Index > Library > Novels > 1984 > Byelorussian > Частка трэцяя

Джордж Оруэл: «1984»

Частка трэцяя

1

Ён не ведаў, дзе ён. Можна было здагадвацца, што ён быў у Міністэрстве Любові, але праверыць гэта не было як.

Ён знаходзіўся ў камеры без вокнаў, з высокай столлю, са сценамі з бліскучае белае кафлі. Схаваныя лямпы залівалі яе халодным святлом, аднекуль чулася нізкае няспыннае гудзенне, звязанае, як меркаваў Ўінстан, з падачай паветра. Вузкая, толькі каб сесці, лава цягнулася ўздоўж сцен і перарывалася толькі дзвярыма і, ля сцяны, што насупраць дзвярэй, унітазам без драўлянага седала. У камеры былі чатыры тэлегляды, па адным на кожнай сцяне.

Ён адчуваў глухі боль у жываце. Жывот пачаў балець з таго моманту, як яны запхнулі яго ў закрыты фургон і некуды павезлі. А яшчэ яго мучыў голад, нейкі агідны, угрызлівы голад. З таго часу, як ён еў, прайшло ўжо, мабыць, дваццаць чатыры гадзіны, а можа, і трыццаць шэсць. Ён усё яшчэ не ведаў і, відаць, ніколі ўжо не даведаецца, калі яго арыштавалі, — раніцай або вечарам. З таго часу, як ён быў арыштаваны, яго не кармілі.

Ён сядзеў ціха, як толькі мог, на вузкай лаве, склаўшы рукі на каленях. Ён ужо навучыўся сядзець ціха. Калі зрабіць нечаканы рух, яны закрычаць з тэлегляда. Але голад рабіўся ўсё больш нясцерпны. Больш за ўсё ён марыў цяпер пра лустачку хлеба. Ён падумаў, што ў кішэні камбінезона павінна быць трохі хлебных крыхотак. Магчыма нават — ён падумаў так, бо час ад часу здавалася, быццам нешта ўпінаецца ў сцягно, — што там быў ладны акрайчык. Урэшце спакуса праверыць перасіліла ягоны страх. Ён засунуў руку ў кішэню.

— Сміт! — закрычаў голас з тэлегляда. — 6079 Сміт У.! Рукі прэч з кішэняў! Забараняецца засоўваць рукі ў кішэні ў камеры!

Ён зноў ціхенька сеў і склаў рукі на каленях. Перш чым трапіць сюды, ён прабыў нейкі час у іншым месцы — гэта была звычайная турма або проста часовая арыштоўня, куды патрулі завозілі затрыманых. Ён не ведаў, колькі часу ён там прабыў, але некалькі гадзін то пэўна. Без гадзінніка і без дзённага святла вельмі цяжка было вымераць час. Гэта было тлумнае смуроднае памяшканне. Яны кінулі яго ў камеру, падобную да той, у якой ён быў цяпер, але агідна брудную і ўвесь час запоўненую дзесяццю-пятнаццаццю чалавекамі. Большасць з іх былі простыя крымінальнікі, але было сярод іх і некалькі палітычных зняволеных. Ён ціхенька сядзеў, прыціснуўшыся да сцяны, штурханы бруднымі целамі, занадта засяроджаны на сваім страху і на болю ў жываце, каб зважаць на тое, што адбываецца навокал, і, аднак, яму кінулася ў вочы дзіўная розніца ў паводзінах паміж сябрамі Партыі і астатнімі зняволенымі. Партыйцы былі заўсёды маўклівыя і напалоханыя, а звычайным крымінальнікам, здавалася, было на ўсё напляваць. Яны лаяліся на ахоўнікаў, зацята супраціўляліся, калі тыя спрабавалі канфіскаваць іх рэчы, пісалі непрыстойнасці на падлозе, елі кантрабандную ежу, якую яны выцягвалі з таемных схованак у вопратцы, і нават заглушалі сваімі крыкамі тэлегляд, калі той спрабаваў навесці парадак. З другога боку, здавалася, што некаторыя з іх былі ў добрых адносінах з ахоўнікамі, звалі іх па імені і спрабавалі выцыганіць у іх цыгарэты праз вочка ў дзвярах. Дый ахоўнікі таксама ставіліся да крымінальнікаў з нейкай спагаднасцю, нават калі мусілі абыходзіцца з імі сурова. У камеры шмат гаварылася пра лагеры прымусовай працы, у якія, як меркавалася, мелі выслаць большасць зняволеных. Як з гэтых размоў, дык у лагерах было «нішто сабе», калі маеш добрае знаёмства і трохі клёку ў галаве. Там буяла хабарніцтва, фаварытызм і вымаганне ўсіх гатункаў, там існавала мужаложства і прастытуцыя, там нават падпольна гналі спірт з бульбы. Важныя пасады там давяраліся толькі крымінальнікам, асабліва рабаўнікам і забойцам, якія складалі нешта накшталт арыстакратыі. Усю брудную працу рабілі палітычныя.

Насельнікі камеры ўвесь час мяняліся, няспыннай чарадою то заводзілі, то выводзілі самых розных вязняў: гандляроў наркотыкамі, зладзеяў, бандытаў, спекулянтаў, прапойцаў, прастытутак. Некаторыя п'яныя гэтак буянілі, што іншыя вязні мусілі разам іх супакойваць. Вялізную кабецішчу гадоў шэсцьдзесят з вялікімі адвіслымі грудзьмі і рэдкімі пасмамі сівых валасоў, павыдзіраных у бойках, уцягнулі ў камеру чатыры ахоўнікі, хоць яна і ўпіралася, нема гарлаючы і таўхаючы іх нагамі. Яны сцягнулі з яе боты, якімі яна спрабавала іх убрыкнуць, і звалілі яе акурат на калені Ўінстану, ледзь не паламаўшы яму сцегнавыя косці. Яна падхапілася і закрычала ім наўздагон: «Сраныя выблядкі!» Пасля, заўважыўшы, што сядзіць на нечым нетрывалым, яна з'ехала з Ўінстанавых каленяў на лаву.

— Прабачай, каханенькі, — сказала яна. — Я на цябе не села б, каб гэтыя засранцы не пасадзілі. Не ведаюць, як з жанчынай абыходзіцца, ці што? — яна памаўчала, пачухала грудзі і адрыгнула. — Прабачай, — сказала яна, — мне трохі няможацца.

Яна нахілілася наперад, і яе званітавала на падлогу.

— Во так лепей, — сказала яна, адхіліўшыся назад і заплюшчыўшы вочы. — Ніколі не трымай у сабе, во што я кажу. Рыгай, пакуль цёпленькае.

Яна ачомалася, павярнулася, каб яшчэ раз паглядзець на Ўінстана, і, здаецца, адразу яго ўпадабала. Сваёй вялізнай рукою яна абняла яго і прытуліла да сябе, дыхаючы яму ў твар півам і ванітамі.

— Як цябе завуць, каханенькі? — спыталася яна.

— Сміт, — адказаў Ўінстан.

— Сміт? — здзівілася жанчына. — Во смешна. Маё прозвішча таксама Сміт. А што, — дадала яна расчулена, — я магла б быць тваёй маці!

«Яна магла б быць маёй маці», — падумаў Ўінстан. Узрост і знешнасць падыходзілі, і было цалкам верагодна, што людзі мяняліся, адбыўшы дваццаць гадоў у лагеры прымусовай працы.

Больш ніхто з ім не гаварыў. Было дзіўна, што крымінальнікі не звярталі ніякай увагі на зняволеных партыйцаў. «Паліты», — называлі яны іх з абыякавай знявагай. Зняволеныя сябры Партыі, здавалася, страшна баяліся з некім загаварыць, асабліва ж адзін з адным. Толькі аднойчы, калі два сябры Партыі, дзве жанчыны, апынуліся побач на лаве, прыціснутыя ў цясноце адна да адной, Ўінстан расчуў у гамане галасоў некалькі паспешліва прашаптаных словаў, сярод якіх ён здолеў разабраць нешта накшталт «пакой сто адзін», але не зразумеў, што гэта значыць.

Сюды ж яны перавялі яго дзве ці тры гадзіны таму. Глухі боль у жываце не праходзіў, часам балела меней, часам болей, адпаведна з гэтым думкі яго то пашыраліся, то сціскаліся. Калі балела мацней, ён думаў толькі пра сам боль і пра жаданне есці. Калі адпускала, яго ахоплівала паніка. Былі хвіліны, калі ён з такой дакладнасцю ўяўляў сабе ўсё, што яго чакае, што ў яго займала дух, а сэрца пачынала шалёна калаціцца. Ён адчуваў, як яго будуць біць дубінкамі па локцях і каванымі ботамі па костках; ён бачыў, як будзе поўзаць па падлозе, просячы літасці праз выбітыя зубы. Ён амаль не думаў пра Джулію. Ён не мог засяродзіць на ёй свае думкі. Ён кахаў яе і не збіраўся ёй здрадзіць; але гэта было голае сцверджанне, ён проста ведаў гэта, як ведаў правілы арыфметыкі. Ён не адчуваў кахання да яе, і наўрад ці яго цікавіла, што з ёй сталася. Ён думаў часцей пра О'Браэна, думаў з нейкай мігатлівай надзеяй. О'Браэн павінен ведаць, што яго арыштавалі. Братэрства, казаў ён, ніколі не спрабуе ўратаваць сваіх сябраў. Але ж лязо, яны прыслалі б лязо, калі б маглі. Прайшло б, можа, секунд пяць, перш чым ахоўнік паспеў бы ўварвацца ў камеру. Лязо ўвайшло б у яго з нейкай пякучай сцюдзёнасцю і нават парэзала б да касцей пальцы, што яго трымалі. Усё гэта адгукалася ў яго нямоглым целе, якое дрыгатліва сціскалася ад найменшага болю. Ён не быў пэўны, ці ўжыве ён лязо, нават калі будзе мець такую магчымасць. Было ўсё ж натуральней існаваць ад хвіліны да хвіліны, згаджаючыся пажыць яшчэ дзесяць хвілін, нават ведаючы, што пасля іх цябе чакае катаванне.

Часам ён спрабаваў падлічыць колькасць кафляных плітак у сцяне камеры. Гэта нібыта было і няцяжка, але ён заўсёды збіваўся на тым або іншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён і каторая цяпер гадзіна. Нейкі момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася ніколі. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Міністэрстве Любові не было вокнаў. Яго камера магла знаходзіцца ў самай сярэдзіне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносіў сябе з месца на месца і спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вісеў ён высока ў паветры ці быў пахаваны глыбока пад зямлёй.

Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. Малады афіцэр, спраўная постаць у чорнай уніформе, на якім, здавалася, усё блішчала з ног да галавы і чый бледны, з правільнымі рысамі, твар быў падобны да васковае маскі, порстка ўвайшоў у камеру. Ён даў знак ахоўнікам увесці вязня, якога яны прывялі. У камеру, ледзь цягнучы ногі, зайшоў паэт Эмплфорт. Дзверы з бразгатам зачыніліся.

Эмплфорт зрабіў пару няпэўных рухаў у адзін і ў другі бок, быццам думаў, што недзе тут былі другія дзверы, праз якія можна выйсці, а пасля пачаў хадзіць сюды-туды па камеры. Пакуль што ён не заўважаў Ўінстана. Трывожным позіркам ён вадзіў па сцяне на метр вышэй за Ўінстанаву галаву. Ён быў босы; вялікія брудныя пальцы тырчалі з яго дзіравых шкарпэтак. Ён некалккі дзён не галіўся. Густая шчэць укрывала яго твар, надаючы яму хуліганскі выгляд, што неяк дзіўна спалучаўся з яго нязграбнай кволай постаццю і нервовымі рухамі.

Ўінстан трохі схамянуўся. Ён мусіў загаварыць з Эмплфортам, рызыкуючы раззлаваць тэлегляд. Магчыма нават, што Эмплфорт якраз і прынёс лязо.

— Эмплфорт, — сказаў ён.

Тэлегляд маўчаў. Эмплфорт спыніўся, трошкі здзіўлены. Яго вочы павольна засяродзіліся на Ўінстане.

— А, Сміт! — сказаў ён. — І вы тут!

— Вас за што?

— Праўду сказаць... — ён нязграбна апусціўся на лаву насупраць Ўінстана. — Існуе толькі адно злачынства, ці не гэтак?

— І вы яго ўчынілі?

— Відаць, так.

Ён паднёс руку да лоба і націснуў на скроні, нібы спрабуючы нешта прыгадаць.

— Такое часам здараецца, — пачаў ён няпэўна. — Я магу прыгадаць адзін выпадак — магчымую прычыну. Усё, вядома ж, праз неразважнасць. Мы рыхтавалі канчатковае выданне вершаў Кіплінга. Я пакінуў у канцы радка слова «Gоd». Я нічога не мог зрабіць! — Дадаў ён амаль з абурэннем і паглядзеў на Ўінстана. — Змяніць радок было немагчыма. Рыфма была «rod». Уяўляеце сабе, ва ўсёй мове ёсць толькі дванаццаць рыфмаў да слова «rod»? Цэлымі днямі я тлуміў сабе галаву. Іншае рыфмы не было.

Выраз яго твару змяніўся. З яго знікла прыкрасць, і на нейкі момант ён здаўся амаль што задаволеным. Нейкая інтэлектуальная цеплыня, радасць навукоўца-педанта, які адкрыў нікому не патрэбны факт, бліснула на яго брудным няголеным абліччы.

— Ці прыходзіла вам калі ў галаву, — сказаў ён, — што ўся гісторыя ангельскай паэзіі вызначалася тым, што ў ангельскай мове не стае рыфмаў?

Не, якраз гэтая думка ніколі не прыходзіла Ўінстану ў галаву. А ў тых абставінах яна не здалася яму надта важнай або цікавай.

— Ці ведаеце вы, што цяпер — дзень ці ноч? — спытаўся ён.

Эмплфорт зноў паглядзеў здзіўлена.

— Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалі мяне дні два таму, а можа, тры, — яго позірк гойсаў па сценах, нібы ён спадзяваўся адшукаць акно. — Тут няма розніцы паміж днём і ноччу. Не ведаю, ці можна тут увогуле сачыць за часам.

Яны гаварылі ўрыўкамі некалькі хвілін, і тады, без відавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў ім замаўчаць. Ўінстан ціхенька сеў і склаў рукі. Цыбаты і няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесціся на вузкай лаве і шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымі рукамі то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час ішоў. Дваццаць хвілін, гадзіна — вызначыць было цяжка. З калідора зноў пачуўся тупат ботаў. У Ўінстана ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Хутка, вельмі хутка, можа, праз пяць хвілін, можа, зараз, гэты тупат будзе значыць, што прыйшла ягоная чарга.

Дзверы адчыніліся. У камеру зайшоў малады афіцэр з ледзяным тварам. Адрывістым рухам рукі ён паказаў на Эмплфорта.

— Пакой 101, — сказаў ён.

Эмплфорт няўклюдна патэпаў між двух ахоўнікаў. На твары ў яго адбівалася трывога і няўцямнасць.

Прайшло, як здалося, даволі шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Ўінстанавы думкі круціліся на адным месцы, як шар, што зноў і зноў трапляе ў тую самую лузу. Ён думаў толькі пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў і крыкі; О'Браэн; Джулія; лязо. Зноў у яго ўсярэдзіне ўсё сціснулася: набліжаўся тупат ботаў. Калі расчыніліся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На ім былі шорты ахоўнага колеру і спартовая кашуля.

Гэтым разам Ўінстан здзівіўся, не паверыўшы вачам.

Вы тут! — вымавіў ён.

Парсанс паглядзеў на яго. У позірку не было ні цікаўнасці, ні здзіўлення, толькі пакута. Ён пачаў узрушана хадзіць па камеры, відавочна няздольны супакоіцца. Кожнага разу, як ён выпростваў свае пульхныя калені, было відаць, як яны дрыжаць. Ён глядзеў, вытрашчыўшы вочы, нібы разглядаў штосьці недалёка ад яго, не могучы адарваць позірку.

— А вас за што? — спытаўся Ўінстан.

— Думзлачынства! — адказаў Парсанс, ледзь не плачучы.

У голасе ягоным чуліся адначасова і поўнае прызнанне сваёй віны, і нейкі недаверлівы жах, што гэткае слова магло стасавацца да яго. Ён спыніўся насупраць Ўінстана і пачаў нецярпліва дапытвацца ў яго.

— Вы думаеце, яны заб'юць мяне? Як вы думаеце, га, стары? Яны ж не заб'юць, калі нічога не зрабіў, а толькі падумаў незнарок? Я ведаю, яны ўважліва мяне выслухаюць. О, тут я ім веру! Яны пабачаць, якая ў мяне рэпутацыя, праўда? Вы ж ведаеце, што я за чалавек. Па-свойму неблагі. Не вучоны, вядома ж, але заўзяты. Я стараўся аддаць усе свае сілы Партыі, праўда ж? Я атрымаю гадоў пяць, як вы думаеце? Ці, можа, нават дзесяць? Такі, як я, можа вельмі прыдацца ў працоўным лагеры. Яны ж не заб'юць мяне толькі за тое, што я аднойчы сышоў з рэек?

— Вы вінаваты? — спытаўся Ўінстан.

— Вядома ж вінаваты? — закрычаў Парсанс, дагодліва зірнуўшы на тэлегляд. — Вы ж не думаеце, што Партыя будзе арыштоўваць бязвінных людзей, праўда? — Яго жабіны твар паспакайнеў, на ім з'явілася адценне крывадушнасці. — Думзлачынства — страшная рэч, стары, — сказаў ён павучальна. — Яно падступнае, яно можа зваліцца на цябе, што ты і ведаць не будзеш. Вы ведаеце, як я папаўся? Калі спаў? Так, праўда. Вось так я працаваў, аддаваў усяго сябе, выконваў свой абавязак — і ніколі не думаў, што нешта благое хаваецца ў маіх думках. І тады я пачаў гаварыць праз сон. І ведаеце, што я казаў?

Ён прыцішыў голас, быццам быў змушаны дзеля медыцынскіх прычын сказаць нешта непрыстойнае.

— «Далоў Вялікага Брата!» Так, я казаў гэта! Паўтараў зноў і зноў. Між намі кажучы, стары, я рады, што мяне ўзялі, пакуль справа не зайшла далей. Ведаеце, што я скажу ім, калі буду гаварыць перад трыбуналам? Я скажу: «Дзякуй. Дзякуй, што выратавалі мяне, пакуль не было занадта позна».

— Хто выдаў вас? — спытаўся Ўінстан.

— Мая маленькая дачка, — адказаў Парсанс з нейкім тужлівым гонарам. — Яна слухала праз замочную шчыліну. Чула, што я сказаў, і данесла патрулю ў той самы дзень. Спрытна, як на сямігадовую смаркачку, га? Я зусім не сярдую на яе. Папраўдзе, я нават ганаруся ёю. Выходзіць, я выхаваў яе ў правільным духу.

Ён яшчэ пахадзіў сюды-туды, кінуўшы пару разоў прагны позірк на ўнітаз. Пасля раптам рэзкім рухам сцягнуў шорты.

— Прабач мне, стары, — сказаў ён, — болей не магу. Столькі чакаў.

Ён плюхнуўся вялізным азадкам на ўнітаз. Ўінстан закрыў твар рукамі.

— Сміт! — завішчаў голас з тэлегляда. — 6079 Сміт У.! Адкрыць твар! Забараняецца закрываць твар у камеры!

Ўінстан адкрыў твар. Парсанс пакарыстаўся ўнітазам гучна і шчодра. Пасля выявілася, што зліў не працуе, і яшчэ цэлыя гадзіны пасля таго ў камеры невыносна смярдзела.

Парсанса перавялі. Іншыя вязні таямніча з'яўляліся і знікалі. Аднаму з іх, жанчыне, прызначылі: «Пакой 101», і, як заўважыў Ўінстан, яна сцялася і змянілася з твару, пачуўшы гэтыя словы. Настаў час — калі яго прывезлі раніцай, дык гэта быў бы вечар; калі яго прывезлі ўвечары, дык гэта была б поўнач. У камеры было шэсць вязняў, мужчын і жанчын. Усе сядзелі вельмі ціха. Насупраць Ўінстана сядзеў чалавек з тварам без падбародка, з ашчэранымі зубамі, падобны да нейкага вялікага і бяскрыўднага грызуна. Яго тоўстыя рабыя шчокі былі такія абвіслыя, што цяжка было паверыць, што за імі не хаваюцца прыпасы ежы. Яго шэрыя вочы пужліва зіркалі то на адзін твар, то на другі, і адразу адварочваліся, як толькі сустракаліся з нечым позіркам.

Дзверы расчыніліся, і ў камеру ўвялі яшчэ аднаго вязня, убачыўшы якога Ўінстан здрыгануўся. Гэта быў звычайны, нічым не выдатны чалавек, які мог быць якім-небудзь інжынерам або іншым тэхнічным работнікам. Дзіўнай, аднак, была змізарнеласць яго твару. Ён нагадваў чэрап. З-за яго хударлявасці вочы і рот выглядалі надмерна вялікімі, вочы, здавалася, былі поўныя забойчай, нязгаснай нянавісці да некага або нечага.

Чалавек сеў на лаве недалёка ад Ўінстана. Ўінстан болей на яго не глядзеў, але змардаваны, падобны да чэрапа твар гэтак жыва паўставаў у ягоным уяўленні, быццам быў проста перад вачыма. Раптам ён зразумеў, у чым справа. Чалавек паміраў ад голаду. Тая самая думка, здавалася, адначасова прыйшла ў галаву ўсім прысутным у камеры. Уздоўж усёй лавы прабегла лёгкая ўзрушанасць. Чалавек без падбародка спыніў позірк на чалавеку з тварам-чэрапам, пасля вінавата адвёў вочы, пасля зноў паглядзеў на яго, не могучы асіліць неадольнага прыцягнення. Цяпер ён ужо не мог уседзець, устаў, няўклюдна праклыпаў праз камеру, пакорпаўся ў кішэні камбінезона і, засаромеўшыся, працягнуў чалавеку з тварам-чэрапам зачуханы кавалачак хлеба.

З тэлегляда пачуўся шалёны, аглушальны рык. Чалавек без падбародка падскочыў на месцы. Чалавек з тварам-чэрапам хуценька схаваў рукі за спінай, нібы паказваючы ўсім, што ён адмовіўся ад пачастунку.

— Бамстэд! — зароў голас. — 2713 Бамстэд Дж.! Кінуць хлеб!

Чалавек без падбародка кінуў кавалак хлеба на падлогу.

— Заставацца на месцы, — загадаў голас. — Тварам да дзвярэй. Не рухацца.

Ён падпарадкаваўся. Яго вялікія абвіслыя шчокі дрыжалі. Дзверы з грукатам расчыніліся. Калі малады афіцэр увайшоў і адступіў убок, з-за спіны ў яго выйшаў нізенькі каржакаваты ахоўнік з вялізнымі рукамі і плячамі. Ён стаў насупраць чалавека без падбародка і, атрымаўшы сігнал ад афіцэра, нанёс страшэнны ўдар, уклаўшы ў яго ўсю вагу свайго цела, проста ў зубы чалавеку без падбародка. Сіла ўдару, здавалася, адарвала яго ад падлогі. Цела яго праляцела праз усю камеру і пляснулася вобзем каля ўнітаза. Нейкі момант ён ляжаў непрытомны, з носа і рота сачылася цёмная кроў. Ад яго чуўся ціхі-ціхі міжвольны енк і папіскванне. Пасля ён перавярнуўся на жывот і, хістаючыся, стаў на карачкі. Разам з крывёю і слінаю з рота выпалі дзве палавінкі зубнога пратэза.

Вязні сядзелі ціха, склаўшы рукі на каленях. Чалавек без падбародка дапоўз да свайго месца. Ніжняя палова яго твару цямнела змярцвелаю плоццю. Яго рот ператварыўся ў расплывістую масу вішнёвага колеру з чорнай адтулінай пасярэдзіне. Час ад часу на камбінезон капала кроў. Яго шэрыя вочы ўсё яшчэ зіркалі то на адзін, то на другі твар, быццам ён спрабаваў вызначыць, наколькі іншыя грэбавалі ім пасля гэткай знявагі.

Дзверы расчыніліся. Ледзь заўважным рухам афіцэр паказаў на чалавека з тварам-чэрапам.

— Пакой 101, — сказаў ён.

Ўінстан адчуў навокал атарапеласць і замяшанне. Чалавек кінуўся на падлогу і ўкленчыў, сашчапіўшы рукі.

— Таварыш! Афіцэр! — закрычаў ён. — Вы не павінны мяне туды пасылаць! Я ж вам ужо ўсё сказаў! Што вы яшчэ хочаце ведаць? Мне болей няма ў чым прызнавацца, няма! Скажыце толькі, што вам трэба, і я адразу ўсё скажу. Напішыце ўсё, што хочаце, і я падпішу! Толькі не пакой сто адзін!

— Пакой 101, — паўтарыў афіцэр.

Твар чалавека, і гэтак ужо вельмі бледны, набыў проста неверагодны, на думку Ўінстана, колер. Ён быў цяпер выразна зялёны.

— Нічога мне не рабіце! — крычаў ён. — Вы тыднямі марылі мяне голадам. Канчайце і дайце мне памерці. Расстраляйце мяне. Павесьце мяне. Засудзіце мяне на дваццаць пяць гадоў. Можа, трэба яшчэ каго-небудзь выдаць? Скажыце каго, і я раскажу вам усё, што вы хочаце. Мне ўсё роўна, хто гэта будзе і што вы яму зробіце. У мяне жонка і трое дзяцей. Старэйшаму яшчэ няма шасці. Можаце ўзяць іх усіх і перарэзаць ім глоткі на маіх вачах, а я буду стаяць і глядзець. Толькі не пакой сто адзін!

— Пакой 101, — зноў паўтарыў афіцэр.

Чалавек абвёў лютым позіркам астатніх вязняў, быццам шукаючы іншую ахвяру, каб выставіць замест сябе. Яго вочы спыніліся на знявечаным твары чалавека без падбародка. Ён ускінуў худую руку.

— Вось каго вам трэба ўзяць, а не мяне! — закрычаў ён. — Чулі, што ён казаў, як яму далі па пысе? Пакіньце мне хоць які шанц, і я перакажу вам слова ў слова. Ён супраць Партыі, а не я.

Ахоўнікі выступілі наперад. Худы ўжо крычаў на ўсё горла.

— Вы не чулі! — паўтараў ён. — Напэўна, сапсаваўся тэлегляд. Вам патрэбны ён! Бярыце яго, а не мяне!

Два мажныя ахоўнікі нахіліліся, каб узяць яго за рукі. Але ў гэты самы момант ён пляснуўся на падлогу і ўчапіўся што было сілы за сталёвую ножку лавы. Ён працягла завыў, як нейкі дзікі звер. Ахоўнікі ўзяліся за яго, спрабуючы адарваць ад ножкі, але ён трымаўся з неверагоднай сілай. Яны тузалі яго секунд двадцаць. Вязні сядзелі ціха, склаўшы рукі на каленях, пазіраючы проста перад сабой. Выццё абарвалася; у чалавека цяпер хапала духу толькі на тое, каб трымацца. Але тады пачуўся іншы крык. Ахоўнік раструшчыў яму ботам палец на руцэ. Яны паставілі яго на ногі.

— Пакой 101, — сказаў афіцэр.

Чалавека вывелі. Ён ішоў хістаючыся, з пануранай галавою, прыціскаючы да грудзей скалечаную руку. Ваяўнічасць пакінула яго.

Прайшло даволі шмат часу. Калі чалавека з тварам-чэрапам вывелі апоўначы, дык цяпер была раніца, калі ж раніцаю, дык цяпер быў вечар. Ўінстан ужо дзве ці тры гадзіны быў адзін у камеры. Яму было так мулка сядзець на вузкай лаве, што часта ён уставаў і хадзіў па камеры, не выклікаючы нараканняў тэлегляда. Кавалак хлеба яшчэ ляжаў там, дзе кінуў яго чалавек без падбародка. Напачатку вельмі цяжка было прымушаць сябе не глядзець на яго, але цяпер голад саступіў месца смазе. У роце было глеўка і смярдзюча. Няспыннае гудзенне і нязменнае белае святло выкдікалі ў ім нейкую млосць і адчуванне пустэчы. Часам ён уставаў, бо не было ўжо як трываць боль у касцях, але зараз жа сядаў, бо ў яго так кружылася галава, што ён не быў пэўны, што ўстоіць на нагах. Як толькі яму ўдавалася хоць трошкі апанаваць свае фізічныя адчуванні, яго зноў ахапляў жах. Часам са згаслай надзеяй ён думаў пра О'Браэна і пра лязо. Можна было спадзявацца, што лязо будзе схаванае ў ежы, калі яго ўвогуле будуць карміць. Яшчэ больш расплывістымі былі яго думкі пра Джулію. Можа, цяпер яна недзе пакутуе яшчэ горш за яго. Можа, якраз у гэты момант яна крычыць ад болю. Ён падумаў: «Калі б я мог уратаваць Джулію, падвоіўшы свой боль, ці зрабіў бы я гэта? Так, зрабіў бы». Але гэта была проста тэарэтычная гатовасць, ён быў гатовы, бо ведаў, што мусіць быць гатовы. Ён не адчуваў гэтага. Тут, у гэтым месцы, нічога немагчыма было адчуваць, апроч болю і прадчування болю. Дый ці магчыма, калі ты ўжо пакутуеш, жадаць дзеля нейкіх прычын, каб твой боль быў яшчэ мацнейшы? Але на гэтае пытанне пакуль яшчэ не было адказу.

З калідора зноў пачуўся стук ботаў. Дзверы адчыніліся. У камеру ўвайшоў О'Браэн.

Ўінстан ускочыў на ногі. Тое, што ён пабачыў, так яго ўразіла, што ён забыўся пра асцярожнасць. Першы раз за шмат гадоў ён не зважаў на прысутнасць тэлегляда.

— Яны і вас узялі! — закрычаў ён.

— Яны ўзялі мяне ўжо даўно, — адказаў О'Браэн мяккай, амаль шкадавальнай іроніяй. Ён адступіў убок. З-за яго спіны ўзнік шыракагруды ахоўнік з доўгім чорным кіем у руцэ.

— Вы ведалі гэта, Ўінстан, — сказаў О'Браэн. — Не маніце сабе. Вы ведалі гэта — вы заўсёды ведалі гэта.

Так, цяпер ён бачыў, ён заўсёды гэта ведаў. Але думаць пра гэта не было часу. Усё, на што яму хапала позірку, быў кій у руцэ ахоўніка. Ён мог ударыць у любое месца: па патыліцы, па кончыку вуха, па руцэ, па локці...

Па локці! Ён асеў на калені, амаль спаралізаваны, схапіўшыся рукою за збіты локаць. Уваччу ўсё выбухнула жоўтым святлом. Немагчыма, немагчыма, каб толькі адзін удар мог спрычыніць такі боль! Зрок трохі прасвятлеў, і ён мог бачыць, як тыя двое паглядаюць зверху на яго. Ахоўнік душыўся смехам. Ва ўсялякім разе, на адно пытанне адказ быў гатовы. Ніколі, нізавошта на свеце ён не пажадае, каб памацнеў яго боль. Што да болю, дык тут можна было хацець толькі аднаго: каб ён спыніўся. Няма ў свеце нічога страшнейшага за фізічны боль. Перад болем няма герояў, няма герояў, думаў ён зноў і зноў, калі курчыўся на падлозе, марна сціскаючы сваю знявечаную левую руку.

2

Ён ляжаў на нечым, што нагадвала раскладанку, толькі значна вышэй ад зямлі, і быў прывязаны так, што не мог варухнуцца. У твар яму біла святло, мацнейшае, чым звычайна. О'Браэн стаяў побач і ўважліва глядзеў на яго. З другога боку стаяў чалавек у белым халаце са шпрыцам у руках.

Нават расплюшчыўшы вочы, ён не адразу зразумеў, што адбываецца навокал. У яго было ўражанне, што ён нібы ўсплыў у гэтым пакоі з нейкага зусім іншага, глыбокага, падводнага свету. Колькі ён там прабыў, ён не ведаў. З таго часу, як яго арыштавалі, ён болей не бачыў ні дня, ні ночы. Дый успаміны яго былі перарывістыя. Былі часы, калі свядомасць, нават тая, што маеш у сне, спыняла свой ток і пачыналася зноў пасля нічым не запоўненага перапынку. Але як доўга цягнуліся гэтыя перапынкі — дні, тыдні або толькі секунды, — даведацца было немагчыма.

Кашмарны сон пачаўся з таго першага ўдару па локці. Пасля ён зразумеў, што ўсё, што тады адбылося, было толькі папярэдняй падрыхтоўкай, звычайным допытам, якому падлягалі амаль усе вязні. Быў доўгі спіс злачынстваў — шпіянаж, сабатаж і іншыя, — у якіх кожны мусіў прызнацца, што ўспрымалася як сама сабой зразумелая рэч. Прызнанне было фармальнасцю, хоць катавалі па-сапраўднаму. Колькі разоў яго білі, як доўга — ён не памятаў. Заўсёды пры ім было адначасова пяць ці шэсць чалавек у чорнай уніформе. Часам білі кулакамі, часам кіямі, часам сталёвымі прутамі, часам ботамі. Часам бывала, што ён качаўся на падлозе, не маючы сораму, нібы жывёла, курчачыся сяк і так у бясконцым, безнадзейным намаганні ўхіліцца ад удараў, а замест таго падстаўляючыся ўсё новым і новым ударам у рэбры, у жывот, па локцях, па лытках, у пахвіну, па машонцы, па хрыбце. Бывала часам, што катаванне цягнулася так доўга, што яму пачынала здавацца жорсткім, агідным, непрабачальным не тое, што ахоўнікі яго білі, але што ён ніяк не мог прымусіць сябе страціць прытомнасць. Бывала, што нервы здраджвалі яму, і ён пачынаў крычаць аб літасці яшчэ перад тым, як яго пачыналі біць, калі аднаго толькі выгляду кулака, занесенага для ўдару, было дастаткова, каб ён пачаў сыпаць прызнанні аб сапраўдных і выдуманых злачынствах. Бывала таксама, што ён вырашаў ні ў чым не прызнавацца, і кожнае слова трэба было вырываць з яго праз нясцерпны боль, бывала і так, што ён спрабаваў ісці на кампраміс, кажучы сабе: «Я прызнаюся, але толькі не цяпер. Буду трываць, пакуль здолею. Яшчэ тры ўдары, яшчэ два ўдары, і тады я скажу ім усё, што яны хочуць». Часам яго збівалі так, што ён не мог стаяць, пасля кідалі, як мех з бульбай, на каменную падлогу ў камеры, і давалі некалькі гадзін ачомацца, а тады зноў выводзілі і білі. Былі таксама працяглыя перыяды аднаўлення сілы. Ён помніў іх цьмяна, бо праводзіў іх часцей за ўсё ў сне ці здранцвенні. Ён памятаў камеру з дашчаным ложкам, нейкай паліцай, што тырчала са сцяны, і бляшанай умывальняй, памятаў ежу: гарачы суп, хлеб і часам кава. Ён памятаў пахмурнага цырульніка, які прыходзіў паскрэбці яму бараду і абстрыгчы галаву, памятаў дзелавых, непрыемных людзей у белых халатах, што мацалі яму пульс, правяралі рэфлексы, выварочвалі павекі, прабягалі па ўсім целе грубымі пальцамі, шукаючы зламаныя косткі, і калолі яму ў руку, каб ён заснуў.

Біць яго сталі радзей, само біццё сталася цяпер проста пагрозай, застрашэннем, да якога можна было звярнуцца ў любы момант, калі яго адказы былі незадавальняючыя. Яго дапытнікамі былі цяпер не грамілы ў чорнай уніформе, а партыйныя інтэлектуалы, тоўстыя чалавечкі з рэзкімі рухамі і бліскучымі акулярамі, якія працавалі з ім наперамену асобнымі сеансамі, што цягнуліся — як яму здавалася, ён не мог быць пэўны — па дзесяць-дванаццаць гадзін. Гэтыя новыя дапытнікі рупіліся аб тым, каб ён увесь час пакутаваў ад няспыннага лёгкага болю. Але не болю надавалі яны галоўную ўвагу. Яны давалі яму поўхі, круцілі яму вушы, цягалі за валасы, прымушалі стаяць на адной назе, не давалі яму мачыцца, свяцілі яму ў твар асляпляльным святлом, пакуль з вачэй не ліліся слёзы; галоўнаю мэтай усяго гэтага было прынізіць яго і задушыць у ім здольнасць разважаць і спрачацца. Іх сапраўднай зброяй быў бязлітасны допыт, які працягваўся бясконца, гадзіну за гадзінай, блытаючы яго, падстаўляючы пасткі, перакручваючы ўсе яго словы, пераконваючы яго скрозь і ўсюды, што ён маніць і супярэчыць сам сабе, пакуль ён не пачынаў плакаць — і ад сораму, і ад нервовай стомы. Часам ён плакаў разоў шэсць за адзін сеанс. Часцей за ўсё яны брыдка лаяліся на яго і, як толькі ён пачынаў вагацца, пагражалі зноў перадаць яго ахоўнікам; але часам яны раптоўна мянялі тон, называлі яго таварышам, заклікалі яго ў імя Ангсоцу і Вялікага Брата і з прыкрасцю ў голасе пыталіся, няўжо і цяпер у яго недастаткова адданасці Партыі, каб ён захацеў адкупіць усё тое благое, што ён нарабіў. Калі нервы яго былі ладна пашкуматаныя пасля шматгадзінных допытаў, нават гэткага закліку было дастаткова, каб выціснуць з яго слёзы. Урэшце назольныя галасы зламалі яго канчаткова, лепш за боты і кулакі ахоўнікаў. Ён стаўся толькі языком, што вымаўляў, рукою, што паказвала ўсё, што толькі ад яго ні патрабавалі. Адзіным яго клопатам было здагадацца, якія прызнанні ад яго хацелі пачуць, і тады хутчэй прызнацца, пакуль зноў не пачнецца застрашэнне. Ён прызнаўся ў забойстве выдатных партыйных дзеячаў, у распаўсюджванні бунтаўнічых брашур, прамантачванні грамадскіх сродкаў, выдаванні ваенных сакрэтаў, разнастайным сабатажы. Ён прызнаўся, што быў шпіёнам на службе Ўсходазійскага ўрада яшчэ ў 1968 годзе. Ён прызнаўся, што ён веруючы, прыхільнік капіталізму і сексуальны маньяк. Ён прызнаўся, што забіў сваю жонку, хоць і ведаў, і яго дапытнікі таксама павінны былі ведаць, што яна жывая. Ён прызнаўся, што на працягу гадоў меў асабістыя зносіны з Гольдштэйнам і быў сябрам падпольнай арганізацыі, што складалася амаль з усіх людзей, якіх ён толькі ведаў. Было прасцей прызнацца ва ўсім і ведаць усіх. Да таго ж у нейкім сэнсе ўсё гэта было праўдай. Праўдай было тое. што ён быў ворагам Партыі, а ў вачах Партыі не было розніцы паміж думкай і справай.

Засталіся ў яго і іншыя ўспаміны. Яны паўставалі ў свядомасці бязладна, як карціны сярод суцэльнай цемры.

Ён быў у камеры, дзе магло быць і цёмна і светла, бо ён не мог бачыць нічога, акрамя пары вачэй. Зусім побач павольна і мерна цікаў нейкі інструмент. Вочы зрабіліся большыя і святлейшыя. Раптам яго нібы змыла з месца, ён нырнуў у вочы і патануў у іх.

Ён быў прывязаны да фатэля, вакол былі шматлікія датчыкі, у вочы біла сляпучае святло. Чалавек у белым халаце правяраў паказанні датчыкаў. З калідора пачуўся тупат цяжкіх ботаў. Дзверы з бразгатам расчыніліся. Увайшоў афіцэр з вайсковым тварам, за ім два ахоўнікі.

— Пакой 101, — сказаў афіцэр.

Чалавек у белым халаце не павярнуўся. Ён болей не глядзеў на Ўінстана, ён глядзеў цяпер толькі на датчыкі.

Ён каціўся па вялізным калідоры, кіламетр ушыркі, поўным урачыстага залатога святла, рагочучы на ўсё горла і выкрыкваючы прызнанні. Ён прызнаваўся ва ўсім, нават у тым, пра што здолеў змаўчаць пад час катаванняў. Ён выкладаў усю гісторыю свайго жыцця слухачам, якія яе ўжо ведалі. Побач з ім былі ахоўнікі, іншыя дапытнікі, людзі ў белых халатах, О'Браэн, Джулія, пан Чэрынгтан, і ўсе каціліся ўніз па калідоры з крыкам і смехам. Нешта жахлівае, што хавалася ў будучыні, было нейкім дзівам абыдзена і не адбылося. Усё было цудоўна, болей не было болю, найдрабнейшыя дэталі яго жыцця былі цяпер адкрытыя, зразуметыя, дараваныя.

Ён падхапіўся з дашчанага ложка амаль упэўнены, што пачуў голас О'Браэна. Пад час усіх яго допытаў, хоць ён ніколі яго і не бачыў, ён заўсёды адчуваў, што О'Браэн недзе зусім побач, яго толькі не відаць. Усім кіраваў О'Браэн. Гэта ён прыставіў да Ўінстана ахоўнікаў і папярэдзіў, каб яны яго не забівалі. Гэта ён вырашаў, калі Ўінстану крычаць ад болю, калі яму адпачываць ад катаванняў, калі яго карміць, калі яму спаць, калі яму калоць у руку лекі. Гэта ён ставіў пытанні і падказваў адказы. Ён быў катам, ён быў абаронцам, ён быў інквізітарам, ён быў сябрам. І аднойчы — Ўінстан не памятаў, ці было гэта ў сне пасля ўколу, ці ў звычайным сне, ці на яве, — нейкі голас прашаптаў яму ў вуха: «Не хвалюйся, Ўінстан; ты ў маіх руках. Сем гадоў я назіраў за табою. Цяпер настала вырашальная хвіля. Я ўратую цябе, я зраблю цябе дасканалым». Ён не быў пэўны, ці быў гэта голас О'Браэна; але гэта быў той самы голас, які некалі сказаў яму: «Мы сустрэнемся там, дзе няма цемры», у тым іншым сне, сем гадоў таму.

Ён не памятаў, ці яго допыты нечым скончыліся. Была проста нейкая цемра, а пасля камера або пакой, у якім ён цяпер знаходзіўся, паступова матэрыялізавалася вакол яго. Ён ляжаў пластом на спіне, няздольны рухацца, ва ўсіх важных частках ягонае цела было прымацавана да ложка. Нават патыліца была неяк заціснута. О'Браэн глядзеў на яго зверху ўніз паважна і трохі смутна. Твар яго, бачаны знізу, здаваўся грубым і стомленым, з мяшкамі пад вачмі і зморшчынамі ад носа да падбародка. Ён быў старэйшы, чым здавалася Ўінстану; яму было гадоў сорак восем ці пяцьдзесят. Пад рукою ў яго была нейкая прылада са шкалой і рычагом зверху.

— Я казаў вам, — сказаў О'Браэн, — што калі мы і сустрэнемся яшчэ, дык толькі тут.

— Так, — адказаў Ўінстан.

Зусім нечакана, калі не лічыць лёгкага руху рукі О'Браэна, хваля болю напоўніла яго цела. Гэта быў страшэнны боль, бо ён не ведаў, што адбылося, адчуваў толькі, што яму нанеслі нейкую смяротную рану. Ён не ведаў, ці сапраўды яму нешта знявечылі, ці гэта быў толькі вынік уздзеяння электрычнасці, але ўсё цела ягонае нібы вывернулася навыварат, усе суставы павольна разрываліся. І хоць у яго на лбе выступіў пот ад болю, найгоршым, аднак, быў страх, што яго хрыбет зараз з хрустам разламаецца. Ён дрыжаў усім целам і цяжка дыхаў праз нос, спрабуючы маўчаць як мага долей.

— Вы баіцёся, — сказаў О'Браэн, паглядзеўшы яму ў твар, — што зараз у вас нешта зламаецца. Асабліва вы баіцёся за ваш хрыбет. Вы яскрава сабе ўяўляеце, як разрываюцца пазванкі і хрыбтовая вадкасць выліваецца вонкі. Вы ж пра гэта думаеце, праўда, Ўінстан?

Ўінстан не адказаў. О'Браэн пацягнуў рычаг назад. Хваля болю сунялася гэтак жа хутка, як і ўзнікла.

— Гэта было сорак, — сказаў О'Браэн. — Бачыце, лічбы на шкале ідуць да ста. Запомніце, калі ласка, на ўвесь час нашай размовы, што я магу спрычыніць вам боль у любую хвіліну і з любою сілай. Калі вы будзеце маніць, або паспрабуеце неяк ухіліцца, або проста будзеце дурнейшы, чым вы ёсць, вы адразу закрычыце ад болю. Зразумелі?

— Так, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн палагаднеў. Ён старанна паправіў акуляры і зрабіў пару крокаў сюды і туды. Калі ён гаварыў, голас ягоны гучаў мякка і цярпліва. Ён быў падобны да доктара, настаўніка і нават святара, які хоча растлумачыць і пераканаць, а не пакараць.

— Я гэтак клапачуся пра вас, Ўінстан, — сказаў ён, — бо вы вартыя клопату. Вы цудоўна ведаеце, што з вамі. Вы ведалі гэта на працягу гадоў, і ўсе гэтыя гады вы змагаліся супраць гэтага ведання. Ваш розум не ў парадку. У вас пашкоджана памяць. Вы няздольныя памятаць пра рэальныя падзеі, і ў той самы час вы пераконваеце сябе, што памятаеце пра тое, чаго ніколі не было. На шчасце, гэта можна вылечыць. Вы ніколі не лячыліся, бо не хацелі. Вы не былі гатовыя зрабіць невялічкае намаганне волі. Нават цяпер, я бачу, вы чапляецеся за сваю хваробу, думаючы, што яна ўяўляе сабой маральную вартасць. Ну, вось вам прыклад. З якой краінай у дадзены момант ваюе Акіянія?

— Калі мяне арыштавалі, Акіянія ваявала з Усходазіяй.

— З Усходазіяй. Добра. І Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй, праўда?

Ўінстан уздыхнуў. Ён раскрыў рот, каб сказаць, і не сказаў. Ён не мог адвесці вачэй ад шкалы з лічбамі.

— Калі ласка, праўду, Ўінстан. Вашу праўду. Скажыце мне, што вы памятаеце.

— Я памятаю, што яшчэ толькі за тыдзень перад тым, як мяне арыштавалі, мы ваявалі зусім не з Усходазіяй. Мы былі саюзнікамі з імі. Вайна была з Эўразіяй. Яна цягнулася чатыры гады. А перад тым...

О'Браэн знакам рукі спыніў яго.

— Яшчэ адзін прыклад, — сказаў ён. — Некалькі гадоў таму ў вас была вельмі небяспечная манія. Вам здавалася, што тры чалавекі, тры колішнія сябры Партыі Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд — людзі, пакараныя за здраду і сабатаж пасля найпадрабязнейшых прызнанняў, — не былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх вінавацілі. Вам здавалася, што вы бачылі неаспрэчны дакументальны доказ таго, што іх прызнанні былі несапраўдныя. Вы бачылі ў галюцынацыі нейкі фотаздымак. Вам здавалася, што вы і сапраўды трымалі яго ў руках. Здымак быў прыблізна такі.

Між пальцаў О'Браэна а'явілася выцягнутая газетная выцінка. Нейкіх пяць секунд яна была ў полі зроку Ўінстана. Гэта быў фотаздымак, і ў яго аўтэнтычнасці не магло быць сумненняў. Гэта быў той фотаздымак. Гэта быў яшчэ адзін асобнік фатаграфіі Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда на партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку, на якую ён натрапіў выпадкова адзінаццаць гадоў таму і якую ён адразу знішчыў. Толькі нейкі момант яна была перад яго вачыма і пасля зноў знікла. Але ён яе бачыў, без сумнення, ён яе бачыў! Ён зрабіў адчайдушнае намаганне вызваліць верхнюю палову свайго цела. Але было немагчыма зварухнуцца хоць на сантыметр у любы бок. На хвіліну ён нават забыўся пра шкалу. Ён хацеў аднаго — зноў трымаць у руках тую фатаграфію ці хоць бы зноў яе пабачыць.

— Яна існуе! — закрычаў ён.

— Не, — сказаў О'Браэн.

Ён прайшоў праз увесь пакой да процілеглай сцяны. Там была дзіра памяці. О'Браэн падняў кратку. Маленькую палоску паперы незаўважна падхапіў паток цёплага паветра, і яна знікла ў водблісках полымя. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана.

— Попел, — сказаў ён. — Попел, у якім ужо нічога не распазнаеш. Пыл. Яна не існуе. Яна ніколі не існавала.

— Але ж яна існавала! Яна існуе! Яна існуе ў памяці. Я памятаю яе. Вы памятаеце яе.

— Я не памятаю яе, — сказаў О'Браэн.

У Ўінстана абарвалася сэрца. Гэта было двухдумства. Ён адчуў смяротную бездапаможнасць. Калі б ён мог быць упэўнены, што О'Браэн хлусіць, было б яшчэ не страшна. Але было цалкам магчыма, што О'Браэн і сапраўды забыўся пра фатаграфію. А калі так, дык цяпер ён мусіў забыцца пра адмаўленне, што ён яе памятае, і ўрэшце забыцца пра сам акт забыцця. Як можна было з усёй пэўнасцю лічыць, што гэта простае махлярства? Можа, гэты вар'яцкі зрух у свядомасці і сапраўды быў магчымы — гэтая думка яго дабіла.

О'Браэн у роздуме глядзеў на яго. Больш чым калі ён быў падобны цяпер на настаўніка, які б'ецца над свавольным, але здатным вучнем.

— Ёсць партыйны лозунг, у якім гаворыцца пра кантроль над мінуўшчынай, — сказаў ён. — Паўтарыце яго, калі ласка.

— «Хто кантралюе мінуўшчыну — той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпершчыну — той кантралюе мінуўшчыну», — паслухмяна паўтарыў Ўінстан.

— «Хто кантралюе цяпершчыну — той кантралюе мінуўшчыну», — пацвярджаючы, ківаў галавою О'Браэн. — Дык вы думаеце, Ўінстан, што мінуўшчына існуе рэальна?

І зноў Ўінстана агарнула пачуццё бездапаможнасці. Ён крадком глянуў на шкалу. Ён не толькі не ведаў, які адказ — «так» або «не» — вызваліць яго ад пакуты; ён нават не ведаў, які адказ ён сам лічыў слушным.

О'Браэн ледзь заўважна ўсміхнуўся.

— Вы не метафізік, Ўінстан, — сказаў ён. — Дагэтуль вы ніколі не задумваліся над тым, што такое існаванне. Скажу больш дакладна. Ці мінуўшчына існуе канкрэтна ў прасторы? Ці ёсць дзе-небудзь месца ў свеце матэрыяльных прадметаў, дзе ўсё яшчэ адбываецца мінуўшчына?

— Не.

— Тады дзе ж існуе мінуўшчына, калі яна ўвогуле існуе?

— У пісьмовых запісах. Яна занатаваная.

— У запісах. І...?

— У свядомасці. У чалавечай памяці.

— У памяці. Цудоўна. Мы, Партыя, кантралюем усе запісы, мы кантралюем усю памяць. Значыць, мы кантралюем мінуўшчыну. Так ці не?

— Але як вы можаце зрабіць так, каб людзі нічога не памяталі? — закрычаў Ўінстан, зноў на хвіліну забыўшыся пра шкалу. — Яно ж запамінаецца само, незалежна ад чалавека. Як вы можаце кантраляваць памяць? Вы ж не кантралявалі маю памяць?!

О'Браэн зноў пасуравеў і паклаў руку на рычаг.

— Наадварот, — сказаў ён, — гэта вы не кантралявалі яе. І таму вы цяпер тут. Вы тут, бо вам не хапіла пакорлівасці і самадысцыпліны. Вы адмовіліся ад падпарадкавання — платы за здаровы розум. Вы палічылі за лепшае быць вар'ятам, самотным вар'ятам. Толькі дысцыплінаваны розум можа ўспрымаць рэчаіснасць, Ўінстан. Вам здаецца, што рэчаіснасць — гэта нешта аб'ектыўнае, знешняе, што існуе само па сабе. Вам таксама здаецца, што рэчаіснасць па сваёй натуры самавідавочная. Калі вы, падманваючы сябе, думаеце, што вы нешта бачыце, вы мяркуеце, што ўсе бачаць тое самае гэтак жа, як і вы. Але я кажу вам, Ўінстан, што рэчаіснасць не знешняя. Рэчаіснасць існуе ў чалавечым розуме, і нідзе болей. Не ў розуме індывіда, які можа памыляцца і ва ўсялякім разе жыве нядоўга, — толькі ў розуме Партыі, калектыўным і несмяротным. Калі Партыя лічыць нешта праўдай, дык гэтае нешта і ёсць праўда. Бачыць рэчаіснасць можна толькі праз вочы Партыі. Вось гэтаму вы мусіце зноў навучыцца, Ўінстан. Гэта патрабуе самазнішчэння, намагання волі. Вы павінны скарыцца, перш чым да вас вернецца здаровы розум.

Ён памаўчаў хвіліну, нібы хочучы, каб сказанае запала ў галаву Ўінстану.

— Ці памятаеце вы, — працягваў ён, — як вы напісалі ў сваім дзённіку: «Свабода — гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры»?

— Так, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн падняў левую руку і павярнуў далонь тыльным бокам да Ўінстана, схаваў вялікі палец і выпрастаў чатыры астатнія.

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Чатыры.

— А калі Партыя скажа, што тут не чатыры пальцы, а пяць — тады колькі?

— Чатыры.

Слова гэтае абарвалося дзікім болем. Стрэлка на шкале падскочыла да пяцідзесяці пяці. Усё цела Ўінстана залілося потам. Паветра ўрывалася яму ў лёгкія і выходзіла назад з глубокім стогнам, які ён не мог стрымліваць, нават моцна сціскаючы зубы. О'Браэн глядзеў на яго, ўсё яшчэ трымаючы перад ім чатыры пальцы Ён адцягнуў рычаг. Гэтым разам боль адно трошкі паменеў.

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Чатыры.

Стрэлка скокнула да шасцідзесяці.

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Чатыры! Чатыры! Што я яшчэ магу сказаць? Чатыры!

Стрэлка, відаць, пасунулася яшчэ далей, але ён ужо не глядзеў на яе. Цяпер ён бачыў толькі цяжкі суровы твар і чатыры пальцы. Пальцы стаялі ўваччу, як калоны, вялізныя, расплывістыя, яны нібы калыхаліся, але іх было чатыры, роўна чатыры.

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Чатыры! Спыніце, спыніце! Не мучце мяне! Чатыры! Чатыры!

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Пяць! Пяць! Пяць!

— Не, Ўінстан, дарма. Вы маніце Вы ўсё яшчэ думаеце, што іх чатыры. Колькі пальцаў?

— Чатыры! Пяць! Чатыры! Колькі вы захочаце. Толькі спыніце, не мучце болей!

Раптам ён заўважыў, што сядзіць, а О'Браэн абдымае яго за плечы. Відаць, ён некалькі секунд быў непрытомны. Кайданы, якімі было прыкута яго цела, аслаблі. Яму было вельмі холадна, ён нястрымна дрыжаў і ляскаў зубамі, па шчоках каціліся слёзы. На хвіліну ён учапіўся за О'Браэна, як дзіця, цяжкая рука на плячах стварала дзіўную ўтульнасць. У яго ўзнікла пачуццё, што О'Браэн яго абаронца, што пакуты прыходзяць аднекуль звонку, з нейкае іншае крыніцы, і што менавіта О'Браэн уратуе яго ад гэтых пакут.

— Вы не надта старанны вучань, Ўінстан, — ласкава сказаў О'Браэн.

— А што я магу зрабіць? — зарумзаў ён. — Што ж я магу зрабіць, калі я так бачу? Двойчы два — чатыры.

— Не заўсёды, Ўінстан. Часам бывае пяць. А часам тры. А часам усё адразу. Трэба спрабаваць настойлівей. Не так проста вылечыць розум.

Ён паклаў Ўінстана на ложак. Цела зноў знерухомела, але боль адступіў і дрыготка сунялася, засталіся толькі слабасць і холад. О'Браэн даў знак галавой чалавеку ў белым халаце, які дагэтуль стаяў нерухома і чакаў. Той схіліўся над Ўінстанам, зазірнуў яму ў вочы, памацаў пульс, прыклаў вуха да грудзей, пастукаў сям-там пальцам і кіўнуў О'Браэну.

— Яшчэ, — сказаў О'Браэн.

Боль напоўніў Ўінстанава цела. Стрэлка паказвала, напэўна, семдзесят ці семдзесят пяць. Гэтым разам ён заплюшчыў вочы. Ён ведаў, што пальцы ўсё яшчэ там, іх усё яшчэ чатыры. Цяпер галоўным было неяк выжыць, пакуль не мінецца прыступ болю. Ён ужо не заўважаў, крычыць ён ці не. Боль зноў прыціх. Ён расплюшчыў вочы. О'Браэн адцягнуў рычаг назад.

— Колькі пальцаў, Ўінстан?

— Чатыры. Мне здаецца, што чатыры. Калі б я мог, я б убачыў пяць. Я паспрабую ўбачыць пяць.

— Што вы хочаце: пераканаць мяне, што бачыце пяць або сапраўды іх убачыць?

— Сапраўды іх убачыць.

— Яшчэ, — сказаў О'Браэн.

Стрэлка была цяпер, напэўна, на васьмідзесяці — дзевяноста. Цяпер Ўінстан ужо не памятаў, адкуль ідзе боль. За яго сціснутымі павекамі цэлы лес пальцаў рухаўся нібы ў нейкім танцы, калыхаючыся з боку ў бок, хаваючыся адзін за адзін і зноў паяўляючыся. Ён спрабаваў палічыць іх, але не мог прыгадаць нашто. Ён ведаў толькі, што іх немагчыма палічыць і што гэта звязана з нейкай таямнічай еднасцю паміж чатырма і пяццю. Боль зноў трохі суціх. Калі ён расплюшчыў вочы, перад ім па-ранейшаму стаяла тое самае мроіва: незлічоныя пальцы, як жывыя дрэвы, мітусліва рухаліся ва ўсе бакі, скрыжоўваючыся і разыходзячыся. Ён зноў заплюшчыў вочы.

— Колькі я трымаю пальцаў, Ўінстан?

— Не ведаю. Не ведаю. Я памру, калі вы зноў уключыце ток. Чатыры, пяць, шэсць — слова гонару, я не ведаю.

— Так ужо лепей, — сказаў О'Браэн.

У руку Ўінстану ўтыкнулася іголка. Амаль у той самы момант шчасная, гаючая цеплыня разлілася па ўсім яго целе. Боль быў ужо напалову забыты. Ён расплюшчыў вочы і ўдзячна паглядзеў на О'Браэна. Убачыўшы цяжкі, маршчыністы твар, такі брыдкі і такі разумны, ён адчуў, як яго сэрца растае. Калі б ён мог паварушыцца, ён выцягнуў бы руку і паклаў яе на руку О'Браэну. Ён ніколі не любіў яго так глыбока, як цяпер, і не проста таму, што ён спыніў пакуты. Да яго вярнулася старое пачуццё, што, па сутнасці, не мае ніякага значэння, сябар яму О'Браэн або вораг. О'Браэн быў чалавекам, з якім можна пагаварыць. Можа, не так важна, каб цябе любілі, а каб цябе разумелі. О'Браэн ледзь не закатаваў яго да вар'яцтва, а яшчэ трошкі, і ён напэўна аддаў бы яго смерці. Але гэта было не так істотна. У нейкім сэнсе яны былі больш чым сябры, іх лучыла таямнічая блізкасць: недзе было месца, хоць яго, можа, і нельга было назваць сваім імем, дзе яны маглі сустрэцца і пагаварыць. О'Браэн глядзеў на яго зверху, і выраз яго твару казаў, што і ён цяпер, можа, думае пра тое самае. Гаварыў ён спакойна і проста.

— Ці вы ведаеце, дзе вы, Ўінстан? — спытаўся ён.

— Не ведаю. Напэўна, у Міністэрстве Любові.

— Ці ведаеце вы, колькі часу вы тут ужо знаходзіцеся?

— Не ведаю. Дні, тыдні, месяцы — думаю, што месяцы.

— А як вы думаеце, чаму мы прывозім сюды людзей?

— Каб змусіць іх прызнацца.

— Не, не таму. Паспрабуйце яшчэ.

— Каб пакараць іх.

— Не! — закрычаў О'Браэн. Голас ягоны незвычайна змяніўся, і твар яго раптам зрабіўся суровы і ўзрушаны. — Не! Не проста, каб дамагчыся прызнанняў, каб пакараць вас. Сказаць вам, чаму мы прывозім вас сюды? Каб вылечыць вас! Каб вылечыць ваш розум! Зразумейце, Ўінстан, што з усіх тых, каго мы сюды прывозім, ніхто не выходзіць адсюль нявылечаны. Нас не цікавяць тыя ідыёцкія злачынствы, што вы ўчынілі. Партыю не цікавіць відавочнае злачыннае дзеянне, нас хвалююць толькі думкі. Мы не проста знішчаем нашых ворагаў, мы пераменьваем іх. Разумееце вы, што гэта значыць?

Ён схіліўся над Ўінстанам. З-за блізкасці ягоны твар здаваўся вялізным і невыносна брыдкім. Да таго ж ён быў шалёна ўзрушаны. У Ўінстана зноў сціснулася сэрца. Калі б ён толькі мог, ён бы ўціснуўся глыбей у ложак. Ён быў упэўнены, што О'Браэн зараз крутне рычаг проста так, апанаваны ўзрушэннем. Аднак у гэты момант О'Браэн адвярнуўся. Ён трохі пахадзіў сюды-туды. Пасля працягваў ужо спакайнейшым тонам:

— Першае, што вам неабходна зразумець: тут у нас няма пакутнікаў. Вы чыталі пра рэлігійныя пераследаванні ў мінулым. У Сярэднявеччы была інквізіцыя. Няўдалая задума. Яна мерылася выкараніць ерась, а на справе толькі ўзмоцніла яе. Замест кожнага адшчапенца, спаленага ля слупа, паўставалі тысячы новых. Чаму? Таму што інквізіцыя забівала сваіх ворагаў прылюдна, забівала тым часам, як яны не раскайваліся; якраз таму і забівала, што яны не раскайваліся. Людзі паміралі, бо не хацелі адмовіцца ад сваёй сапраўднай веры. Вядома ж, уся слава належала ахвярам, а ўся ганьба — інквізітару, які іх паліў. Пазней, у дваццатым стагоддзі, былі гэтак званыя таталітарысты. Я маю на ўвазе нямецкіх нацыстаў і расейскіх камуністаў. Расейцы вынішчалі адшчапенства яшчэ больш люта, чым гэта рабіла інквізіцыя. Яны былі ўпэўненыя, што памылкі мінулага іх нечаму навучылі; ва ўсялякім разе, яны ведалі, што нельга рабіць з ворагаў пакутнікаў. Перш чым выстаўляць свае ахвяры на публічны суд, яны свядома займаліся знішчэннем іх годнасці. Яны змагалі іх катаваннямі і адзінотай, пакуль не ператваралі ў мізэрных папаўзлівых небарак, якія прызнаваліся ва ўсім, што ім толькі ні казалі, абсыпаючы сябе праклёнамі, вінавацячы ўсіх і хаваючыся за чужыя спіны, енчачы аб літасці. Але прайшло некалькі гадоў, і зноў паўтарылася тое самае. Мёртвыя сталіся пакутнікамі, а пра іх ганьбу ўсе забыліся. І зноў, чаму так адбылося? Па-першае, таму што прызнанні вырвалі ў іх гвалтам і яны былі відавочнай няпраўдай. Мы такіх памылак не робім. Усе прызнанні, што гучаць тут — чыстая праўда. Мы робім іх праўдай. Але галоўнае ў тым, што мы не дазваляем мёртвым паўставаць супраць нас. Кіньце думаць, што нашчадкі вас апраўдаюць, Ўінстан. Нашчадкі ніколі пра вас не пачуюць. Вы знікнеце з плыні гісторыі. Мы ператворым вас у газ і выпарым у стратасферу. Ад вас не застанецца нічога; ні імя ў спісе, ні ўспамінаў у жывой свядомасці. Вы знікнеце з мінуўшчыны гэтаксама, як і з будучыні. Будзе так, нібы вы ніколі не існавалі.

«Дык нашто ж тады катаваць мяне?» — падумаў Ўінстан з горыччу. О'Браэн зразумеў Ўінстана, быццам той выказаў сваю думку ўголас. Яго вялікі брыдкі твар наблізіўся, а вочы трошкі звузіліся.

— Вы думаеце, — сказаў ён, — што калі мы збіраемся знішчыць вас дарэшты, а значыць усё, што б вы ні казалі ці рабілі, не мае ніякага значэння, — дык нашто ж мы губляем столькі часу і сілы, каб вас дапытваць? Вы пра гэта думалі, праўда?

— Так, — згадзіўся Ўінстан.

О'Браэн усміхнуўся.

— Вы — парушына ў воку, Ўінстан. Вы — пляма, якую трэба сцерці. Ці ж я не казаў вам толькі што: мы не такія, як пераследнікі мінулых часоў. Нас не задавальняе негатыўнае падпарадкаванне і нават на ўсё гатовая паслухмянасць. Калі ўрэшце вы здасцёся, дык толькі з свае волі. Мы знішчаем ерэтыка не таму, што ён супраціўляецца; наадварот, пакуль ён супраціўляецца, мы ніколі яго не знішчым. Мы павернем яго, мы заняволім яго розум, мы пераборам яго. Мы выпалім з яго ўсё ліха і ўсю аблуду; мы перацягнем яго на наш бок, не ўяўна, а папраўдзе, сэрцам і душою. Мы зробім яго адным з нас, перш чым заб'ём яго. Мы не можам дапусціць, каб недзе ў свеце існавала памылковая думка, якая б патаемная і слабая яна ні была. Нават у хвіліну смерці мы не можам дазволіць ніякага адступлення. У старыя часы ерэтык ішоў да слупа, застаючыся ерэтыком, абвяшчаючы сваю ерась, трыумфуючы ў ёй. Нават ахвяры расейскіх чыстак маглі хаваць свой бунт пад чэрапам, калі іх выводзілі па калідоры на расстрэл. А мы робім мазгі дасканалымі, перш чым выбіць іх з галавы. Загад старога дэспатызму гучаў: «Ты не павінен». Загад таталітарызму быў «Ты павінен». Наш загад — «Ты ёсць». Ніхто з тых, каго мы прывозім сюды, не паўстае супраць нас. Мы ўсіх адмываем начыста. Нават тых трох няшчасных здраднікаў, у чыю бязвіннасць вы некалі верылі — Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда — мы ўрэшце зламалі. Я сам браў удзел у допытах. Я бачыў, як яны паступова саступалі, як яны раскісалі, поўзалі, па падлозе, плакалі — і не ад болю і страху, а ад раскаяння. Калі мы ўжо канчалі з імі працаваць, ад іх заставаліся толькі чалавечыя абалонкі. У іх нічога болей не засталося, апроч шкадавання аб тым, што яны зрабілі, і любові да Вялікага Брата. Было проста міла глядзець, як яны яго любілі. Яны прасілі, каб іх хутчэй расстралялі, каб яны паспелі памерці з чыстым розумам.

Голас ягоны гучаў амаль задуменна. Узрушанасць і вар'яцкае захапленне ўсё яшчэ не сыходзілі з твару. Ён не прыкідваецца, падумаў Ўінстан; ён не крывіць душою; ён верыць у кожнае сваё слова. Але найболей яго прыгнятала ўсведамленне сваёй інтэлектуальнай непаўнацэннасці. Ён глядзеў на гэтую цяжкую, але ўсё ж прыгожую постаць, што рухалася сюды-туды па пакоі, то паказваючыся, то хаваючыся ад Ўінстанавых вачэй. О'Браэн быў ва ўсіх адносінах істотаю больш дасканалай, чым ён. Не было такой думкі, якой бы Ўінстан не падумаў або мог падумаць, каб О'Браэн даўно ўжо яе не ведаў, не абдумаў і не адкінуў. У яго розум уваходзіў і розум Ўінстана. Але ў гэткім разе як магло быць праўдай, што О'Браэн — вар'ят? Не, вар'ят, мусіць, ён сам, Ўінстан. О'Браэн спыніўся і паглядзеў на яго. Голас у яго зноў спаважнеў.

— Толькі не спадзявайцеся, што вы ўратуецеся, Ўінстан, як бы канчаткова вы нам ні здаліся. Нікому з тых, хто збіўся на аблудны шлях, не ўдаецца выжыць. І нават калі мы вырашым дазволіць вам дажыць да вашай натуральнай смерці, усё роўна вы ад нас не схаваецеся. Тое, што адбываецца з вамі тут, — гэта назаўсёды. Зразумейце гэта адразу. Мы зламаем вас настолькі, што звароту назад ужо не будзе. З вамі адбудзецца тое, ад чаго вы ніколі не акрыяеце, нават калі пражывяцё яшчэ тысячу гадоў. Вы ўжо ніколі не будзеце здольныя адчуваць звычайныя чалавечыя пачуцці. Усё ў вас памрэ. Вы ўжо ніколі не будзеце здольныя кахаць, сябраваць, радавацца жыццю, смяяцца, цікавіцца, быць смелым і сумленным. Вы будзеце пусткай. Мы выціснем з вас усё і напоўнім вас намі самімі.

Ён спыніўся і даў знак чалавеку ў белым халаце. Ўінстан адчуў, як нейкі цяжкі апарат падкацілі ззаду да галавы. О'Браэн сеў побач з. ложкам, і яго твар быў цяпер на адным узроўні з Ўінстанавым.

— Тры тысячы, — сказаў ён праз галаву Ўінстана чалавеку ў белым халаце.

Дзве мяккія, трохі вільготныя падушачкі прыціснуліся да Ўінстанавых скроняў. Ён спалохаўся. Зараз зноў з'явіцца боль, нейкі новы, невядомы боль. О'Браэн супакойліва, амаль добразычліва паклаў сваю руку на Ўінстанаву.

— Гэтым разам балець не будзе, — сказаў ён. — Глядзіце ўважліва на мяне.

У гэты момант адбыўся спусташальны выбух ці нешта падобнае да выбуху, хоць і не было ясна, ці пачуўся пры гэтым нейкі гук. Прынамсі, без ніякага сумнення, асляпляльна бліснула святло. Ўінстану нічога не балела, але ён быў цалкам зняможаны. І хоць ён ужо і так ляжаў на спіне, калі гэта адбылося, у яго было дзіўнае пачуццё, што яго збілі з ног. Яго зваліў нейкі жахлівы бязбольны ўдар. І яшчэ нешта адбылося ў яго галаве. Калі да яго вярнуўся зрок, ён прыгадаў, хто ён такі і дзе ён, ён пазнаў твар, што быў перад ім; але недзе зеўрала пустка, быццам яму выразалі частку мозга.

— Гэта ненадоўга, — сказаў О'Браэн. — Глядзіце мне ў вочы. З якой краінай ваюе Акіянія?

Ўінстан падумаў. Ён ведаў, што такое Акіянія і што сам ён — грамадзянін Акіяніі. Ён памятаў таксама пра Эўразію і Ўсходазію. Але хто з кім цяпер ваяваў, ён не ведаў. Па праўдзе кажучы, ён і не заўважаў, што ідзе нейкая вайна.

— Я не памятаю.

— Акіянія ваюе з Усходазіяй. Цяпер вы памятаеце?

— Так.

— Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Ад пачатку вашага жыцця, ад пачатку існавання Партыі, ад пачатку гісторыі гэтая вайна цягнулася няспынна, і гэта была заўсёды тая самая вайна. Памятаеце?

— Так.

— Адзінаццаць гадоў таму вы прыдумалі легенду пра трох людзей, асуджаных на смерць за здраду. Вы сцвярджалі, што бачылі кавалак паперы, які нібыта сведчыў, што яны невінаватыя. Такога кавалка паперы не існавала. Вы прыдумалі яго, а пасля самі ва ўсё паверылі. Цяпер вы памятаеце той самы момант, калі вы ўпершыню гэта ўсё прыдумалі. Памятаеце?

— Так.

— Толькі што я паказаў вам пальцы на руцэ. Вы бачылі пяць пальцаў. Памятаеце?

— Так.

О'Браэн падняў левую руку, схаваў вялікі палец і выставіў астатнія.

— Тут пяць пальцаў. Бачыце пяць пальцаў?

— Так.

І ён сапраўды бачыў іх нейкі няўлоўны момант, пакуль вобразы ў яго свядомасці не змяніліся на іншыя. Ён бачыў пяць пальцаў, і гэта была не памылка. Пасля зноў усё навокал сталася нармальным, і тады стары страх, нянавісць і замяшанне зноў вярнуліся да яго. Але да гэтага быў момант — ён не ведаў, колькі ён цягнуўся, можа, паўхвіліны, — прамяністай яснасці, калі кожнае новае слова О'Браэна запаўняла пустку ў свядомасці і рабілася абсалютнай ісцінай, калі двойчы два магло з лёгкасцю раўняцца і тром, і пяці, калі гэта неабходна. Гэтае адчуванне знікла яшчэ перад тым, як О'Браэн апусціў руку; і хоць ён не мог вярнуць яго, ён мог пра яго памятаць, як нехта памятае пра нейкі цікавы выпадак з далёкага перыяду свайго жыцця, калі ён і сапраўды быў зусім іншым.

— Цяпер вы бачыце, — сказаў О'Браэн, — што, ва ўсялякім разе, гэта магчыма.

— Так, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн устаў задаволены. Злева за яго спінай Ўінстан убачыў, як чалавек у белым халаце абламаў ампулу і набраў яе змесціва ў шпрыц. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана і ўсміхнуўся. І амаль як некалі, ён паправіў акуляры на носе.

— Памятаеце, як аднойчы вы напісалі ў вашым дзённіку, — сказаў ён, — што не істотна, сябар я вам або вораг, бо я чалавек, які, прынамсі, вас разумее і з якім можна пагаварыць? Вы мелі рацыю. Я люблю гаварыць з вамі. Ваш розум мяне цікавіць. Ён падобны да майго розуму, з той толькі розніцай, што ваш — нездаровы. Перш чым скончыцца сеанс, вы можаце задаць мне некалькі пытанняў, калі хочаце.

— Любыя пытанні?

— Любыя, — ён убачыў, што Ўінстан глядзіць на шкалу. — Прыбор выключаны. Ваша першае пытанне?

— Што вы зрабілі з Джуліяй?

О'Браэн зноў усміхнуўся.

— Яна здрадзіла вам, Ўінстан. Адразу, не чакаючы. Я рэдка бачыў, каб нехта пераходзіў на наш бок так хутка. Вы наўрад ці пазналі б яе, калі б пабачылі. Уся яе бунтоўнасць, уся хітрасць і безразважнасць, уся непрыстойнасць — усё было ўмомант выпалена з яе. Гэта было дасканалае наверненне, хрэстаматыйны выпадак.

— Вы катавалі яе?

О'Браэн не адказаў.

— Наступнае пытанне, — сказаў ён.

— Ці існуе Вялікі Брат?

— Вядома ж, ён існуе. Партыя існуе, Вялікі Брат — увасабленне Партыі.

— Ці існуе ён гэтаксама, як існую я?

— Вы не існуеце, — адказаў О'Браэн.

І зноў яго агарнула пачуццё бездапаможнасці. Ён ведаў або мог сабе ўявіць усе аргументы, што даводзілі яго няіснасць, але яны былі бяссэнсіцай, гульнёй слоў. Ці не змяшчала ў сабе сцверджанне «Вы не існуеце» лагічнай абсурднасці? Але што было пра гэта гаварыць. Яго мозг сціснуўся ад адной думкі пра тыя неаспрэчныя, вар'яцкія аргументы, якімі О'Браэн раздушыць яго.

— Я думаю, што я існую, — стомлена сказаў ён. — Я ўпэўнены ў сваёй сапраўднасці. Я нарадзіўся, і я памру. У мяне ёсць рукі і ногі. Я займаю пэўнае месца ў прасторы. Ніводнае іншае цвёрдае цела не можа адначасова займаць тое самае месца. Ці існуе Вялікі Брат у гэтым сэнсе?

— Усё гэта не так важна. Ён існуе.

— Ці можа Вялікі Брат калі-небудзь памерці?

— Вядома ж, не. Як жа ён можа памерці? Наступнае пытанне.

— Ці існуе Братэрства?

— Пра гэта, Ўінстан, вы не даведаецеся ніколі. Калі, скончыўшы з вамі працаваць, мы вырашым вас вызваліць і калі вы дажывяцё да дзевяноста гадоў, вы ўсё роўна ніколі не будзеце ведаць адказу на гэтае пытанне. Пакуль вы жывы, гэта застанецца ў вашай свядомасці неразгаданай загадкай.

Ўінстан ляжаў моўчкі. Яго дыханне пачасцілася. Ён усё яшчэ не мог задаць пытанне, якое першае прыйшло яму ў галаву. Ён мусіў спытацца, але язык адмаўляўся вымавіць гэтае пытанне. Твар О'Браэна засвяціўся задавальненнем. Здавалася, што нават яго акуляры іранічна бліснулі. «Ён ведае, — раптам падумаў Ўінстан, — ён ведае, пра што я збіраюся запытацца!» Пры гэтай думцы словы самі вырваліся ў яго з вуснаў:

— Што адбываецца ў Пакоі 101?

Выраз твару О'Браэна не змяніўся. Ён суха адказаў:

— Вы ведаеце, што адбываецца ў Пакоі 101, Ўінстан. Усе ведаюць, што адбываецца ў Пакоі 101.

Ён зрабіў знак пальцам чалавеку ў белым халаце. Відаць, сеанс скончыўся. Іголка ўтыркнулася ў руку Ўінстану. І амаль адразу ён патануў у глыбокім сне.

3

— Вашае лячэнне будзе складацца з трох стадый, — сказаў О'Браэн. — А менавіта: павучанне, зразуменне, прыняцце. Цяпер якраз настаў час перайсці да другой стадыі.

Як заўсёды, Ўінстан ляжаў на спіне. Але апошнім часам яго прывязвалі слабей. Ён усё яшчэ быў прымацаваны да ложка, але мог ужо варушыць каленямі і паварочваць галаву, а таксама трошкі прыўзнімаць рукі ў локцях. Шкала таксама была ўжо не такая страшная. Ён ужо мог пазбегнуць болю, калі быў дастаткова кемлівы: звычайна О'Браэн націскаў на рычаг, калі Ўінстан выяўляў неразумнасць. Часам яны за ўвесь сеанс ні разу не ўжывалі страшнай прылады. Ён не памятаў, колькі ўсяго ўжо было сеансаў. Увесь працэс расцягнуўся на доўгі, бясконцы час — цэлыя тыдні — а перапынкі паміж сеансамі складалі часам некалькі дзён, а часам адну-дзве гадзіны.

— За час, што вы лежыцё тут, — сказаў О'Браэн, — вы часта задумваліся — вы нават пыталіся ў мяне пра гэта — чаму Міністэрства Любові траціць на вас столькі часу і клопатаў. Дый калі вы былі на свабодзе, вас займала амаль тое самае пытанне. Вы маглі зразумець механізм грамадства, у якім вы жылі, але не маглі зразумець яго матываў. Памятаеце, як вы напісалі ў дзённіку: «Я разумею як, я не разумею чаму»? Якраз калі вы думалі пра «чаму», вы сумняваліся, ці ўсё ў парадку з вашым розумам. Вы чыталі Кнігу, кнігу Гольдштэйна ці, прынамсі, часткі з яе. Ці знайшлі вы там штосьці, пра што не ведалі дагэтуль?

— А вы чыталі яе? — спытаўся Ўінстан.

— Я напісаў яе. Дакладней кажучы, удзельнічаў у яе напісанні. Вы ж ведаеце, ніводная кніга не пішацца адным чалавекам.

— Ці праўда тое, што там напісана?

— Само апісанне — так. А праграма, якая там выкладзена, — чыстая бязглуздзіца. Патаемнае назапашванне ведаў — паступовае пашырэнне асветы — урэшце, пралетарскае паўстанне — звяржэнне ўлады Партыі. Вы самі маглі прадбачыць, пра што там будзе напісана. Усё гэта бязглуздзіца. Пралетарыі ніколі не паўстануць, ні праз тысячу гадоў, ні праз мільён. Яны не могуць. І мне не трэба казаць вам прычыну — вы яе ўжо ведаеце. А калі вы яшчэ песціце надзеі на бурнае паўстанне, дык пакіньце іх. Партыю ніяк нельга звергнуць. Партыя будзе панаваць вечна. Прыміце гэта зыходным пунктам сваіх разважанняў.

Ён падышоў бліжэй да ложка.

— Вечна! — паўтарыў ён. — А цяпер вернемся да пытання пра «як» і «чаму». Вы даволі добра разумееце, як Партыя ўтрымлівае ўладу. Цяпер скажыце мне, чаму мы трымаемся за ўладу. Чым мы кіруемся? Чаму мы жадаем улады? Ну давайце, кажыце, — дадаў ён, бо Ўінстан маўчаў.

Аднак Ўінстан не спяшаўся з адказам. Яго ахапіла пачуццё страшэннай стомы. Ледзь заўважны прамень вар'яцкай радасці зноў бліснуў на твары О'Браэна. Ён загадзя ведаў, што скажа О'Браэн. Што Партыя дамагаецца ўлады не дзеля сваіх мэтаў, а дзеля агульнага дабрабыту. Што яна дамагалася ўлады, бо людзі ў цэлым — кволыя баязлівыя стварэнні, якія не выносяць свабоды і не могуць глядзець у вочы праўдзе, і таму іншыя, мацнейшыя за іх, павінны імі кіраваць і сістэматычна іх падманваць. Што чалавецтва стаяла перад выбарам паміж свабодай і шчасцем і што для большасці чалавецтва шчасце было важнейшым. Што Партыя была адвечным абаронцам слабых, утаямнічанай сектай, якая чыніць злое, каб з яго выйшла добрае, ахвяруючы сваё шчасце дзеля шчасця іншых. Самым жахлівым, думаў Ўінстан, было тое, што, калі О'Браэн скажа гэта, ён гэтаму паверыць. Гэта было напісана ў яго на твары. О'Браэн ведаў усё. У тысячу разоў лепш за Ўінстана ён ведаў, што ўяўляе сабой навакольны свет, у якім убостве жывуць велізарныя масы чалавечых істот і якой хлуснёй і зверствамі Партыя ўтрымлівае іх у гэтым убостве. Ён усё гэта зразумеў, усё ўзважыў, усё гэта было не істотна: усё апраўдвалася канчатковай мэтай. Што ж ты зробіш, думаў Ўінстан, з гэтым вар'ятам, які разумнейшы за цябе, які спакойна выслухоўвае твае аргументы і зноў упарціцца ў сваім вар'яцтве?

— Вы кіруеце намі дзеля нашай карысці, — ледзь чутна вымавіў ён. — Вы лічыце, што людзі не могуць кіраваць самі сабой, і таму...

Ён здрыгануўся і ледзь не закрычаў. Страшны боль скалануў усё цела. О'Браэн падняў стрэлку да трыццаці пяці.

— Вы кажаце глупства, Ўінстан, глупства! — сказаў ён. — Маглі б прыдумаць што-небудзь разумнейшае.

Ён адпусціў рычаг і працягваў:

— А зараз я скажу вам адказ на маё пытанне. Вось ён. Партыя дамагаецца ўлады выключна дзеля сваіх уласных інтарэсаў. Нас не цікавіць дабрабыт іншых; нас цікавіць толькі ўлада. Не здароўе, не багацце, не доўгае жыццё, не шчасце — толькі ўлада, чыстая ўлада. Што значыць чыстая ўлада, вы зараз зразумееце. Мы адрозніваемся ад усіх алігархій мінулых часоў тым, што мы ведаем, што мы робім. Усе іншыя, нават тыя, што былі падобныя да нас, былі баязлівыя і крывадушныя. Нямецкія нацысты і камуністы ў Расеі падышлі блізка да нас у сваіх метадах, але ў іх ніколі не было мужнасці прызнацца ў сваіх матывах. Яны рабілі выгляд, а можа, нават і верылі, што яны захапілі ўладу вымушана і на нядоўгі час і што недзе зусім блізка чакае зямны рай, дзе ўсе людзі будуць роўныя і свабодныя. Мы не такія. Мы ведаем, што ніхто ніколі не захоплівае ўладу, каб пасля ад яе адмовіцца. Улада — гэта не сродак, улада — мэта. Дыктатура ўсталёўваецца не на тое, каб адстаяць заваёвы рэвалюцыі; наадварот, рэвалюцыя робіцца на тое, каб усталяваць дыктатуру. Мэта пераследавання — пераследаванне. Мэта катавання — катаванне. Мэта ўлады — улада. Цяпер вы пачынаеце мяне разумець?

Ўінстана ўразіла, як уражвала яго і раней, стомленасць твару О'Браэна. Ён быў рашучы, мускулісты і жорсткі, ён быў поўны разумнасці і нейкай стрыманай страснасці, перад якой Ўінстан адчуваў сябе бездапаможным; але ён быў стомлены. Былі мяшкі пад вачмі, скура на шчаках абвісла. О'Браэн схіліўся над ім, наўмысна наблізіўшы твар.

— Вы думаеце, — сказаў ён, — што мой твар стары і стомлены. Вы думаеце, што я гавару пра ўладу, а сам не магу прадухіліць старэнне свайго арганізма. Няўжо вам не зразумела, Ўінстан, што чалавек — гэта толькі клетачка? У стомленасці клетачкі хаваецца сіла арганізма. Не паміраеце ж вы, калі абстрыгаеце сабе пазногці?

Ён павярнуўся ад ложка і зноў пачаў хадзіць сюды-туды, засунуўшы адну руку ў кішэню.

— Мы — святары ўлады, — сказаў ён. — Наш бог — улада. Але пакуль што ўлада — гэта толькі слова, наколькі гэта вас датычыць. Настаў час, каб вы хоць трошкі ўявілі сабе, што значыць улада. Першае, што вы павінны зразумець, — улада заўсёды калектыўная. Індывід мае ўладу толькі тады, калі ён перастае быць індывідам. Вы ведаеце партыйны лозунг: «Свабода — гэта рабства». Ці прыходзіла вам калі ў галаву, што гэты лозунг можна перавярнуць? Рабства — гэта свабода. Адзін — свабодны — чалавек заўсёды церпіць паражэнне. Так павінна быць, бо кожнаму чалавеку наканавана памерці, а смерць — найбольшае з усіх паражэнняў. Але калі ён поўнасцю, дарэшты падпарадкуецца, калі ён уцячэ ад сваёй асабовасці, калі ён здолее зліцца з Партыяй так, што сам станецца Партыяй, тады ён будзе ўсемагутны і бессмяротны. Другое, што вы павінны зразумець: улада — гэта ўлада над людзьмі. Над целам, а галоўнае — над розумам. Улада над матэрыяй — знешняй рэчаіснасцю, як бы вы яе назвалі, — не мае значэння. Наш кантроль над матэрыяй ужо і так абсалютны.

На хвіліну Ўінстан забыўся пра шкалу. Ён зрабіў адчайнае намаганне, каб сесці, але толькі балюча звярэдзіўся.

— Але як вы можаце кантраляваць матэрыю? — выбухнуў ён. — Вам непадуладныя нават надвор'е ці закон прыцягнення. А яшчэ ж ёсць хваробы, боль, смерць...

О'Браэн супакоіў яго рухам рукі.

— Мы кантралюем матэрыю, бо мы кантралюем розум. Рэчаіснасць існуе ў галаве. Паступова вы пераканаецеся, Ўінстан. Мы можам усё. Нябачнасць, левітацыя — усё. Я мог бы ўзняцца ў паветра над падлогай, як мыльная бурбалка, калі б захацеў. Але я не хачу, бо Партыя гэтага не хоча. Вы мусіце пазбавіцца гэтых ідэй дзевятнаццатага стагоддзя пра законы прыроды. Мы самі ўсталёўваем законы прыроды.

— Не! Вы нават не гаспадары на гэтай планеце. Што вы скажаце пра Эўразію і Ўсходазію? Вы ж іх яшчэ не зваявалі.

— Не істотна. Мы зваюем іх, калі нам будзе трэба. А калі не, дык што ж з таго? Мы можам зрабіць так, што яны не будуць існаваць. Акіянія — гэта свет.

— Але ж сам свет — гэта толькі драбочак пылу. А чалавек — мізэрны і бездапаможны! Ці даўно існуюць людзі? Мільёны гадоў Зямля была незаселеная.

— Лухта. Зямля не старэйшая за нас. Як яна можа быць старэйшая? Усё існуе толькі праз чалавечую свядомасць.

— Але ж у скалах знаходзяць безліч костак вымерлых жывёлін — мамантаў, і мастадонтаў, і вялізных рэптылій, якія ўжо даўно існавалі, тады, калі пра чалавека было яшчэ і не чуваць.

— Ці бачылі вы калі тыя косткі, Ўінстан? Вядома ж, не. Іх прыдумалі біёлагі дзевятнаццатага стагоддзя. Да чалавека не было нічога. Пасля чалавека, калі яму прыйдзе канец, таксама не будзе нічога. Няма нічога па-за чалавекам.

— Але па-за намі цэлы сусвет. Паглядзіце на зоркі! Некаторыя з іх аддалены на мільёны светлавых гадоў ад нас. Яны назаўсёды недасягальныя для нас.

— Што такое зоркі? — безуважна сказаў О'Браэн. — Агеньчыкі за пару кіламетраў ад нас. Мы маглі б іх дастаць, калі б захацелі. Або маглі б проста знішчыць. Зямля — цэнтр сусвету. Сонца і зоркі абарачаюцца вакол яе.

Ўінстан зноў пакутліва таргануўся. Гэтым разам ён нічога не сказаў. О'Браэн працягваў, быццам адказваючы на выказанае пярэчанне.

— У некаторых выпадках, вядома ж, гэта не так. Калі мы плаваем у акіяне або калі прадказваем зацьменне, мы лічым дарэчным дапусціць, што Зямля абарачаецца вакол сонца і што зоркі знаходзяцца за мільён кіламетраў ад нас. Ну і што з таго? Вы думаеце, што мы не можам выпрацаваць дуалістычную сістэму ў астраноміі? Зоркі могуць быць блізка або далёка, адпаведна з нашымі патрэбамі. Вы думаеце, нашыя матэматыкі на гэта не здольныя? Вы забыліся пра двухдумства?

Ўінстан зноў скурчыўся ў ложку. Што б ён ні сказаў, імгненны адказ забіваў яго нібы дубінай. І ўсё ж ён ведаў, ён ведаў, што мае рацыю. Вера ў тое, што нічога не існуе па-за свядомасцю, — напэўна можна ж неяк давесці, што гэта не так? Хіба не было ўжо даўно даказана, што гэта памылка? Гэта нават неяк называлася, ён ужо забыўся як. Ражкі вуснаў О'Браэна дрыгнулі лёгкай усмешкай, калі ён паглядзеў уніз на Ўінстана.

— Я ўжо казаў вам, Ўінстан, што вы не надта дасведчаныя ў метафізіцы. Слова, якое вы спрабуеце прыгадаць — саліпсізм. Але вы памыляецеся. Гэта не саліпсізм. Гэта, калі хочаце, калектыўны саліпсізм. А гэта ўжо зусім іншае; гэта ўжо супрацьлегласць саліпсізму. Але мы адхіліліся ад нашай тэмы, — дадаў ён ужо іншым тонам. — Сапраўдная ўлада, улада, за якую мы мусім змагацца ўдзень і ўначы — гэта ўлада не над рэчамі, а над людзьмі.

Ён спыніўся і на хвіліну зноў зрабіўся падобны да настаўніка, які апытвае здольнага вучня.

— Як чалавек выяўляе сваю ўладу над іншым чалавекам, Ўінстан?

— Ён прымушае яго пакутаваць, — падумаўшы, адказаў той.

— Слушна. Ён прымушае яго пакутаваць. Адной паслухмянасці недастаткова. Калі ён не пакутуе, як тады быць пэўным, што ён падпарадкоўваецца вашай волі, а не сваёй? Улада палягае ў тым, каб спрычыняць боль і прыніжэнне. Улада ў тым, каб разарваць розум чалавека на кавалкі і скласці іх нанова, так, як вам хочацца. Ну што, цяпер вы пачынаеце разумець, які свет мы ствараем? Гэта дакладная супрацьлегласць бязглуздым геданічным утопіям старых рэфарматараў. Гэта будзе свет страху, здрадлівасці і пакутаў, свет прыгнятальнікаў і прыгнечаных, свет, які ў працэсе ўдасканальвання будзе рабіцца не меней, а болей бязлітасным. Прагрэс у нашым свеце будзе прагрэсам да большых пакут. Старыя цывілізацыі абвяшчалі, што яны засноўваюцца на любові і справядлівасці. Наша будзе заснавана на нянавісці. У нашым свеце не будзе іншых пачуццяў, акрамя страху, лютасці, злараднасці і самапрыніжэння. Усё астатняе мы знішчым — усё. Мы ўжо цяпер знішчаем разумовыя звычкі, што засталіся з дарэвалюцыйных часоў. Мы абарвалі сувязі паміж бацькамі і дзецьмі, паміж чалавекам і чалавекам, паміж мужчынам і жанчынай. Ніхто ўжо болей не наважваецца даверыцца жонцы, дзіцяці або сябру. Але ў будучыні не будзе ні жонак, ні сяброў. Дзеці будуць адлучацца ад маці адразу па нараджэнні, як яйкі, што забіраюцца ў курэй. Палавы інстынкт будзе выкаранены. Апладненне станецца штогадовай фармальнасцю, як рэгістрацыя прадуктовай карткі. Мы адменім аргазм. Нашы неўролагі ўжо цяпер працуюць над гэтым. Не будзе болей вернасці, апроч вернасці Партыі. Не будзе болей любові, апроч любові да Вялікага Брата. Не будзе болей смеху, апроч злараднага смеху з пераможанага ворага. Не будзе болей ні мастацтва, ні літаратуры, ні навукі. Калі мы зробімся ўсемагутнымі, нам болей не спатрэбіцца навука. Не будзе болей адрозненняў паміж прыгожым і брыдкім. Не будзе болей дапытлівасці, не будзе радасці жыцця. Але заўсёды — не забывайцеся, Ўінстан — заўсёды будзе ап'яненне ўладай, яно будзе ўвесь час расці і рабіцца ўсё болей вытанчаным. Заўсёды, у кожную хвіліну, будзе ап'яненне перамогай, радасць дратавання бездапаможнага ворага. Калі хочаце абразок будучыні, уявіце сабе, як бот наступае на чалавечы твар — назаўсёды.

Ён спыніўся, быццам чакаючы, што Ўінстан нешта адкажа. Ўінстан зноў паспрабаваў скурчыцца на ложку. Ён не мог адказаць нічога. Яму здавалася, што сэрца ў яго заледзянела. О'Браэн працягваў:

— І запомніце, што гэта назаўсёды. Твар пад цяжкім ботам заўсёды. Ерэтыкоў, ворагаў грамадства — заўсёды іх можна будзе перамагаць і ганьбаваць, зноў і зноў. Усё, што вы перажылі тут, з таго часу, як трапілі нам у рукі, — усё гэта будзе працягвацца, гэта і яшчэ горшае. Сачэнне, здрады, арышты, катаванні, пакаранні, знішчэнні не спыняцца ніколі. Гэта будзе свет тэрору, гэта будзе і свет трыумфу. Чым больш усемагутнай будзе Партыя, тым менш яна будзе талерантная; чым слабейшая будзе апазіцыя, тым больш суровы будзе дэспатызм. Гольдштэйн і яго ерась будуць жыць вечна. Кожны дзень, кожную хвіліну іх будуць разбіваць, выкрываць, высмейваць, на іх будуць пляваць — і ўсё роўна яны будуць жыць вечна. Драма, што я разыгрываў з вамі на працягу сямі гадоў, будзе разыгрывацца зноў і зноў, пакаленне за пакаленнем, ва ўсё больш вытанчаных формах. Мы заўсёды будзем мець ерэтыкаў тут, у нашых руках, яны будуць крычаць ад болю, здавацца, прыніжацца — і ўрэшце, раскаяўшыся, яны, вызваленыя ад саміх сябе, самі прыпаўзуць да нашых ног. Вось які свет мы рыхтуем, Ўінстан. Свет, дзе перамога ідзе за перамогай, трыумф за трыумфам; а галоўнае — няспынна ціснуць, ціснуць, ціснуць на жылку ўлады. Я бачу, вы ўжо пачынаеце разумець, які гэта будзе свет. Але ўрэшце вы не толькі зразумееце яго. Вы прымеце яго, прывітаеце яго, зробіцеся часткаю яго.

Ўінстан трохі апрытомнеў і мог ужо гаварыць.

— Вы не здолееце! — ледзь вымавіў ён.

— Што значыць гэта ваша заўвага, Ўінстан?

— Вы не здолееце стварыць такі свет, як вы толькі што апісалі. Гэта пустая мара. Гэта немагчыма.

— Чаму?

— Немагчыма заснаваць цывілізацыю на страху, нянавісці і жорсткасці. Такі свет не выжыве.

— Чаму?

— У ім не будзе жыццёвае сілы. Ён распадзецца. Ён заб'е сам сябе.

— Бязглуздзіца. Вам здаецца, што нянавісць знясільвае больш, чым любоў. Хіба гэта так? А калі нават і так, дык што з таго? Дапусцім, што мы будзем зношвацца хутчэй. Дапусцім, што мы паскорым тэмп жыцця так, што людзі будуць старэць ужо ў трыццаць гадоў. І зноў, што з таго? Як вы не можаце зразумець, што смерць індывіда — гэта не смерць? Партыя неўміручая.

Як звычайна, гэты голас загнаў Ўінстана ў стан бездапаможнасці. Да таго ж, ён увесь час з жахам думаў, што, калі ён будзе зацята пярэчыць, О'Браэн зноў пацягне за рычаг. І ўсё ж ён не мог маўчаць. Слаба, не маючы ніякіх аргументаў, нічога, што магло б яго падтрымаць, апроч немага жаху ад слоў О'Браэна, ён перайшоў у наступ.

— Я не ведаю — ну і напляваць. Неяк вы прайграеце. Нешта павінна перамагчы вас. Жыццё вас пераможа.

— Мы кантралюем жыццё, Ўінстан, на ўсіх яго ўзроўнях. Вам думаецца, быццам нешта, што завецца чалавечай натурай, будзе зняважана праз тое, што мы робім, і павернецца супраць нас. Але мы самі ствараем чалавечую натуру. Людзі — надзвычай падатны матэрыял. Ці, можа, вы вярнуліся да вашай старой ідэі, што пралетарыі або рабы ўзнімуцца і скінуць нас? Выкіньце гэта з галавы. Яны бездапаможныя, як жывёлы. Чалавецтва — гэта Партыя. Астатнія не маюць да справы ніякага дачынення.

— Усё роўна. Урэшце яны разаб'юць вас. Раней ці пазней яны разгледзяць, якія вы ёсць і разарвуць вас на шматкі.

— Ці можаце вы прывесці якія доказы, што гэта адбудзецца? Або прычыны, з якіх гэта мусіць адбыцца?

— Не. Я веру ў гэта. Я ведаю, што вы прайграеце. Ёсць нешта ў свеце — не ведаю што, нейкі дух, нейкі прынцып — і вам яго не перамагчы.

— Ці верыце вы ў Бога, Ўінстан?

— Не.

— Дык што гэта тады за прынцып, што пераможа нас?

— Я не ведаю. Дух Чалавечы.

— А вы лічыце сябе чалавекам?

— Так.

— Калі вы чалавек, Ўінстан, дык вы апошні чалавек. Ваш род вымер, мы вашыя нашчадкі. Вы разумееце, што вы адзін? Вы існуеце па-за гісторыяй, вы няісны, — тон голасу змяніўся, і ён гаварыў ужо больш рэзка. — І вы лічыце сябе маральна вышэйшым за нас, з нашай хлуснёй і жорсткасцю?

— Так, я лічу сябе вышэйшым.

О'Браэн не сказаў нічога. Загаварылі іншыя галасы. Праз хвіліну Ўінстан у адным з іх пазнаў свой голас. Гэта быў запіс іх размовы з О'Браэнам у той вечар, калі ён уступіў у Братэрства. Ён чуў, як ён сам абяцае хлусіць, красці, падрабляць дакументы, забіваць, спрыяць наркаманіі і прастытуцыі, распаўсюджваць венерычныя хваробы, заліць кіслатою дзіцячы твар. О'Браэн зрабіў урывісты нецярплівы рух, быццам кажучы, што не варта было і слухаць. Тады ён выключыў запіс, і галасы сціхлі.

— Устаньце з ложка, — сказаў ён.

Яго кайданы самі па сабе аслаблі. Ўінстан спусціўся на падлогу і няўпэўнена стаў на ногі.

— Вы апошні чалавек, — сказаў О'Браэн. — Вы абаронца чалавечага духу. Дык паглядзіце на сябе. Раздзеньцеся.

Ўінстан развязаў матузок, на якім трымаўся камбінезон. Замок-маланка ўжо даўно быў зламаны. Ён не памятаў, ці ён калі здымаў з сябе ўсё адразу, з таго часу, як яго арыштавалі. Пад камбінезонам цела Ўінстана было абкручана бруднымі пажоўклымі рызманамі, у якіх можна было пазнаць рэшткі сподняй бялізны. Калі ён скінуў іх, ён заўважыў, што ў дальнім канцы пакоя стаіць люстэрка на тры створкі. Ён падышоў да яго і спыніўся як укапаны. Міжвольны крык вырваўся з грудзей.

— Ну, давайце, — сказаў О'Браэн. — Станьце паміж створкамі. Паглядзіце на сябе яшчэ і збоку.

Ён спыніўся, бо напалохаўся. Яму насустрач ішло нешта сагнутае, шэрае, падобнае да шкілета. Яго цяперашні выгляд быў страшны, і не толькі таму, што ён ведаў, што гэта ён сам. Ён падышоў бліжэй да люстэрка. З-за сагнутай паставы здавалася, што твар істоты выпінае наперад. Мізэрны твар зэка з пукатым ілбом, які пераходзіў у лысы чэрап, нос кручком, вострыя скулы, а над імі — гордыя і пільныя вочы. Шчокі былі парэзаныя зморшчынамі, а рот выглядаў западзінай. Без сумнення, гэта быў яго твар, але яму здалося, што твар змяніўся болей, чым ён сам змяніўся ўнутры. Пачуцці, адбітыя на ім, былі не тыя, што ён адчуваў. Ён аблысеў. Спачатку яму здалося, што ён зрабіўся шэры, але шэрай была толькі скура на чэрапе. Усё цела ягонае, апроч далоняў і твару, было шэрае ад даўняга ўкарэлага бруду. Сям-там пад брудам чырванелі зажывы ад ран, а варыкозная язва каля костачкі на назе была вялізнай ятрыстай плямай, з якой звісалі шматкі мёртвай скуры. Але сапраўды страшнай была змарнеласць яго цела. Грудная клетка была вузкая, як у шкілета; ногі ссохлі так, што ў каленях былі шырэйшыя, чым у клубах. Цяпер ён зразумеў, што хацеў сказаць О'Браэн, калі параіў паглядзець на сябе збоку. Неверагодна скрывіўся хрыбет. Худыя плечы выпнуліся наперад так, што ўгнуліся грудзі, тонкая шыя нібы сагнулася ўдвая пад цяжарам чэрапа. Як з выгляду, дык можна было сказаць, што гэтае цела належыць чалавеку гадоў на шэсцьдзесят, які пакутуе ад нейкай страшнай хваробы.

— Часам вам здавалася, — сказаў О'Браэн, — што мой твар — твар сябры Ўнутранай Партыі — выглядае старым і змардаваным. А што вы скажаце пра свой твар?

Ён схапіў Ўінстана за плячо і павярнуў, каб той стаў да яго тварам.

— Паглядзіце, якія вы сталі! — сказаў ён. — Паглядзіце на гэтае паскудства па ўсім целе. Паглядзіце на бруд між пальцаў на нагах. Паглядзіце на гэтую агідную цякучую рану на назе. Вы ведаеце, што ад вас смярдзіць, як ад казла? Можа, вы ўжо гэтага не заўважаеце. Паглядзіце, як вы здыхлелі. Бачыце? Я магу двума пальцамі абхапіць ваш біцэпс. Я мог бы перагрызці вам шыю, як морквіну. Ці ведаеце вы, што вы страцілі дваццаць пяць кілаграмаў з таго часу, як вы ў нашых руках? Нават валасы ў вас выпадаюць пасмамі. Паглядзіце! — ён пацягнуў Ўінстана за валасы і вырваў цэлую жменю. — Раскрыйце рот. Засталося дзевяць, дзесяць... адзінаццаць зубоў. А колькі ў вас было, калі вас сюды прывезлі? Дый тыя, што засталіся, ужо выпадаюць. Глядзіце!

Ён схапіў сваімі магутнымі вялікім і ўказальным пальцамі адзін з ацалелых Ўінстанавых пярэдніх зубоў. Рэзкі боль працяў Ўінстанаву сківіцу. О'Браэн вырваў расхістаны зуб з коранем і шпурнуў яго ў канец камеры.

— Вы гніеце жыўцом, — сказаў ён, — вы развальваецеся на кавалкі. Што вы ёсць? Мех бруду. А цяпер павярніцеся і гляньце яшчэ раз у люстэрка. Бачыце вось гэта, што стаіць перад вамі? Гэта — апошні чалавек. Калі вы — чалавек, дык гэта — чалавецтва. А цяпер адзеньцеся.

Ўінстан пачаў адзявацца павольнымі няўмелымі рухамі. Дагэтуль ён, здаецца, не заўважаў, які ён быў схуднелы і слабы. Толькі адна думка круцілася ў яго ў галаве: ён прабыў тут значна болей, чым сабе ўяўляў. І тады раптам, калі ён заўважыў на сабе ўбогія лахманы, яго ахапіла пачуццё жалю за сваё зруйнаванае цела. Не паспеўшы зразумець, што ён робіць, ён зваліўся на невялічкі зэдлік, што стаяў побач з ложкам, і заліўся слязьмі. Ён разумеў, што гэта брыдка, агідна — убогі касцяк у бруднай сподняй бялізне сядзіць і румзае пад рэзкім белым святлом, — але не мог спыніцца. О'Браэн амаль прыязна паклаў яму руку на плячо.

— Гэта не будзе цягнуцца вечна, — сказаў ён. — Вы можаце вызваліцца, калі толькі захочаце. Усё залежыць ад вас.

— Гэта вы зрабілі! — хліпнуў Ўінстан. — Вы давялі мяне да гэткага стану.

— Не, Ўінстан, вы самі давялі сябе да такога. Вы пагадзіліся на гэта, калі паўсталі супраць Партыі. У гэты першы ўчынак уключалася ўсё наступнае. Не адбылося нічога, што не было б прадбачна.

Ён спыніўся, пасля працягваў далей:

— Мы білі вас, Ўінстан. Мы зламалі вас. Вы бачылі, да чаго падобнае цяпер ваша цела. Ваш розум у такім самым стане. Не думаю, што ў вас яшчэ засталося шмат колішняй ганарыстасці. Вас білі нагамі, лупцавалі бізуном, зневажалі, вы крычалі ад болю, вы качаліся па падлозе ў крыві і ванітах. Вы малілі аб літасці, вы здрадзілі ўсім і ўсяму. Ці ёсць яшчэ якая ганьба, да якой бы вы не апусціліся?

Ўінстан перастаў плакаць, хоць слёзы ўсё яшчэ каціліся па шчоках. Ён паглядзеў на О'Браэна.

— Я не здрадзіў Джуліі, — сказаў ён.

О'Браэн задумліва паглядзеў на яго.

— Так, — згадзіўся ён, — так, гэта праўда. Вы не здрадзілі Джуліі.

Асаблівая павага да О'Браэна, якую, як здавалася, нічога не магло пахіснуць, зноў напоўніла Ўінстанава сэрца. «Які ён разумны, — думалася яму, — які разумны». О'Браэн заўсёды разумеў усё, што яму ні казалі. Любы іншы адразу адказаў бы яму, што ён усё ж здрадзіў Джуліі. Бо чаго толькі яны не выціснулі з яго пад час катаванняў. Ён сказаў ім усё, што ведаў пра яе, яе звычкі, яе характар, яе мінулае жыццё; ён выдаў у самых найменшых дэталях усё, што адбывалася пад час іх сустрэч, усё, што ён казаў ёй, а яна яму, іх ежу з чорнага рынку, іх пахацімства, іх невыразныя планы змовы супраць Партыі — усё. І ўсё ж у тым сэнсе, як ён разумеў гэтае слова, ён ёй не здрадзіў. Ён не перастаў яе кахаць, яго пачуцці да яе засталіся тыя самыя. О'Браэн зразумеў, што ён хацеў сказаць, і не патрабаваў ніякіх тлумачэнняў.

— Скажыце мне, ці хутка мяне расстраляюць? — спытаўся ён.

— Можа, прыйдзецца і пачакаць, — адказаў О'Браэн. — У вас цяжкі выпадак. Але не губляйце надзеі. Усе раней ці пазней вылечваюцца. А пасля ўсяго мы вас расстраляем.

4

Яму было значна лепей. Ён дужэў і гладчэў з кожным днём, калі можна было гаварыць пра дні.

Белае святло і няспыннае гудзенне былі тыя самыя, што і раней, але камера была трошкі больш утульная за ранейшыя. На дашчаным ложку быў матрас і падушка, побач быў зэдлік, каб пасядзець. Яго адмылі і дазволілі даволі часта ўмывацца ў бляшанай умывальні. Яму нават давалі мыцца цёплай вадой. Яму выдалі новую бялізну і чысты камбінезон. Яго варыкозную язву змазалі заспакойлівай маззю. Яму вырвалі рэшткі зубоў і ўставілі новы зубны пратэз.

Прайшлі тыдні, а можа, і месяцы. Цяпер ён ужо мог бы вымяраць час, калі б гэта хоць трошкі яго цікавіла, бо яго кармілі праз рэгулярныя інтэрвалы. Ён еў, як ён мог меркаваць, тры разы на суткі; часам ён пытаўся ў сябе, калі яго кармілі — удзень ці ўначы? Ежа была надзіва смачная, праз кожныя два разы давалі мяса. А аднойчы прынеслі нават пачак цыгарэт. У яго не было запалак, але маўклівы ахоўнік, што прыносіў яму ежу, даваў яму запаліць. Калі ён першы раз паспрабаваў запаліць, яму зрабілася млосна, але ён упарта працягваў спробы і расцягнуў пачак на доўгі час, выкурваючы па паўцыгарэты кожны раз пасля ежы.

Яму далі белую дошчачку з агрызкам алоўка, прывязаным за рычажок. Спачатку ён нічога з ёй не рабіў. Нават калі ён не спаў, ён быў цалкам адключаны. Часта ён ляжаў ад аднаго кармлення да другога амаль нерухома, часам спаў, а часам блукаў у няясных мроеннях, сярод якіх расплюшчыць вочы было занадта цяжка. Ён даўно прызвычаіўся спаць са святлом, што сляпуча біла ў твар. Здавалася, гэта яму не шкодзіла, адно што сны яго зрабіліся больш звязныя. За ўвесь гэты час ён часта бачыў сны, і сны гэтыя заўсёды былі шчаслівыя. Ён быў у Залатой Краіне або сядзеў сярод велічных, урачыстых, залітых сонцам руін са сваёю маці, з Джуліяй, з О'Браэнам — і нічога не рабіў, проста сядзеў на ўгрэве і гаварыў пра нешта спакойнае. І прачнуўшыся, ён часцей за ўсё думаў пра тое, што прысніў. Здаецца, ён страціў здольнасць напружваць розум, цяпер, калі яму ўжо не пагражалі болем. Ён не нудзіўся, яму не хацелася размаўляць або забаўляцца. Проста быць аднаму, каб ніхто не біў і не дапытваў, каб давалі ўдосыць есці, дазвалялі мыцца — больш яму нічога не было патрэбна.

Паступова ён стаў меней часу траціць на сон, але ўсё яшчэ не адчуваў ніякай ахвоты ўстаць з ложка. Яму хацелася толькі ляжаць спакойна і адчуваць, як цела ўбіраецца ў сілу. Часам ён абмацваў сябе то тут, то там, каб упэўніцца, што сапраўды мускулы ў яго робяцца круглейшыя, а скура пругчэйшая. Урэшце ён без ніякіх сумненняў зазначыў, што паступова гладчэе. У клубах ён цяпер быў шырэйшы, чым у каленях. І, спачатку з цяжкасцю, Ўінстан пачаў рэгулярна рабіць фізічныя практыкаванні. Неўзабаве ён ужо мог прайсці тры кіламетры, мераючы крокам камеру, яго ўгнутыя плечы паступова выпрасталіся. Ён паспрабаваў рабіць больш складаныя практыкаванні і са здзіўленнем і сорамам заўважыў, што не ўсё ў яго атрымліваецца. Ён не мог прыспешыць хаду, ён не мог трымаць зэдлік у выцягнутай руцэ, ён не мог пастаяць на адной назе не ўпаўшы. Ён сеў на кукішкі і здолеў устаць, толькі перасіліўшы нясцерпны боль у клубах і лытках. Ён лёг на жывот і паспрабаваў прыўзняць цела на руках. Марна, ён не здолеў прыўзняцца ні на сантыметр. Але мінула яшчэ некалькі дзён — некалькі кармленняў, — і ён зрабіў гэты подзвіг. А яшчэ праз нейкі час ён ужо змог зрабіць гэта шэсць разоў запар. Ён пачаў ганарыцца сваім целам і пеставаць кволую надзею, што яго твар таксама паступова набывае нармальны выгляд. І толькі калі ён часам выпадкова дакранаўся рукой да свайго лысага чэрапа, яму прыгадваўся зморшчаны змардаваны твар, што глядзеў на яго з люстэрка.

Розум яго зрабіўся больш актыўны. Сеўшы на дашчаны ложак, прыпершыся да сцяны і паклаўшы на калені дошку, ён рашуча ўзяўся за перавыхаванне самога сябе.

Ён капітуляваў, ён сам прызнаваў гэта. У сапраўднасці, як ён цяпер бачыў, ён быў гатовы да капітуляцыі задоўга да таго, як прыняў гэтае рашэнне. Ад таго моманту, як ён трапіў у Міністэрства Любові, — і нават ужо ў тыя хвіліны, калі яны бездапаможна стаялі з Джуліяй, пакуль сталёвы голас з тэлегляда загадваў, што ім рабіць, — ён зразумеў усю легкадумнасць, дробязнасць сваёй спробы паўстаць супраць улады Партыі. Цяпер ён ведаў, што ўжо сем гадоў Паліцыя Думак назірала за ім, як за жуком пад лупай. Не было ніводнага ўчынку, ніводнага прамоўленага ўголас слова, якое яны б не заўважылі, ніводнае чарады думак, якой бы яны не прасачылі. Яны нават асцярожна прынялі светлы драбочак пылу з вокладкі дзённіка. Яны давалі яму слухаць запісы размоў, паказвалі фатаграфіі. На некаторых ён быў з Джуліяй. Так, нават... Ён болей не мог змагацца супраць Партыі. Да таго ж, Партыя мела рацыю. Так і мусіла быць — хіба можа несмяротны, калектыўны розум памыляцца? Якімі знешнімі меркамі можна было спраўдзіць яго меркаванні? Здаровы розум можна было падлічыць. Пытанне было толькі ў тым, каб навучыцца думаць, як думалі яны. Але!..

Аловак у пальцах здаваўся тоўстым і няўклюдным. Ён пачаў запісваць думкі, што прыходзілі яму ў галаву. Спачатку ён напісаў вялікімі нязграбнымі літарамі:

СВАБОДА — ГЭТА РАБСТВА

Пасля амаль адразу за гэтым, ніжэй:

ДВОЙЧЫ ДВА — ПЯЦЬ

Пасля ён нібы спатыкнуўся. Яго розум, нібы нечага спалохаўшыся, ніяк не мог засяродзіцца. Ён ведаў, што ведае, што было далей, але нейкую хвіліну ніяк не мог прыгадаць. Калі ж урэшце прыгадаў, дык і тое толькі шляхам свядомых разважанняў — яно прыйшло не само па сабе. Ён напісаў:

БОГ — ГЭТА ЎЛАДА

Ён прымаў усё. Мінуўшчыну можна было змяняць. Мінуўшчына ніколі не зменьвалася. Акіянія ваявала з Усходазіяй. Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Джоўнз, Эрансанс і Радэрфорд былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх абвінавачвалі. Ён ніколі не бачыў фатаграфіі, якая аспрэчвала іх віну. Яна ніколі не існавала, ён сам яе выдумаў. Ён памятаў, што памятае супярэчлівыя рэчы, але гэтыя ўспаміны былі несапраўдныя, гэта былі прадукты самападману. Як усё было проста! Толькі здайся, а астатняе прыйдзе само. Гэта было падобна на тое, як плыць супраць вады, калі цячэнне цягне цябе назад, як бы зацята ты з ім ні змагаўся, а пасля раптам павярнуцца і паплыць за вадой. Не змянілася нічога, апроч тваёй пазіцыі, ва ўсялякім разе, адбылося тое, чаго трэба было чакаць. Цяпер ён ужо і не ведаў, нашто ён узбунтаваўся. Усё было проста, апроч...!

Усё магло быць праўдай. Гэтак званыя законы прыроды былі бязглуздзіцай. Закон прыцягнення быў бязглуздзіцай. «Калі б я захацеў, — казаў О'Браэн, — я мог бы ўзняцца над падлогай, як мыльная бурбалка». Ўінстан расшыфраваў гэтую фразу: «Калі ён падумае, што ён узнімаецца над падлогай, а я ў той самы час падумаю, што бачу, як ён гэта робіць, дык гэта на самай справе адбудзецца». І раптам, як кавалак карабля, што ўсплыў пасля крушэння, у галаву ўварвалася думка: «Так не можа быць. Мы гэта сабе ўяўляем. Гэта галюцынацыя». Ён адразу ж адкінуў гэтую думку. Памылка была відавочная. Мелася на ўвазе, што недзе па-за свядомасцю ёсць «рэальны» свет, дзе адбываюцца «рэальныя» рэчы. Але як мог існаваць такі свет? Якія веды мы можам мець пра штосьці, калі толькі не праз нашу свядомасць? Усё адбываецца толькі ў свядомасці. Усё, што адбываецца ў свядомасці, адбываецца на самай справе.

Яму было няцяжка пазбавіцца ад гэтай памылковай думкі, не было ніякай небяспекі, што ён паддасца ёй. Аднак ён падумаў, што яна не павінна была прыйсці яму ў галаву. Розум павінен схавацца за глухі мур, як толькі з'яўляецца небяспечная думка. Працэс гэты мусіць быць аўтаматычны, інстынктыўны. На навамоўі гэта называлася стопзлачын.

Ён узяўся практыкавацца ў стопзлачыне. Ён выбраў два сказы — «Партыя кажа, што Зямля плоская» і «Партыя кажа, што лёд цяжэйшы за ваду» — і пачаў практыкавацца ў тым, каб не бачыць або не разумець аргументаў, што пярэчаць гэтым сцверджанням. Гэта было няпроста. Гэта патрабавала глыбокага ўмення разважаць і імправізаваць. Напрыклад, арыфметычная праблема, узнятая сцверджаннем «Двойчы два — пяць», была вышэйшая за яго інтэлектуальныя магчымасці. Тут патрабаваўся яшчэ і пэўны разумовы атлетызм, здольнасць у пэўны момант ужываць найскладнейшыя лагічныя прыёмы, а ў наступны момант не заўважаць найгрубейшых лагічных памылак. Дурасць гэтаксама патрэбная, як і разумнасць, і дасягнуць яе таксама цяжка.

І ўвесь гэты час нейкай часткай мозгу ён не пераставаў думаць адно: як хутка яны яго расстраляюць? «Усё залежыць ад вас», — казаў О'Браэн, але ён ведаў, што ён не наблізіць гэта ніякім свядомым учынкам. Можа, гэта адбудзецца праз дзесяць хвілін, а можа, і праз дзесяць гадоў. Яны маглі гадамі трымаць яго ў адзіночнай камеры, маглі паслаць яго ў лагер прымусовай працы, маглі вызваліць яго на нейкі час, як яны часам рабілі. Было цалкам магчыма, што, перш чым яго расстраляюць, увесь спектакль яго арышту і допытаў будзе разыграны зноў. Пэўным было толькі тое, што смерць заўсёды заспявала неспадзеўкі. Паводле традыцыі — не выказанай словамі, усе пра гэта ведалі, хоць ніхто пра гэта і не казаў, — яны заўсёды забівалі ззаду: заўсёды стралялі ў патыліцу без папярэджання, пад час пераводу з адной камеры ў другую.

Аднаго дня — хоць, можа, слова «дзень» тут не надта пасавала, бо з гэткай жа верагоднасцю гэта магла быць і ноч; карацей кажучы, аднойчы — яго ахапілі дзіўныя, шчасныя летуценні. Яму мроілася, што ён ідзе па калідоры, чакаючы кулі ў патыліцу. Ён ведаў, што праз хвіліну яна яго дагоніць. Усё было вырашана, прыладжана, узгоднена. Не было болей ніякіх сумненняў, ніякіх пярэчанняў, ніякага болю, ніякага страху. Яго цела было здаровае і дужае. Ён ішоў лёгка і радасна, ён уяўляў сабе, што гуляе пад сонейкам на вольным паветры. Ён быў ужо не ў вузкіх белых калідорах Міністэрства Любові, ён ішоў прасторным, на кіламетр ушыркі, праходам, залітым сонцам, тым самым праходам, які ён бачыў у трызненні, выкліканым лекамі. Ён ішоў па Залатой Краіне, па сцежцы, што вяла праз луг, сям-там паточаны кратавіннем. Ён адчуваў пад нагамі пругкі дзірван, пяшчотныя сонечныя промні лашчылі твар. На краі поля павольна калыхаліся вязы, а недзе за ўсім гэтым цякла рачулка, а ў ёй у зялёных затоках пад ніцымі вербамі плавалі маленькія рыбкі.

І раптам ён ускочыў, працяты жахам. Спіна ў яго ўкрылася халодным потам. І ён пачуў свой адчайны крык:

— Джулія! Джулія! Джулія, каханая! Джулія!

На нейкі момант у неадольнай галюцынацыі яму прымроілася, што яна побач з ім. Здавалася, што яна не проста з ім, а ўнутры яго. Яна нібы запоўніла сабою кожную клетачку яго цела. У гэтую хвіліну ён кахаў яе значна болей, чым тады, калі яны былі разам і на волі. І яшчэ ён ведаў, што яна жывая і чакае ад яго дапамогі.

Ён лёг на ложак і паспрабаваў супакоіцца. Што ён нарабіў! Колькі гадоў дадаў ён да свайго рабства гэтай хвілінай слабасці!

Праз нейкі момант ён пачуе грукат ботаў у калідоры. Яны не пакінуць гэтага выбуху пачуццяў без пакарання. Цяпер яны даведаюцца, калі толькі не ведалі гэтага раней, што ён парушае пагадненне, заключанае з імі. Ён падпарадкоўваўся Партыі, але ён усё яшчэ ненавідзеў Партыю. Раней ён хаваў ерэтычныя думкі пад маскай добранадзейнасці. Цяпер ён адступіўся на крок: у думках ён здаўся, але спадзяваўся захаваць чыстай душу. Ён ведаў, што не меў рацыі, але ён палічыў за лепшае не мець рацыі. Яны зразумеюць гэта — О'Браэн гэта зразумее. Усё гэта выявілася ў адзіным неразумным выкрыку.

Яму прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ён правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаіцца да новых абрысаў. Шчокі былі парэзаны глыбокімі барознамі, скулы тырчалі, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага, з таго часу, як ён апошні раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалі новы зубны пратэз. Было вельмі цяжка захоўваць непранікальнасць твару, калі не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякім разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калі хочаш захаваць таямніцу, ты мусіш хаваць яе і ад самога сябе. Мусіш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павінна ўсплываць у тваёй свядомасці ні ў якай выразнай форме. Адгэтуль ён мусіў не толькі правільна думаць, але і правільна адчуваць, і правільна марыць. І ўвесь гэты час ён мусіў трымаць сваю нянавісць замкнёнай унутры сябе, як нейкі цвёрды шарык, які быў бы часткай яго і разам з тым не быў бы звязаны з рэштай цела, накшталт кісты.

Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць, калі гэта адбудзецца, але за некалькі секунд перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калі вядуць па калідоры. Дзесяці секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перавярнуцца. І тады раптам, не кажучы ні слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару — раптам ён скіне камуфляж і — бабах! — стрэляць батарэі яго нянавісці. Нянавісць ахопіць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. І амаль у той самы момант — бабах! — грымне стрэл, занадта позна ці занадта рана. Яны выб'юць яму мазгі, так і не выправіўшы іх. Ерэтычная думка застанецца непакараная, нераскаяная, назаўсёды для іх недасягальная. Застрэліўшы яго, яны прастрэляць дзіру ў сваёй дасканаласці. Памерці, ненавідзячы іх, — вось у чым была свабода.

Ён заплюшчыў вочы. Гэта было цяжэй, чым пагадзіцца на разумовую дысцыпліну. Тут трэба было ўжо прыніжацца, калечыць самога сябе. Ён мусіў акунуцца ў самы агідны і мярзотны бруд. Што было найстрашнейшае, найагіднейшае? Ён падумаў пра Вялікага Брата. Вялізны твар (бачачы яго паўсюль на плакатах, ён заўсёды ўяўляў яго сабе на метр шырынёю) з густымі чорнымі вусамі і вачыма, што сочаць за табою, куды б ты ні пайшоў, міжволі ўзнік у яго свядомасці. Якія былі яго сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?

Пачуўся грукат ботаў па калідоры. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. О'Браэн увайшоў у камеру. За ім стаяў афіцэр з васковым тварам і ахоўнікі ў чорным.

— Устаньце, — загадаў О'Браэн. — Хадзіце сюды.

Ўінстан стаяў насупраць яго. О'Браэн паклаў Ўінстану на плечы свае дужыя рукі і ўважліва паглядзеў на яго.

— Вы хацелі падмануць мяне, — сказаў ён. — Гэта было неразумна. Станьце роўна. Паглядзіце мне ў вочы.

Ён памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:

— Вы ідзяцё на папраўку. Інтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Ўінстан — але памятайце: не маніць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману, — скажыце мне, якія вашы сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?

— Я ненавіджу яго.

— Вы ненавідзіце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабілі апошні крок. Вы павінны палюбіць Вялікага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму — вы павінны палюбіць яго.

І ён лёгенька падштурхнуў Ўінстана да ахоўнікаў.

— Пакой 101, — сказаў ён.

5

На кожнай стадыі свайго зняволення ён ведаў ці яму здавалася, што ён ведае, у якой частцы глухога будынка ён знаходзіўся. Можа, ён адчуваў нязначную розніцу атмасфернага ціску. Камеры, дзе яго білі ахоўнікі, былі пад зямлёй. Пакой, дзе яго дапытваў О'Браэн, быў высока, пад самым дахам. Месца ж, дзе ён быў цяпер, знаходзілася пад зямлёю, так глыбока, як толькі можна было апусціцца.

Памяшканне было большае за камеры, у якіх ён быў дагэтуль. Але ён не надта зважаў на тое, што было навокал. Усю яго ўвагу прыцягвалі два столікі якраз насупраць яго, абодва засланыя зялёным сукном. Адзін быў усяго за пару метраў ад яго, другі — трохі далей, каля дзвярэй. Ён быў прывязаны да крэсла ды так моцна, што не мог паварушыць ніводнай часткай цела, нават галавой. Нешта накшталт падушкі моцна трымала галаву ззаду, змушаючы яго глядзець проста перад сабой.

Нейкую хвіліну ён быў адзін, пасля дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў О'Браэн.

— Некалі вы ў мяне спыталіся, — сказаў О'Браэн, — што адбываецца ў Пакоі 101. Я сказаў вам, што вы ўжо ведаеце адказ. Яго ведаюць усе. У Пакоі 101 адбываецца найгоршае, што толькі ёсць у свеце.

Дзверы зноў адчыніліся. Увайшоў ахоўнік. У руках ён нёс нешта сплеценае з дроту, нейкую скрынку ці кошык. Ён паставіў гэта на дальні стол. Што гэта было — Ўінстан бачыць не мог, бо перад ім стаяў О'Браэн.

— Што ёсць найгоршае ў свеце, — сказаў О'Браэн, — залежыць ад індывіда. Гэта можа быць пахаванне жыўцом, або смерць у агні, або патапленне, або пасаджэнне на кол, або дзесяткі іншых спосабаў забіцця. А часам гэта зусім звычайная, нават не смяротная рэч.

Ён трошкі адышоўся ўбок, каб Ўінстану было лепш відаць, што стаіць на стале. Гэта была драцяная клетка з ручкай зверху, каб несці. Спераду да яе было прымацавана нешта накшталт фехтавальнай маскі, угнутым бокам вонкі. І хоць ён сядзеў за тры-чатыры метры, ён усё ж мог бачыць, што клетка была падзелена ўздоўж на два аддзяленні і ў кожным з іх сядзела па нейкай жывёліне. Гэта былі пацукі.

— У вашым выпадку, — сказаў О'Браэн, — найгоршае ў свеце — гэта пацукі.

Нейкі трывожны дрыгат, страх перад нечым няпэўным прабег па целе Ўінстана, калі ён першы раз глянуў на клетку. І ў гэты момант да яго раптам дайшло, што значыць гэтае падобнае да маскі прыстасаванне спераду клеткі. У яго пахаладзела ўнутры.

— Вы не зробіце гэтага! — пранізліва закрычаў ён. — Вы не зробіце, не зробіце! Гэта немагчыма!

— Памятаеце тыя страхі, — сказаў О'Браэн, — што мучылі вас у сне? Перад вамі была сцяна цемры, а ўвушшу гучаў страшны рык. Па той бок сцяны было нешта жахлівае. Вы ведалі, што ведаеце, што там было, але вы не наважваліся зазірнуць за сцяну. Па той бок сцяны былі пацукі.

— О'Браэн, — сказаў Ўінстан, намагаючыся заставацца спакойным, — вы ведаеце, што ў гэтым няма неабходнасці. Што вы хочаце са мною зрабіць?

О'Браэн не даў канкрэтнага адказу. Ён пачаў гаварыць настаўніцкім тонам, як часам здаралася і раней. Ён задуменна глядзеў удалеч, нібы звяртаючыся да некага за спінай у Ўінстана.

— Аднаго толькі болю часам бывае недастаткова, — сказаў ён. — Бываюць выпадкі, калі чалавек будзе трываць боль, аж пакуль не памрэ. Але для кожнага чалавека існуе нешта нясцерпнае, на што ён не можа нават глядзець. Смеласць ці баязлівасць тут ужо ні пры чым. Калі вы падаеце з вышыні, не будзе баязліўствам учапіцца за вяроўку. Калі вы вынырваеце з-пад вады, не будзе баязліўствам набраць у лёгкія паветра. Гэта проста непераможны інстынкт. Тое самае з пацукамі. Для вас яны невыносныя. Для вас яны — форма ўціску, якому вы не здолееце супрацьстаяць, нават калі б захацелі. Вы зробіце ўсё, што ад вас запатрабуюць.

— Але што? Што? Як жа я гэта зраблю, калі я не ведаю, што ад мяне патрабуецца?

О'Браэн узяў клетку і перанёс яе на бліжэйшы столік. Ён старанна ўладкаваў яе на зялёным сукне. Ўінстан чуў, як кроў гудзе ўвушшу. Яму здалося, што ён невымоўна самотны. Ён сядзеў пасярод вялікай пустой раўніны, бясконцай плоскай пустэльні, прапаленай сонцам, праз якую ўсе гукі даляталі да яго з далёкіх даляў. Клетка з пацукамі па-ранейшаму была за пару метраў ад яго. Пацукі былі вялізныя. Яны былі ў тым узросце, калі пыса робіцца грубая і ашчэраная, а поўсць з шэрай мяняецца на бурую.

— Пацук, — сказаў О'Браэн, зноў звярнуўшыся да нябачных слухачоў, — жывёліна мясажэрная, хоць і належыць да грызуноў. Вы гэта ведаеце. Вы, напэўна, чулі пра выпадкі, што здараюцца часам у бедных кварталах гэтага горада. На некаторых вуліцах жанчыны баяцца пакінуць сваіх дзяцей адных дома нават на пяць хвілін. Бо пацукі абавязкова нападуць на іх. За некалькі хвілін яны абгрызуць іх да касцей. Яны таксама нападаюць на хворых або на тых, хто памірае. Яны праяўляюць неверагодную кемлівасць, ведаючы, калі чалавек знаходзіцца ў бездапаможным стане.

З клеткі данесліся дзікія крыкі. Здавалася, што яны далятаюць да Ўінстана аднекуль здалёк. Пацукі біліся, яны спрабавалі напасці адзін на аднаго праз перагародку. Ён пачуў глыбокі стогн роспачы. І гэта таксама данеслася аднекуль здалёк.

О'Браэн узяў клетку і нешта ў ёй націснуў. Штосьці пстрыкнула. Шалёным намаганнем Ўінстан паспрабаваў вызваліцца з крэсла. Гэта было безнадзейна, усё цела, нават галава, былі нязрушна прымацаваныя. О'Браэн паднёс клетку бліжэй. Цяпер яна была менш чым за метр ад твару Ўінстана.

— Я націснуў на першую кнопку, — сказаў О'Браэн. — Вы зразумелі канструкцыю гэтай клеткі. Маска надзенецца вам на галаву, не пакінуўшы ніякай адтуліны. Калі я націсну на другую кнопку, дзверы ў клетцы расчыняцца. Гэтыя галодныя звяры паляцяць, як кулі. Ці вы калі бачылі, як пацук скача на здабычу? Яны скокнуць вам у твар і ўгрызуцца ў яго. Часам яны спачатку нападаюць на вочы. А часам праядаюць шчокі і выгрызаюць язык.

Клетка была ўжо зусім блізка. Ўінстан чуў віскатлівыя крыкі, здавалася, яны нараджаліся недзе ў паветры ў яго над галавой. Але ён зацята змагаўся са страхам. Думаць, думаць, нават калі застанецца толькі адно імгненне — думаць. У гэтым была апошняя надзея. І раптам агідны пракіслы пах жывёлін ударыў яму ў ноздры. Яму зрабілася млосна, і ён ледзь не страціў прытомнасць. Уваччу ўсё пачарнела. На хвіліну ён ператварыўся ў вар'ята, у здзічэлую жывёлу. І ўсё ж ён выкараскаўся з цемры, учапіўшыся за адну думку. Была адна, толькі адна магчымасць уратавацца. Трэба паміж сабою і пацукамі выставіць іншага чалавека, цела іншага чалавека.

Маска была ўжо так блізка, што закрывала ад яго вачэй усё астатняе. Драцяныя дзверкі былі ўжо за пару пядзяў ад яго. Пацукі ўжо ведалі, што зараз будзе. Адзін з іх скакаў сюды-туды, другі, састарэлы валадар сцёкавых канаў, стаяў, трымаючыся ружовымі пярэднімі лапамі за пруты клеткі, і драпежна нюхаў паветра. Ўінстан мог бачыць вусы і жоўтыя зубы. І зноў яго ахапіў чорны жах. Ён быў сляпы, бездапаможны, безразважны.

— Гэта было звычайнае пакаранне ў Кітайскай імперыі, — сказаў павучальна О'Браэн.

Маска наблізілася да твару. Дрот дакрануўся да шчакі. І тады — не, гэта была не палёгка, толькі надзея, маленькая, ледзь заўважная надзея. Запозна, мабыць, ужо запозна. І раптам ён зразумеў, што ва ўсім свеце быў толькі адзін чалавек, на якога ён мог перанесці гэтае пакаранне, — толькі адно цела ён мог прасунуць паміж сабою і пацукамі. І ён закрычаў немым голасам:

— Зрабіце гэта Джуліі! Зрабіце гэта Джуліі! Не мне! Джуліі! Мне ўсё роўна, што вы з ёю зробіце. Раздзярыце ёй твар, абгрызіце да касцей. Толькі не мне! Джуліі! Не мне!

І ён праваліўся назад, у нязмерныя глыбіні, далей ад пацукоў. Ён усё яшчэ сядзеў на крэсле, але ён ужо праваліўся праз падлогу, праз сцены будынка, праз зямлю, праз акіяны, праз атмасферу, у адкрыты космас, у міжзорную прастору — далей, далей, далей ад пацукоў. Ён быў за светлавыя гады адсюль, але О'Браэн па-ранейшаму стаяў побач з ім. Ён усё яшчэ адчуваў халодны дотык дроту да шчакі. Але праз цямноцце, што ахінула яго, ён пачуў, як нешта яшчэ раз металічна пстрыкнула, і зразумеў, што дзверы ў клетку не расчыніліся, а зачыніліся.

6

У «Каштане» было амаль пуста. Косыя промні сонца высвечвалі жоўтыя плямы на пыльных століках. Была пятнаццатая гадзіна, паўсюль было ціха. З тэлеглядаў лілася духавая музыка.

Ўінстан сядзеў у сваім звычайным кутку, пазіраючы ў пустую шклянку. Зноў і зноў ён паднімаў вочы на вялікі твар, што глядзеў на яго з супрацьлеглай сцяны. ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, казаў надпіс пад партрэтам. Без ніякай замовы прыйшоў афіцыянт і напоўніў шклянку джынам «Перамога», капнуўшы туды пару кропляў з другой бутэлькі праз саломінку, што тырчала з корка. Гэта быў сахарын, прыпраўлены гваздзікай — фірменная асаблівасць кавярні.

Ўінстан слухаў тэлегляд. Пакуль што з яго гучала толькі музыка, але ў любы момант маглі пачаць перадаваць спецыяльныя паведамленні Міністэрства Міру. Навіны з Афрыканскага фронту былі надзвычай трывожныя. Думкі пра гэта непакоілі яго ўвесь дзень. Эўразійская армія (Акіянія ваявала з Эўразіяй — Акіянія заўсёды ваявала з Эўразіяй) пасоўвалася на поўдзень з жахлівай хуткасцю. Паўдзённы выпуск навінаў не згадаў ніякіх канкрэтных тэрыторый, але было цалкам верагодна, што баі ідуць ужо ў дэльце Конга. Бразавілю і Леапольдвілю пагражала небяспека. Не трэба было глядзець на карту, каб зразумець, што гэта значыць. Гаворка тут ішла не проста пра страту Цэнтральнай Афрыкі: упершыню за ўсю вайну тэрыторыя самой Акіяніі была пад пагрозай.

Гвалтоўнае пачуццё, не так страху, як нейкай няпэўнай узрушанасці, успыхнула ў ім, а пасля зноў патухла. Ён перастаў думаць пра вайну. Апошнімі днямі ён не мог засяродзіць сваёй увагі на нечым адным больш чым на некалькі хвілін. Ён падняў шклянку і асушыў яе адным глытком. Як заўсёды, джын прымусіў яго здрыгануцца і адрыгнуць. Гэта была страшэнная бурда. Гваздзіка і сахарын, самі па-свойму агідныя, не маглі заглушыць алеістага смуроду джыну; і што самае страшнае — пах джыну, які неадчэпна спадарожнічаў яму ўдзень і ўначы, быў з невядомае прычыны змяшаны ў яго свядомасці з пахам тых...

Ён ніколі не называў іх, нават у думках, і, наколькі гэта было магчыма, ніколі не ўяўляў іх візуальна. Яны былі нечым прывідным, што заўсёды лунала недзе побач з тварам, яны былі пахам, што лез няспынна ў ноздры. Калі джынавыя выпарэнні падняліся да горла, ён адрыгнуў праз барвовыя вусны. З таго часу, як яго выпусцілі, ён патаўсцеў і да яго вярнуўся былы румянец — і нават болей чым вярнуўся. Рысы твару ў яго пагрубелі, скура на носе і на скулах пачырванела, нават лысы чэрап зрабіўся цёмна-ружовы. Афіцыянт, зноў без запрашэння, прынёс шахматную дошку і свежы нумар «Таймз», адгорнуты на шахматнай старонцы. Пабачыўшы, што шклянка ў Ўінстана пустая, ён прынёс бутэльку з джынам і напоўніў яе. Замовы былі непатрэбныя. Тут ведалі яго звычкі. Шахматная дошка заўсёды яго чакала, яго столік у кутку быў заўсёды зарэзерваваны; нават калі ў кавярні было поўна, столік быў вольны, бо ніхто не хацеў быць заўважаным побач з ім. Ён нават ніколі не лічыў, колькі выпівае. Час ад часу яму паказвалі брудны абрывак паперы, які яны называлі рахункам, але яму здавалася, што яго заўсёды аблічвалі. Зрэшты, яму было ўсё роўна. Цяпер у яго было багата грошай. У яго нават была праца, сінекура, за якую яму плацілі значна болей, чым за колішнюю.

Музыка ў тэлеглядзе змоўкла, яе змяніў голас дыктара. Ўінстан падняў галаву і прыслухаўся. Аднак гэта было не паведамленне з фронту, а проста кароткая абвестка Міністэрства Дастатку. У мінулым квартале, як аказалася, план Дзесятай Трохгодкі па вытворчасці матузкоў на чаравікі быў перавыкананы на 98 адсоткаў.

Ён праглядзеў шахматную задачу і расставіў фігуры. Гэта была хітрая канцоўка з удзелам двух коней. «Белыя пачынаюць і ставяць мат за два хады». Ўінстан падняў вочы на партрэт Вялікага Брата. Белыя заўсёды ставяць мат, падумаў ён з няяснай таемнасцю. Заўсёды, без выключэнняў, усё абладжана так. Ні ў воднай шахматнай задачы ад стварэння свету ніколі не выйгравалі чорныя. Ці не сімвалізавала гэта адвечны і неадменны трыумф Добрага над Злым? Вялізны твар глядзеў на яго, поўны спакойнае велічы. Белыя заўсёды выйграюць.

Голас у тэлеглядзе сціх, пасля дадаў іншым, паважнейшым тонам:

— Просім вас паслухаць важнае паведамленне ў пятнаццаць трыццаць. Пятнаццаць трыццаць! Навіны надзвычайнай важнасці. Просьба не прапусціць. Пятнаццаць трыццаць!

І з тэлегляда зноў забрынкала музыка.

Ўінстанава сэрца сціснулася. Гэта мусіла быць паведамленне з фронту; інстынктыўна ён прадчуваў, што навіны благія. Цэлы дзень, разам з кароткімі ўспышкамі ўзрушанасці, яму не давала спакою думка пра знішчальнае паражэнне ў Афрыцы. Ён ужо ўяўляў сабе, як эўразійская армія прарывае непарушную дагэтуль граніцу і, нібы споўзішча мурашак, мкне да поўдня Афрыкі. Няўжо немагчыма было іх неяк адбіць? Абрысы заходнеафрыканскага ўзбярэжжа выразна стаялі ў яго ўваччу. Ён узяў белага каня і перасунуў яго на дошцы. Вось куды трэба было паставіць. Бачачы, як чорныя орды пасоўваюцца на поўдзень, ён бачыў і іншую сілу, таемна згуртаваную, якая нечакана абрынулася на чорных з тылу і адрэзала іх камунікацыі на моры і на сушы. Ён адчуў, як сіла гэтая ўзнікла з ягонае волі. Але трэба было дзейнічаць хутка. Калі яны возьмуць пад свой кантроль усю Афрыку, калі яны размесцяць на Мысе свае аэрадромы і базы падводных лодак, Акіянія будзе перарэзаная напалам. Гэта можа значыць усё што заўгодна: паражэнне, распад, перападзел свету, знішчэнне Партыі! Ён глыбока ўздыхнуў. Дзіўная мешаніна пачуццяў — а дакладней кажучы, шматслойны пласт пачуццяў, дзе было невядома, які слой найглыбейшы, — змагаліся між сабою ў яго душы.

Прыступ мінуўся. Ён вярнуў белага каня на сваё месца, але нейкую хвіліну не мог спакойна засяродзіцца на задачы. Ягоныя думкі зноў заблыталіся. Амаль несвядома ён накрэсліў пальцам на пыле, што ўкрываў столік:

2 + 2 =

«Яны не могуць залезці нам у душу», — сказала неяк яна. Але ж яны здолелі залезці ў душу. «Тое, што адбываецца з вамі тут — гэта назаўсёды», — казаў О'Браэн. Слушныя словы. Адбыліся такія рэчы, у тым ліку і ўласныя ўчынкі, ад якіх ужо ніколі не акрыяеш. Нешта ўнутры было забіта, выпалена, вынішчана.

Неяк ён бачыў яе, ён нават гаварыў з ёй. Гэта не было небяспечна. Неяк інстынктыўна ён адчуваў, што цяпер ім амаль не цікавяцца. Ён мог бы сустрэцца з ёй і другі раз, калі б ён ці яна гэтага захацелі. Фактычна яны сустрэліся выпадкова. Гэта было ў парку, пахмурным і золкім сакавіцкім днём, калі зямля была як жалеза, трава здавалася мёртвай, нідзе не было ні покаўкі, і толькі некалькі крокусаў прабіваліся ўгору і былі здратаваныя злым ветрам. Ён ішоў паспешлівым крокам, рукі ў яго змерзлі, вочы наліліся слязьмі, калі раптам убачыў яе метраў за дзесяць ад сябе. Яго адразу ўразіла тое, што яна неяк невызначальна змянілася. Яны амаль прамінулі адно аднаго, не падаўшы знаку, тады ён павярнуўся і пайшоў за ёй, без вялікай ахвоты. Ён ведаў, што ім нічога не пагражае, што ніхто імі не зацікавіцца. Яна маўчала. Яна павярнула і пайшла наўскос па траве, быццам хацела ад яго пазбавіцца, але ўрэшце, здаецца, пагадзілася з яго прысутнасцю. Цяпер яны былі сярод купы голых калматых кустоў, якія не хавалі ні ад чужых вачэй, ні ад ветру. Яны спыніліся. Было золка. Вецер свістаў у голлі і абрываў самотныя брудныя кветкі крокусаў. Ён абняў яе за талію.

Тэлегляда побач не было, але навокал маглі быць схаваныя мікрафоны, да таго ж іх маглі ўбачыць. Але гэта іх не хвалявала, нічога іх не хвалявала. Яны маглі легчы на зямлю і зрабіць тое, калі б захацелі. Плоць яго здранцвела ад жаху на адну думку пра гэта. Яна ніяк не адказала на яго абдымкі, яна нават не паспрабавала вызваліцца. Цяпер ён ведаў, што ў ёй змянілася. Яе твар пажаўцеў, праз увесь лоб аж да скроні цягнуўся доўгі шнар, часткова прыкрыты валасамі; але не ў гэтым была перамена. Яна была ў тым, што талія ў яе зрабілася таўсцейшая і неяк дзіўна зацвярдзела. Ён прыгадаў, як аднойчы, пасля выбуху ракетнай бомбы, ён дапамагаў выцягваць труп з-пад руінаў і быў уражаны не толькі яго неверагоднай цяжкасцю, але і зацвярдзеласцю і тым, што яго вельмі нязручна несці, што ён нагадваў хутчэй камень, чым чалавечае цела. І яе цела было цяпер такое самае. А яшчэ яму падалося, што скура ў яе зусім не такая, як раней.

Ён не спрабаваў яе пацалаваць, яны маўчалі. Калі яны ішлі назад праз траву, яна першы раз паглядзела яму проста ў вочы. Але гэта быў усяго толькі хуткі, няўважны позірк, поўны пагарды і непрыязнасці. Ён задумаўся, ці гэтая непрыязнасць ішла каранямі ў мінуўшчыну, або была выклікана яго азызлым тварам і слязьмі, якія вецер павыціскаў у яго з вачэй. Яны селі на два жалезныя крэслы, побач, але не надта блізка адно ад аднаго. Ён заўважыў, што яна збіраецца нешта сказаць. Яна трохі пасунула свой нязграбны туфель і расціснула галінку. Ён заўважыў, што ногі ў яе зрабіліся нібы шырэйшыя.

— Я здрадзіла табе, — сказала яна без намінкі.

— Я здрадзіў табе, — сказаў ён.

Яна зноў непрыязна глянула на яго.

— Часам яны нечым пагражаюць, — сказала яна, — нечым, што не можаш вынесці, пра што не можаш нават думаць. І тады ты кажаш: «Не рабіце гэта мне, зрабіце гэта каму-небудзь іншаму, зрабіце гэта Такому-і-такому». А пасля ты можаш думаць, што ўсё гэта было толькі хітрыкамі, што ты сказаў толькі, каб яны спыніліся, і зусім не меў тое на ўвазе. Але гэта няпраўда. Тады, калі гэта адбываецца, ты якраз тое і маеш на ўвазе. Думаеш, што няма іншай магчымасці ўратавацца, тады ты гатовы ўратаваць сябе менавіта гэтак. Ты хочаш, каб гэта здарылася з другім чалавекам. І табе напляваць, як ён там будзе пакутаваць. Ты клапоцішся толькі пра сябе.

— Клапоцішся толькі пра сябе, — паўтарыў ён.

— І пасля ўжо не адчуваеш да гэтага другога чалавека таго, што адчуваў раней.

— Не, — сказаў ён, — не адчуваеш.

Здавалася, ім не было больш чаго сказаць. Вецер прыляпляў іх тонкія камбінезоны да цела. Неяк адразу зрабілася няўтульна сядзець моўчкі, да таго ж было занадта холадна, каб сядзець проста так. Яна сказала, што ёй трэба паспець на метро, і ўстала, каб пайсці.

— Нам трэба сустрэцца зноў, — сказаў ён.

— Так, — адказала яна, — нам трэба сустрэцца зноў.

Ён нерашуча пайшоў за ёй, адстаючы на паўкроку. Яны зноў маўчалі. Хоць яна і не спрабавала пазбавіцца ад яго, аднак ішла якраз так хутка, каб ён не мог ісці з ёю крок у крок. Ён быў вырашыў правесці яе да самай станцыі метро, але раптам гэтае бадзянне на такім холадзе падалося яму бязглуздым і невыносным. Яго ахапіла жаданне не так адчапіцца ад Джуліі, як вярнуцца ў кавярню «Каштан», якая ніколі не здавалася яму такой прывабнай, як у гэты момант. Яму шчымліва прыгадваўся яго столік у кутку з газетай, шахматнай дошкай і з джынам, што ліецца няспынным патокам. А галоўнае — там цёпла. Праз момант, не зусім ненаўмысна, ён даў невялічкай купцы людзей аддзяліць сябе ад яе. Ён не надта спрытна паспрабаваў яе дагнаць, пасля адстаў, развярнуўся і пайшоў у другі бок. Прайшоўшы метраў пяцьдзесят, ён азірнуўся. На вуліцы не было надта людна, але ён ужо не мог яе адрозніць. Любая з тузіна паспешлівых постацяў магла быць ёю. А можа, яе распаўнелы нягнуткі стан ужо болей нельга было пазнаць ззаду.

«Калі гэта адбываецца, — сказала яна, — ты якраз тое і маеш на ўвазе». Ён якраз тое і меў на ўвазе. Ён не проста сказаў гэта, ён і сапраўды хацеў гэтага. Ён хацеў, каб яе, а не яго аддалі гэтым...

Нешта змянілася ў музыцы, што лілася з тэлегляда. У ёй загучалі пранізлівыя, з'едлівыя ноты. І тады — можа, гэтага і не было, можа, проста ўспаміны набылі форму гукаў — голас з тэлегляда заспяваў:

Там, пад раскідзістым каштанам
Ты здрадзіў мне, а я табе...

Вочы ў яго наліліся слязьмі. Афіцыянт, праходзячы міма, заўважыў, што шклянка ў яго пустая, і вярнуўся з бутэлькай джыну.

Ён падняў шклянку і панюхаў яе. Пойла смярдзела не менш, а яшчэ больш жахліва з кожным глытком. Але джын стаўся стыхіяй, у якую ён цяпер акунуўся з галавою. Гэта было яго жыццё, яго смерць і яго ўваскрэсенне. Джын знячувальваў яго штовечар, і джын штораніцы ажыўляў яго. Калі ён прачынаўся, а гэта рэдка здаралася раней за адзінаццаць нуль-нуль, са зліплымі павекамі, з агнём у роце і спінай, што, здавалася, зараз пераламаецца напалам, ён ніколі не змог бы нават падняцца з ложка, калі б яшчэ звечара не ставіў побач з ложкам бутэльку і кубачак. Удзень ён сядзеў са шкляным тварам з бутэлькай пад рукою і слухаў тэлегляд. Ад пятнаццаці нуль-нуль і да закрыцця ён быў неадменнай часткай інтэр'ера «Каштана». Ніхто болей не цікавіўся, што ён робіць, ніякая сірэна яго болей не будзіла, ніякі тэлегляд яго не дапякаў. Час ад часу, можа, разы два на тыдзень, ён прыходзіў у пыльны, занядбаны кабінет у Міністэрства Праўды і рабіў дробную працу або тое, што звалася працай. Ён уваходзіў у склад падкамітэта аднаго іншага падкамітэта, які адгалінаваўся ад аднаго з незлічоных камітэтаў, што займаліся дробнымі праблемамі, узніклымі пад час працы над Адзінаццатым выданнем Слоўніка навамоўя. Яны займаліся складаннем нечага, што звалася «Папярэдняе паведамленне», але пра што ў ім паведамлялася, ён гэтак да канца і не разабраўся. Там было нешта звязанае з пытаннем пра тое, дзе трэба ставіць коску — унутры двукосся ці па-за ім. Разам з ім працавала яшчэ чацвёра, усе гэткія, як і ён сам. Былі дні, калі яны збіраліся і адразу разыходзіліся, шчыра прызнаўшыся адзін аднаму, што рабіць, па праўдзе кажучы, дык і няма чаго. Але былі і іншыя дні, калі яны з ахвотаю сядалі за працу, выяўляючы надзвычайную заўзятасць у пісанні дробных нататак і складанні доўгіх тлумачальных запісак, якія пасля ніколі не дапісваліся да канца; калі аргументы ў іхніх уяўных спрэчках рабіліся неверагодна цьмяныя і заблытаныя, з дробязнымі бойкамі над дэфініцыямі, бясконцымі спаўзаннямі на староннія тэмы, сваркамі і нават пагрозамі звярнуцца да вышэйшага начальства. Але тады раптам іх запал сунімаўся і яны сядзелі вакол стала і глядзелі адзін на аднаго згаслымі вачыма, як здані, што знікаюць з першым крыкам пеўня.

Тэлегляд на хвіліну заціх. Ўінстан зноў падняў галаву. Навіны! Але ж не, проста памянялася музыка. Уваччу ў яго стаяла карта Афрыкі, на якой схематычна быў пазначаны рух войскаў: чорная стрэлка нястрымна рвецца на поўдзень, белая мкне на ўсход праз хвост першай. Каб супакоіцца, ён падняў вочы на партрэт з непарушным тварам. Ці можна было сабе ўявіць, што другой стрэлкі ўвогуле не існуе?

Яго ўзрушанасць суціхла. Ён выпіў яшчэ адзін глыток джыну, узяў белага каня і зрабіў спробны ход. Шах. Але ход быў відавочна няслушны, бо...

У яго ў думках міжволі ўсплыў даўні ўспамін. Ён убачыў асветлены свечкай пакой з вялікім ложкам, укрытым белай падшыванай коўдрай, і самога сябе, хлопчыка гадоў дзевяці-дзесяці, які сядзіць на падлозе, трасе скрыначку з кубікамі і шчасліва смяецца. Насупраць яго сядзіць маці і таксама смяецца.

Гэта адбылося прыблізна за месяц да яе знікнення. Гэта былі часы прымірэння, калі галоднае ныццё ў жываце было забыта, а яго колішняя любоў да яе на нейкі час аджыла зноў. Ён добра памятаў той дзень, пахмурны і дажджлівы дзень, калі вада цякла ручаінамі па шыбах і ў пакоі было так цёмна, што немагчыма было чытаць. Дзецям было нясцерпна нудна ў цьмяным цесным пакойчыку. Ўінстан енчыў і бурчаў, марна просячы есці, сноўдаўся па пакоі, раскідваў рэчы, абіваў нагамі шалёўку, пакуль суседзі не пачалі калаціць у сцяну, а малая сястрычка тым часам сядзела і ціха плакала. Урэшце маці сказала: «Ну, не плачце, я куплю вам цацку. Прыгожую цацку — вам спадабаецца», і пайшла ў самы дождж у маленькую крамку побач з домам, якая яшчэ час ад часу працавала. Вярнулася яна з кардоннай скрынкай з гульнёй «Змейкі і лесвіцы». Ён усё яшчэ памятаў пах мокрага кардону. Гульня была ўбогая. Дошка была патрэсканая, а маленькія драўляныя кубікі так кепска вытачаныя, што не клаліся на бакі. Ўінстан панура і без цікавасці глядзеў на падарунак. Але маці запаліла свечку, і яны селі на падлогу гуляць. Хутка ён ужо ў дзікім захапленні крычаў і смяяўся, калі фішкі безнадзейна караскаліся па лесвіцах і саслізгвалі ўніз па змейках, вяртаючыся на зыходныя пазіцыі. Яны згулялі восем разоў, кожны выйграў па чатыры партыі. Сястрычка, яшчэ занадта малая, каб зразумець сэнс гульні, сядзела, абапершыся на валік, і смяялася, бо смяяліся іншыя. І ўвесь вечар яны былі шчаслівыя разам, як некалі раней.

Ён выгнаў з думак гэты вобраз. Гэта быў фальшывы ўспамін. Такія фальшывыя ўспаміны час ад часу яго наведвалі. Але, ведаючы, чаго яны вартыя, можна было не хвалявацца. Нешта калісьці адбылося, а нешта не адбылося ніколі. Ён павярнуўся да дошкі і зноў узяў белага каня. І ў тую самую хвіліну конь выпаў у яго з рукі, грукнуўшыся аб дошку. Ўінстан здрыгануўся, нібы ўколаты іголкай.

Пранізлівы гук фанфараў прарэзаў паветра. Гэта быў выпуск навін! Перамога! Фанфары перад навінамі заўсёды азначалі перамогу. Па кавярні нібы прайшла электрычная хваля. Нават афіцыянты здрыгануліся і наставілі вушы.

Фанфары абудзілі неверагодны шум. Узрушаны голас ужо нешта балабоніў з тэлегляда, але не паспеў ён пачаць, як патануў у буры радасных крыкаў з вуліцы. Навіна з дзівоснай хуткасцю разляцелася па горадзе. З таго, што ён мог разабраць у сказаным з тэлегляда, ён зразумеў: адбылося тое, што ён прадбачыў: патаемна сабраная і перакінутая па моры магутная армада, нечаканы ўдар па супраціўніку з тылу, белая стрэлка адрэзала хвост чорнай. Урыўкі радасных сказаў прабіваліся праз гаману: «Шырокі стратэгічны манеўр — дасканалая каардынацыя — канчатковы разгром — паўмільёна палонных — поўная дэмаралізацыя — кантроль над усёй Афрыкай — вайна адчувальна наблізілася да канца — перамога — найвялікшая перамога ў гісторыі чалавецтва — перамога, перамога, перамога!»

Ўінстанавы ногі міжвольна торгаліся пад сталом. Ён не зрушыўся з месца, але ў думках ён бег, бег што было моцы, ён быў з натоўпам на вуліцы і аглушальна крычаў ад радасці. Ён зноў паглядзеў на партрэт Вялікага Брата. Волат, які асядлаў планету! Скала, аб якую разбіліся азіяцкія орды! Ён падумаў, што яшчэ дзесяць хвілін таму — так, усяго дзесяць хвілін — ён усё яшчэ сумняваўся ў душы, не ведаючы, якую вестку прынясуць навіны з фронту — перамогу ці паражэнне. О, было пераможана штосьці большае за эўразійскую армію! Шмат што змянілася ў ім з таго першага дня ў Міністэрстве Любові, але канчатковая, неабходная, збаўчая змена адбылася толькі цяпер.

Голас з тэлегляда яшчэ нешта казаў пра палонных, пра трафеі і пра страты, але крыкі на вуліцы ўжо трохі суціхлі. Афіцыянты вярнуліся да сваёй працы. Адзін з іх падышоў з бутэлькай джыну. Ўінстан, акунуўшыся ў шчасныя летуценні, не заўважыў, як напоўнілася яго шклянка. Ён ужо болей не бег і не крычаў. Ён зноў быў у Міністэрстве Любові, усё было прабачана, душа ў яго была чыстая, як шкельца. Ён быў на лаве падсудных, ён прызнаўся ва ўсім, ён выдаў усіх. Ён ішоў па калідоры з белымі кафлянымі сценамі, з адчуваннем, што гуляе пад сонцам, а ззаду ішоў узброены ахоўнік. Доўгачаканая куля прабіла яму галаву.

Ён паглядзеў на вялізны твар. Сорак гадоў пайшло ў яго на тое, каб даведацца, што за ўсмешка хавалася за чорнымі вусамі. О, прыкрае недарэчнае непаразуменне! О, упартае самавольнае выгнанне ад дарагога ўлоння! Дзве прапахлыя джынам слязіны скаціліся па шчоках. Але ўсё было добра, усё было выдатна. Змаганне завяршылася. Ён перамог самога сябе. Ён любіў Вялікага Брата.

1949 г.

____
Пераклад с английского:
© 2000 Сяргей Шупа


«1984»: [Главная стр.] [Частка 1.] [Частка 2.] [Частка 3.] [Дадатак]

Библиотека [Анг] [Рус] > Романы [Анг] [Рус] ~ [Включить CSS] [Транслит]

[orwell.ru] [Домой] [Биография] [Библиотека] [Жизнь] [О сайте & (c)] [Ссылки] [Мапа сайта] [Поиск] [Отзывы]

© 1999-2024 О. Даг – ¡Стр. созд.: 2001-03-24 & Посл. мод.: 2019-12-29!