавісці. Ён ведаў, што ў суседняй нішы маленькая жанчына з пясочнымі валасамі дзень пры дні корпалася ў прэсе, вышукваючы і выкрэсліваючы імёны людзей, што былі выпараныя, і гэткім чынам выходзіла, нібыта яны ніколі не існавалі. І чамусьці не здавалася недарэчным, што ўсяго толькі пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нішаў ад Ўінстана сядзеў рахманы, няўдачлівы, летуценны чалавек, якога звалі Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы і нязвыклы талент штукарыць з рыфмамі і строфамі і таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў — гэтак званых канчатковых тэкстаў — вершаў, якія зрабіліся ідэалагічна шкоднымі, але з той ці іншай прычыны пакідаліся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцідзесяці чалавек, была толькі падсекцыяй, асобнай камерай у велізарным корпусе аддзела дакументацыі. Побач, зверху і знізу ад іх працавалі іншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялістаў. Там былі гіганцкія друкарні з рэдактарамі і друкарамі, былі адмыслова абсталяваныя студыі, у якіх падрабляліся фотаздымкі. Там была секцыя тэлепраграм са сваімі тэхнікамі, аператарамі і групамі актораў, якіх адмыслова набіралі з улікам іх імітатарскіх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бібліятэкараў, якія займаліся толькі тым, што складалі спісы кніг і часопісаў, што падлягалі канфіскацыі. Там былі вялізныя печы, дзе знішчалі першапачатковыя выданні. І недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, які ўсё выпраўляў і вызначаў галоўную палітычную лінію, згодна з якою той фрагмент мінулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкі ўвогуле пераставаў існаваць.

І разам з тым аддзел дакументацыі быў толькі адным асобным адгалінаваннем Міністэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапісваць мінулае, а каб забяспечваць грамадзян Акіяніі газетамі, фільмамі, падручнікамі, тэлепраграмамі, тэатральнымі п'есамі, раманамі, карацей кажучы, усімі магчымымі відамі інфармацыі, навучання і забаў, ад помнікаў да лозунгаў, ад лірычных вершаў да біялагічных трактатаў, ад дзіцячых лемантароў да слоўнікаў навамоўя. І Міністэрства мусіла задавальняць не толькі разнастайныя патрэбы Партыі, але і паўтараць увесь вытворчы працэс на ніжэйшым узроўні для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якія адмыслова займаліся пралетарскай літаратурай, музыкай, тэатрам і забавамі. Тут фабрыкавалі бульварныя газеткі, у якіх пісалася толькі пра спорт, злачынствы і гараскопы, танна-задзірлівыя 5-цэнтавыя нізкапробныя выданні, поўныя сексу фільмы і сентыментальныя песні, што складалі цалкам механічна, з дапамогай адмысловага калейдаскопа, гэтак званага версіфікатара. Была нават цэлая падсекцыя — Порнасек на навамоўі — што фабрыкавала найбруднейшую парнаграфію, якую пасля рассылалі ў запячатаных пакетах і якую не меў права бачыць ніводзін сябра Партыі, апрача тых, хто займаўся яе вырабам.

Пакуль Ўінстан працаваў, з трубкі пнеўматычнай пошты выпала яшчэ тры паведамленні. Гаворка ішла аб простых рэчах, і ён паспеў скончыць з імі да пачатку Двуххвілінкі Нянавісці. Калі Нянавісць скончылася, ён вярнуўся ў сваю нішу, узяў з паліцы слоўнік навамоўя, адсунуў убок мовапіс, працёр акуляры і ўзяўся за галоўную справу сённяшняй раніцы.

Найвялікшай Ўінстанавай радасцю ў жыцці была яго праца. Хоць у большасці выпадкаў яму даводзілася сутыкацца з нуднымі штодзённымі справамі, усё ж сярод іх трапляліся такія цяжкія і мудрагелістыя заданні, што можна было патануць у іх, як у глыбінях якой-небудзь складанай матэматычнай праблемы, — адмысловыя фальшаванні, рабіць якія можна было толькі добра разумеючы прынцыпы Ангсоцу і патрабаванні Партыі. Ўінстан меў талент на гэткія справы. Час ад часу яму нават даручалі выпраўляць перадавіцы «Таймз», якія былі цалкам напісаныя навамоўем. Ён разгарнуў паведамленне, якое раніцай адклаў убок. Там было напісана:

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюнядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

На старамоўе гэта можна было перакласці так:

Паведамленне пра Загад дня Вялікага Брата ў Таймз ад 3 снежня 1983 года вельмі незадавальняючае і згадвае неіснуючых асоб. Перапішыце яго цалкам і накіруйце ваш папярэдні варыянт у вышэйшыя інстанцыі, перш чым здаць у архіў.

Ўінстан прачытаў забракаваны артыкул. Загад дня Вялікага Брата быў у асноўным прысвечаны выхваленню дзейнасці арганізацыі, вядомай пад назвай ПКЦР, якая забяспечвала матросаў Плывучых Крэпасцяў цыгарэтамі і рыштункам. Нейкі таварыш Ўідэрз, дзеяч Унутранай Партыі, быў згаданы па імені і ўзнагароджаны Ордэнам за Асаблівыя Заслугі другой ступені.

Праз тры месяцы ПКЦР была нечакана распушчана без абвяшчэння прычыны. Можна было меркаваць, што Ўідэрз і кампанія цяпер страцілі ласку, аднак ні газеты, ні тэлегляд пра гэта нічога не паведамлялі. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, бо звычайна палітычных злачынцаў не судзілі і публічна не абвінавачвалі. Вялікія чысткі, што закраналі тысячы людзей, з публічнымі працэсамі над здраднікамі і думзлачынцамі, якія складалі прызнанні аб сваіх нялюдскіх злачынствах, былі адмысловымі відовішчамі і адбываліся не часцей, чым раз на некалькі гадоў. Звычайна ж людзі, якія выклікалі незадавальненне ў Партыі, проста знікалі, і пасля ўжо ніхто пра іх ніколі нічога не чуў. Ніколі не заставалася нават найменшай згадкі пра тое, што з імі сталася. У некаторых выпадках яны нават заставаліся жывыя. Прыблізна трыццаць чалавек, якіх Ўінстан асабіста ведаў, не лічачы яго бацькоў, зніклі якраз такім чынам.

Ўінстан пацёр сашчэпкай нос. У нішы па той бок прахода сядзеў таварыш Тылатсан, які яшчэ ніжэй сагнуўся над сваім мовапісам. На імгненне ён падняў галаву — зноў варожа бліснулі акуляры. Ўінстан падумаў, ці не займаецца таварыш Тылатсан той самай працай, што і ён. Гэта было цалкам магчыма. Гэткае складанае заданне ніколі б не даверылі толькі аднаму выканаўцу, з другога ж боку, перадаць гэтую працу цэлай камісіі было б раўназначна публічнаму прызнанню ў тым, што трэба зрабіць фальсіфікацыю. Вельмі верагодна, што з дзесятак людзей шчыравала цяпер над тым, каб найлепшым чынам перапісаць прамову Вялікага Брата. А пасля нейкі «мозг» з Унутранай Партыі выбера той або іншы варыянт, выдасць яго нанова і пусціць у ход складаны механізм неабходных выпраўленняў у іншых галінах, пасля чаго старанна апрацаваная хлусня пойдзе ў архіў і зробіцца праўдай.

Ўінстан не ведаў, чаму Ўідэрз страціў ласку. Можа, праз хабарніцтва, можа, праз некампетэнтнасць. Можа, Вялікі Брат хацеў толькі пазбавіцца ад занадта папулярнага падначаленага. Можа, Ўідэрз або нехта з блізкіх яму людзей выказаў нейкія шкодныя погляды. Ці, можа, — і гэта самае верагоднае — усё адбылося толькі таму, што кампаніі чыстак і выпарэнняў былі мерапрыемствамі, неабходнымі для падтрымання жыццядзейнасці дзяржаўнага механізму. Адзіны ключ да разгадкі быў у словах «называе нечалавекаў» — гэта сведчыла пра тое, што Ўідэрз быў ужо мёртвым. Нельга было напэўна сцвярджаць, што гэтак канчалі арыштаваныя людзі. Часам іх зноў выпускалі і давалі жыць яшчэ год ці два на волі і толькі тады каралі смерцю. Зусім нечакана чалавек, якога даўно лічылі мёртвым, з'яўляўся, нібы прывід, на публічным судовым працэсе, дзе паспяваў выдаць у сваіх паказаннях сотні іншых людзей, перш чым, гэты раз ужо назаўсёды, знікнуць са свету. Ўідэрз, аднак, быў ужо нечалавек. Ён не існаваў: ён не існаваў ніколі. Ўінстан вырашыў, што недастаткова проста змяніць кірунак прамовы Вялікага Брата. Лепей, каб яна ўвогуле не мела нічога агульнага з першапачатковай тэмай.

Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвінавачанне здраднікаў і думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыі, калі б апісаў перамогу на фронце ці бліскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкі. Найлепей прыдалася б чыстая фантазія. І ён уявіў сабе, як жывога, нейкага міфічнага таварыша Огілві, які нядаўна ў гераічных абставінах загінуў у баі. Часам здаралася, што Вялікі Брат прысвячаў свой Загад дня памяці якому-небудзь простаму сябру Партыі, жыццё і смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такім чынам, 3 снежня ён павінен быў згадаць пра таварыша Огілві. Хоць чалавека з такім імем і не існавала, аднак некалькі друкаваных радкоў і пара падробленых здымкаў маглі хутка і без цяжкасці яго ажывіць.

Ўінстан хвілінку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапіс і пачаў дыктаваць у добра вядомым стылі Вялікага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнічы і педантычны, лёгка было падрабідь дзякуючы звычцы Вялікага Брата ставіць пытанні і адразу на іх адказваць («Які ўрок атрымліваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, які таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавіта — ...»).

У тры гады таварыш Огілві адмовіўся ад усіх цацак, акрамя барабана, аўтамата і верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступіў у Шпіёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзінаццаць гадоў ён выдаў Паліцыі Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыі. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзі. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Міністэрствам Міру і пад час першага выпрабавання забіла адным выбухам трыццаць аднаго эўразійскага палоннага. У дваццаць тры ён загінуў у баі. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знішчальнікаў, што праследавалі яго, калі ён ляцеў праз Індыйскі акіян з важнымі дэпешамі, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамі, захапіўшы дзеля вагі бартавы кулямёт, каб адразу пайсці на дно, — гэткай смерці, сказаў Вялікі Брат, можна толькі пазайздросціць. Вялікі Брат дадаў яшчэ колькі слоў пра сумленне і беззаганнае жыццё таварыша Огілві. Ён ніколі ў жыцці не піў і не паліў, не ведаў іншага адпачынку, акрамя штодзённай трэніроўкі на спортпляцоўцы, і склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лічыў шлюбныя і сямейныя клопаты несумяшчальнымі з штодзённай дваццацічатырохгадзіннай адданасцю абавязку. Ён не меў ніякіх іншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, і ніякай іншай жыццёвай мэты, акрамя знішчэння эўразійскіх ворагаў і абясшкоднення шпіёнаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў і ўсіх іншых здраднікаў і падазроных элементаў.

Ўінстан вагаўся, ці не ўзнагародзіць таварыша Огілві Ордэнам за Асаблівыя Заслугі. Урэшце вырашыў, што не трэба, бо гэта пацягнула б за сабой зашмат непатрэбных выпраўленняў.

Ён яшчэ раз зірнуў на свайго суперніка з нішы насупраць. Нешта падтрымлівала яго ўпэўненасць, што Тылатсан займаецца тым самым, што і ён. Невядома, чый варыянт будзе ўрэшце прыняты, але недзе ў глыбіні душы ён адчуваў, што пераможа. Яшчэ гадзіну таму таварыш Огілві быў у цемры невядомасці, а цяпер ён ужо рэальны факт. Яму падумалася, як лёгка можна ажывіць нежывога. Таварыш Огілві, які ніколі не існаваў у сучаснасці, існаваў цяпер у мінуўшчыне, і як толькі забудзецца сам факт фальшавання, ён стане гэткім жа сапраўдным, як Карл Вялікі або Юлій Цэзар.

5

У сталоўцы, што знаходзілася глыбока пад зямлёй, чарга рухалася вельмі павольна. Зала была напханая да берагоў і аглушальна шумная. З акенца раздачы валіла пара ад густой поліўкі з кісламеталічным пахам, які, аднак, не мог заглушыць смуроду джыну «Перамога» — у канцы залы быў маленькі бар, простая адтуліна ў сцяне, дзе можна было за дзесяць цэнтаў купіць вялікую шклянку джыну.

— Вось каго я шукаў! — пачуўся голас з-за спіны Ўінстана.

Ён азірнуўся. Гэта быў яго сябар Сайм, які працаваў у аддзеле даследаванняў. Можа, слова «сябар» не надта тут пасавала. Цяпер сяброў не было, былі таварышы; але былі таварышы, з якімі было прыямней, чым з іншымі. Сайм быў мовазнаўцам, спецыялістам у навамоўі. Ён належаў да вялікай групы спецыялістаў, якім цяпер было даручана скласці Адзінаццатае выданне Слоўніка навамоўя. Сайм быў дробны, ніжэйшы за Ўінстана, чалавечак, цёмнавалосы, з вялікімі вылупленымі вачыма, што пазіралі адначасна сумна і насмешліва і, здавалася, даследавалі пад час гутаркі твар размоўцы.

— Я хацеў спытацца, ці няма ў цябе часам лёзаў для галення, — сказаў ён.

— Ніводнага! — з вінаватай паспешлівасцю адказаў Ўінстан. — Я шукаў паўсюль. Болей нідзе няма.

Увесь час нехта пытаўся пра лёзы. Праўду кажучы, у Ўінстана заставаліся яшчэ два нечапаныя. Ужо некалькі месяцаў лёзаў нідзе не было. Цяпер увесь час бракавала якога-небудзь тавару першай неабходнасці, якога не было ў партыйных крамах. Часам гузікаў, часам цыравальных нітак або матузкоў да чаравікаў. Цяпер жа не было лёзаў. Калі і можна было іх здабыць, дык толькі наведваючы час ад часу «чорны рынак».

— Я ўжо шэсць тыдняў галюся старымі, — зманіў Ўінстан.

Чарга зноў пасунулася наперад. Спыніўшыся, Ўінстан зноў павярнуўся да Сайма. Кожны з іх узяў тлусты металічны паднос з высока нагрувашчанага стоса, што стаяў на канцы стала раздачы.

— Ты хадзіў глядзець учора, як вешалі палонных? — спытаўся Сайм.

— У мяне было шмат працы, — адказаў безуважна Ўінстан. — Пагляджу пасля ў кіно.

— Хіба ж кіно параўнаеш з сапраўднасцю, — сказаў Сайм і дапытліва паглядзеў на Ўінстана.

Яго насмешлівы позірк прабег па Ўінстанавым твары. Здавалася, яго вочы казалі: «Я цябе ведаю! Я бачу цябе наскрозь! Я вельмі добра ведаю, чаму ты не пайшоў глядзець». Сайм быў зацяты артадокс, але з пэўнай дамешкай інтэлектуальнасці. Ён мог з нейкай асалодай, з нейкім агідным задавальненнем гаварыць пра верталётныя напады на варожыя вёскі, пра судовыя працэсы і прызнанні думзлачынцаў і пра катаванні ў сутарэннях Міністэрства Любові. Каб з ім пагаварыць, трэба было ўхіліцца ад гэтых тэм і, калі магчыма, перавесці гаворку на тэхнічныя асаблівасці навамоўя, тэму, на якую ён мог гаварыць цікава, з захапленнем і веданнем справы. Ўінстан адвярнуўся ўбок, каб унікнуць пранізлівага позірку вялікіх цёмных вачэй.

— Павешанне было вельмі цікавае, — сказаў Сайм, прыгадваючы. — Я думаю, вельмі псуе ўсю справу тое, што ім звязваюць ногі. Я люблю глядзець, як яны дрыгаюць нагамі. І вельмі важна, каб пад канец відовішча з рота вылазіў язык, блакітны, светла-светла-блакітны. Якраз гэтая дэталь мне падабаецца.

— Наступны, калі ласка! — рыкнуў прол у белым фартуху з апалонікам.

Ўінстан і Сайм пасунулі свае падносы пад акенца. Кожнаму адным рэзкім рухам быў накладзены стандартны комплексны абед: міса, поўная ружова-шэрай поліўкі, што была адначасова і першай і другой стравай, луста хлеба, кубік сыру, кубачак кавы «Перамога» без малака і гузік сахарыну.

— Там пад тэлеглядам ёсць пусты столік, — сказаў Сайм. — Давай захопім па дарозе джыну.

Джын выдаваўся ў фарфоравых кубачках без вушка. Яны прабіліся скрозь натоўп і разгрузілі свае падносы на металічны стол, на якім нехта перад тым разліў сваю поліўку — брудную кашу, падобную да ванітаў. Ўінстан падняў свой кубачак з джынам, на хвілінку затрымаўся, каб набрацца адвагі, і хутка праглынуў пітво, што смакам нагадвала алей. Перамогшы слёзы, што выступілі ў вачах, ён раптам адчуў, што хоча есці. Ён пачаў на поўную лыжку сёрбаць поліўку, на слізкай паверхні якое плаваў нейкі сітаваты ружовы кубік, напэўна, кавалак штучнага мяса. Абодва маўчалі, пакуль не з'елі ўсё, што было ў місах. За столікам злева ад Ўінстана, трошкі ззаду, нехта гучна і няспынна гаварыў — гэтая непрыемная балбатня, падобная да кракання качкі, прабівалася скрозь гаману залы.

— Як пасоўваецца справа са Слоўнікам? — спытаўся Ўінстан гучным голасам, каб перакрычаць шум.

— Пакуль што павольна, — адказаў Сайм. — Я цяпер сяджу над прыметнікамі. Вельмі цікава.

Пры адной згадцы пра навамоўе ён нібы аджыў. Ён адсунуў місу ўбок, схапіў адной сваёй далікатнай рукою лусту хлеба, другой — кавалак сыру. Каб не крычаць, ён схіліўся над сталом.

— Адзінаццатае выданне — гэта апошняя, канчатковая рэдакцыя Слоўніка, — растлумачыў ён. — Мы наводзім апошні глянец, мы надаём навамоўю такую форму, якую яно будзе мець, калі інакш ніхто ўжо не будзе гаварыць. Калі мы скончым, людзі накшталт цябе будуць вымушаныя вывучаць усю мову спачатку. Ты, напэўна, думаеш, што мы займаемся толькі тым, што вынаходзім новыя словы? Якраз наадварот! Штодня мы выкідаем старыя словы, у вялікай колькасці. Сотнямі. Мы спрашчаем мову да яе голага касцяка. У Адзінаццатым выданні не будзе болей слоў, патрэба ў якіх адпадзе да 2050 года.

Ён прагна адкусіў хлеба і, праглынуўшы пару кавалкаў, працягваў прамаўляць з фанатычным захапленнем. Яго худы, смуглявы твар ажывіўся, з вачэй знікла насмешлівасць, і яны зрабіліся амаль летуценнымі.

— І гэтае выкрэсліванне слоў — цудоўная рэч! Вядома ж, больш за ўсё даводзіцца выкідаць дзеясловы і прыметнікі, але ёсць таксама сотні назоўнікаў, якія гэтак жа лёгка можна выкінуць з мовы. Я маю на ўвазе не толькі словы з блізкім сэнсам, але і тыя, што перадаюць супрацьлеглае значэнне. Урэшце, якое права на існаванне мае слова, што з'яўляецца ўсяго толькі супрацьлегласцю іншага слова? Кожнае слова мае ў сабе сваю супрацьлегласць. Напрыклад, слова «добры». Калі ёсць слова «добры», нашто ж тады яшчэ і слова «дрэнны»? Слова «нядобры» выконвае гэтую ролю гэтаксама добра ці нават яшчэ і лепей, бо з'яўляецца дакладнай супрацьлегласцю добрага, чаго не скажаш пра слова «дрэнны». Калі ж, з другога боку, табе патрэбная мацнейшая ступень «добрага», дык у чым сэнс цэлага шэрага няясных, непатрэбных слоў, як, напрыклад, «выдатны», «цудоўны» ці як там яшчэ? Слова «плюсдобры» найлепшым чынам выказвае патрэбны сэнс, а калі трэба нешта яшчэ мацнейшае, тады падыдзе слова «звышплюсдобры». Вядома, мы ўжо і цяпер ужываем гэтыя формы, але ў канчатковым варыянце навамоўя іншых слоў проста не застанецца. Уся сістэма значэнняў «добры-дрэнны» будзе прадстаўленая шасцю словамі, а ўрэшце і адным словам. Ці бачыш ты, Ўінстан, усю прыгажосць гэтай ідэі? Вядома ж, ідэя гэтая належыць Вялікаму Брату, — дадаў Сайм, падумаўшы.

На згадку пра Вялікага Брата твар Ўінстана на імгненне асвятліўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапіць Ўінстана.

— Ты не можаш па-сапраўднаму ацаніць навамоўе, Ўінстан, — сказаў ён амаль са смуткам. — Нават калі ты пішаш на ім, ты ўсё роўна думаеш на старамоўі. Я чытаў некалькі тваіх артыкулаў, што ты час ад часу пішаш у «Таймз». Яны вельмі добрыя, але гэта ўсяго толькі пераклады. Ты яшчэ вельмі прывязаны да старамоўя з усімі яго няяснасцямі і непатрэбнымі адценнямі думкі. Ты яшчэ не адчуў прыгажосці знішчэння слоў. Ці ведаеш ты, што навамоўе — адзіная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?

Не, Ўінстан гэтага не ведаў. Ён усміхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусіў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў і казаў далей:

— Ці ж ты не бачыш, што мэта навамоўя — скараціць абсяг дзеяння думкі. Урэшце мы зробім немагчымым само існаванне думзлачынстваў, бо проста не будзе слоў, якімі іх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калі-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькі адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценні значэння будуць зліквідаваныя і забытыя. Сёння, у Адзінаццатым выданні мы ўжо недалёкія ад гэтага. Але працэс увесь час будзе працягвацца, яшчэ доўга нават пасля нашай смерці. З кожным годам будзе ўсё менш і менш слоў, абсяг свядомасці будзе ўсё вузейшы і вузейшы. Вядома ж, ужо сёння не існуе ніякіх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыпліны, кантролю рэчаіснасці. Але ўрэшце і гэта не спатрэбіцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калі мы створым дасканалую мову. Навамоўе ёсць Ангсоц, Ангсоц ёсць навамоўе, — дадаў ён з таямнічым задавальненнем. — Ці задумваўся ты калі над тым, што ў 2050 годзе не застанецца ніводнага чалавека, які ўвогуле здолеў бы зразумець нашу цяперашнюю размову?

— Акрамя... — хацеў запярэчыць Ўінстан, але не скончыў.

Ён збіраўся сказаць: «Акрамя пролаў», але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасці. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.

— Пролы — не людзі, — сказаў ён безуважна. — У 2050 годзе, а можа, яшчэ і раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся літаратура мінулага будзе знішчана. Чосэр, Шэкспір, Мілтан, Байран будуць існаваць толькі ў навамоўных перакладах і будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былі. Нават партыйная літаратура не пазбегне пераробкі. Нават лозунгі будуць гучаць інакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг «Свабода гэта рабства», калі само паняцце свабоды будзе зліквідаванае? Увесь сусвет думкі будзе выглядаць іначай. Увогуле не будзе існаваць ніякай думкі — прынамсі, у тым сэнсе, які мы цяпер укладаем у гэтае паняцце. Добранадзейнасць значыць нядуманне — адсутнасць патрэбы ў думанні. Добранадзейнасць у бяздумнасці.

Калі-небудзь Сайма выпараць, адчуў Ўінстан у глыбіні душы. Ён занадта разумны. Ён бачыць занадта ясна і гаворыць занадта шчыра. Партыі такія людзі не падабаюцца. Калі-небудзь ён знікне. Гэта ў яго напісана на твары.

Ўінстан даеў хлеб і сыр. Ён павярнуўся на крэсле трошкі ўбок, каб выпіць каву. За столікам злева ад яго чалавек з пранізлівым голасам працягваў сваю бязлітасную прамову. Нейкая маладая жанчына, напэўна, яго сакратарка, што сядзела спінай да Ўінстана, уважліва яго слухала і, здавалася, заўзята яго падтрымлівала. Час ад часу да Ўінстана даляталі заўвагі накшталт: «Вы маеце рацыю. Я цалкам з вамі згаджаюся», прамоўленыя голасам, які, відаць, належаў маладой і не надта разумнай асобе. Але першы голас не сціхаў ні на хвіліну, нават тады, калі гаварыла дзяўчына. Ўінстан ведаў мужчыну з твару, але ведаў пра яго толькі тое, што ён займае нейкую важную пасаду ў аддзеле мастацкай літаратуры. Гэта быў чалавек гадоў трыццаці з мускулістай шыяй і вялікім рухавым ротам. Ягоная галава была трошкі адхілена назад, ён быў павернуты якраз так, што шкельцы акуляраў адбівалі святло, і таму Ўінстан бачыў замест вачэй два пустыя бліскучыя круглячкі. Як ні дзіўна, але было амаль немагчыма зразумець хоць адно слова з таго бурлівага патоку, што вырываўся з яго рота. Толькі аднаго разу Ўінстан пачуў больш зразумелы ўрывак: «...поўнае і канчатковае выкараненне гольдштэйнізму», — вылецела вельмі хутка, адным кавалкам, як нейкае цвёрдае цела. Астатняе было незразумелым краканнем: кра-кра-кра... Аднак, нават не чуючы, што кажа гэты чалавек, можна было не сумнявацца ў змесце яго прамовы. Ці ён цяпер абвінавачваў Гольдштэйна і патрабаваў больш суровых захадаў супраць думзлачынцаў і сабатажнікаў, ці ён выкрываў зверствы эўразійскіх салдатаў, ці ён услаўляў Вялікага Брата або герояў Малабарскага фронту — гэта было ўжо не так істотна. Што б ён ні казаў, можна было быць пэўным, што кожнае яго слова слушнае, ідэалагічна вытрыманае і адпавядае прынцыпам Ангсоцу.

Пакуль Ўінстан разглядаў бязвокі твар, ніжняя сківіца якога хадзіла ўверх і ўніз, у яго з'явілася дзіўнае пачуццё, што гэта быў не сапраўды чалавек, а нейкі манекен і што яго прамова нараджалася не ў мазгу, а ў ягонай глотцы. Тое, што пры гэтым чулася, хоць і складалася са слоў, аднак не было чалавечай мовай у сапраўдным сэнсе слова; гэта былі несвядомыя, цалкам аўтаматычна вымаўленыя гукі, падобныя да качынага кракання.

Сайм на хвіліну замоўк і пачаў кончыкам лыжкі складаць нейкія ўзоры з рэштак поліўкі. Голас за суседнім столікам не сціхаў, ён быў добра чутны, нягледзячы на гаману навокал.

— У навамоўі ёсць адно слова, — сказаў Сайм, — не ведаю, ці ты яго калі чуў: качакрак. Гэта адно з найцікавейшых слоў, бо мае два супрацьлеглыя значэнні. Ужытае ў дачыненні да ворага яно з'яўляецца лаянкай; сказанае ж аб некім, хто падзяляе твае погляды, яно з'яўляецца пахвалой.

Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўінстан з нейкім шкадаваннем, хоць і ведаў дакладна, што Сайм ставіўся да яго з пагардай і мог бы выдаць яго як думзлачынца, калі б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасці, стрыманасці, нейкай уратавальнай дурасці. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялікага Брата, радаваўся перамогам, ненавідзеў адступнікаў не толькі з пераканання, зацята і непахісна, але і свядома, з пранікнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыі. І ўсё ж было ў ім штосьці, што выклікала падазрэнні. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кніг і быў сталы наведнік кавярні «Каштан», улюбёнага прыстанішча мастакоў і музыкантаў. Не было такога закона, нават неафіцыйнага, які б забараняў наведваць гэтую кавярню, і ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцілі ласку ў кіраўніцтва, часта наведвалі гэтую кавярню, перш чым знікалі назаўсёды. Казалі нават, што самога Гольдштэйна бачылі тут часам некалькі гадоў ці дзесяцігоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. І, аднак, не было ніякага сумнення, што Сайм, калі б ён хоць на хвілінку даведаўся пра патаемныя намеры Ўінстана, адразу выдаў бы яго Паліцыі Думак. Магчыма, што гэта зрабіў бы і любы іншы, але Сайм хутчэй за ўсіх. Заўзятай адданасці на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасці.

Сайм падняў вочы. «Сюды ідзе Парсанс», — сказаў ён.

Ён сказаў гэта такім тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: «Гэты ідыёт». І сапраўды, Парсанс, сусед Ўінстана ў дамовым блоку «Перамога», прабіваўся скрозь натоўп — тоўсценькі невялічкі чалавек з бялявымі валасамі і жабіным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы і маладжавы. Усім сваім выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашні камбінезон, яго цяжка было ўявіць інакш, як у кароткіх сініх шортах, шэрай кашулі і з чырвоным шпіёнскім гальштукам. Калі спрабуеш уявіць яго, адразу бачыш голыя каленкі і пухленькія ручкі з закасанымі рукавамі. Як толькі выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкі або нейкай іншай формы фізічных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывітаўся і сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькі поту спрэс пакрывалі яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вільготнай ручцы ракеткі, што Парсанс толькі што гуляў у настольны тэніс. Сайм дастаў шматок паперы, на якім была напісаная доўгая калонка слоў, і пачаў уважліва іх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.

— Паглядзіце, як ён працуе пад час перапынку! — сказаў Парсанс і штурхнуў Ўінстана ў бок. — Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьці занадта мудрагелістае для мяне. Сміт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкі, што вы мне яшчэ не здалі.

— Што за складка? — спытаўся Ўінстан і аўтаматычным рухам намацаў у кішэні грошы. Амаль чвэрць яго заробку ішла на розныя добраахвотныя складкі, якіх было так шмат, што цяжка было іх усе запомніць.

— На Тыдзень Нянавісці. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калі наш стары добры блок «Перамога» не вывесіць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалі мне два даляры.

Ўінстан выцягнуў з кішэні дзве тлуста-брудныя паперкі і перадаў іх Парсансу, які адзначыў прынятую складку ў маленькім нататніку старанным почыркам малапісьменнага чалавека.

— Дарэчы, стары, — сказаў ён, — я чуў, што мой падшыванец стрэліў у вас учора з рагаткі. Я за гэта добра яго адлупцаваў і сказаў, што, калі такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.

— Ён проста быў не ў гуморы, бо яму не дазволілі пайсці на павешанне, — сказаў Ўінстан.

— Ну, нічога, але ж які ў яго добры кірунак думкі, вам не здаецца? Хай мае малыя трошкі і гарэзныя, але ж заўзятасці ім не бракуе! У іх у галаве толькі іхнія шпіёнскія справы, ну і, вядома, вайна. Ведаеце, што зрабіла ў тую суботу мая дачушка, калі яе атрад хадзіў у вандроўку ў Бэркхэмстэд? Яна і яшчэ дзве дзяўчынкі цішком уцяклі ад астатніх і ўвесь вечар ішлі след у след за нейкім падазроным чалавекам. Яны ішлі гэтак дзве гадзіны, па самай лясной гушчэчы, і калі прыйшлі ў Эмэрсхэм, здалі яго паліцэйскаму патрулю.

— Чаму яны гэтак зрабілі? — спытаўся ўражаны Ўінстан.

Парсанс урачыста працягваў:

— Майму дзіцяці здалося, што той быў нібыта накшталт варожага агента — яго, напрыклад, маглі скінуць з парашутам. Але што самае галоўнае, стары, што ёй перш за ўсё кінулася ў вочы? Яна заўважыла, што ў яго былі нейкія дзіўныя чаравікі — яна сказала, што раней ніколі не бачыла, каб такія хто насіў. Тады яна падумала, што гэта быў нейкі замежнік. Разумная галоўка як на сямігадовую смаркачку, га?

— Што сталася з тым чалавекам? — пацікавіўся Ўінстан.

— Ну, гэта я ўжо, напэўна, не здолею сказаць. Але я б не здзівіўся, калі б... — Парсанс паказаў з пальцаў пісталет і ляснуў языком, падрабляючы гук стрэлу.

— Добра, — сказаў няўважна Сайм, не паднімаючы вачэй з паперы.

— Вядома, мы не павінны рызыкаваць, — паслухмяна згадзіўся Ўінстан.

— Урэшце, цяпер усё ж ідзе вайна, — адказаў Парсанс.

Быццам пацвярджаючы яго словы, з тэлегляда, што вісеў якраз над імі, грымнулі фанфары. Гэтым разам, аднак, перадавалася не паведамленне пра перамогу на фронце, а ўсяго толькі абвестка Міністэрства Дастатку.

— Таварышы! — закрычаў з запалам маладжавы голас. — Увага, таварышы! Мы маем для вас вельмі добрую навіну. Мы перамаглі ў працоўнай бітве! Апошнія афіцыйныя справаздачы пра вытворчасць тавараў народнага спажывання ўсіх катэгорый паказваюць, што ўзровень жыцця ў параўнанні з мінулым годам павысіўся не менш чым на дваццаць адсоткаў. Ва ўсёй Акіяніі сёння раніцай адбыліся стыхійныя дэманстрацыі, пад час якіх працоўныя прадпрыемстваў і ўстановаў маршыравалі са сцягамі па вуліцах, каб выказаць удзячнасць Вялікаму Брату за новае шчаслівае жыццё, якім надарыла нас яго мудрае кіраўніцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лічбы: харчовыя прадукты...

Словы «наша новае шчаслівае жыццё» былі паўтораны некалькі разоў. Апошнім часам яны сталі ўлюбёным выразам Міністэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамі, слухаў з нейкай здзіўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлівасцю. Ён не мог сачыць за лічбамі, але быў упэўнены, што яны нейкім чынам давалі падставу для задавальнення. Ён дастаў вялікую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўніць люльку да краёў. Ўінстан паліў цыгарэту «Перамога», старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькі заўтра, а ў яго заставалася толькі чатыры цыгарэты. На хвілінку ён адключыўся ад гаманы ў зале і прыслухаўся да патоку слоў, што валіў з тэлегляда. Як выявілася, адбыліся нават дэманстрацыі, каб падзякаваць Вялікаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццаці грамаў на тыдзень. Але ж толькі ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццаці грамаў. Ці магчыма, каб прайшло ўсяго толькі дваццаць чатыры гадзіны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулі. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёліны. Бязвокае стварэнне за суседнім столікам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсці, выкрыць і выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыдні норма складала трыццаць грамаў. Сайм таксама праглынуў, але, вядома ж, больш складаным чынам, не без прысутнасці двухдумства. Значыць, ён, Ўінстан, быў адзіны, хто яшчэ меў памяць?

А казачныя лічбы ўсё яшчэ гучалі з тэлегляда. У параўнанні з мінулым годам было болей ежы, болей адзення,болей дамоў, болей мэблі, болей посуду,болей паліва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кніг, болей дзяцей — болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў і вар'яцтваў. Штогод, штохвіліны ўсё навокал перажывала бурны росквіт. Як і Сайм, Ўінстан цяпер узброіўся лыжкай і вырабляў з рэштак поліўкі на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фізічныя асаблівасці жыцця. Ці заўсёды яно было такое? Ці заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нізкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлічоных дотыкаў. Паўгінаныя металічныя сталы і крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкі, місы са шчарбатымі краямі, вялікія белыя кубкі, бліскучыя ад тлушчу, бруд куды ні глянь. І над усім гэтым кіслы смурод ад дрэннага джыну, ад нізкаякаснай кавы, ад поліўкі з металічным прысмакам і ад бруднага адзення. І ўвесь час у страўніку і на скуры адчуванне гідкасці, нібы нейкі пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалі з тым, на што ты меў права. І, аднак, яго памяць не захавала нічога іншага. Наколькі ёя помніў, ежы не хапала ніколі, шкарпэткі і споднікі ў людзей заўсёды былі ў дзірках, мэбля заўсёды была паламаная і нетрывалая, кватэры недастаткова ацяпляліся, у метро было не ўбіцца, дамы развальваліся, хлеб быў толькі чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькі сінтэтычнага джыну. І хоць з гадамі ўсё навокал горшала, гэта нікому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час баліць сэрца ад няўтульнасці і бруду, недахопу тавараў, бясконцых зім, дзіравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных ліфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькі той, хто захаваў нешта накшталт памяці продкаў пра тое, што калісьці ўсё было зусім інакшае?

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзі навокал былі брыдкія і засталіся б брыдкімі і тады, калі б насілі не аднолькавыя сінія камбінезоны, а нешта іншае. У дальнім канцы залы сядзеў адзін за столікам маленькі, надзіва падобны да жука чалавек, і піў каву, пры гэтым яго вочкі недаверліва зіркалі то ў адзін, то ў другі бок. Як лёгка можна было паверыць, калі толькі не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фізічны ідэал — высокія дужыя хлопцы і паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя і бесклапотныя — сапраўды існаваў і нават пераважаў. У сапраўднасці ж, наколькі можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былі маленькія, чарнявыя і брыдкія. Было дзіўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзіўся ў Міністэрствах: маленькія каржакаватыя людзі, што ўжо ў дзяцінстве былі тоўстыя, з кароткімі нагамі, рэдкімі нервовымі рухамі і азызлымі абыякавымі тварамі з вельмі маленькімі вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыі гэты тып людзей дасягаў усё большага росквіту.

Паведамленне Міністэрства Дастатку скончылася фанфарамі, якія змяніліся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лічбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.

— Міністэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, — сказаў ён з выглядам знаўцы. — Дарэчы, Сміт, ці ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якія вы маглі б мне саступіць?

— Ніводнага, — адказаў Ўінстан. — Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.

— А... Я толькі хацеў у вас спытацца...

— На жаль, — сказаў Ўінстан.

Качыны голас за суседнім столікам, які пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўінстану раптам прыгадалася пані Парсанс з яе кудлатымі валасамі і пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзеці здадуць яе Паліцыі Думак. Пані Парсанс выпараць. Бязвокую істоту з качыным голасам ніколі не выпараць. Маленькіх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калідорах Міністэрстваў, таксама ніколі не выпараць. І дзяўчыну з чорнымі валасамі з аддзела мастацкай літаратуры — яе таксама ніколі не выпараць. Яму здавалася, што ён інстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знішчаны, хоць і нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.

У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваіх летуценняў. Дзяўчына за суседнім столікам напалову павярнулася і глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзіўнай праніклівасцю. Калі іх позіркі сустрэліся, яна зноў адвярнулася.

Ўінстан абліўся халодным потам. Яго працяў дзікі страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назірала за ім? Чаму яна ўвесь час ходзіць за ім? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, ці сядзела яна за столікам, калі ён прыйшоў, ці прыйшла пазней. Ва ўсялякім разе, учора, пад час Двуххвілінкі Нянавісці, яна села якраз за ім, хоць не мела на гэта ніякай пільнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважліва прыслухоўвацца, ці дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклічаў.

Да яго зноў вярнулася думка: магчыма, яна і не была агентам Паліцыі Думак, але віжы-аматары яшчэ болей небяспечныя. Ён не ведаў, як доўга яна за ім ужо назірала, можа, усяго пяць хвілін, і магчыма, што ён не ўвесь гэты час добра кантраляваў свой твар. Было страшэнна небяспечна даваць сваім думкам неяк выяўляцца на твары пад час публічных мерапрыемстваў або ў полі зроку тэлегляда. Найменшая дробязь магла выдаць. Нервовая дрыготка, несвядомы трывожны позірк, звычка мармытаць сабе пад нос — усё магло абудзіць падазрэнне. Адзін толькі недарэчны выраз твару (напрыклад, недаверлівы позірк пад час паведамлення пра вайсковыя перамогі) быў ужо сам па сабе злачынствам. У навамоўі было нават адмысловае слова — тварзлачынства.

Дзяўчына зноў павярнулася да яго спінай. Можа, яна за ім і не сачыла, можа, яна выпадкова другі дзень запар сядзела так блізка ад яго. Цыгарэта патухла, і ён асцярожна паклаў яе на край стала. Ён дапаліць яе пасля працы, калі толькі за гэты час з яе не высыплецца тытунь. Цалкам магчыма, што асоба за суседнім столікам была агентам Паліцыі Думак, і вельмі верагодна, што праз тры дні яго кінуць у сутарэнні Міністэрства Любові — але ўсё роўна ён не меў права змарнаваць недакурак! Сайм склаў сваю паперку і засунуў у кішэню. Парсанс зноў пачаў сваю балбатню.

— Я вам не расказваў, стары, — сказаў ён усміхаючыся, з люлькай у зубах, — як мае дзеткі падпалілі спадніцу старой гандлярцы на рынку, бо ўбачылі, што яна загортвае сасіскі ў плакат з партрэтам Вялікага Брата? Яны крадком падышлі да яе ззаду і падпалілі спадніцу запалкамі. Думаю, ладна яе падсмалілі. Во падшыванцы, га? Але ж чуйныя, як паляўнічыя сабакі! Сёння яны атрымліваюць у шпіёнах першакласную падрыхтоўку — нават лепшую, чым у мае часы. Чым, вы думаеце, іх апошнім часам узброілі? Слухавымі трубкамі, каб падслухоўваць праз замочную шчыліну! Мая дачка прынесла адну ўчора дадому — паспрабавалі яе на дзвярах у спальню, і выявілася, што чуваць у два разы лепей, чым калі проста прыставіць вуха. Вядома, гэта толькі цацка, вы ж разумееце. Але, ва ўсялякім разе, гэта скіроўвае іх думкі ў добры бок, ці не гэтак?

У гэты момант з тэлегляда пачуўся пранізлівы свіст. Гэта быў сігнал пачатку работы. Усе трое ўскочылі з крэслаў, каб праціснуцца скрозь натоўп да ліфта, і з Ўінстанавай цыгарэты высыпаўся астатні тытунь.

6

Ўінстан пісаў у сваім дзённіку:

Гэта было тры гады таму. Адным цёмным вечарам, у адным з вузкіх завулкаў побач з адным вялікім вакзалам. Яна стаяла каля падваротні пад цьмяным вулічным ліхтаром. У яе быў малады, густа нафарбаваны твар. Якраз гэтая фарба, падобная да белай маскі, мяне і прыцягнула, а таксама ярка-чырвоныя вусны. Жанчыны з Партыі ніколі не фарбуюцца. На вуліцы не было нікога, тэлегляда таксама не было. Яна сказала: два даляры. Я...

Пісаць раптам стала вельмі цяжка. Ён заплюшчыў вочы і націснуў на павекі пальцамі, спрабуючы выгнаць з думак вобраз, што не даваў яму спакою. Ён адчуў амаль непераможнае жаданне выкрыкнуць на поўны голас брудныя словы лаянкі. Або разбегчыся і выцяцца галавою аб сцяну, або перакуліць стол і шпурнуць чарніліцу праз акно — зрабіць што-небудзь гвалтоўнае, аглушальнае, балючае, каб пазбавіцца ад пакутлівых успамінаў.

Найгоршы вораг, разважаў ён, — гэта твае ўласныя нервы. Кожную хвіліну ўнутранае напружанне магло выявіцца ў вонкавых сімптомах. Яму прыгадаўся адзін чалавек, якога ён спаткаў на вуліцы пару тыдняў таму: зусім звычайны на выгляд чалавек, сябра Партыі трыццаці пяці або сарака гадоў, даволі высокі і худы, з партфелем пад пахай. Паміж імі заставалася колькі метраў, калі левая палова твару чалавека сутаргава перасмыкнулася. Той самы рух паўтарыўся яшчэ раз у той момант, калі яны размінуліся: гэта быў кароткі, амаль незаўважны рух, сутарга, імгненная, як пстрычок фотаапарата, але відавочна хранічная. Ён згадаў, што тады падумаў: небарака, тваё становішча безнадзейнае! І самае жахлівае ў гэтым было тое, што хутчэй за ўсё той чалавек рабіў гэты рух зусім несвядома. Найвялікшай жа небяспекай было размаўляць праз сон. Наколькі ён ведаў, засцерагчыся ад гэтага не было ніякай магчымасці.

Ён уздыхнуў і стаў пісаць далей:

Я ўвайшоў з ёй у падваротню, прайшоў праз задні двор і трапіў у нейкую кухню ў падвальным паверсе дома. Ля сцяны стаяў ложак, стол і на ім цьмяная лямпа. Яна...

Яму зрабілася гідка. Захацелася плюнуць. Адначасова з думкай пра жанчыну яму прыгадалася Кэтрын, яго жонка. Ўінстан быў жанаты — ці, прынамсі, быў калісьці жанаты; магчыма, ён быў жанаты яшчэ і цяпер, бо, наколькі ён ведаў, яго жонка не памерла. Яму здалося, што ён зноў удыхае цёплы, задушлівы пах кухні ў падвальным паверсе, пах клапоў, бруднай бялізны і агіднай таннай, але ўсё ж прывабнай парфумы. Жанчыны з Партыі ніколі не карысталіся парфумай, гэта ўвогуле немагчыма было сабе ўявіць. Толькі пролы карысталіся парфумай. У ягоным уяўленні гэты пах быў чамусьці звязаны з распустай.

Калі ён пайшоў з гэтай жанчынай, гэта было яго першай правіннасцю за амаль два гады. Зносіны з прастытуткай былі, вядома ж, забароненыя, але гэта быў адзін з тых законаў, які час ад часу можна было наважыцца парушыць. Гэта было небяспечна, але гэта не было справай жыцця і смерці. Быць заспетым з прастытуткай значыла пяць гадоў лагераў прымусовай працы, але не болей, калі не дапушчана іншых правіннасцяў. А гэта ўжо было вельмі проста, калі абладзіць так, каб цябе не заспелі за справай. У бедных кварталах было шмат жанчын, якія гатовыя прадацца. Некаторых нават можна мець за бутэльку джыну, зрэшты, забароненага для пролаў. Партыя нават схілялася цішком да таго, каб спрыяць прастытуцыі як сродку разняволення інстынктаў, якія немагчыма цалкам заглушыць. Да найбруднейшае распусты ставіліся спакойна, пакуль яна была неперыядычнай і не прыносіла радасці і калі ў ёй бралі ўдзел толькі жанчыны прыгнечаных і пагарджаных класаў. З другога боку, недаравальным злачынствам была распуста між сябрамі Партыі. Усё ж — хоць і гэта было адно са злачынстваў, у якіх нязменна прызнаваліся абвінавачаныя пад час вялікіх чыстак, — цяжка было сабе ўявіць, што гэткае сапраўды магло адбывацца.

Мэтай Партыі было не толькі не дапусціць заснаваных на вернасці сувязяў паміж мужчынамі і жанчынамі, якія яна, магчыма, была б няздольная кантраляваць. Яе сапраўдным, патаемным намерам было пазбавіць палавы акт усялякае радасці. Не так само каханне, як эротыка разглядалася як нешта варожае, і ў шлюбе, і па-за ім. Усе шлюбы паміж сябрамі Партыі адбываліся толькі з дазволу адмысловае камісіі, і гэты дазвол не даваўся — хоць гэты прынцып і не быў дакладна вызначаны, — калі пара пакідала ўражанне, што яны маюць адно да аднаго нейкую фізічную цягу. Адзінай прызнанай мэтай шлюбу было нараджэнне дзяцей для служэння Партыі. Палавы акт лічыўся неістотнай і даволі непрыемнай справай, накшталт клізмы. І гэтае палажэнне не было выразна акрэслена, яно ўскосна прышчаплялася кожнаму сябру Партыі яшчэ з маленства. Існавалі нават арганізацыі, накшталт Антысексуальнага Саюза Моладзі, якія выступалі за поўную бясшлюбнасць абодвух полаў. Усе дзеці мусілі быць зачатыя шляхам штучнага апладнення (у навамоўі — штучнаплод) і выхаваныя ў дзяржаўных установах. Ўінстан вельмі добра ведаў, што ўсё гэта было не надта сур'ёзна, але гэта не пярэчыла агульнай партыйнай ідэалогіі. Партыя імкнулася знішчыць палавы інстынкт або, калі яго немагчыма было знішчыць, перакруціць і апаганіць. Ён не ведаў, чаму так было, але здавалася натуральным, што так павінна быць. І што да жанчын, дык тут намаганні Партыі мелі поўны поспех.

Ён зноў падумаў пра Кэтрын. Прайшло ўжо пэўна дзевяць, дзесяць — амаль адзінаццаць гадоў, як яны рассталіся. Было дзіўна, як рэдка ён пра яе думаў. Ён мог цэлымі днямі нават не згадваць, што ён быў жанаты. Яны пражылі разам толькі месяцаў пятнаццаць. Партыя не дазваляла разводаў, але дапускала расстанне ў выпадку бяздзетнага шлюбу.

Кэтрын была высокая бялявая жанчына, яна мела зграбную постаць і далікатныя рухі. У яе быў адважны арліны твар, які можна было назваць высакародным, пакуль не заўважыш, што за ім абсалютна нічога няма. Ужо на самым пачатку свайго жыцця з Кэтрын ён прыйшоў да думкі — можа, таму, што ён ведаў яе бліжэй, чым іншых людзей, — што яна найдурнейшая, найзвычайнейшая і найпусцейшая істота, якую ён толькі бачыў у жыцці. У яе ў галаве не было ніякіх думак, адны толькі лозунгі, і не існавала ніводнага глупства, якое яна не прыняла б з радасцю, калі б толькі Партыя яго ёй падсунула. Ён цішком даў ёй мянушку «жывы гуказапіс». І ўсё ж ён здолеў бы з ёй пражыць, калі б не адна рэч — палавое жыццё.

Калі ён да яе дакранаўся, здавалася, што яна ўздрыгвала і дранцвела. Калі ён яе абдымаў, яму здавалася, што ён абдымае драўляную ляльку. І калі яна туліла яго да сябе, у яго ўзнікала дзіўнае пачуццё, быццам адначасова яна з усяе моцы адпіхвае яго ад сябе. Уражанне гэтае ўзнікала з-за напружанасці яе мускулаў. Звычайна яна ляжала, заплюшчыўшы вочы, не супраціўлялася і не дапамагала, а толькі падпарадкоўвалася. Спачатку Ўінстану было надзвычай няёмка, а з цягам часу зрабілася агідна. Але і тады ён здолеў бы вытрымаць супольнае з ёй жыццё, калі б толькі яны дамовіліся, што будуць жыць кожнае само па сабе. Але, надзіва, якраз Кэтрын была супраць. Яна казала, што яны мусяць, калі гэта магчыма, нарадзіць дзіця. Такім чынам, палавы акт адбываўся рэгулярна раз на тыдзень, выключаючы выпадкі, калі ён быў немагчымы. Звычайна ўжо раніцай адпаведнага дня яна нагадвала яму пра гэта, як пра нешта, што павінна абавязкова адбыцца ўвечары і пра што нельга забыцца. Дзеля гэтага ў яе было два азначэнні: «зрабіць дзіця» і «выканаць наш партыйны абавязак». Неўзабаве ў Ўінстана развілося пачуццё сапраўднага страху, калі набліжаўся прызначаны дзень. Але, на шчасце, дзіця так і не з'явілася на свет, і ўрэшце яна адмовілася ад спробаў. Неўзабаве пасля гэтага яны рассталіся.

Ўінстан ціха ўздыхнуў. Пасля зноў узяў пяро і напісаў далей у дзённіку:

Яна кінулася ў ложак і адразу, без ніякага папярэджання, самым брыдкім і агідным чынам, які толькі можна сабе ўявіць, задрала спадніцу. Я...

Ён уявіў сабе, як ён стаіць у цьмяным святле лямпы, ноздры раздзірае пах клапоў і таннай парфумы, а душу поўніць пачуццё прыгнечанасці і абурэння, і нават у гэты момант яго мучыць думка пра белае цела Кэтрын, якое гіпнатычная сіла Партыі ператварыла ў лёд. Чаму так павінна быць заўсёды? Чаму ён не мог мець сваёй жанчыны замест гэтай бруднай валтузні раз на некалькі гадоў? Але сапраўднае каханне было амаль неверагодным. Жанчыны з Партыі былі ўсе аднолькавыя. Устрыманне было ім прышчэплена гэтаксама глыбока, як і вернасць Партыі. Праз стараннае ранняе выхаванне, праз спартовыя гульні і халодную ваду, праз усю тую бязглуздзіцу, што ўбівалася ім у галовы ў школе, у Шпіёнах і ў Саюзе Моладзі, праз лекцыі, парады, песні, партыйныя лозунгі і вайсковую музыку — праз усё гэта натуральныя пачуцці былі выкаранены. Розум казаў яму, што мусілі быць выключэнні, але сэрца не верыла ў гэта. Жанчыны, як і хацела Партыя, былі абсалютна непахісныя. Яму вельмі хацелася, нават больш, чым быць каханым, знесці гэтыя муры цноты, хай сабе хоць адзін раз у жыцці. Акт палавога зліцця, выкананы з радасцю, быў паўстаннем. Палавое жаданне было думзлачынствам. Нават калі б ён абудзіў Кэтрын — калі б толькі гэта ў яго магло атрымацца, — гэта лічылася б спакушэннем, хоць яна і была яго жонкай.

Але трэба было скончыць тую гісторыю. Ён напісаў:

Я запаліў лямпу ярчэй. Калі я ўбачыў яе на святле...

Пасля прыцемкаў слабое святло парафінавай лямпы здалося яму вельмі яркім. Упершыню ён мог як след разгледзець жанчыну. Ён зрабіў крок да яе і спыніўся, поўны жадання і жаху. Ён пакутліва ўсведамляў небяспеку, якую ён на сябе навёў, прыйшоўшы сюды. Было цалкам магчыма, што, калі ён будзе выходзіць, яго схопіць патруль; можа, у гэты момант яны ўжо чакалі пад дзвярыма. Калі б ён зараз пайшоў адсюль, нават не зрабіўшы таго, дзеля чаго прыйшоў!..

Трэба было дапісаць да канца, трэба было выспаведацца. Пад поўным святлом лямпы ён раптам заўважыў, што жанчына старая. Слой пудры на твары быў такі густы, што, здавалася, мог адваліцца, як маска з кардону. У яе валасах былі сівыя пасмы. Але самае жахлівае было тое, што яе разяўлены рот быў агіднай чорнай адтулінай — у яе зусім не было зубоў. Ён паспешліва запісаў крывымі літарамі:

Пры святле яна выглядала зусім старой жанчынай, як найменей пяцідзесяці гадоў. Але я не спыніўся і ўсё роўна зрабіў тое, дзеля чаго прыйшоў.

Ён зноў націснуў пальцамі на павекі. Урэшце ён дапісаў. Але ўсё было дарма, лекі не дапамаглі. Яму яшчэ мацней, чым перад тым, хацелася на ўвесь голас крычаць брудныя словы.

7

Калі яшчэ і ёсць надзея, напісаў Ўінстон, дык толькі сярод пролаў.

Калі была надзея, дык яна мусіла быць сярод пролаў, бо толькі там, у гэтай вялікай шэрай грамадзе, што складала 85 адсоткаў насельніцтва Акіяніі, магла калісьці нарадзіцца сіла, якая б разбіла Партыю. Знутры было немагчыма разбурыць Партыю. Яе ворагі, калі яны ўвогуле існавалі, не мелі ніякай магчымасці сабрацца разам ці нават пазнаць адзін аднаго. Нават калі б легендарнае Братэрства і сапраўды існавала, было ўсё ж неверагодна, каб яго сябры маглі калісьці сабрацца болей чым удвох або ўтрох. Адзін толькі позірк у вочы, трымценне ў голасе ўжо былі бунтам, а пагатоў выпадкова прашаптанае слова. Але пролам, калі б толькі яны ўсвядомілі сваю сілу, не спатрэбілася б нават змова. Ім трэба было толькі ўстаць і абтрэсціся, як конь, што адганяе мух. Калі б яны захацелі, яны б ужо заўтра маглі разбіць Партыю на кавалкі. Далібог, такая думка мусіць раней ці пазней прыйсці ім у галаву! І ўсё ж!..

Ён згадаў, як аднойчы ішоў адной люднай вуліцай і пачуў з бліжняга завулка магутны крык тысяч галасоў — жаночых галасоў. Гэта быў жахлівы крык гневу і роспачы, глыбокае гучнае «О-о-о-о!», што адбівалася рэхам, як магутны звон. Яго сэрца замерла. «Пачалося! — падумаў ён. — Народнае паўстанне! Нарэшце пролы абуджаюцца!» Калі ён дайшоў да месца, дык убачыў вялікі натоўп — дзвесце ці трыста жанчын, якія з трагічнымі тварамі, як у пасажыраў карабля, што ідзе на акіянскае дно, збіліся вакол латкоў вулічнага кірмашу. Але ў гэты момант агульная роспач рассыпалася на мноства дробных сварак. Выявілася, што ў адным латку прадаваліся бляшаныя рондалі. Мізэрныя, убогія рэчы, але любы посуд было вельмі цяжка дастаць. Цяпер жа запас вычарпаўся. Жанчыны, якім пашчасціла ўхапіць адну штуку, спрабавалі прабіцца праз натоўп, тым часам як дзесяткі іншых вакол латка крычалі і вінавацілі прадавальніцу, што яна выбірае, каму прадаваць, і сцвярджалі, што ў яе яшчэ недзе ў сховах засталіся рондалі. Пачуўся новы выбух галасоў. Дзве азызлыя жанчыны, адна з іх з раскудлачанымі валасамі, учапіліся ў адзін рондаль і спрабавалі вырваць яго адна ў адной з рук. Яны торгалі кожная сабе, пакуль не адламалася ручка. Ўінстан з агідай назіраў за імі. І ўсё ж якая жахлівая сіла чулася ў гэтым крыку, што вырваўся на нейкі момант з пары соцень глотак! Чаму яны ніколі не крычаць з-за нечага сапраўды важнага?

Ён запісаў:

Пакуль яны не зробяцца свядомымі, яны ніколі не паўстануць, а пакуль яны не паўстануць, яны не змогуць зрабіцца свядомымі.

Фраза амаль як з партыйнага падручніка, падумаў ён. Натуральна, Партыя сцвярджала, што яна вызваліла пролаў з рабства. Да Рэвалюцыі капіталісты няшчадна іх прыгняталі. Мучылі іх голадам і лупцавалі лазою, жанчыны мусілі працаваць у вугальных шахтах (праўду кажучы, жанчыны і дагэтуль працавалі ў вугальных шахтах), дзеці з шасці гадоў прадаваліся на фабрыкі. Але адначасна, у поўнай згодзе з прынцыпамі двухдумства, Партыя вучыла, што пролы ад прыроды — ніжэйшыя стварэнні, з якімі трэба абыходзіцца як з жывёлаю, стасуючы да іх некалькі простых правіл. У сапраўднасці ж пра пролаў вельмі мала было вядома. А шмат і не трэба было ведаць. Пакуль яны працавалі і пладзіліся, усе іншыя іхныя жыццёвыя праявы былі неістотныя. Кінутыя на волю лёсу, як жывёла, што пасвіцца на лугах Аргенціны, яны вярнуліся да натуральнага для іх жыццёвага ладу, перанятага ад продкаў. Яны нараджаліся, вырасталі ў сцёкавых канавах, у дванаццаць гадоў ішлі працаваць, перажывалі кароткую пару фізічнай прыгажосці і пачуццёвых жаданняў, у дваццаць жаніліся, у трыццаць старэлі і ў большасці выпадкаў паміралі да шасцідзесяці гадоў. Цяжкая фізічная праца, клопаты пра дом і дзяцей, дробязныя сваркі з суседзямі, кіно, футбол, піва і асабліва азартныя гульні — вось што запаўняла абсяг іх думкі. Трымаць іх пад кантролем было няцяжка. Пару агентаў Паліцыі Думак увесь час былі сярод іх, каб распускаць фальшывыя чуткі, а таксама вышукваць і ліквідоўваць тых, хто здаваўся ім небяспечным. Аднак не рабілася ніякіх спроб прышчапіць пролам партыйную ідэалогію. Было непажадана, каб яны мелі выразныя палітычныя пачуцці. Ад іх патрабаваўся толькі прымітыўны патрыятызм, да якога можна заклікаць пры патрэбе, каб змусіць іх пагадзіцца з падаўжэннем працоўнага дня або скарачэннем нормаў прадуктаў. І нават калі яны былі нечым незадаволеныя, іх незадаволенасць нікуды не вяла, бо, не маючы кіраўнічае ідэі, яны засяроджвалі яе на паасобных нязначных праблемах. Больш важныя справы непазбежна заставаліся па-за іх увагай. Пераважная большасць пролаў не мела ў кватэры нават тэлегляда. Нават звычайная паліцыя вельмі рэдка ўмешвалася ў іх жыццё. У Лондане існавала шырокая сетка злачыннасці, цэлы свой сусвет зладзеяў, рабаўнікоў, прастытутак, гандляроў наркотыкамі. Але ўсё гэта адбывалася выключна сярод пролаў і таму не мела ніякага значэння. Ва ўсіх пытаннях маралі ім дазвалялася жыць паводле іх старых традыцый. Ім не навязваўся маральны пурытанізм Партыі. Чужаложства не каралася, развод быў дазволены. Была б нават дазволена рэлігія, калі б пролы выказалі ў ёй хоць якую патрэбу або пажаданне. Яны былі па-за падазрэннем. Гэта знаходзіла свой выраз у партыйным лозунгу: «Пролы і жывёлы — свабодныя».

Ўінстан нагнуўся і асцярожна пацёр сваю язву, якая зноў пачала свярбець. Пунктам, да якога непазбежна вярталіся думкі, была немагчымасць даведацца, якім было жыццё да Рэвалюцыі. Ён выцягнуў з шуфляды падручнік гісторыі для школьнікаў, які пазычыў у пані Парсанс, і пачаў перапісваць адтуль у свой дзённік:

У старыя часы, да слаўнай Рэвалюцыі, Лондан не быў такім цудоўным і прыгожым горадам, як цяпер. Гэта была змрочная, брудная, занядбаная мясціна, дзе мала хто еў удосталь, дзе сотні і тысячы, бедных людзей не мелі чаго абуць і не мелі нават даху над галавой, пад якім можна было б спаць. Такія дзеці, як вы, былі вымушаны дванаццаць гадзін на дзень цяжка працаваць на жорсткіх гаспадароў, якія білі іх бізунамі, калі тыя працавалі занадта павольна, і давалі ім есці толькі сухары і ваду. Але сярод гэтай страшэннай убогасці стаяла некалькі вялікіх прыгожых дамоў, у якіх жылі багатыя, што мелі да трыццаці слуг, якія іх даглядалі. Гэтыя багатыя зваліся капіталістамі. Гэта былі тоўстыя, брыдкія людзі са злымі тварамі, як гэта можна бачыць на малюнку. Як вы бачыце, яны насілі доўгі чорны пінжак, які зваўся сурдут, і смешны бліскучы капялюш, падобны да коміна, што зваўся цыліндр. Гэта была ўніформа капіталістаў, і ніхто болей не меў права яе насіць. Капіталістам належала ўсё, што знаходзілася на зямлі, і ўсе астатнія людзі былі іх рабамі. Ім належала ўся зямля, усе дамы, усе заводы і ўсе грошы. Калі нехта іх не слухаўся, яны маглі кінуць яго ў турму або адабраць у яго працу, каб ён памёр з голаду. Калі звычайна чалавек гаварыў з капіталістам, ён мусіў нізка схіляцца і выдыгаць перад ім, здымаць шапку і звяртацца да яго: «Сэр». Галоўны сярод капіталістаў зваўся Каралём, і...

Але ён ужо ведаў, што будзе далей. Далей пойдуць апісванні біскупаў з батыставымі манжэтамі, суддзяў у гарнастаевых мантыях, ганебнага слупа, кайданоў, катавальнага кола, «дзевяціхвостага ката», банкету лонданскага лорд-мэра і звычаю цалаваць папскі чаравік. Было тут таксама і гэтак званае права першай ночы, пра што, напэўна, няварта было пісаць у школьным падручніку. Гэта быў закон, згодна з якім капіталіст меў права пераспаць з любой жанчынай, што працавала на любой яго фабрыцы.

Адкуль даведацца, колькі ва ўсім гэтым было хлусні? Можа, і праўда, што звычайнаму чалавеку сёння жылося лепей, чым да Рэвалюцыі. Адзіным сведчаннем супраць гэтага быў глухі пратэст уласных костак, інстынктыўнае адчуванне, што цяперашнія ўмовы жыцця былі невыносныя і раней мусіла быць іначай. Ён адзначыў, што сапраўднай адметнасцю цяперашняга жыцця была не жорсткасць і небяспечнасць, а проста яго нікчэмнасць, яго ўбогасць, яго абыякавасць. Калі азірнуцца навокал, можна было заўважыць, што жыццё не толькі не мела нічога агульнага з той хлуснёй, што валіла патокам з тэлегляда, але нават не адпавядала ідэалам, вызначаным Партыяй. Большая частка жыцця нават сябры Партыі праходзіла нейтральна і апалітычна і складалася з клопатаў пра тое, як захапіць месца ў метро, як зацыраваць падраную шкарпэтку, як выпрасіць пару таблетак сахарыну звыш убогай нормы, як захаваць недакурак. Ідэалам, да якога імкнулася Партыя, было нешта вялізнае, пагрозлівае, бліскучае — свет са сталі і бетону, свет гіганцкіх машын і грознай зброі, нацыя воінаў і фанатыкаў, якія б маршыравалі наперад у дасканалай еднасці, думаючы аднолькавыя думкі і крычучы аднолькавыя лозунгі; свет, дзе ўсе б няспынна працавалі, змагаліся, перамагалі, пераследавалі — трыста мільёнаў чалавек, усе на адзін твар. А ў сапраўднасці існавалі гарады, што паволі ператвараліся ў руіны, па вуліцах сноўдаліся галодныя людзі ў дзіравых чаравіках, людзі гэтыя жылі ў абы-як адрамантаваных дамах дзевятнаццатага стагоддзя, дзе заўсёды смярдзела капустай і сапсаванымі прыбіральнямі. Лондан здаваўся яму вялізным горадам-руінай, горадам мільёна сметнікаў, і на гэтым фоне ён бачыў вобраз пані Парсанс, жанчыны з маршчыністым тварам і раскудлачанымі валасамі, якая бездапаможна корпаецца ў засмечанай ракавіне.

Ён нагнуўся і зноў пачухаў нагу. Удзень і ўночы тэлегляды забівалі галаву лічбамі, з якіх вынікала, што людзі цяпер маюць болей ежы, болей адзення, лепшыя кватэры і лепшыя забавы; што яны жывуць даўжэй, што іх працоўны дзень карацейшы, што яны вышэйшыя, здаравейшыя, мацнейшыя, шчаслівейшыя, разумнейшыя, адукаванейшыя, чым пяцьдзесят гадоў таму. Пры гэтым ніводнае слова нельга было ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Партыя, напрыклад, сцвярджала, што цяпер 40 адсоткаў дарослых пролаў маглі чытаць і пісаць. Да Рэвалюцыі ж, як сцвярджалася, гэтая лічба складала толькі 15 адсоткаў. Партыя сцвярджала, што дзіцячая смяротнасць складала цяпер толькі 160 на тысячу, тым часам як да Рэвалюцыі — 300, і гэтак далей. Гэта было як адно ўраўненне з двума невядомымі. Цалкам магчыма, што літаральна кожнае слова ў падручніках гісторыі, нават тое, што прымалася без ніякіх сумненняў, проста прыдуманае. Такі закон, як права першай ночы, такая істота, як капіталіст, ці такі ўбор, як цыліндр, маглі і ўвогуле ніколі не існаваць.

Усё расплывалася ў тумане. Мінулае знішчалася, факт знішчэння забываўся, хлусня рабілася праўдай. Толькі аднойчы ў жыцці — пасля самой падзеі, што вельмі істотна, — ён меў відавочны і бясспрэчны доказ фальшавання. Ён трымаў яго ў руках цэлыя трыццаць секунд. Гэта было недзе ў 1973 годзе — прыблізна тады, калі яны разышліся з Кэтрын. Але дата, якой датычыўся гэты доказ, адстаяла ў часе яшчэ не сем ці восем гадоў раней.

Уласна кажучы, гэтая гісторыя сягае пачаткамі ў сярэдзіну 60-х гадоў, час вялікіх чыстак, калі былыя правадыры Рэвалюцыі раз і назаўсёды былі зліквідаваныя. Недзе каля 1970 года нікога з іх ужо не засталося, акрамя самога Вялікага Брата. Усе астатнія былі тым часам выкрытыя як здраднікі і контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы і недзе схаваўся, з іншых некаторыя проста зніклі, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналіся ў сваіх злачынствах. Сярод апошніх ацалелых былі тры чалавекі — Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалі. Як часта здаралася, яны зніклі на нейкі год ці болей, так, што было невядома, ці яны яшчэ жылі, а тады зноў нечакана з'явіліся і, як звычайна, выступілі з самаабвінавачаннямі. Яны прызналі сябе вінаватымі ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Эўразія), у растраце грамадскіх грошай, у забойстве некаторых старых сябраў Партыі, у змове супраць Вялікага Брата, якую яны рыхтавалі яшчэ задоўга да Рэвалюцыі, і ўрэшце ў актах сабатажу, якія пацягнулі за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткіх прызнанняў ім даравалі віну, аднавілі ў Партыі і даверылі пасады з гучнымі назвамі, якія ў сапраўднасці былі толькі сінекурай. Усе трое надрукавалі ў «Таймз» аб'ёмныя нізкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылі прычыны сваёй здрады і абяцалі выправіцца.

Праз нейкі час пасля іх вызвалення Ўінстан нават сустрэў усіх трох у кавярні «Каштан». Ён памятаў тое пачуццё страху і захаплення, з якім ён скоса на іх пазіраў. Яны былі значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткі мінулага свету, амаль апошнія вялікія постаці з гераічных часоў нараджэння Партыі. Вакол іх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху і грамадзянскай вайны. У яго з'явілася пачуццё — хоць ужо і тады пачалі блытацца факты і даты, — што ён ведаў іх імёны яшчэ раней за імя Вялікага Брата. Але ў той самы час яны былі адрынутыя, ворагі Партыі, якім з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знішчэнне. Ніводнаму чалавеку, які хоць раз трапляў у рукі Паліцыі Думак, не ўдавалася выбавіцца ад яе назаўсёды. Яны былі жывыя мерцвякі, што чакалі часу, каб сысці ў магілу.

Усе столікі побач з імі былі пустыя. Было б вялікай неасцярожнасцю сесці блізка да такіх людзей. Яны сядзелі моўчкі, перад імі стаялі шклянкі з джынам, прыпраўленым гваздзікай — гэта быў фірменны напой кавярні. Найбольшае ўражанне зрабіў на Ўінстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлітасныя малюнкі да Рэвалюцыі і пад час яе спрыялі актывізацыі грамадскай думкі. Нават яшчэ і цяпер у «Таймз» часам з'яўляліся яго карыкатуры. Але яны былі толькі імітацыяй яго ранейшай манеры і заставаліся надзіва нежывымі і непераканаўчымі. Гэта было вечнае перабіранне старых тэм: убогія кватэры, галодныя дзеці, вулічныя бойкі, капіталісты ў цыліндрах — нават на барыкадах капіталісты чапляліся за свае цыліндры, — бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывіць мінулае. Гэта быў нязграбны высокі чалавек з тлустымі сівымі валасамі, прышчавым азызлым тварам і тоўстымі, як у мурына, губамі. Напэўна, некалі ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбітае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.

А пятнаццатай гадзіне паўсюль было ціха. Ўінстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавіта ў гэты час. Зала была амаль пустая. З тэлеглядаў лілася духавая музыка. Тыя трое сядзелі амаль нерухома ў сваім куце і маўчалі. Без ніякіх замоваў афіцыянт прыносіў шклянкі з джынам. Побач з імі на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымі фігурамі, але ніхто з трох не гуляў. І тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамі — цягнулася гэта не болей за паўхвіліны. Нешта зрабілася з музыкай — змянілася не толькі мелодыя, але і тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла — але цяжка было апісаць, што гэта было. Нейкія дзіўныя, рэзкія, пранізлівыя, з'едлівыя ноты. І тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню:

Там, пад раскідзістым каштанам,
Ты здрадзіў мне, а я табе.
Мы і яны жылі з маны
Там, пад раскідзістым каштанам.

Ніхто з трох не варухнуўся. Але калі Ўінстан употай глянуў на старэчы твар Радэрфорда, ён убачыў, што яго вочы былі поўныя слёз. І тады ён упершыню заўважыў — і нешта ўнутры яго здрыганулася, — што і ў Эрансана, і ў Радэрфорда былі перабітыя насы.

У хуткім часе пасля гэтага ўсіх трох зноў арыштавалі. Выявілася, што з моманту іх вызвалення яны пачалі рыхтаваць новыя падкопы. Пад час свайго другога працэсу яны прызналіся яшчэ раз у сваіх старых злачынствах, а таксама ў цэлым шэрагу новых. Яны былі пакараныя смерцю, а іх лёс як папярэджанне наступным пакаленням быў занесены ў партыйныя аналы. Гадоў праз пяць пасля гэтага, у 1973 годзе, калі Ўінстан аднойчы разгарнуў скрутак дакументаў, што выпаў з трубкі пнеўматычнай пошты на яго пісьмовы стол, ён наткнуўся на выразку з газеты, якая, відаць, згубілася між іншых папер і была забытая. Разгледзеўшы яе, ён адразу зразумеў, што яна значыла. Гэта была палова старонкі, выдраная з «Таймз» прыблізна дзесяцігадовай даўнасці — верхняя палова старонкі, нават дата была відна — на ёй быў здымак дэлегатаў на нейкім партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку. У цэнтры групы выразна вылучаліся Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Іх было лёгка пазнаць, тым болей што іх імёны стаялі ў подпісе пад здымкам.

Самае цікавае было тое, што на абодвух працэсах усе трое сцвярджалі, што былі якраз у гэты час на эўразійскай тэрыторыі. З патаемнага лётнішча ў Канадзе яны вылецелі на сустрэчу, што мусіла адбыцца недзе ў Сібіры, правялі нараду з сябрамі Эўразійскага Генеральнага Штаба і выдалі ім важныя ваенныя сакрэты. Дата выразна адбілася ў памяці Ўінстана, бо выпадкова супала з днём сонцавароту. Але гэта можна было праверыць па шматлікіх іншых крыніцах. Заставалася толькі адна магчымая выснова: прызнанні былі хлуснёй.

Вядома, само па сабе гэта не было нейкае адкрыццё. Нават тады Ўінстан ні на хвіліну не верыў, што пакараныя ў выніку чыстак людзі сапраўды ўчынілі злачынствы, у якіх іх абвінавацілі. Тут жа гаворка ішла пра відавочны доказ; ён трымаў у руках кавалак выкараненага мінулага, як нейкую скамянелую костку, што трапілася не ва ўласцівым земляным пласце і таму абвяргала пэўную геалагічную тэорыю. Калі б нейкім чынам можна было апублікаваць гэты дакумент і растлумачыць яго значэнне, гэтага б хапіла, каб разбіць Партыю на кавалачкі.

Ён спакойна працаваў далей. Як толькі ён убачыў здымак і зразумеў, што гэта значыла, ён накрыў выразку аркушам паперы. На шчасце, калі Ўінстан разгарнуў выразку, яна была павернутая другім бокам да тэлегляда.

Ён паклаў папку з паперамі на калені і адсунуў крэсла назад, каб як мага болей аддаліцца ад тэлегляда. Захоўваць безуважны выраз твару было няцяжка, а адпаведным напружаннем волі можна было нават кантраляваць дыханне; але немагчыма было кантраляваць біццё сэрца, а тэлегляд быў дастаткова адчувальны, каб гэта заўважыць. Прайшло, паводле яго падлікаў, хвілін дзесяць, увесь гэты час яго мучыў страх, бо любы выпадак — напрыклад, нечаканы павеў ветру над сталом — мог бы яго выдаць. І толькі тады ён, нават не здымаючы аркуша, кінуў выцінку разам з іншым папяровым смеццем у дзіру памяці. Праз хвіліну яна ўжо напэўна ператварылася ў попел.

Гэта адбылося дзесяць-адзінаццаць гадоў таму. Сёння ён, можа, і захаваў бы той здымак. Было дзіўна, што сам факт трымання яго ў руках яшчэ і сёння меў для яго значэнне, хоць і сам здымак, і падзея, якую ён адлюстроўваў, так далёка адстаялі ў часе. Ці ўлада Партыі над мінулым не меншала, пытаўся ён у сябе, калі нейкі маленькі доказ, які ўжо болей не існаваў, прынамсі, некалі ўсё ж існаваў?

Аднак сёння той здымак, нават калі б яго можна было аднавіць з попелу, напэўна ўжо не мог быць ніякім доказам. Ужо тады, калі ён яго знайшоў, Акіянія болей не ваявала з Эўразіяй, і такім чынам усе тры забітыя мусілі б здрадзіць сваёй Бацькаўшчыне на карысць агентаў Усходазіі. З таго часу стан рэчаў мяняўся ўжо колькі разоў, два ці тры, ён ужо не памятаў дакладна. Зусім верагодна, што іх прызнанні былі ўжо не раз перапісаныя, аж пакуль першапачатковыя факты і даты перасталі мець найменшае значэнне. Мінулае не проста зменьвалася, яно зменьвалася бесперапынна. Найболей, як нейкі кашмарны сон, яго прыгнятала тое, што ён ніколі не мог да канца ўсвядоміць, нашто ўвогуле рабілася ўся гэтая велізарная хлусня. Непасрэдная карысць фальшавання мінулага была відавочная, але галоўная, асноўная прычына заставалася таямніцай. Ён зноў узяў пяро і напісаў:

Я разумею ЯК, я не разумею ЧАМУ.

Ён усё часцей пытаўся ў сябе, ці ён не звар'яцеў. Можа, вар'яты былі меншасцю, што складалася толькі з аднаго чалавека. Некалі знакам вар'яцтва было лічыць, што Зямля круціцца вакол Сонца, сёння ж лічылася вар'яцтвам верыць, што мінулае нязменнае. Можа, ён быў адзіны, хто ў гэта верыў, калі ж ён быў адзіны, дык ён і быў вар'ятам. Але думка пра тое, што, можа, ён вар'ят, непакоіла яго значна меней, чым боязь, што, можа, ён не мае рацыі.

Ён узяў у рукі падручнік гісторыі для дзяцей і пачаў разглядаць партрэт Вялікага Брата на тытульным аркушы. Гіпнатычныя вочы нязводна глядзелі ў вочы Ўінстана. Яго быццам прыгнятала нейкая гвалтоўная сіла, нешта ўваходзіла ў яго чэрап, свідравала мозг, выганяла ўласныя перакананні, амаль вымушала не давяраць болей сведчанням сваіх пачуццяў. Урэшце Партыя калі-небудзь абвесціць, што двойчы два ёсць пяць, і ў гэта трэба будзе верыць. Раней ці пазней яны непазбежна гэта сцвердзяць: гэтага патрабавала ўся логіка іх пазіцыі. Партыйнай філасофіяй практычна адмаўлялася не толькі вартасць практычнага досведу людзей, але ўвогуле наяўнасць дадзенай рэчаіснасці. Найвялікшай ерассю быў здаровы людскі розум. І самым жахлівым было не тое, што яны забівалі таго, хто думаў інакш, а тое, што яны маглі мець рацыю. Бо сапраўды, ці можам мы быць пэўныя, што двойчы два чатыры? Або што закон прыцягнення слушны? Або што мінулае нязменнае? Калі і мінулае, і навакольны свет існуюць толькі ў нашым уяўленні, а само ўяўленне знаходзіцца пад пільным кантролем — што тады?

Але ж не! Яго адвага, здавалася, узмоцнілася сама па сабе. Ён міжволі згадаў твар О'Браэна. З яшчэ большай пэўнасцю, чым раней, ён ведаў, што О'Браэн быў на яго баку. Ён пісаў дзённік для О'Браэна — ён пісаў яго О'Браэну; гэта быў нібы бясконцы ліст, які ніхто ніколі не прачытае, які, аднак, адрасаваны пэўнаму чалавеку і напісаны з думкай пра яго.

Партыя патрабавала не верыць сваім вачам і вушам. Гэта было яе галоўнае, самае істотнае патрабаванне. Адвага пакідала Ўінстана, калі ён думаў пра гэтую велізарную моц, што была нацэлена супраць яго, пра лёгкасць, з якой любы партыйны інтэлектуал пад час якой-небудзь спрэчкі мог абвергнуць усе яго доказы, пра тыя мудрагелістыя аргументы, якія ён не здолеў бы нават зразумець, не тое што аспрэчыць. І ўсё ж ён меў рацыю! Не яны, а ён меў рацыю! Відавочнае, простае і сапраўднае неабходна абараняць. Элементарныя ісціны — сапраўдныя, за гэта ён мусіў трымацца! Матэрыяльны свет існуе, і яго законы не мяняюцца. Камяні цвёрдыя, вада мокрая, кожны прадмет, выпушчаны з рук, падае ў кірунку цэнтра Зямлі. Нібы размаўляючы з О'Браэнам і высоўваючы нейкі важны закон, ён напісаў:

Свабода — гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само па сабе.

8

Недзе з дна праходу пацягнула водарам смажанай кавы — сапраўднай кавы, не кавы «Перамога». Ўінстан мімаволі спыніўся. На нейкія пару імгненняў ён зноў апынуўся ў паўзабытым свеце дзяцінства. Але раптам дзверы зачыніліся, і водар абарваўся, так хутка і раптоўна, як спыненая на паўслове песня. Ён прайшоў некалькі кіламетраў па тратуары, і язва не давала яму спакою. Ужо другі раз за тры тыдні ён прапусціў вечар у Доме Культуры: рызыкоўная неабачлівасць, бо без ніякага сумнення ў Доме Культуры старанна адзначалася колькасць наведванняў. У прынцыпе, у сябры Партыі не было вольнага часу, і ён ніколі не быў адзін, калі толькі не ў ложку. Меркавалася, што, калі ён не працуе, не есць або не спіць, ён мусіць браць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве калектыўнага адпачынку, і рабіць нешта такое, што магло б выдаць схільнасць да адзіноты, хоць бы проста гуляць аднаму, было заўсёды трошкі небяспечна. У навамоўі існавала слова самажыт, якое азначала індывідуалізм і дзівацтва. Але тым вечарам, калі ён выйшаў з Міністэрства, пяшчотнасць красавіцкага паветра спакусіла яго. Неба ўпершыню за той год свяцілася нейкім цёплым блакітам, і раптам доўгі, тлумны вечар у Доме Культуры, нудныя ўтомныя гульні, лекцыі, балбатлівае, падагрэтае джынам сяброўства здаліся яму невыноснымі. У нейкім раптоўным парыве ён павярнуў ад аўтобуснага прыпынку ў другі бок і згубіўся ў лабірынце лонданскіх вулак; спачатку ён пайшоў на поўдзень, пасля на ўсход, пасля на поўнач. Ён блукаў незнаёмымі вуліцамі, не зважаючы на напрамак.

«Калі ёсць надзея, — напісаў ён калісьці ў дзённіку, — дык толькі сярод пролаў». Гэтыя словы не выходзілі з галавы, яны былі нібы сцверджаннем таямнічае ісціны і відавочнае бязглуздзіцы. Ён быў у нейкім закінутым брудным жабрацкім квартале на паўночны ўсход ад колішняга вакзала Сэйнт-Пэнкрас і ішоў па брукаванай вуліцы з маленькімі двухпавярховымі дамкамі паабапал, перакошаныя дзверы якіх адчыняліся адразу на брук. Дамкі гэтыя моцна нагадвалі пацучыныя норы. Сям-там між брыламі бруку стаялі брудныя лужыны. З цёмных брам дамоў і з завулкаў, што з абодвух бакоў выходзілі на вуліцу, цёк туды і сюды незлічоны натоўп людзей — пышныя дзяўчаты з густа нафарбаванымі вуснамі, маладыя хлопцы, што цягнуліся за імі, і азызлыя нязграбныя кабеты, што паказвалі сабой, як будуць выглядаць праз дзесяць гадоў тыя дзяўчаты; апроч іх старыя сагнутыя стварэнні, што няспешна шоргалі па вуліцы, і занядбаныя босыя дзеці, што гулялі ў лужынах і імгненна разбягаліся, як толькі чуліся раз'юшаныя крыкі іх матак. Амаль чвэрць вокнаў на вуліцы павыбіваныя, замест шыбаў дошкі. Большасць людзей зусім не зважала на Ўінстана, толькі некаторыя паглядвалі на яго з асцярожнай цікаўнасцю. Праходзячы міма дзвюх вялізных кабецін, што стаялі пад брамай аднаго дома, склаўшы пад фартухамі свае цагельна-чырвоныя рукі, і пляткарылі, Ўінстан пачуў урыўкі размовы:

— Так, кажу я ёй, ну добра, хай ужо так, кажу. Але калі б вы былі на маім месцы, вы б зрабілі тое самае, што зрабіла я. Ганіць лёгка, кажу, але ў вас няма гэткага клопату, як у мяне.

— Во і праўда, — адказала другая, — а як жа ж, так і ёсць.

Пранізлівыя галасы раптам сціхлі. Жанчыны разглядалі яго з варожым маўчаннем, пакуль ён не прайшоў. Уласна кажучы, гэта была нават не варожасць, а толькі нешта накшталт асцярожнасці, хвілінная напружанасць, як пры сустрэчы з невядомым зверам. Сіні камбінезон сябры Партыі мог на гэтай вуліцы выглядаць незвычайна. Папраўдзе, было неразумна без пільнай патрэбы паказвацца ў гэткім месцы. Калі б выпадкам надарыўся патруль, ён мог бы затрымаць. «Вашыя дакументы, таварыш? Што вы тут робіце? Калі вы выйшлі з працы? Ці заўсёды вы ходзіце дадому гэтай дарогай?» І гэтак далей, і гэтак далей. Хоць і не было ніякага закону, які забараняў бы ісці дадому інакш, чым звычайнай дарогай, але калі б Паліцыя Думак пра гэта даведалася, гэтага было б дастаткова, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.

Раптам уся вуліца ўспудзілася. Адусюль пачалі даносіцца засцярожлівыя крыкі. Людзі, нібы трусы, заскоквалі ў дзверы. Проста перад Ўінстанам нейкая маладая жанчына вылецела з дому, схапіла маленькага хлопчыка, што гуляў у лужыне, загарнула яго ў фартух і скочыла назад у дом, і ўсё гэта адзіным рухам. У той самы момант з бакавога завулка проста на Ўінстана выскачыў чалавек у чорным гарнітуры і ўзрушана паказаў пальцам угору.

— Паравік! — закрычаў ён. — Паберажыся, спадар! Зараз як лясне! Уцякай хутчэй!

«Паравік» — гэтым словам пролы чамусьці называлі ракетныя бомбы. Ўінстан адразу ўпаў ніцма. Пролы амаль ніколі не памыляліся ў сваіх прагнозах. Здавалася, у іх быў нейкі інстынкт, які папярэджваў іх за некалькі секунд, што набліжаецца ракетная бомба, хоць самі бомбы даляталі хутчэй, чым іх гук. Ўінстан закрыў галаву рукамі. Пачуўся страшэнны трэск, здалося, што брук раскалоўся, і цэлы град лёгкіх прадметаў пасыпаўся на спіну Ўінстану. Калі ён падняўся, ён убачыў, што ўвесь абсыпаны асколкамі шкла з бліжэйшых вокнаў.

Ён пайшоў далей. Бомба разбурыла купку дамоў за дзвесце метраў вышэй па вуліцы. Чорны слуп дыму ўзнімаўся ў неба, пад ім стаяла воблака пылу ад тынку. Вакол руінаў ужо сабралася гурма людзей. Перад ім на бруку ляжала кучка тынку, у сярэдзіне якой віднелася пунсовая ручаінка. Калі ён падышоў бліжэй, ён заўважыў, што гэта адарваная да запясця чалавечая рука. Уся кроў з рукі выцекла, і яна нагадвала гіпсавы злепак.

Ён адкінуў руку нагой у канаву і павярнуў направа ў завулак, каб абмінуць натоўп. Праз тры-чатыры хвіліны ён пакінуў раён выбуху за сабою, тут бруднае капашлівае жыццё працягвалася, быццам нічога асаблівага не адбылося. Было ўжо амаль дваццаць гадзін, і ўсе пролаўскія пітныя крамы («пабы», як яны іх называлі) былі перапоўненыя. Праз брудныя закураныя дзверы, што без супыну адчыняліся і зачыняліся, даносіўся пах мачы, пілавіння і кіслага піва. У кутку за выступам фасада стаялі ўсутыч адзін да аднаго тры чалавекі, і той, што стаяў пасярэдзіне, трымаў у руцэ разгорнутую газету, а два астатнія глядзелі яму цераз плячо. Яшчэ перад тым, як падысці дастаткова блізка, каб убачыць выразы іх твараў, Ўінстан заўважыў засяроджанасць у іх паставе. Відаць, яны чыталі нейкае надзвычай важнае паведамленне. Ён мінуў іх і не паспеў прайсці пары крокаў, як група раптоўна распалася, і двое з іх пачалі злосна сварыцца. На нейкі момант здалося, что зараз пачнецца бойка.

— Расчыні свае вушы, калі я табе што кажу! Ніводзін нумар на сем не выйграў ні разу за апошнія чатырнаццаць месяцаў.

— Ды далібог, выйграваў!

— Ну што ты мне кажаш! Я запісваў два гады на паперку. Я заўсёды запісваю ўсе вынікі. Кажу табе, ніводзін нумар, што канчаецца на сем...

— А я кажу, нумар на сем выйграваў! Я магу табе дакладна сказаць нумар, канчалася на 4, 0, 7. Гэта было ў лютым, другі тыдзень лютага.

— Сам ты люты! У мяне ўсё запісана. Кажу табе...

— Заткніся! — сказаў трэці.

Яны гаварылі пра Латарэю. Прайшоўшы трыццаць метраў, Ўінстан азірнуўся. Яны яшчэ спрачаліся з чырвонымі, узрушанымі тварамі. Латарэя з штотыднёвымі выплатамі вялізных выйграшаў была адзінай грамадскай падзеяй, на якую пролы звярталі сур'ёзную ўвагу. Цалкам верагодна, што для мільёнаў пролаў Латарэя была галоўным, калі не адзіным сэнсам існавання. Яна была іх захапленнем, іх вар'яцтвам, іх суцяшэннем, іх духоўным натхненнем. Як толькі справа тычылася Латарэі, людзі, што ледзь маглі чытаць і пісаць, рабіліся здольнымі да найскладанейшых падлікаў і надзвычайных цудаў памяці. Цэлая катэгорыя людзей зарабляла сабе на жыццё выключна продажам сістэм, прагнозаў і абярогаў. Сам Ўінстан не меў ніякага дачынення да Латарэі, арганізаванай Міністэрствам Дастатку, але ён вельмі добра ведаў (у Партыі ўсе гэта ведалі), што выйгрышы збольшага існавалі толькі на паперы. Толькі маленькія сумы выплачваліся ў сапраўднасці, галоўныя ж выйгрышы даставаліся асобам, якіх ніколі не існавала. Зрабіць гэта было няцяжка, бо паміж асобнымі часткамі Акіяніі не існавала ніякай сувязі.

І ўсё ж, калі і была надзея, дык толькі ў пролаў. За гэта трэба было трымацца. На словах гэта гучала разумна, але, калі паглядзець на людзей на вуліцы, тэзіс гэты рабіўся справай веры. Вуліца, на якую ён павярнуў, спускалася з узгорка. Яму здалося, што ён ужо аднойчы быў у гэтым месцы і недзе непадалёку павінна праходзіць галоўная вуліца. Аднекуль спераду да яго данёсся шум галасоў. Вуліца паварочвала і канчалася прыступкамі, што вялі ў вузенькі завулак, у якім стаяла пара латкоў з звялай гароднінай. У гэты момант Ўінстан згадаў, дзе ён быў. Завулак выходзіў на галоўную вуліцу, і за наступным паваротам, менш чым за пяць хвілін адсюль, была антыкварная крама, дзе ён купіў альбом з чыстымі старонкамі, што цяпер быў яго дзённікам. А ў маленькай папяровай краме непадалёк адсюль ён купіў пяро і бутэлечку чарніла.

Ён пастаяў нейкі момант на верхняй прыступцы. На тым баку завулка быў невялічкі брудны шынок, вокны якога выглядалі заледзянелымі, напраўду ж былі пакрытыя тоўстым слоем пылу. Нейкі надта стары чалавек, пахілы ад часу, але яшчэ бадзёры, з белымі вусамі, што тырчалі наперад, як у рака, штуршком расчыніў дзверы і ўвайшоў. Пакуль Ўінстан стаяў і глядзеў, яму ў галаву прыйшла думка, што гэты стары, якому было сама меней восемдзесят гадоў, быў пад час Рэвалюцыі ў самым сталым веку. Ён і нешматлікія іншыя людзі яго пакалення былі апошнім злучвом са светам капіталізму, што знік назаўсёды. У Партыі ўжо амаль не засталося людзей, светапогляд якіх склаўся да Рэвалюцыі. Старэйшыя пакаленні былі знішчаныя пад час вялікіх чыстак 50-х і 60-х гадоў, а тыя нешматлікія, што ацалелі, даўно стэрарызаваныя да поўнай духоўнай пакоры. Калі яшчэ заставаўся хоць адзін жывы чалавек, які б мог паведаміць што-небудзь праўдападобнае пра жыццё ў першай палове стагоддзя, дык гэта мог быць толькі прол. Раптам Ўінстан зноў згадаў урывак, што ён перапісаў з падручніка гісторыі ў свой дзённік, і яго ахапіла вар'яцкае жаданне. Ён зойдзе ў шынок, пазнаёміцца са старым і распытае яго. Ён скажа яму: «Раскажыце мне пра сваё жыццё, пра сваё дзяцінства. Як тады ўсё выглядала? Ці было ўсё лепш, чым цяпер, — ці, можа, горш?»

Хутка, толькі каб не паспець спалохацца, ён спусціўся па прыступках і перайшоў вузкі завулак. Натуральна, гэта было чыстае вар'яцтва. Як заўсёды, не было ніякай канкрэтнай забароны гаварыць з проламі або наведваць іх шынкі, але гэтыя дзеянні былі болей чым нязвыклыя, каб застацца незаўважанымі. Калі б з'явіўся патруль, ён мог бы прыкінуцца, што яму зрабілася блага, але было непраўдападобна, што яму паверылі б. Ён расчыніў дзверы, і жахлівы сырны пах кіслага піва ўдарыў яму ў нос. Калі ён зайшоў, шум галасоў напалову прыцішыўся. Ён адчуваў, як за спінай усе ўтаропіліся ў яго сіні камбінезон. Партыя гульні ў «дроцікі», што адбывалася на другім канцы залы, спынілася на нейкія паўхвіліны. Стары чалавек, за якім ён зайшоў, стаяў каля стойкі і за нешта сварыўся з бармэнам, каржакаватым дзецюком з вялізнымі рукамі. Іншыя стаялі з куфлямі ў руках і назіралі за сцэнай.

— Я вас прыстойна папрасіў, што, не? — казаў стары, ваяўніча распростваючы плечы. — А вы кажаце, што ў вашым няшчасным будане няма куфля ў адну пінту?

— А што за трасца гэтая пінта? — пытаўся бармэн і нахіляўся цераз стойку, абапіраючыся на яе кончыкамі пальцаў.

— Паглядзіце на яго! Лічыць сябе бармэнам, а сам не ведае, што такое пінта! Пінта — гэта палова кварты, а чатыры кварты — гэта галон. Можа, яшчэ навучыць цябе чытаць?

— Ніколі ў жыцці не чуў, — рэзка адказаў бармэн. — Літр і паўлітра — усё, чым мы мераем. Вунь куфлі на паліцы.

— А я хачу пінту, — упарта паўтараў стары. — Гэтак жа вы можаце мне наліць і адну пінту. Калі я быў малады, мы гэтых дурных літраў не ведалі.

— Калі вы былі малады, мы ўсе яшчэ жылі на дрэвах, —сказаў бармэн, скоса паглядзеўшы на кліентаў.

Пачуўся выбух смеху, і збянтэжанасць, выкліканая Ўінстанавым прыходам, здавалася, рассеялася. Парослы белай шчэццю твар старога злёгку пачырванеў. Мармычучы нешта сабе пад нос, ён павярнуўся ад стойкі і наткнуўся на Ўінстана. Той асцярожна ўзяў яго пад руку.

— Ці магу я вас запрасіць выпіць са мной? — спытаўся ён.

— Вы джэнтльмен, — адказаў стары і зноў расправіў плечы. Здавалася, ён не заўважыў Ўінстанавага сіняга камбінезона. — Адну пінту! — крыкнуў ён ваяўніча бармэну. — Адну пінту светлага.

Бармэн наліў два паўлітры цёмна-бурага піва ў тоўстыя куфлі, якія ён папаласкаў у цэбры пад стойкай. Піва было адзіным напоем, які можна было атрымаць у пролаўскіх шынках. Пролам не дазвалялася піць джын, хоць на практыцы яны даволі лёгка маглі яго здабыць. Кіданне дроцікаў зноў было ў разгары, а група людзей каля стойкі пачала абмяркоўваць вынікі розыгрышу Латарэі. Пра Ўінстана на нейкі час забыліся. Пад акном стаяў маленькі столік, дзе ён і стары маглі спакойна пагаварыць, не баючыся, што іх падслухаюць. Гэта было надзвычай небяспечна, але, ва ўсялякім разе, у зале не было тэлегляда. У гэтым Ўінстан упэўніўся адразу, як толькі ўвайшоў.

— Ён мог спакойна наліць мне адну пінту, — бурчаў стары, займаючы месца за столікам. — Гэтага мне будзе замала. А цэлы літр — замнога. Будзе ціснуць мне на мачавы пузыр. Не кажучы ўжо пра цану.

— З таго часу, як вы былі малады, шмат чаго, напэўна, змянілася, — сказаў Ўінстан, нібы прымерваючыся.

Позірк пабляклых блакітных вачэй старога перайшоў ад круга для кідання дроцікаў да стойкі, ад стойкі да дзвярэй з надпісам «М», быццам гаворка ішла пра змены, што адбыліся ў шынку.

— Піва было лепшае, — урэшце сказаў ён. — І таннейшае! Калі я быў малады, піва каштавала — мы называлі яго «светлае» — чатыры пенсы за пінту. Гэта было недзе перад вайной.

— Перад якой вайной? — спытаўся Ўінстан.

— Вайна ёсць вайна, — неяк незразумела адказаў стары.

Ён падняў куфаль, яго плечы зноў выпрасталіся.

— Ваша здароўе!

Востры кадык на схуднелай шыі старога незвычайна рэзка таргануўся, і піва знікла. Ўінстан схадзіў да стойкі і вярнуўся з яшчэ двума паўлітрамі. Здаецца, стары забыўся пра свае перасцярогі што да цэлага літра.

— Вы значна старэйшы за мяне, — сказаў Ўінстан. — Калі я нарадзіўся, вы былі ўжо дарослым чалавекам. Вы яшчэ памятаеце старыя, дарэвалюцыйныя часы. Людзі майго веку, па сутнасці, нічога пра тыя часы не ведаюць. Мы можам толькі прачытаць пра іх у кнігах, але там можа быць няпраўда. Я б хацеў пачуць, што вы пра гэта думаеце. Падручнікі гісторыі сцвярджаюць, што жыццё да Рэвалюцыі было зусім іншае, чым цяпер. Тады панаваў жахлівы прыгнёт, несправядлівасць, беднасць — горш, чым мы сабе можам уявіць. Тут, у Лондане, большасць людзей ад нараджэння да смерці ніколі не елі ўдосыць. Палова з іх не мела нават чаравікаў на нагах. Яны працавалі дванаццаць гадзін на дзень, кідалі школу ў дзевяць гадоў, спалі па дзесяцёра ў адным пакоі. І ў той самы час былі таксама некаторыя, іх было зусім мала — усяго пару тысяч, іх называлі капіталістамі — што былі багатыя і магутныя. Яны мелі ўсё, што толькі можна было мець. Яны жылі ў вялікіх шыкоўных дамах, мелі па трыццаць слуг, ездзілі на аўтамабілях і на чацвёрках коней, пілі шампанскае, насілі цыліндры...

Твар старога раптам прасвятліўся.

— Цыліндры! — паўтарыў ён. — Дзіўна, што вы згадалі пра гэта. Учора я таксама думаў пра цыліндры, не ведаю чаму. Я якраз думаў — во ўжо колькі гадоў я не бачыў ніводнага цыліндра. Болей няма, ага. Апошні раз я надзяваў цыліндр, гэта было, як хавалі маю швагерку. Гэта было... не, ужо не помню, мо ўжо гадоў пяцьдзесят таму. Вядома ж, я яго браў напракат, самі разумееце.

— Цыліндры — гэта не так важна, — цярпліва працягваў Ўінстан. — Пытанне ў тым, што гэтыя капіталісты — ды яшчэ трохі суддзяў і святароў, што жылі за іх кошт, — былі гаспадарамі зямлі. Усё існавала для іх. Вы, звычайныя людзі, працоўныя, былі ў іх за рабоў. Яны маглі зрабіць з вамі ўсё, што хацелі. Яны маглі адправіць вас у Канаду, як жывёлу. Яны маглі спаць з вашымі дочкамі, каб хацелі. Яны маглі загадаць адхвастаць вас нечым, што звалася «дзевяціхвосты кот». Мінаючы іх, вы мусілі здымаць шапку. Усе капіталісты хадзілі паўсюль з хеўрай лёкаяў, якія...

Твар у старога засвяціўся зноў.

— Лёкаі, — сказаў ён. — Вось слова, якое я не чуў ужо так даўно. Лёкаі! Адразу прыгадваюцца даўнія часы, ну так! Памятаю, як... колькі ж гэта гадоў ужо? а, не ведаю. Часам я хадзіў у Гайд-парк вечарамі ў нядзелю, паслухаць, як там гавораць. Армія збаўлення, рыма-католікі, жыды, індусы. Каго толькі не было. Быў там адзін, імя я ўжо не помню, але ж добры прамоўца, надта прыгожа казаў! «Лёкаі! — казаў. — Лёкаі буржуазіі! Паслугачы кіраўнічае клясы!» «Паразіты», — таксама казаў. А яшчэ: «Гіены!»» Во, як ён іх называў. Вядома ж, гэта ён казаў пра лейбарыстаў.

Ўінстану здавалася, што ён гуляе ў сапсаваны тэлефон.

— Папраўдзе, я хацеў бы ведаць вось што... — сказаў ён. — Ці вы думаеце, што цяпер болей свабоды, чым тады? Ці вас болей лічаць цяпер за чалавека? У старыя часы багатыя людзі, людзі, што кіравалі...

У галаве ў старога бліснуў успамін.

— Палата Лордаў, — падказаў ён.

— Палата Лордаў, калі хочаце. Вось што я хачу спытаць: ці тыя людзі маглі лічыць вас ніжэйшымі за сябе толькі таму, што яны былі багатыя, а вы бедныя? Ці праўда, напрыклад, што вы мусілі іх называць «сэр» і здымаць шапку, калі сустракаліся з імі?

Стары глыбока задумаўся. Ён выпіў амаль чвэрць свайго піва і тады сказаў:

— Так. Яны любілі, каб з імі віталіся. Гэта паказвала павагу. Я гэтага не любіў, але таксама гэтак рабіў, даволі часта. Так было трэба, напэўна.

— Ці было звычайным, — я паўтараю толькі тое, пра што прачытаў у падручніках, — ці было звычайным, што гэтыя людзі і іх слугі спіхвалі вас з ходніка ў канаву?

— Адзін такі піхнуў мяне аднойчы, — сказаў стары. — Помню, быццам учора было. Быў вечар, якраз была Рэгата. Пад час тых рэгатных вечароў заўсёды было тлумна, і во я натыкаюся на нейкага маладзёна на праспекце Шэфтсберы. Такі шыкоўны быў. Кашуля, цыліндр, чорны гарнітур. Хістаўся ў бакі, дык я і наткнуўся на яго, не заўважыў. Ён кажа: «Што, не бачыш, куды ідзеш, га?» Я кажу: «А вы што, купілі гэты сраны тратуар?» Ён кажа: «Я табе адкручу галаву, калі будзеш са мной так гаварыць». Я кажу: «Вы п'яны, я вас пакладу праз паўхвіліны!» І вы не паверыце, ён паклаў мне руку на грудзі і гэтак піхнуў, што я ледзь не зваліўся пад колы аўтобуса. Але тады я быў яшчэ малады і мог бы яго адлупцаваць як след, але...

Ўінстана ахапіла пачуццё бездапаможнасці. Памяць старога была грудай дэталяў. Так можна было распытваць яго цэлы дзень і не атрымаць ніякай важнай інфармацыі. Партыйныя падручнікі па гісторыі маглі быць у нейкай ступені слушныя. Яны маглі быць нават цалкам слушныя. Ён зрабіў апошнюю спробу.

— Можа, я не так ясна выказаўся, — сказаў ён. — Вось што я хачу сказаць. Вы пражылі доўгае жыццё. Больш за палову жыцця вы жылі да Рэвалюцыі. У 1925 годзе, напрыклад, вы ўжо былі дарослы. Ці не маглі б вы сказаць, грунтуючыся на ўспамінах, што жыццё ў 1925 годзе было лепшае, чым цяпер? Ці яно было горшае? Калі б вы маглі выбраць, дзе б вы хацелі жыць: у тых часах або цяпер?

Стары задуменна паглядзеў на шчыт, куды кідалі дроцікі. Ён дапіў куфаль, павальней, чым папярэдні, і сказаў спагадна і філасафічна, быццам піва змякчыла яго:

— Ведаю, чаго вы ад мяне чакаеце. Вы чакаеце, што я скажу, што хацеў бы зноў стаць маладым. Шмат хто сказаў бы, што хоча стаць маладым, калі б у іх спыталіся. Дажыўшы да маіх гадоў, заўсёды скардзяцца на жыццё. У мяне нейкая немач у нагах, надта баліць, і мачавы пузыр таксама. Уначы паднімае мяне з ложка разоў шэсць ці сем. З другога боку, вельмі добра быць старым. Няма болей колішняга клопату. З жанчынамі няма нічога — вось што добра. Я не меў жанчын ужо гадоў трыццаць, можаце мне верыць. Нават больш — я ні разу іх не хацеў за гэты час.

Ўінстан абаперся на падваконне. Не было сэнсу працягваць. Ён пайшоў узяць яшчэ піва, калі стары раптам падхапіўся і пабег у смярдзючую прыбіральню, што была збоку. Лішнія паўлітра зрабілі сваю справу. Ўінстан пасядзеў яшчэ хвіліну ці дзве, утаропіўшы вочы ў пусты куфаль, і не заўважыў, як ногі самі вынеслі яго на вуліцу. Прайшло нейкіх дваццаць гадоў, падумаў ён, і ніхто ўжо не можа адказаць на гэтае простае пытанне: «Ці было жыццё да Рэвалюцыі лепшае, чым цяпер?» І праўда, на яго ўжо нельга было адказаць, бо тыя рэдкія ацалелыя зломкі старога свету не маглі ўжо параўнаць адну эпоху з другой. Яны памяталі безліч непатрэбных рэчаў: сварку з калегам, пошукі згубленай роварнай помпы, выраз твару даўно памерлай сястры, слупы пылу ветраным ранкам семдзесят гадоў таму; але ўсе важныя падзеі засталіся па-за іх зрокам. Яны былі як мурашкі: маленькае яны бачылі, вялікае — не. Памяць слабла, дакументы фальсіфікаваліся, і тады з заявай Партыі аб тым, што яна палепшыла ўмовы жыцця людзей, трэба пагадзіцца, бо не існавала і не магло ніколі існаваць узору, з якім можна было б параўнаць цяперашнія ўмовы.

Плынь Ўінстанавых думак раптоўна перарвалася. Ён спыніўся і падняў вочы. Ён стаяў у вузкай вулцы са змрочнымі маленькімі крамкамі, уціснутымі між жылых дамоў. Тры пабляклыя металічныя кулі, якія некалі былі пазалочаныя, звісалі над самай галавой. Яму здалося, што ён пазнаў гэтае месца. Натуральна! Ён стаяў перад антыкварнай крамай, дзе быў купіў сваю кнігу.

Па ім прабеглі дрыжыкі страху. Ужо сама пакупка кнігі была даволі неасцярожным учынкам, і ён паабяцаў сабе ніколі больш не паяўляцца ў гэтых мясцінах. Але як толькі ён пусціў свае думкі блукаць, дзе ім хочацца, ногі самі прывялі яго сюды. Якраз ад гэткіх самагубных памкненняў душы ён і спадзяваўся засцерагчыся, пішучы свой дзённік. У той самы момант ён заўважыў, што крама яшчэ адчыненая, хоць было ўжо недзе каля дваццаці адной гадзіны. Падумаўшы, што яго хутчэй заўважаць тут, на вуліцы, чым у краме, ён расчыніў дзверы. Калі б у яго спыталіся, ён зусім шчыра мог бы сказаць, што шукае лёзы для галення.

Гаспадар запаліў вісячую лямпу, ад якой ішоў горкі, але прыязны пах. Гэта быў чалавек гадоў шасцідзесяці, кволы і згорблены, з доўгім і зычлівым носам. Вочы з мяккім позіркам былі дэфармаваныя тоўстымі шкельцамі акуляраў. Валасы ў яго былі амаль белыя, але бровы — густыя і чорныя. Яго акуляры, далікатныя рухі, стары чорны аксамітны фрэнч надавалі яму выгляд інтэлектуала, быццам ён быў літаратар або музыкант. Голас у яго быў мяккі, нібы прыглушаны, а мова не такая сапсаваная, як у большасці пролаў.

— Я пазнаў вас яшчэ на вуліцы, — сказаў ён адразу. — Вы той пан, што купіў дзявочы альбом. У ім была цудоўная папера, сапраўды цудоўная. Крэмавае вержэ — так яе раней называлі. Такую паперу не вырабляюць ужо — о, ужо гадоў пяцьдзесят. — Ён паглядзеў на Ўінстана паўзверх акуляраў. — Чым я магу вам дапамагчы? Вы шукаеце што-небудзь ці хацелі б проста паглядзець?

— Я проста праходзіў міма, — нерашуча адказаў Ўінстан. — Захацелася зазірнуць. Я не шукаю нічога канкрэтнага.

— Тым лепей, — сказаў той, — бо я ўсё роўна не здолеў бы вас задаволіць, — ён зрабіў вінаваты рух сваёй мяккай рукою. — Вы ж бачыце самі: крама, можна сказаць, пустая. Між намі кажучы, антыкварны гандаль ужо амаль і не існуе. Няма болей ніякага попыту, дый ніякага тавару. Мэбля, фарфор, шкло — усё паступова панішчылася. А металёвыя рэчы збольшага пайшлі на пераплаўку. Ужо колькі год я не бачыў ніводнага латуннага падсвечніка.

І сапраўды, цесная крама была поўная, але ў ёй не было аніводнае рэчы, якая б мела хоць найменшую каштоўнасць. Вольнай падлогі было вельмі мала, бо пры кожнай сцяне былі нагрувашчаныя запыленыя карцінныя рамы. У вітрыне стаялі скрынкі з мутэркамі і трубкамі, тупымі зубіламі, канцылярскімі нажамі з абламанымі лёзамі, іржавымі гадзіннікамі, якія ўжо напэўна ніколі не будуць хадзіць, і рознай іншай старызнай. Толькі на маленькім століку ў кутку ляжалі розныя прыгожыя драбніцы — лакаваныя табакеркі, агатавыя брошкі і іншае — рэчы, што выглядалі так, быццам сярод іх можна было знайсці штосьці цікавае. Калі Ўінстан праціснуўся да століка, яго позірк упаў на круглы гладкі прадмет, што мякка свяціўся пад лямпай, і ён узяў яго ў рукі.

Гэта быў цяжкі кавалак шкла, з аднаго боку круглы, з другога — пляскаты, амаль як палова шара. І колер, і выгляд шкла меў нейкае асабліва мяккае адценне, быццам яно было напоўненае дажджавой вадой. Усярэдзіне віднелася павялічанае выгнутай паверхняй дзіўнае ружовае стварэнне, падобнае да ружы або марской зоркі.

— Што гэта? — запытаўся Ўінстан у захапленні.

— Гэта карал, — сказаў стары. — Ён, напэўна, паходзіць з Індыйскага акіяна. Іх звычайна ўстаўлялі гэтак у шкло. Гэтая рэч была зроблена гадоў сто таму. Можа, нават і болей, мяркуючы з выгляду.

— Прыгожая рэч, — адзначыў Ўінстан.

— Прыгожая, — сказаў з гордасцю стары. — Мала хто сёння гэтак скажа, — ён закашляўся. — Цяпер, калі вы выпадкам захочаце гэта купіць, дык я вам саступлю за чатыры даляры. Я памятаю часы, калі за гэткую рэч можна было атрымаць восем фунтаў, а тады восем фунтаў былі — цяпер я не змагу падлічыць, карацей кажучы, куча грошай. Але каму цяпер патрэбны сапраўдны антыкварыят — тыя рэшткі, што яшчэ засталіся.

Ўінстан адразу адлічыў чатыры даляры і засунуў пажаданы прадмет у кішэню. Яго захапляла не так прыгажосць, як нешта патаемнае, уласцівае гэтаму прадмету, што, здавалася, нагадвала пра тое, што ён належаў да нейкай іншай, інакшай эпохі. Мяккае, нібы налітае дажджавой вадой шкло было непадобнае да звычайнага шкла, гэткага Ўінстан яшчэ ніколі не бачыў. Прадмет быў больш прыцягальны сваёй відавочнай непатрэбнасцю, хоць і можна было здагадацца, што калісьці, напэўна, ён быў задуманы як прэс-пап'е. Ён моцна адцягваў кішэню, але, на шчасце, не надта выпінаўся. Сябру Партыі было дзіўна і нават небяспечна мець такую рэч. Усё старое, а значыць, — усё прыгожае было заўсёды трошкі падазронае. Атрымаўшы чатыры даляры, стары прыкметна павесялеў. Ўінстан зразумеў, што той згадзіўся б і на тры ці нават на два.

— Наверсе ёсць яшчэ адзін пакой. Можа, вам было б цікава паглядзець, — сказаў ён. — У ім няшмат рэчаў. Толькі сёе-тое з мэблі. Калі пойдзем наверх, трэба захапіць святло.

Ён запаліў яшчэ адну лямпу і пайшоў, сагнуўшы спіну, наперад, наверх па стромых стаптаных сходах, пасля праз маленькі калідорчык. Яны ўвайшлі ў пакой, праз вокны якога можна было ўбачыць брукаваны дворык і цэлы лес комінаў. Ўінстан заўважыў, што мэбля стаяла так, быццам у пакоі нехта жыў. На падлозе ляжаў дыван, на сценах вісела колькі карцін, каля каміна стаяў глыбокі, неахайны фатэль. На каміннай паліцы цікаў старамодны гадзіннік са шкляным вечкам і дванаццацігадзінным цыферблатам. Пад акном стаяў, займаючы амаль чвэрць пакоя, вялізны ложак, на якім яшчэ ляжаў матрас.

— Мы жылі тут, пакуль не памерла мая жонка, — сказаў стары, быццам просячы прабачэння. — А цяпер я патроху прадаю мэблю. Гэта вось — шыкоўны ложак з чырвонага дрэва, ці, хутчэй, ён быў бы шыкоўны, калі б з яго выгналі клапоў. Але вам, напэўна, здаецца, што ён займае шмат месца.

Ён трымаў лямпу высока, каб асвятліць усё памяшканне, і ў мяккім прыглушаным святле пакой выглядаў надзіва прывабліва. У галаве ў Ўінстана прамільгнула думка, што, напэўна, было б даволі лёгка наняць гэты пакой за пару даляраў у тыдзень, калі б толькі наважыцца на такую рызыку. Гэта была немагчымая, вар'яцкая ідэя, якую адразу трэба было выкінуць з галавы; але пакой будзіў у ім нейкую настальгію, нейкую памяць продкаў. Яму здалося, што ён дакладна ведае, што адчуваеш, калі сядзіш у такім пакоі ў фатэлі каля агню, абапершы ногі на камінную кратку, а на каміне грэецца імбрык: поўная адзінота, поўны спакой, ніхто за табой не сочыць, нічый голас табе не назаляе — не чуваць нічога, акрамя спеву імбрыка і прыязнага цікання гадзінніка.

— Тут няма тэлегляда! — мімаволі прашаптаў ён.

— О, — сказаў стары. — У мяне ніколі не было такіх рэчаў. Занадта дорага. Ды я, напэўна, і не адчуваў ніколі такой патрэбы. Унь там у куце цудоўны складны столік. Трэба толькі паставіць новыя завесы, тады ён будзе добра раскладацца.

У другім куце стаяла маленькая кніжная палічка, і Ўінстана міжволі пацягнула да яе. Але на ёй не было нічога, апроч рознай нявартай драбязы. Вышукванне і знішчэнне кніг у пролаўскіх кварталах праводзілася гэтак жа грунтоўна, як і ў іншых месцах. Наўрад ці дзе ў Акіяніі захаваўся хоць адзін асобнік кнігі, выдрукаванай да 1960 года. Усё яшчэ трымаючы ў руцэ лямпу, стары стаяў перад карцінай у палісандравай раме, што вісела па другі бок ад каміна, насупраць ложка.

— Можа, вас выпадкам цікавяць старыя гравюры... — асцярожна пачаў ён.

Ўінстан падышоў бліжэй, каб лепш разгледзець карціны. Гэта была гравюра на сталі, на якой была авальная пабудова з прастакутнымі вокнамі і маленькай вежачкай пасярэдзіне. Вакол будынка ішла сталёвая агароджа, а на заднім плане стаяла нешта падобнае да статуі. Ўінстан на некалькі імгненняў затрымаў позірк на карціне. Яна чамусьці здалася яму знаёмай, хоць статую ён пазнаць не мог.

— Рама прымацаваная да сцяны, — сказаў стары. — Але я магу яе адкруціць для вас, калі дазволіце.

— Я ведаю гэты будынак, — сказаў урэшце Ўінстан. — Цяпер там руіны. Пасярод вуліцы, уздоўж Палаца Справядлівасці.

— Менавіта так. Каля Вялікага судовага двара. Будынак быў разбураны бомбай у... — а, шмат гадоў таму. Калісьці гэта была царква. Яна звалася царквой Святога Клемана, — ён вінавата ўсміхнуўся, быццам адчуваў, што кажа нешта смешнае, і дадаў: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана...»

— Што гэта? — спытаўся Ўінстан.

— Ат... «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана». У нас быў такі вершык, як я быў маленькім хлопчыкам. Як там далей — я ўжо не памятаю. Ведаю толькі, што канчаецца яна так:

Вось і свечка, — каб спаткі давесці,

Вось сякера — галованьку знесці.

Гэта было нешта накшталт таночка. Дзеці трымалі рукі, паднятыя ўгару, каб можна было прайсці пад імі, а калі даходзіла да:

Вось сякера — галованьку знесці, —

рукі апускаліся і некага хапалі. У вершыку былі назвы цэркваў. Там былі ўсе лонданскія цэрквы — усе самыя вядомыя.

Ўінстан падумаў, у якім стагоддзі магла быць пабудавана гэтая царква. Было заўсёды вельмі цяжка вызначыць век якога-небудзь лонданскага будынка. Усё вялікае і значнае, калі хоць трохі выглядала новым, аўтаматычна залічвалася да новабудоваў Рэвалюцыі, тым часам як усё, што відавочна адносілася да ранейшых часоў, прыпісвалася цёмнай і няяснай эпосе, што звычайна вызначалася як Сярэднявечча. Усё выстаўлялася так, быццам стагоддзі капіталізму не прынеслі нічога, што б мела хоць найменшую вартасць. Архітэктура магла паведаміць пра гісторыю гэтак жа мала, як і кнігі. Статуі, надпісы, помнікі, назвы вуліц — усё, што магло праліць святло на мінуўшчыну, сістэматычна зменьвалася.

— Я і не ведаў, што гэта была царква, — сказаў Ўінстан.

— Дык жа іх яшчэ багата засталося, — сказаў стары, — праўда, яны цяпер выкарыстоўваюцца з іншымі мэтамі. Як жа ж там было далей у тым вершыку? А, вось:

Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана,
Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы ў Святога Марціна.

Вось усё, што памятаю. Фартынг — гэта была такая маленькая медная манетка, падобная да цэнта.

— А дзе была царква Святога Марціна? — спытаўся Ўінстан.

— Святога Марціна? Яна яшчэ стаіць. На плошчы Перамогі, насупраць карціннай галерэі. Будынак з гэткім трохкутным порцікам, спераду — калоны і вялікія шырокія сходы.

Ўінстан добра ведаў гэты будынак. Гэта быў музей, дзе выстаўляліся разнастайныя прапагандысцкія матэрыялы: паменшаныя мадэлі ракетных бомбаў, Плывучых Крэпасцяў, васковых копій зверстваў ворагаў і гэтак далей.

— Яе звычайна называлі царквой Святога Марціна ў палях, — дадаў стары, — хоць я і не памятаю пра нейкія палі на тым месцы.

Ўінстан не купіў карціны. Мець яе было б яшчэ больш недарэчна, чым шкляное прэс-пап'е, да таго ж яе немагчыма было занесці дадому, хіба толькі дастаўшы з рамы. Але ён застаўся яшчэ на некалькі хвілін, каб пагаварыць са старым, які, зрэшты, зваўся не Ўікс, як сведчыў надпіс на шыльдзе, а Чэрынгтан. Выявілася, што пан Чэрынгтан быў удавец шасцідзесяці трох гадоў і ўжо больш за трыццаць гадоў жыў у гэтай краме. Увесь гэты час ён збіраўся памяняць шыльду, але да гэтага так і не дайшло. Пад час гаворкі ў Ўінстана з галавы ніяк не выходзіў дзіцячы вершык: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана. Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы ў Святога Марціна». Дзіўна, што, калі ён вымаўляў гэта, яму здавалася, што ён сапраўды чуе званы, званы даўно забытага, зніклага назаўсёды Лондана, які ўсё ж сям-там перакручаны, перароблены і забыты існаваў. Яму чуліся званы то адной прывіднай званіцы, то другой. Аднак, наколькі ён мог помніць, ён ніколі ў жыцці не чуў царкоўных званоў.

Ён развітаўся з панам Чэрынгтанам і спусціўся па сходах адзін, каб стары не заўважыў, што, перш чым выйсці, ён кінуў дапытлівы позірк на вуліцу. У душы ён ужо вырашыў, што, счакаўшы нейкі час, — можа, праз месяц, ён возьме на сябе рызыку і яшчэ раз наведае краму. Гэта было, напэўна, не больш небяспечна, чым прапусціць вечар у Доме Культуры. Уласна кажучы, незвычайнай адвагай было ўжо тое, што ён зноў прыйшоў сюды пасля таго, як купіў дзённік, не ведаючы, ці можна давяраць гаспадару крамы. Але хай ужо будзе, што будзе!..

Так, зноў падумаў ён, ён прыйдзе сюды зноў. Ён купіць яшчэ штосьці з той прыгожай драбязы. Ён купіць гравюру з царквой Святога Клемента, дастане яе з рамы і прынясе дадому, схаваўшы пад блузай камбінезона. А яшчэ ён дапытаецца ад пана Чэрынгтана астатніх радкоў гэтага вершыка. Нават вар'яцкі план наняць пакой на верхнім паверсе зноў на нейкі момант мільгануў у ягоных думках. На нейкія пяць секунд праз радаснае захапленне ён забыўся пра асцярожнасць і выйшаў на вуліцу, нават не паглядзеўшы спярша дзеля засцярогі праз акно. Ён нават пачаў напяваць на адвольны матыў:

Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана.
Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы...

Раптам яго сэрца скамянела і ў яго пахаладзела ў жываце. Постаць у сінім камбінезоне ішла па бруку за нейкія дзесяць метраў ад яго. Гэта была дзяўчына з аддзела мастацкай літаратуры, дзяўчына з цёмнымі валасамі. Асвятленне было дрэннае, але ён адразу яе пазнаў. Яна зірнула яму проста ў твар і пайшла хуткім крокам далей, быццам не заўважыла яго.

Колькі секунд Ўінстан стаяў аслупянелы і не мог скрануцца з месца. Тады ён павярнуўся направа і рэзка рвануў наперад, не заўважыўшы ў першы момант, што ідзе ў другі бок. Ва ўсялякім разе адно было пэўнае. Не было болей ніякага сумнення, што дзяўчына сочыць за ім. Напэўна, яна ішла за ім, бо нельга было паверыць, што яна зусім выпадкова прайшла тым самым вечарам па тым самым цёмным завулку, за кіламетры ад кварталаў, дзе жылі сябры Партыі. Гэта было б занадта вялікае супадзенне. Была яна сапраўды агентам Паліцыі Думак або толькі віжом-аматарам, натхнёным празмернай службовай рупнасцю, — гэта было ўжо не так важна. Дастаткова было, што яна сачыла за ім. Напэўна, яна бачыла і тое, як ён увайшоў у шынок.

Яму стала цяжка ісці. Шкляны прадмет у кішэні біў з кожным крокам яго па сцягне, і ён ужо быў гатовы дастаць яго і выкінуць. Але больш ён пакутаваў ад болю ў жываце. На нейкі момант ён адчуў, што зараз памрэ, калі хутка не знойдзе прыбіральні. Але ў гэткіх кварталах, напэўна, не было ніякіх грамадскіх прыбіральняў. Аднак сутаргі прайшлі, і застаўся толькі тупы боль.

Вуліца канчалася тупіком. Ўінстан спыніўся і на колькі секундаў нерашуча задумаўся, не ведаючы, што рабіць. Пасля ён павярнуўся і пайшоў назад. Павярнуўшыся, ён падумаў, што дзяўчына прайшла ўсяго нейкія тры хвіліны таму, і калі ён пабяжыць, дык хутка яе дагоніць. Ён мог ісці за ёй, пакуль яна не зойдзе ў якую-небудзь ціхую мясціну, а тады разбіць ёй чэрап каменем з бруку. Шкляны прадмет у кішэні быў дастаткова цяжкі для гэтага. Але ён адразу адкінуў гэтую ідэю, бо адна толькі думка пра хоць якое фізічнае напружанне была яму нясцерпная. Ён не мог бегчы, ён не мог ударыць. Апроч гэтага, яна была маладая і дужая і напэўна стала б абараняцца. Ён падумаў, што можна было яшчэ паспець у Дом Культуры і застацца там да закрыцця, каб забяспечыць сабе хоць частковае алібі на вечар. Але і гэта было немагчыма. Ім азалодала смяротная знямога. Ён хацеў толькі дайсці дадому, сесці і адпачыць.

Калі ён дабраўся да кватэры, было ўжо за дваццаць другую гадзіну. У дваццаць тры трыццаць адключыцца электрычнасць. Ён пайшоў на кухню і праглынуў амаль поўны кубак джыну «Перамога». Пасля падышоў да стала ў нішы, сеў і выцягнуў дзённік з шуфляды. Але разгарнуў яго не адразу. З тэлегляда металічны жаночы голас вішчаў патрыятычную песню. Ён так і сядзеў, няўцямна пазіраў на мармуровую вокладку, марна спрабуючы выключыць са свядомасці гэты голас.

Яны забіралі ўначы, заўсёды ўначы. Лепш за ўсё было забіць сябе, перш чым яны прыйдуць. Без сумнення, некаторыя так і рабілі. Шмат выпадкаў знікнення былі ў сапраўднасці самагубствамі. Але патрэбная была адчайдушная адвага, каб забіць сябе ў гэтым свеце, дзе цалкам немагчыма было дастаць пальную зброю ці хуткадзейную атруту. Ён са здзіўленнем думаў пра біялагічную непатрэбнасць болю і страху, пра здрадлівасць чалавечага цела, якое робіцца слабым менавіта ў той момант, калі ад яго патрабуецца асаблівае напружанне. Ён прымусіў бы чорнавалосую дзяўчыну замаўчаць, калі б толькі дзейнічаў дастаткова энергічна, але менавіта з-за сур'ёзнасці небяспекі, што пагражала яму, ён страціў здольнасць дзейнічаць. Яму прыйшла ў галаву думка, што ў хвіліны найвялікшай небяспекі даводзіцца змагацца не з ворагам звонку, а выключна з сваім целам. Нават цяпер, нягледзячы на джын, глухі нудлівы боль у жываце рабіў немагчымымі складаныя развагі. І ва ўсіх гераічных або трагічных выпадках адбываецца тое самае. На полі бітвы, у катавальнай камеры, на караблі, што ідзе на дно, тое, за што змагаешся, заўсёды забываецца, а цела ціснецца наперад, пакуль не запаўняе сабой увесь сусвет. І нават тады, калі цела не дранцвее ад страху, калі не даводзіцца крычаць ад болю, жыццё ўсё адно заўсёды застанецца штохвілінным змаганнем з голадам ці холадам, бяссонніцай, сапсаваным страўнікам або хворым зубам.

Ён разгарнуў дзённік. Цяпер было вельмі важна што-небудзь запісаць. Жанчына ў тэлеглядзе завяла новую песню. Яе голас, здавалася, раздзіраў ягоны мозг, як асколак шкла з вострымі краямі. Ён паспрабаваў думаць пра О'Браэна, дзеля якога, якому ён пісаў свой дзённік, але замест гэтага пачаў уяўляць сабе тое, што адбудзецца з ім, калі яго арыштуе Паліцыя Думак. Было б не так ужо і дрэнна, калі б яго адразу забілі. Смерці так ці так чакаеш. Але перад смерцю (ніхто пра такія рэчы не гаварыў, але ўсе гэта ведалі) спярша адбывалася непазбежнае выцягненне прызнанняў: поўзанне на падлозе, маленне аб літасці, трэск ламаных касцей, выбітыя зубы і скрываўленыя пасмы валасоў. Чаму прыходзілася зносіць усё гэта, калі канец заўсёды быў аднолькавы? Чаму нельга было проста выкасаваць пару дзён або тыдняў з жыцця? Ніхто яшчэ ніколі не ўнікнуў выкрыцця, ніхто не пазбег допытаў. Дастаткова было аднойчы зрабіць думзлачынства, і праз нейкі час непазбежна прыходзіла смерць. Чаму ж тады гэты жах, які нічога ўжо не мяняў, мусіў хавацца недзе ў будучым?

Ён паспрабаваў з трошкі большым поспехам, чым раней, выклікаць у думках вобраз О'Браэна. «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры», — сказаў яму некалі О'Браэн. Ён ведаў, што гэта значыць, а можа, толькі думаў, што ведае. Месца, дзе няма болей цемры — гэта была казачная будучыня, убачыць якую ніколі не давядзецца, але да якой шляхам прадбачання можна было неяк таямніча далучыцца. Але пакуль у яго ў вушах грымеў голас з тэлегляда, ён не мог засяродзіцца на сваіх думках. Ён запаліў цыгарэту. Палова тытуню адразу высыпалася яму на язык, горкі пыл, які было цяжка выплюнуць. Перад ім, засланіўшы О'Браэна, зноў узнік твар Вялікага Брата. Зусім як некалькі дзён таму, ён выцягнуў з кішэні манету і паглядзеў на яе. З манеты глядзеў цяжкі, спакойны паблажлівы твар: але якая ж усмешка хавалася пад чорнымі вусамі? Змрочным хаўтурным звонам адгукнуліся словы:

ВАЙНА ЁСЦЬ МІР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СІЛА


«1984»: [Главная стр.] [Частка 1.] [Частка 2.] [Частка 3.] [Дадатак]

Библиотека [Анг] [Рус] > Романы [Анг] [Рус] ~ [Выключить CSS] [Транслит]

[orwell.ru] [Домой] [Биография] [Библиотека] [Жизнь] [О сайте & (c)] [Ссылки] [Мапа сайта] [Поиск] [Отзывы]

© 1999-2024 О. Даг – ¡Стр. созд.: 2001-03-24 & Посл. мод.: 2019-12-29!

World history . Выбирайте БМВ с пробегом в автосалоне Фастар Эксперт в Новосибирске.