Index > Library > Novels > Animal_Farm > Byelorussian > Сяргей Шупа

ДЖОРДЖ ОРУЭЛ

ФЕРМА

Аповесць

I

Містэр Джоўнз, гаспадар фермы Мэнар, зачыніў на ноч курнікі, але ён быў такі п'яны, што забыўся пра куранячыя пралазы. Ідучы за кругам святла ад ліхтара, якое скокала з боку ў бок, ён прайшоў, хістаючыся, праз двор, скінуў боты каля тыльнага ўвахода, нацадзіў сабе апошнюю шклянку з бочкі ў каморы і падняўся ў спальню, дзе ўжо храпла місіс Джоўнз.

Як толькі святло ў спальні згасла, ва ўсіх пабудовах на ферме пачалося варушэнне і розрух. Яшчэ ўдзень паўсюль разышлася чутка, што стары Маёр, дыпламаваны кныр сярэдняй белай пароды, прысніў папярэдняе ночы дзіўны сон і хацеў бы пераказаць яго іншым жывёлам. Было дамоўлена, што яны ўсе збяруцца ў вялікім гумне, як толькі ўпэўняцца, што містэр Джоўнз заснуў і не здолее ім перашкодзіць. Старога Маёра (так яго заўсёды называлі, хоць на сельскагаспадарчай выставе ён выступаў пад імем Уілінгдонскі Прыгажун) усе на ферме так глыбока паважалі, што кожны быў гатовы ахвяраваць гадзінаю сну, каб пачуць, што ён меўся сказаць.

У адным канцы вялікага гумна, дзе было нешта накшталт прыўзнятай пляцоўкі, пад ліхтаром, што звісаў з бэлькі, ужо ляжаў Маёр, зручна ўладкаваўшыся на саламяным подсціле. Яму было дванаццаць гадоў, і за апошні час ён моцна растлусцеў, але гэта ўсё яшчэ быў самавіты вяпрук з мудрым і дабразычным абліччам, нягледзячы на тое, што яму ніколі не падрэзвалі іклаў. Ужо даўно пачалі прыходзіць і іншыя жывёліны, уладкоўваючыся, як каму зручней. Спачатку прыйшлі тры сабакі, Званочак, Джэсі і Пінчар, пасля свінні — яны разлегліся на саломе перад самай пляцоўкай. Куры паселі на падаконні, галубы заляцелі на кроквы, авечкі і каровы леглі за свіннямі і пачалі жваць жуйку. Двое цяглавых коней, Баксёр і Канюшынка, увайшлі разам, ступаючы вельмі павольна і асцярожна апускаючы свае вялікія кашлатыя капыты, каб не раздушыць якую малую жывёліну, што схавалася ў саломе. Канюшынка была мажная кабыла-жарабятніца сярэдняга веку, да якой пасля чацвёртага жарабення так ужо і не вярнулася яе колішняя зграбнасць. Баксёр быў вялізнаю жывёлінаю, амаль васемнаццаць далоняў вышынёю, і дужы, як два звычайныя кані разам. Белая паласа ў яго на носе надавала яму крыху дурнаваты выгляд, дый сапраўды, вялікім розумам ён не вылучаўся, але ўсе навокал паважалі яго за цвёрды характар і неверагодную цягавітасць. Пасля коней прыйшлі белая каза Мюрыэль і асёл Бэнджамін. Бэнджамін быў сама старою і сама сярдзітаю жывёлінай на ферме. Гаварыў ён рэдка, а калі і раскрываў рот, дык звычайна каб зрабіць якую цынічную заўвагу — напрыклад, ён казаў, што Бог даў яму хвост, каб адганяць мух, але хай бы лепш не было ні хваста, ні мух. Сярод усіх жывёлаў на ферме ён быў адзіны, хто ніколі не смяяўся. Калі ў яго пыталіся чаму, ён адказваў, што не бачыць, з чаго смяяцца. Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмі прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавілі нядзелі разам на маленькім выгане за садам, там пасвіліся побач і ніколі не размаўлялі.

Абое коней ужо былі леглі, калі вывадак качанят, у якіх памерла маці, увайшоў шнурочкам у гумно, ледзь чутна піскаючы і азіраючыся на бакі, яны выглядалі сабе месца, дзе б на іх не наступілі. Канюшынка паклала перад імі пярэднюю нагу, абгарадзіўшы іх, нібы сцяною, качаняты схаваліся за ёю, як у гняздзечку, і адразу заснулі. У апошнюю хвіліну ўвайшла, строячы манерлівыя міны і жуючы кавалак цукру, дурненькая Молі, прыгожая белая кабылка, што вазіла рысорную двухколку містэра Джоўнза. Яна стала бліжэй да пераду і пачала трэсці сваёй белай грывай, каб усе пабачылі чырвоныя стужачкі, што былі ў яе заплеценыя. Сама апошні прыйшоў кот, агледзеўся, шукаючы, як звычайна, цяплейшага месца, і нарэшце ўціснуўся паміж Баксёрам і Канюшынкай; там ён задаволена муркаў пад час усёй Маёравай прамовы, не чуючы ні слова з таго, што той казаў.

Цяпер ужо сабраліся ўсе жывёлы, апроч свойскага крумкача Масея, які спаў на жэрдцы за тыльнымі дзвярмі. Пабачыўшы, што ўсе ўтульна размясціліся і ўважліва чакаюць, Маёр пракашляўся і пачаў:

— Таварышы, вы ўжо чулі пра дзіўны сон, што я сасніў мінулае ночы. Але пра сон я раскажу пазней. Спачатку я хацеў бы пагаварыць пра іншае. Я не думаю, таварышы, што буду яшчэ доўгія месяцы заставацца з вамі, але пакуль я не памёр, я лічу сваім абавязкам перадаць вам усю мудрасць, якую я набыў за маё жыццё. А жыццё я пражыў доўгае і меў багата часу на роздум, пакуль ляжаў адзін у сваім хляве, а таму, думаю, я магу сказаць, што зразумеў сутнасць жыцця на гэтай зямлі, як ніякая іншая жывёліна. Вось пра гэта я і хацеў бы з вамі пагаварыць.

Дык вось, таварышы, у чым жа сутнасць нашага жыцця? Давайце паглядзім на яго: жыццё нашае ўбогае, цяжкае і кароткае. Мы нараджаемся, нам даюць есці столькі, каб мы хоць крыху дыхалі, а тых з нас, хто на тое здольны, прымушаюць працаваць, выціскаючы з нас усё да апошняе кроплі; а як толькі мы робімся больш непатрэбныя, нас забіваюць з агіднай жорсткасцю. Ніводная жывёліна ў Англіі пасля таго, як ёй споўніцца год, не ведае, што такое шчасце або вольны час. Ніводная жывёліна ў Англіі не з'яўляецца свабоднай. Жыццё жывёлы — убогасць і рабства, гэта чыстая праўда.

Але, можа, гэткі ўжо прыродны парадак? Можа, таму, што зямля наша гэткая бедная, яна не можа даць магчымасці жыць прыстойным жыццём тым, хто яе насяляе? Не, таварышы, тысячу разоў не! Глебы ў Англіі ўрадлівыя, клімат добры, яна можа накарміць дасыта незраўнана большую колькасць жывёлаў, чым цяпер яе насяляе. Адна толькі гэтая наша ферма магла б забяспечыць тузін коней, два дзесяткі кароў, сотні авечак — і ўсе яны маглі б жыць з такімі выгодамі і годнасцю, якія сёння мы і ўявіць сабе не можам. Дык чаму ж мы і надалей гібеем у гэткіх убогіх умовах? Таму што амаль увесь плён нашае працы крадуць у нас чалавечыя істоты. І ў гэтым, таварышы, адказ на ўсе нашыя пытанні. Яго можна абагульніць у адным слове — Чалавек. Чалавек — наш адзіны сапраўдны вораг. Зліквідаваць Чалавека — і карэнная прычына голаду і рабскае працы будзе знішчана назаўсёды.

Чалавек — адзіная істота, якая спажывае, нічога не вырабляючы. Ён не дае малака, ён не нясе яек, ён занадта слабы, каб цягаць плуг, ён не ўмее бегаць так хутка, каб лавіць зайцоў, і, аднак, ён — гаспадар над усімі жывёламі. Ён прымушае іх працаваць, а ўзамен дае ім убогі мінімум, каб толькі не даць ім памерці з голаду, астатняе ж забірае сабе. Нашай працаю ўрабляецца зямля, нашым гноем яна ўгнойваецца, і, аднак, ніводзін з нас не валодае нічым, апрача свае няшчаснае шкуры. Вось вы, каровы, што стаіце цяпер перада мною, колькі тысяч галонаў малака далі вы за апошні год? А што сталася з гэтым малаком, якім можна было выкарміць столькі здаровых цялят? Усё да апошняе кроплі знікла ў глотках нашых ворагаў. А вы, куры, колькі яек знеслі вы за апошні год і колькі з гэтых яек выседзелі куранят? Астатняе звезлі на рынак, каб зарабіць грошы для Джоўнза і яго людзей. Ці вось ты, Канюшынка, дзе тыя чацвёра жарабятаў, што ты нарадзіла, якія маглі стацца табе радасцю і падмогай у старасці? Усіх папрадавалі, як толькі ім спаўняўся год — ніводнага з іх ты болей ніколі не ўбачыш. За пакуты пад час родаў і за ўсю тваю працу ў полі — што ты атрымала, апроч убогіх харчоў і бруднага стойла?

І нават такому нашаму няшчаснаму жыццю не даюць развівацца натуральным чынам. Што да мяне, я не скарджуся, бо я адзін з тых, каму пашанцавала. Мне дванаццаць гадоў, і я меў больш за чатырыста дзяцей. Гэта нармальнае жыццё для свінні. Але ніводная жывёліна ўрэшце не пазбягае бязлітаснага нажа. Вы, маладыя парасяты, што седзіце перада мною, усе вы са страшнымі крыкамі сустрэнеце смерць на калодзе праз нейкі год. І гэты жах чакае нас усіх — кароў, свінняў, курэй, авечак — усіх. Не лепшая доля ў коней і сабак. А цябе, Баксёр, у той самы дзень, калі твае магутныя цягліцы страцяць сваю сілу, Джоўнз прадасць скуралупу, які перарэжа табе глотку і зварыць з цябе поліўку сваім ганчакам. Што да сабакаў, дык калі яны зробяцца старыя і бяззубыя, Джоўнз прывяжа ім на шыю цагліну і патопіць іх у найбліжэйшым ставе.

Ці ж вам, таварышы, цяпер не ясна, што ўсё ліхое ў нашым жыцці спароджана тыраніяй людскога роду? Трэба толькі пазбавіцца ад Чалавека, і плён нашай працы будзе належаць нам самім. Амаль адразу мы станемся багатыя і вольныя. Дык што ж нам рабіць? А вось што: працаваць уночы і ўдзень, целам і душою, каб скінуць уладу чалавечага роду! Вось мой заклік да вас, таварышы: Паўстанне! Я не ведаю, калі пачнецца Паўстанне, гэта можа здарыцца праз тыдзень або праз сотні гадоў, але я ведаю, гэтаксама пэўна, як бачу гэтую салому ў мяне пад нагамі, што раней ці пазней справядлівасць пераможа. Няспынна памятайце пра гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А галоўнае — перакажыце гэты мой заклік тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленні маглі працягнуць змаганне да пераможнага канца.

І памятайце, таварышы, ваша рашучасць павінна быць непахісная. Ніякія доказы не павінны збіць вас з тропу. Ніколі не слухайце, калі вам будуць казаць, што Чалавек і жывёлы маюць агульныя інтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць і дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць інтарэсам ніводнай жывой істоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць і братэрства ў змаганні. Усе людзі — ворагі. Усе жывёлы — таварышы.

У гэтую хвіліну ўзняўся страшны гармідар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялікія пацукі выпаўзлі з сваіх нораў і цяпер сядзелі на задніх лапах і слухалі яго. Раптам іх заўважылі сабакі, і толькі спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукі ўратавалі сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклікаючы да цішыні.

— Таварышы, — сказаў ён, — нам трэба вырашыць адну праблему. Дзікія звяры, такія як пацукі або зайцы, — сябры яны нам або ворагі? Давайце паставім гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: ці можна лічыць пацукоў таварышамі?

Адразу прагаласавалі, і пераважнай большасцю было вырашана, што пацукі — таварышы. Было толькі чацвёра нязгодных: усе тры сабакі і кот, які, як высветлілася пасля, галасаваў на два бакі. Маёр працягваў:

— Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасці да Чалавека і ўсіх ягоных звычаяў. Той, хто ходзіць на дзвюх нагах, — вораг. Той, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы, — сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павінны да яго прыпадабняцца. Нават калі вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Ніводная жывёліна ніколі не павінна жыць у доме, спаць у ложку, насіць адзенне, піць гарэлку, курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкі Чалавека — ліха. І перад усім, ніводная жывёліна ніколі не павінна панаваць над сваімі блізкімі. Слабыя ці дужыя, разумныя ці дурныя, усе мы браты. Ніводная жывёліна ніколі не павінна забіваць іншай жывёліны. Усе жывёлы роўныя.

А цяпер, таварышы, я раскажу вам пра сон, што я сасніў мінулае ночы. Я не магу вам яго апісаць. Гэта быў сон пра жыццё на зямлі, якое яно будзе, калі знікне Чалавек. Але ён нагадаў мне штосьці, пра што я даўно ўжо забыўся. Шмат гадоў таму, калі я быў маленькім парасяткам, мая маці і іншыя мацёры часта спявалі старую песню, з якой яны памяталі толькі мелодыю і тры першыя словы. Я памятаў гэтую мелодыю, калі быў малы, але даўно ўжо забыўся. Мінулае ночы, аднак, яна вярнулася да мяне ў сне. І нават болей — вярнуліся і словы песні, якую, я ў гэтым упэўнены, некалі даўно спявалі жывёлы, але пасля тыя словы сцерліся з памяці цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, і голас у мяне грубы, але калі я навучу вас мелодыі, вы самі заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца «Звяры Брытаніі».

Стары Маёр пракашляўся і пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволі добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе паміж «Клементынай» і «Кукарачай». Словы былі такія:

Шатландскі звер і звер ангельскі,
Звяры ўсіх земляў і плямён,
Пачуйце радасную вестку
Пра набліжэнне светлых дзён.

Чакайце: прыйдзе час шчаслівы —
І згінуць людзі-ўладары.
І па палетках урадлівых
Будуць ступаць адны звяры.

Не будуць люта ляскаць пугі,
Мы скінем з шыяў хамуты,
І саржавеюць шпоры й цуглі
У час той прышлы залаты.

Усе багацці: бульба, жыта,
Пшаніца, сена і ячмень, —
Нам застануцца, і дасыта
Мы будзем есць і піць штодзень.

Падуць платы і загародкі,
Зазелянее кожны кут,
Паветра зробіцца салодкім
У дзень збавення ад пакут.

Няхай памрэм ад цяжкай працы —
Але наблізім светлы час;
Павінен рогам упірацца
Дзеля свабоды кожны з нас.

Шатландскі звер і звер ангельскі,
Звяры ўсіх земляў і плямён,
Пачуйце радасную вестку
Пра набліжэнне светлых дзён.

Песня выклікала ў жывёлаў дзікае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалі ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з іх ужо падхапілі мелодыю і запомнілі некалькі словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свінняў і сабакаў, дык яны за колькі хвілін вывучылі ўсю песню на памяць. І тады, пасля некалькіх папярэдніх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлівым аднагалоссі «Звяры Брытаніі». Каровы мыкалі, сабакі скуголілі, авечкі бэкалі, коні ржалі, качкі кракалі. Песня так іх зачаравала, што яны праспявалі яе цалкам пяць разоў запар і спявалі б яе ўсю ноч, каб іх не перапынілі.

На бяду, гэты гармідар абудзіў містэра Джоўнза, і ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла ліса. Ён схапіў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальні, і стрэліў набоем шроту № 6 у цемру. Шрацінкі ўпіліся ў сцяну гумна, і сход паспешліва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкі скочылі на седала, жывёла ўлеглася на салому, і праз хвіліну ўся ферма ўжо спала.

II

Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалі ў канцы саду.

Было гэта на пачатку сакавіка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзіла ў сама разумных жывёлінаў на ферме зусім новы погляд на жыццё. Яны не ведалі, калі адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у іх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за іх жыццём, але яны ясна бачылі, што іхні абавязак — падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць і арганізаваць іншых выпаў, натуральна ж, на долю свінняў, бо ўсе лічылі, што свінні — найразумнейшыя з усіх жывёлаў. Найвыдатнейшымі сярод свінняў былі два маладыя кныры — Сняжок і Напалеон, якіх містэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялікі, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзіны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркі, але вядомы сваёй упартасцю і ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык і больш кемлівы, але лічылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнія вепрукі на ферме гадаваліся на зарэз. Найбольш вядомы сярод іх быў маленькі тоўсты падсвінак Віскун з круглымі шчокамі, мірглівымі вочкамі, жвавымі рухамі і пранізлівым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам і, калі спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды і віляць хвастом, што ўздзейнічала на слухачоў вельмі пераканаўча. Пра Віскуна казалі, што ён умее з чорнага зрабіць белае.

Гэтыя трое распрацавалі вучэнне старога Маёра ў завершаную сістэму, якой яны далі назву Жывялізм. Некалькі разоў на тыдзень, уночы, калі містэр Джоўнз засынаў, яны збіралі таемныя сходы ў гумне і тлумачылі іншым прынцыпы Жывялізму. Спачатку яны сутыкнуліся з неразуменнем і абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылі пра абавязак вернасці містэру Джоўнзу, якога яны называлі «Гаспадар», або выказвалі прымітыўныя заўвагі, накшталт: «Містэр Джоўнз корміць нас. Калі ён пойдзе, мы памрэм ад голаду». Іншыя ж пыталіся гэтак: «Чаго нам клапаціцца пра тое, што будзе, калі мы ўжо памрэм?» або «Калі гэтае Паўстанне так ці так адбудзецца, дык якая розніца, будзем мы нешта рабіць дзеля гэтага або не?», і свінням з вялікай цяжкасцю даводзілася пераконваць іх, што гэта пярэчыць духу Жывялізму. Найдурнейшыя ж пытанні задавала Молі, белая кабылка. Ці не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: «А ці будзе цукар пасля Паўстання?»

«Не, — цвёрда адказаў Сняжок. — У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбіцца цукар. Ты будзеш мець аўса і сена, колькі захочаш». «А ці можна будзе мне насіць стужкі ў грыве?» — спыталася Молі. «Таварыш, — сказаў Сняжок, — стужкі, якія ты гэтак любіш, ёсць знак рабства. Ці ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкі?»

Молі згадзілася, але згода яе прагучала не вельмі пераканаўча.

Яшчэ болей давялося змагацца свінням супраць хлусні, якую разводзіў свойскі крумкач Масей. Масей, якога асабліва песціў містэр Джоўнз, быў шпіёнам і даносчыкам, але ён быў яшчэ і разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра існаванне таямнічае краіны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерці адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамі, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвіце ўвесь год, а кавалкі цукру і льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавідзелі Масея, бо ён баяў байкі і не працаваў, але некаторыя верылі ў Ледзянцовыя Горы, і свінням даводзілася зацята спрачацца, каб пераканаць іх, што такой краіны не існуе.

Сама вернымі іх вучнямі былі цяглавыя коні Баксёр і Канюшынка. Ім было вельмі цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзіўшыся аднойчы з тым, што свінні іх настаўнікі, яны паглыналі ўсё, што ім казалі, і перадавалі сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнічалі на таемных сходах у гумне і найгучней спявалі «Звяры Брытаніі», якімі канчаўся кожны сход.

Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней і значна прасцей, чым усе спадзяваліся. Некалі раней містэр Джоўнз, хоць і жорсткі гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнім часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся і прыахвоціўся да чаркі, ды так, што гэта пачало ўжо ісці яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымі днямі сядзеў у сваім разьбяным драўляным крэсле на кухні, чытаў газеты, піў і раз-пораз карміў Масея хлебнымі скарынкамі, змочанымі ў піве. Слугі ягоныя былі лянівыя і несумленныя, палі пазарасталі пустазеллем, стрэхі папрацякалі, занядбаныя платы пахіліліся, а жывёла была недакормленая.

Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдадні Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, містэр Джоўнз выправіўся ў Уілінгдан і так напіўся ў «Чырвоным ільве», што вярнуўся дадому толькі апоўдні ў нядзелю. Слугі ўранні падаілі кароў і пайшлі ставіць пасткі на зайцоў, не даўшы сабе клопату накарміць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, містэр Джоўнз адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўні, накрыўшы твар газетай «Навіны свету», так што калі надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былі някормленыя. Нарэшце іх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свірне, і ўсе жывёлы пачалі частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант містэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвіліну ён і чатыры слугі былі ў свірне з бізунамі ў руках і сцябалі на ўсе бакі. І ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглі. Нібы згаварыўшыся, хоць нічога гэткага загадзя не планавалася, яны кінуліся на сваіх тыранаў. На Джоўнза і яго людзей раптам пасыпаліся з усіх бакоў удары рагоў і капытоў. Яны зусім разгубіліся. Ніколі раней яны не бачылі, каб жывёлы сябе гэтак паводзілі, і гэты нечаканы бунт істотаў, якіх яны прызвычаіліся без дай прычыны біць і зневажаць, да смерці іх напалохаў. Неўзабаве яны кінулі спробы абараніцца і пусціліся наўцёкі. Не прайшло і хвіліны, як яны ўжо ляцелі, што мелі духу, дарогаю, якая вяла да гасцінца, а за імі ў пераможным імпэце беглі жывёлы.

Місіс Джоўнз выглянула з акна ў спальні і, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешліва кінула ў дарожную торбу ўсё, што трапіла пад руку, уцякла з фермы іншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкі і паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналі Джоўнза і яго людзей на гасцінец і з бразгатам зачынілі за імі цяжэзную браму. І так, не паспеўшы яшчэ як след сцяміць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылі Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны і ферма Мэнар стала іхняя.

Напачатку жывёлы не маглі паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабілі — усім гуртам абабеглі наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нібы хацелі ўпэўніцца, што ніводная чалавечая істота не схавалася там; пасля яны кінуліся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерці апошнія сляды ненавіснага панавання Джоўнза. Яны выламалі дзверы ў рымарні ў канцы стайні; цуглі, наздравыя колцы, сабачыя ланцугі, страшныя нажы, якімі містэр Джоўнз пакладаў кныроў і бараноў, — усё гэта было патоплена ў студні. Лейцы, аброці, шоры, ганебныя аброчныя торбы былі ўкінуты ў вогнішча, што гарэла ў двары. Туды паляцелі і пугі. Усе жывёлы заскакалі ад радасці, убачыўшы, як пугі заняліся полымем. Сняжок кінуў у вогнішча і стужкі, якімі ў кірмашовыя дні звычайна ўпрыгожвалі конскія грывы і хвасты.

— Стужкі, — сказаў ён, — павінны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае істоты. Усе жывёлы павінны хадзіць голыя.

Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькі саламяны капялюш, які надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, і кінуў яго да кучы ў вогнішча.

За кароткі час жывёлы знішчылі ўсё, што нагадвала ім пра містэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў іх у свіран і выдаў кожнаму падвойную норму збожжа і па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалі ад пачатку да канца «Звяры Брытаніі» і тады паклаліся спаць. Гэтую ноч яны спалі так, як не спалі яшчэ ніколі ў жыцці.

Прачнуліся яны, як звычайна, на світанні і, раптам прыгадаўшы вялікую падзею, што адбылася напярэдадні, выбеглі ўсе разам на выган. Трохі далей на выгане ўзвышаўся невялікі пагорак, з якога было відаць амаль усю ферму. Жывёлы забраліся на вяршыню пагорка і азірнуліся навокал у ясным ранішнім ззянні. Так, гэта належала ім — усё, што яны бачылі навокал, належала ім! У захапленні ад гэтай думкі яны радасна кружыліся на месцы і падскоквалі ўгару ад шчасця. Яны качаліся ў расе, набіралі поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалі нагамі камякі чорнай зямлі і нюхалі яе шчодры пах. Тады яны абышлі ўсю ферму і агледзелі ў ціхім захапленні раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нібыта і не бачылі ўсяго гэтага раней, і нават цяпер ім было цяжка паверыць, што гэта ўсё іхняе.

Пасля яны вярнуліся да будынкаў і моўчкі спыніліся перад уваходам у сядзібу. Яна таксама належала ім, але яны баяліся ўвайсці. Праз хвіліну, аднак, Сняжок і Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынілі дзверы, і жывёлы ўвайшлі нясмелаю чарадою, ступаючы з вялікаю асцярогай ад боязі што-небудзь парушыць. Яны пераходзілі на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, і з багавейным страхам разглядалі неверагодную раскошу, ложкі з пярынамі, люстэркі, канапу, набітую конскім воласам, аксамітны дыван, літаграфію каралевы Вікторыі над камінам у гасцёўні. Яны якраз спускаліся па сходах, калі заўважылі, што згубілася Молі. Вярнуўшыся, яе знайшлі ў найлепшай спальні. Яна выцягнула з туалетнага століка місіс Джоўнз блакітную стужку і цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалі, і яны выйшлі на двор. Некалькі кумпякоў, што віселі на кухні, былі вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з півам у каморы Баксёр прабіў капытом, больш яны ў доме ні да чога не дакрануліся. Адразу аднадушна пастанавілі, што сядзіба будзе захаваная ў якасці музея. Было вырашана, што ніхто з жывёлаў ніколі не будзе там жыць.

Жывёлы паснедалі, і тады Сняжок і Напалеон зноў склікалі іх разам.

— Таварышы, — сказаў Сняжок, — цяпер палова сёмай гадзіны, і наперадзе яшчэ доўгі дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас і яшчэ адна справа, якой мы найперш мусім аддаць увагу.

І свінні расказалі, што за апошнія тры месяцы яны навучыліся чытаць і пісаць з старога лемантара, які належаў дзецям містэра Джоўнза і які выкінулі на сметнік. Напалеон загадаў прынесці белай і чорнай фарбы і прывёў усіх да брамы, што выходзіла на гасцінец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пісанне) заціснуў пэндзаль паміж косткамі капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву «Ферма Мэнар» і напісаў замест яе «Ферма Жывёлаў». Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнуліся да будынкаў, дзе Сняжок і Напалеон паслалі па драбіны, якія яны загадалі прыставіць да сцяны вялікага гумна. Яны растлумачылі, што ў выніку роздуму за апошнія тры месяцы свінні здолелі звесці прынцыпы Жывялізму да Сямі Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запісаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнікі Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня і назаўсёды. З пэўнай цяжкасцю (бо свінні не надта зручна лазіць па драбінах) Сняжок залез угору і ўзяўся за працу, а колькі прыступак ніжэй стаяў Віскун і трымаў фарбу. Запаведзі былі напісаныя на прасмоленай сцяне вялікімі белымі літарамі, якія чыталіся з адлегласці трыццаць ярдаў. Гучалі Запаведзі так:

1. Усе, хто ходзіць на дзвюх нагах, — ворагі.

2. Усе, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы, — сябры.

3. Ніводная жывёла не павінна насіць адзенне.

4. Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку.

5. Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку.

6. Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў.

7. Усе жывёлы роўныя.

Напісана было вельмі чыста, і калі не лічыць, што замест «ложку» было напісана «лошку» і адно «я» было павернута ў другі бок, усё было слушна і без памылак. Сняжок прачытаў напісанае ўголас, каб зразумелі астатнія. Усе жывёлы ўхвальна качалі галовамі, а разумнейшыя адразу пачалі завучваць Запаведзі на памяць.

— А цяпер, сябры, — закрычаў Сняжок, адкінуўшы пэндзаль, — усе на сенажаць! Справай гонару будзе для нас сабраць сена хутчэй, чым гэта рабілі Джоўнз і яго людзі.

Але ў гэты момант тры каровы, якія ўжо нейкі час выглядалі неспакойнымі, пачалі ўтрапёна рыкаць. Іх ужо цэлыя суткі не даілі, і вымя ў іх разрывалася ад малака. Крыху падумаўшы, свінні загадалі прынесці вёдры і даволі ўдала падаілі кароў, бо капыты ў іх былі добра прыстасаваныя да гэтага. Неўзабаве пяць вёдраў напоўніліся тлустым шумлівым сырадоем, на які шмат хто з жывёлаў паглядаў з паважным зацікаўленнем.

— Што будзе далей з гэтым малаком? — спытаўся нехта.

— Джоўнз часам падліваў нам крыху малака ў корм, — сказала адна курыца.

— Не хвалюйцеся за малако, таварышы! — закрычаў Напалеон, стаўшы перад вёдрамі. — Мы разгледзім гэтае пытанне. Нам важней цяпер бітва за ўраджай. Зараз вы пойдзеце за таварышам Сняжком. Я прыйду праз некалькі хвілін. Наперад, таварышы! Сенажаць чакае.

І ўсе пацягнуліся гуртам на сенажаць пачынаць касьбу, а калі ўвечары яны вярнуліся, нехта заўважыў, што малако знікла.

III

Колькі яны намучыліся і папацелі на сенакосе! Але высілкі іхнія не былі марныя, бо сена накасілі нават больш, чым спадзяваліся.

Часам праца давалася цяжка; прылады былі разлічаны на людзей, а не на жывёлу, і вялізнаю перашкодай было тое, што ніводная жывёліна не магла карыстацца прыладамі, якія вымагалі стаяння на задніх нагах. Але свінні былі такія разумныя, што маглі знайсці выйсце з любога цяжкага становішча. Што да коней, яны ведалі на полі кожны каменьчык і на самай справе разбіраліся ў тым, як касіць і грэбці сена, значна лепей за Джоўнза і яго людзей. Свінні фактычна не працавалі, але кіравалі і наглядалі за іншымі. Пры іх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кіраўніцтва. Баксёру і Канюшынцы самім даводзілася ўпрагацца ў касілку або конныя граблі (ні цуглі, ні лейцы цяпер, вядома ж, былі не патрэбныя) і заўзята хадзіць сюды і туды па полі, а за імі хадзілі свінні і гукалі: «Но, пайшоў, таварыш!» або «Тпру, назад, таварыш!», у залежнасці ад патрэбы. І ўсе жывёлы, нават сама маленькія, пераварочвалі сена і збіралі яго. Нават качкі і куры сноўдалі цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькія жмуточкі сена. Урэшце яны скончылі сенакос, затраціўшы на яго на два дні меней, чым на гэта ішло часу ў Джоўнза і ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гісторыю фермы. Стратаў не было зусім; куры і качкі з іх пільнымі вочкамі падабралі ўсё да апошняй былінкі. І ніводная жывёліна на ферме не ўкрала ні каліва сена.

Усё лета праца на ферме ішла як добра наладжаны механізм. Жывёлы ніколі сабе не ўяўлялі, што яны могуць быць такія шчаслівыя. Кожны кавалак ежы выклікаў у іх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды іх ежа, здабытая імі самімі і дзеля іх саміх, а не мізэрныя порцыі, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калі не было болей гэтых нікому не патрэбных паразітаў — людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер і вольнага часу, хоць жывёлы і не мелі ніякага досведу ў тым, як яго бавіць. Яны сутыкаліся з рознымі цяжкасцямі — напрыклад, праз нейкі час, калі яны збіралі збожжа, ім прыйшлося малаціць яго на стары лад і выдзімаць з яго мякіну, бо на ферме не было малатарні — але свінні з сваім розумам і Баксёр з сваёй неверагоднаю сілай заўсёды іх ратавалі. Баксёрам захапляліся ўсе. Ён быў добры работнік яшчэ за часамі Джоўнза, але цяпер ён быў нібы тры кані, а не адзін; былі дні, калі здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З раніцы да ночы ён штурхаў і цягнуў, і заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовіўся з адным пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай на паўгадзіны раней ад усіх астатніх, і сам браўся за якую-небудзь працу — такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, — перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: «Я буду працаваць яшчэ старанней!» — ён узяў гэтыя словы сабе за дэвіз.

Але кожны працаваў адпаведна сваім магчымасцям. Куры і качкі, напрыклад, уратавалі пяць бушаляў збожжа пад час жніва, старанна падбіраючы зярняткі. Ніхто не краў, ніхто не скардзіўся за порцыі. Сваркі, бойкі і зайздрасць, такія звычайныя штодзённыя з'явы колішніх часоў, цяпер амаль зусім зніклі. Ніхто не ўхіляўся ад працы — ці амаль ніхто. Молі, што праўда, не надта ахвотна паднімалася раніцаю і мела звычку ісці з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забіўся камень. Дзіўныя былі і паводзіны ката. Неўзабаве ўсе заўважылі: як толькі трэба нешта рабіць, ката ніколі нельга знайсці. Ён знікаў на цэлыя гадзіны, тады раптам з'яўляўся, калі трэба было есці, або ўвечары, калі праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так і трэба. Але ён заўсёды знаходзіў такія цудоўныя прабачэнні і муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамін, як здавалася, пасля Паўстання зусім не змяніўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як і за часы Джоўнза, ніколі не ўхіляючыся, але і не беручы ніколі добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне і яго вынікі ён звычайна не выказваў ніякіх думак. Калі ў яго пыталіся, ці шчаслівейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: «Аслы жывуць доўга. Ніхто з вас яшчэ ніколі не бачыў мёртвага асла», і ўсе мусілі задавольвацца гэтым загадкавым адказам.

Нядзелі былі вольныя ад працы. Снедалі на гадзіну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонія, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднімалі сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарні стары зялёны абрус місіс Джоўнз і намаляваў на ім белай фарбай падкову і рог. Сцяг паднімаўся на флагштоку перад сядзібай кожную нядзелю раніцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палі Англіі, тым часам як падкова і рог азначалі будучую Рэспубліку Жывёлаў, якая паўстане, калі чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы ішлі гуртам у гумно на агульны збор, які называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўваліся і абмяркоўваліся розныя пастановы. Высоўвалі пастановы заўсёды свінні. Іншыя жывёлы навучыліся галасаваць, але самі ніякіх прапаноў прыдумаць не маглі. Найбольш актыўнымі ў спрэчках былі Сняжок і Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое ніколі не пагаджаліся між сабою: калі адзін з іх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другі будзе яе абвяргаць. Нават калі было пастаноўлена — па сутнасці, ніхто не меў нічога супраць — выдзеліць маленькі выган за садам у якасці месца адпачынку для жывёлаў, якія састарыліся і не маглі болей працаваць, дык усчаліся зацятыя спрэчкі наконт дакладнага веку выхаду на пенсію для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем «Звяроў Брытаніі», і ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.

Рымарню свінні выбралі сабе за штаб. Вечарамі яны вывучалі тут кавальства, цяслярства і іншыя неабходныя рамёствы з кніжак, якія яны вынеслі з сядзібы. Сняжок сам займаўся яшчэ і арганізаваннем іншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камітэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камітэт па Вытворчасці Яек, для кароў — Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак — Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камітэт Перавыхавання Дзікіх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў і зайцоў) і шмат іншых, а таксама курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдаліся. Спроба ўхатніць дзікіх жывёлаў, напрыклад, правалілася амаль адразу. Тыя працягвалі паводзіць сябе па-ранейшаму, а калі да іх ставіліся з шчодрасцю і спагадай, яны проста з гэтага карысталі. Кот далучыўся да працы Камітэта Перавыхавання і колькі дзён быў вельмі актыўны. Адзін раз бачылі, як ён сядзеў на даху і гутарыў з вераб'ямі, якія абачліва трымаліся ад яго на адлегласці. Ён расказваў ім, што цяпер усе жывёлы таварышы і што любы верабей мог бы падысці і сесці яму на лапу; аднак вераб'і не наважваліся падысці бліжэй.

Гурткі ж па ліквідацыі непісьменнасці якраз удаліся. Да восені амаль кожная жывёліна на ферме была ў пэўнай ступені пісьменная.

Што да свінняў, дык яны ўжо выдатна ўмелі чытаць і пісаць. Сабакі навучыліся чытаць даволі добра, але не выяўлялі асаблівае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямі Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў і часам вечарамі чытала іншым з газетных шматкоў, якія яна знаходзіла на сметніку. Бэнджамін умеў чытаць не горш за свінняў, але ніколі не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькі яму вядома, няма нічога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе літары, але не магла злучыць іх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэсліць на пяску сваім вялізным капытом А, В, С, а тады, падціснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на літары, часам патрэсваючы чубам, і што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж ідзе далей, але так ніколі і не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён іх запомніць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавіў, што яму хопіць і чатырох першых літар, і штодня раз ці два практыкаваўся пісаць іх, каб асвяжыць памяць. Молі адмовілася вучыць больш за чатыры літары, з якіх складалася яе імя. Яна любіла акуратна выкладаць іх з галінак і ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзіла навокал і захаплялася сваім мастацтвам.

Ніводная іншая жывёліна на ферме не пасунулася далей за літару А. Выявілася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкі, куры і качкі, былі няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясціў, што Сем Запаведзяў, па сутнасці, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавіта: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна». У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялізму. Той, хто глыбока ім прасякнецца, зможа ніколі не баяцца ніякіх чалавечых уплываў. Птушкі спачатку запярэчылі, бо ім здавалася, што яны таксама маюць дзве нагі, але Сняжок давёў ім, што гэта не так.

— Птушынае крыло, таварышы, — сказаў ён, — гэта орган руху, а не дотыку, і, такім чынам, павінна быць прыраўнянае да нагі. Адметны знак чалавека — рука, прылада, якою ён чыніць усе свае зладзействы.

Птушкі не зразумелі доўгай прамовы Сняжка, але пагадзіліся з ягоным тлумачэннем, і ўсе ніжэйшыя жывёлы ўзяліся вучыць новы лозунг на памяць. «ЧАТЫРЫ НАГІ ДОБРА, ДЗВЕ НАГІ ДРЭННА.» было напісана вялікімі літарамі на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямі. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкі праняліся да яго вялікім упадабаннем і часта, лежачы ў полі, яны ўсе разам пачыналі бляяць: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна! Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!» і бляялі гэтак, не стамляючыся, цэлымі гадзінамі.

Напалеон Сняжковымі камітэтамі не цікавіўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзі — значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабіць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсі і Званочак абедзве ашчаніліся, спарадзіўшы на свет разам дзевяць здаровенькіх шчанятак. Як толькі яны адвучыліся ад матчынага малака, Напалеон забраў іх ад матак і сказаў, што сам паклапоціцца аб іхнім выхаванні. Ён занёс іх на гарышча, куды можна было трапіць толькі па драбіне з рымарні, і там трымаў іх у такім адасобненні, што ўсе на ферме неўзабаве пра іх забыліся.

У хуткім часе раскрылася таямніца таго, куды знікала малако. Яго дамешвалі штодня ў ежу свінням. Пачалі ўжо выспяваць раннія яблыкі, і трава ў садзе была ўсыпаная ападкамі. Усе жывёлы меркавалі як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкі будуць дзяліць на ўсіх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкі мусілі сабраць і занесці ў рымарню на спажытак свінням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нічога не дапамагло. Усе свінні былі аднадушныя ў гэтым пытанні, нават Сняжок і Напалеон. Даць усім іншым неабходныя тлумачэнні выслалі Віскуна.

— Таварышы! — закрычаў ён. — Спадзяюся, вы не лічыце, што мы, свінні, робім гэта дзеля эгаізму або прывілеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любіць малака і яблыкаў. Я і сам іх не люблю. Адзінае, дзеля чаго мы іх ямо, — каб захаваць сваё здароўе. Малако і яблыкі (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свінняў. Мы, свінні, — працаўнікі разумовае працы. Усё кіраванне фермаю і парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень і ўночы мы клапоцімся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако і ямо гэтыя яблыкі. Ці ведаеце вы, што б здарылася, калі б мы, свінні, не справіліся з сваімі абавязкамі? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, — крычаў Віскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды і матляючы хвастом, — напэўна, сярод вас няма нікога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?

І праўда, калі і было нешта, у чым жывёлы былі цалкам упэўненыя, дык гэта тое, што яны не хацелі, каб Джоўнз вярнуўся. І калі ўсё было выстаўлена ў такім святле, ім не было чаго сказаць. Важнасць таго, каб свінні заставаліся пры добрым здароўі, была аж занадта відавочная. І таму без далейшых спрэчак было дамоўлена, што ўсё малако і ападкі яблыкаў (а таксама і ўвесь ураджай, калі яны даспеюць) будуць належаць адным свінням.

IV

Да канца лета вестка пра тое, што адбылося на Ферме Жывёлаў, разышлася па ўсім наваколлі. Сняжок і Напалеон штодня высылалі па колькі галубоў, якія меліся ўвайсці ў зносіны з жывёлаю на суседніх фермах, расказаць ёй гісторыю Паўстання і навучыць мелодыі «Звяроў Брытаніі».

Містэр Джоўнз цяпер найчасцей бавіў час у бары ўілінгданскай карчмы «Чырвоны леў», скардзячыся кожнаму, хто б ні трапіўся, на ўчыненую яму нялюдскую несправядлівасць — як яго выгнала з ягонага маёнтка нейкая купка нічога не вартых жывёлін. Іншыя гаспадары спачувалі яму дзеля прыліку, але не надта спяшаліся яму нечым дапамагчы. У душы кожны з іх патаемна разважаў, ці нельга было б Джоўнзава няшчасце павярнуць неяк на сваю карысць. На шчасце, уладальнікі гаспадарак, прылеглых да Фермы Жывёлаў, увесь час не ладзілі між сабою. Адна з іх, што звалася Фоксвуд, была вялікай занядбанай старасвецкай гаспадаркаю, збольшага зарослай лесам, са змарнаванымі пашамі і несамавітымі агароджамі. Гаспадар, містэр Пілкінгтан, быў нядбайны, ленаваты панок, які большасць свайго часу прысвячаў, залежна ад пары, рыбалцы або паляванню. Другая гаспадарка, Пінчфілд, была меншая і лепш дагледжаная. Яе ўладальнік, містэр Фрэдэрык, упарты і спрытны дзялок, увесь час з некім судзіўся і меў славу няўступлівага ў здзелках чалавека. Гэтыя двое так не любілі адзін аднаго, што ім цяжка было прыйсці да нейкага пагаднення, нават калі справа тычылася абароны іх інтарэсаў.

Тым не меней іх не на жарт спалохала паўстанне на Ферме Жывёлаў, і яны пастараліся зрабіць, што маглі, каб іх уласныя жывёлы як мага меней пра гэта ведалі. Спачатку яны спрабавалі высмеяць саму ідэю таго, што жывёлы самі могуць весці гаспадарку. Тыдні праз два ўсё гэта разваліцца само па сабе, казалі яны. Яны пускалі чуткі, што жывёлы на Ферме Мэнар (яны і далей упарта называлі яе «Ферма Мэнар», не церпячы назвы «Ферма Жывёлаў») увесь час ваююць паміж сабою і таму хутка памруць з голаду. Калі прайшоў нейкі час, а жывёлы зусім не памерлі з голаду, Фрэдэрык і Пілкінгтан завялі іншую песню і пачалі гаварыць пра страшны шал злачыннасці і распусты, які нібыта лютаваў цяпер на Ферме Жывёлаў. Казалі, што жывёлы там ядуць адна адну, катуюць адна адну распаленымі да чырвані падковамі, а самак ужываюць супольна. Вось што выйшла з гэтага паўстання супраць законаў Прыроды, казалі Фрэдэрык і Пілкінгтан.

Аднак ніхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя і перакручаныя чуткі пра дзівосную ферму, дзе жывёлы, выгнаўшы людзей, сталіся гаспадарамі свайго жыцця, разыходзіліся ўсё далей, і ўвесь гэты год у наваколлі не спадала хваля бунтарных настрояў. Заўсёды паслухмяныя быкі раптам зрабіліся дзікімі, авечкі зносілі агароджы і пляжылі канюшыну, каровы перакульвалі даёнкі, коні адмаўляліся скакаць цераз перашкоды і перакідалі праз іх коннікаў. Але, што найгорш, мелодыя і нават словы «Звяроў Брытаніі» былі вядомыя паўсюль. Яны з дзіўнай хуткасцю разышліся сярод жывёлаў наваколля. Чуючы гэтую песню, людзі не маглі стрымаць сваёй лютасці, хоць і рабілі выгляд, што лічаць яе проста смешнаю. Яны не маглі зразумець, казалі яны, як самі жывёлы могуць дайсці да таго, каб спяваць такую дзікую лухту. Кожная жывёліна, заспетая за тым, што спявае гэтую песню, каралася дубцом на месцы. І, аднак, песню гэтую нельга было задушыць. Яе высвіствалі ў жываплотах дразды, буркаталі ў вязах галубы, яна чулася ў грукаце кузняў і ў гудзе царкоўных званоў. І калі чалавечыя стварэнні слухалі яе, яны патаемна баяліся, чуючы ў ёй прароцтва сваёй будучай загубы.

На пачатку кастрычніка, калі збажына была зжатая і стаяла ў сціртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў і села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэнні. Джоўнз і ўсе яго людзі, ды яшчэ паўтузіна іншых з Фоксвуда і Пінчфілда, увайшлі праз браму і рухаліся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслі кіі, апрача Джоўнза, які ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны відавочна збіраліся адваяваць ферму.

Гэтага чакалі ўжо даўно, і таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, які ўважліва вывучыў старую кнігу пра выправы Юлія Цэзара, знойдзеную ў сядзібе, узяў на сябе кіраванне абароннымі аперацыямі. Ён хутка раздаў загады, і праз пару хвілін кожная жывёліна была ўжо на сваім баявым пасту.

Калі чалавечыя стварэнні наблізіліся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталі сюды-туды над галовамі людзей і брудзілі на іх з паветра; і пакуль людзі абціраліся, гусі, што хаваліся за жываплотам, кінуліся на іх і пачалі бязлітасна шчыпаць іх за лыткі. І, аднак, гэта была толькі лёгкая папярэдняя сутычка, скіраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супраціўніка, і людзі лёгка адагналі гусей кіямі. Тады Сняжок кінуў у бой другую лінію атакі. Мюрыэль, Бэнджамін і ўсе авечкі, на чале з Сняжком, рынуліся наперад і пачалі таўчы і басці людзей з усіх бакоў, тым часам як Бэнджамін, павярнуўшыся, біў іх сваімі маленькімі капытамі. Але і тут людзі з сваімі кіямі і падкутымі цвікамі ботамі былі мацнейшыя за іх; раптам, пачуўшы Сняжкоў віск, што было сігналам да адступлення, усе жывёлы павярнуліся і ўцяклі на ўнутраны двор.

Людзі азваліся пераможным воклічам. Яны ўбачылі, як ім здавалася, што іх ворагі ўцякаюць, і бязладна кінуліся за імі. Гэта было якраз тое, чаго спадзяваўся Сняжок. Як толькі яны забеглі ў двор, тры кані, тры каровы і ўсе астатнія свінні, што хаваліся ў засадзе ў хляве, нечакана выйшлі на іх з тылу, адрэзаўшы шляхі да адступлення. І тады Сняжок даў сігнал да атакі. Сам ён абрынуўся на Джоўнза. Джоўнз убачыў яго, узняў стрэльбу і стрэліў. Шраціны прадзёрлі крывавыя палосы на Сняжковай спіне, і адна авечка ўпала мёртвая. Не спыняючыся ні на хвіліну, Сняжок уваліў усе свае шэсць пудоў у ногі Джоўнзу. Джоўнз паваліўся ў кучу гною, і стрэльба выпала ў яго з рук. Але найстрашнейшае відовішча ўяўляў сабою Баксёр, які стаў дыбкі і выбрыкваў сваімі падкутымі жалезам капытамі, як стаенны жарабок. Яго першы ўдар лучыў у галаву памочніку конюха з Фоксвуда, і той нежывы распластаўся ў гразі. Убачыўшы гэта, некалькі чалавек пакідалі свае кіі і паспрабавалі ўцячы. Іх ахапіла паніка, і ў наступную хвіліну ўсе жывёлы, сабраўшыся разам, ганялі іх па ўсім двары. Іх білі рагамі і нагамі, кусалі і тапталі. Не было ніводнай жывёліны на ферме, якая б па-свойму на іх не папомсцілася. Нават кот, раптоўна саскочыўшы з даху на плечы пастуху, запусціў кіпцюры яму ў шыю, і той пачаў крычаць немым голасам. У той момант, калі брама расчынілася, людзі з радасцю кінуліся з двара і пабеглі да гасцінца. І так, праз пяць хвілін пасля ўварвання, яны ганебна адступілі той самай дарогай, якой былі прыйшлі, а за імі, сыкаючы, беглі чарадою гусі і шчыпалі іх за лыткі.

Усе людзі ўцяклі, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочніка конюха, які ляжаў ніцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец не варушыўся.

— Ён памёр, — з сумам вымавіў Баксёр. — Я не хацеў яго забіваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабіў гэта не наўмысна?

— Без сантыментаў, таварыш! — закрычаў Сняжок, з чыіх ранаў усё яшчэ цякла кроў. — Вайна ёсць вайна. Добры чалавек — мёртвы чалавек.

— Я не хачу забіваць, нават людзей, — паўтарыў Баксёр, і вочы яго напоўніліся слязьмі.

— А дзе Молі? — усклікнуў нехта.

Молі і сапраўды не было відаць. На хвіліну ўзняўся вялікі пярэпалах; баяяіся, што людзі маглі неяк ёй нашкодзіць або нават звесці яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлі — яна хавалася ў сваім стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькі пачула стрэл. Аднак, калі ўсе вярнуліся з пошукаў, выявілася, што памочнік конюха, які быў толькі аглушаны, паспеў ачомацца і ўцячы.

Жывёлы зноў сабраліся ўсе разам у вялікім узрушэнні і, перакрыкваючы адна адну, распавядалі пра свае подзвігі ў бітве. Тут жа адбылося імправізаванае святкаванне перамогі. Быў узняты сцяг, і колькі разоў запар былі праспяваныя «Звяры Брытаніі», пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баі авечкі, і на яе магіле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступіў над магілаю з кароткай прамовай, падкрэсліўшы, што кожная жывёліна мусіць быць гатовая загінуць за Ферму Жывёлаў, калі гэта спатрэбіцца.

Жывёлы аднадушна пастанавілі заснаваць ваенную ўзнагароду — медаль «Жывёла-Герой» першага класа, які быў адразу ўручаны Сняжку і Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасці ж гэта былі масянжовыя бляхі, знойдзеныя ў рымарні) належала насіць у нядзелі і святы. Заснавалі таксама медаль «Жывёла-Герой» другога класа, якім пасмяротна ўзнагародзілі забітую авечку.

Шмат спрачаліся аб тым, як назваць гэтую слаўную бітву. Нарэшце яе назвалі Бітва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу містэра Джоўнза знайшлі ў гразі, а было вядома, што ў сядзібе ёсць патроны. Вырашылі ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасці гарматы і страляць з яе двойчы на год — дванаццатага кастрычніка, у гадавіну Бітвы пры Хляве, і ў дзень напярэдадні Янавай ночы, у гадавіну Паўстання.

V

З набліжэннем зімы паводзіны Молі пачалі ўсё больш і больш непакоіць. Яна спазнялася на працу кожнай раніцы, просячы прабачэння, што праспала, і скардзілася на нейкі загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы і ішла на вадапой, дзе падоўгу стаяла і ачмурэла ўзіралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзілі чуткі і пра нешта больш сур'ёзнае. Аднойчы, калі Молі бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваім даўгім хвастом і жуючы былінку, Канюшынка адвяла яе ўбок.

— Молі, — сказала яна, — мне трэба вельмі сур'ёзна з табой пагаварыць. Сёння раніцай я бачыла, як ты глядзела праз агароджу, што аддзяляе Ферму Жывёлаў ад Фоксвуда. Адзін з людзей містэра Пілкінгтана стаяў з таго боку агароджы. Я была вельмі далёка, але я амаль перакананая, што бачыла, як ён гаварыў з табой і ты дазваляла яму гладзіць свой нос. Што гэта значыць, Молі?

— Я там не была! Я гэтага не рабіла! Гэта няпраўда! — закрычала Молі і пачала вытапырвацца і біць капытамі зямлю.

— Молі! Паглядзі мне ў вочы. Ці даеш ты мне слова гонару, што той чалавек не гладзіў табе нос?

— Гэта няпраўда! — паўтарыла Молі, але яна не магла паглядзець Канюшынцы ў вочы і кінулася наўцёкі, паскакаўшы наўзгалоп у поле.

Тады Канюшынцы прыйшла ў галаву адна думка. Нікому нічога не кажучы, яна пайшла ў стойла Молі і адгарнула капытом салому. Пад саломаю была схаваная кучка кавалкаў цукру і некалькі скруткаў рознакаляровых стужак.

Праз тры дні Молі знікла. Некалькі тыдняў ніхто не ведаў, куды яна падзелася, пакуль галубы не паведамілі, што бачылі яе на другім канцы Ўілінгдана. Яна стаяла запрэжаная ў прыгожую калымажку, пафарбаваную ў чырвонае і чорнае, што чакала каля карчмы. Тоўсты чырванатвары чалавек у клятчастых брыджах і гетрах, які выглядаў на карчмара, гладзіў ёй нос і карміў яе цукрам. Яна была нанова падстрыжаная, і ў грыве была ўплеценая пунсовая стужка. Відаць, яна вельмі добра бавіла час, як сказалі галубы. Ніхто з жывёлаў больш ніколі не згадваў пра Молі.

У студзені настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, і на полі не было чаго рабіць. У вялікім гумне адбывалася шмат сходаў, свінні займаліся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свінні, якія былі відавочна разумнейшыя за іншую жывёлу, вырашалі ўсе пытанні, што датычылі фермы, хоць рашэнні і меліся быць ухваленыя большасцю галасоў. І гэткі парадак дзеіў бы даволі добра, калі б не спрэчкі паміж Сняжком і Напалеонам. Гэтыя двое разыходзіліся ў поглядах паўсюль, дзе толькі было магчымае разыходжанне. Калі адзін з іх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другі запатрабуе большае плошчы пад авёс, і калі адзін казаў, што тое і тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другі абвяшчаў, што яно ні на што іншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваіх прыхільнікаў, і часам адбываліся зацятыя спрэчкі. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваім бліскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбіраць сабе аднадумцаў у часе паміж сходамі. Асаблівы поспех ён меў сярод авечак. Апошнім часам авечкі ўзяліся бляяць лозунг «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» калі трэба і калі не трэба, часам перапыняючы сваім бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелі асаблівую схільнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькі старых нумароў знойдзенага ў сядзібе часопіса «Фермер і жывёлавод» і быў поўны шырокіх планаў розных навінак і ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сістэмы, сілас і кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусілі класці свой гной непасрэдна ў полі, кожны дзень на новым месцы, каб скараціць працу на перавозку. Напалеон ніякіх сваіх праектаў не прапаноўваў, а толькі спакойна казаў, што Сняжковы нікуды не вартыя, і, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усіх іхніх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.

На доўгім выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькі ўзгорак — найвышэйшая мясціна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясціў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, які б прыводзіў у рух генератар і забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволіла б асвятліць і ацяпліць узімку стайні, пусціць у ход цыркулярную пілу, сячкарню, буракарэзку і электрычную даільную машыну. Жывёлы ніколі не чулі пра нешта падобнае (бо ферма была старая і мела толькі сама прымітыўныя механізмы) і здзіўлена слухалі, як Сняжок маляваў ва ўяўленні дзівосныя карціны, як машыны будуць працаваць за іх, а самі яны тым часам будуць пасвіцца ўдосталь на полі або ўдасканальваць розум чытаннем і размовамі.

Праз некалькі тыдняў Сняжковы праекты ветрака былі цалкам гатовыя. Механічныя падрабязнасці паходзілі галоўным чынам з трох кніг, што належалі містэру Джоўнзу, — «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» і «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабінет павець, якая некалі выкарыстоўвалася як інкубатар і дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзіны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем і заціснуўшы кавалак крэйды паміж косткамі капыта, ён хуценька вадзіў ім сюды-туды, крэслячы лінію за лініяй і павіскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварыліся ў складаную блытаніну шківаў і шасцерняў, якая займала больш за палову падлогі і, хоць здавалася астатнім жывёлам цалкам незразумелай, рабіла на іх вялікае ўражанне. Усе яны прыходзілі паглядзець на Сняжковы малюнкі, прынамсі, раз на дзень. Прыходзілі нават куры і качкі, усяляк стараючыся не наступіць на крэйдавыя рыскі. Толькі Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбніцы ў чарцяжах і нават раз ці два панюхаў іх, пасля пастаяў хвілінку, пазіраючы на іх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруіў на чарцяжы і выйшаў, не сказаўшы ні слова.

Паміж насельнікамі фермы зазначыўся глыбокі падзел у пытанні аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго — справа няпростая. Трэба будзе нанесці камення і змураваць сцены, тады зрабіць крылы, а пасля гэтага спатрэбіцца генератар і правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабіць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькі працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэсліваў, што вялікай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасці харчоў і што калі яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзяліліся на дзве фракцыі: адна пад лозунгам «За Сняжка і трохдзённы тыдзень», а другая — «За Напалеона і поўнае карыта». Бэнджамін быў адзіны, хто не далучыўся да ніводнай фракцыі. Ён не верыў ні ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, ні ў тое, што вятрак заашчадзіць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль — гэта значыць кепскае.

Побач са спрэчкамі вакол ветрака гарачым было і пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэнні і былі разбітыя ў Бітве пры Хляве, яны маглі зрабіць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму і аднавіць панаванне містэра Джоўнза. Яны тым болей мелі на гэта падставы, што навіна пра іх паражэнне разышлася па наваколлі і жывёлы на суседніх фермах зрабіліся натурлівыя, як ніколі раней. Як звычайна, Сняжок і Напалеон не пагаджаліся між сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусілі зрабіць, дык гэта здабыць пальную зброю і практыкавацца ў яе ўжыванні. Паводле Сняжка, яны мусілі высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на іншых фермах. Адзін сцвярджаў, што калі яны не навучацца бараніцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другі сцвярджаў, што калі паўстанні адбудуцца паўсюль, ім не будзе патрэбы бараніцца. Жывёлы слухалі спачатку Напалеона, пасля Сняжка і не маглі зразумець, хто з іх мае рацыю; і сапраўды, яны заўсёды пагаджаліся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.

Нарэшце настаў дзень, калі Сняжковы чарцяжы былі гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносілася на галасаванне. Калі жывёлы сабраліся ў вялікім гумне, Сняжок устаў і, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмі спакойна сказаў, што вятрак — гэта бязглуздзіца і што ён нікому не раіць галасаваць за яго, і тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкіх трыццаць секунд і, здавалася, не зважаў, ці зрабілі яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногі і, прыкрыкнуўшы на авечак, якія зноў пачалі бляяць, выступіў з палымяным заклікам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былі амаль пароўну падзелены ў сваіх прыхільнасцях, але праз хвіліну Сняжок захапіў іх сваім красамоўствам. Красамоўнымі фразамі ён распісаў карціну жыцця на Ферме Жывёлаў, якім яно магло б быць, калі б цяжар непасільнай працы быў зняты з іх спін. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарні і электрадаілкі. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесці ў рух малатарні, плугі, бароны, касілкі, жнейкі, снопавязалкі і, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай і гарачай вадою і электрычным ацяпленнем. Калі ён скончыў прамову, ніхто ўжо не сумняваўся ў тым, у які бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў і, неяк дзіўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранізліва завішчаў, так, як ніхто яшчэ ніколі не чуў.

У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, і дзевяць вялізных сабакаў з абабітымі бляхай ашыйнікамі ўварваліся ў гумно. Яны кінуліся проста на Сняжка, які адно што паспеў адскочыць убок і ўхіліцца ад іх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, і сабакі беглі за ім. Знямеўшы ад страху і здзіўлення, усе жывёлы выйшлі паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгі выган у бок гасцінца. Ён бег, як толькі можа бегчы свіння, але сабакі былі ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслізнуўся, і здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапіўся і пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакі зноў амаль яго дагналі. Адзін з іх ужо блізка не схапіў зубамі Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту і, пад самым носам у сабакі, шуснуў праз дзірку ў жываплоце, і больш яго ніхто ўжо не бачыў.

Маўклівыя і напалоханыя, жывёлы забраліся назад у гумно. Праз хвіліну вярнуліся сабакі. Спачатку ніхто не мог даўмецца, адкуль узяліся гэтыя стварэнні, але хутка знайшлася разгадка: гэта былі тыя самыя шчаняты, якіх Напалеон забраў ад матак і гадаваў асобна. Хоць яшчэ і маладыя, гэта былі ўжо вялізныя сабакі, якія злавесным выглядам нагадвалі ваўкоў. Яны трымаліся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вілялі хвастамі яму гэтаксама, як некалі іншыя сабакі вілялі містэру Джоўнзу.

Напалеон, за якім ішлі сабакі, узышоў на прыўзнятую пляцоўку, дзе некалі стаяў Маёр, каб выступіць з прамовай. Ён абвясціў, што ад гэтага часу нядзельныя ранішнія Сходы адмяняюцца. Яны непатрэбныя, сказаў ён, і толькі забіраюць час. У далейшым усе пытанні жыццядзейнасці фермы будуць вырашацца адмысловым свіным камітэтам з ім самім на чале. Яны будуць збірацца за зачыненымі дзвярыма і пасля будуць паведамляць іншым пра свае пастановы. Жывёлы будуць па-ранейшаму збірацца кожную нядзелю раніцай, каб прывітаць сцяг, праспяваць «Звяры Брытаніі» і атрымаць загады на тыдзень; але ніякіх спрэчак і абмеркаванняў больш не будзе.

Нягледзячы на ўзрушэнне, выкліканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былі збянтэжаныя гэтым паведамленнем. Некаторыя з іх нават і запярэчылі б, калі б знайшлі неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ён падціснуў вушы, колькі разоў трасянуў грывай і паспрабаваў спарадкаваць свае думкі; але ўрэшце ён так і не знайшоў што сказаць. Некаторыя свінні, аднак, выразней выявілі сваю пазіцыю. Чатыры маладыя парсюкі, што сядзелі наперадзе, незадаволена завішчалі і ўсе чацвёра ўскочылі на ногі і пачалі гаварыць усе разам. Але раптам сабакі, што сядзелі вакол Напалеона, пагрозліва загыркалі, і свінні змоўклі і селі на свае месцы. Тады авечкі забляялі сваё жахлівае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзіны і паклала канец усяму абмеркаванню.

Пасля гэтага Віскун быў упаўнаважаны прайсціся па ўсёй ферме і растлумачыць усім астатнім новы парадак.

— Таварышы, — казаў ён, — я спадзяюся, што кожны з вас цэніць ахвярнасць таварыша Напалеона, які ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. Не думайце, таварышы, што быць правадыром — гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялікая і цяжкая адказнасць. Ніхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькі шчаслівы даць вам магчымасць вырашаць самім за сябе. Але ж часам вы маглі б прымаць няправільныя рашэнні, таварышы, і што б тады было? Уявіце, што вы маглі б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымі бязглуздымі ветракамі — Сняжка, які, як мы цяпер ведаем, быў проста крымінальнікам.

— Ён мужна змагаўся ў Бітве пры Хляве, — сказаў нехта.

— Адной мужнасці мала, — сказаў Віскун. — Адданасць і паслухмянасць значна важнейшыя. А што да Бітвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калі выявіцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыпліна, таварышы, жалезная дысцыпліна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзін памылковы крок, і вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелі, каб вярнуўся Джоўнз; калі правядзенне спрэчак нядзельнымі раніцамі магло б спрычыніцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкі варта было спыніць. Баксёр, які цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: «Калі гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда». І з таго часу ён узяў сабе за прымаўку «Напалеон заўсёды кажа праўду» ў дадатак да свайго асабістага дэвізу «Я буду працаваць яшчэ старанней».

Тым часам надвор'е перамянілася і пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, і лічылася, што гэтыя чарцяжы былі сцертыя з падлогі. Кожную нядзелю раніцай а дзесятай гадзіне жывёлы збіраліся ў вялікім гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусім голы, выкапалі з магілы ў садзе і прычапілі на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусілі ўрачыстым шыхтам прайсціся міма чэрапа, перш чым увайсці ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелі ўсе разам, як некалі раней. Напалеон з Віскуном і яшчэ адным парсюком, якога звалі Малятка і які меў незвычайны талент складаць песні і паэмы, сядзелі наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол іх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а іншыя свінні сядзелі ззаду. Астатнія жывёлы сядзелі насупраць іх у сярэдзіне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылі, і пасля аднаразовага адспявання «Звяроў Брытаніі» ўсе жывёлы разыходзіліся.

Трэцяе нядзелі пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзіўленнем пачулі паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў ніякіх прычынаў гэткай змены сваіх намераў, а проста папярэдзіў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмі цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скараціць харчовыя нормы. Усе праекты былі ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбніцы. Адмысловы свіны камітэт працаваў над імі на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з іншымі перадавымі пераменамі, зойме два гады.

Гэтым вечарам Віскун тлумачыў прыватна іншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасці ніколі не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён бараніў гэтую ідэю з самага пачатку, а чарцёж, які Сняжок намаляваў на падлозе ў інкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такім чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Віскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хітрасць таварыша Напалеона. Ён рабіў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавіцца ад Сняжка, які быў небяспечны элемент і дрэнна ўплываў на астатніх. Цяпер, калі Сняжок прыбраны з дарогі, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Віскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькі разоў: «Тактыка, таварышы, тактыка!», скачучы навокал, круцячы хвастом і весела смеючыся. Жывёлы не ведалі дакладна, што значыць гэтае слова, але Віскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакі, што выпадкова апынуліся пры ім, вурчэлі так пагрозліва, што яны пагадзіліся з яго тлумачэннямі без лішніх пытанняў.

VI

Увесь гэты год жывёлы працавалі, як рабы. Але яны былі шчаслівыя; яны не шкадавалі сілы і ахвотна ішлі на ахвяры, бо добра ведалі, што ўсё, што яны рабілі, было для іх саміх і для тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля іх, а не для жменькі лайдакоў і зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.

Усю вясну і лета яны працавалі шэсцьдзесят гадзін на тыдзень, а ў жніўні Напалеон паведаміў, што яны будуць працаваць таксама і ў нядзелі пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёліна, што самачынна адхілялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. І нават пры гэткіх умовах ад некаторых работ давялося адмовіцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, і два палеткі, якія планавалі засеяць караняплодамі на пачатку лета, засталіся незасеяныя, бо іх спазніліся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зіма.

Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былі добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску і цэменту, так што ўсе будаўнічыя матэрыялы былі пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы ніяк не маглі вырашыць, было, як разбіць камяні на кавалкі патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабіць інакш, як з дапамогаю кіркі і лома, якімі ніводная жывёла не магла карыстацца, бо ніводная жывёла не магла стаяць на задніх нагах. Толькі пасля некалькіх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка — выкарыстаць сілу прыцягнення. Вялізныя валуны, занадта вялікія, каб іх можна было ўжыць, параскладалі на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалі іх вяроўкамі, і тады ўсе разам, каровы, коні, авечкі — усе, хто мог учапіцца за вяроўку, у крытычныя моманты да іх далучаліся нават свінні — цягнулі ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль іх спіхалі, і яны разбіваліся ўнізе на кавалкі. Перавозіць бітае каменне было параўнаўча лёгка. Коні цягнулі яго на вазах, авечкі валаклі асобныя кавалкі, нават Мюрыэль і Бэнджамін упрэгліся ў лёгкую двухколку і везлі сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, і тады пад наглядам свінняў пачалося будаўніцтва.

Гэта была марудная і цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень ішоў на тое, каб нязмернымі намаганнямі зацягнуць адзіны валун на край кар'ера, і часам, калі яго спіхвалі ўніз, ён не разбіваўся. Нічога нельга было б зрабіць, калі б не Баксёр, чыя сіла, здавалася, была роўная сіле ўсіх астатніх жывёлаў разам узятых. Калі валун слізгаў уніз і жывёлы, якіх цягнула за ім з гары, пачыналі крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся і спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзіў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымі краямі падкоў, як ягоныя бакі макрэлі ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся і не перясільваўся, але Баксёр ніколі яе не слухаў. Два ягоныя дэвізы «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Напалеон заўсёды кажа праўду» здаваліся яму вычарпальным адказам на ўсе пытанні. Ён дамовіўся з пеўнікам, каб той будзіў яго раніцай не на паўгадзіны, а на тры чвэрці гадзіны раней. А ў свае вольныя хвіліны, якіх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна ішоў адзін да кар'ера, набіраў бітага камення і без чужой дапамогі цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былі няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калі ў іх было і не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсі, і не меней. Перавага ў тым, што яны кармілі цяпер толькі саміх сябе, а не мусілі ўтрымліваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых істотаў, была такая вялікая, што кампенсавала шматлікія нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былі больш эканомныя і эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як ніхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлі, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў і веснічак. Тым не меней з набліжэннем восені пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былі вельмі патрэбныя газа, цвікі, вяроўкі, сухары сабакам і жалеза на падковы — і ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павінны былі спатрэбіцца таксама насенне і штучныя ўгнаенні, розныя інструменты і, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, ніхто не мог сабе ўявіць.

Аднойчы ў нядзелю раніцай, калі жывёлы сабраліся, каб атрымаць загады, Напалеон паведаміў, што ён вырашыў перайсці да новай палітыкі. З гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзіць гандаль з суседнімі фермамі: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якія былі пільна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. І таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена і часткі сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калі спатрэбіцца больш грошай, іх можна будзе зарабіць, прадаючы яйкі, на якія ў Уілінгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсці на гэтую ахвяру, бо гэта будзе іх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.

І зноў жывёлы былі збянтэжаныя. Ніколі не мець ніякіх зносін з чалавечымі стварэннямі, ніколі не займацца гандлем, ніколі не ўжываць грошы — ці не былі гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталі, як прымаліся гэтыя пастановы, ці, прынамсі, ім здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкі, якія пратэставалі, калі Напалеон адмяніў Сходы, нясмела запярэчылі, але, пачуўшы пагрозлівае гырканне сабакаў, адразу змоўклі. Тады, як звычайна, авечкі завялі сваё «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», і хвілінная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цішыні, і паведаміў, што ён ужо пра ўсё дамовіўся. Жывёлам не трэба будзе самім уваходзіць у кантакт з чалавечымі істотамі, што было б вельмі непажадана. Ён вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта містэр Уімпэр, юрыст з Уілінгдона, згадзіўся быць пасярэднікам паміж Фермай Жывёлаў і знешнім светам і будзе заходзіць на ферму кожны панядзелак раніцай, каб атрымаць інструкцыі. Напалеон скончыў сваю прамову сваім звычайным воклічам: «Хай жыве Ферма Жывёлаў!», і, пасля праспявання «Звяроў Брытаніі», жывёлы былі распушчаныя.

Пасля гэтага Віскун абышоў ферму і супакоіў яе жыхароў. Ён запэўніў іх, што пастанова супраць вядзення гандлю і ўжывання грошай ніколі не была прынятая і нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазія, карані якой трэба шукаць у хлусні, што ішла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумняваліся, але Віскун дасціпна спытаўся ў іх: «Ці вы пэўныя, што не прыснілі ўсё гэта, таварышы? Можа, У вас тыя пастановы запісаныя на паперы? Ці яны ўвогуле калі-небудзь запісваліся?» І як сапраўды было чыстаю праўдай, што нічога падобнага ў пісьмовай форме не існавала, дык жывёлы пагадзіліся, што гэта была памылка.

Кожнага панядзелка містэр Уімпэр наведваў ферму, як было дамоўлена. Гэта быў хітраваты чалавечак з бакенбардамі, не надта вялікі дзялок, але дастаткова кемлівы, каб зразумець раней за іншых, што Ферме Жывёлаў спатрэбіцца пасярэднік і што камісійныя працэнты будуць вартыя клопату. Жывёлы глядзелі са страхам, як ён прыходзіць і адыходзіць, і як мага пазбягалі яго. Разам з тым, бачачы, як Напалеон, стоячы на чатырох нагах, аддае загады Ўімпэру, што стаяў на дзвюх, яны напаўняліся гонарам і часткова пагаджаліся з новым парадкам. Іх дачыненні з чалавечым родам цяпер не былі ўжо тыя самыя, што раней. Цяпер, калі Ферма Жывёлаў квітнела, чалавечыя істоты не пераставалі яе ненавідзець, яны ненавідзелі яе яшчэ больш чым калі. Кожны з людзей свята верыў у тое, што ферма раней ці пазней збанкрутуе і што, перадусім, пабудова ветрака скончыцца поўным крахам. Яны зазвычай сустракаліся ў корчмах і браліся даводзіць адзін аднаму з дапамогай схемаў і чарцяжоў, што вятрак абавязкова мусіць заваліцца або што калі ён і будзе стаяць, дык ніколі не будзе працаваць. І ўсё ж, міжволі, яны прасякліся павагай да ўмельства, з якім жывёлы вялі свае справы. Адным з паказчыкаў гэтага было тое, што яны пачалі называць Ферму Жывёлаў яе сапраўдным імем і болей ужо не настойвалі на тым, што яна завецца Ферма Мэнар. Яны таксама кінулі бараніць Джоўнза, які ўжо не спадзяваўся вярнуць сабе ферму і пераехаў жыць у другі канец краіны. Калі не лічыць Уімпэра, ніякіх кантактаў паміж Фермай Жывёлаў і знешнім светам пакуль што не было, але ўвесь час хадзілі чуткі, што Напалеон збіраецца заключыць дзелавое пагадненне або з містэрам Пілкінгтанам з Фоксвуда, або з містэрам Фрэдэрыкам з Пінчфілда — але ні ў якім разе, як было заўважана, з абодвума адначасова.

Якраз прыблізна гэтым часам свінні нечакана перабраліся ў сядзібу і сталі жыць там. Зноў жывёлам падалося, нібы яны памятаюць пастанову, што была прынятая ў сама першыя дні, і зноў Віскун здолеў пераканаць іх, што яны памыляюцца. Было абсалютна неабходна, казаў ён, каб свінні, якія былі розумам фермы, мелі спакойнае памяшканне для працы. Дый годнасці Правадыра (нядаўна ён пачаў ужываць тытул «Правадыр», гаворачы пра Напалеона) больш пасуе жыць у доме, чым у простым свінушніку. Тым не меней некаторыя жывёлы збянтэжыліся, пачуўшы, што свінні не толькі ядуць на кухні і адпачываюць у гасцёўні, але і спяць у ложках. Баксёр не звярнуў на гэта ніякай увагі, сказаўшы, як звычайна: «Напалеон заўсёды кажа праўду!», але Канюшынка, якой здавалася, што яна дакладна памятае пастанову наконт ложкаў, пайшла да гумна і паспрабавала разабраць Сем Запаведзяў, што былі напісаныя на сцяне. Не здолеўшы прачытаць нічога, апроч паасобных літар, яна схадзіла па Мюрыэль.

— Мюрыэль, — сказала яна, — прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Ці няма ў ёй пра тое, каб ніколі не спаць у ложку?

Мюрыэль з цяжкасцю праслібізавала.

— Тут напісана: «Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку на прасціне», — урэшце паведаміла яна.

Дзіўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасціну; але калі гэта было напісана на сцяне, значыць, гэтак яно і мусіла быць. І Віскун, які якраз у гэты момант праходзіў міма ў суправаджэнні двух сабакаў, здолеў выкласці гэтую справу ў патрэбным святле.

— Дык вы, таварышы, чулі, — сказаў ён, — што мы, свінні, спім цяпер у ложках у сядзібе? А чаму не? Вы ж, пэўна, не думаеце, што некалі была пастанова супраць ложкаў? Ложак проста значыць месца, на якім спяць. Куча саломы ў стойле, калі разглядаць гэта адпаведным чынам, таксама ложак. Закон быў супраць прасцінаў, бо гэта ўжо чалавечая выдумка. Мы падаставалі прасціны з ложкаў у сядзібе і спім, закруціўшыся ў коўдры. І гэта вельмі ўтульныя ложкі! Але не больш утульныя, чым нам патрэбна пры той разумовай працы, якую мы мусім рабіць сёння, вось што я вам скажу, таварышы. Вы не пазбавіце нас права на адпачынак, праўда ж, таварышы? Вы ж не зробіце так, каб нам было зусім цяжка выконваць свае абавязкі? Ніхто ж з вас не хоча, каб вярнуўся Джоўнз?

У гэтым жывёлы запэўнілі яго без лішніх развагаў, і больш ужо ніхто не гаварыў, што свінні спяць у ложках у сядзібе. А калі праз некалькі дзён было абвешчана, што ад таго часу свінні будуць уставаць раніцай на гадзіну пазней за астатніх жывёлаў, ніхто ўжо і не падумаў паскардзіцца.

Калі надышла восень, жывёлы былі змораныя, але шчаслівыя. У іх быў цяжкі год, а пасля продажу часткі сена і збожжа запасы ежы на зіму былі не такія ўжо і багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жніва выдалася яшчэ колькі пагодлівых сухіх дзянькоў, і жывёлы працавалі з большым напружаннем, лічачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялізныя камяні, калі гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзін фут. Баксёр часам нават выходзіў начамі і працаваў гадзіну ці дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвіліны жывёлы хадзілі вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю і перпендыкулярнасцю сцен і дзівячыся, што яны самі здолелі зрабіць нешта гэткае незвычайнае. І толькі стары Бэнджамін не выяўляў ніякага энтузіязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нічога, апрача загадкавай заўвагі, што аслы жывуць доўга.

Настаў лістапад з лютымі паўднёва-заходнімі вятрамі. Будаўніцтва давялося спыніць, бо было занадта мокра, каб разводзіць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калі вецер быў такі моцны, што будынкі фермы хісталіся на сваіх падмурках і некалькі плітак дахоўкі зляцела з гуменнага даху. Куры прачнуліся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснілі адначасова, што чулі, як недзе непадалёку стрэліла гармата. Калі раніцаю жывёлы павыходзілі са стойлаў, яны ўбачылі, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краі саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелі яны агледзець гэта, як з усіх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад імі адкрылася страшнае відовішча. Вятрак ляжаў у руінах.

Не згаворваючыся, яны кінуліся да яго. Напалеон, які ніколі не паскараў хады, бег наперадзе ўсіх. Так, увесь плён іх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камяні, якія яны з такімі намаганнямі разбівалі і зацягвалі на ўзгорак, рассыпаліся на ўсе бакі. Не могучы спачатку вымавіць ні слова, яны стаялі, жалобна пазіраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкі хадзіў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся і нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спыніўся, быццам нешта вырашыўшы.

— Таварышы, — сказаў ён спакойна, — ці ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Ці ведаеце вы, хто той вораг, які прыйшоў уночы і разбурыў наш вятрак? Сняжок! — І раптам ён закрычаў грымотным голасам: — Гэта ўчыніў Сняжок! З сваёй зламыснасці, імкнучыся сарваць нашыя планы і адпомсціць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднік пракраўся сюды пад покрывам ночы і знішчыў вынікі нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут і цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль «Жывёла-Герой» другога класа і пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловіць яго жывога!

Жывёлы былі незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачуліся крыкі абурэння, і кожны пачаў абдумваць, як злавіць Сняжка, калі той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былі заўважаныя свіныя сляды. Яны былі бачныя толькі на працягу некалькіх ярдаў, але было відаць, што яны вядуць да дзіркі ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да іх і абвясціў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, відаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.

— Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! — закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. — Нас чакае шмат працы. Сёння раніцай мы пачнём адбудоўваць вятрак і будзем будаваць яго ўсю зіму, і ў дождж, і ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднік ведае, што яму не ўдасца так проста закрэсліць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павінна быць ніякіх змен, усё мусіць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!

VII

Зіма была суровая. За шалёнымі вятрамі прыйшлі дажджы і снегапады, а пасля насталі жорсткія маразы, якія пачалі слабнуць толькі ў лютым. Жывёлы што ставала сілы працягвалі адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешні свет уважліва сочыць за імі і што зайздросныя чалавечыя істоты будуць радавацца і святкаваць перамогу, калі вятрак не будзе пабудаваны ў пару.

На бяду жывёлам, чалавечыя істоты ўдавалі, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалі, што ён разваліўся таму, што сцены былі занадта тонкія. Жывёлы ведалі, што гэта няпраўда. І ўсё ж было вырашана рабіць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасці камення. Доўгі час кар'ер быў занесены снегам, і нічога нельга было рабіць. Праца крыху прасунулася наперад у сухія марозныя дні, але гэта было цяжкае выпрабаванне, і энтузіязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Ім увесь час было халодна, а часам і галодна. Толькі Баксёр і Канюшынка ніколі не падалі духам. Віскун выступаў з бліскучымі прамовамі аб радасці служэння ферме і высокай годнасці працы, але астатнія жывёлы значна болей натхняліся з Баксёравай сілы і яго нястомнага воклічу «Я буду працаваць яшчэ старанней!».

У студзені пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, і было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявілася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якія не былі як след накрытыя. Бульба зрабілася мяккая і бясколерная, і толькі нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымі днямі жывёлы нічога не елі, апроч мякіны і буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала ім у твары.

Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя істоты выдумлялі новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлі чуткі, што ўсе на ферме паміраюць з голаду і хваробаў, што яны няспынна варагуюць паміж сабою і дайшлі нават да канібалізму і дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якія былі б вынікі, калі б за агароджаю фермы даведаліся пра сапраўднае становішча з ежай, і ён вырашыў скарыстаць містэра Ўімпэра, каб пашырыць звесткі адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павінны былі мець ніякіх кантактаў з Уімпэрам пад час ягоных штотыднёвых візітаў, тым часам некалькі адмыслова вылучаных жывёлін, у большасці авечак, падвучылі казаць, нібы мімаходзь, у ягонай прысутнасці, што нормы былі павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўніць амаль пустыя засекі ў свірне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамі збожжа і мукі. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уімпэра завялі ў свіран і дазволілі яму зазірнуць у засекі. Гэтак яго ўвялі ў зман, і ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.

І, аднак, пад канец студзеня сталася відавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымі днямі Напалеон рэдка паказваўся публічна і ўвесь час праводзіў у сядзібе, усе дзверы ў якой ахоўваліся страхотнымі сабакамі. Калі ж ён і выходзіў на свет, дык вельмі ўрачыста, у атачэнні шасці сабакаў, якія шчыльна абступалі яго і вурчалі, калі нехта падыходзіў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымі раніцамі, а пераказваў свае загады праз іншых свінняў, звычайна праз Віскуна.

Аднойчы нядзельнай раніцай Віскун абвясціў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкі. Напалеон заключыў праз Уімпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа і мукі, каб пражыць да лета, калі жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.

Калі куры пачулі гэта, яны ўзнялі страшны лямант. Іх і раней папярэджвалі, што ім, магчыма, давядзецца пайсці на такую ахвяру, але яны не верылі, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтаваліся да вясновага выседжвання і скардзіліся, што забраць цяпер яйкі было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымі чорнымі міноркамі, куры зрабілі рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылі заляцець на кроквы і несці яйкі там, адкуль яны падалі і разбіваліся аб падлогу. Напалеон дзейнічаў хутка і бязлітасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу і папярэдзіў, што любая жывёліна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакі пільна сачылі за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалі пяць дзён, пасля здаліся і вярнуліся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Іх целы пахавалі ў садку, і было абвешчана, што яны памерлі ад какцыдыёзу. Уімпэр пра гэтую справу нічога не чуў, і яйкі дастаўляліся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка і завозіў іх у мястэчка.

Увесь гэты час Сняжка так ніхто і не бачыў. Хадзілі чуткі, што ён хаваўся на адной з суседніх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пінчфілдзе. Да гэтага часу дачыненні Напалеона з іншымі фермерамі крыху палепшалі. Неяк на панадворку знайшлі цэлы штабель драўніны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калі вычышчалі букавы гай. Дрэва было сухое, і Ўімпэр параіў Напалеону прадаць яго; містэр Пілкінгтан і містэр Фрэдэрык былі гатовыя яго купіць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупніка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цікава адзначыць, што, калі ён схіляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калі ж ён думаў спыніць выбар на Пілкінгтане, казалі, што Сняжок сядзіць у Пінчфілдзе.

Аднойчы ранняй вясною нечакана выявіўся трывожны факт. Сняжок начамі патаемна прыходзіў на ферму. Жывёлы былі так усхваляваныя, што не маглі спаць у сваіх стойлах. Казалі, што кожнае ночы ён прабіраецца на ферму пад покрывам цемры і чыніць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкі, біў яйкі, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькі на ферме што-небудзь не ладзілася, сталася звычаем прыпісваць віну Сняжку. Калі разбівалася шыбіна або забіваліся вадасцёкі, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок і зрабіў гэта, а калі згубіліся ключы ад свірна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закінуў іх у калодзеж. Дзіўна, што яны верылі ў гэта нават тады, калі ключы знайшліся пад мехам з мукою. Каровы ў адзін голас заяўлялі, што Сняжок пракраўся ў іх стойлы і даіў іх, пакуль яны спалі. Казалі таксама, што пацукі, якія прыносілі нямала клопату гэтай зімою, былі ў хаўрусе з Сняжком.

Напалеон заявіў, што неабходна правесці поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасці. Выйшаўшы ў суправаджэнні сабакаў, ён уважліва агледзеў усе гаспадарчыя будынкі, а ўсе астатнія жывёлы сачылі за імі на паважнай адлегласці. Праз кожныя некалькі крокаў Напалеон спыняўся і нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якія, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курніках, у гародзе, і знаходзіў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлі, колькі разоў глыбока ўдыхаў паветра і крычаў страшным голасам: «Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!», і, пачуўшы слова «Сняжок», сабакі гыркалі так, што кроў застывала ў жылах, і шчэрылі іклы.

Жывёлы былі не на жарт напалоханыя. Ім здавалася, што Сняжок напоўніў паветра вакол іх сваімі нябачнымі ўплывамі і пагражаў ім рознымі няшчасцямі. Увечары Віскун склікаў усіх разам і з трывогаю на твары сказаў, што мае паведаміць важную навіну.

— Таварышы! — закрычаў Віскун, нервова падскокваючы. — Выявілася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пінчфілд, які збіраецца напасці на нас і забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за правадніка, калі пачнецца наступ. Але ёсць і страшнейшая навіна. Мы думалі, што Сняжок узняўся на бунт толькі праз сваю фанабэрыю і ганарлівасць. Але мы памыляліся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявілася з дакументаў, якія засталіся пасля яго і якія мы знайшлі толькі цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Ці ж мы самі не бачылі, як ён спрабаваў — на шчасце, без поспеху — разбіць і знішчыць нас у Бітве пры Хляве?

Жывёлы былі агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькі хвілін, перш чым яны здолелі цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталі або думалі, што памятаюць, як яны бачылі Сняжка на чале жывёлаў у Бітве пры Хляве, як ён іх падтрымліваў і падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху ні на хвіліну, нават калі шраціны з Джоўнзавай стрэльбы паранілі яму спіну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, які рэдка задаваў пытанні, быў збіты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднія ногі, заплюшчыў вочы і цяжкім намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкі.

— Я не веру гэтаму, — сказаў ён. — Сняжок мужна змагаўся ў Бітве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Ці ж не ўзнагародзілі мы яго адразу пасля бітвы медалём «Жывёла-Герой» першага класа?

— Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем — усё гэта напісана ў сакрэтных дакументах, якія мы знайшлі, — што ў сапраўднасці ён хацеў завабіць нас на загубу.

— Але ён быў паранены, — сказаў Баксёр. — Мы ўсе бачылі, як цякла кроў.

— Пра гэта было загадзя дамоўлена! — закрычаў Віскун. — Джоўнзаў стрэл толькі трошкі яго зачапіў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясціну ягоных запісаў, калі б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сігнал да ўцёкаў і адступіць перад ворагам. І яму гэта амаль удалося — я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калі б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калі Джоўнз і яго людзі ўбеглі на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся і пачаў уцякаць, і большасць жывёлаў кінулася за ім? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калі ўсіх ахапіла паніка і ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклічам «Смерць чалавецтву!» і ўкусіў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? — закрычаў Віскун, падскокваючы на месцы.

Цяпер, калі Віскун апісаў тыя падзеі гэтак відавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякім разе, яны памяталі, што ў сама крытычны момант бітвы Сняжок павярнуўся і пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.

— Я не веру, што Сняжок быў здраднікам на самым пачатку, — нарэшце сказаў ён. — Што ён рабіў пасля — гэта ўжо іншая справа. Але я веру, што пад час Бітвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.

— Наш Правадыр таварыш Напалеон, — заявіў Віскун, гаворачы вельмі павольна і выразна, — катэгарычна сцвярджае — катэгарычна, таварыш, — што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку — так, і нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.

— А, ну гэта іншая справа! — сказаў Баксёр. — Калі гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно і ёсць.

— Вось гэта правільныя словы, таварыш, — закрычаў Віскун, але ўсе заўважылі, што ён неяк вельмі нядобра паглядзеў на Баксёра сваімі мірглівымі вочкамі. Ён павярнуўся, каб пайсці, пасля спыніўся і дадаў шматзначна: — Папярэджваю ўсіх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пільныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьці з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!

Праз чатыры дні, надвячоркам, Напалеон загадаў усім жывёлам сабрацца ў двары. Калі яны ўсе сышліся разам, Напалеон выйшаў з сядзібы, аздоблены абодвума сваімі медалямі (бо незадоўга перад тым ён узнагародзіў сябе медалямі «Жывёла-Герой» першага класа і «Жывёла-Герой» другога класа), з сваімі вялізнымі сабакамі, што круціліся вакол яго і гыркалі так, што ў жывёлаў дрыжыкі беглі па спінах. Яны маўкліва скурчыліся на сваіх месцах, нібы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.

Напалеон стаяў і сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранізліва завішчаў. Сабакі зараз жа кінуліся наперад, схапілі чатырох свінняў за вушы і пацягнулі іх да ног Напалеона, не зважаючы на іх страшны віск ад болю і страху. З свіных вушэй цякла кроў, сабакі адчулі яе смак і на нейкі момант зусім ашалелі. Раптам, усім на здзіўленне, трое сабак накінуліся на Баксёра. Убачыўшы іх, Баксёр выставіў наперад свой вялізны капыт, збіў аднаго сабаку з лёту і прыціснуў яго да зямлі. Сабака заенчыў аб літасці, і два другія ўцяклі, падціснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабіць: раздушыць сабаку насмерць ці адпусціць. Напалеон, як здалося, змяніўся з твару і рэзка загадаў Баксёру адпусціць сабаку, на што той падняў капыт, і сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.

У хуткім часе сумятня сціхла. Чатыры свінні чакалі, дрыжучы, усім сваім выглядам прызнаючы сваю віну. Напалеон запрапанаваў ім павініцца ў сваіх злачынствах. Гэта былі тыя самыя чатыры парсюкі, якія пратэставалі, калі Напалеон адмяніў нядзельныя Сходы. Без лішняй прынукі яны прызналіся, што трымалі сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнічалі з ім у справе разбурэння ветрака і што ўвайшлі ў пагадненне з ім з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў містэру Фрэдэрыку. Яны дадалі, што Сняжок патаемна прызнаўся ім, што ён доўгія гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калі яны скончылі сваю споведзь, сабакі тут жа на месцы разарвалі ім глоткі, і Напалеон страшным голасам запытаўся, ці хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.

Тры курыцы, што верхаводзілі няўдалым яечным бунтам, выйшлі наперад і засведчылі, што Сняжок з'явіўся ім у сне і намовіў іх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былі забітыя на месцы. Тады выйшла гуска і прызналася, што схавала шэсць пшанічных каласкоў пад час леташняга жніва і з'ела іх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруіла ў ставок з пітной вадою — яна сказала, што яе на гэта падбіў Сняжок, — а яшчэ дзве авечкі павініліся ў тым, што загубілі старога барана, вельмі адданага прыхільніка Напалеона, тым, што ганялі яго, хворага на кашаль, вакол вогнішча, пакуль ён не памёр. Усе яны былі забітыя на месцы. І так чарада прызнанняў і пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў і паветра не напоўнілася смуродам крыві, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.

Калі ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свінняў і сабакаў, бязладным гуртом пацягнуліся прэч. Яны былі ўзрушаныя і няшчасныя. Яны не ведалі, што болей уразіла іх — здрада жывёлаў, якія ўступілі ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамі якое яны толькі што былі. Даўнейшымі часамі бывалі на ферме і не менш жахлівыя сцэны крывавае бойні, але ўсім ім здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калі гэта адбывалася паміж імі. З таго часу, як Джоўнз пакінуў ферму, і да гэтага дня ніводная жывёла ніколі не забіла іншае жывёлы. Не быў забіты нават ніводзін пацук. Яны пакіраваліся да ўзгорка, на якім стаяў недабудаваны вятрак, і, не згаворваючыся, леглі на зямлю, скупіўшыся, каб сагрэцца, — Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамін, каровы, авечкі і цэлая чарада гусей і курэй — усе, апроч ката, які раптоўна знік якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкі час усе маўчалі. Адзін Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круціўся, абмахваючы даўгім хвастом бакі, і час ад часу здзіўлена іржаў. Нарэшце ён сказаў:

— Я нічога не разумею. Я ніколі не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Відаць, мы самі ў нечым вінаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць раніцай на цэлую гадзіну раней.

І ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў іх да ветрака і толькі тады пайшоў спаць.

Жывёлы скупіліся вакол Канюшынкі і маўчалі. З пагорка, на якім яны ляжалі, адкрываўся шырокі спазор на ваколіцы. Яны маглі бачыць большую частку Фермы Жывёлаў — даўгі выган, што цягнуўся да гасцінца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палі, дзе ўжо зазелянела рунь, і чырвоныя дахі гаспадарчых будынкаў з дымам, што віўся з комінаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава і жываплоты залаціліся пад косымі промнямі сонца. Ніколі раней ферма — а яны са здзіўленнем успомнілі, што гэта была іх ферма, кожны лапік яе быў іхняю ўласнасцю — не здавалася такою ўтульнай і выгоднай. Канюшынка паглядзела на схіл пагорка, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Калі б яна магла выказаць свае думкі, яна сказала б, што не да гэтага яны імкнуліся, калі браліся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор і забойствы былі зусім не тым, пра што яны так марылі ў тую ноч, калі стары Маёр упершыню абудзіў іх на паўстанне. Калі яна раней мела нейкі вобраз будучыні, дык гэта было грамадства без голаду і бізуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы бароніць слабога, як яна бараніла вывадак качанят, захінуўшы іх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага — і яна не ведала чаму — яны дажылі да часоў, калі ніхто не можа сказаць таго, што думае, калі паўсюль сноўдаюць лютыя рыклівыя сабакі і калі ты мусіш глядзець, як тваіх таварышаў разрываюць на шматкі пасля таго, як яны прызналіся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было і думкі пра бунт ці непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, і што найперш трэба было зрабіць усё, каб не вярнуліся чалавечыя істоты. Што б ні здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, і пагаджацца з кіраўнічаю роляю Напалеона. І ўсё ж гэта было не тое, на што яна і ўсе іншыя жывёлы спадзяваліся і дзеля чаго аддавалі ўсе свае сілы. Не дзеля таго яны будавалі вятрак і падстаўляліся пад Джоўнзавы кулі. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкі.

Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замяніць тыя словы, якіх яна ніяк не можа знайсці, яна пачала спяваць «Звяры Брытаніі». Іншыя жывёлы, што сядзелі вакол яе, падхапілі спеў, і яны праспявалі яе тры разы — вельмі суладна, але павольна і жалобна, так, як ніколі раней не спявалі.

Не паспелі яны скончыць, як Віскун, у атачэнні двух сабакаў, падышоў да іх з выглядам, нібы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясціў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытаніі» адмененыя. З гэтага часу спяваць іх забаронена.

Жывёлы былі агаломшаныя.

— Чаму? — закрычала Мюрыэль.

— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Віскун. — «Звяры Брытаніі» былі песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднікаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер і знешнія і ўнутраныя ворагі разбітыя. У «Звярах Брытаніі» мы выказвалі свае мары аб лепшым грамадстве ў будучыні. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае ніякага сэнсу.

Хоць і спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглі б запратэставаць, але ў гэты момант авечкі завялі сваё звычайнае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», што цягнулася некалькі хвілін і паклала канец спрэчцы. Такім чынам, «Звяры Брытаніі» болей не спявалі. Замест іх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:

О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Ніколі табе не ўчыню я шкоды! —

і цяпер яе спявалі кожную нядзелю раніцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што ні мелодыя, ні словы яе ніяк не маглі зраўняцца з «Звярамі Брытаніі».

Праз некалькі дзён, калі страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (ці яму гэта толькі падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў». І хоць нікому і ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасці свінняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнія забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзі. Канюшынка папрасіла Бэнджаміна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, і калі Бэнджамін, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткія справы, яна схадзіла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнія словы выпалі з памяці жывёлаў. Але цяпер яны пабачылі, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмі важкая прычына, каб забіць здраднікаў, якія схаўрусаваліся з Сняжком.

Увесь гэты год жывёлы працавалі яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамі ўдвая таўсцейшымі і скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць і звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высілкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелі ўранку Віскун браў доўгі сувой паперы і чытаў ім спісы лічбаў, якія сведчылі, што вытворчасць усіх відаў харчовай прадукцыі ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават і на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было ніякіх падставаў яму не верыць, асабліва таму, што яны ўжо добра і не памяталі, у якіх умовах яны жылі да Паўстання. І ўсё ж былі дні, калі ім здавалася, што раней было менш лічбаў і болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчаліся праз Віскуна або яшчэ каго з свінняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыдні. Калі ён з'яўляўся, пры ім быў не толькі сабачы почт, але і чорны певень, які быў нібы за трубача і крычаў гучнае «кукарэку!» кожны раз перад тым, як Напалеон збіраўся нешта сказаць. Казалі, што нават у сядзібе Напалеон жыў у асобных ад усіх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над ім чуйнавалі два сабакі, і еў ён заўсёды з абеднага сервізу «Краўн Дарбі», які раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўні. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як і ў дзве іншыя гадавіны.

Пра Напалеона цяпер ніколі не казалі проста «Напалеон». Афіцыйна яго цяпер заўсёды называлі толькі «наш Правадыр таварыш Напалеон», і свінні любілі прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсіх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнік Авечага Статка, Сябра Качанятаў і падобнае. У сваіх прамовах Віскун, заліваючыся слязьмі замілавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца і пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсім свеце, асабліва ж да няшчасных жывёлаў, якія жылі ў няведанні і рабстве на іншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне і за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кіраўніцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоі радасна ўсклікалі: «Дзякуючы кіраўнічай ролі таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуцці на ферме былі добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» і гучала так:

О сябар сіротам!
Крыніца цяпла і пяшчоты!
Памыйні ўладар! Ні пакуты, ні голад, ні скон
Мне душу не азмрочаць,
Бо заўжды твае мудрыя вочы
Мне, як сонца з нябёсаў, зіхочуць,
Таварыш Напалеон!

Ты — дарыльшчык усёй той надобы,
Што падданым тваім даспадобы:
Набіты трыбух і сухая падсцілка на сон;
У хляве, як у раю,
Спіць спакойна худоба любая,
Бо нядрэмных вачэй не змыкае
Таварыш Напалеон!

Каб я меў парсючка-немаўляці,
Гадаваў бы яго быццам маці
І, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,
Я яго навучаў бы старанна
Табе ў вочы глядзець закахана
І страчаць цябе віскам адданым:
«Таварыш Напалеон!»

Напалеон ухваліў гэтую паэму і загадаў напісаць яе на сцяне вялікага гумна, супрацьлеглай той, дзе былі Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профіль, выкананы Віскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўімпэра, Напалеон уступіў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам і Пілкінгтанам. Штабель драўніны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваіх Фрэдэрык болей імкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлі чуткі, што Фрэдэрык з сваімі людзьмі збіраецца напасці на Ферму Жывёлаў і разбурыць вятрак, будаванне якога абудзіла ў ім лютую зайздрасць. Сняжок, як казалі, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пінчфілд. Неяк у сярэдзіне лета жывёлаў вельмі ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовіліся забіць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралі смерцю, і былі прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакі вартавалі яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе іх есці, каб праверыць, ці яны не атручаныя.

Прыблізна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовіўся прадаць драўніну містэру Пілкінгтану; ён таксама збіраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымі прадуктамі паміж Фермай Жывёлаў і Фоксвудам. Дачыненні паміж Напалеонам і Пілкінгтанам, хоць яны і падтрымліваліся толькі праз Уімпэра, былі цяпер амаль сяброўскія. Жывёлы не давяралі Пілкінгтану як прадстаўніку чалавечага роду, але аддавалі яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баяліся і ненавідзелі. З набліжэннем восені, калі вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткі пра пагрозу здрадлівага нападу зрабіліся часцейшыя. Казалі, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць іх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамі, і ўжо падкупіў суд і паліцыю, дамовіўшыся, што яны не будуць умешвацца, калі ён захопіць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пінчфілда даходзілі жахлівыя весткі пра зверствы, якія Фрэдэрык учыняў над сваімі жывёламі. Ён засек да смерці старога каня, марыў голадам кароў, забіў сабаку, кінуўшы яго ў печку, а вечарамі забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў біцца, прывязаўшы ім да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кіпела ад гневу, калі яны чулі, што іх таварышы церпяць такія здзекі, і часам яны патрабавалі, каб ім дазволілі выйсці самім і напасці на ферму Пінчфілд, выгнаць адтуль людзей і вызваліць жывёлаў. Але Віскун параіў ім устрымацца ад неразважлівых дзеянняў і даверыцца стратэгіі таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавісць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю раніцай Напалеон выступіў у гумне і растлумачыў, што ён ніколі не меў намеру прадаць штабель драўніны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такім нягоднікам было б абразаю ягонай годнасці. Галубам, якіх усё яшчэ высылалі, каб разносіць весткі пра Паўстанне, было забаронена садзіцца ў Фоксвудзе, ім таксама было загадана адкінуць іх ранейшы лозунг «Смерць чалавецтву» і замяніць яго на «Смерць Фрэдэрыку». Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, і высветлілася, што пад час аднаго з сваіх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа і пустазелля. Гусак, які быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Віскуну ў сваім злачынстве і тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькі смяротна атрутных ягад лісніку. Жывёлы цяпер таксама даведаліся, што Сняжок ніколі — як шмат хто з іх дагэтуль думаў — не быў узнагароджаны медалём «Жывёла-Герой» першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкі час пасля Бітвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькі не ўзнагародзілі, але яшчэ і асудзілі за баязліўства ў бітве. І зноў сяму-таму з жывёлаў было дзіўна гэта пачуць, але Віскун хутка здолеў іх пераканаць, што памяць іх ашукала.

Увосень, цаною неверагодна цяжкіх намаганняў — бо амаль адначасова трэба было збіраць ураджай — будаўніцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставіць абсталяванне, і Ўімпэр вёў перамовы наконт яго закупкі, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усім цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасці і нягоды і на здраду Сняжка, працу скончылі дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзілі вакол свайго шэдэўра, які здаваўся ім яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалі першы раз. Тым болей што сцены цяпер былі ўдвая таўсцейшыя. Ніякі выбух ім цяпер не страшны! І калі яны падумалі, колькі паклалі працы і пакутаў, колькі сцярпелі нягодаў і якія велізарныя перамены настануць у іх жыцці, калі пачнуць круціцца крылы і запрацуюць генератары, — калі яны падумалі пра ўсё гэта, стома пакінула іх, і яны пачалі скакаць вакол ветрака і крычаць ад радасці. Сам Напалеон, з неадлучнымі сабакамі і пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабіста павіншаваў жывёлаў з вялікім дасягненнем і абвясціў, што вятрак будзе насіць назву Вятрак імя Напалеона.

Праз два дні жывёлаў склікалі ў гумно на адмысловы сход. Ім аж мову заняло ад здзіўлення, калі Напалеон паведаміў, што прадаў штабель драўніны Фрэдэрыку. На другі дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкі і пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пілкінгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненні з Фрэдэрыкам.

Усе дачыненні з Фоксвудам спыніліся, Пілкінгтану былі пасланыя абразлівыя лісты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пінчфілд і змяніць свой лозунг «Смерць Фрэдэрыку» на «Смерць Пілкінгтану». У той самы час Напалеон запэўніў жывёлаў, што чуткі аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былі цалкам фальшывыя і што апавяданні пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваіх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкі паходзілі, відаць, ад Сняжка і яго агентаў. Цяпер выявілася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пінчфілд і што ён там ніколі ў жыцці не быў, а жыў ён — як казалі, у поўнай раскошы — у Фоксвудзе і ўжо некалькі гадоў быў наёмнікам Пілкінгтана.

Свінні былі ў захапленні ад Напалеонавай хітрасці. Прыкінуўшыся, што сябруе з Пілкінгтанам, ён змусіў Фрэдэрыка падвысіць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Віскун, выявілася ў тым, што ён не давяраў нікому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплаціць за драўніну нечым, што ён назваў чэкам, які, кажуць, быў кавалкам паперкі з напісаным абяцаннем заплаціць. Але Напалеон не такі дурны. Ён запатрабаваў заплаціць сапраўднымі пяціфунтавымі банкнотамі, якія павінны быць перададзеныя, перш чым драўніна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплаціў; і атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купіць абсталяванне да ветрака.

Тым часам драўніна спешна перавозілася. Калі ўсё было скончана, у гумне склікалі яшчэ адзін адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапіўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасміхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсціле, а побач з ім, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухні, ляжалі грошы. Жывёла павольна праходзіла паўз іх, і кожны глядзеў, колькі хацеў. Баксёр нахіліўся, каб панюхаць банкноты, і лёгкія белыя паперкі задрыжалі і зашалахцелі пад яго ўздыхам.

Праз тры дні ўзняўся страшэнны гармідар. Спалатнелы Ўімпэр прыехаў на ровары, кінуў яго ў двары і пабег што меў сілы да сядзібы. Праз хвіліну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навіна. Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўніну за нішто!

Напалеон неадкладна склікаў жывёлаў і страшным голасам абвясціў смяротны прысуд Фрэдэрыку. Калі яго ўдасца злавіць, сказаў ён, Фрэдэрык будзе звараны жыўцом. У той самы час ён папярэдзіў, што пасля такой вялікай здрады можна чакаць найгоршага. Фрэдэрык і яго людзі маглі распачаць свой даўно планаваны напад у любы момант. На ўсіх падыходах да фермы былі расстаўлены вартавыя. Да таго ж чатыры галубы былі пасланыя ў Фоксвуд з прымірэнчым пасланнем, якое, як спадзяваліся, магло б аднавіць добрыя стасункі з Пілкінгтанам.

Напад адбыўся якраз наступнай раніцай. Жывёлы снедалі, калі назіральнікі прыбеглі з весткай, што Фрэдэрык і яго памагатыя ўжо прайшлі праз вялікую ўваходную браму. Даволі адважна жывёлы выправіліся ім насустрач, але гэтым разам ім не ўдалася лёгкая перамога, як у Бітве пры Хляве. На іх ішло пятнаццаць чалавек з паўтузінам стрэльбаў, і яны пачалі страляць, калі падышлі на пяцьдзесят ярдаў. Жывёлы не маглі выстаяць перад жахлівымі выбухамі стрэлаў і пякучымі шрацінамі і, нягледзячы на спробы Напалеона і Баксёра стрымаць іх, неўзабаве адступілі. Некаторыя з іх былі ўжо параненыя. Яны схаваліся ў гаспадарчых будынках і асцярожна выглядалі праз дзіркі і шчыліны. Увесь выган, разам з ветраком, быў цяпер у руках ворага. На хвіліну здалося, што нават Напалеон разгубіўся. Ён моўчкі хадзіў сюды-туды, торгаючы раскручаным хвастом. З надзеяй і спадзяваннем усе паглядалі ў бок Фоксвуда. Калі б Пілкінгтан з сваімі людзьмі дапамог ім, яны б яшчэ маглі перамагчы. Але ў гэтую хвіліну вярнуліся чатыры галубы, высланыя напярэдадні, і адзін з іх перадаў шматок паперы ад Пілкінгтана. На ім было напісана алоўкам: «Так вам і трэба».

Тым часам Фрэдэрык і яго людзі спыніліся каля ветрака. Жывёлы глядзелі на іх з трывогай. Двое людзей дасталі лом і кавальскі молат. Яны збіраліся разбурыць вятрак.

— Гэта немагчыма! — закрычаў Напалеон. — Сцены занадта тоўстыя. Яны не разаб'юць іх і за тыдзень. Не падайце духам, таварышы!

Але Бэнджамін уважліва прыглядаўся да кожнага руху людзей. Двое з молатам і ломам прабівалі дзірку каля падмурка ветрака. Бэнджамін, амаль з задаволеным выглядам, павольна ківаў сваёй доўгай храпай.

— Я так і думаў, — сказаў ён. — Хіба вы не бачыце, што яны робяць? Праз хвіліну яны закладуць у тую дзірку порах.

Жывёлы напалохана чакалі. Яны не маглі рызыкнуць выйсці з сваіх сховішчаў. Праз некалькі хвілін яны ўбачылі, што людзі ўцякаюць ва ўсе бакі. Тады нешта аглушальна грымнула. Галубы рвануліся ў неба, а ўсе жывёлы, апроч Напалеона, пападалі на зямлю і схавалі галовы. Калі яны ўсталі, то ўбачылі вялізны воблак чорнага дыму на тым месцы, дзе стаяў вятрак. Воблак паволі развеяўся ветрам. Ветрака болей не было!

Калі жывёлы ўбачылі гэта, да іх вярнулася адвага. Страх і роспач, якія яны адчувалі хвіліну раней, цяпер патанулі ў раз'юшаным гневе, абуджаным гэтым подлым, ганебным учынкам. Пачуўся магутны заклік да помсты, і, не чакаючы далейшых загадаў, яны ўсім гуртам рынуліся наперад і пабеглі проста на ворага. Цяпер яны не зважалі на ліхія шраціны, якія градам праляталі над імі. Гэта была жорсткая, зацятая бітва. Людзі стралялі няспынна, а калі жывёлы падбеглі ўсутыч, пачалі адбівацца кіямі і каванымі ботамі. Адна карова, тры авечкі і дзве гускі былі забітыя, і амаль усе астатнія былі параненыя. Нават Напалеону, які кіраваў аперацыяй з тылу, адсекла шрацінаю кончык хваста. Але і людзі не абышліся без ахвяраў. Траім Баксёр прабіў галаву капытамі; аднаму карова прапарола рогам жывот; яшчэ аднаму Джэсі і Званочак ледзь не здзерлі штаны. І калі дзевяць сабакаў з асабістай аховы Напалеона, якім ён даручыў абысці за жываплотам з тылу, раптам выскачылі на людзей з флангу, раз'юшана брэшучы, іх ахапіла паніка. Яны ўбачылі, што ім пагражае акружэнне. Фрэдэрык крыкнуў сваім людзям уцякаць, пакуль дарога адкрытая, і праз хвіліну баязлівы супраціўнік уцякаў, ратуючы жыццё. Жывёлы гналі іх да самага канца поля і яшчэ добра надавалі ім у спіну, калі тыя прабіваліся праз калючы жываплот.

Яны перамаглі, але былі змучаныя і скрываўленыя. Павольна пакульгалі яны да фермы. Пабачыўшы сваіх палеглых таварышаў, распластаных у траве, некаторыя не маглі стрымаць слёз. І на хвілінку яны прыпыніліся ў жалобным маўчанні на месцы, дзе некалі стаяў вятрак. Так, яго болей не было; ад усёй іхняй працы не засталося амаль ніякага следу! Нават падмурак быў часткова разбураны. І цяпер, каб адбудаваць, ужо нельга выкарыстаць, як раней, разваленыя камяні. Камяні таксама зніклі. Сіла выбуху раскідала іх навокал на сотні ярдаў. Ветрака быццам зусім і не было.

Калі яны падышлі да фермы, Віскун, які з невядомых прычын не ўдзельнічаў у бітве, падскочыў да іх, круцячы хвастом і радасна ўсміхаючыся. І жывёлы пачулі, як недзе каля гаспадарчых пабудоў урачыста грымнуў стрэл.

— Чаму там страляюць? — спытаўся Баксёр.

— Каб адсвяткаваць перамогу! — закрычаў Віскун.

— Якую перамогу? — здзівіўся Баксёр. З яго каленяў цякла кроў, ён згубіў падкову і разбіў капыт, а ў задняй назе ў яго сядзела каля тузіна шрацінак.

— Якую перамогу, таварыш? Хіба мы не прагналі ворага з нашай зямлі — свяшчэннай зямлі Фермы Жывёлаў?

— Але яны разбурылі вятрак. А мы працавалі над ім два гады!

— Ну дык што? Мы пабудуем другі. Калі захочам, дык пабудуем хоць шэсць ветракоў. Вы, таварышы, яшчэ не ацанілі таго, што мы зрабілі. Вораг займаў гэтую вось зямлю, на якой мы стаім. А цяпер — дзякуючы мудраму кіраўніцтву таварыша Напалеона — мы адваявалі яе ўсю да апошняга кавалка!

— Мы адваявалі тое, што мелі раней, — сказаў Баксёр.

— У гэтым наша перамога, — сказаў Віскун.

Яны паклыпалі на двор. Шраціны пад скурай у Баксёравай назе прычынялі страшны боль. Ён бачыў перад сабой цяжкую працу на адбудове ветрака ад самага падмурка і ў думках ужо падрыхтаваўся да яе. Але ўпершыню яму прыйшло ў галаву, што яму ўжо адзінаццаць гадоў і што сіла ў яго не тая, што была некалі.

Але калі жывёлы пабачылі,як лунае зялёны сцяг, і зноў пачулі стрэлы — усяго стрэлілі сем разоў — ды прамову Напалеона, у якой ён павіншаваў іх і падзякаваў за мужнасць, дык ім урэшце і сапраўды здалося, што яны выйгралі вялікую бітву. Жывёлам, палеглым у баі, было зладжана ўрачыстае пахаванне. Баксёр і Канюшынка цягнулі калёсы, што былі за катафалк, і сам Напалеон ступаў на чале шэсця. Цэлыя два дні былі дадзеныя на святкаванне. Было шмат песняў, прамоў, стрэльбаў са стрэльбы, і кожнай жывёліне выдалі па яблыку ў якасці падарунка, кожнай птушцы — па дзве унцыі збожжа і кожнаму сабаку па тры сухары. Было абвешчана, што гэтая бітва будзе называцца Бітвай пры Ветраку і што Напалеон заснаваў новую ўзнагароду — Ордэн Зялёнага Сцяга, якім ён узнагародзіў самога сябе. У агульнай радасці няўдалая справа з банкнотамі зусім забылася.

Праз колькі дзён свінні натрапілі на скрынку з віскі ў сядзібным склепе. Раней, калі засяліліся ў сядзібу, яе проста не заўважылі. Уначы з сядзібы даносіліся гучныя спевы, у якіх сярод іншага, усім на здзіўленне, можна было пазнаць «Звяры Брытаніі». Каля паловы дзесятай можна было выразна ўбачыць, як Напалеон выйшаў праз заднія дзверы ў старым капелюшы містэра Джоўнза, прабег наўзгалоп па двары і знік у доме. А раніцай над сядзібай панавала глыбокая цішыня. Не паказвалася ніводная свіння. Толькі каля дзевятай гадзіны з сядзібы выйшаў Віскун, ступаючы павольна і няўпэўнена, паглядаючы тупа перад сабою, млява звесіўшы хвост. З усяго выгляду было відаць, што ён сур'ёзна хворы. Ён склікаў усіх жывёл і сказаў, што мусіць паведаміць ім страшную навіну. Таварыш Напалеон памірае!

Узняўся несуцешны лямант. Пад дзвярыма ў сядзібу была накладзена салома, і жывёлы хадзілі на дыбачках. Са слязьмі ў вачах яны пыталіся адно ў аднаго, што яны будуць рабіць, калі іхні Правадыр пакіне іх. Разышлася чутка, што Сняжок урэшце схітрыўся падкласці атруту ў ежу Напалеону. Каля адзінаццатай гадзіны Віскун выйшаў, каб зрабіць новае паведамленне. У якасці свайго апошняга зямнога ўчынку таварыш Напалеон абвясціў урачысты дэкрэт: ужыванне алкагольных напіткаў мусіць карацца смерцю.

Надвячоркам, аднак, Напалеону зрабілася крыху лепей, а раніцай Віскун мог паведаміць ім, што Правадыр ужо пайшоў на папраўку. Увечары гэтага дня Напалеон ужо зноў узяўся за працу, а назаўтра стала вядома, што ён даручыў Уімпэру купіць у Ўілінгдоне пару кніжак аб піваварэнні і перагонцы спірту. Праз тыдзень Напалеон выдаў загад: маленькі выган за садам, які раней было вырашана пакінуць як месца адпачынку жывёлам, што састарэлі і не маглі болей працаваць, цяпер мусіць быць узараны. Спачатку гаварылася, што зямля на гэтым выгане збяднела і вымагала перасеву; але неўзабаве стала вядома, што Напалеон збіраецца засеяць яго ячменем.

Недзе тым самым часам адбылося дзіўнае здарэнне, якога ніхто як след не здолеў зразумець. Аднойчы каля паўночы ў двары нешта моцна грымнула і жывёлы выбеглі са стойлаў. Свяціў месяц. Каля сцяны вялікага гумна, дзе былі запісаныя Сем Запаведзяў, ляжала разламаная напалам драбіна. Непрытомны Віскун распластаўся побач, а недалёка ляжалі ліхтар, пэндзаль і перакуленае вядро з белай фарбай. Сабакі хуценька абабеглі вакол Віскуна і завялі яго назад у сядзібу, як толькі ён апрытомнеў і мог хадзіць. Ніхто з жывёлаў не мог даўмецца, што гэта ўсё магло значыць, апроч старога Бэнджаміна, які паківаў храпай з выглядам знаўцы і, здавалася, зразумеў, але нічога не сказаў.

Але праз некалькі дзён Мюрыэль, перачытваючы сама сабе Сем Запаведзяў, заўважыла, што сярод іх была яшчэ адна, якую жывёлы запомнілі памылкова. Яны думалі, што ў Пятай Запаведзі напісана: «Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку», але там былі яшчэ два словы, пра якія яны ўжо забыліся. У сапраўднасці Запаведзь гучала: «Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку звыш меры».

IX

Расшчэплены Баксёраў капыт загойваўся вельмі доўга. Адбудова ветрака пачалася праз дзень пасля таго, як скончылася святкаванне перамогі. Баксёр адмовіўся ўзяць нават адзін выхадны дзень і лічыў для сябе справай гонару не паказаць, што яму баліць. Вечарамі ён патаемна прызнаваўся Канюшынцы, што боль у капыце вельмі яго непакоіў. Канюшынка лячыла капыт прыпарамі з зёлак, якія яна гатавала, папярэдне іх пражаваўшы, і разам з Бэнджамінам прасіла Баксёра працаваць не так заўзята. «Лёгкія ў каня трываюць не вечна», — казала яна яму. Але Баксёр не слухаў. У яго засталася, казаў ён, толькі адна сапраўдная мара — пабачыць, як будзе працаваць вятрак, а тады ўжо можна і пайсці на пенсію.

Напачатку, калі ўпершыню былі сфармуляваныя законы Фермы Жывёлаў, пенсійны ўзрост быў вызначаны для коней і свінняў дванаццаць, для кароў чатырнаццаць, для сабакаў дзевяць, для авечак сем і для курэй ды гусей пяць гадоў. Дамовіліся і наконт добрай пенсіі па старасці. Пакуль што ніводная жывёліна не выйшла на пенсію, але апошнім часам тэма гэтая пачала абмяркоўвацца ўсё часцей і часцей. Цяпер, калі маленькае поле за садам было пакінута пад ячмень, хадзілі чуткі, што кавалак вялікага выгану будзе абнесены агароджай і аддадзены састарэлым жывёлам. Для коней, казалі, пенсія складзе пяць фунтаў збожжа на дзень, а ўзімку пятнаццаць фунтаў сена, а таксама адну морквіну ці, магчыма, яблык на святы. У канцы наступнага лета Баксёру спаўнялася дванаццаць гадоў.

Тым часам жыццё было цяжкае. Зіма выдалася не цяплейшая за папярэднюю, а ежы было меней. Зноў зменшылі нормы харчоў усім жывёлам, апроч свінняў і сабакаў. Занадта строгая ўраўнілаўка ў нормах, тлумачыў Віскун, будзе пярэчыць прынцыпам Жывялізму. У любым выпадку яму няцяжка было давесці астатнім жывёлам, што ў сапраўднасці ніякай нястачы ежы няма, як бы гэта ім ні здавалася. А пакуль што палічылі неабходным упарадкаваць нормы (Віскун заўсёды гаварыў пра ўпарадкаванне, а не пра скарачэнне), але ў параўнанні з часамі панавання Джоўнза паляпшэнне было відавочнае. Прачытаўшы ім вісклівым таропкім голасам лічбы, ён падрабязна растлумачыў і пераканаў іх, што цяпер яны мелі больш аўса, больш сена, больш рэпы, чым за часы Джоўнза, што працавалі яны цяпер меней, што пітная вада цяпер лепшай якасці, што яны жылі даўжэй, што смяротнасць сярод іх патомства паменшала, што цяпер у іх стойлах болей саломы і што ім цяпер меней назалялі мухі і авадні. Жывёлы верылі кожнаму яго слову. Праўду кажучы, Джоўнз і ўсё, што з ім было звязана, ужо амаль сцерлася з іх памяці. Яны ведалі, што жыццё сягоння было суровае і ўбогае, што яны часта цярпелі ад голаду і холаду і што звычайна яны ўвесь час працавалі, калі не лічыць часу, прызначанага на сон. Але, бясспрэчна, за старым часам было значна горш. Яны былі радыя ў гэта верыць. Апроч таго, у тыя дні яны былі рабамі, а цяпер яны свабодныя, і ў гэтым уся розніца, як не прамінуў адзначыць Віскун.

Едуноў цяпер значна пабольшала. Увосень чатыры мацёры апарасіліся амаль адначасова, даўшы свету разам трыццаць адно парася. Парасяты былі рабенькія, і як Напалеон быў адзіны кныр на ферме, было няцяжка здагадацца аб іхным паходжаняі. Было абвешчана, што пазней, калі набудуць цэглу і драўніну, у садзе пры сядзібе пабудуюць школу. Пакуль жа адукацыю парасятам даваў сам Напалеон у сядзібнай кухні. Яны практыкаваліся ў садзе, і ім не дазвалялася гуляць з іншымі маладымі жывёламі. Недзе ў тым самым часе было пастаноўлена, што калі свіння і якая іншая жывёліна сустрэнуцца на дарозе, дык іншая жывёліна мусіць саступіць; а таксама што ўсе свінні, незалежна ад тытулу, будуць мець прывілей насіць у нядзелю зялёную стужку на хвасце.

Той год выдаўся для фермы даволі ўдалы, але грошай усё яшчэ не хапала. Трэба было купіць на школу цэглы, пяску і вапны, трэба зноў было ашчаджаць на абсталяванне для ветрака. Былі таксама патрэбныя газа і свечкі для сядзібы, цукар да Напалеонавага стала (іншым свінням ён забараніў яго ўжываць, каб не таўсцелі) і ўсе звычайныя прыпасы, якія час ад часу неабходна было папаўняць: інструменты, цвікі, вяроўкі, вугаль, дрот, бляха і сабачыя сухары. Давялося прадаць стог сена і частку ўраджаю бульбы, а кантракт на яйкі быў павялічаны да шасцісот на тыдзень, так што куры ў гэтым годзе ледзьве маглі вывесці дастатковую колькасць куранят, каб захоўваць свой род на тым самым узроўні. Нормы, скарочаныя ў снежні, яшчэ раз скарацілі ў лютым, і дзеля эканоміі газы ліхтары ў стойлах былі забароненыя. Але свінні, як выглядала, пачуваліся даволі выгодна і нягледзячы ні на што набіралі вагу. Аднойчы ўвечары ў канцы лютага з маленькага бровара, што стаяў за кухняй і не працаваў ужо і пры Джоўнзе, разліўся ў паветры па ўсім двары цёплы, шчодры і смачны пах, якога жывёлы ніколі раней не чулі. Нехта сказаў, што гэтак пахне вараны ячмень. Галодныя жывёлы нюхалі паветра і пыталіся самі ў сябе, ці не ім на вячэру варыцца тая цёплая боўтанка. Але ніякай боўтанкі яны не ўбачылі, а ў наступную нядзелю было абвешчана, што з таго часу ўвесь ячмень будзе ісці на патрэбы свінняў. Палетак за садам ужо засеялі ячменем. А неўзабаве пранеслася чутка, што кожная свіння атрымлівае цяпер пінту піва штодня, а сам Напалеон — паўгалона, якія яму заўсёды падавалі ў супніцы з сервізу «Краўн Дарбі».

Хоць жывёлам і даводзілася цярпець нягоды, аднак яны часткова кампенсаваліся тым, што жыццё цяпер было больш велічнае і ўрачыстае, чым раней. Цяпер было болей песень, болей прамоў, болей дэманстрацый. Напалеон загадаў, каб раз на тыдзень ладзілася, як ён называў, Стыхійная Дэманстрацыя, мэтаю якой было адзначыць змаганне і перамогі Фермы Жывёлаў. У прызначаны час жывёлы мусілі спыніць працу і маршыраваць ваенным шыхтом вакол фермы — свінні наперадзе, за імі коні, пасля каровы, авечкі і ззаду птушкі. Сабакі ішлі з флангаў, а паперадзе ўсіх ішоў Напалеонаў чорны певень. Баксёр і Канюшынка цягнулі зялёны сцяг з капытом і рогам і з надпісам «Няхай жыве таварыш Напалеон!». За шэсцем ішло чытанне паэмаў, складзеных у гонар Напалеона, і прамова Віскуна, у якой адзначалася павышэнне вытворчасці харчовай прадукцыі, а пасля прынародна палілі з стрэльбы. Авечкі былі найгарачэйшыя прыхільнікі Стыхійных Дэманстрацый, і калі нехта скардзіўся (як некаторыя жывёлы, калі побач не было свінняў і сабакаў), што яны марнуюць час і дарма стаяць на холадзе, дык авечкі абавязкова затыкалі яму рот сваім страшным бляяннем «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!». Але ўвогуле жывёлам падабаліся гэтыя ўрачыстасці. Іх суцяшаў напамін пра тое, што, як бы там ні было, яны былі самі сабе гаспадары і працавалі на сябе. А так, з гэтымі песнямі, дэманстрацыямі, Віскуновымі лічбамі, грымотнымі стрэламі, пеўневым кукарэканнем і лапатаннем сцяга, яны паволі забываліся, што трыбухі ў іх пустыя, прынамсі на нейкі час.

У красавіку Ферма Жывёлаў была абвешчаная Рэспублікай, і ўзнікла неабходнасць выбраць Прэзідэнта. Кандыдат быў толькі адзін — Напалеон, яго і абралі аднагалосна. У той самы дзень было паведамлена, што выявіліся новыя дакументы, якія выкрывалі дадатковыя падрабязнасці Сняжковай змовы з Джоўнзам. Цяпер выглядала, што Сняжок не проста спрабаваў хітрым манеўрам давесці да паразы Бітву пры Хляве, як дагэтуль уяўлялі жывёлы, але адкрыта змагаўся на баку Джоўнза. У сапраўднасці менавіта ён кіраваў войскам людзей і кінуўся ў бітву са словамі «Няхай жыве чалавецтва!» на вуснах. Раны на Сняжковай спіне, пра якія ўсё яшчэ памяталі некаторыя, нанёс сваімі зубамі Напалеон.

У сярэдзіне лета на ферме нечакана з'явіўся крумкач Масей, якога не бачылі ўжо некалькі гадоў. Ён амаль не змяніўся, як і раней, нічога не рабіў і ўсё гаварыў у тым самым духу пра Ледзянцовыя Горы. Ён сядзеў на пні, лопаў чорнымі крыламі і гадзінамі прамаўляў усім, хто яго слухаў. «Там наверсе, таварышы, — казаў ён урачыста, паказваючы ў неба сваёй вялізнай глюгай, — там наверсе, на другім баку вунь той цёмнай хмары ляжаць Ледзянцовыя Горы, тая шчаслівая краіна, дзе мы, бедныя жывёлы, спачнём назаўсёды ад нашых цяжкіх клопатаў!» Ён нават цвердзіў, што пабыў там, калі аднойчы высока ўзляцеў, і пабачыў там бясконцыя палі канюшыны і платы, на якіх раслі кавалкі цукру і льняная макуха. Шмат хто з жывёлаў верыў яму. Іх жыццё цяпер, меркавалі яны, галоднае і пакутнае, дык ці ж гэта не слушна і не справядліва, што недзе мусіць існаваць нейкі лепшы свет? Аднак вельмі цяжка было вызначыць, як ставіліся да Масея свінні. Усе яны з пагардаю заяўлялі, што яго байкі пра Ледзянцовыя Горы былі хлуснёй, і разам з тым яны дазвалялі яму заставацца на ферме не працуючы і выдавалі яму чвэрць пінты піва штодня.

Калі капыт у Баксёра загаіўся, ён пачаў працаваць яшчэ старанней. Праўду кажучы, усе жывёлы працавалі гэты год, як рабы. Апроч звычайнай працы на ферме і на адбудове ветрака, яны мусілі цяпер будаваць школу парасятам, закладзеную ў сакавіку. Часам было цяжка трываць доўгія гадзіны на галоднай норме, але Баксёр ніколі не вагаўся. Ва ўсім, што б ён ні казаў або ні рабіў, не было і знаку, што сіла ў яго была ўжо не тая, што раней. Толькі з выгляду ён крыху змяніўся: скура ў яго ўжо не блішчала, як раней, а яго магутныя заднія ногі нібы ссохліся. Іншыя казалі: «Баксёр ачуняе, калі ўвесну ўзыдзе трава», але настала вясна, а Баксёр так і не пагладчэў. Часам, калі ён напружваў цягліцы, выкочваючы з кар'ера вялізны валун, здавалася, што толькі нязломнае жаданне трымала яго на нагах. У гэткія хвіліны можна было пабачыць, як у вуснах ягоных складаюцца словы: «Я буду працаваць яшчэ старанней»; голасу ў яго ўжо не засталося. Канюшынка і Бэнджамін зноў папярэдзілі яго, каб ён дбаў пра здароўе, але Баксёр на іх не зважаў. Набліжаўся дзень, калі яму споўніцца дванаццаць гадоў. Яго гэта не хвалявала, бо да таго, як яму ісці на пенсію, была ўжо назбіраная ладная крушня камення.

Адным познім летнім вечарам па ферме пранеслася раптоўная чутка, нібыта нешта здарылася з Баксёрам. Перад тым ён пайшоў адзін сцягваць каменне да ветрака. І, відаць, чутка была праўдаю. Праз некалькі хвілін прыляцелі два галубы з навіною: «Баксёр упаў! Ён ляжыць на баку і не можа ўстаць!»

Каля паловы ўсіх жывёлаў кінуліся да пагорка, на якім стаяў вятрак. Баксёр ляжаў між аглобляў, выцягнуўшы шыю, і не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмеліся, бакі набрынялі потам. З рота ліўся тонкі струменьчык крыві. Канюшынка прысела каля яго на калені.

— Баксёр! — закрычала яна. — Што з табою?

— Нешта з лёгкімі, — адказаў Баксёр слабым голасам. — Нічога страшнага. Я думаю, вы здолееце скончыць вятрак і без мяне. Назбіралася ўжо ладная куча камення. А мне застаўся ўжо хіба які месяц. Сказаць праўду, я даўно ўжо марыў пра адпачынак. А можа, як Бэнджамін ужо таксама стары, яны дазволяць яму пайсці на пенсію разам са мною, і тады мне не будзе сумна.

— Яму трэба хутчэй дапамагчы, — сказала Канюшынка. — Хай хто збегае да Віскуна і скажа, што здарылася.

І ўсе астатнія жывёлы кінуліся да сядзібы, каб пераказаць навіну Віскуну. Засталіся толькі Канюшынка і Бэнджамін, які лёг побач з Баксёрам і адганяў ад яго мух сваім даўгім хвастом. Недзе праз чвэрць гадзіны з'явіўся Віскун, поўны спачування і спагады. Ён сказаў, што таварыш Напалеон з вялікім засмучэннем успрыняў вестку пра няшчасце, якое здарылася з адным з сама верных працаўнікоў на ферме, і ўжо робіць захады, каб паслаць Баксёра на лячэнне ў Уілінгдонскі шпіталь. Ад гэтай навіны жывёлам зрабілася крыху няёмка. Апроч Молі і Сняжка, ніводная жывёліна яшчэ ні разу не пакідала фермы, і ім непрыемна было думаць, што іх хворы таварыш трапіць у рукі чалавечым істотам. Аднак Віскун лёгка пераканаў іх, што ветэрынарны лекар у Ўілінгдоне здолее дагледзець Ваксёра значна лепш, чым гэта можна было зрабіць на ферме. І праз якіх паўгадзіны, калі Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногі і памалу пакульгаў да свайго стойла, дзе Канюшынка і Бэнджамін падрыхтавалі яму добры саламяны подсціл.

Два наступныя дні Баксёр заставаўся ў стойле. Свінні прыслалі вялікую бутлю з нейкім ружовым зеллем, якую яны знайшлі ў медыцынскай скрыні ў ванным пакоі, і Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамі яна ляжала побач з ім у стойле і гаварыла з ім, а Бэнджамін тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калі ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, і ён марыў пра спакойныя дні, калі будзе адпачываць у зацішным кутку вялікага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца і практыкаваць свой розум. Ён збіраўся, як сам казаў, прысвяціць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатніх дваццаці дзвюх літар алфавіта.

Аднак Бэнджамін і Канюшынка маглі быць разам з Баксёрам толькі пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзіне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалі на праполцы рэпы пад наглядам свінні, калі яны раптам са здзіўленнем убачылі, як Бэнджамін ляціць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылі Бэнджаміна ўзрушанага і ўпершыню бачылі, як ён бяжыць. «Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Сюды! Баксёра забіраюць!» Не чакаючы загаду ад свінні, жывёлы спынілі працу і кінуліся бегчы да будынкаў. І праўда, на двары стаяў вялікі закрыты фургон, у які была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напісана, а за фурмана сядзеў хітраваты чалавек у насунутым на вочы капелюшы. І Баксёрава стойла было пустое.

Жывёлы скупіліся вакол фургона. «Бывай, Баксёр, — крычалі яны хорам, — бывай!»

— Дурні! Дурні! — закрычаў Бэнджамін, скачучы вакол іх і б'ючы аб зямлю сваімі маленькімі капытамі. — Дурні! Вы што, не бачыце, што напісана на фургоне?

Жывёлы на хвіліну задумаліся, і стала ціха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамін адштурхнуў яе і прачытаў сярод мёртвай цішыні:

— «Элфрэд Сімандс, канарэз і клеявар, Уілінгдон. Лупленне скур і выраб касцяной мукі. Дастаўка сабачых будак». Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!

Ва ўсіх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвіліну чалавек сцебануў коней, і тыя хуткай рыссю павезлі фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглі за ім, крычучы што мелі сілы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набіраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсці на галоп, перабіраючы сваімі тоўстымі нагамі. «Баксёр! — крычала яна. — Баксёр! Баксёр! Баксёр!» І якраз у гэты момант, нібы пачуўшы шум і крыкі звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.

— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка. — Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забіць!

Усе жывёлы падхапілі крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй і хутчэй аддаляўся ад іх. Невядома, ці зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвіліну галава яго знікла з акенца і пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былі часы, калі пары ўдараў Баксёравых капытоў хапіла б, каб разбіць гэты фургон на трэскі. Але, на жаль, колішняя сіла пакінула яго; і праз некалькі хвілін стукат капытоў зрабіўся слабейшы, а пасля зусім сціх. У роспачы жывёлы пачалі заклікаць двух коней, што везлі фургон, каб яны спыніліся. «Таварышы, таварышы! — крычалі яны. — Не вязіце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэнні, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робіцца, апусцілі вушы і пабеглі яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад і зачыніць цяжкую браму, але было позна: праз хвіліну фургон мінуў браму і неўзабаве знік за паваротам. Больш Баксёра ніколі не бачылі.

Праз тры дні было абвешчана, што ён памёр у Ўілінгдонскім шпіталі, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Віскун пераказаў гэтую навіну астатнім. Ён прысутнічаў, як ён сказаў, пры апошніх гадзінах Баксёравага жыцця.

— Гэта было сама кранальнае відовішча, якое я толькі бачыў, — сказаў Віскун, падняўшы нагу і змахнуўшы слязу. — Я быў каля ложка да апошняй хвіліны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасці, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькі тое, што ён адыходзіць, калі вятрак яшчэ недабудаваны. «Наперад, таварышы, — прашаптаў ён. — Наперад у імя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду». Такія былі яго апошнія словы, таварышы.

Раптам у паводзінах Віскуна наступіла змена. На хвіліну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зіркнуў у бакі сваімі маленькімі вочкамі.

Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкі Баксёра распускаліся благія і злосныя чуткі. Некаторыя жывёлы заўважылі, што на фургоне, які адвозіў Баксёра, было напісана «канарэз», і таму ім прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Віскун, што нехта з жывёлаў можа быць такі дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом і скачучы сюды-туды, яны ведаюць іх любімага Правадыра таварыша Напалеона і давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмі простае. Фургон раней належаў скуралупу і быў прададзены ветэрынарнаму лекару, які яшчэ не зафарбаваў старога надпісу. Вось адкуль узялася памылка.

Жывёлы выслухалі гэта з вялікай палёгкай. І калі Віскун расказаў пра іншыя падрабязнасці апошніх хвілін Баксёра, пра выдатны медыцынскі дагляд, пра дарагія лекі, за якія Напалеон заплаціў не думаючы, іх апошнія сумненні зніклі, і смутак па памерлым таварышу быў палегчаны думкаю, што, прынамсі, ён памёр шчаслівы.

Сам Напалеон паказаўся на сходзе ў наступную нядзелю раніцай і выступіў з кароткай прамовай у гонар Баксёра. Было немагчыма, сказаў ён, перанесці астанкі памерлага таварыша для пахавання на ферме, але ён загадаў сплесці вялікі лаўровы вянок і паслаў, каб яго ўсклалі на магіле Баксёра. А праз некалькі дзён свінні мелі намер наладзіць жалобны банкет у памяць Баксёра. Напалеон скончыў сваю прамову, нагадаўшы два ўлюбёныя Баксёравы лозунгі — «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Таварыш Напалеон заўсёды кажа праўду» — лозунгі, сказаў ён, якімі мусіць узброіцца цяпер кожная жывёліна.

У прызначаны для банкету дзень з Уілінгдона прыехаў фургон бакалейшчыка і выгрўзіў каля сядзібы вялікую драўляную скрынку. Вечарам з сядзібы даносіліся шумныя спевы, пасля якіх чулася нібы бурлівая спрэчка, і ўсё скончылася каля адзінаццатай гадзіны жахлівым грукатам бітага шкла. Назаўтра да паўдня ў сядзібе ніхто не варушыўся, і па ферме пайшла пагалоска, што свінні здабылі аднекуль грошай і купілі сабе яшчэ адну скрынку віскі.

X

Міналі гады. Адна пара змяняла другую, мінаўся кароткі жывёлін век. Настаў час, калі ніхто ўжо не памятаў старых дзён да Паўстання, апроч Канюшынкі, Бэнджаміна, крумкача Масея і некалькіх свінняў.

Мюрыэль памерла; Званочак, Джэсі і Пінчар памерлі. Памёр і Джоўнз — у доме для алкаголікаў, у другім канцы краіны. Пра Сняжка забыліся. Пра Баксёра забыліся, апроч тых нешматлікіх, хто ведаў яго. Канюшынка была цяпер тоўстай кабылай з нягнуткімі суставамі і слязлівымі вачамі. Ужо два гады, як мінуў яе пенсійны ўзрост, але яшчэ ніводная жывёліна не была адпушчаная на пенсію. Даўно ўжо забыліся пра гаворкі аб выдзяленні кутка на выгане для старых жывёлаў. Напалеон быў цяпер мажным кныром на дзесяць пудоў вагою. Віскун так растлусцеў, што амаль не мог расплюшчыць вачэй. І толькі стары Бэнджамін заставаўся такі, як і раней, хіба што больш ссівеў ды пасля Баксёравай смерці зрабіўся больш змрочны і маўклівы.

На ферме цяпер было значна болей жывёлаў, хоць прырост быў і не такі вялікі, як спадзяваліся ранейшымі гадамі. Нарадзілася шмат жывёлаў, для якіх Паўстанне было ўсяго толькі нейкай невыразнай легендай, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, іншыя ж, купленыя па-за фермай, ніколі і не чулі пра гэта раней. Цяпер, апроч Канюшынкі, на ферме было яшчэ трое коней. Гэта былі прыгожыя стварэнні, сумленныя працаўнікі і добрыя таварышы, але надта дурныя. Ніхто з іх не здолеў вывучыць алфавіт далей за літару «Б». Яны паслухмяна прымалі ўсё, што ім казалі пра Паўстанне і пра прынцыпы Жывялізму, асабліва калі гаварыла Канюшынка, якую яны паважалі, як маці; але наўрад ці яны шмат з таго разумелі.

Ферма цяпер была багацейшая і лепей арганізаваная: яна нават пашырылася за кошт двух палёў, купленых у містэра Пілкінгтана. Вятрак нарэшце быў паспяхова дабудаваны, ферма мела цяпер сваю малатарню і сянажную вежу, з'явілася шмат розных новых пабудоў. Уімпэр купіў сабе калымажку. Вятрак, аднак, так і не выкарыстоўваўся для выпрацоўкі электрычнага току. Ён працаваў як млын і прыносіў немалы грашовы прыбытак. Жывёлы заўзята працавалі цяпер на пабудове другога ветрака, і калі ён будзе збудаваны, як казалі, на ім усталююць генератары. Але пра тыя выгоды, што некалі выхваляў перад жывёламі Сняжок — стойлы з электрычным святлом, з гарачай і халоднай вадою, трохдзённы працоўны тыдзень, — пра гэта ўжо ніхто не гаварыў. Напалеон асудзіў гэтыя ідэі як супярэчныя духу Жывялізму. Сапраўднае шчасце, казаў ён, палягае ў тым, каб старанна працаваць і сціпла жыць.

Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма і пабагацела, самі жывёлы багацейшымі не зрабіліся — апроч, вядома, свінняў і сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмі шмат свінняў і вельмі шмат сабакаў. І не сказаць, каб гэтыя стварэнні на свой манер не працавалі. Віскун ніколі не стамляўся тлумачыць, што ў іх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай і яе арганізацыі. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнія жывёлы былі занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Віскун казаў, што свінням даводзілася траціць штодня шмат часу і сілы на нейкія загадкавыя рэчы, што зваліся «даклады», «справаздачы», «пратаколы» і «дакладныя запіскі». Гэта былі вялікія аркушы паперы, якія трэба было густа запоўніць літарамі, і як толькі яны былі запоўненыя, іх палілі ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Віскун. Аднак усё ж ні свінні, ні сабакі не выраблялі сваёй працай ежы; а іх было вельмі шмат, і апетыт яны заўсёды мелі добры.

Што да астатніх, дык іх жыццё, наколькі яны ведалі, было такое самае, як і заўсёды. Звычайна яны былі галодныя, спалі на саломе, пілі з лужыны і цяжка працавалі на полі; узімку іх даймаў холад, улетку авадні і мухі. Часам старэйшыя з іх напружвалі сваю слабую памяць і спрабавалі вызначыць, ці ў даўнія дні Паўстання, калі яшчэ быў свежы ўспамін пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае ці горшае, чым цяпер. Яны не маглі прыгадаць. Не было нічога, з чым яны маглі б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: ім не было на што абаперціся, калі толькі не на Віскуновы лічбы, якія нязменна паказвалі, што ўсё навокал няспынна паляпшалася. Гэтая задача здалася жывёлам невырашальнай; ва ўсялякім разе, цяпер у іх не было часу паразважаць над гэтым. І толькі стары Бэнджамін заяўляў, што памятае да драбніц усё сваё доўгае жыццё і ведае, што нічога не было, дый не магло быць ні лепшым, ні горшым — голад, цяжкая праца і нягоды былі, як ён казаў, нязменным законам жыцця.

І ўсё ж жывёлы ніколі не трацілі надзеі. Больш таго, іх ніколі, ні на хвіліну, не пакідала пачуццё гонару за тое, што яны — жыхары Фермы Жывёлаў. Яны па-ранейшаму заставаліся адзінай фермай ва ўсім графстве — ва ўсёй Англіі! — якою валодалі і кіравалі жывёлы. Ніводзін з іх, нават маладзейшыя, нават новапрыбылыя, выхаваныя на іншых фермах за дзесяць і за дваццаць міляў адсюль, не пераставалі захапляцца гэтым. І калі яны чулі стральбу і бачылі, як зялёны сцяг лунае ў паветры, сэрцы іх напаўняліся бязмежнай гордасцю, а гаворкі вярталіся заўсёды да былых гераічных часоў, да выгнання Джоўнза, да напісання Сямі Запаведзяў, да вялікіх бітваў, у якіх былі разбітыя чалавечыя захопнікі. Рэспубліка Жывёлаў, якую прадказваў Маёр, калі зялёныя палі Англіі не будуць болей таптацца чалавечаю нагою, усё яшчэ заставалася іх светлаю марай. Аднойчы яна здзейсніцца: можа, яшчэ не хутка, можа, нават нікому, хто жыве цяпер, не ўдасца яе пабачыць, але гэтая мара станецца явай. Нават мелодыя «Звяроў Брытаніі» часам патаемна сям-там напявалася: ва ўсялякім разе, кожная жывёліна на ферме яе ведала, хоць ніхто б не наважыўся спяваць яе ўголас. Можа быць, жыццё ў іх было цяжкае і не ўсе іх спадзяванні спраўдзіліся, але яны ўсведамлялі, што яны былі не такія, як іншыя жывёлы. Калі яны галадалі, дык не таму, што ім даводзілася карміць бязлітасных ненажэрных людзей; калі яны цяжка працавалі, дык, прынамсі, працавалі на сябе. Ніхто сярод іх не хадзіў на дзвюх нагах. Ніхто з іх не называў адзін аднаго «Гаспадар». Усе жывёлы былі роўныя.

Аднойчы на пачатку лета Віскун загадаў авечкам ісці за ім і вывеў іх на вялікую пустку на другім канцы фермы, парослую маладымі бярозкамі. Авечкі прабылі там увесь дзень, скубучы лісце пад пільным наглядам Віскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзібу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. І гэтак яны прабылі там цэлы тыдзень, так што ніхто з астатніх жывёлаў іх не бачыў. Віскун быў з імі большую частку кожнага дня і вучыў іх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасці і цярплівасці.

І вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калі жывёлы скончылі працу ды ішлі да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спыніліся. Яны пазналі голас Канюшынкі. Яна зноў заржала, і ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглі ў двор. І яны ўбачылі тое, што пабачыла Канюшынка.

Яны ўбачылі свінню, якая ішла на задніх нагах.

Так, гэта быў Віскун. Трохі нязграбна, быццам не зусім прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагі, ён ішоў праз двор. А праз хвіліну з дзвярэй сядзібы выйшла даўгая чарада свінняў, і ўсе на задніх нагах. У некаторых гэта выходзіла лепей, некаторыя ішлі няўпэўнена, здавалася, што ім хочацца абаперціся на кій, але ўсе яны адна за адной абышлі двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх і пранізлівы крык чорнага пеўня, і з сядзібы выйшаў сам Напалеон і ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлівым позіркам. Вакол яго гайсалі сабакі.

У пярэдняй назе ён трымаў бізун.

Запанавала мёртвая ціша. Уражаныя і напалоханыя, жывёлы збіліся ў кучу і пазіралі на доўгую чараду свінняў, што паволі маршыравалі вакол двара. Здавалася, што свет перакуліўся дагары нагамі. Тады настаў момант, калі першы шок суняўся і калі, нягледзячы ні на што — на боязь сабакаў, на звычку, што развілася за доўгія гады, ніколі не скардзіцца, ніколі не пярэчыць, што б ні здарылася, — у іх ужо гатовыя былі вырвацца словы пратэсту. Але якраз у гэты момант, нібы па сігнале, авечкі выбухнулі жахлівым бляяннем:

— Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей! Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей! Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей!

Яны бляялі, не спыняючыся, хвілін пяць. І калі авечкі сціхлі, выказваць свой пратэст не было сэнсу, бо свінні ўжо зайшлі назад у сядзібу.

Бэнджамін адчуў, як нехта тыцнуў носам яму ў плячо. Ён азірнуўся. Гэта была Канюшынка. Яе старыя вочы ўжо амаль нічога не бачылі. Не кажучы ні слова, яна ціхенька пацягнула яго за грыву і павяла да вялікага гумна, дзе былі запісаныя Сем Запаведзяў. Хвіліну ці дзве яны стаялі, узіраючыся ў прасмоленую сцяну з белымі літарамі.

— Я кепска бачу, — урэшце сказала яна. — Нават калі я была маладая, я не магла прачытаць, што там напісана. Але мне здаецца, што цяпер сцяна выглядае іначай. Ці Сем Запаведзяў усё яшчэ такія самыя, што і раней, Бэнджамін?

Адзіны раз у жыцці Бэнджамін згадзіўся парушыць сваё правіла і прачытаў ёй, што было напісана на сцяне. Цяпер там была толькі адна Запаведзь:

Пасля гэтага ўжо не здавалася дзіўным, што назаўтра свінні, якія наглядалі за працай на ферме, усе насілі бізун у пярэдняй назе. Не здавалася дзіўным, што свінні купілі сабе радыёпрыёмнік, збіраліся паставіць тэлефон і падпісаліся на «Джона Була», «Тыт Бітс» і «Дэйлі Мірар». Не здавалася дзіўным убачыць Напалеона, які гуляе ў прысядзібным садзе з люлькай у зубах. Не было ўжо дзівам, што свінні дасталі адзенне містэра Джоўнза з шафы і панадзявалі яго, што сам Напалеон надзеў чорны сурдут, шырачэзныя брыджы і скураныя гетры, а яго фаварызаваная мацёра нацягнула на сябе муаравую сукенку, якую місіс Джоўнз звычайна надзявала ў нядзелю.

Аднойчы ўвечары, недзе праз тыдзень, да фермы пад'ехала некалькі калымажак. Група навакольных фермераў была запрошаная агледзець ферму. Іх правялі паўсюль, і яны выказалі вялікае захапленне ўсім, што пабачылі, асабліва ветраком. Тым часам жывёлы былі на праполцы рэпы. Яны працавалі старанна, не падымаючы галоваў, і не ведалі, каго больш баяцца — свінняў ці людзей.

Вечарам з сядзібы даносіліся спевы і гулкі смех. І раптам, пачуўшы гэты бязладны гоман, жывёлы праняліся цікаўнасцю. Што ж там можа адбывацца цяпер, калі жывёлы і людзі ўпершыню сустрэліся як роўныя? І, не згаворваючыся, яны як мага цішэй падкраліся да сядзібы.

Каля брамы яны спыніліся, баючыся ісці далей, але Канюшынка павяла іх наперад. На дыбачках падабраліся да дома, і тыя, хто быў вышэйшы, зазірнулі ў акно гасцёўні. Там, вакол даўгога стала, сядзела паўтузіна фермераў і паўтузіна выдатнейшых свінняў. Сам Напалеон займаў ганаровае месца ў канцы стала. Здавалася, што свінні вельмі ўтульна пачуваюцца ў крэслах. Кампанія забаўлялася гульнёю ў карты, але ўсе прыпыніліся на нейкі момант, відаць, каб падняць кубкі. Па стале хадзіў наўкруга вялікі збан, і кубкі напаўняліся півам. Ніхто не заўважыў здзіўленых твараў жывёлаў, што пазіралі на іх праз акно.

Містэр Пілкінгтан з Фоксвуда ўстаў, падняўшы кубак. Ён сказаў, што праз хвіліну папросіць шаноўную грамаду выпіць. Але перад тым ён палічыў сваім абавязкам сказаць колькі слоў.

Для яго, як і для іншых прысутных, было вялікім задавальненнем адчуць, што доўгі перыяд недаверу і непаразуменняў цяпер скончыўся. Быў час — хоць ні ён, ні хто іншы з прысутных ніколі не падзяляў такіх пачуццяў, — але быў час, калі да паважаных уладальнікаў Фермы Жывёлаў іх суседзі ставіліся не тое каб з варожасцю, але, можа быць, з пэўным недаверам. Здараліся непрыемныя выпадкі, бытавалі памылковыя ўяўленні. Былі меркаванні, што існаванне фермы, якою валодалі і кіравалі свінні, было ў нейкім сэнсе ненармальным і магло мець дэстабілізуючы ўплыў на суседнія фермы. Шмат хто з фермераў лічыў, без належнае дасведчанасці, што на такой ферме мусіць панаваць дух усёдазволенасці і недысцыплінаванасці. Іх непакоіў магчымы негатыўны ўплыў на іх уласных жывёлаў ці нават на слугаў. Але ўсе гэтыя сумненні цяпер рассеяліся. Сёння ён і яго сябры наведалі Ферму Жывёлаў і агледзелі кожны куток сваімі вачамі, і што ж яны пабачылі? Не толькі сама сучасныя метады гаспадарання, але дысцыпліну і парадак, якія маглі б быць узорам для ўсіх навакольных фермаў. Ён лічыць, што не памыліцца, сказаўшы, што ніжэйшыя жывёлы на Ферме Жывёлаў працуюць болей і атрымліваюць ежы меней за любую жывёліну ва ўсім графстве. Сапраўды, ён і яго калегі сёння пабачылі шмат такога, што яны б хацелі неадкладна прымяніць у сябе.

Ён скончыць свае заўвагі, сказаў ён, падкрэсліўшы яшчэ раз, што добрасуседскія сувязі існуюць і будуць існаваць паміж Фермай Жывёлаў і навакольнымі фермамі. Паміж свіннямі і людзьмі не было і не павінна быць ніякага сутыкнення інтарэсаў. Іх аб'ядноўваюць агульнае змаганне і агульныя цяжкасці. Ці ж не была праблема рабочай сілы аднолькава важная і для адных і для другіх? І тут было відаць, што містэр Пілкінгтан збіраецца сказаць нейкі старанна падрыхтаваны досціп, але яго разабрала весялосць і ён не мог вымавіць ні слова. Пасля доўгага змагання са смехам, які душыў яго, і ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабілася чырвонае, ён здолеў выціснуць з сябе: «Вам даводзіцца змагацца з вашымі ніжэйшымі жывёламі, а нам — з нашымі ніжэйшымі класамі!» Увесь стол грымнуў рогатам, а містэр Пілкінгтан зноў павіншаваў свінняў з нізкімі харчовымі нормамі, даўгімі працоўнымі днямі і з абсалютнай адсутнасцю разбэшчанасці, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.

А цяпер, сказаў ён нарэшце, ён хацеў бы папрасіць усіх устаць і паглядзець, ці ва ўсіх поўныя кубкі.

— Джэнтльмены, — закончыў містэр Пілкінгтан, — джэнтльмены, я прапаную тост: «За росквіт Фермы Жывёлаў!»

Пачуліся воплескі і тупат ног. Напалеон быў такі задаволены, што абышоў вакол стала, каб бомкнуцца кубкам з містэрам Пілкінгтанам. Калі воплескі сціхлі, Напалеон, застаўшыся стаяць, абвясціў, што таксама хоча сказаць пару слоў.

Як і ўсе Напалеонавы прамовы, гэтая была кароткая і канструктыўная. Ён таксама быў шчаслівы, што перыяд непаразуменняў скончыўся. Доўгі час хадзілі чуткі — пушчаныя, як ён меў падставы меркаваць, нейкім падступным ворагам, — нібыта ў ягоных поглядах і ў поглядах яго калег было нешта шкоднае і нават рэвалюцыйнае. Лічылася, што яны збіраюцца ўзняць паўстанне сярод жывёлаў на суседніх фермах. Усё гэта няпраўда! Іх адзіным жаданнем, цяпер і раней, было жыць у міры і ў нармальных дзелавых зносінах са сваімі суседзямі. Гэтая ферма, якую ён мае гонар кантраляваць, дадаў ён, была кааператыўным прадпрыемствам. Правы на валоданне, якія былі ў ягоных руках, належалі супольна ўсім свінням.

Ён не думае, сказаў ён, што яшчэ застаюцца нейкія падазрэнні, але некаторыя змены ў штодзённым жыцці фермы былі праведзеныя з мэтай выклікаць яшчэ больш даверу. Дагэтуль жывёлы на ферме мелі дурную звычку звяртацца адно да аднаго «Таварыш». Цяпер гэта будзе забаронена. Была таксама вельмі дзіўная звычка, паходжанне якой невядомае, праходзіць кожную нядзелю раніцай міма кныравага чэрапа, прыбітага да слупа ў садзе. Гэта таксама будзе забаронена, а чэрап ужо спалены. Госці маглі таксама бачыць зялёны сцяг на флагштоку. Тады яны, мабыць, заўважылі, што на ім ужо болей няма белага капыта і белага рога. Ад гэтага часу гэта будзе проста аднакаляровы зялёны сцяг.

У яго ёсць толькі адна заўвага, сказаў ён, да бліскучай і добрасуседскай прамовы містэра Пілкінгтана. Містэр Пілкінгтан увесь час згадваў назву «Ферма Жывёлаў». Вядома ж, ён не мог ведаць — бо ён, Напалеон, толькі цяпер першы раз пра гэта абвяшчае — што назва «Ферма Жывёлаў» ужо адмененая. Цяпер ферма мае называцца «Ферма Мэнар» — гэта была, на яго думку, дакладная і спрадвечная назва.

— Джэнтльмены, — сказаў на заканчэнне Напалеон, — я паўтару той самы тост, толькі ў крыху іншай форме. Напоўніце да краёў вашыя кубкі. Джэнтльмены, вось мой тост: За росквіт Фермы Мэнар!

Зноў загучалі сардэчныя воплескі, і кубкі выпілі да дна. Але жывёлам, што глядзелі на ўсё гэга з вуліцы, здалося, што адбылася нейкая дзіўная рэч. Нешта ў свіных тварах змянілася. Канюшынка пераводзіла цьмяны позірк з аднаго твару на другі. У некаторых было пяць падбароддзяў, у некаторых чатыры, у іншых тры. Але што ж такое змянілася? Тады воплескі сціхлі, застольнікі зноў узялі ў рукі карты і працягвалі перапыненую гульню. Жывёлы моўчкі пайшлі прэч.

Але, не адышоўшы яшчэ на дваццаць ярдаў, яны раптам спыніліся. У сядзібе ўсчаўся крык. Яны кінуліся назад і зноў зазірнулі ў вокны. Там, там распачалася зацятая спрэчка — крыкі, удары кулаком аб стол, варожыя позіркі, гнеўныя апраўданні. Прычынай спрэчкі, як відаць, было тое, што Напалеон і містэр Пілкінгтан адначасова згулялі віновым тузом.

Дванаццаць галасоў абурана крычалі, і ўсе яны былі падобныя адзін на аднаго. Цяпер ужо не было пытання, што здарылася са свінымі тварамі. Жывёлы знадворку пераводзілі позірк з свінні на чалавека, з чалавека на свінню і зноў з свінні на чалавека, але было ўжо немагчыма вызначыць, хто быў кім.

Лістапад 1943 — Люты 1944

КОНЕЦ

____
Пераклад с английского:
© 2000 Сяргей Шупа

____БД____
GEORGE ORWELL: ‘ANIMAL FARM: A FAIRY STORY’; A NOVEL
First published by Secker and Warburg, London in 1945
____
ДЖОРДЖ ОРУЭЛ: «ФЕРМА»
Пераклад: Сяргей Шупа
Пераклад вершаваных тэкстаў: Алег Мінкін
Пераклад зроблены з выдання:
Orwell G. Animal Farm. — N. V.: Harcourt Brace Jovanovich, 1990.
Беларуская Палічка: www.knihi.com
____
Форматировал: О. Даг
Эл.-почта: [email protected]
URL: https://orwell.ru/library/novels/Animal_Farm/
Дата последней модификации (г.-м.-д.): 2020-01-07


«Скотный Двор: Сказка»: [Главная страница]

Библиотека [Анг] [Рус] > Романы [Анг] [Рус] ~ [Включить CSS] [Транслит]

[orwell.ru] [Домой] [Биография] [Библиотека] [Жизнь] [О сайте & (c)] [Ссылки] [Мапа сайта] [Поиск] [Отзывы]

© 1999-2024 О. Даг – ¡Стр. созд.: 2004-10-24 & Посл. мод.: 2020-01-07!