Index > Library > Novels > 1984 > Byelorussian > Дадатак

Джордж Оруэл: «1984»

Навамоўе было афіцыйнай моваю Акіяніі. Яно было распрацавана дзеля забеспячэння ідэалагічных патрэб Ангсоцу, або Ангельскага Сацыялізму. У 1984 годзе не было яшчэ нікога, хто б карыстаўся навамоўем як адзіным сродкам вусных і пісьмовых зносін. На навамоўі друкаваліся рэдакцыйныя артыкулы ў «Таймз», але гэта было складанай працай, на якую былі здатныя толькі спецыялісты. Меркавалася, што навамоўе канчаткова заменіць старамоўе (ці літаратурную (ангельскую) мову, як бы мы яе назвалі) да 2050 года. Пакуль жа навамоўе паступова заваёўвала ўсё новыя пазіцыі, і сябры Партыі ўсё часцей ужывалі навамоўныя словы і граматычныя канструкцыі ў штодзённых размовах. Варыянт, ужываны ў 1984 годзе і замацаваны ў Дзевятым і Дзесятым выданнях Слоўніка Навамоўя, быў толькі часовым варыянтам, у якім было яшчэ шмат лішніх слоў і архаічных формаў, што пазней мусілі быць скасаваныя. Разгледзім цяпер канчатковы, удасканалены варыянт, пададзены ў Адзінаццатым выданні Слоўніка.

Мэтаю навамоўя было не толькі забяспечыць сродкамі выказвання светапогляд і разумовыя звычкі прыхільнікаў Ангсоцу, але і зрабіць немагчымым любы іншы лад мыслення. Лічылася, што калі ўжо навамоўе будзе раз і назаўсёды прынятае да ўжытку, а старамоўе будае забытае, дык любая ерэтычная думка, гэта значыць думка, што адхіляецца ад прынцыпаў Ангсоцу — будзе немагчымая, прынамсі, у той меры, у якой думка залежыць ад словаў. Слоўнік навамоўя быў пабудаваны такім чынам, што дазваляў перадаць дакладна і часам вельмі трапна тыя сэнсавыя значэнні, якія сябру Партыі хацелася б выказаць, разам з тым усе іншыя значэнні выключаліся, было немагчыма выйсці на іх нават ускосным шляхам. Гэта дасягалася часткова вынаходніцтвам новых слоў, але галоўным чынам — праз скасаванне непажаданых слоў і ліквідаванне ў астатніх словах нядобранадзейных значэнняў ды ўвогуле ўсіх пераносных значэнняў там, дзе гэта магчыма. Прывядзём толькі адзін прыклад. Слова свабодны яшчэ існавала ў навамоўі, але яно магло ўжывацца толькі ў выказваннях накшталт «Сабака свабодны ад аброжкі» або «Поле свабоднае ад пустазелля». Яно не магло ўжывацца ў сваім старым сэнсе «палітычна свабодны» або «інтэлектуальна свабодны», бо палітычная і інтэлектуальная свабода не існавалі ўжо нават як паняцці і таму не мелі наймення. У адрозненне ад скасавання відавочна шкодных слоў, скарачэнне слоўніка разглядалася як самамэта, і ніводнае слова, без якога можна абысціся, не мела права на выжыванне. Навамоўе прадугледжвала не пашырэнне, а звужэнне абсягу думкі, і скарачэнне да мінімуму выбару слоў пэўным чынам спрыяла дасягненню гэтае мэты.

Навамоўе грунтавалася на ангельскай мове, якую мы ведаем цяпер, хоць шмат якія навамоўныя выказванні, нават калі ў іх і няма новаствораных слоў, наўрад ці былі б зразумелыя ў наш час. Словы ў навамоўі дзяліліся на тры асобныя класы, вядомыя пад назвамі слоўнік «A», слоўнік «B» (або складаныя словы) і слоўнік «C». Будзе прасцей абмеркаваць кожны клас асобна, а граматычныя асаблівасці мовы можна будзе разгледзець у частцы, прысвечанай слоўніку «A», бо тыя самыя правілы стасуюцца да ўсіх трох класаў.

 

Слоўнік «A.» У слоўнік «A» ўваходзяць словы, неабходныя ў штодзённым жыцці, напрыклад, пры ядзенні, піцці, працы, адзяванні, падніманні і апусканні па сходах, езджанні транспартам, гатаванні і гэтак далей. Ён амаль цалкам складаецца са слоў, якія мы ўжо маем, такіх як: біць, бегчы, сабака, дрэва, цукар, дом, поле — але ў параўнанні з сённяшнім слоўнікам колькасць іх абмежавана, а сэнс сцісла акрэслены. Яны былі ачышчаны ад усіх двухсэнсоўнасцяў і няяснасцяў. Наколькі гэта было магчыма, навамоўнае слова гэтага класу ўяўляла сабою просты гук стаката, які азначаў адзінае вузкаакрэсленае паняцце. Было цалкам немагчыма ўжываць слоўнік «A» для літаратурных мэтаў або ў палітычнай ці філасофскай дыскусіі. Ён прызначаўся для выказвання простых і мэтазгодных думак, што датычыліся звычайна канкрэтных рэчаў або фізічных дзеянняў.

Граматыка навамоўя мела дзве выдатныя асаблівасці. Першай была амаль поўная ўзаемазамяняльнасць паміж рознымі часцінамі мовы. Любое слова ў мове (гэта датычылася нават найбольш абстрактных слоў, як, напрыклад, калі або як) магло быць ужытае як дзеяслоў, як назоўнік, як прыметнік і як прыслоўе. Не было ніякае розніцы паміж формамі дзеяслова і назоўніка, калі яны паходзілі ад аднаго кораня, і ўжо адно гэта прыводзіла да знішчэння шматлікіх архаічных формаў. Слова думка, напрыклад, у навамоўі не існавала. Яно было заменена на дум, якое магло быць і дзеясловам і назоўнікам. Пры ўтварэнні такіх слоў не вытрымліваўся пэўны этымалагічны прынцып: часам у якасці адзінай бралася форма дзеяслова, а часам — назоўніка. Нават калі блізкія сэнсам дзеяслоў і назоўнік паходзілі ад розных каранёў, адзін з іх часта касаваўся. Напрыклад, не існавала слова рэзаць, яго сэнс з дастатковай поўнасцю выказваўся назоўнікам, дзеясловам нож. Прыметнікі ўтвараліся дадаваннем да назоўніка-дзеяслова суфікса -ны, а прыслоўі — суфікса -на. Так, напрыклад, прыметнік ад слова праўд быў праўдны, а прыслоўе — праўдна. Былі захаваныя некаторыя цяперашнія прыметнікі, напрыклад, добры, дужы, вялікі, чорны, мяккі, але іх было вельмі мала. Яны былі малаўжываныя, бо практычна любы прыметнік можна было ўтварыць, дадаўшы -ны да назоўніка-дзеяслова. Не захавалася ніводнага цяперашняга прыслоўя, акрамя невялікае колькасці тых, што ўжо канчаліся на -на. Канчатак -на быў абавязковы. Слова шмат было, напрыклад, заменена на вялікна.

Да таго ж, кожнае слова — гэта датычылася ў прынцыпе любога слова ў мове — магло прыняць адмоўную форму праз дадаванне прыстаўкі не-. Сэнс слова ўзмацняўся прыстаўкай плюс-, а найбольш — прыстаўкай звышплюс-. Так, напрыклад, нехалодны значыла «цёплы», а плюсхалодны і звышплюсхалодны значыла адпаведна «вельмі халодны» і «надзвычай халодны». Як і ў цяперашняй мове, змест амаль кожнага слова можна было змяніць, дадаўшы да яго прыстаўкі-прыназоўнікі, гэткія як перад-, па-, над-, пад- і гэтак далей. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося нязмерна скараціць слоўнік. Скажам, калі ёсць слова добры, няма патрэбы ў слове дрэнны, бо неабходны сэнс гэтак жа добра, ці нават яшчэ і лепш, выказваецца словам нядобры. У выпадку, калі два словы ўтваралі антанімічную пару, трэба было проста вырашыць, якое з гэтых слоў скасаваць. Цёмны, напрыклад, можна было замяніць на нясветлы, або светлы на няцёмны, як каму падабаецца.

Другой адметнаю рысай навамоўнае граматыкі была яе рэгулярнасць. Усе граматычныя формы, за нешматлікімі выключэннямі, падпарадкоўваліся аднолькавым правілам.

Тымі класамі слоў, якім дазвалялася змяняцца насуперак агульным правілам, былі займеннікі і дапаможныя дзеясловы. Усе яны захавалі свае ранейшыя формы, апроч займенніка каму, які быў скасаваны дзеля непатрэбнасці. Зніклі таксама мадальныя дзеясловы магу, можаш, хачу, хочаш, іх сэнс быў цалкам ахоплены дзеясловам мушу, мусіш. Былі таксама пэўныя адхіленні ў словаўтварэнні, выкліканыя патрэбамі паскарэння і спрашчэння маўлення. Слова, якое цяжка вымавіць або можна зблытаць з іншым словам, аўтаматычна лічылася дрэнным словам. Тады часам дзеля мілагучнасці ўстаўляліся дадатковыя гукі або захоўвалася архаічная форма. Асабліва выразна гэта адчуваецца ў слоўніку «B». Чаму зручнасці вымаўлення надавалася такая вялікая ўвага, станецца зразумела далей.

 

Слоўнік «B.» Слоўнік «B» складаўся са слоў, штучна створаных дзеля пэўных палітычных мэтаў: гэта значыць слоў, якія не толькі ў кожным выпадку мелі палітычны сэнс, але і настройвалі на пажаданы манер думкі тых, хто іх ужываў. Без поўнага разумення прынцыпаў Ангсоцу было цяжка ўжываць гэтыя словы правільна. У некаторых выпадках яны маглі быць перакладзеныя на старамоўе і нават на словы са слоўніка «A», але звычайна гэта патрабавала доўгіх апісальных зваротаў і заўсёды губляліся пэўныя адценні. Словы са слоўніка «B» былі своеасаблівай стэнаграфіяй, калі цэлы шэраг паняццяў змяшчаўся ў некалькіх складах, і разам з тым яны былі больш дакладныя і пераканальныя, чым у звычайнай мове.

Словы са слоўніка «B» былі ва ўсіх выпадках складанымі словамі(*). Яны будаваліся з двух ці болей слоў або кавалкаў слоў, злучаных разам у лёгкую для вымаўлення форму. У выніку атрымліваўся заўсёды назоўнік-дзеяслоў, які падлягаў агульным правілам словазмянення. Прывядзём адзін прыклад: слова дабрадум, якое вельмі прыблізна можна перакласці як «добранадзейнасць», або, калі разглядаць яго як дзеяслоў, «думаць добранадзейна». Яно змянялася гэтак: назоўнік-дзеяслоў дабрадум; мінулы час добрадумаў; цяперашні час добрадумае; прыметнік дабрадумны; прыслоўе дабрадумна; аддзеяслоўны назоўнік дабрадумнік.

Словы ў слоўніку «B» будаваліся без ніякіх этымалагічных прынцыпаў. Словы, з якіх яны складаліся, маглі належаць да любой часціны мовы, маглі быць размешчаны ў любым парадку і маглі быць зменены любым манерам, каб толькі іх было лёгка вымаўляць і можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другім месцы, а ў слове думпол (Паліцыя Думак) — на першым, да таго ж у другім спалучэнні слова паліцыя страціла сваю другую частку. У слоўніку «B» захаваць мілагучнасць было цяжэй, і таму адхіленні ад агульных правілаў сустракаліся тут часцей, чым у слоўніку «A».

Некаторыя словы са слоўніка «B» мелі вельмі тонкія адценні значэнняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўлення пра навамоўе. Разгледзім, напрыклад, такі тыповы сказ з перадавога артыкула «Таймз» Старадумы ненутромчуюць Ангсоц. На старамоўі найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: «Тыя людзі, чый светапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыі, не могуць дасягнуць поўнага пачуццёвага разумення прынцыпаў Ангельскага Сацыялізму». Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапіць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькі той, хто старанна засвоіў прынцыпы Ангсоцу, мог ацаніць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёння; або слова старадум, неадрыўна звязанага з паняццямі злачыннай заганы і ўпадніцтва. Але адмысловым прызначэннем некаторых навамоўных слоў, у тым ліку і слова старадум, было не так выказваць значэнні, як разбураць іх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлікія, пашырылі свае значэнні да гэткай ступені, што ўвабралі ў сябе цэлыя плоймы слоў, якія цяпер можна было скасаваць і забыць, бо для выказання іх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялікшай цяжкасцю, якая паўставала перад складальнікамі Слоўніка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы іх, вызначыць, што яны значылі, а прасцей кажучы, вызначыць, якія шэрагі слоў можна выкінуць з мовы.

Як мы ўжо бачылі ў выпадку са словам свабодны, словы, якія некалі мелі шкодныя значэнні, часам захоўваліся ў мове дзеля зручнасці, папярэдне ачышчаныя ад гэтых непажаданых значэнняў. Безліч іншых слоў, як, напрыклад, гонар, справядлівасць, маральнасць, інтэрнацыяналізм, дэмакратыя, навука і рэлігія, проста перасталі існаваць. Некалькі агульных слоў цалкам ахаплялі іх сэнс і, ахапіўшы, паглыналі іх. Усе словы, згрупаваныя вакол паняццяў «свабода» і «роўнасць», уліліся ў адзінае слова злачындум, а ўсе словы, што групаваліся вакол паняццяў «аб'ектыўнасць» і «здаровы розум», замяніліся цяпер адзіным словам старадум. Большая дакладнасць магла б быць небяспечнай. Ад сябры Партыі патрабаваўся погляд на свет, падобны да таго, які мелі старажытныя жыды, якія ведалі, што ўсе народы, апроч іхнага, пакланяліся «фальшывым багам». Ім не трэба было ведаць, што тыя багі зваліся Ваал, Асірыс, Малох, Аштарта і гэтак далей: відаць, чым меней яны пра іх ведалі, тым лепей было для іх прававернасці. Яны ведалі Ягвэ і прыказанні Ягвэ, і таму яны ведалі, што ўсе багі з іншымі імёнамі або іншымі атрыбутамі былі фальшывыя. Падобным чынам сябра Партыі ведаў, што лічылася добрымі паводзінамі, і вельмі цьмяна, у агульных рысах — магчымыя ад іх адхіленні. Яго палавое жыццё, напрыклад, цалкам рэгулявалася двума навамоўнымі словамі: ползлачын (палавая амаральнасць) і дабрапол (цнатлівасць). Ползлачын ахапляў усе магчымыя амаральныя палавыя ўчынкі — блудадзейства, чужаложніцтва, мужаблуддзе і іншыя праявы распусты, а таксама звычайныя палавыя зносіны, калі яны не мелі за мэту працяг роду. Не было патрэбы мець для іх паасобныя назвы, бо ўсе яны былі аднолькава злачынныя і часцей за ўсё гэтак жа аднолькава караліся смерцю. У слоўніку «C», які складаўся з навукова-тэхнічнай тэрміналогіі, часам узнікала патрэба даць адмысловыя назвы пэўным палавым адхіленням, але звычайнаму грамадзяніну такія словы былі непатрэбныя. Ён ведаў, што значыла слова дабрапол — звычайныя палавыя зносіны паміж мужчынам і жанчынай з адзінаю мэтай нарадзіць дзяцей, пры гэтым без фізічнага задавальнення жанчыны, усё астатняе было ползлачынам. У навамоўі часцей за ўсё было немагчыма прасачыць развіццё шкоднай думкі далей за разуменне таго, што яна шкодная; за гэтай мяжою проста не існавала патрэбных слоў.

Ніводнае слова ў слоўніку «B» не было ідэалагічна нейтральнае. Вялікая частка іх была эўфемізмамі. Такія словы, напрыклад, як радлаг (лагер прымусовай працы) або Мінмір (Міністэрства Міру, г.зн. Міністэрства Вайны), значылі амаль дакладна адваротнае таму, што яны меліся значыць. З другога боку, некаторыя словы выяўлялі адкрытае і пагардлівае разуменне сапраўднай сутнасці акіянійскага грамадства. Прыклад — слова пролхарч, якое значыла танныя забавы і хлуслівыя навіны, якімі Партыя карміла масы. Іншыя ж словы былі двухсэнсоўныя і мелі «добрае» значэнне, калі ўжываліся ў дачыненні да Партыі, і «дрэннае» ў дачыненні да яе ворагаў. Да таго ж было шмат слоў, якія на першы погляд здаваліся простымі скаротамі і выводзілі сваю ідэалагічную афарбоўку не ад значэння, а ад самой структуры.

Усе словы, якія мелі або маглі мець хоць нейкае палітычнае значэнне, былі, наколькі гэта магчыма, прыстасаваны да слоўніка «B». Назвы ўсіх арганізацый, таварыстваў, вучэнняў, краін, установаў, грамадскіх будынкаў скарачаліся да звыклае формы, гэта значыць да адзінага лёгкага ў вымаўленні слова з мінімальнай колькасцю складоў, неабходных для разумення сэнсу. У Міністэрстве Праўды, напрыклад, аддзел дакументацыі, дзе працаваў Ўінстан Сміт, называўся аддок, аддзел мастацкай літаратуры называўся адліт, аддзел тэлепраграм называўся адтэл і гэтак далей. Гэта рабілася не толькі з мэтай эканоміі часу. Ужо ў першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя складанаскарочаныя словы і сказы былі адной з характэрных уласцівасцяў палітычнае мовы. Было заўважана, што тэндэнцыя да ўжывання скаротаў такога тыпу найбольш выявілася ў таталітарных краінах і таталітарных арганізацыях. Прыкладамі могуць быць такія словы, як нацы, гестапа, Камінтэрн, рабкор, агітпроп. Напачатку практыка ўжывання такіх слоў была адвольная і выпадковая, у навамоўі ж яны ўжываліся свядома. Было заўважана, што разам са скарачэннем слова звужалася і трансфармавалася яго значэнне, яно губляла большасць уласцівых яму раней асацыяцый. Словы Камуністычны Інтэрнацыянал, напрыклад, выклікаюць ва ўяўленні вобраз усеагульнага братэрства людзей, чырвоныя сцягі, барыкады, Карла Маркса і Парыжскую Камуну. Калі ж узяць слова Камінтэрн, дык яно хутчэй нагадае нам пра цесна згуртаваную арганізацыю і выразна акрэсленыя ідэалагічныя прынцыпы. За ім стаіць штосьці гэткае ж звычайнае і сцісла мэтазгоднае, як крэсла або стол. Слова Камінтэрн можна вымавіць амаль не задумваючыся, тым часам як Камуністычны Інтэрнацыянал — гэта ўжо цэлае словаспалучэнне, над якім хочаш ці не, але затрымаешся хоць на хвілінку. Гэтак жа сама асацыяцыі, выкліканыя словам Мінпраў, меншыя колькасцю і больш падаюцца кантролю, чым асацыяцыі, выкліканыя спалучэннем Міністэрства Праўды. Гэтым тлумачылася не толькі схільнасць скарачаць словы там, дзе толькі магчыма, але і залішняе дбанне аб тым, каб кожнае слова лёгка вымаўлялася.

У навамоўі зручнасць вымаўлення пераважала над усімі іншымі характарыстыкамі слова, апроч дакладнасці значэння. Дзеля яе, там, дзе гэта было неабходна, заўсёды ахвяравалі рэгулярнасцю граматыкі. І ў гэтым была свая рацыя, бо дзеля палітычных меркаванняў якраз і патрабаваліся кароткія ўрывістыя словы з беспамылкова зразумелым значэннем, якія вымаўляліся хутка і выклікалі ў галаве ў прамоўцы як найменей асацыяцый. Словы са слоўніка «B» нават яшчэ і выйгравалі ад таго, што амаль усе яны былі падобныя між сабою. Амаль заўсёды гэтыя словы — дабрадум, Мінмір, пролхарч, ползлачын, радлаг, Ангсоц, нутромчуць, думпол і незлічоныя іншыя — былі двух- або трохскладовымі словамі з націскам, аднастайна размеркаваным на ўсіх складах. Ужыванне такіх слоў рабіла гаворку траскатлівай, адначасова ўрывістай і аднастайнай. А гэта было якраз тое, што патрабавалася. Мэтаю было зрабіць маўленне, асабліва калі гаворка ішла на тэмы ідэалагічнага характару, як мага больш незалежным ад свядомасці. Дзеля патрэб штодзённага жыцця без сумнення было неабходна, хоць бы час ад часу, падумаць, перш чым сказаць, але калі сябру Партыі даецца слова, каб выказаць палітычныя або этычныя меркаванні, правільныя думкі і ацэнкі павінны аўтаматычна вылятаць у яго з вуснаў, як кулі з аўтамата. Гэта дасягалася старанным вышкаленнем, мова давала надзейны і просты інструмент, а структура слоў, іх рэзкаватае гучанне і нават пэўная наўмысная нязграбнасць — адпаведна духу Ангсоцу, яшчэ болей аблягчала справу.

Аблягчала справу і сціслая абмежаванасць выбару слоў. У параўнанні з цяперашняй мовай, навамоўе мела вельмі ўбогі слоўнік, а новыя спосабы яго скарачэння ўвесь час распрацоўваліся. І сапраўды, у адрозненне ад усіх іншых моў, колькасць слоў у навамоўі замест таго, каб расці з кожным годам, усё болей і болей памяншалася. Кожная страта была дасягненнем, бо чым меншы выбар, тым меншая спакуса разважаць. Канчатковай мэтай было зрабіць так, каб словы ішлі непасрэдна з глоткі, без ніякага ўдзелу вышэйшых мазгавых цэнтраў. Мэта гэтая адкрыта выказвалася ў навамоўным слове качакрак, якое значыла «кракаць як качка». Як шматлікія іншыя словы слоўніка «B», качакрак мела два адрозныя значэнні. Калі толькі думкі, выкраканыя прамоўцам, былі ідэалагічна слушныя, яно значыла пахвалу і калі «Таймз» называў аднаго з партыйных прамоўцаў звышплюсдобры качакракар, дык гэта значыла сардэчны і поўны павагі камплімент.

 

Слоўнік «C.» Слоўнік «C» меў дапаможны характар у дачыненні да двух папярэдніх і цалкам складаўся з навукова-тэхнічных тэрмінаў. Яны нагадвалі навуковыя тэрміны, што ўжываюцца сёння, і былі пабудаваныя з тых самых каранёў, але, як звычайна, сэнс іх быў сцісла акрэслены і былі зліквідаваныя ўсе непажаданыя значэнні. Яны падпарадкоўваліся тым самым граматычным правілам, што і словы з двух папярэдніх слоўнікаў. Вельмі мала слоў слоўніка «C» ужываліся ў паўсядзённых гутарках або палітычных прамовах. Любы навуковец або тэхнічны спецыяліст мог знайсці ўсе патрэбныя яму словы ў адмысловым спісе, складзеным выключна для яго спецыяльнасці, і часцей за ўсё ён меў вельмі цьмянае ўяўленне пра словы, што ўваходзілі ў іншыя спісы. Толькі вельмі нязначная колькасць слоў была агульная для ўсіх спісаў, і не існавала ўвогуле слоў, якія б апісвалі функцыі навукі як складу розуму або метаду мыслення, незалежна ад нейкіх канкрэтных яе галін. Не існавала нават і слова для паняцця «навука», а ўсе значэнні, якія магло заключаць у сабе гэтае паняцце, з дастатковай поўнасцю ахапляліся словам Ангсоц.

З усяго выкладзенага вышэй можна ўбачыць, што выказаць на навамоўі нейкія нядобранадзейныя меркаванні было амаль што немагчыма. Вядома, можна было выказваць нават вельмі грубыя ерэтычныя думкі, нешта накшталт блюзнерства. Можна было б, напрыклад, сказаць: Вялікі Брат нядобры. Але гэтае сцверджанне, якое для добранадзейнага вуха гучала як відавочная бязглуздзіца, не магло быць падмацавана разумнымі аргументамі, бо адпаведных слоў проста не існавала. Варожыя Ангсоцу думкі маглі існаваць толькі ў няпэўнай, бясслоўнай форме і маглі быць выказаныя толькі вельмі агульнымі тэрмінамі, якія мяшалі ў кучу і асуджалі ўсе варожыя ідэі, пры гэтым нават іх дакладна не акрэсліваючы. Фактычна можна было ўжываць навамоўе для нядобранадзейных выказванняў, толькі перакладаючы патаемна некаторыя словы назад на старамоўе. Напрыклад, сказ Усе людзі роўныя быў цалкам прымальным сказам у навамоўі, але толькі ў тым самым сэнсе, што і старамоўны сказ Усе людзі рыжыя. У ім не было граматычнай памылкі, але ў ім гаварылася відавочная няпраўда — гэта значыць, што ўсе людзі маюць аднолькавы рост, вагу або сілу. Паняцце палітычнае роўнасці болей не існавала, і такім чынам гэтае другое значэнне слова роўны паступова знікла. У 1984 годзе, калі старамоўе ўсё яшчэ было звычайным сродкам зносін, тэарэтычна існавала небяспека, што той, хто ўжывае навамоўныя словы, можа прыгадаць іх пачатковыя значэнні. На практыцы таму, хто добра засвоіў прыёмы двухдумства, было няцяжка гэтага пазбегнуць, а праз пару пакаленняў і сама магчымасць гэткай памылкі ўжо не існавала. Той, у каго адзінаю мовай будзе навамоўе, ужо не будзе ведаць, што слова роўны мела некалі дадатковае значэнне «палітычна роўны» або што слова свабодны некалі значыла «інтэлектуальна свабодны», гэтак жа як і чалавек, які ніколі не чуў пра шахматы, ніколі не здагадаецца аб існаванні спецыяльных значэнняў у слоў кароль ці слон. Некаторыя злачынствы і памылкі ён проста не здолеў бы зрабіць, бо для іх не было наймення і таму іх было немагчыма сабе ўявіць. І можна было прадбачыць, што з цягам часу характэрныя ўласцівасці навамоўя зробяцца яшчэ больш выразнымі — слоў будзе рабіцца ўсё меней і меней, значэнні іх будуць усё вузейшыя, і небяспека ўжыць іх не так, як трэба, будзе няспынна памяншацца.

Калі старамоўе раз і назаўсёды будзе адмененае, апошняя повязь з мінуўшчынай абарвецца. Гісторыя ўжо была перапісана, але недасканала правераныя рэшткі літаратуры мінулых часоў сям-там яшчэ захаваліся, і пакуль яшчэ старамоўе канчаткова не забылася, іх можна было прачытаць. У будучыні гэткія абрыўкі мінуўшчыны, нават калі яны і выжывуць, будуць незразумелыя і неперакладальныя. Старамоўны тэкст можна было перакласці на навамоўе толькі тады, калі ён апісваў нейкі тэхнічны працэс або вельмі простыя штодзённыя дзеянні або ўжо быў сам ідэалагічна вытрыманы (на навамоўе — дабрадумны). Практычна гэта значыла, што ніводная кніга, напісаная прыблізна да 1960 года, не магла быць перакладзеная цалкам. Дарэвалюцыйная літаратура магла падлягаць толькі ідэалагічнаму перакладу — гэта значыць перакладу з трансфармацыяй сэнсу і мовы. Возьмем, напрыклад, добра вядомы ўрывак з Дэкларацыі Незалежнасці:

«Мы лічым відавочнымі тыя ісціны, што ўсе людзі створаны роўнымі, што ім дараваны іх творцам пэўныя неадчужальныя правы, сярод якіх — жыццё, свабода і імкненне да шчасця. Каб забяспечыць гэтыя правы сярод людзей, усталёўваюцца ўрады, якія карыстаюцца ўладай са згоды падуладных. Што, як толькі любы ўрад пачынае парушаць гэтыя прынцыпы, народ мае права замяніць або зрынуць яго, Каб усталяваць новы ўрад...»

Было б абсалютна немагчыма перакласці гэта на навамоўе, захаваўшы сэнс арыгінала. Найбольшым набліжэннем да гэтай мэты было б растварыць увесь гэты ўрывак у адзіным слове злачындум. Поўны пераклад мог быць толькі ідэалагічным перакладам, пры якім словы Джэферсана ператварыліся б ва ўсхваленне абсалютысцкай формы кіравання.

Значная частка літаратуры мінуўшчыны ўжо была перакладзена такім чынам. З меркаванняў прэстыжу было пажадана захаваць памяць пра пэўныя гістарычныя постаці, адначасова ўзгадніўшы іх дзейнасць з філасофіяй Ангсоцу. Розныя пісьменнікі, такія як Шэкспір, Мілтан, Свіфт, Байран, Дыкенс і некаторыя іншыя, праходзілі такім чынам працэс перакладу: як толькі гэтая праца будзе завершана, іх арыгінальныя творы, а таксама ўсё іншае, што застанецца ад літаратуры мінулых часоў, будзе знішчана. Такі пераклад быў справай павольнай і складанай, і меркавалася, што скончаны ён будзе не раней за першыя дзесяцігоддзі дваццаць першага стагоддзя. Была таксама вялізная колькасць чыста спецыяльнай літаратуры — неабходныя тэхнічныя дапаможнікі і да таго падобнае, — якая мусіла прайсці такую самую перапрацоўку. І якраз дзеля таго, каб выдзеліць дастаткова часу на папярэднюю перакладчыцкую працу, для канчатковага пераходу на навамоўе была прызначана такая далёкая дата — 2050 год.

1949 г.

____

*) Складаныя словы, як, напрыклад, мовапіс, сустракаліся, вядома ж, і ў слоўніку «A», але гэта былі ўсяго толькі зручныя скароты, якія не мелі адмысловай ідэалагічнай афарбоўкі. [обратно]

КОНЕЦ

____
Пераклад с английского:
© 2000 Сяргей Шупа

____БД____
GEORGE ORWELL: ‘NINETEEN EIGHTY-FOUR’; A NOVEL
First published by Secker and Warburg, London in 1949.
____
ДЖОРДЖ ОРУЭЛ: «1984»
Пераклад © 2000 Сяргей Шупа
Пераклад зроблены з выдання:
Orwell G. 1984. — N. V.: Harcourt Brace. Jovanovich, 1990. 268 pp.
Беларуская Палічка: www.knihi.com
____
Подготовка и проверка э-текста: О. Даг
Эл.-почта: dag@orwell.ru
URL: http://orwell.ru/library/novels/1984/
Дата последней модификации (г.-м.-д.): 2015-09-24


«1984»: [Главная стр.] [Частка 1.] [Частка 2.] [Частка 3.] [Дадатак]

Библиотека [Анг] [Рус] > Романы [Анг] [Рус] ~ [CSS off]

[orwell.ru] [Домой] [Биография] [Библиотека] [Жизнь] [О сайте & (c)] [Ссылки] [Мапа сайта] [Поиск] [Отзывы]

© 1999-2017 О. Даг – ¡Стр. созд.: 2001-03-24 & Посл. мод.: 2015-09-24!